Мышыны бизнэс

Варужка Яешня-Тутошня
Мышыны бізнэс

 У маленькай, вёрткай як мыш, Анначкі, дзве дочкі: Манька і Ізюня.  І абедзве - журботныя галавой. Невядома, нарадзіліся яны адразу такімі, ці Анначка ўжывала адмысловыя метады выхавання, каб выгадаваць з дочак дурнічак непаўнавартасных. Ці проста ўгаварыла іх прыкінуцца дурнічкамі. Псіхічнахворым належыла пенсія па інваліднасці, і Анначка вырашыла, што яна будзе добрым дадаткам да яе беднай калгаснай пенсіі.

 Як бы там ні было, дочкі апынуліся здольнымі вучаніцамі, іспыт на дурнічак вытрымалі паспяхова, у адрозненне ад герояў Ільфа і Пятрова. І сталі атрымліваць законную пенсію.
 Адзінай нязручнасцю ў гэткай сітуацыі было тое - што трэба было кожны год іспыт на дурнічак пераздаваць.  І пераздавалі яны яго заўсёды паспяхова.
 Але калі доўга прыкідвацца дурнічкай, то ёй і станеш у канцы-канцоў.
 Бацькі ў іх не было. Манька была - вылітая Анначка, толькі крыху вышэй яе ростам і вуглавацей. Анначка, напэўна, і самозародзіла яе без усякага мужчынскага ўмяшання.
 Ізюня была на іх зусім не падобная: вельмі пышная і белая, як вылепленая с крута замяшанага цеста, са злёгку раскосымі вачамі-шчылінкамі на абсалютна абыякавым спакойным твары. Анначка, замясіўшы ў вялікай дзежцы пшанічнае цеста, сляпіла з яго постаць, павядзьмарыла трохі над ёй - і атрымалася другая яе дачка. Акрамя класіфікацыі дурнічкі ў Ізюні быў цэлы букет іншых хвароб, дзякуючы якому яна месяцамі жыла ў лякарні, тым самым палягчаючы хатні бюджэт.

 Анначка была царкоўнай актывісткай. Яна рэгулярна хадзіла па хатах і збірала грошы на рамонт каплічкі. Вынік яе дзейнасці перасягнуў усе чаканні: Анначка пабудавала сабе новую хату. А каплічка - нікуды не дзелася, не павалілася, і не стала горш.