Чужы сон

Ляксандра Зпад Барысава
Чужы сон

Павольна засынаю… І круцяцца розныя думкі… І куды ён знік?.. І што з ім?... І ён таксама куды дзеўся?... Што з імі?... Пане Божа,  ахоўвай іх, дзе б яны ні былі…
І раздаўся голас:

   "Ты не хвалюйся, ён цябе знойдзе, а калі трэба і сюды прыйдзе…"

…Хіба я хвалююся? Не, быццам бы. І хто ён? І навошта - сюды? Не трэба сюды. Нельга сюды…

…Блукала я па кватэры, і занесла мяне выпадкова ў мамчын пакой. Нельга сюды заходзіць. Але мяне занесла па інэрцыі. На падлозе тут ляжыць пухнаты чырвоны дыван. Ля ложка і стала рагі дывана загорнутыя, і дыван змяты ў зморшчыны.  І ўсюды ніводнай парушынкі, і цёплае сонечнае святло льецца ў вакно…
І я хутка выйшла з пакоя.

І тут прыйшоў ён. Зусім не ён, і нават не ён, а хтосьці трэці. Я яго не бачыла. Я бачыла толькі чаравікі. Ён хадзіў па мамчыным пакоі і гаварыў-гаварыў-гаварыў.
А я стаяла, прыхінаючыся да вушака дзвярэй, слухала і глядзела на яго чаравікі, вялікія, чорныя, добра вычышчаныя, з загнутымі вонкі бартамі і паслабленымі шнуркамі. І кароткія канцы шнуркоў вольна ляжалі на чаравіках не завязаныя.

Тут прыйшла мама. Яго мама, не мая. Як і кватэра яго. А як я там апынулася - зусім старонні для яго чалавек, я і не ведаю. Прыйшла яго мама і паглядзела хмурна, але нічога не сказала. І ён тады выйшаў з пакоя.

…Потым я яго праводзіла на прыпынак. І зноў я яго не бачыла, паколькі ён ішоў справа ад мяне і зноў гаварыў без канца.
А я слухала і глядзела перад сабой. А перад вачыма стаяла смуга ад слёз. Ён з'яжджае назаўжды.
А ён усё гаварыў, і думкі яго былі ўжо там далёка, куды ён накіроўваўся.
Потым ён сеў на жоўты шаснаццаты аўтобус і з'ехаў.

…Тут прымчаўся нарад міліцыі на матацыклах.
- Дзе палкоўнік? - спытаў адзін міліцыянер.
- Палкоўніка тут не было, - разам сказалі людзі на прыпынку.

…Адмовіўся палкоўнік яго праводзіць, як ён яго ні ўпрошваў. Адчуваў, відаць палкоўнік, што небяспечна для яго асабіста праводзіць ісці. 

- А дзе гэты? - ізноў спытаў міліцыянер
- Гэты толькі што з'ехаў на аўтобусе, - таксама разам адказалі людзі.

…Я паглядзела туды, куды пакаціў міліцэйскі нарад. Там быў велізарны затор са мноства легкавых аўтамабіляў. І ў гэтай аўтамабільнай кашы жоўтымі буйнымі разыначкамі зіхацелі аўтобусы. Шмат аўтобусаў.

…Дагоняць…
А, можа, не дагоняць? Ёсць жа маленечкая надзея, што не дагоняць, святлафор затрымае ці ў заторы затрымаюцца…А можа, не знойдуць? Яны ж не ведаюць нумара аўтобуса…