Надзька

Варужка Яешня-Тутошня
Надзька

 Надзька была жудасна агідная і брыдкая. Худзюшчая, з вострымі каленкамі і локцямі, яна ўвесь час хадзіла ў сінім спартовым касцюме, кедах і хустачцы, завязанай пад падбародкам хаткай. Дах хаткі ўвесь час наязджаў ёй на вочы.
 Надзька ўвесь час агідна ўсміхалася, угодліва, па-лісінаму хітравата. Яна ўвесь час да нас падлізвалася, і калі мы гублялі пільнасць, і давяраліся ёй, тут жа здраджвала.
 У вайне паміж намі і хлапчукамі яна заўсёды станавілася на іх бок. Яны карысталіся яе здрадлівымі паслугамі, але лепш да яе ад гэтага не ставіліся, як яна да іх ні падлізвалася.
 І была Надзька ўвесь час адна.
 Неяк улетку бацькі павезлі яе ў Сібір, у госці да сваякоў, якіх высялілі туды ў гады раскулачвання. І яны там засталіся пасля рэабілітацыі.
 Усё лета мы Надзьку не бачылі, і не нудзіліся зусім. А ў канцы жніўня яна вярнулася.
 Я ўбачыла яе і ўразілася.
 Тоненькая, у прыгожай, святочнай сукенцы і туфліках лодачках, са стрыжкай карэ, яна была прыгажуня. І не было ёй роўных сярод нас. І глядзела яна мякка і паблажліва ўсміхаючыся, як прынцэса на сваіх падданак. Як быццам жадала сказаць: падыдзіце, бачыце, якая я прыгожая, і я згодна з вамі сябраваць.
 Але мы не падышлі: хоць яна была і прыгажуня такая, але ўсёткі яна па-ранейшаму заставалася Надзькай.