Наравистая Стрыкуля

Варужка Яешня-Тутошня
Наравістая Стрыкуля
 - Адгані нашу карову, - папытала мяне Анька Стасева. - Я яе баюся.
 "Падумаеш, Стрыкуля… Вльмі страшная…" - падумала я. "Чаго яе баяцца?" - узяла з рук Анькі пугу, прасвістала ёй у паветры побач са Стрыкуляй, і пляснула як след па зямлі. І карова, адарваўшыся ад слівы, у якой перад гэтым паспешна аб'ядала лісце, павярнулася і паслухмяна пабегла ў бок Анькінага двара. Я вярнула Аньцы пугу, і яна пабегла даганяць сваю карову.
 Стрыкуля - карова брудна-белага колеру, з вялікай, ліняла-жоўтай, плямай на спіне. Вольная брудна-белая прастора яе цела і пыса пакрыты плямкамі рознага памеру, і таксама ліняла-жоўтага колеру, зусім як вяснушкі-канапушкі, якія таксама багата пакрываюць Аньчын твар. І характар у яе такі ж шкодны як у Анькі. Адзін рог у каровы кароткі і абламаны, другі такі ж, пры гэтым яшчэ і ўніз тырчыць.
 …Козікі. Шаснаццаць хат, чатырнаццаць кароў. І атрымліваецца, што чарга ў полі выпадае адзін раз у два тыдні, у адзін і той жа дзень. Не ўсім гэта падабалася, асабліва тым, каму выпадала нядзеля.
 Бабуля сказала, што Анначцы цяжка ў полі з каровамі адной, і нам цяжка. Таму мы аб'яднаемся.
 Неяк была я ў полі разам з Манькай Анначкінай, ужо немаладой ў той час цёткай, гадоў сарака. І нас папярэдзілі, што Стрыкуля панадзілася ўцякаць у бульбяныя ямы. А там яна можа ногі паламаць. Каб яе лавіць, ёй на шыю павесілі доўгі ланцуг.
 І вось мы з Манькай ходзім вакол статка, сочым… Сумна. Я заўважыла, што каровы баяцца не толькі ўдараў пугі, але нават простага свісту. Калі махаць на іх маленькай галінкай і свістаць пры гэтым, тое гэта дзейнічала не горш пугі.
 Нам трэба было сачыць, каб каровы не палезлі ў "шкоду". Гэта значыць, у чый-небудзь гарод ці на калгаснае поле. Я бегала вакол статка, каб не заснуць, круціла пустой рукой так, як быццам у мяне ў руцэ пуга і свістала. І каровы, якія ўжо накіраваліся "ў шкоду", раздумвалі туды ісці, разгортваліся, і працягвалі пасвіцца ў процілеглы бок  ад "шкоды". Толькі Стрыкуля раптам без дай прычыны не ўспрыняла ў сур'ёз маіх дурыкаў, і махнула ў мой бок сваімі рагамі. Я спалохалася і раззлавалася, і махнула ў яе бок сапраўднай пугай. Яна паслухалася, але я стала яе трохі баяцца.
 Набегаўшыся вакол статка, я прысела з Манькай на грудочак, і сталі мы размаўляць пра жыццё. Раптам Манька падняла галаву, ды як закрычыць:
 - Глядзі, Стрыкуля! Лаві хутчэй.
 Стрыкуля перастала шчыкаць траву і панеслася па дарозе, якая вядзе да лесу. А за ёй валокся доўгі ланцуг, як ланцужок у сабакі.
 Я пабегла за ёй. Бягу-бягу, а дагнаць не магу. І пры гэтым думаю: а што будзе, калі даганю? Хіба я ўтрымаю такую махіну? А калі яна на мяне з рагамі кінецца? Але ўсё адно бягу.
 Дагнала яе ля самага лесу, і схапіла за самы кончык ланцуга. Яна адчула гэта, павярнулася  і павалакла мяне праз кусты, напрасткі, да статка.
 Так я яе спыніла, на скаку.  Не каня на скаку, як пісаў Некрасов, а як карову на скаку.