Жнiyная гiсторыя

Наталья Лось
Cцэнарый дыпломнай пастаноўчай работы навучэнцаў 1У
курса Мінскага дзяржаўнага музычнага вучылішча імя Глінкі,
аддзялення “народны хор”.
          
             
 Дзеючыя асобы і выканаўцы:
 Дзед -  Віктар Леанідавіч Доўнар,              бацькі студэнткі чацвертага курса
 Баба - Наталля  Уладзіміраўна Лось             Дар”і  Доўнар
 Алеся –Дар”я Доўнар, 4 курс.
 Галя, сястра Алесі –Марына Мароз, 4 курс.
 Андрэй – Андрэй Карпіевіч, 4 курс.
 Вераніка, сяброўка АлесІ – Вераніка Змітровіч, 4 курс.
 Музыка - Павел
 Дрэвы ў лесе. Сяляне.-  студэнты  1,2,3 курсаў музычнага вучылішча,
аддзялення  “народны хор”.
У пастаноўцы ўдзельнічае этнаграфічны гурт “Джамбі бум”.
Дуда -  Уладзімір Лось.

ПЕРШАЯ ДЗЕЯ. Спрэчка і ўспаміны.
   
Гучыць дуда.
Андрэй: Наша батлеечка небагата, маленечка ды шурпата.
Хто не хоча – не глядзі, а хто хоча – падхадзі!

Дзяўчыны з дзвюма абрусамі быццам адчыняюць дзверы батлейкі.
 
На лаве сядзіць  дзед . Ён спіць. Баба прасуе ручнікі качалкай Але грукат
качалкі не перашкаджае дедаў сон.

Баба: От так напрацуешся за цэлы дзень, прысесьці няма калі.
А ён  сабе вочкі заплюшчыў. І сядіць сябе. Нічога не робіць.
А прачнецца, адразу табе: – хачу есці!

Дзед (расплюшчвае вочы): Баба! Хачу есці!

Баба: Няма.

Д: Што зусім няма.

Б: Зусім няма.

Д:А прошлы раз так казала, а нешта ж знайшла. Ідзі пашукай.

Б: Куды ісці? Што шукаць. У нас нават ні мышэй, ні тараканаў няма. 
Не то што нам, ім есці няма чаго...

Д;  Ну  што жа, паміраць трэба?

Б: Трэба ня трэба, а да вясны не дацягну.

Д: Ну, завяла песню. Лепш чым гэтае слухаць – у лес пайду.

Б: Што?

Д: Можа звера злапаю, альбо дроў нарублю.

Б. Зачакаліся там цябе.

Д: Вось і пайду.
Надзявае аблавух, кажух,  бярэ сякеру. Падумаў трохі – кошык.

Перад выхадам доўга стаіць каля дзвярэй, спадзяючыся, што баба яго
заверне назад.

Д: Ну, я пайшоў.

Б: Ну ідзі сабе. Грыбоў не нясі многа, бо надарвешся.
Д: Во язва. ( выходзіць)
.
(Баба ідзе да вакенца, глядзіць на вуліцу.)

 Б: Ой мяцеліца - мабыць хто павесіўся. Пастаіць трохі на падворку і
вернецца.
Але ж пайшоў некуды.  Ну куды можна ісці, нашто. Усё  жыццё мне папсаваў.
Што хоча,  тое і робіць.

( Падыходзіць да люстэрка)А я ж такая была зграбная. І броўкі чорненькія,
і шчочкі ружовенькія,..

Запявае песню.” Ай у бары сосна”.

Насустрач бабе з люстэрка выходзіць яе атражэнне – маладая дзеўка Алеся.
Яна падхватвае песню.
 Паправіла  фіранку.   Надзела прыгожы фартух.  Павязала
святочную хустку.

У хату увайшла Галя, сястра Алесi.
 
Алеся убачыла Галю. Вельмі збянтэжылася. Узяла венік, стала месці
хуценька падлогу.

Галя: Ну, хопіць у маём фартуху падлогу месці! На жніво трэба збірацца.
( Галя павязвае свой фартух з карункамі і цераз плячо пытаецца у Алесі) –
Ну, а дзе твой шэранькі фартушок?.

Алеся: Зараз, зараз надзяваю.

Галя: Ну, а чобаты свае рваныя абула?

Алеся: Адзела ўжо.

Галя:( не абарачваючыся, прывязвае да галавы касу). Ну, чаго стаіш,
дапамажы мне.
 Алеся  кідаецца на дапамогу. Галя задаволеная глядзіць у люстэрка.
 
Галя:– Не, чагосьці не хапае. Хусткі, во!

Алеся нясе хустку, але аддае не адразу

Алеся:- Паглядзі, як мне пасуе.

Галя:- Рана табе яшчэ красавацца. ( Забірае хустку і павязвае сабе
не галаву).

 Запяваюць “Мамка-вішня”. Песня выглядае як спаборніцтва-спрэчка
паміж сестрамі. Галя раптам  слупянее, гледзячы на Алесю. Паказвае
пальцам на карункі, прышытыя на шэры фартушок.

 Галя:- Што гэта?!

Алеся:- Карункі.

 Галя- ( адрываючы карункі),Каруначкі. Навязала.
Прышыла.
 Рана табе красавацца.

 Алеся :-(плачучы.): Хоць бы цябе хутчэй хто сасватаў.

 Уваходзіць Вераніка. Глядзіць на прыбраную Галю.

 Вераніка :- На жніво, як на гулянку.

 Галя:-- Не твая справа.(Выходзіць)

Вераніка: Што справа, што злева – адна халера.(Алесе)
 Ну чаго разрумзалася?

 Алеся: -Яна маі каруначкі адарвала-а-а. Глядзі. Не брыдка. Павязвае
старэнькую хустачку.

 Вераніка;- Ну, дай сюды. Павязвае па -другому.

 Алеся:- Нашы дзеўкі так не носяць.

 Вераніка:- Паглядзіш, хлопцы галаву звернуць.

Галя: (падыходзячы да Алесі) ага, цябе галаву звернуць.

 Алеся: (Вераніке) І дзе ты так навучылася?

 Вераніка: На гулянцы ў Дамашаве.

( Нехта грукае ў вакенца). Ну, ідзіцё вы?

 Вераніка: Ляцім ужо.

 ДЗЕЯ ДРУГАЯ. Каханне.
Дзяўчаты перакрываюць сцэну абрусамі. Хор запявае песню “Дай Божа”.
Танец з  палотнамі.
Дай Божа пагодачку
Да на нашу работачку
Каб радзіла густое жыта
І густое каласістае.
І на зерне  ядроністае.
Мы работку рабіць будзем.
 Мы пагодку хваліць будзем.
 Павей ветрык, павей па роўненькім полі,
Да па роўным полі, да па сінім моры.
Павей ветрык па сіненькім моры.
Сіне морачка пасінее. Поле роўна параўнее.

Пасля работы жнейкі сабраліся папіць квасу і  языкі пачасаць.

Выходзіць Андрэй. Бачыць дзевак.

 Андрэй: -Дзеўкі,  піць хачу.

Усе працягваюць хлопцу свае жбаны.  Вераніка  падштурхоўвае да
Андрэя Алесю.
 Андрэй бярэ з рук Алесі  збан. Затрымлівае яе рукі ў сваіх.

Усе бяруцца за рукі, пяюць карагодную “ На вуліцы дзеўкі гулялі”.
Галя хоча разарваць кола карагода.  Нарэшце гэта ёй удаецца.

Галя: Ну, усё, досыць. Ты, ідзі за квасам. А ты, - у поле.
 
Алеся быццам прачнулася. Ідзе, аглядваючыся са сцэны. У другі бок,
аглядваючыся на Алесю, ідзе Андрэй. Андрэё напявае  “Салавей, салавей.
 Галя: -Вось і вырасла мая сястрычка.

 Гучыць харавая песня “ Ой, дзевачкі, дамоў пара.”
Ой дзевачкі дамоў пара
 Халодная раса пала
І зара ключы пацярала
А хто ж тыя ключы найдзець.
Ай Ніначка ключы знайшла
 І тую восень за мор зайшла.

 Сцэна перакрываецца абрусамі.

ДЗЕЯ ТРЭЦЦЯЯ. Пляценне лялек.

Хата. Дзяўчыны выносяць сноп саломы, кладуць яго ў начоўкі.
Вераніка з гаршком вару крычыць – Разлятайцеся, вар нясу.

Вераніка запарвае салому. Дзеўкі садзяцца вакол стала.

 Вераніка:- З апошняга снапочка зробім чатыры лялькі.
 Вераніке,
Вольге,
 Зосі
 Ды Гальке.

 Алеся: А мне?

 Галя: - А табе саломы не хопіць!

 Разбяраюць салому. Алеся падбірае саломку, выпрашвае ў сябровак.
 Назбірала невялічкі пучок.
 Андрэй падглядвае ў вокна, запявае песню“ Салавей”.
Алеся  яму адказвае песняй.  Уступаюць астатнія.

К канцу песні ў кожнай дзяўчыны ў руках – саламяная лялька.
У Алесі таксама, толькі маленькая.

 Яны прыціскаюць лялек да сябе,  гушкаюць, бавяцца.

 Абрусовы занавес.

 ДЗЕЯ ЧАЦВЕРТАЯ. Галя хоча перашкодзіць Алесі.

 Хата. Алеся і Галя збіраюцца на гулянку. Павязваюць святочныя
фартухі, на галаву – скіндачкі. Галя адпіхвае Алесю ад люстэрка.
Альбо становіцца перад ёй, закрываючы шкло. Стук у дзверы.

Алеся: - Вераніка, заходзь!

 Галя крыўляецца).
Андрэй:- Гэта я, Андрэй.

Галя:- Ну, калі Андрэй, - заходзь хутчэй.

Уваходзіць Андрэй. Ён трымае букецік кветак. 
Ідзе да Алесі, але Галя становіцца на дарозе . 
Андрэй дае ёй кветачку з букета, каб адчапілася і прапусціла.
Але Галя выравае ўвесь букет. Так тая кветачка і засталася ў  руцэ Андрэя.
Галя: Ну, дзякуй табе. Але ў нашым агародзе прыгажэйшыя растуць.

 Уваходзіць Вераніка.

 Вераніка:-Трэба было цабе, Андрэй, з таго агарода кветачкі рваць.

 Галя: Не замаўляй зубоў, бо нікому не баліць.

Андрэй  засоўвае за скіндачку Алесі кветачку. Галя  робіць тое ж самае. Вось і стаяць  дзве нявесты  каля аднаго хлопца.

Танцуюць   Лявоніху ў тройках.

 Пасля заканчэння танца Галя  зрывае з галавы Алесі кветку і выбягае.
 За ёй кідаецца Вераніка. Хоча адабраць кветкі.

 Алеся прыціскае далоні да твару. Андрэй бярэ яе за рукі.
 Андрэй і Алеся пяюць дуэт.

 Абрусовы занавес.

ДЗЕЯ ПЯТАЯ. Вераніка хоча спыніць Галю.

 На пляцоўку выбягае Галя. Яна трымае у руках гаршок, Алесіны кветкі
і  алесіну саламяную ляльку. Яе даганяе Вераніка. Хапае за  спадніцу.

 Вераніка:-- Стой!

Галя:- Ну чаго ты прычапілася.
 
Вераніка:-  Гэта ты прычапілася да  сваёй сястрыцы.

Галя: - А то не ведаеш чаму!

Вераніка:- Ведаю,  страшна ў дзеўках застацца!

Галька: - Не чапай мяне, а то і на цябе перойдзе!

Вераніка ад такіх слоў выпускае Галькіну спадніцу і адскоквае  назад.
Галька  бяжыць у лес.
 
 Вераніка. крыху затрымаўшыся, зноў пабегла за  Галей.
 Абрусовы занавес.


 ДЗЕЯ ШОСТАЯ. Варажба-атварот.

 Галя ў лесе сярод дрэў. Яна шукае месца дзя варажбы. За ёй крадучыся 
ідзе Вераніка.
Галя, знайшоўшы падыходзячае масца, ставіць гаршок, у яго запіхвае кветкі.
 Галосіць.

Галя: Гора маё чубатае, ніхто мяне не сватае.
 З-за дрэва адзываецца Вераніка.

Вераніка:- Кожная пачвара знойдзе сабе пару.

Галя ад жаху крэсціца, палічыўшы, што гэта адказала ёй “гора чубатае.”

Робіць над чыгунком пасы рукамі. 
У лесе прачнуліся нейкія гукі.
Дрэвы, нібыта ажылі. Нарастае  грукат  барабана.
Чым ён  грымчэй, тым больш хістаюцца дрэвы.

 Галя :- Бярозы ды арэшыны,
Дуб, перуном скалечаны,
 Кусты непрахадзімыя,
Карчы, пянькі асінавыя-
Хістайцеся, круціцеся
Паміж сабой сварыцеся.
 А ты на пянёчку, зелле ў гаршочку,
 Той злосці набірай, да каханне забірай.
 У гэтым лесе – ад Алесі.
У гэтым краі – дык да Галі.
 Хто зелля нап,ецца – да мяне павярнецца.
 Назаве Галю сваёй краляй.
Без сіл валіцца на зямлю.
Вераніка: Як не куляешся – а ўсё памыляешся. Бяжыць з лесу.

 Абрусовы занавес.

ДЗЕЯ СЕМАЯ. Гулянка .

Хлопцы з ухватамі абносяць карагод, стукаючы імі па падлозе,
пужаюць дзяўчат. Тыя з візгам, жартамі выстрайваюцца каля пляцоўкі,
 на якой рыхтуюцца спаборніцтвы. Хлопцы б”юцца на ухватах.
 Прыбягае Галя з гашочкам зелля.
 За ёй бяжыць Вераніка. Галя с з павагай  падае гаршок Андрэю.
Вераніка  робіць адчаяныя  знакі, каб ён не браў. Андрэй бярэ гаршок.
Вераніка выхватвае гаршок з рук Андрэя і аб” яўляе:

 Таўкачыкі.
Хлопцы і дзеўкі разбіраюцца па парам. Пачынаюцца спаборніцтвы Гучыць песня  “Таўкачыкі”.
Гэй, гэй, таўкачыкі,
Гэй, гей, дубовыя
Гэй, гэй, дубовыя.
Да работы гатовыя.

Гэй, гэй таўкачыкі,
Гэй, гэй, дубовыя,
Гэй, гэй, дубовыя.
Цяшэнькі  - пудовыя


Пары скочаць цераз крыжы. Хто зрабіу  памылку – выходзіць з круга.  Засталіся Алеся  І Андрэй.
 Галя выпіхвае Андрэя с крыжа і сама становіцца у крыж.
Гэй, гэй, таўкачыкі,
 Гэй,гэй. дубовыя
Сем год таўкаліся
 У адну ступу сабраліся

Змораныя , яны ніяк не  зкончуць танец.
Музыка перастаў іграць, стаміўся.  Яму падносяць знаёмы жбанок.
 Галя сочыць за ім вачыма.  Усе навокал заміраюць. Вераніка закрыла
рукамі вочы, Галя працягнула рукі да жбанка. Музыка пье і выбірае з
натоўпа толькі Галю.

 Музыка: Як зябе зваць?

 Галя:- Галя.

 Музыка:- Галя – ты мая краля.

Вераніка хлопае у далоні, Алеся скача ад радасці.
Іх падтрымліваюць астатнія.

Пляск у далоні становіцца рытмічным. Уступаюць барабаны.

 Галя пяе песню- соло пад барабаны.
 Пад гэту песню выносяць стол, на які ставяць саламяныя лялькі. Дзяўчыны стукаюць абцасамі па падлозе.  Грукаюць па сталу кулакамі. Лялькі таньчуць.

 Хлопцы  хапаюць лялек.
 Гэта чыя – Веранікі.
 Гэта – Вольгіна.
Гэта-Зосіна.
Толькі Алеся стаіць адна. Яе лялькі няма.
 
Галя кідаецца да Алесі і працягвае ёй сваю ляльку. Алеся абдымае Галю. 
Андрэй і Алеся становяцца ў  кола.

 Усе пабралі сабе пары. Пачынаецца Ойра.

Абрусовы занавес.
.
 ДЗЕЯ ВОСЬМАЯ

 Баба глядзіць у вакенца.

 Баба:- Ну дзе ж ён дзеўся? Не можа  сабе знайсці месца ў хаце.

Нехта стучыць у дзверы. Баба кідаецца адчыняць. Заходзіць  Вераніка.

Баба: - А, гэты ты.

 Вераніка:-Ну зімна, ну снежна. (бачыць  бабу) ну сумна.

Баба:-Дзеда няма.  Пайшоў з раніцы ў лес – і прапаў.

 Вераніка. Гэты не прападзе. На, во дранікаў  табе прынесла.

Баба: -  Ну дзе ж ён? Такая мяцеліца...

Вераніка: -Гарачыя.  Ну, яшчэ цеплыя.

Баба: -  Можа што здарылася з ім...

Вераніка:- Ды і халодныя яны смачныя.   З Дамашава   гарачыя не данясеш!
Тры разы раняла.
Баба:- Можа дзе мядзведь яго задраў?

Вераніка: Во пра мядзведзя  я знаю.  Адзін мядзведь да мужыка падыйшоу,
ды нюх-нюх. А ў мужыка ўсе блохі са страху падохлі. Ой, нешта я ня тое.
 Баба:- Вось і памаўчы лепей.

 Вераніка:- Каб я , ды памаўчала. Запявае.

 Адчыняецца дзверы, уваходзіць  дзед.

 Вераніка з бабай: - Ну, дзе ты быў?

Дзед:- За шчасцем сваім хадзіў.

 Баба з Веранікай пераглядваюцца. Дзед ставіць на стол маленькую
ляльку - саламянку Пазнаешь?
 Баба: - А Божаш мой, гэта ж тая, што Галька у лес знесла.
 
Дзед дастае з кошыка яшчэ штук пяць. Відаць, не адзін год  варажыла.

 Вераніка: - Трэба аддаць іх усім, хто яшчэ іх шукае.

Ставяць лялькі на стол .

Вераніка :-Лялькі- саламянкі, патаньчыце- пакружыцеся, ...

Дзед і баба падыходзяць да люстэрка – там стаяць маладыя Алеся і Андрэй.
Яны пераступаюць раму люстэрка, а за імі ўваходзяць астатнія госці.
Яны ставяць на стол  бульбу, бліны, агуркі, купусту... Гучыць песня.
 “У хаце вяселле”

 Створкі батлейкі зачыняюцца.
Вядучы:-  У батлейкі многа казак
 Не раскажаш іх адразу.
Хай цяпер другія людзі
шанаваць, як мы вас будуць.      
 Каб жылося вам багата,
каб жыццё было, як свята.
 Каб у песні былі крылы
 Дайце нам на гэта сілы!
 Зачыняецца батлеечка,
З вас не возьмем ні капеечкі.

 Створкі батлейкі зачыніліся. Гучыць дуда.  Усе удзельнікі  спектаклю  выходзяць  на паклон.