Гутарка

Ляксандра Зпад Барысава
Гутарка

…Ва ўсю свістала гарачая вада са зламанага і разабранага крана. І пара павольна прасочвалася з ваннай і рассейвалася па ўсёй кватэры. І свістаць гэтай вадзе так усю ноч. І больш. Датуль, пакуль я не куплю патрэбную дэталь. А для гэтага спачатку трэба з раніцы паехаць на працу, адпрасіцца, аформіць звальняльную на цэлы дзень і панесціся па крамах у пошуках, магчыма і безнадзейных.

А зараз кран шыпеў, свістаў і булькаў, і ў яго булькаце чуўся мне падрабязны рэпартаж з гарачых кропак.

…Божа, выратуй, Беларусь…

Прычым тут Беларусь?

Госпадзі, выратуй Украіну. Божа, злітуйся над людзьмі, адурманенымі і ашуканымі…


…Памёр Барадулін…
І ўзнікла ў мяне ў душы вялізарная гумовая кропля. І сядзелі ў ёй Барадулін, Быкаў і Караткевіч, і ціха пра штосьці размаўлялі. І было ім там цесна, няўтульна і нязручна. А кропля расцягвалася і давіла мне на сэрца. І цяжка было дыхаць….

…А ў ваннай ва ўсю свістала і булькала вада. І задушлівая пара распаўсюджвалася па кватэры. І чуліся ў булькаце і свісце нечыя стогны.
…Божа, выратуй, Украіну… Злітуйся, Госпадзі, над людзьмі неразумнымі…


…А сябры хай лепш гутараць над Дняпром, а не ў гэтай кроплі гумовай…