Жудасныя кампосцеры

Ляксандра Зпад Барысава
Жудасныя кампосцеры

…Зэканоміла я на праездзе ў лютым: купіла праязны толькі на мятро. Нічога страшнага, да мятро два прыпынкі можна і пешшу дайсці. Тым больш, што шпацыраваць нават карысна. А па лютаўскім марозіку - тым больш, бяжыш - як на крылах ляціш, і лёгкасць незвычайная.

Але не заўсёды жадаецца ісці. Часам жадаецца і пад'ехаць. І вось заходжу ў аўтобус сто шаснаццаты, думаючы: будзе кандуктар - куплю талон, не будзе - паеду так.

Заходжу, кандуктара няма, але ля ўваходу абапал вісяць грувасткія скрынкі новых кампосцераў, электронных. Мала таго, што вісяць, а яшчэ і свецяцца чырвоным вокам. Як быццам пытаюцца ў мяне грозна: а ты заплаціла за праезд?

І няўтульна мне неяк стала ехаць у гэтым аўтобусе пад наглядам чырвонавокіх кампосцераў, і праз два прыпынкі я выйшла. Хоць магла праехаць яшчэ два: там бліжэй ісці да дому.