Хрыстосiк на беларускай мове

Дайан Аве
      Пасля заняткаў мы паспяшаліся ў інтэрнат. Мае суседзі збіраліся ехаць на свята да бацькоў – пакавалі дарожныя сумкі, прасавалі штаны, ператрасалі кішэні, збіраючы рэшткі стыпендыі. Мне ж трэба было закончыць афармленне насценгазеты. Перакуліўшы крэсла, паставіў яго на ложак, а зверху на ножкі паклаў чарцёжную дошку – атрымалася нешта падобнае на кульман.

      Звычайна перад вольнымі днямі мае таварышы скідваліся на пляшку якога пітва і выпраўлялі каго-небудзь у краму. Ганцом часцей за ўсё даводзілася быць мне, як самаму малодшаму. Але сёння застолле магло не адбыцца, хлопцы паспелі ўжо добра патраціцца. Мне гэта ўвогуле было да ліхтара. Я не піў, і мяне не прымушалі, лічылі, што мне рана яшчэ сябраваць з Бахусам.

      Пятро, самы старэйшы з нас, ляжаў і ўголас разважаў:

- Што ні кажыце, а свята вымагае. Чаго? Так, так, шкляначкі...

      Стараста нашай групы Мікола адразу падхапіў думку Пятра. Ён, нібы стоячы на трыбуне, падняў руку і прамовіў:

- Ідэя, якая авалодала масамі, што? Правільна, сябры? Яна робіцца матэрыяльнай сілай, - і абвёў нас строгім позіркам.

- Ты геній, стараста! – усклікнуў Віктар, адарваўшыся на хвіліну ад праса, з якім шчыраваў над добра паношанымі штанамі. Са значэннем памаўчаў і раптам звярнуўся да мяне: - Ты згодны, Хрыстосік, з гэтым глыбокім вывадам? – Хлопцы, жартуючы, часта перайначвалі маё прозвішча Крыштофік на біблейскае. – Дык чаму б табе і сапраўды сёння не стаць нашым Хрыстом-Збавіцелем? Можа, збегаеш да Юзэфа па святую вадзіцу, га?

      Я прамаўчаў. Грошы ў мяне былі, я сёння атрымаў ад бацькоў перавод. Але адно пазычыць, а другое – прапіць. У маіх бацькоў з неба не падала. Ды і, купіўшы, відаць мусіш сесці за стол і ўзяць келіх-другі. А я гарэлку не пераносіў.

      Напэўна, Віктар не адчапіўся б ад мяне, але раптам у пакой уварваліся раз’юшаны Сашка Дзямчук, а следам за ім яго дружбак Міхась Туравец.

-  Канспекты на стол! – закрычаў Сашка.

-  Што такое? – утаропіўся ў яго Мікола, душа старасты не прымала чыйгосьці камандавання, акрамя ўласнага.

      Дзямчук не звярнуў на Міколаў вокліч ніякай увагі і шпурнуў на стол тоўстую кнігу з абарванай вокладкай.

-  Нейкі разумнік падклаў мне свінню!

-  Якую свінню! – ніхто з нас нічога не разумеў.

-  Ну-у напісаў... У журнале рэгістрацыі дзяжурстваў. Каб яму рукі паадсыхалі!

Хлопцы шчыльна абступілі стол, толькі я так і застаўся на ложку.

-  Вось! – Сашка пасунуў журнал Міколу. – Чытай, можа, пазнаеш почырк.

      Стараста спачатку паглядзеў на запіс, быццам правяраючы на сапраўднасць, і пачаў чытаць уголас:

- “Паважаныя калегі! Калі вы цікавіцеся прыгожым полам, то, напэўна, заўважылі, што ў нумар сто васемнаццаць да рыжага Дзямчука ходзіць сінявокая таўстушка. Яно б на здароўе, каб не адна даволі далікатная акалічнасць: рыжы мае жонку і дзіця, а маладой пудрыць мазгі, быццам ён вольны, як вецер. Вострае Вока.

      Праскрыптум. Ёсць яшчэ адна зусім нязначная дробязь: і без таго ў целе, сінявокая апошнім часам яшчэ больш раздабрэла...”

      Выбух смеху прагучаў нібы гарматны стрэл. Хлопцы ад рогату ледзьве трымаліся на нагах. Перавёўшы дух, Мікола са штучным здзіўленнем падагуліў:

- А што тут такога? Вострае Вока самае што ні на ёсць вострае. І ты Сашка, жанаты, і дзеўка твая таго...

     Збянтэжаны Дзямчук прыкусіў, здаецца, язык, а хлопцы, пасмейваючыся, чакалі, што будзе далей.

- Жанаты! – нарэшце скрозь зубы працадзіў Дзямчук. – Жанаты! Ды пра гэта, Мікола, ведаеш ты і яшчэ пара чалавек, дарэчы надзейных. А вось ці не ад цябе пайшло, га? – кінуўся ён у наступ.

- На тое і Вострае Вока! – усміхнуўся Віктар. – Не грашы на старасту.

- Пасмеся мне! – раптам скіраваў сваю злосць Дзямчук на Міколавага заступніка і пасунуўся на яго.

-  Спакойна! – папярэдзіў Віктар і паказаў на прас. – Гарачы!

-  Кіньце, вы, - Мікола гучна вылаяўся. – Справа ж не такая простая.

-  І праўда! – ажывіўся самы маўклівы з нас Уладзімір. Ён рассунуў хлопцаў і ўтаропіўся ў запіс. Потым глыбокадумна зазначыў: - Трэба параўнаць почыркі.

      Мікола хуценька сабраў з палічак і тумбачак нашы канспеты і паклаў іх перад Валодзем, за спіной якога цяжка дыхаў Дзямчук.

     Пакуль эксперт-аматар гартаў сшыткі, Сашка галасіў, быццам старэнькая бабка, у якой рассохліся начоўкі:

- Заступнік! Дзеўку пашкадаваў! А каб самому дала, не адмовіўся б. Га? Паціху трахаў ды маўчаў у анучу. Мараліст!

     Я моўчкі вадзіў алоўкам па ватмане і напружана чакаў, чым скончыцца гэта экспрэс-экспертыза.

* * *

    З месяц таму наш пакой дзяжурыў на прахадной у інтэрнат. Студэнтаў прыцягвалі да гэтага на адны суткі на тыдні: з суботы да нядзелю, каб даць выхадны штатным вахцёрам. Мне па жрэбію выпала пільнаваць з дваццатай да першай гадзіны ночы, у час, калі чужыя дзяўчаты проста валам валяць у інтэрнат, прыдумліваючы патрэбы адну важней за другую.

     Абавязкам дзяжурнага было сачыць, каб ніхто не праскочыў, не пакінуўшы на вахце дакумента, і каб пасля дваццаці трох гадзін у пакоях не заставаліся староннія.

     Час пік яшчэ не настаў, і я ад няма чаго рабіць пачаў гартаць той самы злашчасны журнал, што зараз ляжаў на нашым стале. На адной са старонак я наткнуўся на жартаўлівы запіс: “Шаноўныя! Ці заўважалі вы, што ў інтэрнат заходзяць дзяўчыны, а выходзяць жанчыны? Вострае Вока.” Я ўсміхнуўся, і толькі. Бо ў гэтым журнале ледзь не кожны дзяжурны забаўляўся па-свойму.

     Недзе каля дзесяці гадзін вечара з’явілася сінявокая таўстушка – тая самая, запіс пра якую зараз вывучалі хлопцы. Яна пакінула мне свой пашпарт і пайшла. Дзяўчына мне спадабалася, і я, запісаўшы яе ў кнігу, не стрымаўся, каб не зазірнуць у пашпарт.

     Дзяўчыну звалі Алена, было ёй толькі-толькі васемнаццаць, як і мне, аднак выглядала яна больш сталай. Я адчуў прыкрасць, бо ўжо ведаў, што хлопцы з дзяўчаткамі застаюцца ў інтэрнацкіх пакоях зусім не для таго, каб рыхтаваццца да экзаменаў, асабліва на ноч. Але ведаць – гэта адно, а рабіць – засім іншае. Для мяне вялікай тайнай была тая самая інтымнасць, якую адчуваюць не розумам, а кончыкамі ўласных пальцаў, вуснамі, целам.

      Дзяжурства пераваліла на другую палавіну, калі дзяўчына зноў з’явілася перад маім сталом. Яна папрасіла вярнуць пашпарт і спытала:

- Можа, вы ведаеце, дзе Дзямчук са сто васемнаццатага?

      Я шырока раскрыў вочы: дык вось да каго прыйшла гэтая прыгажуня! Каб не выдаць свайго абурэння, абмежаваўся поціскам плячэй.

- Абяцаў, што будзе чакаць, а самога няма, - яна не заўважыла, засяроджаная на сваім, маёй рэакцыі. – І пакой замкнёны, - у голасе дзяўчыны гучалі трывожныя ноткі.

     Напэўна, мне трэба было неяк супакоіць дзяўчыну, сказаць нешта добра, можа, нават жартаўлівае. Але я раптам разгубіўся. Ці не таму, што ведаў пра Сашку ўсё?

     Дзяўчына запытальна паглядзела на мяне і цяжка ўздыхнула:

-  Проста на знаю, што рабіць...

-  Ды ён хутка прыйдзе, - паспяшаўся я абнадзеіць і прапанаваў: - Вы пачакайце, прысядзьце. Да адзінаццатай звычайна ўсе вяртаюцца.

      Дзяўчына прысела на крэсла, якое стаяла побач з маім сталом. Некаторы час мы маўчалі і ўпотай разгладалі адно другога. Зблізу яна выдавалася зусім маладзенькай, у яе былі кропінкі карычневых вяснушак на носе, пяшчотна-ружовага колеру шчокі і злёгку прыпухлыя сакавітыя вусны. А вось вочы... Вялікія сінія вочы былі поўныя празрыстай вільгаці. Я зразумеў, што яна ледзьве стрымліваецца, каб на расплакацца.

- Скажыце, - голас яе дрогнуў, - вы часам не знаеце Дзямчука?

- Вучымся разам, - буркнуў я.

- Як ён вам? Па-мойму, добры.У яго такія ласкавыя вочы.

Гэта адкрытасць так уразіла мяне, што я зусім не да месца выпаліў:

- Я ж не дзяўчына, адкуль мне ведаць, як трэба ацэньваць хлопцаў.

- Так! – уздыхнула яна і сур’ёзна, як дарослая дадала: - Які вы малады! – Памаўчала і тады сказала, нібы адказваючы на свае словы: - Але ж вам, хлопцам, лягчэй...

     Мне зноў захацелася суцешыць яе, сказаць спагадлівае слова. Аднак і на гэты раз не знайшоў яго. Яно было, мабыць, толькі ў Сашкі. А я ... Я не адважыўся расказаць дзяўчыне праўду пра яе хлопца. Дый ці меў я на гэта права? Дзе двое, там трэці не сунься.

      Якраз у гэты момант у вестыбюль з шумам уваліўся гурт студэнтаў. Відаць, на верандзе ў парку скончыліся танцы. Бессаромна разглядваючы госцю, яны чарадой прадэфіліравалі міма стала, і панесліся гоман са смехам па інтэрнацкіх калідорах.

      Дзяўчына раптам укочыла з месца, замітусілася. На парозе з’явіўся Сашка. Ён адразу заўважыў сваю сяброўку, скіраваўся да нас і злосна буркнуў:

- Ты чаго тут?

- Сашачка! – падалася да яго дзяўчына. – Мне так трэба з табою пагаварыць...

      Яны адышліся да сцяны. Я, здаецца не надта прыслухоўваўся да іх размовы, аднак асобныя словы, як на тое ліхі, даляталі да мяне. Тое, што я пачуў, ударыла мяне нібы гром. Дзяўчына была цяжарная, ад Сашкі! Гэта навіна магла быць для некага вялікай радасцю, але толькі не для Дзямчука. Ён падхапіў сяброўку пад локаць і пацягнуў на вуліцу.

      Чужая тайна паліла мяне. Я ўскочыў з-за стала і забегаў па вестыбюлі. Мяне перапаўняла злосць. На Сашку, на яго даверлівую каханку, на сябе за цікаўнасць да чужой размовы. Вось тады я і надумаў запісаць у журнале тое, што сёння стала прычынай незвычайнага следства. Мне нясцерпна хацелася хоць як пакараць Дзямчука! Можа, хоць тады, хоць са спазненнем, ён зразумее, што нельга быць безадказным, чэрствым да чужога лёсу.

* * *

Тым часам Валодзя закончыў следства і абвясціў:

- Гэты пісака не з нашага пакоя!

У мяне адлягло ад сэрца, і я ледзь прыкметна ўздыхнуў: “Пранясло!”

- Ёлкі-палкі! – вылаяўся Сашка. – Усіх праверылі, увесь паток... Хто ж мог гэта зрабіць?

-  Гэй! – раптам гаркнуў Мікола і схапіўся за журнал дзяжурства. У яго была даволі ўчэпістая памяць, і я насцеражыўся. – Такое напісаць мог толькі адзін з нас!..

Мы заварожана глядзелі на яго, а Мікола пасля невялікай паўзы аб’вясціў:

- Наш Хрыстосік! Бо толькі ён у нас праўдалюбец, бабскі заступнік і навогул... Хрыстосік... 

      Маё сэрца гучна закалацілася, рукі задрыжалі, узмакрэлі. Я ўвесь сабраўся ў камяк, са страхам чакаючы, што будзе далей. Вочы Сашкі наліліся крывёю, яшчэ імгненне, і ён кінуўся б на мяне. Аднак Мікола яхідна ўсміхнуўся:

- Праўда, почырк не яго. Але дзесьці я бачыў такі. Дзе? – ён прыжмурыўся.

       Я ледзьве хаваў сваё хваляванне, мне здалося, што эксперты-самавучкі вось-вось раскрыюць мяне. Бо не памятаў, мяняў почык ці не, робячы той запіс. Хіба магло тады мне падумацца, што нехта потым будзе шукаць аўтара?

- А дзе той канспект, з якога мы перапісвалі прапушчаную лекцыю? – запытаў Мікола. – Такі сіненькі сшытак...

Пятро кіўнуў ў мой бок:

- У Хрыстосіка.

- Дай! – патрабаваў Мікола.

Мурашкі забегалі ў мяне па спіне, і я, запінаючыся, пачаў тлумачыць:

- Ву- унь ён, на тум-бач-цы, гэта не мой...

- А чый?

      Хвалюючыся, я зачасціў, што сшытак Хаміцэвіча, што (быццам астатнія не ведалі) жыве з Дзямчуком у адным пакоі, што ён вельмі неразборліва піша...

- Міхась! – камандзірскім тонам прамовіў старастаю – Падаць сюды Хаміцэвіча.

      Туравец перасмыкнуў плячамі, нешта прабурчаў сабе пад нос і пайшоў. А Мікола ўзяў з маёй тумбачкі сіні сшытак, і следчая група прадоўжыла сваю працу. Валодзя гартаў сшытак і хмыкаў:

- Падобна! Вельмі падобна! Проста адна і тая ж рука!

Прайшло некалькі хвілін, пакуль Міхась нарэшце прывёў Хаміцэвіча.

- Чый гэта канспект? – наляцеў на яго Мікола.

- Спытай што лягчэйшае, - салодка пазяхнуў новы сведка і незадаволена скрывіў рот. Магло здацца, што ён дурыцца, але справа хутчэй за ўсё была ў іншым – яго, напэўна, Міхась толькі што выцягнуў з ложка. Валодя Хаміцэвіч быў ў інтэрнаце нейпершы соня.

- Та даваў Хрыстосіку сшытак? – не адставаў стараста. – Ён прасіў у цябе канпект?

- Ну-у, даваў...

- У каго браў сам?

- У каго? – Хаміцэвіч з цяжкасцю прачынаўся. – А-а, у Сашкі. Точна!

- Што? – здзіўлена ў адзін голас выгукнулі хлопцы, а праз якое імгненне ў пакоі грохнуў выбух смеху. - Сашка! Сам на сябе!

- Апупелі? – накіўся на хлопцаў Дзямчук. – Гэты падлюка нават мой почырк падрабіў. Заб’іць яго мала!

- Ну і пісака, - Мікола ў захапленні ківаў галавой, - ну і штукар! – І ўжо да Дзямчука: - Ты вось што, не рукамі машы, думай, як замяць гэтую прыгоду. Дойдзе да рэктара... Амба табе!

      Сашка сцішыўся, моўчкі сабраў са стала свой канспект і інтэрнацкі журнал і пайшоў. За ім, хаваючы ўсмешкі, пацягнуліся і Туравец з Хаміцэвічам.

      На тым і скончылася нечаканае расследаванне. Толькі тады я адчуў, што небяспека мінула, і парадаваўся, што дапёк Сашку. Аднак праца над насценгазетай усё роўна не клеілася. Я моўчкі сядзеў ла свайго імправізаванага кульмана і стараўся рабіць выгляд, што вельмі заняты.

- А гэты самы пісака малайчына, - прамовіў Мікола. – Цяпер почут, што Сашка ўляпаўся, шырока пойдзе.

- А ўжо ж, - пагадзіўся Пятро. – Дзіва што ад нас ён пабег так, быццам яго жывот схапіў.

- Не ведаю, як ён, а вось наш Хрыстосік дык няйначай у штаны наклаў ад страху, - засмяяўся Мікола.

      Хлопцы дружна зарагаталі, а Пятро раптам зноў звярнуўся да тэмы, якую перабіла з’яўленне Дзямчука:

- Плюнь ты на іх Хрыстосік, не крыўдуй. Адным словам, пустабрэхі. Лепш скокні да Юзэфа, ды вып’ем за здароўе будучага Дзямчука, бацька якога будзе сабакам сена касіць. А то мне на Паўночны пасёлак да цёткі ехаць.

      Праз паўгадзіны я вярнуўся з дзвюма пляшкамі барматухі. У пакоі мала што змянілася. Віктар усё яшчэ рабіў са свайго паношанага гарнітура новы, Валодзя, седзячы на ложку, нешта чытаў , Пятро і Мікола драмалі.

- П’ём! – гучна абвясціў я і з грукатам паставіў на стол віно.

      Мяне перапаўняла энергія: гэта ж сціплы Крыштофік нарабіў столькі шуму. Напэўна, менавіта па гэтай прычыне я і вырашыў раскалоцца аж на паўтара літра пойла.

      Мая прапанова павісла ў паветры. Толькі Пятро прыпадняў ад падушкі галаву і сонна запытаў:

- Вермутовіч?

- Ага, - адгукнуўся я і ўдакладніў: - Дзве бутэльку! Па ноль сем.

-  А што гэта ты, Хрыстосік, раптам разшчодрыўся? – стрэліў нечакана прамым пытаннем Пятро.

- Ну, - выкрутліва адказаў я, - вам дагадзіць. То крычыце, што трэба мне прапісацца ў пакоі, то, калі я прынёс, насамі круціце.

- Ніхто на цябе не крычаў, - сярдзіта перабіў мяне Мікола і дэманстратыўна адвярнуўся ад стала. – З’явіўся, як той Хрыстос людям. “Вып’ем!” Мы што, алкашы?

     Я разгубіўся, мне здалося, што я зрабіў нешта не тое. А можа, мой нечаканы ўчынак здзівіў суседзяў? Напэўна, іх ранейшыя намёкі на прапіску звычайная пустая балбатня, бо яны сапраўды не былі алкашамі.

      Аднак Пятро трымаўся не доўга. Ён скаціўся з ложка, паляпаў мяне па плячы і сказаў:

- Не звяртай на іх ўвагі, пашкадуюць, пабачыш. Вып’ем, а яны хай слінкі глытаюць.

Мы селі за стол. Пятро спрытна адкаркаваў бутэльку і працягнуў мне:

-  Разлівай, па сто пяцьдзеся. Э-э, ды ты меркі не ведаеш. Тады я, - разліўшы, падняў тост: - Будзь, Хрыстосік, будзь Хрыстом-Збавіцелем! Тваё здароўе!

      Ён адным махам кульнуў чарку, падняўся і пачаў збірацца да цёткі. Я нерухома сядзеў, мне здавалася, што Пятро ўсё ж такі нешта падазраваў.

- Пі, - глянуў ён на мяне. – А на іх, - кінуў у бок Міколы, - не крыўдуй. Ін-тэ-лі-генты!

       Пятро падхапіў сваю спартыўную сумку і махнуў нам рукой на развітанне. Усё адбылося так хутка, што я нават не паспеў адрэагаваць на яго словы. Я, як зачараваны, сядзеў за сталом са шклянкай віна, а хлопцы неяк насцярожана сачылі за мной. Тады я рашуча перакуліў   шклянку. Гучна выдыхнуў паветра, аблізаў вусны і прыслухаўся да таго, што адбываецца ў мяне ўнутры. У горле адразу запякло, і прыемнае цяпло пачало напаўняць усё унутры, твар загарэўся чырванню. Пакой нібы зрушыў з месца, закружыўся. Я раптам стаў надзвычайна рашучы: зноў напоўніў шклянку і са злосцю запытаў:

- Дык будзеце піць ці не?

      Мне не адказалі. Тады я моўчкі выпіў налітае ў шклянку віно, узяў са стала абедзьве бутэлькі і пайшоў з пакоя. У туалеце я выліў астатняе пітво ў ракавіну. Вярнуўшыся, паставіў пустыя бутэлькі на стол і абыякава прапанаваў:

- Можаце здаць іх у пункт прыёму шклотары і купіць віна на свой густ.

Я апрануўся і зачыніў за сабой дзверы.

       Чаму я гэтак зрабіў, не ведаю. Хутчэй за ўсё проста не хацелася патураць чыім бы то ні было капрызам.

 У інтэрнат я вярнуўся апоўначы. У нашым пакоі было тлумна, цыгарэтны дым вісеў аж пад столлю. Перад тым як раз’ехацца хлопцы справілі адхадную гулянку.

       За сталом, застаўленым пустымі бутэлькамі і няхітрай закуссю, сядзелі тры госці: дзве чырнявыя і адна бландзінка. Ля кожнай па хлопцу.

- А, Хрыстосік! – прывітаў мяне Мікола. - З’явіўся божы сын народу.

      Я прапусціў шпільку міма вушэй, моўчкі праціснуўся ў свой куток і апусціўся побач з усё яшчэ чыстым ватманам.

- Чаго дзьмешся? – не адставаў Мікола. – Паздароўкайся з дзяўчатамі!

- Добры дзень, - выціснуў я з сябе, падняўся з ложка і дэманстратыўна пакланіўся.

- Не дзень, а вечар, тундра! – паправіў мяне Мікола, пачынаючы злавацца.

- Прашу прабачыць, сапраўды, добры вечар...

-  Бач ты яго, далікатны! – цяпер і Віктар паказаў зубы, – а дзе была твая далікатнасць, калі віно выліваў?

       Дзяўчаты без асаблівай увагі прыслухоўваліся да гэтай перапалкі, іх, відаць, больш цікавіла не вылітае віно, а тое, што было ў шклянках.

- Хай ён захлынецца сваёй барматухай, чарнільшчык! – прабурчаў Валодзя і павярнуўся да сваёй чарнявай суседкі.

       Аднак Мікола не мог супакоіцца.

- Д’ябла яго не возьме! Трэба ж так прыкідвацца непітушчым, а як дайшло да справы – гатовы быў усё выжлуктаць адзін! А потым яшчэ бадзяўся недзе да ночы, мабыць, на трох збіваўся з прапойцамі.

       Я рашыў не ўвязвацца ў спрэчку, каб не ўзнік раптам скандал. Аднак, калі ўвага з маёй персоны перайшла на іншае, я не вытрымаў і ўсё ж такі ўлез у агульную гаману – відаць хмель яшчэ не выветрыўся з маёй галавы.

- Каханне не можа быць свабодным! – павучальна выступаў я. – Бо свабоднае каханне – гэта ўжо не каханне, а толькі самы што ні на ёсць падман дзеля задавальнення інстынкту, і толькі. І навогул, на маю думку, каханне – гэта палон. Нехта з двух палонны, а нехта заваёўнік. І той, хто кахае мацней, становіцца рабом, а той, каго кахаюць уладаром. А гэтае самае свабоднае каханне – не што іншае, як распуста...

- Ну-у, - не вытрымала раптам бялявая дзяўчына, якую звалі Алеся. – Ты проста лектар былога таварыства “Веды”. Папужай яшчэ СНІДам ці нечым венерычным, бо ў іх гэта самы важкі довад.

- А што? – я загарэўся яшчэ большў. – І гэта часта сустракаецца. Ды я не пра хваробы фізічныя, я пра хваробы духоўныя. У так званым свабодным каханні разбураюцца чыстыя пачуцці, пра якія ўпотай марыць кожны з нас і якія не ў кожнага хапае цярплівасці дачакацца...

- Ой, трымайце мяне! – рагатала Алеся. – Філосаф!

- Ён у нас паэт, выгукнуў Мікола. Адышоўшы да дзвярэй, хлопцы, мабыць, вырашылі, як хутчэй зацягнуць дзяўчат у свабодныя пад свята пакоі. Пераход ад балбатні да таго самага свабоднага кахання ў іх адбываўся вельмі проста.

     І тут мяне занясло. Я ж ніяк не мог зразумець, чаму дзяўчаты пагаджаюцца на такое. Яны здаваліся мне прагожымі легкакрылымі матылькамі, якія бяздумна ляцяць на полымя свечкі. Я не разумеў, чаму трэба спачатку абпаліць крылы, каб потым нешта зразумець у жыцці?

      Хлопцы ўсё яшчэ раіліся ля дзвярэй. Раз-пораз хто-небудзь з іх выбягаў з пакоя, вяртаючыся, падморгваў астатнім. Я ўжо ведаў, што набліжаецца фінал вечарыны.

- Дзяўчаткі, - падлавіў я момант, калі хлопцаў не аказалася ў пакоі, - а што, калі ад гэтага свабоднага кахання дзіцятка народзіцца? Як тады быць са свободай? – Мне ўспомнілася Сашкава сяброўка Алена і сам Дзямчук – шэры, злы.

- Ой, памру! – развесялілася Алеся, самая гаваркая з дзяўчат. – Дзівак! Можна пераспаць з хлопцам і не панесці. Гэта ж зусім проста. Эх ты, мой зялёненькі, нецалаваны. Так? Глядзіце, як збянтэжыўся. Ну проста нявінніца.

      Алеся падышла да мяне і, як забаўляючыся, села мне на калені, абхапіла рукамі за шыю і заглянула ў вочы. Сказала ласкава:

- Зялёненькі мой! – і пагладзіла мяне па галаве.

      Нечаканая выхадка Алесі паралізавала мяне, я не мог вымавіць ні слова і адно баяўся, каб хлопцы не ўбачылі мяне з дзяўчынай.

        Алеся нейкі час моўчкі дыхала мне ў твар і пільна, як прыцэньваючыся, разглядала мяне. А потым раптам прыпала да мяне ўсім целам і пацалавала ў вусны. Горача, доўгім пацалункам. Задыхаўчыся, рэзка ўсхапілася і адыйшла ў дальні кут пакоя, дзе на шафе было люстэрка.

       Я ледзьве не абамлеў. Гэта ж быў мой першы пацалунак. Мяне пацалавала дзяўчына! Сама! Відаць, разгубленнаць праявілася на маім твары, бо дзяўчаты дружна заліліся смехам.

- Ну вось, цяпер і ты парушыў нявіннасць! – абвясціла чарнявая Света.

      Напэўна, я быў такі чырвоны, як звараны бурак.

      А Алеся здалёк назірала за мной, неяк інакш, чым раней. На нейкае імгненне нашы позіркі сустрэліся, і нешта невытлумачальнае нібы пачало нараджацца паміж намі. І мне нязносна захацелася, каб гэтая светлавалосая з шэра-зялёнымі вачамі дзяўчына была маёй, і толькі маёй.

      У гэты час хлопцы ўваліліся ў пакой радасныя, узбуджаныя. Праўда, Мікола адразу ж заўважыў маю збянтэжанасць.

- Дзяўчаткі, - развесяліўся ён, - чым гэта вы яго так расфарбавалі?

- Хто ж ведаў, што ён у вас дзевак баіцца? – пажартавала Света.

- Паспее яшчэ, - адмахнуўся Мікола, яго думкі зараз былі аб іншым. – Дзяўчаткі, давайце выйдзем, ёсць пра што пагаварыць.

      Кампанія пакінула пакой. Я неспешна разабраў свой імправізаваны чарцёжны стол, разаслаў пасцель і толькі сабраўся распрануцца, як дзверы раптам адчыніліся. Я толькі паспеў кінуць на ложак пакрывала. Перада мной стаяла Алеся.

- Не перашкоджу?

- Не-е, - голас мой чамусьці дрогнуў.

- Ну, не злуйся, - яна зачыніла за сабой дзверы.

- Не выдумляй, - мне не хацелася вяртацца да яе нядаўняй выхадкі.

Алеся падышла да стала, выліла ў шклянку з бутэлькі рэшткі віна, выпіла і ўсміхнулася:

- Па тваіх вачах бачу, што злуешся. Не ў тым справа. Вось табе хочацца ўсіх вучыць, а сам ты што зведаў, што? – Яна глядзела мне проста ў вочы, не моргаючы, не адводзячы позірку. Яе вочы выпраменьвалі мяккае пяшчотнае святло, ад яе цела лілося нейкае незвычайнае жаночае цяпло. І была яна ўся нібы вельмі блізкая, свая. – Але ж ты, Хрыстосік, добры! – вінавата ўсміхнулая яна. – Толькі  не кажы пра тое, чаго сам не перажыў. Маленькі, добры Хрыстосік.

         Я не стаў агрызацца. Адно вінавата паціснуў плячамі. А яна неяк завельмі шчыра раптам прызналася:

- А такога хлопца, як ты, я пакахала б. Моцна. Па-сапраўднаму. Назаўсёды!

      Ад гэтых слоў мне зрабілася ніякавата. Яе шчырасць мне здалася працягам перапыненай гульні, зразумець сэнс якой я не мог.

-  Ты, Хрыстосік, добры, - працягвала Алеся. – Але запомні: дабрыня сучаснага мужчыны не цэніцца.

-  Няўжо? – паспрабаваў я ўключыцца ў гульню.

Алеся не звярнула ўвагі на мой тон, можа, не заўважыла маёй насмешкі і спытала ва ўпор:

-  А ты такую, як я дзяўчыну, пакахаў бы?

У маім горле зрабілася суха, я анямеў і толькі лыпаў вачамі.

-  Маўчыш? Асуджаеш? Я ж прыйшла за каханнем ў інтэрнат. А што ты ведаеш пра мяне, што? Хто даў табе права асуджаць мяне?

- Ды я нічога, - толькі і прамармытаў я.

- Памаўчы! – перабілі мяне Алеся.

- Не, гэта ты памаўчы, - раптам узлаваўся я. – Ты лічыш, што я не маю права мець уласную думку, бо не пераспаў з дзеўкай? Так? Дык вось. Я хлопец, і ты можаш мне проста падабацца, і я магу хацець, каб ты была іншай, бо у кожнага чалавека ёсць совй ідэал. А ты... Такая прыгожая, незвычайная і разам з тым... Звычайная, бо прыйшла сюды... Чаму?

- Таму! – Алеся кончакам языка аблізала засмяглыя вусны, смачна і эратычна. Потым прыкусіла ніжнюю губу, і я ўбачыў, як бліснулі яе вострыя драпежныя зубкі.

       Я не хацеў больш  мірыцца з нявызначаннасцю яе паводзін, двухсэнсоўнасцю слоў. І я задаў пытанне, як мовяць, у лоб:

- Алеся, я падабаюся табе? – і адвёў позірк. – Ты казала, што магла б пакахаць такога хлопца, як я. А як зразумець, што праз некалькі хвілін ты кінешся ў абдымкі хлопца, які табе абыякавы?

- Не твая справа! – злосна зыкнула дзяўчына.

- Чаго ж так сярдзіна? Не, я скажу ўсё, што думаю, а ты мусіш выслухаць.

Яна зняважліва рассмяялася:

- Ну давай! Што ты там у кнігах вычытаў?

      Гэтай абразы я не сцярпеў, мне захацелася сказаць ёй нешта такое, што б закранула дзяўчыну за жывое.

- Так, я зялёны, нецалаваны. Твой палалунак лічыць нке будзем, гэта проста жарт. Але што ты заспяваеш праз тыдзень-другі, калі прыгожы і абаяльны рыцар з выпадковай кампаніі падаруе табе... – Я падскочыў да Міколавай тумбачкі, адчыніў шуфлядку і дастаў невялічкую скрыначку з таблеткамі. – Ці ведаеш ты, што гэта за лекі?

- Трыхапол, - прачытала ўголас Алеся і са страхам паглядзела на мяне.

Я шпурнуў таблеткі назад і зачыніў шуфлядку.

- Не хвалюйся, гэта ляжыць тут на ўсялякі выпадак, мала што можа здарыцца...

Закончыць я не паспеў, у пакой вярнуліся мае суседзі з дзяўчатамі.

- Дзе ты прапала? – накінуўся Мікола на Алесю. – Ужо ўсё гатова... – Ён наблізіўся да дзяўчыны, бесцырымонна абхапіў яе за талію і нешта зашаптаў на вуха. Яна нічога не адказала, толькі злосна зыркнула на мяне. Мне не трэба было тлумачыць, што мог прашаптаць мікола. Сарамлівая чырвань заліла мой твар.

      Прыхапіўшы Алесю, кампанія знікла. Я зноў застаўся ў пакоі адзін. Прыбраў са стала, саставіў у шафу пусты посуд, падмёў падлогу і лёг. Але заснуць не мог.

      Не мінула і гадзіны, як вярнуліся ўзбуджаныя Віктар і Валодзя. З іх слоў я зразумеў, што фінал вечарыны не ўдаўся: дзяўчаты чамусьці заўпарціліся.

      Я ўсміхнуўся і адвярнуўся да сцяны. На душы стала лёгка-лёгка. Цяпер можна было са спакойным сэрцам спаць. У мяне, жаўтароціка, нешта ўсё-такі атрымалася.

      Раптам дзверы з грукатам расхінуліся, і ў пакой увараваўся разгневаны Мікола. Ён адкінуў крэсла, якое было каля майго ложка, і зароў:

- Дзе гэты бабскі заступнік? – Сарваў з мяне коўдру. – Я іх паіў, улешчваў, пакоі расстараўся, а ён тут... прапаведнік, маць тваю!

      Я сеў і сонна залыпаў вачамі.

- Ты што наплёў Алесі, гадзяня? Што? – Не чакаючы майго тлумачэння, Мікола з усяго размаху тыцнуў мяне кулаком у твар. Я адхінуўся на падушку і адразу адчуў пякучы боль у пераноссі. А ён замахнуўся яшчэ раз, і ўдар трапіў у правае вока.

       Хлопцы кінуліся бараніць мяне. Мікола яшчэ нейкі час тузаўся ў іх моцных руках, лаяўся і пагражаў. Я маўчаў, потым, калі яго адцягнулі ад майго ложка, узяў ручнік і пайшоў у мыцельнік. Адчуваў я сябе, як пабіты сабака. І сумна думаў: “Нялёгка быць нават маленькім Храстосікам!”

 Часопіс “Акно” 1999г.