Нават ня ведаю, як назваць

Варужка Яешня-Тутошня
Нават ня ведаю, як назваць

Прабіраючыся праз двор, я патрапіла ў неглыбокую круглую ўвагнутасць, метра паўтара ў дыяметры. Шарон праваліўся, і ногі мае ўгразлі ў густой гліне. Безнадзейна ўгразлі. Тады я паспрабавала рукамі ўхапіцца за край увагнутасці.  І рукі безнадзейна ўгразлі.

У ссохлай траве і гліне праступіў твар старой ведзьмы і яна прашаптала:
- Ну, заходзь…

Мы апынуліся ў хатцы. Ведзьма пасадзіла Насцю за стол. І пасунула ёй кубак з кавай.
- Частуйся.

І тут жа сыпанула ў каву белага парашка і размяшала.
"Не пі, Насця!" - хацела крыкнуць я, але ў мяне знік голас.

Насця паглядзела ў кубак. Карычневае з белым у ёй не перамяшалася, а размясцілася дзвюма накладзенымі спіралямі на паверхні кубка. Насця грэбліва паглядзела ў кубак, а потым дзвюма рукамі стала выбіраць з кубка белае і раскідваць ва ўсе бакі. Ведзьма глядзела на гэта, але нічога не казала. Потым Насця рассыпала рэшткі кавы па стале, устала і пайшла да выйсця. Я за ёй.

У дзверах сутыкнуліся з расчырванелай дзяўчынай у сарафане і какошніку. Яна ішла і спявала на хаду. Сеўшы за стол, яна працягвала спяваць.
- Я тут, мая матухна, рада я, давай, хутчэй чай, налівай…
- Вось вам добраахвотная замена, так што, пакіньце Насцю ў супакоі, - сказала я.
Але ведзьма не захацела пакідаць.

- Бульдог, сюды, - ціха сказала яна.

А я пайшла да выйсця.

Калі мы ўжо выйшлі за брамку, нас стала наганяць штосьці велічэзнае і карычневае. Мядзведзь? Не, не мядзведзь. Хтосьці перапрануты ў мядзведзя. Спераду віднеліся на шкуры маланка, гузікі і кішэні. З рукава правай лапы тырчаў капкан. Я схапіла мядзведзя за абедзве пярэднія лапы, паспрабаваўшы звесці іх разам, каб ён сам сябе злавіў. А мядзведзь вырваўся ў мяне з рук і, зваліўшыся на нейкія калёсы, гледзячы ў неба стаў разважаць:

- Што вы разумееце ў капканах?

Доўга ён так разважаў. Я слухала, слухала, а потым пайшла даганяць Насцю.

 


…Гара, на якую трэба было забрацца, была стромкая, амаль як сцяна і слізкая. Знізу зусім гладкая, а вышэй у лёдзе былі ўвагнутасці, за якія можна было ўчапіцца рукамі ці нагамі. Света і Аня ўжо забраліся на сярэдзіну гары і, учапіўшыся за ўвагнутасці, чакалі мяне. 

Я паспрабавала падскочыць і ўхапіцца за ніжнія ўвагнутасці рукамі, але ў мяне нічога не атрымалася. Злева стаялі два мужыка і палілі.
- Дапамажыце, - папрасіла я іх.

Адзін паспрабаваў мяне падсадзіць. Я ўхапілася рукамі за ніжнія ўвагнутасці, але рукі саслізнулі, і я сарвалася.

- Пахомыч, лепш ты дапамажы, - сказаў першы другому.

З дапамогай Пахомыча ў мне атрымалася падняцца ледзь вышэй, але мяне павяло ў бок, і я зноў сарвалася.

Потым я паглядзела на вяршыню гары. Там, паміж столлю і гарой была вузкая шчыліна, у якую потым трэба пралазіць. Нязручна.

- Не, я гэтым шляхам не пайду, - сказала я і пайшла вакол гары ў сенцы. Аня са Светай саскочылі з гары і пайшлі за мной.
- Ну дзе тут шлях? - спытала ў сенцах Аня.

- А вось дзе, - сказала я і, падыдучы да процілеглай ад дзвярэй сцяне, стала адцягваць і выкалупліваць накладзены там кардон. Хутка выявіўся праход. Я паглядзела туды і ўбачыла надыходзячае да выйсця эльфійскае войска. Мы адступілі ў бок, даючы ім дарогу. Яны праходзілі міма нас урачыста, са спевам. Я звярнула ўвагу на маленькую дзяўчыну ў гэтым строі.  Хада ў яе дзіўная была. Лёгка быццам бы ідзе, але неяк скавана. І тут я заўважыла: туфлі былі ёй вялікія. На вельмі высокім абцасе і пятка вольная.  Дачка ўлезла ў мамчыны туфлі. Эльфы ішлі да акіяна.
- Іх так шмат, - сказала Аня, - як яны змесцяцца на караблі?

Але ўсё вызначылася вельмі хутка. Частка эльфаў кінуліся ў ваду і паплылі праз Акіян, лёгка і хораша заграбаючы рукамі. Частка расправілі крылы і са спевам паляцелі ўгару і наперад. І толькі маленькая жменька пайшла на карабель. І ўсіх іх суправаджаў дзівосны спеў.