Твар на паперы

Копылова Анастасия
Дзень першы

Я ўваходжу ў каманду касмічнага карабля “Улада”, які належыць чалавеку з імем Кір. Я ніколі яго не бачыў, дарэчы, як і астатнія члены каманды, ужо не кажучы пра пасажыраў. Яны проста заплацілі грошы за месца і за дарогу.
Мэта карабля: прайсці праз некалькі сонечных сістэм, спыняцца на адзначаных гандлем планетах і так да апошняга пункту, дзе карабель апусташаецца і зноў напаўняецца таварам.
Што я тут раблю?

Цяжка… Закрэсліць напісанае. Я пакінуў сям’ю…

6 гадзін раніцы

Чаго хаваць ад сябе самога сваё хваляванне. Я ўпершыню на касмічным караблі з такім доўгім тэрмінам. Што можна знайсці ў космасе: ды што заўгодна. І я не з тых аматараў прыгод, якія кідаюцца ў абдымкі адчайных момантаў смерці і жыцця. Маё месца на цвёрдай зямлі.

Маіх бацькоў забілі разбойнікі з планеты Лаон. Яны забілі ўсіх. Гучыць смешна, але на той час рабы ім не патрэбны былі. Так… Гэта так даўно было, але… Памятаю кроў на падлозе, на сценах, на грудзях маёй маці. Быццам я зноў там… скручаным камяком сярод забітых людзей і ног рабаўнікоў. Хтосьці смяяўся, хтосьці са шрамам не мог нацешыцца крывавым скарбам…
Я шукаў адказ на пытанне “чаму”.

Чаму?

11 гадзін дня

Перачытваю напісанае.
Я не магу адрачыся ад памяці. Шмат гадоў прайшлі пустацельна, хаця… сваё цела я ўсё такі чуў. Не хапала іншага. Чаму? Мая другая маці, жанчына, якая знайшла мяне сярод забітых, шчыра ўсміхнулася наіўнаму пытанню.

Заўтра будзе высадка на першай планеце. “Улада” – гандлёвы карабель, ніякіх сродкаў абароны няма. Міра сказала, што ўжо колькі год іхняга вандравання здарэнняў не было, толькі, калі атрымаеш грошы, тады ўжо можна знайсці прыгод на сваё жыццё. Я не спяшаюся развітвацца з жыццём, я зноў застануся ў шэрых сценах карабля. Грошы мяне не хвалююць. Я зноў напрасіўся на карабель, каб перамагчы свае начныя сны. Але праўда, мне дурна, не ад сноў, яны сталі маімі, а ад самога вандравання.
Што можна знайсці там, за мяжой, чаго няма тут?
 
17 гадзін вечара

Вось і падышоў да завяршэння дзень.
Я пазнаёміўся з добрымі людзьмі: Шалі і яе дачкой. Яны заплацілі за месца на “Уладзе”. Яны ў пошуках новага дома.
Зоя, дачка Шалі, заўсёды маўчыць, нібы ваўчанё, і малюе. У яе прыгожыя малюнкі і трохі дзікаватыя наіўным дзяцінствам. У мяне няма дзіцяці, але я моцна любіў бы яго, калі…
Не. На сёння хопіць. Заўтра цяжкі дзень.

Дзень другі

Нарэшце дзень спыніўся каля ложка, але перш чым перагарнуць ліст ночы і прачнуцца ў “светлым” заўтра, трэба шмат сказаць.

Я хацеў пісаць сваю дарогу як дзённік, распрацаваны па днях і гадзінах. Толькі я вэрхальны чалавек, верны і сам не ведаю чаму. У маёй галаве кавардак, у маіх снах кавардак, у маім жыцці кавардак – ён паўсюль. І я хачу пяшчоты, кахання. Праўда дадзеныя паняцці такія самыя дзікаватыя як малюнкі Зоі? Чалавек абсурду, душа якога ўзрываецца па сценках вакуума… усяго.
Я сярэдні чалавек, які раптам вырашыў пакінуць насіджанае месца і пачаць свой крос. Калі небудзь скручу сабе галаву.
Да, да. Ведаю ўсё я, ведаю, што ныю, ведаю сваю душонку – і таму хопіць. Не я адзін, не я…
Пішу пра сённяшні дзень, дзень вялікага гандлю для больш вялікага Кіра.
Ненавіджу гэта імя. А чаму – не ведаю. Кір – гэта ўсё, гэта больш чым зорка на касмічным небе. Для Кіра можна ўсё, і нават…
Я бачу ўсё… Толькі вось кепска будзе, пры такім раскладзе, калі хтосьці знойдзе мой дзённік, асабліва, калі гэта будзе Раг. Непрыемны чалавек да колікаў у руках. Міра яго пабаіваецца, хаця стараецца выглядаць смелай, свабоднай.
Я стаміўся. Заўтра дзень-дурань, а за вакном будзе вечная ноч і змрочны холад.

Дзень трэці

Ну вось, прачнуўся, нават раней за ўсіх.

Сны. Якія яны? Якія мае? Балючыя, разбураным горадам упёрліся ў сцены далягляду, змяшаліся шэрасцю з небам. У маіх снах няма неба. І тут няма неба: за вакном ноч. А я хачу неба! У маіх снах працяг дня. Я зноў і зноў, зноў і зноў, ды яшчэ раз бягу. Збягаю ад звяр’я, ад усялякай брыдоты, ад шырокага ляза непазбежнасці. Я так прызвычаіўся да сваіх сноў, што гляджу іх як дрэннае кіно жаху, бо сапраўднае кіно прыходзіць да расплюшчаных вачэй.
Ну вось і ў гэты раз я збіўся на сваё “я”, як на пракляты камень сярод дарогі-ракі. Я, я, ды яшчэ раз я, ды толькі чаму, калі я такое я, чаму я стадная істота, чаму я адзін, калі я частка агульнага мы (напэўна таму, што мы – шэрае, бязлікае, нумарное мы).

Твар на паперы

Зоя дазволіла глядзець як яна малюе. Па праўдзе кажучы, яна мастак, вялікае сэрца ў маленькай абалонцы.
Я назіраў як паяўляюцца вочы. Сінія. Зрэнкі замалёўваліся больш густа, а ад іх невялікамі рэзкімі промнямі вымалёўвалася сінеча вачэй. Па-дзіцячаму, трохі няўклюдна, але са шчырай верай, што гэта жывыя вочы чалавека.
Два брыва сінімі крыламі ўзмахнулі да лба. Зоя ўсё дабаўляла ім маленькіх валасоў – і вось, два крыла пераўтварыліся ў поўныя сонцу каласы.
- Мая маці вышчыпвае сабе бровы. Ёй гэта не ідзе. Толькі не думай, мая маці прыгажуня, – Зоя глянула на мяне з сур’ёзнасцю дарослага сталага чалавека. Яна верыла, і гэта мяне перамагло.
Нос сінімі рамкамі паплыў па твары. Паміж ім і вуснамі лёгка ўмяшчаўся палец Зоі. Нос быў падобны на меч, які павіс над сіняй пухласцю.
Твар атрымаўся рознабаковы.
Так жа старанна Зоя дамалявала вушы, за якімі круціліся вадаспады сініх валасоў.
- Ну як? Табе падабаецца?
- Да. Чаму не. І нос такі – своеасаблівы.
- А хочаш я малюнак табе падару?
- І табе не шкада?
- Так я яшчэ намалюю.
Зоя любоўна паглядзела на твар на паперы.
- Як тваё імя?
- Імя, а…
У наш ціхі дуэт уварвалася Шалі, вырвала паперку, трохі памяла пры гэтым і з усмешкай зірнула на твар:
- Хто гэта? Монстрык нейкі?
Зоя толькі сказала (бо яна верыла):
- Гэта чалавек.

Дзень чацвёрты

На стале твар на паперы. Я не адзін.

Дэйн.
Што гэта за чалавек? Жалезны, нават яго нервы выкаваны здаецца. У сталоўцы садзіцца спінай да сцяны і перад ім раскрываецца ўсё памяшканне. Ён воўк, стары загнаны воўк.
Чаму? Я чуў размову Міры і Шалі:
- Ох. Які прыгожы мужчына!
- Шалі. Як табе сказаць так, каб не пакрыўдзіць: ён забойца.
- Шкада, вельмі шкада. А ўсё такі прыгожы.
Я слухаў дзень далей і, нічога не пачуўшы пра Дэйна, запытаўся ў Міры. Да, гэты чалавек паланіў мае думкі. Ён быў моцны, як героі папулярных фільмаў, якія і дагэтуль круцяць на Зямлі. Ды і рабіць няма чаго было, я назіраў за людзьмі, верны сваёй абыякавасці да іх лёсаў.
- Міра. Хто гэты чалавек?
- Наш пасажыр.
- А калі глыбей?
- Спытай у яго сам.
- Міра, у цябе імя дзіўнае. Ніколі яго не чуў.
- Імя, як імя. Спадчына бацькоў.
- У сэнсе?
- Каб несла мір у разрабаваны цемрай сусвет.
- Таму ты тут?
- А ты?
- Табе тут не падабаецца. Я бачу, што ты хацела бы вызваліцца…
- Ну хопіць. Дэйн – былы вайсковец. Скончылася Першая каланіяльная вайна, ён уйшоў. Быў у турме: за забойства.
- Забойства? Ён жа быў на вайне. За гэта, ці як?
- За забойства свайго бацькі.
У Дэйна былі зялёныя вочы да ізумраднасці кожнай лініі вакол зрэнкі. Мы баяліся глядзець яму ў вочы.
Я пакінуў шукаць праўды ў яго постаці.

Дзень восьмы

Глядзеў у столь залажыўшы рукі за галаву. Прайшлі тры дні, я абдумваў іх. Тры дні, напоўненыя імем Кір, тры дні працы на гэта імя, а чалавека няма, толькі імя.
Зараз мы ў іншай сонечнай сістэме, толькі гэта нічога не змяніла, за вакном той самы холад. Я не ведаю ці холад там. У ночы няма цеплыні. Нават далёкія зоры, як агні паабапал дарогі стрэламі ў мяжу, будзяць толькі мары.

У адзін з трох дней мы спыніліся на планеце Лаон. Раг прымусіў мяне пайсці:
- Ты пойдзеш разам з намі. І дарэчы, я чытаў тваё мінулае ў паперах для Кіра. Завяжы на вузел сваю душонку і спускайся ўніз. Паслухай, на тваім месцы я бы раструшчыў галовы рабаўнікам. Пайшлі, можа сустрэніш іх, а?
Раг зарагатаў, і ў гэты момант я захацеў бачыць, як яго гнілая кроў льецца з драпежных вачэй на мае пальцы. Я прапалы чалавек.
Лаон сустрэў нас сонцам, знішчальным вялізным вокам да смагі на вуснах.
Гэты дзень не зрабіў мяне героем, якім быў Дэйн. Я адчуў у поўнай меры сябе мурашкай пад нагамі сітуацый жыцця.

Што такое Лаон? Тут няма калоній, і гэта звяртаючы ўвагу на тое, што гэта планета-сад. Ну так, сад, у якім звернеш не туды і атрымаеш ці кулю ў лоб ці кляймо.
Як гаварыла Міра, Кір наладзіў такі маршрут ужо паўгода назад. Чаму я выбраў менавіта “Уладу”? Так ніводны карабель не ляціць да Лаона, толькі хіба ты сам рабаўнік, гвалтаўнік, наёмнік ці ты Кір. А я жыву снамі, Лаон унутры мяне.
Мы ўзялі тавар, канешне кантрабандны (дарэчы, замест назваў зброі, брані, біяшчытоў і рознай тэхнікі па волі Кіра ў дакументах касмічнага гандлю адзначалася вопратка, лекі і іншая нявінная рэч). Гэта я пасля даведаўся, што тавар кантрабандны. Раг і Міра ведалі даўно і тым не менш ляцелі да Лаона, падвяргаючы небяспецы жыцці сваёй каманды, сваіх пасажыраў. Грошы былі на кану.
Дык вось, мы ўзялі тавар, я, Міра і Раг, і пайшлі да будыніны. Яна выглядала закінутай, прабітай наскрозь снарадамі нейкай зброі. Я спытаў:
- Ты гаварыў, што на Лаоне ёсць калонія і мы ляцім на яе. Дзе яна?
- Безгаловы, безгаловы сябар мой. Калонія – міф для такіх прыгажункоў як ты. Міф у сведках касмічнага гандлю, у сведках каланіяльнай сістэмы і Альянса. Іх межы далёка ад Лаона. Хто верыць у калонію, хто не. Хаця не. Пачакай. Калонія была, таму і засталася ў дакументах тваёй славутай сістэмы.
Быў бы хвост, ён бы мяне выдаў, схаваўшыся паміж задніх ног.
На суцэльнай металічнай сцяне заміргаў зялёны агеньчык, яшчэ момант, напалову без адзення ў квяцістых татуіроўках нас сустрэў наёмнік:
- Раг. Ізноў да хаты рвешся? Заходзь.
- А то як жа, брат.
- Які я цябе брат?
- Па сэнсу жыцця.
Было душна і агідна. Я і Міра далёка ўглыб не заходзілі, чакалі. Нарэшце Раг дарваўся і да нас:
- Зараз пойдзем на поўдзень да разбуранай калоніі. Там нас чакаюць два чалавека, іх трэба вывезці.
Міра нічога не сказала, але я пачуў яе глыбінны ўздых.
Сонца Лаона было настолькі сквапным, што не пакідала цені на выжаўценай зямлі. Не ведаю дзе былі там дрэвы і іншая расліннасць, але толькі не тут.
Маленькім, я любіў марыць як пакараю іншыя сусветы, пакідаю першыя сляды на невядомай зямлі і знаёмлюся з чымсьці новым ды з кімсьці незнаёмым. Зараз я бы лепей застаўся сядзець там…
Відовішча было злавесным. На момант мне здалося, што бязлітаснае сонца дала права цені сысці на зямлю, але я прыглядзеўся. Калонія была знішчана, відаць, даўно, і з жахам уяўляю, што сталася з каланістамі. Выпаленая чарнатою зямля, голыя косці абпаленых дамоў. Я пачуў крык. Не, крычалі не душы, але я бы даў усе сто ачкоў за іх пажыццёвае блуканне ў гэтым пекле. Мы ішлі далей. Стала дзіўна, вельмі дзіўна – мы ўбачылі царкву. Не ведаю, што гэта значыла: смех лёсу ці дабрасардэчнасць мясцовага насельніцтва. Перад нашымі вачамі стаяла царква. Я глядзеў на яе як на цуда, адзіны крынічны глыток сярод цемры сусвета… Крыкнула жанчына. Яна выйшла насустрач нам, за яе спіной з царквы выносіў нейкія рэчы мужчына. І стала ўсё да банальнасці зразумелым. Уцалеўшая ад вогнішча, царква стала прыстанішчам для прагматычнага люду, ды і наогул тады не трэба было нічога будаваць. Паўтаруся яшчэ раз, Лаон – зямля для тых, хто забыўся на чалавечае імя. Праца, павага, добрыя чалавечыя пачуцці і іншае – такія самыя занядбаныя як і планета.
Лаон – мой вечны сон, праказа маёй душы…
Мы дайшлі да прабітага будынку, дзе ўжо спыняліся. Я не ведаў, што будзе далей, я не ведаў, што магільная цішыня ўзарвецца і я назаўсёды згублю апошнія кроплі сну.
І што зараз казаць? Свае адчуванні, уражанні ці проста аповед фактаў? Што казаць цябе, мой дзённік? Што: падкрэсліць сваю мізэрнасць ці значнасць?

Дзве гадзіны ночы. Я думаў паспаць, не змог, зачыняю вочы – Лаон.
Века, жанчына гадоў трыццаці, светлыя валасы, блакітныя вочы. Анёл, ды толькі знешне – вочы ненаежныя, глыбокія помстай як ільды Антарктыды. Ішла і ўсё штурхала ў спіну свайго палюбоўніка Рэка:
- Пайшлі хутчэй. Ужо даўно час заплаціць за маю ганьбу.
У іх нават імёны на адзін лад: Века і Рэк.

Ну вось. Згубіў словы.

Існасць майго слова

Другая маці сказала аднойчы:
- Чаго ты маўчыш? Хочаш знайсці адказ на сваё “чаму” – гавары, крычы ва ўсе лёгкія. У цябе ёсць слова. Толькі так ты сам зразумееш, што ты ёсць.
Я гаварыў, але тое ўсё было не то. Зараз упэўнена так кажу, бо Лаон вырваў з маёй душы патрэбнае слова.

Каля “Улады” былі чутны стрэлы. Сэрца аж замірала ад жаху з кожным маім крокам да карабля. Раг і новыя пасажыры пабеглі наперад, выцягнулі вочы звярыным ланцужком і рванулі. Міра цягнула мяне за сабой, а я адчайна супраціўляўся. Хутка мы пачалі качацца па зямлі і лупцаваць адзін аднаго. Міра хапала мяне за рукі, біла па твары… Нарэшце стамілася. Я пачуў злоснае:
- Слімак.
Цела біла бы электрычным разрадам. Каля карабля заціхла. Я падняўся з пякельнай зямлі і глядзеў на Міру. Моцная фізічна, але худзенькая жанчына, яна змагла мяне паваліць на зямлю, збіць на горкі яблык, толькі не выцягнуць туды, дзе было боязна.
Міра рэзка, нават з нейкай пагардай, гукнула:
- Пайшлі!
Вось. Вось тут, калі я ўбачыў Дэйна, якога абклалі з усіх бакоў, таго квяцістага і Рага, палюбоўнікаў за іх спінамі, калі я адчуў пах смерці, я ўздыхнуў:
- Жывы.
Вось яна, існасць майго слова.

Дзень дзевяты

Спыніў свой аповед учора. Стамілася думка і стала лянотна руцэ. Але гісторыя нашага карабля ідзе. Не ведаю для каго пішу, але так лягчэй. Так, я жывы, і толькі гэта слова змяшчае ў сабе шматлікія катэгорыі паняцця “чалавек”. Ну вось, кажу як прафесар адной з установы Альянса. Яны разбіралі чалавека на азначэнні, функцыі. З высокіх трыбун лекцыйных класаў заглядалі ў залатое стагоддзе мінулага чалавека, а ў гэты час на іншых планетах ішлі войны, прадавалася жыццё, а калі дакладней, чалавек. Не, я маю на ўвазе не толькі рабства. Лаон кажа сам за сябе. Я гавару пра тое, што ведаю. Колькі нам усяго было дадзена… асалоды ўсіх масцей, п’янае сузор’е фарбаў, ежы, алкаголя, вопраткі, … – ўсё, усё, каб  мы не ведалі гора… і ўсё, усё, каб намі валодаць. Мы не ведалі гора, чаго хаваць праўду – гэта так. Толькі адзін штрышок – мы і не ведалі сябе. Такім чынам, сучаснасць купляла нас. І вось я тут, пакінуў сям’ю. І ўсё роўна мяне купілі… Успомніце Лаон.
Што там было ўчора.
Дэйн выйшаў з карабля, бо нас доўга не было. Ён ведаў, што такое Лаон, і насцярожыўся. Тым часам вакол карабля гулялі наёмнікі. Адзін з іх пазнаў нашага пасажыра. Тады і пачалося. Прабачце, дакладнасцей не ведаю. Міра размаўляць са мною не будзе. А што я? Я жывы. І не, мне ўжо не сорамна за тое, што я баязлівец. Тым болей, каму я там бы дапамог? Не, не, ведаю я шалёную кулю.


Гісторыя ў стол

Вечар правёў з Зояй. Добрае дзіцё. Яна мяне захапляе сваёй чысцінёй, сур’ёзнасцю да многіх рэчаў і дзіцячай наіўнасцю. Гаворыць так пра штосьці і не разумее, што яна сама супярэчыць рэальнасці. Супярэчыць рэальнасці. Смешныя словы для тых, хто стаў гэтай рэальнасцю. Межы, межы, а дзе яны – гэтыя межы. І межы чаго? Межы чалавечнасці. А можа межы чалавечай распусты. А можа межы чалавечага жыцця. Ведаю адно: такія, як Кір, валодаюць намі. А Зоя супярэчыць нават яму, без зброі, проста сваім існаваннем. (Я не хачу, каб яна станавілася дарослай. Яна вырасце і абавязкова папоўніць нашу кагорту…) Успомнілася царква. Яна стаяла там, асірацелая чалавечымі душамі, бо яны не прыходзяць туды, каб памаліцца, суцішыць боль. Пажаўцела трохі ад вар’яцкага сонца. Так, я тут падумаў, што ў кожнага з нас ёсць такое сонца.
Зоя расказала мне гісторыю. Дзіўная яна, гэта гісторыя. Імя. Якое ёй імя? Нават я разумею, што гэта гісторыя ў стол:
“Быў восеньскі дзень. Вуліцы пайшлі ў туман. Горад занавесіўся небам як шчытом. Шэры дождж прабуджаў вокны, прымушаў цягнуць іх да сябе чалавечыя твары. Дакрануцца ілбом, адчуць халадок. Горад плакаў. Ды толькі на яго вуліцах сустрэліся два чалавека: ён і яна. Нябесная вада гладзіла іх валасы, плечы, чысціла твары, пранікаючы да сэрцаў. Так было загадана ім лёсам: сустрэцца сярод шэрасці і нудоты, каб прайсці разам праз усё жыццё ў сонечнае шчасце.
Ішлі гады, і быццам бы ўсё сказана.
Іхняе дзіцё пайшло ў горад, сонечны, вясёлкавы, у птушыную раніцу. Бывае рознае з людзьмі, і так сталася з дзіцём. Яму ўсё стала абыякава, нават сям’я. Ён і яна шукалі выйсце і не знаходзілі. Хвароба тым часам усё болей забірала малога.
Зіма кінула свае снягі ў вясновыя рэкі. Малы стаяў над водным шляхам і глядзеў у блакіт неба. Дзіцё зрабіла крок.
Ён выцягнуў свайго сына. Яна малілася… і пасля ўсё жыццё.
Прайшлі гады. Іх сын стаў такім маладым, якімі былі калісьці яны. І так, як калісьці яго бацькі, сын закахаўся.
Была шчаслівая вясна. Яна смяялася бесклапотным анёлам. Сын глядзеў у вочы каханай, трымаў за руку. За спінамі стаялі іхнія бацькі. Усе яны ўплылі ў неба на новым караблі, бо на небе няма бруду.”

Вось і ўся гісторыя Зоі. У стол. І зараз я не разумею шмат чаго ў ёй, ёсць пытанні. Напрыклад, чаму бацькі не адвезлі малога да спецыяліста нейкага? І чаму… А, не. Пакіну чысціню.

Да мяне дайшло. Я змірыўся з сучаснасцю і лічуся з яе норавам, а Зоя яе не ўспрымае як ісціну.

Дзень дзесяты

Прайшоў тыдзень з нечым. Хутка страчу розум. Хачу выйці.

4 гадзіны раніцы

Прайшла чутка, што “Улада” спыніцца на незапланаванай планеце.

15 гадзін дня

Ізноў ноч. Не засну, бо мне сніцца Лаон. Чаму ён так мяне клапоціць? Глупства ўсё. Гэтыя пытанні, гэтая вандроўка. Я хачу дамоў. Ізноў штосьці рэжа мяне. Ну што я мог там зрабіць? Усе жывыя, але я не знаходжу сабе месца. І ўсё гэты Дэйн на якога я так хацеў быць падобны. І чым ён так упадабаўся Міре?
Падслухаў іх размову. Да, гэта шмат чаго паясняе.
Пішу дыялогам.
Размову пачынае Міра:
- Дэйн. Мяне не было тады побач. Ну, на Лаоне. Прабач.
- За што ты просіш прабачанне і тым болей у мяне?
Ветлівая ўсмешка скрывілася, але яна не ўшла.
- Як ты іх здолей стрымаць? Яны ж усе дурныя. Выстраляць і толькі потым падумаюць, калі наогул падумаюць.
Дэйн маўчаў, але ўсё ж такі адказаў (мне здалося, што голас гучаў стомлена. З чаго бы?):
- Звычка.
- Да. Я заўважыла. Дэйн, ты незвычайны, нават твае вочы.
- Вочы? Мне іх зрабіў адзін вар’ят-лекар. Можна ў начы добра бачыць.
- Значыць, тваё жыццё цалкам з прыгод складаецца, з заўсёдных вандровак.
- Але.
- Цяжкая дарога. Я разумею. Сама з калоніі, ведаю кошт жыцця чалавека.
- Я нарадзіўся на Зямлі.
- Я чытала пра цябе. Ты служыў.
- Першая каланіяльная вайна? Мы ішлі дабраахвотнікамі, верылі яшчэ ў ідэалы, ды жорстка прамахнуліся. На маіх вачах паміралі мае сябры, якія сталі мне братамі. Альянс выкарыстоўваў нашыя палкія сэрцы, каб захапіць новыя землі. Асноўнае паняцце – захапіць. Дзеля таго, каб знішчаць тых, хто абараняўся. Не помню грошы, не помню ўладу, памятаю толькі твары тых, хто паміраў ад нашых рук. Я адчуў сябе наёмнікам Альянса. Пасля бацька… Ты чытала, я разумею. Ён быў адным з іх і не дазваляў мне ўйці з гэтай сістэмы. Мне ставяць у віну яго… забойства. Толькі яны забываюць, што я згубіў свой чалавечы твар на чужых землях… І сталася так, што бацька прыйшоў да мяне, каб адрачыся, бо я не ён. Я стрэліў раней, чым ён паспеў націснуць на курок.
- Я… не ведала.
- Я таксама.

Дзень адзінаццаты

Дакладна, мы спыняемся на планеце, якая наогул не існуе на агульнай карце сусвету. Гэта што, яшчэ адзін Лаон? Я казаў ужо, што ненавіджу імя Кір. Цяпер разумею чаму.
Застаецца толькі слухаць дзень, металічны, беспамылковы ў руху да захаду дзень.

Нашы новыя пасажыры вельмі небяспечныя. Века ўжо палаялася з Шалі. Не ведаю, што стала прычынай. Можа рэўнасць? Шалі вельмі адрозніваецца ад сваёй дачкі.

Не было яшчэ ніводнай ночы, каб я не папярхнуўся ёю з раніцы. Сны сталі цяжэйшымі, болей бяссоннымі чым раней. Не разумею, каменем на шыі каштуюць яны мне.
Так! Хопіць скавытаць. Пайду паслухаю карабель…

Тонкая чырвоная лінія. Пяройдзеш за гэты парог і цябе праглынае чырвоная зеўра. Вось. Я зразумеў, зразумеў Дэйна. Ніякай праўды ў яго няма, бо ён сам цень сучаснасці, крывавая назола ў руках свету. Вось тое праўда. Як і я, я таксама цень, але…
Вось што я пачуў.
Раг пасля сутычкі на Лаоне прапанаваў Дэйну працу. Тое трэба было бачыць. Сустрэліся два звера, ледзь не парвалі паветра. Яны падышлі адзін да аднаго як бы прымяраючыся. Раг загаварыў драпежным голасам, пырскаючы словы як яд у вены. Не на таго напаў.
- Што тое было? Ты мог прывесці да пагібелі астатніх.
- Ведаеш, Раг. Мы з табой падобны.
- І побач не будзем.
- Мне ні холадна ні горача ад жыцця іншых людзей. Я не нясу за іх адказ. Раг, мы самі па сабе.
Дрэнная ўсмешка расцягнулася па твары.
- А ты здагадлівы, мой сябар.
- І побач не будзем.
Дэйн сабраўся ўхадзіць.
- Пачакай. Я так разумею ты вольны па жыцці. Мне патрэбны такія як ты.
- Я падумаю.
“Я падумаю”. Пра што падумаю, ды навошта. Служыць такому як Раг – не лічыць сябе за сябе.
Да.

Усё здаецца, што пішу разумныя думкі. Толькі яны ўжо былі, ёсць у нашых пустых галовах, і будуць, беручы разгон да самай апошняй вайны. А пасля не будуць. Безумоўна. Вайна знясе ўсё. Жыццё здаецца паклёпам, пустазеллем. Такой я, такія мы, крычым з дахаў шматпавярховых дамоў – п’яныя галасы прарываюцца. Вядома, іначай нельга, бо ў нас адбіраюць голас. Перачытваю і разумею, што пішу нейкую абстракцыю. Але ж яно і ёсць у нас такое, жыццё, як куртызантка, якая сыграла з часам у “любоў”. Час збег, кахання няма, але ёсць багаж чорных дней. Хрыплым, іспітым чужакамі, голасам пяе песню дзіцю, яна звесілась над яго чыстым ілбом патаптанымі грудзямі. Пёстрая сукенка ўхутала ногі, толькі ва ўсю прадзімае нагата душы. Сляпцы ідуць і мінаюць, глухія адварочваюцца, вар’яты кідаюць жыццё на бяздонны алтар.
Успамінаю другую маці. Яна знайшла мяне тады і зноў прыйшла, каб выратаваць (сама сябе яна дакладна так не гаварыла). А я зноў сядзеў каля сцяны ў танным атэлі. Рэкламы падглядывалі ў мой пакой праз вялізнае акно. Я прыкрыў шыбу чымсьці тонкім, нязначным – не дапамагала, я нехаця глядзеў у вока колеру вясёлкі. Можа я не столькі думаў, колькі марыў тады, разам з бутэлькай на мятай пасцелі. Далей за атэль маё імкненне збегчы не заходзіла, пакуль не прыйшла яна.
Словы яе былі як лісці дрэў, калі той свавольнік зрываў іх і пускаў караблямі ў паветра. Як жа я сумую па тых астраўках прыроды, якія яшчэ былі ў часы  маёй калоніі, планеты, падобнай да Зямлі.
Помню кожнае слова, нават дым яе вачэй.
- Дрэнна выглядзіш.
Перш чым успамінаць далей, скажу, што збег я ў атэль у дзесяты раз, а можа ў адзінаццаты, і мой стан быў – абыякавасць, аналагічны адказ віду за вакном.
Ітак, я адказаў.
- І што.
- Трэба цябе выцягнуць адсюль.
- Куды?
- Назад.
- Навошта.
- Паглядзі на сябе: няголены, страшны, ва ўласнай блявоце. Збірайся, я табе сказала.
- Кінь мяне. Не выцягнеш.
- Ты што, лічыш, што я вынесла цябе з Лаона, каб бачыць, як ты тут загінаешся?
- Чаго ж не пакінула? Што тут, што там – усё на адзін капыл.
Маці прысела і расказала тое, чаго я не ведаў, чаго не чуў ніхто, не павінен быў, і нават я:
- Я была наёмніцай – адной з тых хто ўмеў зарабляць грошы. Я жыла так, быццам няма Бога. Ты можаш сказаць, што я чалавек веры. Ды не. Я прадукт свайго часу. Я не знаходзіла Бога на сваёй дарозе, таму знайшла веру ў грошы. Кошт такой веры… ты ведаеш сам. Я разумела, што мы нарадзіліся не для шчасця. Гэта думка была адарванай коркай з параненага месца. Сочыцца кроў. Я любіла кроў, да таго часу як знайшла цябе. Ты ляжаў  увесь перапэцканы чырванню беззабаронным камячком сярод мерцвякоў. Я мінала месца бойні і пачула чыёсьці дыханне, дробнае, каб толькі не заўважылі. І што тады атрымліваецца: пакуль не акунешся ў бездань, не ўбачыш пасму святла? Я ўзяла цябе, каб жыць не толькі дзеля сябе.
- Мама!
- Ну вось, упершыню ты так мяне назваў. А я не маю права, бо я былая наёмніца, адна з тых…
Я абняў сваю маці, гэтую моцную стомленую жанчыну, і яна схавала свае слёзы на маёй грудзі.
Прайшлі дні, я сказаў, што ўлятаю. Маці толькі цяжка ўздыхнула.

Дзень дванаццаты

Радаваўся жыццю як шчанюк. Да Лаона. Імкнуўся вярнуць тое ласкавае адчуванне. І вось я тут – пад покрывам цемры.

Прайшла раніца і ўсё бліжэй час да невядомай планеты. Карабель гарыць нашымі эмоцыямі. Вось, што я слухаў.
Міра пайшла да Рага. А Раг, гэтая жывёліна, сказаў ёй “не”. У сэнсе, у Міры бацька каля парога смерці з-за нейкай хваробы. Каб карабель ішоў па раскладу, яна магла бы паспець на развітанне. Раг сказаў толькі адно:
- Ды што ён, не пачакае?
Вольналюбівая Міра баялася яго, але не ў гэты раз:
- Як пачакае? Ты розум страціў?
- Ты разумееш Міра, што гэта планета – наш хлеб, нашы грошы. Вось заробіш і на труну лепшую сродкі будуць. Старык твой пасля дзякуй скажа.
- Раг. Я пайду тады да Кіра.
- Давай. Ляці, мая сяброўка. Ён далёка.
- Нет. Я ведаю, што ён на караблі.
Раг прыціснуў жанчыну да сцяны, каб яна не вырвалася і словамі-камянямі абрываў крылы:
- Ты нічога не ведаеш. Яго тут няма. І мы ляцім на гэту планету. Калі дрэнна запомніла… Паўтарыць яшчэ раз?
Раптам Рага адарвало ад Міры. Гэта быў Дэйн:
- Паўтары мне.
Ізумрудныя вочы з пагрозлівай лёгкасцю разрывалі зачырванелы пагляд свайго ворага.
Раг адскачыў:
- Ну што, ты згодны, Дэйн?
- Я сказаў, падумаю.
Міра стаяла бледнай у сцяны. Дэйн падаў ёй руку.
- Пайшлі адсюль.
- Куды?
- Пайшлі.
Адпаведна я пайшоў за імі, і не дарма. Я думаў, што тут зразумею, што значаць тыя словы пра Кіра.
Дэйн прывёў яе да сябе.
- Даўно ён так?
- Ды не. Только сёння.
- Не давай сябе ў крыўду.
- А як, калі патрэбны грошы. Іншай працы мне не знайсці, а дома сястрычкі.
- І ўсё ж такі табе не месца тут.
- Як і табе.
Штосьці было паміж імі. Я чую такія рэчы, мо таму, што сам ніколі не кахаў, і не скажу, што мне абыякава. Я зайздрошчу. Бываюць моманты, калі ў тысячны свой самапагром выракаюся такіх важных паняццяў. Толькі ўсё роўна я ніколі не кахаў.
- Дэйн. Давай збяжым.
- Бяжаць няма куды.
- Толькі бы з табой.
- Паглядзі. Што ты бачыш у маіх вачах?
- Ізумруд.
- Сапраўдны?
Міра маўчала, апусціўшы галаву. Дэйн адказаў за сябе і за яе:
- Несапраўдны. Гэта адзіная праўда ў маёй знешнасці, бо астатняе толькі хлуслівая абалонка.
- Толькі бы з табой.
- Ды што ты за жанчына такая? Я мёртвы чалавек з вайны. Я перайшоў мяжу і не маю месца сярод цішыні. Яна занадта гучная для мяне.
- А ты не думаў, што разам мы пераможам.
- Перамогі няма, ёсць толькі страты.
- Дэйн.
Я прагна назіраў, як яны цалуюць адзін аднаго. У галаве білася імя Кір.

Вось. Вось і планета. Чорнае неба, чорная зямля, цяжкое паветра хапляе за лёгкія. Мы зараз у пячоры, дзе дыхаецца лягчэй. Дзённік са мной, бо мы тут на некалькі дзён. Усё спакойна, але гэта планета як лінія абрыва, я баюся яе.
Раг сядзіць за нейкімі машынамі, усё вылічвае дзе багацей рэсурсаў. Міра і Дэйн моўчкі пераглядваюцца. Такое ўражанне, што ім не да чаго болей няма справы. Не разумею, няўжо ім не страшна. Века і Рэк – два бязглуздых і бязлітасных забойцы. Века адстрэлівала мясцовых жывёлін за тое, што “Улада” спынілася на гэтай “д’яблавай” зямлі. Хто бы казаў са сваёй помстай. І я сам насам са сваёй адзінотай і з адчуваннем чагосьці дрэннага. Не ведаю, можа я заўсёды адчуваю кепскае…
Раг сказаў, што гэта планета была вынайдзена дваццаць гадоў назад адной медыцынскай кампаніяй (на сёння яна не існуе). На касмічных картах столькігадовай даўнасці планета Экс-т не адзначалася і тады. І ўсё? Чаму гэта непакоіць толькі мяне.

Я вырашыў адзначаць усё ў сваіх думках, бо мы выйшлі ў дарогу, пісаць няма калі. Ёсць такі адзін сродак запісу інфармацыі. Механічнымі лапкамі ён чапляецца ў скуру на скронь. Балюча, але. Гэтая рэч запісвае толькі галоўныя думкі, якія праходзяць у памяць, а не тыя імгненныя. Звесткі захопліваюцца танюсенькім хвосцікам, што дазваляе чапляць жучка на любое месца галавы.
Дык вось, мы пайшлі на першае месца, адзначанае Рагам. Ён стаў нейкім нервовым, ва сне скрыгатаў зубамі і шаптаў імя Кіра.
Што я баюся, што я хвалююся? Што я? Звычайная планета… з небам… а неба і няма. Напэўна я сплю. Крычу Рагу, каб ён прыпыніўся. Цягне нагу, у вачах цемра, горла перахапіла кашчавая рука мёртвага паветра.
Дарогі не бачна. Не разумею, з якой прычыны прыбор для бачання ўначы мае толькі Раг. Нагамі адчуваю як уздыбілася зямля, адскокваю. У вушах злоснае сакатанне.
Нарэшце дацягнуліся да першага прыпынку. Усю дарогу марыў пра карабель, вярнуцца, легчы і забыцца. А тут нават пячоры няма.
Века лаецца з Мірай. Дэйн спакойна цікуе за Рагам. Рэк. Дзе Рэк? Навошта мне яго шукаць? Тракляты Раг, траклятая жывёліна, ненаежная, з чорным нутром як гэта забытая планета.
Я сустрэў Рэка знянацку выбягаючага з-за нейкай сцяны.
- Што ты тут робіш?
- Раг сказаў цябе знайсці.
- Ну пайшлі, брат.
Мяне скрывіла ад яго слоў. Які я брат чалавеку з крывёю на руках. А можа… Я і дагэтуль з біеннем сэрца ў горле ўспамінаю спакуснае жаданне знішчыць Рага.

Ружовая памада. Так, яе вусны цвілі ружамі. Я любіў клікаць яе “мая дзяўчына” у юнацкіх гарачых снах. Мы ішлі разам ва ўстанову адукацыі. Мы хацелі вучыць свет, расплюшчыць яму вочы, уставіць запалкі і з гімнамі дабра і свята на транспарантах ісці ў заўтра. Яе ружы… ружы, ружы, ружовая памада, ружовыя вусны. Яны былі ў кроплях дажджу… зайздросна сачыў, як яна злізвае салодкія кроплі.
“Мая дзяўчына” ніколі не была маей, я нават не кахаў яе, але яна была маёй выдумкай, ружовай марай, светлай плямай на…
У той вечар ізноў мае вочы адпачывалі на ружовых вуснах. Прылеглі бы на канапу. Яны штосьці шапталі начным ветрам за халодным акном. Мая мара рэзка мяне штурхнула і сказала крыўдныя словы:
- Я ухажу. Тут мне няма месца. Усё так выдумана, фальшыва і дробязна. А я хачу свабоды, уздыхнуць на ўвесь свет, каб пачулі загубленую маладосць і адклікнуліся, пайшлі прачынацца…
Яна гаварыла шмат. Што яна даказывала, а галоўнае каму: мне ці сабе?
Мая ружовая мара. Ружа, ружа, вусны руж.
Праз некалькі гадоў мне падала насустрач голую шчаку новая дзяўчына без руж. Дзе яна згубіла іх, але той жа ноччу вусны памерлай з прагавітасцю вампіра пілі мае вусны. Яна стала палітыкам Альянса, а што далей казаць… не ведаю. У тую ноч мая ружовая мара памерла. Дзіўна, але пасля яе слоў пра свабоду, яшчэ тады – у маладосці, я верыў, што яна застанецца, што не зменіць добрае імя на ранг палітыка Альянса. Маладой казала, што гатова пайсці на рыск, на страты за вялікую справу, за дабро. Мая бедная цень. Яно каштавала таго, каштавала страты сваёй душы?

Другі дзень пачаўся адразу з раніцы. Раг стаў болей дзікім чым быў на “Уладзе”. Інстынкт?
Цікава, колькі каштуюць тыя матэрыялы, што мы дастаём з “д’яблавай” зямлі? Мы тут знаходзім шмат нулявога элемента. Відаць, па таму, што матэрыял рэдкі і асабліва каштоўны сярод наёмнікаў, каштуе ня мала.
Я ўжо казаў, што ненавіджу дарогу? Яна заўсёды нагадвае пра смерць. Гэта я зразумеў ужо даўно. Мне давялося не адзін раз мераць нагамі зямную ленту, як ні дзіўна. Але дарога, як час, яна забірае ружы і адбірае нават халодныя абдымкі. І няма слядоў. Як тут… на чорнай зямлі. Ого, вось і сонца планеты Экс-т. Сонца! Моцна сказана. Над галавой вісіць агромністы шар, ад агульнай цемры ён адрэзваецца адной зялёнай лініяй… і то не па ўсяму шару, а толькі кавалкам накшталт зямнога месяца. Вось гэта зеўра!
Я страчваю розум, бо чую звярыныя рыкі, сакатанні. Мне здаецца, што звяр’ё збегла з маіх сноў сюды… А можа, можа я ўсё ж такі сплю, знаходжуся ў нейкім сне як кома.

Добры гэты жучок тым, што дазваляе запісваць асноўныя думкі, а дробязныя выдаляе. Такім чынам, я магу праслухоўваць, пракручваць думкі зноў і зноў, пакідаючы патрэбнае і развітваючыся з непатрэбным.

І зноў мы топчым спарахнелы пясок чорнай зямлі.
Калі толькі ўсё гэта пачалося, лічыў, што я ачуняў ад прывідных валуноў законаў. Да таго ж мяне разумела мая “ружовая мара”. Але прайшлі гады. Аднойчы з раніцы, пад біццё аэракараў за вакном, я адчуў хваробу. Мой ложак меў пах хваробы.
А зараз! А зараз іду некуды пад завыванні чорнага звера. Можа я і вырваўся, а можа акрамя… няма ніякага вызвалення. Толькі будку сваю я пакінуў назаўсёды. У той будцы я глядзеў фільмы-гісторыі. У іх галоўным героем былі людзі накшталт Дэйна. Я заплюшчваў вочы і ўяўляў… сябе такім жа стойкім, смелым, каханым, моцным, неверагодным, востраслоўным, прывабным і, да што там, такіх “і” шмат.
У сваёй будцы аднойчы знайшоў старыя рэчы папярэдніх гаспадароў гэтай кватэры. Можа яны забылі іх, а можа кінулі як непатрэбшчыну. Сярод талерак, відэльцаў, дзесятка фотаздымкаў нейкага мужчыны і іншага барахла я знайшоў карціну*. На адваротнай старане было падпісана вялікімі чырвонымі літарамі “АНКОР, ЯШЧЭ АНКОР!”. Імя аўтара не было падпісана, на вялікі жаль. Такіх людзей добра было б ведаць, бо ў яго творы я адчуў штосьці сапраўднае, што так заенчыла, заскраблося маленькай лапай дзесьці ўсярэдзіне. Як той сабака, што мільённараз прыгаў цераз палку, працягнутую чалавекам. Падгарнуў пад сябе руку, і я не столькі бачыў, колькі чуў лянотны загад: “анкор, яшчэ анкор”. Штосьці знаёмае, штосьці. Яшчэ ва ўстанове адукацыі чытаў кнігу пра цыркавыя канцэрты тых часоў, калі людзі маглі лятаць чамусьці толькі да зямнога Месяца. І мала што змянілася. Я чую толькі адно:
- АНКОР, ЯШЧЭ АНКОР!

Чацвёрты дзень у дым. Чорна-зялёнае вока планеты Экс-т… навошта ты ёсць, навошта гэта чорная зямля, і гэтыя зверы. Дайце мне мой хваробны ложак. Зарос шчаціннем бы збег у атэль.
Стаміўся.
А што навокал?
Не буду гаварыць пра Экс-т. Яна чорная як радзімка на белым целе.
Раг зусім азвярэў. Учора накінуўся на Дэйна, а ноччу выходзіў некуды. Я не адважыўся прасачыць за ім.

Надышла раніца. Раг з намі, ніхто не ведае пра яго начныя блуканні. Што ж… у нас цэлы дзень перад вачамі.
Які мы ўжо тут дзень? Не памятаю. Вачам стала звыкла разглядваць Экс-т пад зялёным рогам яе сонца. І што самае цікавае, дзень і ноч падобны сваёй цемнатой, як блізняты. Не ведаю, можа мне святло прыснілася, можа прыснілася ўсё, а сапраўднае вось яно, чорнае, пераблытанае з павуціннем звярыных галасоў.
Але… Толькі ж… Што ж толькі ж?

Дзень працягваецца і расцягваецца ўсё даўжэй. Не, гэта не самая злосная праўда, жахліва тое, што Рагу падабаецца гэта месца. Калі яму штосьці падабаецца – гэта закон. Здаецца, ён быў бы першым супраціўнікам Кіра і яго штучнага мірка грошай і ўлады. Цікава: хто каго загрыз бы першым?
І ўсё ж такі падняўся бунт.
Века наляцела на Рага, плюнула ў прыгожы твар. Ён схапіў яе за валасы, і перш чым атрымаць па няголенай пысе ад яе палюбоўніка, шпурнуў мегеру на камень. Раптам свет, дакладней, ноч зламалася ад унісона крыкаў людзей і звярэй. Я з цяжкасцю разбіраў дзе чыі галасы. З зямлі падхапіў прыбор Рага для начнога бачання. Зялёныя твары мільгалі ў зялёнай прасторы. Раптам я пачуў крык Міры. Істота… жахлівая істота з самога пекла. Хацеў бы забыцца, бо жывёліна з вялізным шрамам на ўсю морду. Шрам. Ён знаёмы мне… Прачнуўся ў нейкай пячоры вось толькі што. Іду. Блукаю. Побач нікога – я адзін. Адзін сярод смерці. І гэты пах, быццам чорная дыра стала жывой і распранулася перада мною.
Дэйн?
Міра?
Дзе я?
Дэйн?
Міра?... Цішэй. Нехта дыхае.
Я не павінен быць тут, не павінен быць тут… Хто тут? Хто? Дэйн?

Раг. Ён забіў яго. Наёмніка з Лаона. Раг кажа, што гэта была альфістрыя, але гэта наёмнік з Лаона. І шрам. Ха. Яго шрам. Раг кажа, што альфістрыя з Лаона. Там жывуць такія жывёліны. Альфістрыя, альфістрыя, са шрамам, са шрамам…

Ачуняў трохі.
І ўсё такі я блукаю. Блукаю па сну, па цемры. Сярод падзямельнай слепаты нас знайшоў Дэйн. Канешне, бо ён смелы, бо ён герой кінафільма. А я?

Новы дзень, і цела замкнула болем.
Раг, Дэйн і я, мы нарэшце вырваліся з пячоры. Гэта доўгі аповед. Доўгі аповед для майго дзённіка. Вось ачуняю, і напішу, абавязкова напішу, распішу, як на нас кідаліся звяры. Клыкі, рыкі, яды. Што яны робяць тут, жывёлы з розных планет?
Я зноў адчуў ужо звыклы пах крыві. Міра цягнула наёмніцу, а Рэк плёўся ззаду з нейкімі рэчамі.
Раг пайшоў у загады.
- Што тут было? Вы нас кінулі.
Міра не магла болей стрымлівацца.
- На мяне напала альфістрыя. Рэк пераблытаў мяне з Векай і выбавіў з гарачых абдымкаў. Далей. А далей што было, Раг?
- Я апынуўся ў пячоры. Прайшоў палову і ледзь не забіў гэтага смаўжа. Думаў, што чарговы звер. Калі бы не складанасць сітуацыі, забіў бы дакладна. І Дэйн. Навыкі забойцы зараз на першым плане.
- Раг. Я зраблю толькі тое, што патрэбна для аховы Міры.
- Ну што ж. Значыць Міра, будзеш з намі.
Міра спынілася.
- Раг. Мы ідзём да карабля. Думаю, пройдзеная намі сітуацыя дазваляе табе зрабіць верную выснову.
Раг нічога не сказаў. Не сказаў і я.

Той самы дзень. А дакладней, а я не ведаю: дзень-ноч, сонца-дождж, святло-цемра… А, стоп. Дзе мы? Куды крочым. Што за… станцыя? Дык вось яна, станцыя лабараторнай планеты Экс-т.

Сэрца рвало ўспамінамі. Мне лепш, але не так, як трэба. Міра дала мне нейкія лекі. Да, мы зараз у станцыі. Дэйн узламаў камп’ютэры. Сказаць: жудасна. Не той прысмак атрымаюць вушы. Слоў няма. Станцыя. Лабараторная станцыя. Усе тыя жывёлы, і тая лаонаўская альфістрыя – гэта мутанты, вырадкі эксперыментаў вучоных Альянса. Вы бы бачылі Дэйна. На ім не стала твара. Можа ён штосьці ўспомніў… з былых заданняў. Можа ён штосьці ўспомніў?
- Дэйн!
- Што?
- Гэта твой Альянс, гэта твае вырадкі мяняюць чалавечы твар на звярыныя морды.
- Я тут пры чым?
- Дык ты ж і ёсць Альянс.
- Хто-небудзь супакойце ідыёта.
- І ты Раг. І ты маеш віну за гэту планету.
- Я ж кажу, супакойце ідыёта. Хто ж ведаў, што планета з сюрпрызам?
- Дак ты і ведаў. На другі дзень мы пачулі звярыныя стогны.
- Супакойся, родны мой. Чуеш? Не чапайце яго. Ён розум страчвае, не трэба, Раг!
- Страчваю розум? Ад брыдот, ад вашых слоў, ад думак, ад дзеянняў, да ад цемры, якую наэксперыментавалі вось такія, якія лічаць сябе ўладыкамі ўсяго сусвету. І дажылі, ва ўсіх галактыках схавацца няма дзе. І вы гаворыце: страчваю розум. Чуеце? Чуеце крыкі за сцяной? Гэта людзі крычаць у звярыных абалонках…

Я на караблі.
Галава баліць з зацятай злосцю, захапляецца болем.
Успамінаюцца зверы. Ці з маіх сноў, ці так. Міра сказала, што я абвінавачваў вучоных Альянса. Не памятаю…
Альянс, хай ён здохне, задыхнецца сабой жа.

Я ў сваім жа хваробным ложку. Зверы. Людзі-зверы. Не Альянс вінаваты, а самі людзі. Вінаваты я. А Альянс – гэта прадукт вытворчасці людзей, а мы прадукты створанай намі сістэмы, якая сягае каранямі ў далёкае “велічнае” мінулае.

Не ведаю колькі прайшло дзён. “Улада” ідзе ранейшым курсам. Мне кепска. Я зноў аблаяў свой дом.
…І я зразумеў, што мне няма куды вяртацца. Увесь мой набытак – хваробны ложак. Мне няма куды вяртацца. Хай будзе так, але куды я тады бягу?
Я зноў пайшоў слухаць карабель.

Нарыў паглыбляецца.
Госпадзі. Веру, што ты ёсць. Скажы, што гэта не праўда, скажы, што зверы не трапілі з Экс-т на карабель. Сон, цяжарны няволей, працягваецца. Я болей не веру ў рэальнасць. Яна не такая, яна іншая, светлая, не такая, не пачварная. Значыць сон. Прачнуцца, прачнуцца.
Прачнуцца!

Кроў не спыняецца. Горыч у горле застыла камяком. Я адчуваю боль, значыць не сплю.

Я адчуваю сябе ў люстэрку: бачу свой твар, зморшчаны ад жаху, бачу прыгорбленую замерлую постаць, бачу рукі ўтануўшыя ў крыві. Гэта кроў адной жанчыны з каманды “Улады”. І яе загрыз мядзведзь. Тут, на караблі. Мядзведзь? Я бачу сябе ў люстэрку і не магу выйці. Не магу выйці. Кроў. Зноў яе пах казыча нос. Яна пераварочвае мае вены, робіць з мяне штосьці звышнатуральнае, пачварнае, не такое, не чалавечае. Больна. Трэбы падняцца і бегчы далей. Як можна далей.

Яшчэ да Экс-т даведаўся, што Кір на самім караблі, назірае як яму служаць. А сёння… Там няма Кіра – толькі шакал. Вострая тупая морда, доўгія лапы, якія ўнасілі яго прэч ад леапарда. У вачах мільгаў брудна-шэры раскрас пакуль лаючы вой не парваўся ў кіпцюрах рыкання мацнейшага драпежніка… Не… Толькі не…
Здаецца, я губляю свядомасць...

Кожны раз людзі адыходзілі. У n-ы раз я сустракаў іх уход прыветлівай усмешкай. Яны лічаць, што смяюся, бо страціў розум, але яны не думаюць, што гэта боль выціскаецца струменямі яду ў сусвет.
Я зразумеў усё. Міра і Дэйн – яны побач. Гэта добра. Здаецца, што пачалася ігра. Такія патрэбны побач, калі людзі ператвараюцца ў жывёл.
- Дэйн. Што мы будзем рабіць?
- Трэба перабіць пярэваратняў.
  - І далей што, проста забудзем пра ўсё, як кепскі сон? Нам трэба вярнуцца да эксперыментальнай планеты, каб знайсці лекі.
- Міра. Там няма лекаў, толькі раскаянне навукоўцы. Яны згубілі планету за якую неслі адказнасць. Разумееш, яны заглыбіліся ў нейкую чарнату, выцягнулі скрыню Пандоры і адкрылі яе. Якія лекі? Іх звяр’ё стала асноўным…
- Тады нам трэба збіць карабель з курса.
- Ты гэтага хочаш? А як жа твае сёстры?
- Калі гэта зараза абміне тых каго я люблю…
- А я?
- А мы зробім гэта разам. Да апошняй кроплі разам.
Да мяне даходзілі толькі абрывачныя сказы з вуснаў Міры: “Гандлёвы карабель “Улада” меў курс ад станцыі “Эдэм” да станцыі “Лета”*… У нас… тут… няшчасны выпадак… Мы спецыяльна губляем свой курс, каб не прынесці мор да іншых людзей…” Міра гаварыла далей: пра станцыю, планету і іншае, асноўнае. Дэйн тым часам выйшаў, напэўна яму стала кепска.
Мне таксама дрэнна. Яшчэ горш. Дэйн нядаўна ўдарыў мяне, каб я ачуняў і перастаў панікаваць. Кулакі не дапамагаюць, нават кулакі героя.

Леапард – гэта Раг. Раг стаў лепардам. Драпежнік па жыцці стаў драпежнікам у скуры. Сімвалічна… Але я бачыў яшчэ адно не вельмі прыемнае відовішча… Века з’ела свайго палюбоўніка. Спачатку яна ператварылася ў чорнага пацука з чырвонымі пясочнымі часамі на пузе, а пасля з’ела Рэка. Тое я не бачыў, чуў нечалавечы людскі крык, калі бег.
Навошта? Навошта яна так? Навошта яны былі тут? Гэтыя наёмнікі з прагай
помсты. У выніку яны знішчылі адзін аднаго. Я не буду як яны. Не буду. Белая скура мая пакрываецца кароткай поўсцю? Рэжуць дзёсны клыкі? Я не буду як яны. Не буду…

Што мне рабіць? Што рабіць? Супакойся. Чуеш, супакойся. Калі яны паспелі ператварыцца, калі Міра паспела стаць птушкай, а Дэйн – ваўком? У таго ваўка жоўта-ізумрудныя вочы. Цяпер ён мяне загрызе. Не, не мядзведзь, не чорная ўдава, не гіена падбярэ ў нутро сваё маё цела, нават не леапард і не змяя. Гэта будзе воўк-Дэйн. Я не дапамог выратавацца Міры, калі Раг рваў ёй крылы. Ён  знянацку накінуўся на птушку, калі яна хацела ўзляцець. Дэйн прыбег, але было позна. Раг яшчэ жывы, а Дэйн, гэты кінагерой, ператварыўся ў ваўка. Увесь карабель тоне ў скорбным воі.

Я думаю, я думаю. Не разумею, які зараз час. Там… За сцяной гуляе звяр’ё. І мне дрэнна. Я ператвараюся, мабыць. Гэта кепска, гэта не смешна. Як жа балюча… Ногі мяне не слухаюцца. Прыходзіцца падаць на калені.

Цягнуся да Зоі. Успомніў, што яна безабаронная. Ёй не месца сярод гульні ў цемру. Толькі не ёй. Што ж будзе, калі Раг дабярэцца да Зоі? Не думаць, не думаць.
Дапоўз. Душу раскрыжаваў дзіцячы крык…


Відэазапіс № 901
(славесны малюнак)

Карабель стагнаў ад крыві і крыкаў. Ужо немагчыма было патлумачыць, дзе людзі, дзе жывёлы. Апошнія даядалі першых. Першыя яшчэ чапляліся за жыццё.
Нейкі жудасны чалавек у кароткай рудой поўсці і з жучком на скроні ледзь стаяў на задніх лапах сярод цяжкога крыку дзіця. Акрываўленым лычом свіння корпалася ў рэштках дачкі. Таму паўчалавеку да апошніх часоў адмеранага жыцця запомнілася толькі адно:
- Мама, не трэба! Мама, гэта я!
Жахлівае відовішча пранеслася хутка, але змянілася рохканнем і віскатам у жорсткіх лапах леапарда. На прыгожую кошку з азвярэлым рыкам праз клыкі напаў воўк. Апошняя бітва нябачнай вайны двух драпежнікаў.
Цяпер перад ваўком стаяў толькі прыгорблены ўбогі паўчалавек-паўсабака верны невядома чаму. Адрослы хвост тужліва схаваўся паміж задніх лап. Жоўта-ізумрудныя вочы гарэлі нянавісцю і помстай да мізэрнасці сабакі перад ім. Паўчалавека чакала толькі смерць. Можа ён і быў ужо гатовы, каб пазбыцца пакут і сысці некуды за межы карабля “Улада”, але выпадкова выпусціў малюнак рукі памерлай дзяўчынкі. Гэта быў твар на паперы: сіні, дзіцячы, шчыры ў веру пра чалавека. І воўк раптоўна збег.
На падлозе ляжаў скручаны ў боль паўсабака. Замерлыя вочы леглі на твар на паперы.
Паўчалавек яшчэ дыхаў…

Анастасія Капылова
вясна-лета 2013 г.