Пракаци нас Пятрусик на трактары

Варужка Яешня-Тутошня
Пракаці нас Пятрусік на трактары

 …Адправіла мяне бабуля за малаком да сваёй сястры Амілі ў Тарасенкі. Дарога ішла праз Бор. Звілістая, з глыбокімі каляінамі і выбоінамі, з лужынамі, зацягнутымі ярка-смарагдавай раскай. І, абыходзячы лужыны, даводзілася ўвесь час то караскацца на стромкія краі дарогі, тое спускацца ўніз, паколькі па абочыне ісці было яшчэ горш. Стомна…
 …На зваротнай дарозе, калі я ішла з бітончыкам малака ў руках, мяне дагнаў трактар. Спыніўся. З акенца вызірнуў вясёлы трактарыст і сказаў:
 - Садзіся, падвязу!..
 Хоць да хаты было не больш за два кіламетры, я падумала: "А чаму і не пад'ехаць?"
 Я збіралася ў дарозе пагаварыць аб тым-сім з трактарыстам, але трактар так грукатаў, што нічога не было чуваць. Ды яшчэ гэтыя выбоіны: трактар то ў адзін бок завальваўся градусаў на сорак пяць, то ў другі. Як ні імкнулася я трымаць бітончык вертыкальна, частка малака апынулася ў мяне на плашчы.
 Трактар спыніўся ля бабулінай хаты. Бабуля стаяла ў брамкі і, вытарашчыўшы ад здзіўлення вочы, глядзела на мяне, як на апошнюю ідыётку, калі я выбіралася з трактара.
 А калі я сядзела над тазікам і адмывала плашч, яна стаяла побач і вымаўляла:
 - Гэта трэба дадумацца: на трактары пад'язджаць.