Я з Букетам

Варужка Яешня-Тутошня
Я з Букетам

 Букет - гэтак клікалі ланцужнага дварняка, пярэстага, з жоўтымі бровамі і хвастом колцам. Калі яму надакучвала сядзець на ланцугу, ён сцягваў пярэднімі лапамі праз галаву нашыйнік і ўцякаў на вёску. Праз некаторы час прыходзіла якая-небудзь суседка і казала:
 - Юзэпа, твой сабака па вёсцы бегае і нікому праходу не дае.
 Тады цётка кідала свае надзённыя справы і ішла лавіць сабаку.
 Букета мы ўсё баяліся і лічылі злым сабакам таму, што, седзячы на ланцугу, ён безупынна брахаў. Час ад часу цётка мне казала:
 - Пакармі сабаку.
 Тады я брала з яе рук чыгунок з сабачым супам, падыходзіла да сабачай будкі і вылівала змесціва чыгунка ў сабачую міску. У гэты час я амаль не баялася, таму што ведала: сабаку цікавіць ежа, а да мяне яму няма справы.
 Неяк раз, гуляючы са сваімі стрыечнымі сёстрамі і братамі ў двары, я, не памятаю як, давяла іх да таго, што яны ўсе раззлаваліся на мяне і вырашылі пабіць.
 Бегчы няма куды і нікуды не схаваешся. Тады я, нечакана для сябе і для іх, кінулася да сабакі, абхапіла яго за шыю і закрычала:
 - Я з Букетам!... Я з Букетам!...
 Яны былі настолькі ашаломлены, што тут жа забыліся пра ўсе свае крыўды. А сабака сядзеў спакойна і ганарліва. Ён адчуваў, якая на яго ўскладзена вялікая місія абаронцы, і гэта місія яму відавочна падабалася.
 Потым я пасябравала з Букетам. І сама кожны дзень вызваляла яго ад нашыйніка, і мы з ім доўга гулялі.