Ruska Ch 18. Нiдзе

Нероли Ултарика
Рэшту ночы я правяла без сну. Баі на мяжы доўжыліся да світанку, і заснуць я змагла, толькі калі ўсё сцішылася.
Абудзілася я недзе апоўдні. Ложак Сташака быў пусты. У акно скрозь вецце пажоўклага язміну свяціла сонца, на дварэ пераклікаліся каўкі. Дзень быў ціхі і ясны, у небе ні аблачынкі, усё дыхала мірам і супакоем. Дзверы пакоя былі прыадчыненыя, з кухні даносіліся прыглушаныя галасы. Я спусціла ногі на падлогу – дотык гладкіх, нагрэтых сонцам масніц быў прыемным – і не абуваючыся, выйшла ў калідор.
На кухні Сташак і незнаёмы мужчына гаманілі, седзячы за сталом. Упоперак стала ляжала вайсковая вінтоўка. Мы павіталіся.
– Ігнась, – прадставіўся мужчына.
Гаспадар сядзібы быў, як і Гілярыя, сярэдняга веку, ладна скроены, хударлявы, волас меў русы з сівізной, аблічча загарэлае да бронзы, а вочы светлыя, усмешлівыя. Пышныя, да падбароддзя, вусы рабілі яго падобным да Францішка Багушэвіча, калі б толькі паэт апрануўся ў паношаны швэдар і камуфляжныя штаны ды, зашнураваўшы берцы, з вінтоўкай на плячы выправіўся правяраць мяжу.
– Там хаос, – Ігнась гаварыў па-расейску, вымаўляючы словы мякка, па-тутэйшаму. – З нашага боку білі спярша дальнабойнымі, потым пайшлі ў лабавую. Весела пайшлі, з песняй, ледзь не баяны цягаючы. А там падляскае войска, каліноўцы, яны першыя рвуцца ў бой. Знатна ўламілі, атрымаў цар-людажэр па жалезных зубах. Войскі, добра пашматаныя, зараз адпаўзлі да Брэста, мяжа амаль не ахоўваецца. Пад агароджай сноўдаецца ўсякая шушамець, марадзёры ды іншыя, многія ўзброеныя.
– Пакуль зацішша, можна рызыкнуць, – сказаў Сташак.
Гучала надта ўжо аптымістычна, асабіста я не ўяўляла, як мы будзем прарывацца цераз мяжу, цяпер, пад гарматамі, але і дарогі назад у нас не было.
– А дзе Гілярыя і Паўлюк? – спытала я.
– Водзяць мроі, – адказаў Ігнась.
Я не зразумела.
– М-м-м, як жа гэта патлумачыць… – Ігнась пабарабаніў пальцамі па стальніцы. – Ды самі зірніце.
Ён кіўнуў на дзверы.
Я выйшла на ганак. На прыступках, цёплых ад восеньскага сонца, драмалі кошкі. Воддаль на пустцы, па той бок вузкакалейкі, я ўбачыла Гілярыю з пляменнікам. Бок у бок яны няспешна крочылі па забалочанай нізіне. Паўлюк трымаў у руках кнігу накшталт вялізнай Бібліі, якой карыстаюцца святары падчас храмавых цырымоній. Жанчына глядзела ў неба, раскрыўшы далоні, вусны яе варушыліся, нібы ў бязмоўнай малітве.
– Гілярыя водзіць мроі вакол сядзібы, – сказаў Ігнась, калі я вярнулася ў дом. – Морак наводзіць, во як можна сказаць. Таму хата не бачная ні з зямлі, ні з паветра. Прайсці сюды можна, толькі калі мы запальваем ліхтар, у ім знічка бэтлеемская. І ганчакі па перыметры – Стаўры ды Гаўры, Гаўры ды Стаўры. Добрыя вартаўнікі, зладзеяў не прапусцяць. І ў самой сядзібе мроя, мо вы заўважылі, як тут кантынуўм гуляе, якія каленцы выкідвае? Звонку глянеш – халупа наглядчыка, а ўвойдзеш – танцаваць можна.
– Вядзьмарства? – ахнула я.
Ігнась засмяяўся.
– Ды якое там вядзьмарства. Трэба проста ў Бога верыць.
– Гледзячы ў якога Бога, – заўважыў Сташак.
– І тое праўда, – пагадзіўся Ігнась. – У імперцаў ён свой, адмысловы, больш да Д'ябла падобны. А можа, сам Д'ябал і ёсць. І яны па падабенству ягонаму.
– Не ўсе, – запярэчыў Сташак.
Ігнась пахітаў галавой і сказаў, пасміхаючыся:
– Цемра ў іх Візантыйская. А ў астатнім людзі як людзі.

На сядзібе мы затрымаліся да ночы. Чакалі расейца. Ён сышоў на досвітку, пакуль я спала. Мне зрабілася млосна, калі Сташак паведаміў, што аддаў яму ўсе нашы грошы і дакументы.
– Сташак, ты ў сваім розуме?! – выклікнула я, не стрымаўшы пачуццяў.
– Віта, так трэба. Неабходна зрабіць рабочыя візы і рублі абмяняць хаця б на юані, на Захадзе нашы грошыкі, як рэзаная папера.
– Чорт, ну нельга быць такім даверлівым! Адкуль ты ведаеш, што ён увогуле вернецца? Якія яшчэ візы? – гаварыла я з прыкрасцю.
– Віта, не крычы, – адказаў ён спакойна. – Пра Захад расказваюць розныя жахі, там нібыта мужчыны ўсе спрэс садаміты, ходзяць у панчохах і туфлях на абцасах, а жанчыны выразаюць сабе ўлонні, каб не нараджаць дзяцей. Гэта перабольшанне, канешне. А праўда ў тым, што заходнікі тыя яшчэ бюракраты, не лепш за нашых. Бежанцаў без дакументаў могуць прыняць, а могуць і не прыняць. Белы казаў, што такое здараецца. Уцекачоў па некалькі месяцаў трымаюць у міграцыйным лагеры, а пасля адпраўляюць назад у Імперыю без тлумачэння прычын. Гэта смяротны прысуд, сама разумееш. А мы пойдзем з рабочымі візамі, то-бок зможам адразу ўладкавацца на працу, зняць жыллё. Не хвалюйся, Віта, ён вернецца. Я яму давяраю.
– Расейцу? – вырвалася ў мяне.
– Віта, у нас з табой даволі цынічнае стаўленне да Імперыі і тытульнай нацыі, што натуральна ў бягучых абставінах, – памаўчаўшы, адказаў Сташак. – Таму ўяві, што гэта не Імперыя, а Трыдзявятае царства, дзе ўладарыць цар-людаед. І людзі, пра якіх я табе зараз раскажу, гэта…проста людзі. Проста жылі. Ім было пляваць на палітыку. Яны цешыліся жыццём, працавалі, кахалі, нараджалі дзяцей. Кпілі з прапаганды, пасмейваліся з цара, які, прызнацца, суздром сапсеў. З цара жартавалі, канешне, асцярожна, толькі ў коле сяброў, якім можна давяраць. Але і тут можна натрапіць на даносчыка... Мне працягваць?
Мы былі адны ў кухні. Гаспадыня з пляменнікам яшчэ не вярнуліся з пусткі, гаспадар адправіўся спаць – ён суткі правёў на мяжы без сну. У доме было ціха-ціха, толькі недзе ў сцяне жук-тачыльшчык свідраваў дзеравяшку: "так-так-так". Я адчувала сябе падвешанай у пустэчы, у бясколерным "Нідзе" без пачатку і канца, у якім глухнуць гукі і спыняецца час, ператварыўшыся ў скамянелую спіраль. Ад гэтай нявызначанасці смактала пад лыжачкай і захоплівала дух, як бывае ў сне, калі падаеш з вышыні. Я ўладкавалася на крэсле з гнутай спінкай і падсунула да сябе імбрык гарбаты.
– Расказвай, Сташак. Я хачу ведаць пра гравійныя кар'еры.

Белы вярнуўся на зыходзе дня. Ён зайшоў у кухню, кінуў на стол гатовыя візы.
– Чуеш, Віта, – сказаў ён, не гледзячы на мяне. – Прафесар гэты ваш...ён на Акрэсціна. Я, значыцца, Сяржуні маякнуў, ну вертухаю гэтаму, а ён сваім перадаў, каб за ім там прыгледзелі, у сэнсе, жратва каб, нары з матрацам, каб не крыўдзіў яго ніхто. І яшчэ звязаўся я з судзебным адным, з Масквы, нармальны мужык, вядзе палітычныя справы, ён прафесарам зоймецца. Карацей, выпусцяць хутка прафесара, пад падпіску, а там яго Гарабец падхопіць.
Ён паспешліва выйшаў з дома, перш чым я паспела вымавіць словы падзякі.
Мы са Сташакам збіраліся ў шлях, надзявалі заплечнікі з кнігамі. Гілярыя каля калодзежа набірала ваду ў пляшкі, нам у дарогу. Гаспадар з пляменнікам зараджалі ружжы. Яны падахвоціліся нас праводзіць, але толькі да лесу, далей павядзе Белы. Ігнась паклаў на стол чахол з разабраным ствалом і кіўнуў пляменніку: "Збірай!" Ружжо, мабыць, савецкай вытворчасці, мела складаную канструкцыю – цэлы россып металічных і драўляных дэталей. Паўлюк браў іх адну за другой і досыць спрытна складваў, падкручваў, бачна было, што яму не ўпершыню мець справу са зброяй. Ігнась назіраў з выглядам настаўніка, пахвальна ківаючы галавой ды часам робячы заўвагі альбо падказкі, што да чаго прыштукоўваць. Яны размаўлялі па-беларуску. Белы стаяў на парозе, прыхінуўшыся да дзвярэй, і напружана ўслухваўся ў іхнюю гутарку, але, здаецца, не разумеў ні слова.
– Гатова! – выклікнуў Паўлюк. Ён ускінуў на плячо сабранае ружжо і паглядзеў у прыцэл, скіраваўшы дула да столі.
– І ў каго ты збіраешся страляць, вось на пустцы? – прагаварыў Белы.
– Балотныя рысі, – адказаў Паўлюк, лёгка перайшоўшы на расейскую. – Забіваць іх нельга, але калі ўбачыш, што такая халера на цябе прэ, хапай ружжо ды смалі ў паветра са ўсёй дуры, тады яна пакрыўдзіцца і сыдзе. Страшныя звяругі, вымахваюць да памераў расамахі.
Белы хмыкнуў.
– Ты хоць яе бачыў, тую расамаху?
Паўлюк заўсміхаўся, паказаўшы няроўныя белыя зубы.
– Бачыў надоечы. Хадзіла вакол сядзібы, пагранцоў убіенных аплаквала.
Белы прыкрыў вочы далонню, плечы яго затрэсліся – ён смяяўся.
– Павел, даўно хацеў хацеў спытаць – ты нармальны?
– А ты? – адпарыраваў Паўлюк.
– Белы, ты не стой на парозе, – умяшаўся Ігнась. – Давай, туды альбо сюды.
Расеец адступіў на ганак, з бразгатам зачыніўшы за сабой дзверы.
– От жа!.. – Ігнась пакруціў галавой.
– Вайна хутка скончыцца, а вось потым будзе цікава, – сказаў Паўлюк па-беларуску. – Я так адчуваю.
– Значыць, так і будзе, – прамовіў Ігнась. І дадаў, звяртаючыся да нас са Сташакам: – Гілярыя мроі навучаная, а пляменнічак мройнік ад нараджэння. Такія справы.
Мы выйшлі апоўначы. Я ў думках развіталася з кошкамі, з зачараванай сядзібай, з Радзімай, якую ахіналі светлыя мроі і чорныя кашмары, ды з усім сваім ранейшым жыццём. Наперадзе была мяжа.