Кали шкодна бегаць

Ляксандра Зпад Барысава
Калі шкодна бегаць

…Убачыўшы, што загарэлася зялёнае святло святлафора, я пабегла, калі да скрыжавання было метраў пяць, а таймер паказваў 24 секунды. І ляснулася як раз пасярод праезнай часткі, зачапіўшыся за роўнае месца. І працягнулася на ўвесь рост папярок дарогі, загарадзіўшы сабой шлях тром машынам і трамваю, якія стаялі у шэраг і чакалі, калі ім загарыцца зялёнае святло.

І пакуль я павольна, сантыметр за сантыметрам, адслойвала сябе ад асфальта, я адчувала правым бокам, як нецярпліва і з раздражненнем глядзяць на мяне машыны і трамвай, чакаюць, калі я, нарэшце, адклею сябе ад дарогі і прыбяруся, каб тут жа рвануць з месца.

І адклейвала я сябе ад асфальта, як мне здалося, не меней, чым паўгадзіны. А калі я, нарэшце, адклеілася і паглядзела на святлафор, гарэла ўсё тое ж зялёнае святло, на якое я пачала бегчы, толькі таймер ужо паказваў не 24, а 10 секунд. І за гэтыя дзесяць секунд я спакойна дакульгала да ходніка.

А на працы я казала:
- Вы не падумайце, што гэта мне хтосьці ў вока даў. Гэта я ляснулася…
- Відаць, што драпіна, а не ўдар, - супакойвалі мяне…