Ruska Ch 17. Бессань. Вайна

Нероли Ултарика
Гілярыя правяла нас у пакой, размешчаны ў глыбіні калідора. Пакойчык, малы, але ўтульны, быў абсталяваны, як нумар у прыстойнай гасцініцы – два ложкі, камода з люстэркам, пара крэслаў, дыванок на падлозе, занавескі на вокнах. Хораша пахла драўнінай і сухімі зёлкамі. Пажадаўшы нам добрай ночы, Гілярыя сышла. Сташаку пашанцавала, ён заснуў сном праведніка, ледзь толькі галава яго дакранулася да падушкі. Я ляжала на ложку і катавалася, не ў стане заплюшчыць вачэй. Вар'яцкі быў дзень, вар'яцкі. Так многа падзей. За адны содні пражылося цэлае жыццё. Здрада, забойства. Уцёкі з асаджанага горада. Вайна... Мяне трывожыў лёс прафесара Сямашкі. Арыштаваны, пэўна, ужо ў турме, і ў гэтым ёсць доля маёй віны. Што тут можна зрабіць, як выратаваць?..
Дзесьці ўдалечыні пачулася працяглая грымота, і ў небе зашугалі барвовыя зарніцы. Зноў загрымела, захлопалі частыя выбухі. Гэта не навальніца. На імгненне зелянявы выбліск асвяціў пакой, і распачалася страляніна доўгімі чэргамі, з посвістам. Раўнула гармата, за ёй яшчэ адна. Іх вуханне злілося ў суцэльны натужлівы брэх.
Я не стала будзіць Сташака. Саскочыўшы з ложка, я падбегла да акна і прыхінулася да халаднаватай шыбы, але ўбачыла адно зараснікі язміну, азораныя чырванаватым свячэннем. Я накінула на плечы куртку і выйшла з дому. На ганку я ледзь не сутыкнулася з Белым. Ён сядзеў на прыступках, круцячы ў пальцах цыгарку, і неадрыўна глядзеў у бок гарызонту. Над лесам падымалася барвовае зарыва. Удалечыні грымела і вухкала, брахалі гарматы.
– Пачалося, – прамовіў расеец, нават не зірнуўшы на мяне.
– І колькі будзе доўжыцца?– спытала я ў тон яму.
– Пакуль у заходнікаў не скончацца запасы вуглевадародаў. Адразу ж абвесцяць капітуляцыю, нікуды не дзенуцца. Да Самадзержца на каленях прыпаўзуць, будуць пяткі яму лізаць, каб адкруціў вентыль.
– А калі не прыпаўзуць?
Ён скоса зірнуў на мяне, усміхнуўся.
– Ну, тады нафту будзем жраць замест хлеба.
Я прамаўчала. Збольшага ён меў рацыю. Моц Імперыі трымаецца на прыродных рэсурсах і ядзернай зброі. Ёсць і трэці стоўп – догма аб выбранасці. Народу, абранаму Богам, дазволена ўсё – хлусіць, красці, гвалціць, забіваць. Ідэалогія, разлічаная на ўнутранае спажыванне, але працуе бездакорна.
– Ішла б ты спаць, душапрыказчыца, – прагаварыў расеец.
– Не спіцца.
– Што, думкі неадчэпныя?
Я кіўнула.
– І аб чым думаеш?
– Лявон Сцяпанавіч, – адказала я глуха. – Прафесар Сямашка. Па яго прыйшлі сёння, ці ўжо ўчора. Гэта я вінаватая. Мы ў гасцёўні сядзелі, гутарылі...занадта смела, а дом быў на праслушцы.
Я ўспомніла аранжарэю з ружамі, і мне сціснула горла. У доме прафесара пабываў "гестапік", а гэта значыць, усё разгромлена, кветкі паламаныя. А ён клапаціўся аб ружах, як аб уласных дзецях.
– Прафесара маёр распрацоўваў, – безуважна прамовіў Белы. – А да цябе цэлы палкоўнік быў выехаў, допыт ладзіць. Сурова ты, маць, тэрарыстка самая сапраўдная. Куды да цябе мне, бічары.
Я хмыкнула.
– Атож. Вязаць палітычнага заўсёды выязджае цэлы ўзвод. Сташака так бралі.
Я апусцілася на прыступку побач з Белым і ўтаропілася на палаючы гарызонт.
– Грады ўступілі, чуеш? – спытаў ён.
– Я іх не адрозніваю, – адказала я. І павагаўшыся хвілю, спытала наўпрост: – Даўно цябе вербанулі?
– Год таму, – коратка сказаў ён. – Не па маёй волі. А інфарматараў у нас, як дзярма за лазняй. Не я першы, не я апошні.
– Спецслужбы ведаюць пра гэту сядзібу?
Белы сцепануў плячыма.
– Калі і ведаюць, то не праз мяне. Бачыў я такіх ссучаных, што на сваіх стучаць. Лепш адразу ў капцёрцы ўдавіцца.
Белы шчоўкнуў запальніцай, закурыў. Зрабіўшы глыбокую зацяжку, ён на пару секунд затрымаў дым у лёгкіх, выдыхнуў. Дымок быў не тытунёвы – пахла вострай жывіцай і чымсьці экзатычным, саладжавым. "Мешань", – здагадалася я. Сумесь сінтэтычных парашкоў, якую вязуць з Усходу, прадаецца з-пад прылаўка ў любой аптэцы і ва ўмеранай колькасці лічыцца карыснай для здароўя. Увогуле ад мешані эфект, як з "чарнільца", ад лёгкай весялосці да галюцынацый з зялёнымі чарцямі ў залежнасці ад дозы, хіба што пахмелля няма. Я карыстала з зелля пару разоў, за часамі студэнцтва, дзеля бадзёрасці, калі рыхтавалася да іспытаў, і штораз пужалася, убачыўшы сябе ў люстэрку. Вочы рабіліся, як чорныя дзіркі.
– Хаця, па шчырасці, думка ў мяне была, – павольна сказаў расеец. – На рабят з кур'ерскай я не стукануў ні разу, але палітбежанцы – гэта справа асобная. За "Дарогу жыцця" мне б выйшла поўная амністыя, без паражэння ў правах. Хочаш, у Маскву, хочаш, у Піцер. У мяне грошай падсабралася. Зажыў бы, як даўней, як быццам не было нічога. Я так сабе думаў: зраблю апошнюю ходку і пайду да куратара. З даносам, ну, як сука лагерная. Не сваіх жа буду здаваць, а нацыкаў гэтых, адж...адраджэнцаў. Тэрмін сам сабе прызначыў – восенню, самае позняе ў кастрычніку. Ведаеш, як "восень" па-фінску? Рус-ка.
Ён гаварыў, зацягваючыся зеллем, і позірк яго цямнеў, нібыта вочы знутры залівала цемрай.
– Дзякуй, што не здаў, – прагаварыла я.
– Ніхто не ведае, адкуль узялася гэта дрэнь, – сказаў ён, быццам не пачуўшы. – У вольнапасяленцаў ёсць такая байка...доўга расказваць...карацей, гэта трупны яд. З усяго, што памерла і згніло ў зямлі, ажно ад Вялікага патопу.
– Ты пра што? – спытала я.
– Нафта. Гэта...неймавернае паскудства. Яе перавозяць у свінцовых кантэйнерах. Калі хоць кропля патрапіць у глебу ці ў ваду, усю акругу трэба эвакуіраваць.
Я маўчала. Ён яўна пачаў загаворвацца. Зелле часам так дзейнічае – думкі блытаюцца, і чалавек вярзе несусветную лухту. Некаторыя, кажуць, так вершы пішуць.
– Ты бачыла гравійныя кар'еры? – спытаў ён раптам.
– Не.
– Я бачыў. Там вечная мерзлата. І пасёлак каля кар'ера, а навокал калючы дрот і вышкі з аўтаматчыкамі. Палітзэкам рэдка даюць больш за дзесяць гадоў. Большасць загібаецца ў першую ж пяцігодку. Калі за сцяной пяцьдзясят чатыры марозу, а ў вокнах адны рашоткі без шыб... Я прабыў там восем гадоў. Восем. Сам не ведаю, чаму я не здох.
Белы зрабіў апошнюю зацяжку і кінуў недапалак сабе пад ногі.
– Яны там дохнуць, як мухі, – сказаў ён адрывіста. – Дохнуць пачынаюць яшчэ ў дарозе. Там могілкі за пасёлкам, проста ў вечнай мерзлаце. Іх хаваюць без трун, запіхваюць у мяшок і закідваюць гравіем. І хваіны яшчэ там, ведаеш, свалачныя такія, выкопваюцца з-пад снегу, як быццам скончылася зіма, а гэта насамрэч падманка, вясна не прыйдзе, будуць толькі снягі і чарната над імі. І камяні з неба падаюць. Кажуць, гэта аскепкі зорак. Падаюць у снег, рыюць разоры ў шарпаку. Уся мерзлата ў зорках.
Голас яго сарваўся. Ён замоўк, схіліўшы галаву.
– Белы... – паклікала я.
– У адной кроплі нафты сотня жыццяў, – прамармытаў ён невыразна. – А яны яе купляюць. Гэтыя атлусцелыя... Ім пляваць. Не нажруцца ніяк. Ведаеш, Расія і Захад, яны... Ну, як тыя кірмашовыя блізняты, у якіх адна башка на дваіх. Калі аднаго прыкончыць, другі сканае праз пару хвілін.
Я паднялася на ногі і асцярожна ўзяла яго пад локаць.
– Белы, давай я адвяду цябе ў дом, – сказала я.
Ён млява адмахнуўся.
– Не-е-е… Не трэба. Ты ідзі. Ідзі. Спі. Я тут пабуду.
Я ўздыхнула і вярнулася ў сядзібу.