Франя па беларуску

Варужка Яешня-Тутошня
Франя

 - Франя - малахолка, - каментавала бабуля дома, - яна з Маскалёў, а Маскалі - яны ўсе малахольныя…
 І я ўяўляла, што дзесьці там, у глыбінцы Расіі, ёсць такая вёска, Маскалі называецца, дзе сабралі ўсіх малахольных арыгіналаў, падобных на Франю…

 Напярэдадні мы вярталіся з бабуляй з лесу, дзе паўдня збіралі чарніцу.
 Франя выйшла на абочыну дарогі і пачала свой доўгі маналог, у якім згадвалася бабуля і ўсе яе сваякі да дзясятага калена з адпаведнымі пажаданнямі ўсім адпаведнага самаадчування і здароўя.
 - Не глядзіця на яе і нічога не кажыця, - ціха сказала нам бабуля., - Рабіце выгляд, што вы яе не заўважаеце.
 Мы мінулі, адпаведна інструкцыям бабулі, сышлі далёка і схаваліся за завароткам, а голас нястомнай Франі ўсё гучаў і гучаў нам услед.

 Усе хаты ў вёсцы былі пабудаваны па агульным узоры: хата, насупраць хлеў і іншыя гаспадарчыя памяшканні ў адным будынку, паміж імі высокі плот з брамкай, які ўтвараў ўнутраны панадворак, утоены ад старонніх вачэй. Як дадатковы пакой без даху.
 А вакол распасціраўся гарод з садам.
 Франіна хата адрознівалася ад іншых.
 У яе не было ні саду ні ўнутранага панадворка. Хата тырчала самотна напачатку голага, без яблынь гароду. І толькі ля брамкі расла адзіная яблынька, спасаўка.

 Не гледзячы на тое, што Франя перыядычна бэсціла маю бабулю разам з раднёй, яна час ад часу забягала па-суседску што-небудзь папрасіць: расады, ці зрабіць штучныя кветкі на абраз, ці... шмат чаго яшчэ. І бабуля ніколі не адмаўляла.
 А я Франю не любіла.
 Аднойчы яна прыйшла і папрасіла бабулю:
 - Цётка, я еду ў Віцебск на цэлы дзень заўтра. Хай твае ўнучкі папільнуюць маю яблыньку. Я ведаю, яны па чужых садах не лазяць. А я баюся, што пакуль мяне не будзе, маю яблыньку абтрасуць цалкам.
 "Ну, ужо, я табе яе павартую", - зларадна падумала я, але нічога ўслых не сказала.
 А Анька з Лількай у гэты ж дзень абабеглі ўсю вёску і паведамілі ўсім, каму маглі пра тое, што гэта агідная Франя заўтра з'яжджае на цэлы дзень.

 На наступны дзень дзеці з усёй вёскі былі ў Франі пад яблыняй.
 Не памятаю, усю яблыню абтрэслі ці не ўсю, але абтрэслі досыць.

 Ні я, ні Анька, ні Лілька да яблыні не падышлі.
 Навошта нам чужыя яблыкі, калі свае ёсць?
 Мы стаялі на варце: а раптам Франя вернецца нечакана?

 Ці было што потым - не памятаю. Здаецца, Франя нават не заўважыла, што яе яблыню трэслі.