Ruska Ch 6. Уваходзiць салдат

Нероли Ултарика
У салоне пахла алівай. Аўтобус ехаў, паскрыпваючы, уздоўж праспекта, міма паркаў і плошчаў, поўных кветак. На вуліцах было людна, па набярэжнай прагульваліся парачкі, на тэрасах кавярняў усе столікі былі занятыя. Над горадам загараліся ліхтары.
Аўтобус збочыў з праспекта, уз'ехаў на гару, крэкчучы і ўздыхаючы, і спыніўся пад чыгуначным мостам. Я выйшла. Вуліца была пустынная, не відаць нават алкашоў. Пэўна, нядаўна прайшоў патруль. Забудова тут была нераўнамерная, панэльныя гмахі з фарбаванымі вясёлымі фасадамі суседнічалі з пяціпавярховікамі старой, савецкай яшчэ планіроўкі. У вокнах гарэлі агні, за фіранкамі рухаліся цені – сем'і збіраліся за вячэрай. Я выцягнула з кішэні нізку ключоў і заціснуўшы іх у кулаку, рушыла ў цемнаваты двор. Жыла я ў пяціпавярховіку.
Каля пад'езда я натрапіла на Белага. Ён сядзеў на лаве, схіліўшы галаву і схаваўшы далоні ў кішэні курткі. Здавалася, ён спіць, аднак ледзь я наблізілася, ён ускінуўся – сну ні ў адным воку – і заўсміхаўся.
– Здра-с-ця...душапрыказчыца, – сказаў ён развязна.
Ён быў у цывільнай вопратцы – штаны колеру хакі, камуфляжная куртка, чаравікі з шнуроўкай. Больш падобны на дэмабілізаванага салдата, чым на зэка. Падабенства з дэмбелем дапаўнялася выразным пахам алкаголю.
– Прывітанне, Белы! – я ледзь не сказала: "З адкідкай!"
Я сапраўды рада была яго бачыць. Сённяшняя гутарка з інспектарам напалохала мяне да смерці, і я мімаволі цягнулася да кожнай жывой душы, каб толькі не заставацца ў самоце.
– Як там наша цётка, ужо праставілася? Зірнуць жадаю. Прыпасці да труны, мошчы тленныя расцалаваць.
Белы падняўся з лавы і зрабіў быў крок да пад'езда, але яго павяло ўбок, і ён, чартыхнуўшыся, схапіў мяне за плячо, каб утрымацца на нагах. "Халера, ды ён у дровы! – падумала я. – Цудоўна проста..."
Мая кватэра-аднапакаёўка месцілася на апошнім паверсе пад самым дахам. Планіроўка была стандартная – цесны, як пенал, перадпакой, кухня, ванная і зала, яна ж спальня і кабінет. За акном відаць чыгунка і сквер з таполямі. Ліфтаў у доме не было, і ўзбірацца па паверхах даводзілася пешшу. Я падымалася па лесвіцы, Белы цягнуўся следам, хістаўся і чапляўся за парэнчы. Я сумнявалася, ці ў тым ён зараз стане, каб гутарыць пра..."цётку".
У перадпакоі было цёмна. У зале на сцяне бубніў Народны Вяшчальнік. Можна адмовіцца ад тэлевізара, але ў кожнай кватэры ўсталяваны Вяшчальнік, адключыць які немагчыма. Я запаліла святло, адчыніла форткі і шчыльна зашмаргнула шторы. Затым я выцягнула з-пад кушэткі вялікую дарожную сумку, у якой я хавала скрадзеныя выданні. Белы сядзеў, аблёгшыся на стол, і глядзеў, як я раскладваю на стальніцы кнігі –"Кароткая гісторыя", "Вянок","Смык беларускі","Курганная кветка", а таксама тоненькія падшыўкі газет – "Мужыцкая праўда", "Наша Ніва" і "Наша Доля". Жоўклыя аркушы, выцвілыя фарбы. Аскепкі краіны-мроі, чыё сэрца даўно не б'ецца.
– Гэта што за ерась? – Белы ўзяў адну з кніг і паднёс яе да вачэй, спрабуючы расчытаць загаловак на вокладцы. – Па-польску, ці што?
– Беларуская лацінка, – адказала я.
– Ясна.
Ён кінуў кнігу і рыўком падняўся, зачапіўшы плячом абажур, які вісеў на провадзе нізка над сталом. Абажур стаў разгойдвацца, на сценах заскакалі цені.
– Не, рабяты, з гэтым я на калючку не палезу. Самі, самі!
Белы млява махнуў рукой і рушыў да выхаду. Я кінулася яму напярэймы.
– Белы, стой! Табе заплацяць!
– Заплаціць – хто, Сташак, нішчаброд гэты? Ці святы Міка?
Ён выдаў п'яны смяшок.
– Марка Шэлех! – выклікнула я. – Ведаеш яго? Усё дамоўлена, Сташак пазыку возьме.
Марка Шэлех, ліхвяр з Аранаў, паважаны ў крымінальных колах, даваў пазыкі без паручыцеляў і даведкі аб прыбытках. Кажуць, што ягоных даўжнікоў, якія не вярталі грошы, паліцыя вылоўлівала з Свіслачы ад Чыжоўкі да Драздоў – па кавалках.
– Шелех, шмелех, – прагаварыў Белы. Памаўчаў. Потым спытаў:
– Колькі кніг?
– Тут дзевятнаццаць, падшыўка ідзе як асобная кніга, – адказала я. – Яшчэ пяць у Сташака ў Заслаўі. Усяго дваццаць чатыры.
– Яс-с-сна... – неяк аслабеўшы, Белы апусціўся на кушэтку і сціснуў скроні далонямі.
– Нешта пагана мне. Слухай, заткні ты гэту плявузгалку, галава расколваецца!
Скрыня Вяшчальніка, прыкручаная да сцяны, вісела над кушэткай, кароткі провад быў умураваны ў тынкоўку.
– Ён не выключаецца, – адказала я.
– Ды няўжо? – працягнуўшы руку, Белы ўзяўся за провад і з сілай рвануў. На падлогу пасыпалася тынкоўка. Вяшчальнік замаўчаў.
– Белы, мяне за гэта аштрафуюць, – сказала я.
Ён паглядзеў на мяне асавелымі вачамі, скрывіўся.
– Што за народ, – працадзіў ён скрозь зубы.
Белы падхапіўся з кушэткі, падышоў да стала і стаў выварочваць кішэні, кідаючы на стальніцу прыгаршчы манет і скамечаных купюр. Капейкі скочваліся на падлогу і са звонам скакалі па масніцах.
– Вось, бяры. Не помню, колькі тут, палічыш. Во, народ! Ды што з вамі такое? Вас вешаць будуць, дык вы і шворку сабе аплаціце.
– А вы што, лепшыя? – спытала я з прыкрасцю.
Укленчыўшы, я стала збіраць парассыпаныя манеты. На падлозе я заўважыла прастакутны кавалачак кардону, які, пэўна, выпаў з яго кішэні. Я ўзяла кардонку ў рукі. Гэта быў чорна-белы фотаздымак. На здымку была адлюстравана маладая жанчына ў саламяным капялюшыку і летняй квяцістай сукенцы. Яна сядзела на крэсле, трымаючы на каленях дзіця гадоў двух альбо трох.
– Дай сюды! – гыркнуў Белы.
Я працягнула яму фатаграфію.
– Падабаецца? Глядзі! – ён тыцнуў пальцам у здымак. – Гэта Ксенія. Ксюха мая. А гэта Дар'юшка. Дзесяць год іх не бачыў. Ці то восем. Не помню. Хачу да іх вярнуцца. Ты не ўяўляеш як. Не заслужыў пакуль што.
Твар яго раптам сказіўся, ён затросся і завыў, як падстрэленая жывёла. Прастагнаўшы: "Душна мне!", ён захіліў вочы рукамі і рушыў да акна, хістаючыся і налятаючы на мэблю. Я стаяла ў поўнай разгубленасці. Сташак ніколі не напіваўся, за што я была ўдзячная лёсу, але з іншага боку, я абсалютна не ўмела абыходзіцца з п'янымі. Што, напрыклад, рабіць з мужыком, з якім надарылася п'яная істэрыка? Даклыпаўшы да акна, ён рэзка адхінуў штору і рвануў аконную ручку – рамы затрашчалі, але не паддаліся. Ён паспрабаваў яшчэ раз-другі, кінуў, споўз на падлогу і нейкі час сядзеў, падвываючы, і гайдаўся з боку ў бок. Я змрочна назірала за яго манеўрамі.
– Белы, мо вады прынесці?
Ён не адказаў. Дрыготкімі рукамі ён выцягнуў пакамечаны пачак цыгарэт, закурыў. Я ўздыхнула і пайшла на кухню. Узяўшы з паліцы шклянку, я плёснула туды халоднай вады з чайніка і вярнулася ў пакой. Белы быў там, дзе я яго пакінула – на падлозе ля акна. Ён напаўляжаў, прываліўшыся спінай да батарэі. У яго руцэ дыміла недакураная цыгарэта. Ён, чорт пабяры, спаў. Я асцярожна выцягнула цыгарэту з яго аслабелых пальцаў, аднесла яе на кухню і кінула ў ракавіну. Паразважала, што яшчэ тут можна зрабіць. Урэшце махнула рукой, патушыла святло і не распранаючыся легла на кушэтку. Калі не атрымаецца заснуць, хаця б паляжу з заплюшчанымі вачамі.
Калі арыштавалі Сташака, я надоўга страціла сон. Ночы напралёт я ляжала, скурчыўшыся, на кушэтцы і слухала, як за акном праносяцца цягнікі. Было спякотнае лета, ночы стаялі цёплыя і душныя, а я хуталася ў коўдры і вязаныя шалі і ніяк не магла сагрэцца – мяне знутры вымарожваў страх. Я ляжала і малілася, паўтараючы, як пацеры, блюзнерскую злую малітву, якую прыдумала сама і адзіную, з якой я магла звяртацца да Бога, бо ніякая іншая не клалася мне на вусны:
Святы Божа Ойча,
Госпад Усёмагутны,
Дай нам убачыць аблічча Тваё,
Поўнае гневу,
І правіцу Тваю,
Якая карае.
Божа, знішчы Самадзержца
І ўсю чэлядзь яго,
І ланцуговых сабак яго,
І лісліўцаў яго,
І апекуноў яго,
Як знішчыў Ты войска фараона
І сыноў егіпецкіх
Дзеля славы народа Ізраэля,
І ўберажы нас ад самавольства,
Але збаў ад тырана
Амэн.