Иду па Арлоускай

Ляксандра Зпад Барысава
Іду па Арлоўскай

                26 красавіка 2014 года

…Іду па Арлоўскай. Па ходніку, насустрач праехала зграйка веласіпедыстаў. Над адным з іх ганарліва лунаў белы сцяг з надпісам "Toyota".  Ну і ну.

…На масце праз Свіслач сустрэлася мне японская дзяўчына, прыгожая, як прынцэса. І так невыносна захацелася падарыць ёй вялікую чырвоную ружу, пунсовую.  Якой у мяне не было. І тужліва стала ад гэтай адсутнасці ружы. Яе так бракавала ў распушчаных чорных валасах прыгажуні.

…Крыху пазней сустрэўся мне вялікі круглы кавун, на тонкіх ножках і ў чырвонай суколцы. У суправаджэнні трох кавунят, якія яшчэ не сфармаваліся, рознага памеру.
Правай  рукой кавун вёў ровар, а ў левай трымаў дзве скрынкі з піцай. 

…У Кіеўскім скверы лісце на каштанах вялікія ўжо… Прыгажосць…


…Потым я доўга ішла, спрабуючы знайсці вольную лаўку.  Але на ўсіх лаўках гронкамі сядзелі гарбузы і гарбузікі…

…Поруч дарогі ля лужыны сядзеў голуб і піў ваду. Калі я праходзіла міма, ён паглядзеў на мяне, а потым ізноў прыпаў да вады. Прыемна, што не паляцеў…

…А потым, калі я прыхінулася да сцяны нейкага дома і запісвала гэтыя радкі, другі голуб круціўся ля маіх ног  і чакаў падачкі. Але ў мяне з сабой нічога не было, акрамя гэтага сшытка…

…Усю дарогу я ішла пешшу ці ехала зайцам. Добра цяпер стала ездзіць зайцам. Пакажаш кантралёру картку. А правяраць ён яе яшчэ не навучыўся. Ну, праязны. Але на ім нічога не напісана. Ні на які месяц, ні на які транспарт…