Утаймафальн ца зла - Глава 2

Элл Хреновская
Глава 2

Я прачнулася ў сваім пакоі. Дакладней, адчула, што дома. Вочы расплюшчыць я не наважылася, таму што чула шэпт бацькі і яшчэ некага. Больш малады і меладычны, які настойліва нешта даказваў бацьку. Я не чула, што іменна. Чула толькі тату. Ён быў злы і не хацеў нават слухаць. Метадам выключэння выявіла, каму належыць другі голас.
– Яшчэ вельмі рана. Яна не гатова. Пасля таго, што здарылася… – пачаў бацька, але яго перабіў другі голас.
– Так, але вы самі бачыце, што адбываецца, – адказаў незнаёмец.
Мне ўжо стала цікава. Пра што яны гавораць? Прыціхлі. Адчулі, што я ўжо ў прытомнасці?
Я не вытрымала і расплюшчыла вочы. Нада мною стаялі бацька і Ён. Дзве пары вачэй. Бацькавы зялёныя, як і ў мяне, і ярка-блакітныя вочы незнаёмца. Такога яркага колеру я яшчэ ніколі не бачыла.
– Як ты, дачушка? – клапатліва спытаў тата.
Я ўпершыню задумалася аб сваім стане. Галава гула, адчувалася слабасць і пакой нясецца ў скокі ад кожнага майго руху. Думаю, жыць буду.
– Нармальна, толькі галава баліць, – прашапатала я.
Пачуўся ціхі смех. Што ён сабе дазваляе? І што ён тут робіць увогуле? У маім пакоі? І пасміхаецца з мяне? Ад нечаканай раз’юшанасці я падскочыла. Хацела паказаць, што са мной усё добра, і гэты напышлівы індык перастане смяяцца нада мною.
Галава адразу адазвалася на такое маё фанабэрства, і я ледзь не звалілася з ложка. Мяне тут жа падхапіў Ён вельмі акуратна пасадзіў мяне. Зноў гэтая паблажлівая ўсмешка. Што яго забаўляе?
– Да чаго я не гатова? – не вытрымала я.
– Ты ляжы, адпачывай, дачушка…
– Да чаго я не гатова? – настойліва паўтарыла я.
– Усё проста. Мы вырашылі, што табе рана ісці ў універсітэт. Ну… пасля стрэсу, – загаварыў замест бацька Ён.
– Так, Раман мае рацыю…
Чаму тата заўсёды запінаецца?
– Тата, усё добра. Галава амаль не баліць. А што здарылася?
– Ты нічога не памятаеш? – запытаўся тата.
Паспрабавала ўспомніць, але нічога не змагла. Только асобныя выявы. Руіны, возера, акно і дождж... А далей нічога не памятаю. Проста не бачу. Толькі нейкія цені…
– Нічога… – адказала я.
¬– Ты пайшла пагуляць да возера. Зайшла ў руіны і паслізнулася. Ударылася галавой. Згубіла прытомнасць. Каб не Раман…
Бацька не вельмі хацеў прызнаваць тое, што Раман мяне знайшоў. Я таксама не вельмі была рада, што цяпер яму вінна. Цікава, адкуль ён ведаў, дзе мяне шукаць? Яго не было на балконе, калі я пайшла.
– Прохар Іванавіч пачаў хвалявацца, што ты доўга не вярталася. Падыйшоў да мяне і папрасіў праверыць, дзе ты. Ты ляжала каля возера. Я прынес цябе дадому і пазваніў твайму бацьку, – расказваў за тату Раман.
Здаецца мне, што гэты… не хапае слоў ужо… ведае штосьці.
– Зразумела. Можна я трохі пабуду адна? І заўтра я пайду ва ўніверсітэт.
Я спапяліла поглядам Рамана. Той зразумеў, што я падазраю яго. Яны пайшлі, але гэты ганарысты юнак паспеў паслаць мне яшчэ адзін паблажлівы погляд.
Я злезла з ложка і падыйшла да акна. Зараз я нічого не памятаю, але пастараюся ўспомніць. Бацька чамусьці не хоча, каб я знала праўду. Добра! Бацька не скажа. Буду развязваць язык для пачатку Раману. А для гэтага мне патрэбна запасціся цярпеннем.
Пастаралася ўспомніць хоць што-небудзь з таго, што хавалася за заслонай цемры ў маёй галаве. Тут жа ў галаве ўспыхнуў вялізны камень. І больш нічога! Марна. Трэба класціся спаць. Раніца мудрэй за вечар. Заўтра мяне чакае цяжкі дзень. Але мне лепш думаць пра сёння. Бо як уяўлю, што мне заўтра прыйдзецца пачынаць ўсё спачатку, – моташна робіцца.
Дзякуй табе, матуля! Хаця не паспела я і ў сталіцы завесці сяброў. Вельмі спадзяюся, што тут нешта зменіцца. Тады будзе добрая падстава, каб загрузіць сябе працай.
Але спаць перахацелася. Нічога дзіўнага. Толькі дзевяць гадзін вечара. Што? Тады колькі я праляжала без прытомнасці? Вельмі цікава. Гэта як трэба было стукнуцца галавой. Не, нешта тут не тое. Калі я прачнулася, мая галава балела так, як баліць ад звычайнага перанапружання. Так бывае, калі многа вучыш на памяць. Я падала галавой уніз. І ведаю, што такое страсенне мозгу. Дзіўна, што бацька хоча, каб я думала так, як яму патрэбна. І не менш дзіўна, што Раман не хоча, каб я думала так, як хоча тата. У гэтых дзвюх заўсёды нейкія спрэчкі. А самая галоўная спрэчка – я! Бачна, што Раман усімі рукамі і нагамі за праўду. А даражэнькі тата хавае яе ад мяне. Нешта падказвае мне: за ўсім гэтым хаваеца сапраўдная прычына нечаканага знікнення маці.
Разважаючы так, я бяздумна малявала простым алоўкам нешта ў штодзённіку. Атрымалася штосьці накшталт часткі мураванай сцяны замка. Дамалявала лясных раслін і сцежку. Рука аўтаматычна пачала маляваць нешта падобнае на возера. Не ведаю, колькі я была ў задуменні, але, пакуль думала, намалявала цэлую карціну. Хвілін пяць глядзела на яе. Дзе я гэта бачыла? Ну, так! Сцежка да руін і да возера! Я там была сёння. А далей? Не памятаю! Як быццам хтосьці мазгі прамыў. З мылам!
Усё! З мяне досыць! Заўтра рана ўставаць. Не хочу думаць нічога аб усім гэтым. Я выключыла святло і залезла пад коўдру. Толькі зараз заўважыла, які вялікі ў мяне ложак. Такія я бачыла толькі ў кіно.
Сон прыйшоў адразу. Я настолькі стамілася, што нават не заўважыла, як заснула. Снілася нешта абы што. Памятаю толькі твар Рамана з паблажлівай усмешкай. Мяне гэта ўжо моцна дастала. Я нават добра яго не ведаю! А мяне ўжо ярыць адно толькі яго імя. А калі ўспомню яго твар…
Мабыць таму і прачнулася я на гадзіну раней, чым празвінеў будзільнік. Намагалася яшчэ паспаць, але сон не ішоў. Я паднялася і паплялася ў ванную. Умылася халоднай вадой і паглядзела ў люстэрка. Адтуль на мяне паглядала пара ярка-зялёных вачэй. Я не пазнавала сябе. Уся раскудлачаная, заспаная. Цёмныя валасы тырчалі ў розныя бакі. Трэба з гэтым нешта рабіць. Я ўмылася яшчэ раз халоднай вадою, пачысціла зубы і прынялася за валасы.
Вось, зусім другая справа. Цяпер нават лепш было відаць іх цёмна-медны колер. Нават вочы ярчэй сталі. Пайшла пашукаць адзенне. Доўга думала, што апрануць, каб не так кідалася ў вочы. Выглянула ў акно: цяжкія свінцовыя хмары так і віселі над дахам. Калі ж ужо будзе сонца? Згаджуся нават на снег. Але толькі не дождж!
Пайшла ў гардэроб. Не ведаю, навошта тата аддаў мне такі вялікі пакой. Мне хапіла б звычайнай шафы. А тут можа паставіць яшчэ адзін невялікі ложак. Як раз такі, які быў у мяне ў сталіцы.
Я спыніла свой выбар на джынсах, цёплым сінім гольфе пад самае горла і чорнай кашулі з кароткім рукавом. Думаю, у самы раз. Што зрабіць з валасамі? Пакіну так. Распушчанымі. Не хочацца нічога выдумляць, бо гэта вельмі доўга.
Цяпер сумка. Усе дакументы тата ўжо аформіў і без мяне. Трэба толькі ў дэканат зайсці. Навошта? Хто яго ведае! Студэнцкі білет і залікоўка ўжо ў мяне. Так, у тубус пакладу апошнія чарцяжы, якія я паспела зрабіць ў ранейшым універсітэце.
Добра, я гатова. Хочацца есці! Гэта нервы. Нехта з вучоных калісьці сказаў, што ежа – вельмі добры антыдэпрэсант. Таму трэба менш нервавацца. Ды дзе там! Сёння я прыдзецца яшчэ больш.
Я спусцілася ў сталовую. Тата ўжо за сталом.
– Добрага ранку, тата! – як мага весялей сказала я.
Хай думае, што ўсё ўчарашняе і сённяшнее я выкінула з галавы.
– Прывітанне, Міра! Бачу, ты адчуваеш сябе лепш. Добра спала?
– Так! Праўда прачнулася я раней нешта. Трохі нервуюся. Новы ўніверсітэт, новы калектыў.
Ну, тут я душой не крывіла. Таму атрымалася вельмі натуральна.
– Добрай раніцы, Міра! – гэта Герда прынесла мой любімы апельсінавы сок і амлет. Памятае яшчэ!
– Прывітанне, Герда. Дзякуй!
Аж слінкі пацяклі, так смачна ўсё пахне.
Добра паеўшы, я выйшла на вуліцу. Вырашыла на арэлях пачакаць бацьку. Дажджу не было. І хмары не такія ўжо чорныя. Свежае паветра канчаткова выветрыла астаткі сну. І страх перад новай групай паціху адступаў. Вернецца яшчэ. Гэта яго ўласцівасць.
Тата выйшаў на ганак, размаўляючы па тэлефоне. Дзелавы чалавек! Што тут зробіш!
Я падыйшла да машыны, закінула тубус і сумку на задняе сядзенне, а сама села спераду.
– Добра, без мяне нічога там не рабіце. Буду праз паўгадзіны і сам разбяруся, – сказаў тата ў трубку і сеў у машыну.
Мы выехалі са двара і пагналі па той жа дарозе, што і ўчора. Любіць тата хутка ездзіць. Я таксама! Захапляе хуткая язда. Чым бліжэй да Буранавіч, тым хутчэй вяртаўся мой страх.
– Нервуешся? – запытаў бацька і ўсміхнуўся.
– Ёсць трохі.
– Не бойся. Усё будзе добра. Я патэлефаную табе ў абед. Скажаш, калі за табой заехаць.
– Добра.
Мы заязджалі ўжо ў горад. Бацька спыніўўся каля бакавых варот факультэтскага корпуса. Я выйшла з машыны, забрала свае рэчы, развіталася з бацькам і пайшла.
Тут было два корпусы. Адзін насупраць другога. Калі я правільна зразумела бацьку, мне патрэбен вось гэты, выцягнуты ў даўжыню, корпус. Побач павінна быць сталоўка. Ага, так яно і ёсць. Я зайшла ўнутр. Было відаць, што будынак толькі пасля рамонту. Прама насупраць гардэроб. Злева і справа ад яго вісіць расклад заняткаў. Далей справа – стол вахцёра. Мне патрэбна ў дэканат.
– Прабачце, а дзе дэканат? – спытала я ў вахцёра.
– Вам вось туды.
Жанчына паказала ў праём справа ад мяне.
– Дзякуй…
Каля дэканата нікога не было, таму я ўвайшла прыёмную. За сталом сядзела сакратарка. Страх скаваў горла. Я адразу нават не змагала нічога сказаць.
– Добры дзень! Я Міра Дзівіна. Мяне нядаўна перавялі сюды…
– А, так-так! Мяне папярэдзілі. Усе патрэбныя дакументы забраў ваш бацька, – адказала сакратарка.
– Я ведаю. Тата сказаў, што мне патрэбна зайсці ў дэканат…
Я нават разгубілася.
– Ён вас не падмануў, – раздаўся голас за маёй спіной. – Я – дэкан факультэта, Агата Мікалаеўна. А вы, калі не памыляюся, Міраслава Дзівіна?
– Так. Не памыляецеся.
Я не магла паверыць, што дэканам будаўнічага факультэта можа быць жанчына. Ды яшчэ такая прыгожая і маладая. Мне яна падабалася. Вельмі.
– Пойдзем ў кабінет.
Яна павярнула ключ і прайшла ў кабінет. Я за ёй. Цікава, што яшчэ мне забылі сказаць.
– Сядай. Вельмі дзіўна, што ты вырашыла перавесціся з вялікага горада, сталіцы, сюды. Не вытрымала сталічнай напругі.
– Я тут нарадзілася. Проста так склаліся сямейныя абставіны… Ды і бацька хоча, каб я была побач…
Толькі не гэта! Я толькі-толькі пачала звыкацца з думкай, што… А тут гэтая са сваімі роспытамі.
– Прабач! Бацька гаварыў, што табе зараз нялёгка. Сама з ўсім разбярэшся?
– Павінна разабрацца.
Я была вельмі рада, што наша размова падыйшла да завяршэння. Ну, вось… Цяпер увесь дзень буду думаць аб маці. Я развітался і хутчэй пайшла прэч. Ад балючых успамінаў.
Падыйшла да раскладу. Так, матэматыка, гісторыя і, нікому не патрэбная (я так лічу), экалогія. Толькі тры пары? Як добра! Улічваючы, што тут заняткі пачынаюцца без пятнаццаці восем, я буду дома недзе ў гадзіну дня. Цікава, ці зможа бацька забраць мяне так рана? Трэба ісці ў аўдыторыю. Сяду там, падумаю! Так, аўдыторыя семдзесят восем. Цікава, дзе гэта?
– Ты новенькая? – пачуўся голас за спіною. Я абярнулася. Перада мною стаяла дзяўчына з журналам ў руках. Відаць, стараста групы. Я прыглядзелася да журнала. Так, яшчэ і маёй. Я пасміхнулася.
– Новенькая. Буду ў вашай групе.
– Я – Слава. Стараста тваёй групы. Ты са сталіцы перавялася? – яна адказала мне на ўсмешку сваёй.
Я ёй падабаюся. Гэта відаць па яе вачах. Хтосьці вельмі мудры сказаў некалі, што вочы – гэта люстэрка душы. Вочы Славы вельмі глубокія. Хоць цёмна-шэрыя вочы такой уласцівасці не маюць. Звычайна яны здаюцца пустымі і абыякавымі.
– Так, адтуль…
Як я магла забыць, што мяне будуць распытваць бесперапынна. Падрыхтавалася б хоць трохі.
Да пачатку першай пары заставалася не так многа часу. За матэматыку падрыхтуюся да ўсяго астатняга.
– Добра… Пойдзем, я табе дапамагу знайсці аўдыторыю.
Якая ж Слава добрая. Не стала лезці з дурнымі роспытамі. Адчула? Тым лепей.
Мы падняліся на трэці паверх і пайшлі па доўгіх калідорах. Вельмі цікава пабудаваны корпус. Калідоры віхлялі ўправа-улева. І згубіцца тут было зусім проста.
– Ужо цэлы семестр вучуся тут, а ніяк не прывыкну да гэтых жахлівых калідораў. Ту раней інтэрнат быў. Потым, калі ўніверсітэт пачаў расшырацца, зрабілі вучэбным корпусам, – дэкламавала Слава.
– Можна пытанне?
Калі ўжо і заводзіць сяброў, то лепш зараз.
– Так.
– Чаму Слава?
– Скарочана ад Яраславы, – чамусьці засаромелася стараста.
– Прыгожае імя … – толькі і дадала я.
Мы ўвайшлі ў кабінет. Ён быў невялікі. Я села за перадапошні стол. Так менш будуць узірацца. Раскрыла штодзённік і зноў паглядзела на свой учарашні малюнак. Чаму я нічога не памятаю? Але! Бацька хоча, каб я забылася на гэта.
Я агледзелася. Студэнтаў трохі прыбавілася. Усе глядзелі на мяне і перашэптваліся. Ну вось! Гэтага і трэба было чакаць.
Празвінеў званок. Як добра! Зайшла выкладчыца, прывіталася.
– Мне сказалі, што ў вас ёсць новая студэнтка. Так, Слава?
Ну вось, пачынаецца!
– Так, Міра Дзівіна, – адказала Слава.
Я паднялася.
– Гэта я.
Усё дваццаць пар вачэй глядзелі на мяне з цікавасцю.
– Рада пазнаёміцца, Міра. Я, Алена Андрэеўна Абуз. Бачыла твае адзнакі па матэматыцы. Яны ўражваюць, – з усмешкай сказала Алена Андрэеўна.
¬– Дзякуй…
Я адчула на сабе завіслівыя погляды.
– Яшчэ адна задзіра і завучка. Нам трэба адразу паставіць яе на месца, – пачула я нечый шэпт.
Я паглядзела туды. Бландзінка з доўгімі валасамі і ўся размаляваная перашэптвалася са сваімі суседзямі. Гэта такая ж, як і яна дзяўчына, а, дакладней, яе бяздарная копія, адна брунетка і два хлопцы. Яны былі вельмі вялікія, і змахвалі на выкідал з кіно. На новых рускіх. Іхнія ахоўнікі, я так разумею. Ну і пашчасціла мне! Яны не здагадваліся, што я іх чула. Трэба будзе падрыхтавацца.
Я села на месца.
Пара была не вельмі цікавай. Спачатку мы размаўлялі пра тое, што будзем вывучаць ў гэтым семестры. Потым пайшла тэма, якую я ўжо вывучала. Алена Андрэеўна дазволіла мне толькі слухаць, або рашаць заданні павышанай складанасці. Я адкрыла штодзённік і зноў бяздумна пачала маляваць.
– Прывітанне! – пачулася над маім вухам.
Ад нечаканасці я падскочыла на месцы. Што ён тут робіць?
– Завальскі, цішэй трохі! – сказала Алена Андрэеўна.
Вось як яго прозвішча. Раман Завальскі.
– Адкуль ты ўзяўся? Цябе ж тут не было, – прашыпела я.
Ён зноў пасміхнуўся самазадаволена. Мяне гэта выводзіць з сябе. Яго вочы сталі больш яркімі. Ці мне здаецца?
– Я тут з самага пачатку. Ты ніколі не заўважаеш нічога. Заўсёды на сваёй хвалі, як і твой бацька.
Ён абыякава паціснуў плячыма.
– Нічога падобнага, – буркнула я.
Раман бязгучна засмяяўся.
Вырашыла парашаць трохі. Але на гэта мне хапіла і дваццаці хвілін. Далей вырашыла дамаляваць свой малюнак у штодзённіку. Я пакруціла яго і так, і гэтак. І толькі праз хвіліну здагадалася, што намалявала тое акно, каля якаго я стаяла ўчора. І зноў намалявала возера. Толькі яно было неспакойнае. Бурліла, як шалёнае. У памяці ўспыхнула нешта, і я ўбачыла нейкую цень каля сябе. І зноў адчула нейкі жывёльны страх. І больш нічога. Зноў усё цёмна. Я цяжка задыхала. Грудзі сціснула так, што закружылася галава, а пакой паплыў. Зноў адчула тую слабасць, што і ўчора.
– Табе дрэнна? – спытаў ціха Раман. У яго голасе не было насмешкі і звыклай самаўпэўненасці.
¬– Усё добра… – прашаптала я.
Нарэшце празвінеў званок. Я выйшла ў калідор і хутка закрочыла куды вочы глядзяць. Цяпер я зразумела, што не ўсё так проста. Выйшла на вуліцу, каб падыхаць свежым паветрам.
Мама, куды ты пайшла? Што за таямніцу ты ад мяне прыхавала? І што ведае бацька?
Надвор’е зноў псавалася. Хмары цямнелі. І мой розум цямнеў разам з імі. Будзе дождж. І не просто дождж, а лівень. Я гэта адчуваю.
– Застудзішся.
– Раман! Калі ты ад мяне адстанеш?
Нічога… Што ты тут робіш? Хачу ведаць усё.
– Вучуся разам з табою, як і ўсе, – спакойна адказаў ён.
Мне здалося, што гэты выраз ён адрэпетыраваў дома перад люстэркам.
– Не, я мела на ўвазе другое, – не адставала я.
– Пераехаў да твайго бацькі, таму што мой памёр.
Раманаў твар стаў каменны.
– Прабач, я не…
Мне стала сорамна. Хацелася пашкадаваць яго. Але я не ведала як.
– Нічога. Ты не ведала. Бацька не вельмі хоча, каб я з табою меў нейкія зносіны.
– Чаму?
– Вельмі многа пытанняў.
Раман вельмі сумна пасміхнуўся.
– І ты скажаш, што мне вельмі рана ведаць праўду.
Але я хачу ведаць праўду. Магу дакладна сказаць: гэтая праўда тычыцца і маёй маці. Так?
Я не адстану ад яго. Бацька не хоча мне гаварыць, тады скажаш ён.
– Пойдзем на заняткі, – спокойна адказаў Раман.
Нічога! Я ад яго не адчаплюся. Глянула на неба. Хмары пачарнелі яшчэ больш. Лівень! Хай ідзе! Цяпер мяне ўжо нічога не здзіўляе.
Наступная пара – гісторыя. Тэма была не вельмі складаная. Тым больш, я па ей рыхтавала рэферат. Таму нават лекцыю не запісвала. Дапамагло мне і тое, што гісторыя і экалогія – паточныя лекцыі. Змагу пазбавіцца ўсеагульнай увагі і недарэчных роспытаў.
Раман сядзеў пабач і таксама нічога не пісаў. Я агледзела сваю групу. Бладзінка са своёй камандай нешта абмяркоўвалі. Рыхтуюць, напэўна, план для маёй светласці? Няхай! Гэта не так важна, як тое, што здарылася каля возера. Цень! Што гэта была за цень?
– Калі ты выкінеш з галавы гэтую дурніцу? – прашаптаў мне на вуха Раман.
– Тады, калі ўспомню ўсё. Або калі ты і бацька, нарэшце, адважыцеся расказаць, – адказала я, не падымаючы вачэй. – Што яны там так жыва абмяркоўваюць?
– Жанна і яе падданыя? Ім не падабаецца, што ты сядзіш побач са мной.
– У іх на цябе свае планы, – здагадалася я.
– Так. Але яна добра ведае, што нічога ў яе не атрымаецца. Таму і стараецца выкінуць усю злосць на цябе.
Яму падабаецца, што дзеўкі б’юцца за яго?
– Я тут пры чым? Я і працівіцца не буду. Хай робяць з табою, што хочуць.
Мяне бярэ злосць. І ў першую чаргу на Рамана.
– А я ў чым вінаваты, што ты на мяне злуешся?
– Не хочаш гаварыць мне праўду пра здарэнне на возеры. Бачна, што з бацькам ты не вельмі згодзен, – прашаптала я злосна, паглядаючы на Рамана.
Няўжо Жанна не бачыць, што Раман для мяне, як костка ў горле. І што мне ён не патрэбен.
– Шкада, што ты так лічыш.
Ён зноў бязгучна пасмяяўся.
– Жанна зараз адчувае тое ж самае, што ты адчуваеш да мяне.
– Як гэта? – не зразумела я.
– Пачуцці вельмі рознымі бываюць, Міра. Чым яны мацнейшыя, тым лягчэй іх ўлавіць. Ты адчуваець зараз вельмі многа, таму цяжка сказаць, што іменна для цябе зараз галоўнае: злосць або цікаўнасць. А з Жаннаю ўсё зразумела. У яе банальная зайздрасць.
Раман развёў рукамі.
– Ты так добра разбіраешся ў людзях? – як мага абыякавей спытала я.
– Не, я добра разбіраюся ў іх пачуццях. Таму ведаю. Твае з усіх – самыя складаныя, – сур’ёзна адказаў Раман.
Артыст ён! Што ён ведае?
– Як гэта ты ведаеш? Ты іх… проста адчуваеш?
– Так, усё да аднаго.
Ён смяецца нада мною? Тут усе з’ехалі з глузду. І я разам з імі.
– Вось, ты хочаш ведаць праўду, але не верыш мне, – неяк раздражнёна сказаў Раман.
Мне стала нават сорамна.
– Калі я не памыляюся, гэта называюць эмпатыяй, – сказала я.
– Так. Гэта мае сілы, – кіўнуў Раман.
– З іх дапамогай ты знайшоў мяне, – здагадалася я.
– Але не твой страх прывёў мяне да цябе…
– А што?
– Твая цікаўнасць. Ніколі не адчуваў нічога падобнага.
Зноў паблажлівая ўсмешка. Я першы раз сутыкаюся з такім, а ён смяецца з мяне.
– Я ўжо гэта адчуваў. Так што не трэба больш.
Як можна сябраваць з тым, хто адчувае ўсё, што адчуваеш ты. Цікава, як ён будзе перажываць маю штомесячную хваробу? Вось я тады пасмяюся.
Экалогія прайшла непрыкметна. Я нават не заўважыла, як хутка. І нават весела. Выкладчык быў даволі вясёлы і рухавы. Не нудны. І я магла трохі падумаць пра свае праблемы.
Трэба было яшчэ пазваніць бацьку. Я выйшла на вуліцу і села на лаўцы. Хмары па-ранейшаму чорныя. Але дажджу ячшэ не было.
– А вось гэта ўсё ты.
Зноў ён, а я думала, што адстала ад яго.
– Як ты мяне знайшоў? – спытала я, не паварочваючы галавы.
– Твае пачуцці, як маяк для мяне. Таму…
Я паглядзела на Завальскага. Колькі перавагі ў яго словах. А яшчэ абыякавасці да ўсяго. Асабліва да маіх слоў і пытанняў.
– Пайшлі.
Чаго гэта ён раскамадаваўся?
– Куды?
– Дадому. Я адвязу цябе. Бацька твой зараз вельмі заняты.
І што ён сабе думае? Я не малая дзяўчынка. Але выбару ў мяне няма. Прыйдзецца. Мы ехалі моўчкі каля дзесяці хвілін. Тут я ўспомніла яго словы.
– Што ты меў на ўвазе, калі гаварыў, што гэта ўсё я? – спытала я.
– Надвор’е псуецца праз цябе.
Коратка і ясна адказаў ён.
– А дакладней? Не вельмі разумею, як праз мяне можа псавацца надвор’е?
Я так і спытала.
– Гэтак жа сама, як і я адчуваю пачуцці людзей, – спакойна адказаў Раман.
– І як жа мне спыніцца…
Я нават не ведала, што і як растлумачыць.
– Пакуль не навучышся кантраляваць свае пачуцці.
– Я не разумею…
Мы пад’ехалі да дому. Я паднялася ў пакой і бухнулася на ложак. Усяго тры пары, а я знясіленая, быццам цэлы дзень мяхі насіла.
Пачуцці… Думкі… Здагадкі… Яны выцягваюць мае сілы.
Цікава, што адчувае Раман. Тое ж самае? Калі гэта праўда яшчэ! Можа зноў прайсціся? У вёску, не да замка.
Я хутка апранулася і перабежкамі падалася да дзвярэй. Дажджу яшчэ не было, але хмары чорныя. Настрой у мяне самы звычайны. Не думаю, што я неяк уплываю на надвор’е. Выйшла на двор і агледзелася. Нікога і нідзе. Як добра! Ніхто не заўважыць, куды я пайшла. А пакуль Раман сцяміць, то я ўжо вярнуся дадому. Павінна ўсё ўспомніць. Няўжо тата не ведае, што я вельмі ўпартая. І гэтая якасць мне дасталася ад яго.
Да руін я пайду, калі прайдуся па вёсцы. Калі Завальскі сапраўды эмпат, то мой спакойны настрой трохі саб’е яго. Можа пабачу каго знаёмага.
Я выйшла праз галоўныя вароты і накіравалася ў бок вёскі. Вуліца, на якой я жыву, невялікая. Але за тры гады маёй адсутнасці дамоў тут стала больш. І не абыякіх! Многія бізнесмены аблюбавалі гэтыя мясціны. Ціхія, спакойныя, нават прывіды свае ёсць. А іх любяць усё багатыя скептыкі. Так сказаць, пахваліцца: “Я вось побач з прывідамі жыву”. Так пра нячыстую лепш не думаць, бо мяне адразу цікавасць бярэ. А як сказаў таварыш эмпат: па ёй самой мяне легка знайсці. Не патрэбна мне зараз яго кампанія.
Я абыйшла мясцовы магазін, завярнула ў невялічкі парк. Тут, наколькі я памятаю, заўсёды гуляла моладзь. А за ім якраз і возера. Толькі трошкі далей ад хаты. З другога боку. Я пайшла па галоўнай алеі да канца парку.
– Дэвушка, а дэвушка! Ві куда? – пачуўся голас.
Я азірнулася і заўважыла двух хлапцоў. Зразумела! Ужо з самага ранку налізаліся і вырашылі папрыставаць. Ладна! Я цалкам спакойная. І іх ні капелькі не баюся. Я паскорыла крок. Галоўнае, зайсці да возера і руін, а там і да дому падаць рукою. У руіны толькі я не баюся хадзіць. Або яны настолькі напіліся, што і месных прывідаў не баяцца? Гэта ж трэба пасярод белага дня напіцца і пужаць людзей. Але мне было не вельмі страшна. Хутчэй, як гаворыць Раман, цікава. Як далёка яны змогуць зайсці?
– І куды ты так спяшаешся? Нас пачакай.
Нешта не адстаюць. Добра, што іх толькі двое. Я ўжо схавалася ў гушчары лесу. І нават заўважыла руіны. Яны і стануць маім выратавальным кругам. Паспешна азірнулася – адсталі. Парачку крокаў, і яны не знойдуць мяне пасярод руін. Я забегла за паўночную сцену. Там было акно, якое даходзіла амаль да самай падлогі. Падцягнулася і заскочыла ўнутр. Некалькі крокаў улева, і мне бачна сцежка.
– І куды яна дзелася? – пачуўся ўзбуджаны голас. Мяркуючы па тэмбру, гэта той, высокі і накачаны хлопец.
– Можа пойдзем адсюль. Нядобрыя тут мясціны.
Другі, відаць з мясцовых, раз баіцца. Так-так! Я страшны прывід!
Б-о-о-о-йцеся мяне! Ха-ха!
– Не гавары глупства. Усё гэта старыя, дурныя забабоны! Пайшлі, знойдзем яе і павесялімся.
Ой! Трэба ісці ўглыб замку. Я ціха саступіла з месца і вельмі ціха, стараючыся не рабіць шмат шуму, пайшла далей. Калі прайсці праз тое, што раней можна было назваць бальнай залай, то я якраз выйду праз галоўны ўваход. А там на сцежку – і дадому. Ішла, раз-пораз аглядваючыся назад.
Я выйшла ўжо на вуліцу і апошні раз азірнулася. Хацела пераканацца, што іх нідзе няма. І тут я ўрэзалася ў нешта. Павольна павярнулася. Яны! Абыйшлі, відаць, з другога боку. Трэба нешта прыдумаць.
– І куды такая прыгажуня хацела дзецца ад нас, – сказаў той, што вялікі.
– Мы вельмі разчараваліся, калі ты пабегла. Мы табе не падабаемся? – сказаў той, што ніжэй ростам.
Раптам вялік імкліва кінуўся да мяне і схапіў мяне.
Страху не было. Была толькі злосць і лютасць. Мала таго, што яны напіліся і робяць ўсялякія брыдоты, дык яшчэ і да дзяўчат прыстаюць. Трэба нешта прыдумаць! Думай, Міра, думай! І тут я пачала адчуваць, што нейкая сіла расце ўнутры мяне. І яна проста неймаверна вялікая. Гэта лютасць набірае сілу.
Я тузанулася. Хацела прыслабіць хватку. Але вялікі трымаў мяне вельмі моцна.
– Што такое? Не падабаецца?
Колькі нахабства.
– Што мне павінна падабацца? Твая п’яная пыса?
Разумаю, што груба, але ён мяне прыводзіць у шаленства. Я зірнула на неба. Прама над намі хмары пачалі чарнець і згушчацца. “Гэта твае пачуцці мяняюць надвор’е”, – пранясліся ў памяці словы Завальскага. Зараз маімі пачуццямі былі толькі лютасць і злосць.
– Ты думай, што гаварыш, малая! – гаркнуў той, што ніжэйшы.
Як ён мяне назваў? Малая?
– Як ты сказаў?
Цяпер я не ведала, што адбываецца. Сіла разлілася па ўсім целе. Я адчувала, што станаўлюся мацнейшай за іх. Адчувала, што маланка зараз жа ўдарыць побач з намі. Мне патрэбна толькі падумаць аб гэтым.
– Малая. Табе не падабаецца? – спытаў той, што трымаў мяне за рукі.
– Зараз пакажу.
Загрымеў гром, і, бліснуўшы некалькі разой, маланка ўдарыла сапраўды паміж хлопцамі, нават не асмаліўшы іх. Затое страшэнна напалохала і заставіла вярзілу расціснуць рукі.
– Што гэта было? – у адзін голас запыталіся яны.
Мне гэта падабалася. Я адчувала небывалую моц. Лютасць была па ўсім целе. І я таксама адчула, што я ўжо не я.
– Я гаварыла, што мне не падабаецца.
Я падумала пра вецер. Ён узняўся так нечакана і закруціў слупы вады і снегу.
– Я гаварыў, што тут месцы нядобрыя. Пайшлі адсюль, – перакрыкваючы вецер сказаў той, што ніжэй ростам.
Здавалася, што я назіраю за ўсім збоку. А тое, што адбываецца, гэта…
– Я дапамагу вам.
Я не пазнавала свайго голасу. Сканцэнтравалася і ўявіла, як гэтыя двое адрываюцца ад зямлі. Я ўзняла рукі. Хлопцы ўзняліся таксама. Адначасова з гэтым некалькі разоў ударыла маланка ў зямлю. Электрычныя разрады ляталі паўсюль. Але нічога не палілі. Яны канцэнтраваліся вакол мяне. Я махнула рукамі. Хуліганы ўпалі на зямлю, затым ускочылі і з крыкамі панясліся назад у вёску. Мне стала смешна. І я зноў не пазнавала сябе. Трэба ўтаймаваць гэтую завіруху. Я заплюшчыла вочы і супакоілася. Хмары разышліся. Нават неба стала відаць.
Я ўпала на зямлю знясіленая. Толькі б не праваліцца ў цемру! Я не хачу ўсё забыць зноў!
– Міра!
– Што адбываецца? Што я нарабіла?
Я зноў стала сабою. Але ўсё навокал круцілася. Раман падняў мяне.
– Можна не пытацца, як ты мяне знайшоў?
Непатрэбнае пытанне. Але нічога больш разумнага мне ў голаву не прыходзіла.
– Так. Можаш не пытацца.
Завальскі ўзяў мяне на рукі.
– Я і сама магу, – абурылася я.
Але яму, што кол на галаве чашы.
– Гэта ўсё я зрабіла?
– Так. І бацьку твайму гэта не вельмі спадабаецца.
– Затое вы абодва мне ўсё раскажаце.
Я зноў згубіла прытомнасць.