Сыну Алегу

Вацлав Хадосевич
Сыну Алегу

 Як цяжка быць у адзіноце!
 Хоць ты у доме часты госць...
 Не раз спытаеш у турбоце,
 Ці ў халадзільніку што ёсць?

 Тваю руку ў сваёй трымаю:
 “Сынок, мне досыць усяго!..
 Каб ведаў ты, як не хапае
 У доме – ведаеш каго!“
 21.03.2102

 ***

 Завязі мяне, Алежка,
 Ў ігуменскую Ялчу*.
 Я праз сад кароткай сцежкай
 Да вады хутчэй хачу.

 ...Хай малюсенькі “ніякі”
 паплавок карась кране, -
 Я застануся з падзякай,
 Што паслухаў ты мяне.

 5.9.2008 г.

 * Весачка на Чэрвеньшчыне.


 ***

 Ты адляцеў ад нас, як птушанятка,
 Махнуўшы яшчэ кволенькім крылом.
 Дарога па жыцці была не гладкай,
 І ты вярнуўся у бацькоўскі дом.
 Душою чуў і бачыў твае мукі, -
 Як роспач цябе гнула да зямлі.
 Але не апусціў у бяссіллі рукі,
 А па жыццёвай зноў пайшоў раллі.
 І не дарма ты шмат гадоў патраціў,
 Каб выверыць жыццём свой новы крок,
 Запомніўшы навекі просьбу маці:
 “Глядзі, не памыляйся зноў, сынок.”

 1998 год