Прыгоды Бульбаёсцiка

Раиса Дейкун
Бульбяны шлях

Дзесьцi на пачатку ХVI стагоддзя iспанскiя пiраты на парусных суднах адправiлiся ў Паўднёвую Амерыку, каб заваяваць старажытную краiну iнкаў, якая мела назву Перу, i авалодаць яе багаццямi.

Шмат новага i незвычайнага пабачылi пiраты ў заваяванай iмi краiне.
Тут раслi незвычайныя дрэвы: шакаладнае, хiннае, хлебнае, каўчуковае. Лёталi вялiзныя, нiбы самалёты, птушкi – кондары i альбатросы, а яшчэ i зусiм малюсенькiя – калiбры. Лясы насялялi дзiкiя свiннi, вадзiлiся мурашкаеды, пумы, ягуары. А ў рэчцы Амазонцы плавала драпежная рыбка – пiрання, у акiяне – зубастыя акулы. А яшчэ тут поўзалi вялiчэзныя змеi – анаконды, кракадзiлы – кайманы i яшчуры – iгуаны.

Але больш за ўсё здзiвiлiся iспанцы, калi пабачылi, як мясцовае насельнiцтва – iндзейцы, здабывала з-пад зямлi нейкiя незвычайныя плады. Яны раслi пад невялiкiмi кусточкамi. Клiмат у той краiне таксама быў незвычайны: ноччу было холадна, а днём прыпякала сонейка. Дык людзi ноччу тыя плады замарожвалi, а ў дзень  сушылi i спажывалi да ежы. Кусточкi гэтыя называлi «папа», а плады з-пад iх – «чуньо». Гэта былi незвычайныя кансервы старажытных перуанцаў, якiя можна было захоўваць 3-4 гады!

Вы здагадалiся, што гэта была бульба?

Разам з золатам яна была завезена на iншы мацярык свету – у Еўропу…

Клiматычныя ўмовы i глеба Беларусi як нельга лепш прыйшлiся па душы заморскай госцi. На Белай Русi невядомы колiсь караняплод знайшоў другую радзiму, заваяваўшы ўсеагульнае прызнанне i любоў людзей. Недарма ж жыхароў Беларусi напаўсур’ёз называюць «бульбашамi». Наш народ, аддаючы належнае бульбе, праславiў яе ў народных песнях i танцах. Пра яе напiсаны вершы, балады; выпушчаны маркi, напiсаны карцiны.

Паглядзi, дружочак, на карту свету. Знайдзi на ёй краiну Перу, якую i сягоння амывае Цiхi акiян. Гэта – радзiма бульбы, якую ты так любiш у выглядзе: тоўчанкi, дранiкаў, бабкi, калдуноў i яшчэ шмат чаго – не пералiчыць. Колькi вады i сушы – рэчак i марэй, гор i лясоў аддзяляюць тваю краiну ад Перу! Уявi сабе шлях, якi адолела бульба, каб з’явiцца на тваiм стале…

Я таксама паспрабавала гэта зрабiць i атрымалася казка пра Бульбаёсцiка.

Буду рада, калi яна табе спадабаецца.

Аўтар.


Дзеючыя асобы

Спадарыня Бульба – жонка спадара Ёсця.
Спадар Ёсць – муж спадарынi Бульбы.
Бульбаёсцiк – сын Ёсця i Бульбы.
Вяпрук – дзiкi звер, парсюк.
Спадар Акiян – стыхiя.
Кондары – вялiкiя заморскiя птушкi.
Буслы – паслы.
Секвоi, пальмы – фанабэрыстыя асобы.
Буль, Бульбiнка, Бульбянёк, Бiнка, Ульба, Янёк, Бульбiк, Булька – героi бульбянога роду.
Агуркi, Морква, Кроп, Шчаўе, Сланечнiк, Бурак i т. д.– суседзi бульбашоў.
Бохан – хлеб з бульбы i пшанiцы, круглай формы, як вясельны каравай


Ён далёка пайшоў
Чэсць i славу знайшоў
Для свайго народа
Бульбянога рода

У далёкай краiне

У далёкай той краiне,
Там, дзе горы i далiны,
Дзе начамi снег iдзе,
Днямi сонейка брыдзе –
Цуда-дрэўцы спрэс растуць,
Людзi з iх плады ядуць:
Абрыкосы, ананасы,
Яшчэ iншыя прыпасы.
Не паверыш, нават, брат:
Дрэваў шакаладных шмат.
Пальмы розныя, секвоi,
Штось падобнае на хвою…
А яшчэ ёсць папугаi,
Ды ваўкоў блукае зграя…
I, як ветразi на моры,
Кружаць кондары ў прасторы.
Але ж  з iх  найцiкавейшы
Будзе акiян бязмежны.
Сярод пальмаў i секвой
Нарадзiўся наш герой.
Праўда, апрача тых пальмаў
I пахучых кветак-мальваў,
Дрэваў дзiўнае пароды,
Ёсцека i агароды,
На якiх – на выгляд просты
I прытым малога росту
Жыў народ, там паслухмяны,
Зваўся род яго – бульбяным.
Ды раднi было не густа,
Бо зямелька была – пустка.
Сонца, неба i вада –
Вось i ўся ў бульбы яда.
Ды яшчэ не ўся бяда!..
Дрэвы знатнае пароды
Iм далi iмя – галота,
Дзецi iхнiя праз плот
Смецце кiдалi ў гарод,
Драбязою абзывалi,
Гэткiм чынам, зневажалi.
Як бы мовiлi: кацiся,
Або з доляю згадзiся,
Бо да рота каб паднесцi
Трэба бульбачку абтрэсцi,
I пачысцiць, i памыць,
I затым яшчэ зварыць.

Але гэтае работы
Госцi знатнае пароды
Не любiлi, што й казаць!
Хоць не супраць смакаваць
З бульбы розныя аладкi:
Гэта вам не шакаладкi!
Са смятанкай i грыбамi,
З чым яшчэ, скажыце самi?
Праўду кажаце, са шкваркай,
Шкварку бульба любiць змалку.
Ды што зробiш? Выбачай!
Iх не песцiў гэты рай.
I таму, нiбы бабулi
На зямельцы спiны гнулi
У тым краi бульбашы
I з мянушкай Барабулi
Марнавалiся ў кашы.

У сям’i

Бедна, цесна, а ў сям’i
Дружна ўсё ж такi жылi.
Хоць амаль усе дзяўчаты,
Бацька Ёсць быў вельмi рады.
Мацi Бульбiна таксама
Iм была выдатнай мамай.
Баранiла ад жукоў,
Ненажэрных сваякоў
I карэньчыкi памалу
У зямельку запускала.
Марыў Ёсць усё ж пра сына,
Бо на то свая прычына:
Трэба род свой захаваць,
Сыну ў спадчыну аддаць
Сваю сiлу, сваю волю,
Сваю долю i нядолю…
Быў бы сын – ён дапамог бы
Долю выпрасiць у Бога.
Адшукаць зямельку, дзе б
Стаць знаходкай для людзей.
Быць са шкваркай, не баяцца,
Як у масле сыр, катацца.
Толькi, дзе ж тая зямлiца
I празрыстыя крынiцы,
З якiх можна ў смак напiцца,
Дзе б род iхнi паважалi,
Не з якога-небудзь жалю?
Можна ж бульбай ганарыцца
Толькi трэба не лянiцца –
Тады нават цар з царыцай
Каралi, прынцэсы, прынцы,
Ды i ўвесь зямны народ
Будуць сытыя штогод!


Тары-бары-растабары
Кожны мае свае мары…

Маленькi, але ж удаленькi

Вось пад калiвам аднойчы
Бачыць Ёсць – здаецца хлопчык!
Нос ягоны ў бульбянятка…
— Будзеш ты чыё, дзiцятка? –
Затаiў дыханне Ёсць,
У грудзях адчуўшы млосць.
— Чаго, татка, ты здзiвiўся?
Ты ж хацеў, каб я з’явiўся?
Мацi – Бульба,
Бацька – Ёсць,
Я сынок ваш – Бульбаёсць!
Не глядзiце, што маленькi,
Я – сыночак удаленькi.
— Бульбаёсцiк,
Мой сынок!
Ледзь прамовiць бацька змог.
Побач выцiрае вочы
Мацi Бульбiна:
— Сыночак!
Мой сыночак-галубочак!
Ёсцiк, клiкай нашых дочак!
Пазбягалiся ўсе дзецi
На малога паглядзецi,
Смех i пiск сярод дзяўчат:
Нарадзiўся iхнi брат!

I зазначыў Бульбаёсцiк:
— Я хлапец зусiм не просты,
Бо са мною хлеба бохан,
А ён з цеста не благога:
Ён бульбяны, ён духмяны,
Вельмi смачны, без падману.
Гэты бохан залаты!
Як паеду я ў сваты,
Уручу свой каравай,
Дык з нявестай сустракай!
Але ж гэткiя турботы
Нас чакаюць, бацька, потым.

А цяпер мой хлеб чароўны
Раздзялiце ўсiм пароўну,
Не забудзьце пра дзяўчат,
Я цяперака iм брат!
Справу хлеб сваю саслужыць,
Будзе бацька зноўку дужым,
Маладзей матуля стане,
Зажывём мы ўсе ў пашане.
Дайце толькi падрасту –
За сабой вас павяду!
Мы паднiмемся на ногi,
Нават край забыты, ўбогi
Распукнецца, нiбы кветка,
Як мы выйдзем на палеткi.
А пад калiвам улетку
Сабяруцца ў гурбу дзеткi:
Буль, Бульбiнка, Бульбянёк,
Бiнка, Улька ды Янёк…
Безлiч брацiкаў, сястрычак,
Нават iх не пералiчыш.
Адшукаем гэткi край!
Наш здабытак – ураджай –
Мы раздзелiм з грамадою
Дружна справiмся з ядою.

Тут i Ёсць наш схамянуўся,
Да суседзяў павярнуўся,
Крык падняў на ўвесь гарод.
Збегся здзiўлены народ:
I бабуля Барабуля
У расхрыстанай кашулi,
З бульбай кiнулi кашы,
Каля лесу бульбашы:
— Чулi, клiкаў Ёсць кагось
Як калiсьцi ў маладосць?!
Голас радасны i зычны,
Сам увесь – нiбыта клiчнiк!
У яго спытаў народ:
— Што за крык на ўвесь гарод?
I якi яшчэ тут госць
Аб’явiўся, ягамосць?
Не прынёс бы нам бяды!
То давай яго сюды,
Трэба госця правучыць,
Хай пазнае, што па чым.
Гавары, хутчэй давай,
Што ў цябе за каравай?
На вяселле ёсць надзея?
— А ўжо ж, сталася падзея!–
Спадар Ёсць азваўся iм.
— Нарадзiўся ў мяне сын!
На ўвесь свет такi адзiн!
Чэсць i славу нам здабудзе
З iм мы выберамся ў людзi.

Чароўны бохан

Выцер потны лоб стары
I прадоўжыў гаварыць:
— Жытку дрэнную мы маем,
Бо цаны сабе не знаем.
Сын мне гэты бохан даў,
Залатым яго назваў
I чароўным – паглядзiце,
Як яго вы нi дзялiце,
Не паменшаў каравай.
Свае рукi падстаўляй!
Страўнiк лечыць ён i болькi.
Бач, не зменшыўся нiколькi!
Вiтамiнамi багаты –
Вось i ў нашай хаце свята!
Толькi ж помнiць нам прыстала:
Хлеб не кiдаць дзе папала.
Каб нiколi ён не знiк
Трэба класцi на рушнiк,
А затым у рукi браць,
Шанаваць i мiлаваць,
Навучыцца гатаваць,
Выпякаць у кожнай хаце
Каравай бульбяны, браццi!
Бог паслаў нам гэты цуд,
Весялiся, добры люд!

— Дзе ж ён, слаўны твой сынок? –
Запытаўся Агурок.
— Хай ён дасць нам толькi знак, –
Заявiў сваяк Бурак. –
За такiм i я пайду
У агонь сам i ваду!
— Го! Якi ты, браце, хуткi!
Пачакай, i не мiнутку.
Покуль прамiльгнуць дзянёчкi,
Падрасце няхай сыночак!
А каб разам з iм падацца
Трэба й нам падсiлкавацца.
У калысцы сын мой спiць,
Мацi побач з iм сядзiць
I спявае калыханку
Сыну з вечара да ранку.
— Як назваў? –
Спытаў Гарбуз.
— У мяне ўвесь, карапуз!
Зваць, вядома ж, Бульбаёсцiк!
Расхвалiўся бацька штосьцi…
Задаволеныя госцi
Вiншавалi доўга Ёсця,
Ажно покуль маладзiк,
За секвойямi не знiк.
Ды з-за воблака прамень
Не прывёў наступны дзень.

Надзеi i падзеi

Непрыкметна час iдзе,
Наш герой сабе расце…
Толькi стукнула паўгода,
Ён абгойсаў агароды,
Добра вывучыў буквар,
Мяч кiдаў да самых хмар.
…Рос сапраўдны гаспадар:
Уставаў яшчэ на золку,
Працаваў, нiбыта пчолка.
Бульбу не даваў абразiць,
I любiў на дрэвах лазiць!
Усё больш – за агарожай,
Пранiкаў у стан варожы,
Да тых пальмаў i секвой –
Ну не быў бы ён герой!
Стаў адзiн раз ля парога,
Заявiў: «Пара ў дарогу!»

Сабiралiся нядоўга
Бульбашы ўсе ў пуць-дарогу.
Пакiдаючы свой «рай»,
Прыхапiлi каравай,
Што герой падараваў
I чароўным называў.
Ён i праўда быў чароўны
I не меў у свеце роўнi.
Хто любiў яго – ахвотна
Падлятаў ён сам да рота,
Частаваць усiх быў рады
Лустай добраю з салатай.

Ёсцеў сын не проста лазiў,
Лаз знайшоў для пералазу.
За густою агароджай
Не адзiн быў край прыгожы,
Ды пакуль пабачыш рай,
Паспытаеш i адчай.

Сустрэча з вепруком

Бульбаёсцiк вёў да мары,
Ды сустрэў адну пачвару –
Вепрука! Убачыць мала:
Метры два аднога сала!
Той iклы  наставiў грозна,
Уцякаць герою позна.

— Ну й, малеча! Смех дый годзе! –
Дзiк зарохкаў, бы ў балоце
Жабы, хворы на прастуду,
(Не дай Бог такога цуду).
Думаў звер павесялiцца:
— Чаму дома не сядзiцца?
Лепш паспаў бы на гародзе
I не марыў аб свабодзе!
Нейкi гузiк, а не хлопец,
Мне цябе й на зуб не хопiць.

Бульбаёсцiк не самлеў,
А лагодненька запеў:
— Вепручок, мой, дабрадзею!
Маю на цябе надзею
I прашу – дапамажы,
Акiян дзе – падкажы!
Караблi там, кажуць, ходзяць,
Паглядзець хачу, дый годзе!

Тут вяпрук ужо здзiвiўся,
Вочы вырачыў, спынiўся.
— А мая такая думка,–
Зноўку брыдка ён захрумкаў,–
Да якога акiяну?
Ну й нахабны ты, бульбяны!
Дзе ты бачыш акiян,
Сярод малпаў i лiян?

А наш хлопчык расхрабрыўся,
Хоць i потам ён пакрыўся.
Назад шагу не ступiў,
I далей загаварыў:
— Я даведацца павiнен
I пра iншыя краiны,
Ды параiцца з раднёй
I вялiкай, i малой.
Тут няма нiякай жыткi,
Анi даху, нi нажытку.
Мы шукаем лепшай долi,
Жыць не хочам у няволi.

Звера хлопчык так уразiў,
Зрэнкi ледзь не павылазiлi!
Аж упрэў i поўсць – тарчма,
Быццам гонiцца чума.

— Бегчы аж да акiяну?
Я не меў такога плану,
Бо спяшаю пад дубы,
Дзе чакаюць жалуды.
Ад мяне ты адвяжыся,
Я i так тут забарыўся.
Акiян твой з караблямi
Вунь за гэтымi гарамi, –
Хмыкнуў ён, махнуў хвастом
I схаваўся за кустом.

Кондары i горы

Тут i бацька – гоп – наперад!
А за iм народ, бы ў нерат:
— Галаву паны дурылi
Калi свiннямi страшылi.
Можна згоду нам знайсцi,
Калi знаць, як падысцi.
Сын нас выручыў з бяды,
Шлях свабодны да вады.
Але ж, як прадоўжыць рух,
Вакол горы сталi ў круг?
Доўга прыйдзецца пацець,
Бо iх не пераляцець.

Бульбаёсць зiрнуў на неба:
—  Кондара нам клiкаць трэба.
А ну, мацi, даставай
Наш чароўны каравай.
Пачастуем добра птушку
I папросiм нас пагушкаць,
I даставiць да зямлi,
Дзе на хвалях – караблi,
Акiян шумiць вялiзны,
Неба мые, як бялiзну.

Кондар, нiбы самалёт,
Як заправiўся – на ўзлёт!
Пасадзiў усiх на спiну,
Горы за адну хвiлiну
Ён адолеў гэткiм чынам.

Ну, а там, куды нi кiнь –
Неба сiнь i хваляў сiнь.
Акiян шумiць, грукоча,
Нiбы ўсё патрушчыць хоча.
Быццам ён чагось злуецца,
Слiнай пырскае, плюецца.
Пацiшэлi прад стыхiяй
Нават самыя лiхiя.
Разгубiлася ўся бульба
I стаўпiлася ў гурбы,
Выйшла так само сабой…
Зноў на выручку – герой:
— Прад табою, Акiян,
Гнецца нават грубiян,
Не маргне ён нават вокам,
Як яму ўсё выйдзе бокам.
Можа, нават караблi
Без дазволу прыплылi,
Абдурыць цябе хацелi,
Ну няйначай – звар’яцелi?

Акiян

Нiбы скопiшча звяроў,
Акiян шумеў i роў:
— Караблi – мае ўсе вязнi,
А вось сам ты, што за блазан?
Як патрапiў да вады,
I чаго прыйшоў сюды?
Турбаваць мяне, старога,
На сябе не ўзяў ты многа?
Ну, якi ў цябе матыў? –
Бац! – Вадою акацiў!

Аж падскочыў бацька Ёсць,
Узяла старога злосць:
— Во! Напiлiся вадзiцы
Можна цэлы век не мыцца!
Мусiць, з нас i тут смяюцца?
Яшчэ, бачыш ты, плююцца?
Ён ваду з вусоў абтрос,
I вось цуд – стары падрос!
Дочкi выраслi!.. Блiзняты
Ледзве выкацiлi з хаты,
А цяпер, вунь, на пясочку
Прыгажэй не знойдзеш дочак.
А бабуля Барабуля,
Нiбы новая кашуля!
Ля дзяўчат красуецца,
З хвалямi мiлуецца.
Падраслi ўсе бульбашы,
Што намоклiся ў кашы.
А герой наш Бульбаёсцiк
Больш за ўсiх дадаў у росце.

— Божа, долi дай дзiцяцi, –
Прашаптала цiха мацi. –
Недарма прыйшлi сюды
Да жывой такой вады.

I сама памаладзела
I душой сваёй i целам.

А тым часам наш герой
Зноўку рынуўся ў двубой.
— Дзякуй, мудры Валадар,
Маеш ты ад Бога дар,
Слабых ставiш вось на ногi
I баронiш ад знямогi.
Дабрадзеем нашым будзеш,
Дапаможаш добрым людзям?
Нам патрэбны караблi,
Каб даплыць да той зямлi,
Што чакае нас даўно,
I якой не ўсё адно,
Што ўзрасцiць на ёй паспелi:
Бульбачку, цi пустазелле?
З бульбянога мы ўсе роду,
Любiм тлустую пароду,
Чарназём лепш, дый пясочак,
Можна ўдобрыць, як захочаш,
Калi прымуць за сваiх –
Стане край радней за ўсiх.
Той спадар – мой бацька Ёсць,
Мацi – Бульба, ягамосць.
Сын я iхнi ёсцека,
Завуся Бульбаёсцiкам!


Акiян паважна слухаў,
Пырскi лёталi, бы мухi.
Потым быццам уздыхнуў,
Хвалю з берага змахнуў,
Зашумеў, загаварыў,
Нiбы вецер у бары:
— А цi ведаеш, кiрпаты,
На братоў i я багаты.
Толькi што ў нас не просяць
Вось такiя Бульбаёсцi.
Мы зямлю ўсю абдымаем,
Куды трэба даплываем.
Не схаваешся нiдзе:
Анi ў небе, нi ў вадзе.
Бо на варце – альбатросы,
Хуткакрылыя матросы.
Цягнуць лямку, нiбы мулы
У хвалях грозныя акулы.
Хоць i сiлу гэтку маем,
Мы не ўсiм дапамагаем.
Памагаем толькi тым,
Каму засцiць вочы дым,
Што парою лёс пускае,
Ды хто рук не апускае.
Хвацкi бачу ты малы,
Вельмi варты пахвалы.
Дам табе я караблi,
I да новае зямлi
Даплывеш без перашкод,
А з табой i ўвесь твой род.
У тым краi бульба трэба
Больш, чым золата i срэбра.
Бульбаю напоўнiш хаты,
Будзеш ты, малы, багаты!

Мары i хмары

Тары-бары-растабары –
Разагнала сонца хмары.
I да берага прыйшлi
Тры вялiкiх караблi.
Акiян прыймаў парад,
Бульбу выстраiў у рад;
Розны быў яе гатунак
Што нi род – то падарунак.

Ёсць, вядома ж, не забыўся,
Акiяну пакланiўся.
Караблю насустрач з верай
Першы крок зрабiў наперад:
— Ну пайшлi, мая Бульбiнка,
Добрым будзе больш учынкам.
Следам i народ бульбяны…
Вось плывуць па акiяну
З слаўным хлопцам Бульбаёсцем.
Страшнавата стала штосьцi,
Сталi парасткi ў штыкi:
Шыбавалi ж напрасткi!
I ў любое там iмгненне
Маглi айсбергаў каменнi
З-за туману наляцець,
А тады чакае смерць.
Бо напомню не ў дакор:
Дрэнна плавае тапор.
Бульба, хоць была i смелай,
Але ж плавала няўмела.
Усё адно – ўпарта плыла
 Мiлю адну за iншай мiляй.
Дзесьцi там за хмарай,
Яе чакала мара:
Крынiцы празрыстыя,
Рэкi серабрыстыя,
Край дзiвосны, светлы,
Родны, запаветны
 
Буслы-паслы

Хто на печы не ляжыць,
Для таго i час бяжыць.
Калi ж ты на судне –
Час бяжыць марудна.

Новы дзень махнуў крылом,
Неба высвецiў з буслом.
Птушкi некуды ляцелi,
Адпачыць яны хацелi.
А вакол, куды нi кiнь –
Акiяна й неба сiнь.
Сярод сiняе красы
Бульбу ўбачылi буслы.
Прыпынiў важак свой клiн,
Стаў на палубу адзiн,
Каб дазволу запытацца,
Адпачыць хаця б застацца.
Ледзве змог ён гаварыць:
— Памажыце нам, сябры.
Парадзела чарада,
Птушку кожную шкада,
Як нас кiнеце ў бядзе,
Мы загiнем у вадзе.

Стары адразу схамянуўся,
Калi з’явiўся белы бусел:
Ён чуў, што мiрна ўсе жылi
Там, дзе буслы гняздо вiлi.
I разам з сынам Бульбаёсцем
Ён запрасiў буслоў у госцi:
— Чароўны маем бохан хлеба
Накормiм вас усiх, як трэба.
…Пра караблi пайшла размова:
— Мы самi тут зусiм часова,
Шукаем вольнага раздолля
Каб не сядзець па завуголлю.

Важак буслоў падняўся ў неба
Вярнуўся з чарадой да хлеба:
Расiнкi ў роцi не было,
Пад’елi – стому, як зняло.
Буслы, як толькi адпачылi,
Бульб запрасiлi да Айчыны:
— На той зямлi – наш родны край,
I можа ён зусiм не рай,
Ды ў свет выводзiм там дзяцей
З падтрымкi добрае людзей.

— А часам там няма секвой?
Не вытрымаў i наш герой. –
Яны нам засцяць белы свет,
Патрэбны – суверэнiтэт*!

— Там людзi добрыя, дарэчы,
Такiя ж, як i вы – сардэчныя.
Вы будзеце не беднякамi,
А як i мы ўсе – землякамi.
Секвой i пальмаў там няма,
Ды ёсць халодная зiма,
Бялюткая, як мы такая,
Яна бывае вельмi злая,
Ды хто ў жыццi не звык лянiцца –
Яе марозаў не баiцца,
Жыве з народам у пашане,
Вас зразумеюць там, бульбяне!
А мы – удзячныя буслы –
Ад вас прыбудзем, як паслы.

— Калi, аповед ваш – не жарты,
Тады рыхтуемся да старту! –
Так Бульбаёсцiк заявiў,
Нiбы апошнi цвiк забiў.

Зямля буслоў

Ведаюць нават маленькiя дзецi:
Канчаецца ўсё калi-небудзь на свеце.
Увесь акiян праплылi караблi
I ўбачылi бераг бусловай зямлi.
Гэта было незвычайнае нешта:
Хлынуў на бераг чаканы паспешна
Бульбы дэсант, ды чародка буслоў,
У якасцi важных ад бульбы паслоў.
Белыя людзi буслам давяралi,
Войска бульбянае хоць i не звалi,
Вырашыў дружна гасцiнны народ:
Хай абжываецца  караняплод.
Сам Бульбаёсцiк не разгубiўся,
Боханам зноўку сваiм падзялiўся.
Смак спадабаўся. Хто колькi хацеў,
Бульбы набраўся i хлеба пад’еў.
Радасны жэўжык удачы дзiвiўся,
Нiзка народу ўсяму пакланiўся:
— Добрыя людцы мае!
Вось – бацькi!
Сёстры мае i мае землякi.
Мы ўсе з далёкай-далёкай мясцiны,
Там мы спазналi цяжкiя часiны,
Уласнай не мелi вольнай зямлi
I выжывалi гурбой як маглi.
Вось i падалiся ў свет мы аднойчы,
Шмат што пабачылi нашыя вочы!
Везлi з сабой каравай мы чароўны,
Гэтаму хлебу нямашака роўнi.
Мы захавалi сакрэтны рэцэпт*,
Сёння агучым яго на ўвесь свет!
Каб на стале мець такi каравай
Волi ляноце сваёй не давай,
Трэба зямельку сваю шанаваць,
Зранку радзiмую перакапаць.
Потым у мяккую гэту зямельку
Нiбы ў пуховую ляжа пасцельку
Кожная бульбiна –  караняплод,
Стане цяжарным увесь агарод.
Парасткi ўзыйдуць, народзiць зямля
Цэлыя гурбiны бульбы пасля.
Будзе пад калiвам кожным сямейка
Бульбы рассыпчатай i саладзенькай,
Прыйдзе пара i збiраць ураджай,
Парыць, варыць, выпякаць каравай,
З добрымi людцамi ўдачай дзялiцца…

— Выберам Бульбу сваёю царыцай! –
Нехта з натоўпу ўголас сказаў,
Люд прапанову яго падтрымаў.

Краiна Бульбалессе

Вось i аповед увесь мой, як быццам,
Бульбiну-мацi зрабiлi царыцай.
Потым буслы падпiсалi дэкрэт,
Бульбе дэкрэт даў  суверэнiтэт!
Ворнай зямлi колькi хочаш, паветра,
Чыстай вадзiцы i вольнага ветра.
I анiякiх надзьмутых секвой.
Побач сябры, што за бульбу – гарой!
Хутка ўсе вёскi лясныя i сёлы
Запаланiлi адны навасёлы:
Злева i справа,
Справа i злева
Бульба красуе,
Яна – каралева.
Дзе каралева,
А дзе i царыца,
Бульбай ваколiца ўся ганарыцца.
Хоць i заморская бульба асоба,
Ды не цураецца з дзецьмi вучобы:
Мову краiны яны вывучаюць,
Сталi гiсторыяй гэтага краю.

Вось i не дзiва, каб гэта вы зналi,
Што Бульбалессем краiну назвалi
…………………………………….

Вадой сышлi часiны тыя,
Калi штурхалi людзi злыя
Нагою бульбу, зневажалi
I бульбашамi пагарджалi.
Ну а знаёмы наш герой
Мог ганарыцца сам сабой:
На ўсiх шляхах ягона праца,
Не бульбасховiшчы – палацы
Усюды ён пабудаваў
I «БульбаЁсцямi» назваў!
Бо там заўсёды бульба ёсць,
А значыць, сытым будзе госць.
Страў з бульбы не пералiчыць:
Аладкi, дранiкi, баршчы,
Прысмакi розныя, харчы.
Для дзетак клёцак  розных шмат
Пiрог бульбяны – нарасхват
I бохан – лёгкi на памiне
На Беларусi, Украiне.
На ўсёй Русi i за мяжою
Гандлююць бульбай мiж сабою.

Яшчэ, над кожным збудаванкам
На вiльчаку – свая буслянка.
Буслы выстукваюць марзянку,
Людзей у госцi запрашаюць.
Усюды iх гасцiннасць знаюць:
У Гомелi i Церахоўцы,
У Аўцюках i Касцюкоўцы…
У Кiеве, у Мiнску, Бранску
Маскве, Чарнiгаве, Саранску…
Мацуюць дружбу, як умеюць,
Сябрыны мову разумеюць.

А на бульбяныя вячоркi
Суседзi прыйдуць – Памiдоркi.
Лiсцё раскiнуўшы ў бакi
Тут скачуць побач Буракi.

Сяброў у карагодзе густа:
Пятрушка, Шчаўе, Кроп, Капуста
I Морква – верная сяброўка,
Салата пекная, Фасолька.

У бубен – бух Гарох за двух!
Гарох – дзяцюк i проста зух,
Ён крапiвы жанiх шчаслiвы.
Увiшны ля яе на дзiва.

А за сталом з глiняных мiсак
Гасцей частуе гурт Радзiсак.

Кагосьцi ад прастуды лечыць
Салодкi ды пякучы Перчык.

Бабуля плача Барабуля,
Бо побач з ёй сядзiць Цыбуля.

У пупырышках Агуркi
Мiльгаюць толькi з-пад рукi:
Яны танцуюць крыжачок,
Не адстаюць i  Кабачок,
Сланечнiк з Мятаю, Часнок.
Святкуюць дружна i працуюць,
Сябрыну слаўную гадуюць,
Што пераможа ўсе напасцi,
Нiкому белы свет не засцiць.

……………………………….

Любяць казкi ўсе на свеце
I дарослыя, i дзецi,
Але ў кожнай казкi ёсць
Свая праўда, ягамосць!
Юный сябар, пры нагодзе
Пабывай на агародзе
I пабачыш там, не дзесьцi,
Ты краiну Бульбалессе!
Да сябе цябе запросiць
Слаўны хлопец Бульбаёсцiк,
Бо с табою побач казка.
Завiтай жа, калi ласка!
Казку  нашу прачытай,
Потым iншым перадай…
Дзякуй, жэўжык мой,
Бывай.



*Рэцэпт
Бульбу зварыць, патаўчы. Размяшаць з халоднаю вадою i накрыць. Праз 3-4 гадзiны дадаць муку, закваску-цэд, соль, ваду. Вымяшаць цеста, даць падысцi. Затым сфармаваць каравай, даць яму падысцi i… выпякаць.
Цэд – раствор з мукi i вады 5:1. Павiнен пастаяць у цёплым месцы 24-36 гадзiн.
Смачна есцi!



Минск. "Книгосбор". 2008 г.