Князи Полацкия

Варужка Яешня-Тутошня
Князі Полацкія

 Іх было два браты. Яны прыязджалі пагасцяваць у вёску Козікі да сваёй бабы Марылі. Яны звалі яе бабуляй. Але ў гэтым яны памыляліся. Бабуля ў вёсцы была адна, наша бабуля, астатнія - бабы. Так што, прыязджалі яны ў госці да сваёй бабы Марылі, а не да ніякай не бабулі. Прыязджалі ненадоўга і не кожнае лета. І імёны іхнія былі Воўка Полацкі і Пеця Полацкі. Так яны былі ўшанованы княжым званнем - Полацкія.

 Мы таксама прыязджалі ў Козікі. І прыязджалі мы кожны год і на ўсё лета. Таму княжага звання ў нас не было. Мяне там звалі Валька Шчырбачыхіна (па прозвішчы дзеда Шчэрбак). Дзед загінуў на вайне, а бабуля стала для аднавяскоўцаў Шчырбачыха.
 У першы дзень майго прыезду ў Козікі са мной насіліся, як з пісанай торбай. На наступны дзень я цалкам улівалася ў мясцовы калектыў, і не адрознівалася ад іх ні вонкава, ні гаворкай.

 Пеця Полацкі мой аднагодак, а Воўка - на некалькі гадоў старэйшы.
 Пеця прыгожы як лялька, цёмнавалосы і цёмнавокі. Глядзеў на свет з-пад злёгку апушчаных веек, густых і доўгіх, і заўсёды ўсміхаўся. Ніколі не бегаў і не крычаў. Хадзіў спакойна і гаварыў спакойна. І голас у яго быў прыгожы і звонкі, як у птушачкі. І сам ён быў падобны на птушачку, бестурботную і жыццярадасную. І ніхто яго ў вёсцы Пецькам не абазваў. Усё звалі Пеця. Ласкава так, далікатна і заступніцкі.

 Воўка Полацкі быў зусім не прыгожы. Бялявы і бясколерны з сіплым голасам. Але ён быў лідарам. Ён арганізоўваў масавыя дзіцячыя гульні, асноўнай з якіх была "Палачка-ратавалачка".
 І прымаў ён у гэтыя гульні не ўсіх, а толькі самых хуткіх і спрытных. Мяне ён адразу забракаваў, абазваўшы "Ціхаход".

 За гародамі, побач з Юзявай сажалкай быў узгорак, на якім расла вялікая купчастая ракіта, а за ўзгоркам - месца, парослае лазой.
 На ўзгорку ўсталёўвалі калодку з дошкай і палачкамі. А ў кустах лазы - хаваліся.
 Я з Тонькай, як не прынятыя ў гульню, былі гледачамі. Мы сядзелі на ўзгорку і бачылі, хто дзе хаваецца, і вельмі хваляваліся і перажывалі.
 І дружна крычалі, калі трэба, чароўныя загаворы гульні разам з усімі, каго ўжо злавілі да таго часу:
                "Сякера, сякера, сядзі, як халера!"
 ці
                "Піла, піла, ляці, як страла."
 Вельмі захапляльнае гледзішча было, калі хто з схаваўшыхся раптам выскокваў, увесь абвешаны галінкамі лазы для маскіроўкі, і ляцеў на ўзгорак, каб разбіць сабраныя палачкі. Ляцеў навыперадкі з водзячым. І ўсё хваляваліся: толькі б паспеў, толькі б разбіў.

 
 Калі Воўка Полацкі вырас і цікавасць да гульняў у яго знікла, ён перастаў з'яўляцца ў Козіках. Разам з ім зніклі і гульні. Яны сталі нейкія млявыя, нецікавыя.