Свинячыя выбрыки

Аляксандр Богдан
“СВІНЯЧЫЯ ВЫБРЫКІ”
Пьеса ў дзвух дзеях











                ДЗЕЮЧЫЯ АСОБЫ:

                Людзі -
                Гаспадар
                Гаспадыня


                Свінні -
                Лупаты
                Рабы
                Чырык
                Машка
                Глашка

ПРАЛОГ


                (На сцэне цёмна. Мільгацяць толькі нейкія цені. Чуваць моцны свінячы візг і галасы людзей)

ПЕРШЫ ГОЛАС. (крычыць) – Хапай яго, Грышка, за нагу!.. За нагу, кажу! І валі на бок.
   ДРУГІ ГОЛАС. Як яго тут ухопіш?.. Ён жа прэнткі – выварочваецца, дзядзька Міхаль! Гэта ж не парсюк. Гэта ж парсючышча!
ПЕРШЫ ГОЛАС. Выварочваецца! А рукі ў цябе скуль растуць?!. Саўка, дапамажы яму!
ТРЭЦЦІ ГОЛАС. Я… я баюся крыві!.. Дзядзька Міхаль.
ПЕРШЫ ГОЛАС. Крыві баішся? А мяса жэрці не баішся?!. Дапамагай, кажу! Дзе мой нож? З гэтага ўсё пачынаецца – з крыві!..
               
                (Свінячы візг паступова сціхае)

                ***





























ПЕРШАЯ  ДЗЕЯ


(Вясковы свінячы хлеў. Пасярод сцэны стаiць карыта. Ляжаць два парсюкi - Лупаты і Рабы. Яны спяць, хрукаюць у сне.)


ЛУПАТЫ. (прачнуўшыся) - Чуеш, Рабы? Чаму нам гэта есцi не нясуць? Га?
      РАБЫ. (схоплiваецца) Што?.. Дзе? Нясуць есцi?..
ЛУПАТЫ. Ды не, ёлупень. Кажу, чаму гэта не нясуць? Ужо, здаецца, даўно пара б…
      РАБЫ. Зусiм людзi пазвярэлi – жывелiн голадам мораць.
ЛУПАТЫ. Задумваюць нешта, мабыць… Яны ж людзi i ўмеюць думаць у адрозненнi ад нас – свiнячых рылаў, якiм бы толькi пажраць i больш нiчога не трэба. Анiякiх табе думак, хваляванняў – ляжыш і толькi хвастом матляеш. I чакаеш сваёй чаргi… каб зарэзалi. Ох, свiнячае, ты свiнячае жыцце – без лiшняга хрукання.
РАБЫ. Слухай, Лупаты, не наганяй чорных думак… песiмiст.
ЛУПАТЫ. А ты што, аптымiст? (усмiхаецца) А гэта гучыць! – Свiння, якая марыць дажыць да глыбокай старасцi, памерцi сваёй смерцю і быць пахаванай па-людзкi! (крыўляе) – Супакой, Госпадзi, бязгрэшрую душу раба Божага, парсюка Рабога! Няхай зямля яму саломай будзе – амiнь. А ўсе плачуць! А наша гаспадыня валасы на сабе рве, галосячы i прычытаючы: ох, Рабенькi ж мой! Кармiлец наш! На каго ж ты мяне пакiнуў? Сiрацiнкай – на каго?! Ах, свiнячае твае рыльца-а-а-а-а-а!!! 
    РАБЫ. Гы-гы-гы… Я ад такой пяшчоты, сапраўды, мабыць з магiлы ўстаў-бы i даў сябе зарэзаць. (сур’ёзна) – Хоць я i свiння, але нутро ў мяне мiласэрднае.
ЛУПАТЫ. Гледзячы на твае рыла, гэтага не скажаш…
      РАБЫ. А на твае?
ЛУПАТЫ. Не кранай маю свiнячую годнасць, бо раззлуюся. А ў гневе я страшэнны i злосны нiбы лясны дзiкун, без лiшняга хрукання… (памаўчаўшы) – О, Божа, як жраць хочацца! (да Рабога) – Вось каб ты здох, то я цябе, мусiць, і з’еўбы – без лiшняга хрукання.
      РАБЫ. Я цябе жывога зараз з’ем.
ЛУПАТЫ. Рабы!.. Я бачу ты вельмi многа задзiраешся. Я, як нiяк, старэйшы крыху i патрабую паважаць маю сiвiзну (жмякнуўся ў салому).
      РАБЫ. Гы-гы… Якая выкачана ў гноi.
ЛУПАТЫ. (уздыхнуўшы, да Рабога) – А – свiння.
      РАБЫ. (памаўчаўшы) – А жэрцi сапраўды вельмi хочацца.
ЛУПАТЫ. (знянацку ўстае на ногi. Трывожна.) – Слухай, Рабы… Як да мяне адразу не дайшло – гэта ж кагосцi з нас сягоння рэзаць будуць!
      РАБЫ. (спалохана) Ты што?! Скуль ты ўзяў?..
ЛУПАТЫ. Ты, зелень. Гэта ж заўседы так было, перад тым як рэзаць – не кормяць!
               
                (Нейкi час глядзяць адзiн на другога)
 
      РАБЫ. Не… Не! Гэтага не можа быць. Я хачу жыць! Я яшчэ малады парсючок!..
ЛУПАТЫ. (нюхае паветра) Во, i бензiнам смярдзiць… Лямпы запраўляюць, каб смалiць!
      РАБЫ. (захвалявана нюхае) – Я нiчога не чую?!. Ты брэшаш!.. Брэшаш!
ЛУПАТЫ. Маўчы! Я больш цябе ведаю. Без лiшняга хрукання, можна сказаць, што да вечара сцягно аднаго з нас будзе вiсець у кладоўцы гаспадынi.
РАБЫ. (крычыць) – Брэшаш! А калi… А калi i так, дык цябе першага заб’юць! Бо ты старэйшы i тлусцейшы!
ЛУПАТЫ. Магчыма! Я не адмаўляюсь ад такой думкi… Але мне здаецца, Рабенькi, усё будзе iнакш. Я прыкiдваю так: ты, канешне, прабач, але калi б яны ўздумалi мяне рэзаць, дык зрабiлi б гэта раней, бо тады я быў сачнейшы i больш мясны. А зараз я тлуставаты – сальны, значыць. Без лiшняга хрукання з гэтага можна зрабiць выснову: яны збiраюцца здаць мяне на базу жыўцом! Для вагi! За грошы!.. Таму i росцяць гэтак доўга. I яшчэ будуць гадаваць, бо я здольны набраць яшчэ кiлаграмчыкаў з пятнаццаць. Людзi не дурныя. А там… калi павязуць на базу, глядзiш, па дарозе можа i збягу… без лiшняга хрукання.  Галоўны вынiк напрошваецца сам – ахвярай,  хутчэй за ўсе, будеш ты, Рабенечкi. Ты ў нас мясны. У самым, можна сказаць, саку…
      РАБЫ. Ах ты, падла старое! (кiдаецца на Лупатага)
               
                (Бадзяюцца. Лупаты адштурхоўвае Рабога, той падае.)

ЛУПАТЫ.(цяжка дыхае) Без лiшняга хрукання!.. Усялякi гнойны жук на дзеда-парсюка прыгае! Я такiх як ты ўжо ўдваiх перажыў… i цябе перажыву. Свiнскi неданосак!

                (Рабы ўсхлiпнуў).

ЛУПАТЫ. (крыху супакоiўшыся, прымiральна) Можа яшчэ нiчога i не здарылася. Можа гаспадыня проста недзе затрымалася.
 - Во, нехта iдзе!..

                (Рабы знепрытомнеў ад страху).

ЛУПАТЫ. (радасна) Вядро звiнiць! Есцi нясуць! Ха-ха, ёлупень!



* * *

 (Уваходзiць з вядром ГАСПАДЫНЯ. Парсюкi з вiзгам i хруканнем падбягаюць да яе. Назаляюць, лезуць у вядро, перашкаджаюць Гаспадынi вылiць мешань з вядра ў карыта. Яна адганяе iх.)

ГАСПАДЫНЯ. Айца-айца! Ату-ату! Ат табе, ат табе! Айца-айца! На-на! Па мордзе рабой. Вылiць не даюць, каб вас чэрцi! А вось на! На!..

                (Нарэшце Гаспадыня вылiвае мешань у карыта.  Парсюкi з прагнасцю, належачай толькi свiнням, накiдваюцца на ежу. Хрукаюць, бадзяюцца, адштурхоўваюць адзiн аднаго, павiзгваюць i г.д. Гаспадыня з замілаваннем глядзіць на парсюкоў. )

ГАСПАДЫНЯ. Ешце, хрунікі мае, ешце… (раптам успомніўшы) – Ой, зусім забылася… Музыку! Клясічную! Зараз-зараз, родненькія…

                (Гаспадыня ўключае стары касетнік, што стаіць над дзвярмі. Гучыць класічны музычны твор. Парсюкі ядзяць яшчэ актыўней, як бы ловячы рытм паветранай музыкі)

ГАСПАДЫНЯ. Ешце, салодзенькія, ешце. Усё па навуцы… Каб лепш тлусцелі.

                (Гаспадыня зноў з замілаваннем глядзіць на іх. Нагібаецца, гладзіць па спінках, кранае жывоцікі, бакі, сцягенцы – высвятляе тлустасць… Затым выходзіць.)

                (Парсюкі ядуць. Калі ўсё з’елі, аблізваюць карыта. Лупаты першы адыходзіць)

ЛУПАТЫ. (задаволена адыходзячы ад карыта) – Вось, значыцца ўсё нармальна. Не надыйшоў яшчэ час… (да Рабога) А як ты дрыжаў, Рабы – гы-гы-гы…
      РАБЫ. (пакрыўджана) Не хачу з табой размаўляць. Твае думкi злосныя i наводзяць смутак на нутро. Ты паводзiш сябе са мной па-свiнску.
ЛУПАТЫ. Па-свiнску – хi-хi-хi… (iкнуў). Без лiшняга хрукання – смачная была мешань, наварыстая, з аб’едкамі, бульбачкай i буракамi. (iкнуў) – Не пашкодзiла б яшчэ столькi…  (пацягваецца) – Зараз бы ў лужыну жмякнуцца! Лыч аб зямлю пачасаць, заднiцу сонейку паказаць. Ох, была б асалода! (глядзiць у маленькае акенца) – Сонейка-сонейка, паглядзi на мяне. Пагладзь мяне па лупатай мордзе. Паказычы мой лычык.
      РАБЫ. (цiха) Каб ты ўжо здох… Пачвара.
ЛУПАТЫ. (раптам узбуджана) – Чакай!.. Рабы, ты не прыкмецiў, што сягоння нам улiлi менш чым заўсёды?!. Значыць… Адсюль? Да вечара сапраўды можа быць бойня. А зараз пакармiлi каб не надта былi капрызныя, цi… капрызны (паказвае на Рабога) на бойнi – без лiшняга хрукання.
       РАБЫ. Зноў ты, iрад!.. Замаўчы, не мусоль душу!
ЛУПАТЫ. Хм. Ты ж хочаш, каб я здох… А я табе проста па-фiласоўску адказваю, што ўсе там будзем - без лiшняга хрукання i ўсялякiх там выкрутасаў. Шах! – i пiскнуць не паспееш як ужо на тым свеце.  (Уздыхнуўшы) – Як добра людзям! Жывуць як хочуць, робяць што хочуць. Хочаш?..- у лужыне паваляйся! Хочаш – еш, хочаш – не еш… Хочаш каму глотку перегрызцi? – калiласка… грызi.
        РАБЫ. Альбо ён табе…
ЛУПАТЫ.  (глянуў на Рабога) - Альбо ты яму… Не, сапраўды, цiкава! (з цiкавасцю) – А ўсе ж-такi… Усё ж-такi, Рабы, яны нечым падобныя на нас. Я шмат думаў над гэтым, разважаў i прыйшоў да высновы, што ў людзей ёсць штосцi свiнячае… (разважальна) – Цi, наадварот – у нас штосцi людскае?.. Га? Як ты лiчыш, Рабы?
        РАБЫ. Ну, калi так… дык гэта нам робiць гонар.
ЛУПАТЫ. (загарэўшыся, з тэмпераментам) – Вось уявi, што я чалавек! (паказвае, крыўляе) – Прыходжу з працы ў хлеў… Ой, цi гэта – у кватэру. Мяне сустракае малодзенькая, сiмпатычная, лапавухая, ваню…пахучая свiнка… Ой, цi гэта – жонка! А я падыходжу да яе блiжэй… блiжэй i…пачынаю…пяшчотна-пяшчотна так…
        РАБЫ. Гы-гы. Ну-ну?..
ЛУПАТЫ. …дубасiць, дубасiць, дубасiць! Ат табе, ат табе! Не хадзi да другiх парсюкоў!..цi гэта – мужыкоў! – лапанька…
      РАБЫ. Гы-гы-гы. А лапанька табе ў адказ: па лычу! па лычу! I качаргой у хлеў загонiць! Гы-гы…
ЛУПАТЫ. Не загонiць! Не на таго напала. Як хрукну моцна!.. Ой,.. як крыкну моцна – шыбы павылятаюць i дах абвалiцца!!! Без лiшняга хрукання.
      РАБЫ. Ага. I ўся вёска збярэцца свежанiну есцi. Гы-гы…
ЛУПАТЫ. Хамло. Не перашкаджай марыць. Марыць – гэта мае хробi! Цi гэта – хобi, во! Марыць!.. А яшчэ? Яшчэ я танцаваў бы… I спяваў бы!.. Вось гэтак, зусiм па-чалавечы.

                (Ен пачынае цiха спяваць i павольна танцаваць, зажмурыўшы вочы)

ЛУПАТЫ. (да Рабога) – Дапамагай!

                (Рабы яго падхоплiвае. Разам спяваюць.)

ЛУПАТЫ. (ветлiва да Рабога) – Дазвольце Вас запрасiць на танец?
      РАБЫ. Дазваляю.

                (Танцуюць нязграбна, актыўна, смешна. Вырабляюць каленцы, прычым, складаныя)

ЛУПАТЫ. (танцуючы) Так вось танцуеш, танцуеш, а ўсе на цябе дзiвяцца, любуюцца табой, зайздросцяць!..
      РАБЫ. (танцуючы) I мешанi шмат!
ЛУПАТЫ. А Яна такая прыгожая, такая пахучанькая…
      РАБЫ. Мешань?
ЛУПАТЫ. Не-а, дзяу-чы-на-а-а.
      РАБЫ. Ага. I кормiць!
ЛУПАТЫ. I шкадуе…
      РАБЫ. I зноў корміць.
ЛУПАТЫ. I пяшчоцiць…
      РАБЫ. А пасля яшчэ раз корміць!..

* * *

                (Музыку раптам перакрываюць галасы за сцяной. Гаспадыня сварыцца з Гаспадаром)

ГАСПАДЫНЯ. (прычытае) – А зноў ты напiлося! Зноў пьянае прывалаклося! Ах, свiнячае рыла. Я цалюткi дзень рук не складаю, а ён толькi душу маю атручвае – аблыдзень! Iрад! Ох-ох-ох. Гора, мне гора-а-а! I ў каго я такая несчаслiвая?! Усе людзi як людзi, а яно… Гэтае пьянае, недарэчнае-е-е… i г.д.

                (Гаспадар спрабуе агрызацца, нешта крычыць, смяецца. Слоў не разабраць.)

* * *

                (Свiннi спыняюць танец, прыслухоўваюцца)

ЛУПАТЫ.(Да Рабога) – Чуеш галасы? Хi-хi – сварацца. Гаспадар з Гаспадыняю сварацца! Мне iх сварка заўсёды ласкае слых. Здаецца, слухаў бы i слухаў бы!.. Толькi лыч высунуў бы…
      РАБЫ. Навошта, лыч?
ЛУПАТЫ. Ну, каб далi нешта, мабыць. Давай паслухаем! Гэтым самым мы яшчэ больш наблiзiмся да людзей, без лiшняга хрукання, Рабы.
      РАБЫ. Гы-гы, давай…

                (Падбягаюць да дзвярэй, прыслухоўваюцца. Цiха рагочуць.)

                (За дзвярыма чуваць вазню)

       РАБЫ. (спуджана) Ой, да дзвярэй нехта iдзе!
ЛУПАТЫ. Хутчэй за ўсё – паўзе…
* * *
                (Адчыняюцца дзверы. Вiдаць толькi адну руку, пасля другую, затым усоўваецца галава ГАСПАДАРА. Ён пьяны – амаль на каленях. Свiннi пужаюцца i забiваюцца ў кут.)

ГАСПАДАР. Ну што, кiрпатыя абжоры?! У-у!!! (раптам вельмi ласкава) – Харошыя-харошыя… Ну, iдзеце сюды. Зараз я вам нешта дам. Хi-хi… Дам нештачка. (рыскае ў кiшэнi i дастае хлебны сухар) – Ну? Ну? Хто першы?... Якi смачны сухарык! М-м-м… Ась-ась-ась… Хадзiце, не бойцеся – ась-ась…

                (Рабы першы падбягае каб ухапiць сухар. Гаспадар б’е яго па  лычу. Рабы з вiзгам адскоквае ў кут.)

ГАСПАДАР. На! Жэрла! Ха-ха-хю…Што, з’еў? Ха-ха-хi…

                (Гаспадар падыходзiць да карыта, азіраецца на дзверы, знаходзiць ля сцяны схованку i дастае адтуль бутэльку. Робiць некалькi глыткоў i беражлiва хавае бутэльку назад)

ГАСПАДАР. – Тут нiколi не знойдзе. (у бок дзвярэй) – Сколецца, а не знойдзе, хi-хi… рыбанька. (да парсюкоў) – Ну чаго вылупiлiся? Дрыжыце? Правiльна! Бо я тут галоўны! Не яна (паказвае на дзверы), а я! Вы павiнны гэта разумець. Дрыжаць i паважаць! Не, спачатку паважаць, а пасля ўжо дрыжаць. А можна ўсё адразу…(дастае зноў сухар) – Але наце ўжо, чэрцi аблезлыя!.. (кiдае сухар) – Сала хадзячае! Хi-хi…


                (Рабы i Лупаты вошкаюцца, б,юцца за сухар)


ГАСПАДАР. Цьфу, свiннi!

                (Гаспадар выходзiць)

* * *

ЛУПАТЫ.  ( жуючы сухар) Свiнская ў яго хватка! Я адчуваў сябе на сёмым небе, калi ён размаўляў з намi.
      РАБЫ. Ага, сапраўды яднанасць душ. (незадаволена) – Хiтры, сам не пабег да яго, а я па лычу атрымаў… Буйвал брудны.
ЛУПАТЫ. (даеўшы) – Не абраджай мяне. Можа я i сапраўды брудны, але не буйвал, а кабан – Парсюк Кабанавіч Лупаты! З усiмi званнямi i тытуламi – хi-хi.
      РАБЫ. Не. Ты проста – свi-н-н-я.
ЛУПАТЫ. (смяецца) – Ад свiннi i чую.
      РАБЫ. Не. Ты самая агiдная свiння з усiх свiней свету.
ЛУПАТЫ. Слухай сюды. Я хачу зрабiць табе паведамленне. Па-першае: у людзей есць, сярод многiх людскiх, адна даволi свiнская прымаўка – «здрадзь блiжняму свайму, бо ён здрадзiць табе…»    Па-другое: мяне ўвесь час мучыць нейкае прадчуванне, прадчуванне бяды. Мяне ў вушах стаiць твой прадсмяротны вiзг!.. Прабач, канешне, за шчырасць, без лiшняга хрукання.
      РАБЫ. (узлавана) – Я табе глотку зараз саломай заткну!
ЛУПАТЫ. Не, я не магу жыць у адным хляве разам з такiм хамлом. Не, сапраўды, лепей ужо пад нож – цьфу-цьфу-цьфу – чым выслохоўваць такiя абразы! Я магу сам табе гэнае горла…   лепш iншага нажа… (пра сябе) – Ой, што гэта я ўсё пра нож. (памякчэўшы) – Добра, я дарую табе тваю недалiкатнасць. Давай лепей зараз паспiм. А вось i дажывем да вечара…

                (лажыцца на салому)

ЛУПАТЫ. Эх, малачка б папiць… Помню, як быў маленькi, як я любiў прысмактацца да матчыных грудзей i пiць, пiць цёплае, салодкае малачко! Як я радаваўся жыццю. Марыў стаць вялiкiм кабаном-асiлкам…
      РАБЫ. Ага, «свiнтус-грандыёзус»…
ЛУПАТЫ. (як не чуе) …Хацеў дапамагаць слабейшым – выратоўваць iх ад усялякiх там напасцяў… А яшчэ я марыў iграць у цырку! Весялiць людзей… Каб яны глядзелi на мяне не як на кавалак сцягна, а як на артыста. Без лiшняга хрукання…
      РАБЫ. Ведаеш, я таксама ўспомніў прымаўку: «свiнячым рылам у…
ЛУПАТЫ. Замаўчы. Не перешкаджай маiм светлым успамiнам. (да Рабога) – А вось ты, Рабы, кiм марыў быць у маленстве?
      РАБЫ. Лётчыкам-выпрабавальнiкам.
ЛУПАТЫ. Гэта добра, што не дырэктарам мясакамбiната.

                (Лупаты ўстае, падыходзiць да дзвярэй, слухае. Затым са смуткам аглядае сцены, глядзіць уверх…  Уздыхае. Падыходзiць да Рабога)

ЛУПАТЫ. (дэкламуе) – Мой мiлы таварыш, мой лётчык,
                Вазьмi ты з сабою мяне…
                (меркавальна) – Не, лепш не бяры, Рабы… Лепей каго-небудзь забраць, чым цябе хтосцi. Так хочацца пажыць яшчэ. Пабачыць гэты хлеў, так сэрцу мiлы…I, наадварот, так хочацца паляцець адсюль!
      РАБЫ. Што ты вярзеш?  Каго забраць, куды паляцець?..
ЛУПАТЫ. Ну як – куды. На той свет. Я ж табе ўжо казаў – у мяне прадчуванне наконт цябе.
      РАБЫ. А я зараз капытам i ў лыч. Цярпенне лопаецца!
ЛУПАТЫ. I калi ж яно лопне? Рабы, я хачу палюбавацца на гэты выбух!
      РАБЫ. Лупаты!
ЛУПАТЫ. Добра-добра-добра! Я проста… хацеў расцерабiць цябе. Спi лепш. Храпi. I няхай табе прыснiцца тлустая свiння-самка.
      РАБЫ. А табе – гаспадар.
ЛУПАТЫ. Здекуешся?
      РАБЫ. Не, мару.
ЛУПАТЫ. Здзекуйся-здзекуйся. Да нечага даздзекуешся. I наогул, нейкi я сягоння занадта ўжо добры, без лiшняга хрукання. Амаль i не лупцаваў цябе як след. К чаму б гэта? Га, Рабы?
      РАБЫ. Лупаты, дай паспаць. Памаўчы, калiласка. Я цябе як парсюк парсюка прашу.
ЛУПАТЫ. А ты, без лiшняга хрукання, заслугоўваеш добрага дзёру з майго боку.
      РАБЫ. (цiха) Божа мiласлiвы.
ЛУПАТЫ. Няўжо ў табе зусiм няма прагi да нечага больш высокага, чым карыта i мешань?
      РАБЫ. Ёсць! Калi мешань звярхом у карыце…
ЛУПАТЫ. Няўжо табе не хочацца адчуць што-небудзь, знайсцi, дастаць з сваёй душы?..

      РАБЫ.  Ты сам каго хочаш дастанеш. Дай паспаць?!
ЛУПАТЫ. Свiння, адным словам…

                (Некаторы час маўчаць, затым Лупаты ўзнiмаецца, аглядаецца)

ЛУПАТЫ. Хi-хi, ведаеш, Рабы, а мне гэтай ноччу прыснiўся дзiўны сон. Быццам да нас у хлеў укiнулi самачку-Машку, з курчавым хвосцiкам. Хi-хi, i як у цябе нiчога не атрымалася.
      РАБЫ. Чаму толькi ў мяне? Ты ж таксама – кастрыраваны.
ЛУПАТЫ. Не кранай балючае. Эх, людзi-людзi… (ажывiўся) – Рабы, табе знаёма такое слова – каханне?
      РАБЫ. Хрукаеш абы што… Гы-гы… каханне.
ЛУПАТЫ. Хочаш, адкрыю табе адзiн мой вялiкi сакрэт?
      РАБЫ. Лепей не трэба.
ЛУПАТЫ. Да ты паслухай. Ты ведаеш, чым я займаюся амаль кожную ноч?
      РАБЫ. А чым ты можаш займацца?
ЛУПАТЫ. Я – слухаю. Глядзi! (устае) Не хацеў табе гаварыць, але нейкая хваля дабрынi навярнула… Дык вось, калі ўсе гукі дня заціхаюць і на неба выплывае гарэзлівы месячык са жменькамі зорачак,я цiхенька, без лiшняга хрукання, каб цябе не разбудзiць, мой любы брацiк, падыходжу вот сюды – у гэты куток… (падыходзiць) i слухаю! (Прытыкае вуха да сцяны) – Тут за сцяной – плот, а за плотам, праз нейкiх усяго дваццаць свiнячых крокаў – суседскi хлеў. А там!.. Iдзi паслухай. Хутчэй! (Рабы зацiкаўлена падыходзiць) – Жывуць дзве самачкi!..
      РАБЫ. (недаверлiва) – Брэшаш…
ЛУПАТЫ. Без лiшняга хрукання.

                (Рабы прытыкае вуха да сцяны)

ЛУПАТЫ. Я iм нават iмёны даў – Машка i Глашка.
      РАБЫ. Гы-гы… Добра, што не Саўка i Грышка!
ЛУПАТЫ. Машка мне сягоння i снiлася. Во, чуеш?.. Хi-хi…
      РАБЫ. Гы-гы, ага…
ЛУПАТЫ. Вошкаюцца, валтузяцца нешта. Чуеш?..
      РАБЫ. Папiскваюць так прывабна…
ЛУПАТЫ. (прыслухоўваецца) – Во, гэта Машка паднялася, ходзiць, нешта шукае. Галодненькая, мабыць. Естачкi хоча…
      РАБЫ. Ага, лычык пачэсвае.
ЛУПАТЫ. Мне здаецца, я чую iх пах! Што яны тут, разам з намi1
      РАБЫ. I мне.
ЛУПАТЫ. Што яны вось-вось, можна да iх дакрануцца…пагладзіць. Можна… можна разам лічыць зоркі… Качацца ў саломе!... Бегаць, верыць, любіць…(раптам трасе галавой) – Добра, хопiць!.. А то сапраўды згублю прытомнасць.  (Раптам  з горыччу) – Пракляты хлеў! Праклятае карыта! Гной! Мухi! – Ненавiджу!.. Ненавiджу! (да Рабога) – I цябе таксама ненавiджу! Разумееш? – Ненавiджу! (падбягае да Рабога) – Я б усе аддаў, каб толькi цябе сёння зарэзалi!!!    - Як усе абрыдла…За што?.. Разламаць бы гэты хлеў! Ваўком буду яго грызцi!!! 
 
Вырвуся… На волю… Без лiшняга хрукання! Вырвуся…               


(б,е кулакамi па сцяне, пасля супакойваецца i спаўзае на падлогу. Цiха плача.)


ЛУПАТЫ. …Усе па-свiнску…
      РАБЫ. (спужаны) Супакойся, шалены…
ЛУПАТЫ. Усе па-свiнску… Марыць. Так-так – марыць. Трэба марыць!.. Зараз я пачну марыць. Я люблю марыць. Мая сiла ў марах. (спакойна) – Зараз я памару… I набяруся сiл. Зараз. О, як я любiў марыць у дзяцiнстве! Якiя гэта былi Мары!.. Аб нечым далекiм, светлым… там, наперадзе! Марыў-марыў… марыў.  …А далей? Што было далей? (цiха) – Далей усё было па-свiнску… Свiння, яна i ёсць свiння… без лiшняга хрукання.
      РАБЫ. Што праўда, тое праўда.

* * *

                (Раптам чуваць нейкiя гукi. Адчыняюцца дзверы. Уваходзiць ГАСПАДАР з вяроўкай.)

ГАСПАДАР. Харошыя-харошыя… Настала чарга.

                (Гаспадар глядзiць на парсюкоў, яны на яго. Ён робiць пятлю i… накiдвае на нагу Лупатаму)

ГАСПАДАР. Прыйшла ўжо i твая пара. Годзе аджырацца. Год мінуў. Бач ты, раз’еўся!..

                (Ён цягне Лупатага за дзверы. Той маўчыць… Цi, наадварот, крычыць – амаль па-чалавечы…)

           РАБЫ. (адзiн, вельмi перапалоханы, узбуджаны) – А гаварыў, што мяне! (крычыць) Што мяне, гаварыў, гы-гы! Вось табе! Вось табе! Вось-вось-вось!!! Без лiшняга хрукання…

                (Паступова схiляе галаву долу…)





               

























ДРУГАЯ ДЗЕЯ

     (Познi вечар. Той жа хлеў, тое ж карыта. За дзвярамі чуваць шум дажджу. Рабы адзiн. Прыклаўшы вуха да сцяны, ён слухае «Машку» з «Глашкай».)

  РАБЫ. Цьфу, дождж пракляты! (стукае рукой па сцяне) – Нiчога не ўчуеш – нi Машкi нi Глашкi… I жэрцi не нясуць! Зусiм пазвярэлi. (садзiцца, прытульваецца да сцяны) – Эх, Лупаты, Лупаты. Ты даўно ўжо правараны, пражараны…

             (Цiха, са смуткам спявае)

                Все подружки по парам
                В тишине разбрелися…

 - Пажраць бы чаго – эх, бо не засну. (падпаўзае да карыта, трасе галавой) – I мухi назаляюць. Во, якая зялёная! Зараз я цябе… капытцам. (стукае па карыце) – Уцякла – прэнткая. Нiчога, я цябе зараз!.. Зараз, гадаўку, накрыю! (ловiць муху) – Ага, вось! Папалася! (разглядае муху. Падносiць да вуха – слухае.) – Гудзiш?.. На волю хочаш? I крылы ў цябе, i шпаркасць…  Але, прабач, я есцi хачу!.. (Адным махам укiдвае муху ў рот. Чамкае.) – Смачная. Вось каб такiх мух з мiльён, дык і нажраўся б. (Лажыцца i зноў устае. Не знаходзiць сабе месца) – Падаслаць не могуць! Са смерцi Лупатага так i не насцiлалi… Эх, Лупаты. А усёш-такi тваё прадчуванне нiчога было не варт. Усё наадварот атрымалася. Мая ўзяла…(гнеўна) – Калi гэты дождж скончыцца?! Вось каб падрыцца пад гэты хлеў.  Вырвацца! Бегчы, ламаць усе!.. Некалi i Лупаты пра гэта марыў. Але куды бегчы? Тут хоць кормяць, пояць… Праўда, зрэдку i рэжуць, каб iм самiм павыразалi…(задушэўна) – Эх, Лупаценькi-Лупаценькi – смярдзюк ты ванючы. (спявае):

                Все подружки по парам…

             (Раптам з вулiцы чуваць вазню i голас Гаспадара…)

* * *

( Адчыняюцца дзверы. Увальваецца пьяны Гаспадар. Рабы са страху забiваецца ў кут.)

ГАСПАДАР. Ха-ха… (да Рабога) – Што? Дрыжыш?! (моцна) – А ну, смiр-н-н-а! Я – прыйшоў! Хi-хi… Ды не бойся – вольна. Я пажартаваў. Я не па тваю душу. (ласкава) – Харошы-харошы… Я за нечым другiм… За лякарствам сардэчным. За дабавачкай. – Так, дзе яно?.. (шукае бутэльку) – А, вось… (дастае з схованкi бутэльку, адкуркоўвае яе, робiць глыток. Садзiцца на карыта. Маўчыць, пасля цiха гаворыць) – Няма жыцця на свеце, няма… (звяртаецца да Рабога) – Згодзен? Дзеля чаго я жыву?.. Га?!. (Рабы спужана дзёргаецца), (Гаспадар ласкава) – Харошы-харошы… Ну-ну, не нярвуйся. Прабач за сябрука твайго. Такое жыццё… Памянем! (робiць некалькi глыткоў) – Сардэчны быў кабан i… смачны. Ну-ну, будеш жыць… пакуль. Гэта я табе кажу – твой Гаспадар! Твой цар i Бог! А клiчуць мяне Мiхаль Панасавiч. Запомнi – Мiхаль Панасавiч! Для цябе, проста – дзядзька Мiхаль. Яго вялiкасць. Паўтары! А, ты не можаш… Ну i пярун з табой – дрыжы. (робiць некалькi глыткоў) – Ды не цяпiся ты так. Я ж паабяцаў… На, вось, сухарык паспытай, на…(дастае з кiшэнi сухар, палову жуе сам, палову кiдае Рабому. Той са смакам з’ядае) – Ты вось – парсюк, я – мужык, гаспадар твой, а яна… (глядзiць па бакам) – Гаспадыня твая, ведаеш хто?.. Памiж намi, кабанамi, яна… (шэптам) – сука! Вось дзе яна зараз? Як ты лiчыш, - дзе?!. А я ведаю. Там яна… У яго. У кабяля свайго. Рр-р…(заскрыпеў зубамi) – А я вазьму сякеру!.. Не, сягоння ўжо,не… позна. А заўтра!.. Абавязкова вазьму i… абодзьвух! У шчэнт. Спачатку яе! Пасля кабяля. (засумняваўся) - Цi, наадварот… (моцна) – Ты мне верыш?! Канешне, верыш. Ты ж ведаеш, я магу. (выпiвае яшчэ. Раптам заплакаў) – Якi я адзiнокi. Нiкога-нiкога…(глядзiць на Рабога) – На яшчэ сухарык… (плача i працягвае сухарык Рабому) – Хадзi, я цябе паглажу! (зманьвае сухарыкам) – Хадзi-хадзi, не бойся – харошы-харошы. (Рабы нясмела наблiжаецца, бярэ сухарык, асмялеўшы есць), (Гаспадар гладзiць яго па спiне) – Харошы-харошы… (ложыць галаву на спiну Рабому) – Ты таксама адзiнокi… сынок. ( з пяшчотай) – А можа я цябе яшчэ i выпушчу. Вазьму i выпушчу… (гладзiць Рабога) – Я i без мяса пражыву. Стану гэтым… Як яго?.. Вегітагі… вегі…та-гары… ды гары яно гарам! Цьфу! Не вымавіць… Траваядным, карацей, во! Хочаш?  Будеш вольны кабан – сам сабе Гаспадар! Хочаш?.. (раптам Гаспадар змаўкае. Галава яго ляжыць на спiне Рабога – рукой ен гладзiць Рабога. Тут рука спыняецца… мацае бакi) – О, а ты, я бачу, акруглiўся ўжо трохi!.. Пачакай-пачакай… (Гаспадар зацiкаўлена паднiмае галаву, дастае з кiшэнi рулетку i дзелавiта пачынае абмяраць Рабога – даўжыню, шырыню, акружнасцi…) – О, расцеш, хлопец! Гэтак мовiць, ты ўжо свiння з вялiкай лiтары!.. Харошы-харошы… (Гаспадар дастае з кiшэнi невялiкi мялок  i хутка малюе на Рабым палоскi – адмярае будучыя порцыi) – Так, вось гэты кавалачак пойдзе Марыльцы… лекарцы. (малюе мелам на бакавiне) – Гэнае сцягенца – Нiчыпару-суседу…за тры літры. (прыглядаецца) – Не… за пяць. Вантробы – цешчы!.. Хай падавiцца. Разам з ёй, з жонкай!.. Усё ёй мала! У-у-урр. (зноў заскрыгатаў зубамi) – Вось дзе яна?! (зноў пье з  бутэлькi) – Згуба мая. (да Рабога) – Але ж я яе… кахаю. (зноў заплакаў) – Усе-роўна, кахаю… рыбаньку подлую. Не, не магу! (раптам адкiдвае бутэльку, устае, нязграбна, але рашуча рушыць да дзвярэй) – Я зараз усё вырашу! Раз i назаўсёды!.. (Рабы падбягае да яго, трэцца аб нагу каб зноў атрымаць сухарык. Гаспадар адпiхвае яго нагой.) – Пайшоў прэч! Свiння! Мяне нiхто не спынiць.

                (Гаспадар выходзiць. Моцна хлопаюць дзверы.)
* * *

                (Рабы застаецца адзiн)

   РАБЫ. Што гэта на свеце робiцца?.. Размаўляў… як з роўным. А пасля?.. пачвара дзвюногая. (садзiцца на салому) – Што мне твае пяшчоты i… два сухарыка!.. Дзе мешань?

                (За дзвярыма чуваць шум дажджу. Рабы дрыжыць ад холаду.Зноў спявае…)

Все подружки по парам…

   РАБЫ. (моцна) – Ну завошта мне такая кара?! (з горыччу) I жэрцi не нясуць, i здзекуюцца… i дождж iдзе, i холадна, i голадна, i маркотна. Самi пьюць, жруць, што хочаш робяць, а я як апошняя свiння ў гразi валяюся. А на волi?.. (задуменна) – А што на волi? (глядзiць на дзверы) – Холадна там… Не кормяць. Мухi вунь i тыя не вылятаюць! Добра iм. Лётаюць сабе. Нiхто iх не рэжа. Эх, каб мне крылы! Паляцеў бы… (кiмарыць, пазяхае. Скрозь сон…)


                Мой мілы таварыш, мой лётчык…(засынае)

                (Знекуль даносiцца голас ЛУПАТАГА, якi працягвае…)

                …Вазьмі ты з сабою мяне!

* * *

                (Сон Рабога. Уваходзiць Лупаты. Правiльней – яго душа.)

ЛУПАТЫ. (усмiхаючыся) – Гэй, Свiння з вялiкай лiтары, - прывiтанне!
      РАБЫ. Ой, што гэта?! Лупаты?!. Скуль ты? Цябе ж зарэзалi?
ЛУПАТЫ. Так, Рабенькi, зарэзалi. Я цяпер толькi – дух. Вось прыйшоў… засумаваўся, без лiшняга хрукання.
      РАБЫ. Што сёння творыцца ў хляве! Спачатку адзiн прывiд… прыпоўз. Зараз другi… прыляцеў. Вечар добрых сустрэч. Плыў бы ты адсюль, Лупаты. У мяне нервы не жалезныя, ты ведаеш – свiнскiя, надарваныя. Згiнь лепей. Па-сяброўску…
ЛУПАТЫ. Эх, Рабенькi-Рабенькi, ты як быў дурнем, так i застаўся – мешанню не кармi. Ты ж сам мяне клiкаў!
      РАБЫ. Я? Цябе?!.
ЛУПАТЫ. Так. Успамiнаў увесь час. Я разумею… Сумна табе, нутро ные… Ад самоты выць хочацца, на сцяну паўзцi хочацца.  Брр-р. Цi не так, брацiк? Хi-хi…
      РАБЫ. Ты i жывы мёртвага дастаў бы. Але каб мёртвы…
ЛУПАТЫ. Хi-хi… Ты памыляешся. Я хачу каб ты нешта зразумеў. (заклапочана, сур’ёзна) – Мне таксама трэба нешта вырашыць. Нешта вельмi-вельмi важнае. Чаму ўсе так, а не iнакш? У чым сэнс?..
 У чым Памылка? Ці не памылка?.. Чаму жыццё нас ператварае…
      РАБЫ. (перабiвае) – Слухай, прывiд. Ператварыся ў мешань! I нiчога не трэба будзе вырашаць. Бо я есцi хачу! Я заўседы хачу есцi – кожную гадзiну, кожную хвiлiну! I гэта для мяне галоўнае, iншага для мяне не iснуе! А ты такое вярзеш, што… нават разгарачонная самка не прыдумае. Во! I яшчэ я хачу самкi! Гладкай, тлустай, бруднай ,– як я. Есцi – самкi, самкi – i зноў есцi!
ЛУПАТЫ. (усмiхаецца) – Ну, наконт самкi… Ты проста – рамантык. Але… Няўжо ты не адчуваеш, што навокал робiцца, цi не хочаш адчуць?..
      РАБЫ. Не-а. Я ўсяго толькi Свiння!.. з вялiкай лiтары. Без лiшняга хрукання!
ЛУПАТЫ. О, мяне цытуюць! Добра, ты прабач… Я проста вымушаны прыйсцi да крайняй меры.
      РАБЫ. (цiха) – Людцы – ратуйце…
ЛУПАТЫ. I ўсёш-такi ты пабачыш, ты адчуеш, ты дапаможаш мне зразумець... Я магу цябе часова ператварыць у такую ж душу як я сам.
      РАБЫ. Не-а!!! Толькi не гэта!
ЛУПАТЫ. У цябе нiбы вырастуць крылы…
      РАБЫ. Не-а!!! Я – свiн-н-ня!..
ЛУПАТЫ. …Мы ўзнiмемся, паляцiм з табой над гэтым светам! Туды – да зорак! I ты пабачыш, ты адчуеш!..
      РАБЫ. Я баюся вышынi – мяне ўкалыхвае! Не хачу я нiкуды ляцець! Не хачу-у-у…  Што гэта звiнiць?.. Вядро звiнiць!

                (Рабы прачынаецца. Лупаты знiкае.)

      РАБЫ. (падняўшы галаву ад саломы) – Ой, вядро звiнiць! Нехта крычыць?.. Есцi нясуць?..Што гэта? Што мне снiлася?.. Глупства, глупства ўсё гэта. Мне здалося… Здалося… Ой, і праўда нехта крычыць!

* * *

                (З-за дзвярэй чуваць хуткiя крокi i голас ГАСПАДЫНI)

ГАСПАДЫНЯ. (крычыць) – Ратуйце, людзечкi! Звар’яцеў!..

                (чуваць пьяны голас ГАСПАДАРА)

   ГАСПАДАР. Засяку!

                (Адчыняюцца дзверы, у хлеў ускоквае спужаная Гаспадыня з пустым вядром. Яна хуценька зачыняе за сабой дзверы i закладае засоў)

ГАСПАДЫНЯ. ( у шчылiну ) – Грыб засушаны! Вар’ят! А людзячкi мае! Заб’е, заб’е мяне гэны звер!
    ГАСПАДАР. (з-за дзвярэй) – Засяку, засяку як курыцу! (дзёргае дзверы) – Адчынi!.. Адчынi, сука!
ГАСПАДЫНЯ. Сука-сука. А цябе нават і кабялём назваць нельга! Нiкчэмнасць!
    ГАСПАДАР. Што?!.
ГАСПАДЫНЯ. Атрута хадзячая! Алкаголiк. Гарачнiк белы! Я на яго раблю,  нiбы прыслужнiца якая, а ён толькi прапiвае! Каб ты ўжо нажраўся на векi вечныя! Каб табе не падняцца!
    ГАСПАДАР. Засяку!
ГАСПАДЫНЯ. Сячы-сячы! Мне лягчэй будзе. Я гатова жыццё аддаць, каб толькi не бачыць твайго ненавiснага рыла. Сячы, гад! Гарачнiк! Вар’ят!

                (Раптам за дзвярыма становiцца цiха)

ГАСПАДЫНЯ. (трывожна) – Эй, пудзiла, ты ўжо здох там, цi што?.. (цiшыня) – Аблыдзень?.. (цiшыня) – Ой, можа задумаў што?.. (спрабуе адчынiць дзверы, тыя не паддаюцца);(спуджана) -Яшчэ возьме ды падпалiць! Эй, iрад, чуеш ты, цi не?!. (цiшыня) –
Мiхаль!.. Мiхалiк, - дзе ты? Адзавiся. Выпусцi! Людзячкi… Ратуйце! Жыўцом палiць!!!
    ГАСПАДАР.(спакойна, з-за дзвярэй)- Ганна, Ганначка, чаму ўсё так? Чаму мы так жывем? Што ты зрабiла са мною?.. Ганначка! Навошта?..
ГАСПАДЫНЯ. Фу… Ах, гэта я, значыць, зрабiла з iм, а не ён са мною!
    ГАСПАДАР. Ганначка!
ГАСПАДЫНЯ. Выпусцi мяне!
    ГАСПАДАР. Не, не выпушчу.
ГАСПАДЫНЯ. Выпусцi, зараз жа!
    ГАСПАДАР. Пасядзi, родненькая. Пасядзi, пташачка. Я хуценька. Я да яго. Да кабяля твайго. Пасядзi, галубка…
ГАСПАДЫНЯ. Ты куды?!. Куды ты?!... Адчынi! Адчынi, чуеш?!.  Ну як так жыць?! Як?! А якi быў хлопец у маладосцi! Як шкадаваў мяне… I я. А зараз!.. Што ж рабiць?.. (да Рабога) – Ой, родненькi, ты ж не кормлены. З-за гэтага… выпаўзня i пакармiць нельга.(сама сабе, уздыхнуўшы) - Мiхаль-Мiхаль…(гладзiць Рабога па спiне) – А аднойчы… ён дзеля мяне з дрэва спрыгнуў. З дубу… (усмiхаецца) – упаў, пабiўся, дурань. Адчайны быў хлапец, вiдны… хоць i дурнаваты. Хiба магчыма было не закахацца?.. А пасля?.. Ох… (Гаспадыня змахвае слязiнку з вачэй i зноў звяртае ўвагу на Рабога) – I ты адзiн. Родненькi… (зацiкаўлена) – О, а ты акруглiўся крыху!.. Во… Малайчына! (Абмацвае парсюка) – Можа i на продаж што застанецца… Ась-ась, харошы. (рашуча) – Ну, не! Што ж я тут – сядзець буду? (стукае i напiрае ў дзверы. Тыя не адчыняюцца.) – Ах, так! Мяне нiхто не стрымае. (Падыходзiць, хапае карыта i моцна стукае iм у дзверы).

                (Нарэшце клямка злятае i дзверы расчыняюцца. З двара пахнула ветрам i дажджом. Гаспадыня падхоплiвае пустое вядро…)

ГАСПАДЫНЯ. (да Рабога) – Зараз я цябе пакармлю, родненькi. Пачакай крышачку, зараз…

                (Рабы па звычцы кiдаецца на звiнячае вядро… Гаспадыня ледзь не падае. Моцна адштурхоўвае парсюка)

ГАСПАДЫНЯ. – Айца! Прэч пайшоў, свiння! Назаляе…

                (Гаспадыня выходзiць, прычыняючы дзверы. Рабы застаецца адзiн)

* * *

              РАБЫ. Што гэта робiцца на свеце! То лашчаць, то б’юць… А дзе мешань? (моцна) – Дзе мешань, я пытаюся?!  З пустым вядром яна прыбегла! Гэта ж прыкмета дрэнная… цьфу-цьфу-цьфу… (крычыць у бок дзвярэй) – У наступны раз сварыцеся ў хаце! Замораць… (сумна) – Быў бы жывы Лупаты, вось ужо нарагаталiся б. За хлявом…Тое ж самае, што i ў хляве. …..ды й дождж там…

                (Раптам парыў ветру адчыняе дзверы)

              РАБЫ. Адчынiлiся!.. Дзверы адчынiлiся!.. Можна бегчы! Бегчы… (падыходзiць да дзвярэй. Адскоквае.) Не!.. Не магу… Дый дождж. Але ж больш не будзе!.. Iх хутка зачыняць! (зноў наблiжаецца да дзвярэй. Зноў адскоквае.) – Не! (лажыцца ў кут. Закрывае твар) – Я нiчога не бачу! Я нiчога не чую!.. Падалося! Нiчога не чую… Нiчога не бачу…

                ***

                (Дзверы адчыняны. Баязліва ўваходзіць парсюк ЧЫРЫК, але ў паводзінах адчуваецца рашучасць)



           ЧЫРЫК. Прывiтанне, сябар!
 РАБЫ. Ой!
ЧЫРЫК. Прабачце, калiласка, я мабыць перабiў вам цiкавыя думкi. Я толькi запытацца, цi не засталося ў вас выпадкам чаго-небудзь у карыце? Я суткi не еўшы…
   РАБЫ. (яшчэ не прыйшоў у сябе) – Па… Па-першае, я сам хачу есцi… Па-другое… Хто ты такi?
ЧЫРЫК. Хiба ж вы самi не бачыце? Такая ж свiння, як i вы. А клiчуць мяне – Чырык… Ну дык я пайду, з вашага дазволу… Прабачце яшчэ раз. (iдзе да дзвярэй).
   РАБЫ. Стой! Гэй!.. Вярнiся. Скуль ты ўзяўся?
ЧЫРЫК. (спыняецца) – Гэта доўгая гiсторыя i… не мае сэнсу высвятлення. (дэкламуе)  -Дзе я жыў, i як я жыў – не скажу нiкому, не адгонiць мне нiхто ўнутраную стому… (зноў накiроўваецца да дзвярэй, але спыняецца) – З ранку калоць мяне збiралiся… Ужо нават вывалаклi на двор i на зямлю павалiлi…
   РАБЫ. (здзiўлена) I не зарэзалi?!
ЧЫРЫК. (з гонарам) Не-а, уцёк.
   РАБЫ. (з недаверам) З-пад нажа?..
ЧЫРЫК. (павучальна) – Свiнням трэба верыць. Добра, мне пара. Даруйце, што адбiў у вас час. (хоча icцi)
   РАБЫ. Стой, Чырык. Зараз Гаспадыня есцi прынясе. Пажрэм, заставайся…
ЧЫРЫК. (уздрыгануўся, нават усяго перадзёрнула) – Есцi?!. А што я ёй скажу?.. Цi гэта, - што яна мне скажа… калi ўбачыць?
   РАБЫ. Нiчога. Узрадуецца i  накормiць.
ЧЫРЫК. Вось-вось, узрадуецца…
   РАБЫ. Ты пра што?
ЧЫРЫК. Пра тое, што дзверы больш не будуць адчыненымi… Не, не буду рызыкаваць. Прабачце.
   РАБЫ. Ды пачакай ты! Мне маркотна аднаму, i наогул…
ЧЫРЫК. (з парывам) Дык гэта!.. Пайшлi разам са мной!
   РАБЫ. Куды?
ЧЫРЫК. (паказвае на адчыняныя дзверы) – Туды, - дзе коўдрай ляжаць жалуды, i вецер хiстае галiнку!..
   РАБЫ. Там… Там дождж.
ЧЫРЫК. Не. Там воля, мой сябар! Ну дык як?
   РАБЫ. А як наконт мешанi на волi?
ЧЫРЫК. Жалуды будзем есцi – дзiкунамi зробiмся!
   РАБЫ. А ваўкi?
ЧЫРЫК. (з агнём) – I iх будзем есцi! Пайшлi!
   РАБЫ. (катэгарычна) – Не.
ЧЫРЫК. Не, дык не. (iдзе) – Да пабачэння.
   
                (Рабы раптам рынуўся за Чырыкам)

   РАБЫ. Стой! Не пушчу, не пушчу! (моцна хапае Чырыка, штурхаюцца) – Будзеш тут як мiленькi! Як мiленькi будеш тут… Са мной разам! Заўжды!

                (Чырык меншы i маладзейшы, яму не справiцца з Рабым)

ЧЫРЫК. Пусцiце! Вы не маеце права!..
   РАБЫ. (трымаючы Чырыка) – Гы-гы… Што ты вярзеш. Я i ёсць усе тваё права!  Мне маркотна аднаму, разумееш?
ЧЫРЫК. Не хачу я нiчога разумець. Адпусцiце мяне… Хам! Я вольны кабан.
   РАБЫ. Дурань. Цябе ж сабакi загрызуць!..
ЧЫРЫК. Вы… Вы – здраднiк.
   РАБЫ. Ага-ага. Не брыкайся вельмi толькi.
ЧЫРЫК. (Прытулiўшыся да сцяны) – Якi я дурны. Якi ж я дурны! Куды прыйшоў?! Пах родны прыцягнуў – цьфу! Каму я паверыў?
   РАБЫ. Свiнням трэба верыць.
ЧЫРЫК. Вы!.. Ты… Ты не парсюк. Ты склiзняк!
   РАБЫ. Хто я?
ЧЫРЫК. Склiзняк!
   РАБЫ. (пагражальна) – Слухай, а цябе калi-небудзь дубасiлi!..  акрамя таго, што рэзалi?
ЧЫРЫК. Забойца.
   РАБЫ. Супакойся. Тут хоць адагрэешся ў волю. Пажывеш у дастатку. Дурань. Саплё зусiм, а некуды рвецца. У мяне сябар быў… таксама некуды усё рваўся. Няхай яму зямля саломай…
ЧЫРЫК. (сам сабе) – Дзеля чаго я з кiпцяў смерцi вырываўся?! Калi адседжваўся ў лапухах такая напоўненасць была. Такая прага да жыцця. Такая вера ў будучыню…
   РАБЫ. Бедная, смярдзючая свiння, якая марыць аб свабодзе… Дзе ж тая Гаспадыня? Нешта доўга не нясе. Зусiм ад рук адбiлася!.. Есцi пара. Ох, як пара!
ЧЫРЫК. (сумна, сам сабе. Амаль плача) – Першы раз я збег у маленстве, калi мяне прывезлi на кiрмаш… Другi раз цудам вырваўся с-пад нажа… I нарэшце, гадзiну назад, ад… Тузiка-дварнягі. А тут… На пустым месцы! Такая здрада, ад брата па крывi… (да Рабога, з надзеяй) – Мы ж з вамi  адной крывi!
   РАБЫ. Не плач, Маўглi, усё будзе добра. I сядзi на месцы. (узбуджана) – Дзе тая Гаспадыня? Чаму яна не нясе есцi? Я магу не вытрымаць!
ЧЫРЫК. (з надзеяй) – Прабачце, а вы не баiцеся, што калi яна прыйдзе, то нам ужо нiколi не вырвацца з гэтага хлява?..
   РАБЫ. Сцiхнi. Мешань! Зараз гэта галоўнае!  Слухай, а ў цябе, я чую, голас пранiзлiвы?.. Паклiч яе!
ЧЫРЫК. Не разумею?..
   РАБЫ. Пiшчы на ўсю глотку, на ўсю моц. Яна павiнна пачуць.
ЧЫРЫК. Прабач… Я не магу. У мяне… горла балiць.
   РАБЫ. Горла балiць? Зараз палечым. (наблiжаецца да Чырыка. Той пiшчыць.) – Малайчына. Вось на гэтай ноце i  трымай… Пiшчы-пiшчы. Не можа быць каб не пачула. (Задаволена) – Паактыўней-паактыўней трохi, з тэмпераментам, з пачуццём! Вось так… (сам крычыць) – Гаспадыня! Гаспадыня! Каравул! Палундра!.. Пажар! Землятрасенне!.. SOS!!! (да Чырыка) – Ты чаму замаўчаў?
ЧЫРЫК. Аддыхацца хачу.
   РАБЫ. Няма калi аддыхвацца. Час – золата. Мяне хутка знудзiць ад голаду. Крычы што-небудзь, кажу!
ЧЫРЫК. (рашуча) – Добра. (моцна крычыць) – Свабоду кабанам! Свабоду кабанам!
   РАБЫ. (пакруцiўшы галавой) – Вар,ят… (сам крычыць) – Гаспадыня!.. Ганна Селiвёрстаўна! Дзядзька Мiхаль! Есцi пара-а-а!

* * *

                (Чуваць голас ГАСПАДЫНI)

ГАСПАДЫНЯ. А людцы мае! А родненькiя! Дзверы адчыняныя! Кабанчык мой! Адзiны мой…

                (Гаспадыня ўбягае ў хлеў, бачыць другога парсюка)

ГАСПАДЫНЯ. Ой-ой!.. (закрывае вочы далонямi. Пасля зноў адкрывае.) – Ой, што гэта? Два?! Скуль – два?.. Скуль?.. Клон!!! (прыходзiць у сябе) – О, Божачкi мае… Гэта ж дзверы былi адчыняны!.. А-ай, ай, ай – як добранька! (да Чырыка) – Якi ладненькi… (аглядаецца) Чый жа ты?.. (гладзiць яго) – Харошанькi мой… Прыбытачак мой нечаканы. Падарунак лёсу… за пакуты! Ай, як добранька! Хi-хi… Зараз я, хуценька… Пакармлю вас, салодзенькiя. (Вяртаецца да дзвярэй i бярэ вядро з мешанню, улiвае ў карыта)

                (Рабы з хруканнем накiдваецца на ежу. Чырык нясмела стаiць на месцы.)

ГАСПАДЫНЯ. (да Чырыка) – А ты чаго не хрумаеш, дурненькi?

                (Чырык стаiць)

ГАСПАДЫНЯ. Ой, забылася…

                (На старым касетнiку Гаспадыня нацiскае кнопку – хлеў напаўняе гучанне вiртуёзнай класiчнай музыкi, якая, у сваю чаргу, уздзейнiчае i на Чырыка. Ён не вытрымлiвае i… наблiжаецца да карыта, дзе таксама пад музыку чамкае на каленях Рабы.)

ГАСПАДЫНЯ. (узрушана) – Вось што значыць мастацтва!.. Можа казе даць паслухаць?.. (да парсюкоў, ласкава) – Гам-гам… Смачна естачкi. Ням-ням. (пра мужа) – Куды ж той ёлупень падзеўся? Каб чаго не ўтварыў, крый Божа. (да свiнняў) – Чам-чам-чам, смачна-смачна, родненькiм… (да Чырыка) – Нiчога, што малодзенькi – падрасце! Еш-еш… (дастае свой грэбень i расчосвае галаву Чырыка, гладзiць. Пасля з пустым вядром выходзiць, шчыльна зачынiўшы за сабой дзверы.) 

* * *

                (Карыта спусцела. Рабы задаволена адыходзiць ад яго)

    РАБЫ. Малавата… Але добра, хоць столькi. Вось цяпер можна i аб сэнсе жыцця пагутарыць.
ЧЫРЫК. (сам сабе,сумна) – Вось дзверы і зачыніліся…
    РАБЫ. (да Чырыка, прыміральна) – Ты асабліва не сярдуй. Я добры. Гэта калі галодны вельмі, дык сам сябе не памятаю. Усё ламаў бы і грыз. А так… я сама дабрыня.
ЧЫРЫК. Я заўважыў…
    РАБЫ. Ты мне яшчэ дзякуй скажаш. Я цябе ад ваўкоў, можна сказаць, уратаваў. І ад голаду. І ад самога сябе. Ты ж дурны…
ЧЫРЫК. Дзякуй.
    РАБЫ. Ды няма завошта. Між іншым, я таксама люблю марыць і усё такое…
ЧЫРЫК. (сумна) – Мары мае, мары – згінулі ў гушчары…
    РАБЫ. (ажыўлена) – Ты вершы пішаш, так?
ЧЫРЫК. (сціпла) – Ну…
    РАБЫ. І я пішу, бывае. Вось паслухай…
- Мухі, мухі, мухі –
- Гудзяць, гудзяць, гудзяць…
- А дзе ў мухі вухі?
- Трэба пашукаць!
- Аць, аць, аць – трэба пашукаць!               

    РАБЫ. Ну, як?..
ЧЫРЫК. Кранальна.
    РАБЫ. (меркавальна) – Можа ў часопіс паслаць?..
ЧЫРЫК. З рукамі адарвуць…
    РАБЫ. (вельмі бадзёра) – Са мной смуткаваць не будеш!  Не кісні, Чырык!  (успомніўшы) – О, зусім забыўся! Ты ж яшчэ Машку з Глашкай не чуў!..
ЧЫРЫК. Таксама паэтэсы?
    РАБЫ. (ажыўлена, з усмешкай) – Дурань. Ідзі сюды. Якраз дождж перастаў… (Рабы падыходзіць да сцяны, прытыкае вуха, слухае) – Вось ён – пах асалоды!..

                (За сцяной чуваць хіхіканне, дзявоцкія (свіныя) галасы)
                (Гэта не магло не заінтрыгаваць Чырыка. Ён узнімаецца і таксама прыкладае вуха да сцяны… Ажыўляецца, усміхаецца)

ЧЫРЫК. Чую…
   РАБЫ. Вось табе і натхненне! Вось табе і ўзнёсласць!
ЧЫРЫК. (з агнём і надзеяй да Рабога) – А можа падрыцца?!
   РАБЫ. Уяўляю сабе – граф Монтэ-Чырык!
ЧЫРЫК. Я, калі захачу!..
   РАБЫ. (перабівае) – Не, Чырык, гэта кажу табе я – Рабы. Адсюль падрыцца немагчыма! Немагчыма! І кропка.
ЧЫРЫК. (з жарам) – Ты нават не спрабаваў!?
   РАБЫ. (знянацку засумаваў, успомніў нешта сумнае) – Іншыя спрабавалі… Марна. (Рабы сумна аглядае сцены…) – Адсюль можна толькі паляцець.
ЧЫРЫК. Паляцець?..
   РАБЫ. Так.

                (Рабы сумна углядаецца некуды уверх – доуга, натужна)

ЧЫРЫК. Ужо узлятаеш?

                (Рабы схіляе галаву, пасля глядзіць на Чырыка)

   РАБЫ. Хочаш, я раскажу табе дзіўную гісторыю?..
ЧЫРЫК. Пра мух?..
   
                (Рабы як не чуе. Ён павольна лажыцца на салому, пачынае ціха гаварыць)

РАБЫ. Слухай. Дык вось. Жыў-быў адзін парсюк. Звалі яго – Лупаты. Паскудны быў кабан, здзеклівы, кпівы. Але… але аднойчы ў яго выраслі крылы. Уяўляеш сабе – у брыдкага, тлустага парсюка і два цудоўных крыла?!. Вялікія такія, вялікія крылы! Ён узяў і… паляцеў. Адпіхнуўся ад зямлі – і паляцеў! Проста… Над светам. Я думаў, ён здох, яго зварылі, а ён – паляцеў!.. Паляцеў… паляцеў…

                (Рабы засынае.)

                (Чырык здзіўлена глядзіць на соннага Рабога.)

ЧЫРЫК. Дзіўна… І хто з нас вар’ят?..

                (Лажыцца сам)

* * *

                (Уваходзіць Лупаты – яго дух. Другі сон Рабога)

ЛУПАТЫ. А табе сапраўды трэба друкавацца, Рабы. Свіння – і такая паэтыка. Ці не падкінула Гаспадыня чаго ў мешань?
      РАБЫ. Я… я… гаварыў пра твае крылы.
ЛУПАТЫ. (усміхаецца) – Хутка, брацік, хутка. Не шкадуй ні аб чым. Мне здаецца, я зразумеў… Мы проста – смачныя! Смачныя! Мясная праслойка ў сале – вось у чым сэнс. Адзін з самых вялікіх сэнсаў на зямлі. Хі-хі-хі. Без лішняга хрукання… Проста смачныя! Смачныя… Смачныя…

                (Лупаты, яго дух, выходзіць)

* * *

                (Рабы спіць. Чырык ціха паднімаецца з свайго кута, глядзіць на Рабога, глядзіць уверх… Спрабуе узмахнуць рукой, нібы крылом. Пасля другой рукой. Пасля – разам. Махае рукамі. Пасля апускае іх…)

ЧЫРЫК. Крылы-крылы… Гучыць прыгожа.(з горыччу) - Асабліва ў чатырох сценах.
                (дэкламуе:)  - Я крылы з саломы саткаю, заплюшчыце вочы! – ўзлятаю!
Глупства! Муць. Узбуджаныя фантазіі! (рашуча) – Падрывацца трэба!

                (Знекуль дастае лапату)

* * *

                (Лёгкі змрок. Мільгацяць блікі святла. Гучыць музыка. У самай сярэдзіне вядомага нам хлява – дзве свінкі-самачкі. Яны з пачуццём рухаюцца пад музыку – танцуюць. З-за блікау іх твары нельга добра разгледзець, але на кожнай відаць даволі стыльную круглую эмблемку (нешта накшталт нумаркоў, якія бываюць на удзельніцах конкурсаў прыгажосці). На адным кружку напісана “Машка”, на другім – “Глашка”. Яны нібы ў зачараваным сне, ад чаго танец становіцца яшчэ больш эратычным і спакуслівым. А музыка яшчэ грамчэй! А танец яшчэ тэмпераментней…)

                (Раптам святло знікае, музыка змаўкае. У поўнай цемры чуваць нейкую валтузню і чыёсці цяжкае дыханне.
                Калі запальваецца святло, мы бачым у куту ля сцяны Чырыка, які натхнена арудуе лапатай, спрабуючы зрабіць падкоп. Рабы спіць…
                Чырык спыняецца, выцірае пот з ілба, прыкра пазірае на свае мазолі… І зноў надрыўна бярэцца за працу…  Ізноў блікі… Зноў музыка… Зноў Машка з Глашкай са сваім танцам, які кліча, які вабіць…
                Чырык зусім выбіўся з сілаў. Лапата вывальваецца з рук. Ён у знямозе ўтыкаецца галавой у сцяну…
                Рабы варочаецца ў сне.
                Цішыня. Зноў з’яўляюцца Машка з Глашкай. У змроку адна з іх падыходзіць да схіліўшага галаву Чырыка, другая – да Рабога. Яны па-жаночы пяшчотна, па-мацярынску гладзяць іх галовы, нібы спачуваючы і супакойваючы.
                А потым відзенне знікае.)
 

                ***

               
                (Той жа хлеў. Тое ж карыта. Рабы і Чырык спяць у розных кутах. Здаецца, ранак. З двару даносіцца голас пеўня…)

   РАБЫ. (схопліваецца) – Чырык, чаму нам гэтак доўга есці не нясуць?
ЧЫРЫК. (прачынаецца) – Што?.. Есці нясуць?
   РАБЫ. Ды не… Кажу – чаму гэтак доўга не нясуць.
ЧЫРЫК. (абыякава) – Не нясуць. Дык прынясуць. А прынясуць, дык паем.
   РАБЫ. У мяне проста душа не на месцы.
ЧЫРЫК. Яна проста яшчэ не вярнулася з палёту.
   РАБЫ. Хто?..
ЧЫРЫК. Душа. Не Гаспадыня ж.
   РАБЫ. Цьфу…
ЧЫРЫК. Усё ад нерваў. Заплюшчы вочы і лічы да тысячы. Надзейны спосаб – мяне бабка навучыла… (ціха дэкламуе) – Душа па свеце ўсё блукае і сабе сховішча шукае… Шукае з вечару, з рання, - і тут свіння… і там – свіння.
   РАБЫ. (занепакоена ўздыхвае, ветліва просіць) – Чырык, ты маладзейшы, у цябе зрок вастрэйшы… і нюх. Падыйдзі да дзвярэй, глянь у шчыліну, панюхай паветра… Можа што незвычайнае заўважыш?..
ЧЫРЫК. Навошта?
   РАБЫ. Трэба… Пасля скажу. (просіць) – Каліласка!
ЧЫРЫК. (падыходзіць да дзвярэй, углядаецца ў шчыліну) – Нічога асаблівага. Як заўсёды. Гусі ходзяць- гагакаюць, певень за курыцай пагнаўся… хі-хі, дагнаў! (уздыхнуў) – Вольныя істоты.
   РАБЫ. Ты добра прыглядзіся, прынюхайся.
ЧЫРЫК. Я ж прыглядаюся. Усё як звычайна. Але… Вяроўка некуды знікла.
   РАБЫ. (занепакоена) – Што? Якая вяроўка?
ЧЫРЫК. Звычайная. На страсе хаты вісела. А зараз няма.
   РАБЫ. Няма?..
ЧЫРЫК. І во… яшчэ нейкі пах, не зусім знаёмы.
   РАБЫ. Які пах?!.
ЧЫРЫК. Успомніў. Вопратка ў гаспадара майго некалі так смярдзела.
   РАБЫ. Бензін?!.
ЧЫРЫК. Во-во, бензін.
   РАБЫ. А ты не памыляешся?
ЧЫРЫК. Ну падыйдзі і сам панюхай. (Рабы не можа скрануцца) – У мяне на пахі добрая памяць. Бывала, бабка як пачне…
   РАБЫ. (перабівае) – Сціхні ты!
ЧЫРЫК. А ў чым справа?
   РАБЫ. Дурань. Малакасос. Магчыма кагосці з нас сягоння рэзаць будуць! Як чула маё сэрца…
ЧЫРЫК. Рэзаць?.. Не можа быць… Ізноў?..
   РАБЫ. (захвалявана прынюхваецца) – А можа ты прыдумляеш? (з надзеяяй) – Я не чую ніякага бензіну!
ЧЫРЫК. Не, не прыдумляю. А пры чым тут бензін?
   РАБЫ. (моцна) – Лямпы запраўляюць!  Смаліць цябе будуць!
ЧЫРЫК. Смаліць?.. А чаму… мяне?
   РАБЫ. У цябе мяса мякчэйшае!
ЧЫРЫК. Ты гэта сур’ёзна?
   РАБЫ. Не, гэта я весялюся! (сам сабе) – Я адчуваў, што нешта здарыцца. І гэты сон… Няўжо канец? Кропка? Вось так?.. Хутка.

                (Раптам падбягае да Чырыка – хапае, трасе)
 
   РАБЫ. Жыць хачу, разумееш?! (крычыць) – Жыць! Валяцца ў гноі, жэрці мешань!
ЧЫРЫК. (таксама зрываецца) – А я табе казаў! Я цябе тады прасіў – пайшлі! Як брата! Дзверы былі адчыненымі. А ты!.. Ты проста баязліўца! Нікчэмнасць! Раб!
   РАБЫ. Так! Баязліўца! Усё наша жыццё гэта страх, страх, страх! А за дзвярмі – яшчэ большы страх! Там не кормяць, ду-у-урань!!! (трасе Чырыка).
ЧЫРЫК. (адштурхоўвае Рабога) – звар’яцеў зусім…

                (Рабы падбягае да дзвярэй – крычыць)
               
   РАБЫ. Гаспадыня! Гаспадыня! Гаспадынечка!.. Прынясі есці. Каліласка. Ты проста затрымалася недзе, а зараз ужо прыйшла і гатуеш мешань… Я ведаю. (спаўзае па дзвярам, усміхаецца ў акенца) – Сонейка-сонейка, паказычы мяне па мордзе рабой… Лупаты-Лупаценькі! Адпусці мяне… Эх, малачка б папіць! Як я люблю халоднае малачко!... піць… піць… як у дзяцінстве. (ціха, усміхаючыся) – Яно ж невялікае – свінячае счасце, зусім маленькае, з мой лыч…

* * *

                (Раптам дзверы ў хлеў адчыняюцца. З вяроўкай у руках заходзіць Гаспадар – сур’ёзны як ніколі і з вялікім фінгалам пад вокам.  Свінні бездапаможна збіваюцца ў кут)

ГАСПАДАР. Прыйшла пара. Досыць.

                (Ён пачынае спакойна размотваць вяроўку, вязаць вузел, рабіць пятлю…)

ГАСПАДАР. (да парсюкоў) – Што глядзіце?.. Жыць хочаце? А я – не. А ў астатнім… А ў астатнім мы аднолькавыя.

                (Трымаючы ў руках пятлю, ён задзірае галаву ў верх, глядзіць на драўляную бальку… пасля зноў на парсюкоў)   

ГАСПАДАР. Ідзіце на волю. Дзверы адчыняны.

                (Парсюкі нібы скамянелі. Не стронуліся з месца. Гаспадар раптоўна замахваецца на іх вяроўкай і моцна крычыць…)

ГАСПАДАР. На волю, я сказаў! Пайшлі!!!

           (Спужаныя парсюкі выбягаюць за дзверы… Дзверы ляпаюць ад ветру)

ГАСПАДАР. (крычыць) – Бяжыце! Прыгайце! Скачыце! Лётайце!.. Што хочаце рабіце! Я дарую вам жыццё… (спакойна) І я гульну. У шчэнт гульну…

    (Ён закідвае доўгі канец вяроўкі за бальку… Нерухома стаіць – рукі і ногі яго дрыжаць… Раптам у дзверы, за спіной Гаспадара, спужана заглядае Рабы. Ён дзівіцца па бакам і ціхенька, прыгнуўшыся, на цыпачках (каб не  “перашкаджаць” Гаспадару) падкрадаецца, хапае пад руку карыта і гэтак жа, на цыпачках, разам з карытам выбягае за дзверы)

                (Гаспадар дрыжачымі рукамі трымае канец вяроўкі… І тут чуваць голас Гаспадыні.)

* * *

ГАСПАДЫНЯ. (з-за дзвярэй) – А людцы мае! Што нарабіў! Свіней параспускаў! А, людцы, а прападуць жа!..

                (Гаспадыня ўбягае ў хлеў і бачыць Гаспадара з вяроўкай… Ён з жахам глядзіць на яе…)

ГАСПАДЫНЯ. (прыходзіць у сябе) – Міхаль… Міхалік! (падбягае да яго, абнімае) – Родненькі! (Гаспадар дрыжыць) Што ты… Навошта… Міхалік. Не трэба! Любы мой…

                (Гаспадар бяссільна спаўзае на падлогу, з дапамогай жонкі, садзіцца…)

ГАСПАДАР. (нібы сам сабе) – І сапраўды, нікчэмнасць… Нават павесіцца па-людскі не магу. Парсюкоў і тых сорамна… (ён закрывае твар рукамі)
ГАСПАДЫНЯ. (гладзіць Гаспадара) – Я з табой, я тут… я з табой…

                ***

     (Яны сядзяць абняўшыся, а недзе ў версе гучыць музыка і чуваць галасы…)
 

ЛУПАТЫ. Вось мы і ляцім, Рабенечкі. Ляцім над светам!..
      РАБЫ. І мяне не ўкалыхвае! Гы-гы…
ЛУПАТЫ. А ты як, Чырык?
    ЧЫРЫК. Хараство якое! Як мы маглі жыць і не бачыць гэтага! І мары, і мроі, і вёсны…

* * *

                (Чуваць галасы Машкі з Глашкай)
- І мы з вамі! Вазьміце нас!..
- МАШКА. Я – Машка!
- ГЛАШКА. А я – Глашка…
ЛУПАТЫ. Канешне возьмем. Што нам – парсюкам!

                (Чуваць дзявоцкі смех)

* * *

                (Гаспадар з Гаспадыняю глядзяць уверх)

ГАСПАДАР. Ганначка, ты калі-небудзь бачыла лятаючых свіней?..
ГАСПАДЫНЯ. Не…
ГАСПАДАР. Лаві момант…
                (Махаюць рукамі)
               



                КАНЕЦ.