Людз сабак

Экатерина Данильченко
Удзельнічаюць:
Бабуля – старэнькая жанчына ў хустцы.
Жанчына – маладая прыгожая кабета.
Дзяўчынка – дзіця гадоў васьмі.
Бацька – малады мужчына, муж кабеты і бацька дзяўчынкі, сын бабулі.
Цімошка – старэнькі сабака.
Малады шчанюк.

З’ява 1
У кухні на канапе сядзіць Бабуля, падобная да ўсіх пажылых жанчын. Побач з ёй ляжыць маленькі сабачка. Паміж плітой і сталом завіхаецца маладая жанчына.
Бабуля (гладзячы сабачку): Добры мой Цімошка! Колькі ж гадоў мы з табою разам! А колькі перажыта! І пахаванне дзеда, і нараджэнне ўнучкі... Ты заўсёды быў побач, абараняў мяне, напаўняў сэрца дабрынёй. Але ж і ў цябе ўспамінаў шмат. Як яшчэ шчанюком бязглуздым быў. Як першага снегу наеўся і кыхкаў. А як з суседскай кошкай пазнаеміўся, дык доўга баяўся ад маей спадніцы далека адыходзіцца. А ці памятаеш ты Насцену, дачку маю? Гэта ж яна мне цябе падаравала. Вазьмі, кажа, мамачка, шчаня. Будзеш яго лашчыць і мяне ўспамінаць. І паехала мая Насця за мужам на той канец свету. Зараз толькі паштоўкі на вяселлі дасылае ды патэлефануе калі...
Ох-ох-хох... Стары ты стаў. Цяпер я цябе на руках нашу і абараняю. Бедны мой сляпы Цімошка.
Жанчына (мыючы посуд): Дарэмна вы, Ганна Антонаўна, не згаджаецеся яго ўсыпіць. І яму цяжка, і вам. Корміце яго з лыжкі, абсірае дываны ў хаце, цяўкае, калі не трэба. Навошта з ім цацкацца?
Бабуля: Ды вам, маладым, усе б спрашчаць! Вы б і нас, старых, на гэтую, на эўтаназію, каб дазволілі, мо ўжо гадоў у шэсцьдзесят адпраўлялі б.
Жанчына: Дык вам жа ж ужо восемдзесят!
Бабуля: Дык пара ўжо?
Жанчына: Ды не, вы мяне не так разумееце. Эўтаназія – гэта апошняя мера. Есць больш лаяльныя метады – дамы для састарэлых.
Бабуля: Метады барацьбы са старой свякроўю?
Жанчына: Ай, Ганна Антонаўна! Зноў вы за свае? Немагчыма з вамі!

З’ява другая
Убягае дзяўчынка гадоў васьмі. Цалуе бабулю ў шчаку, гладзіць сабачку.
Дзяўчынка (да сабачкі): Мой ты Цімонька! Сябра ты мой добры! Чаго ж ты ўсе хварэеш?
Жанчына (да дачкі): Не чапай ты гэтую аблезлую псіну! Хопіць таго, што бабка з ей песціцца.
Дзяўчынка: Не бабка, а бабулька. І не псіна, а Цімонька. Я з ім з самага нараджэння сябрую. (Да бабулі) А праўда, бабуля, што Цімон хутка памрэ?
Бабуля: А хто ж яго ведае, унучачка, якой доўгай наша дарога на той свет будзе.
Дзяўчынка: Калі ен памрэ, то мы с табой, бабуля, па ім сумаваць будзем. Пасумуем-пасумуем, а потым новага Цімошку завядзем, такога ж, толькі маладога і здаровага. Так, бабуля?
Бабуля (з уздыхам): Можа і так...

З’ява трэцяя
Заходзіць малады мужчына з добрым, светлым тварам.
Мужчына (цалуючы бабулю): Добры вечар, мамачка! (Потым абдымаючы жанчыну) Прывітанне, каханая!
Жонка нешта буркае сабе пад нос, працягвае займацца сваімі справамі. Дзяўчынка вісне ў яго на шыі.
Дзяўчынка (шэптам бацьку на вуха, але астатнім чутно): Татачка! Татачка! А мама хоча Цімоньку забіць!
Бацька: Як забіць! Вольга, што гэта ты такое надумала?
Жанчына: Ды слухай ты больш гэтую казу! Не забіць, а ўсыпіць.
Дзяўчынка: А гэта не адно і тое ж?
Жанчына (ласкава да мужа, напаўголасу): Мілы, я больш не магу глядзець, як твая мама валтузіцца з гэтай ледзь жывой псінай, толькі сэрца сваё надрывае. Усыпленне – гэта лаяльна, усе так робяць.
Бацька: Можа, ты і маеш рацыю. Я пагавару з мамай.

З’ява чацвертая
Мужчына сядае на кукішкі побач з бабуляй і сабакам.
Бацька: Мама, можа і сапраўды гэтак будзе лепш для нас, а, галоўнае, для Цімона? (Сабака ветліва вітае яго, матляючы хвастом)
Бабуля плача, закрыўшы твар далонямі.
Мужчына асцярожна бярэ сабаку і выходзіць разам з ім.

З’ява пятая
Жанчына: Ды не скугольце вы так, Ганна Антонаўна! Абрыдла слухаць! Быццам у вас дзіця роднае памерла.
Дзяўчынка (абдымаючы бабулю, таксама плача): Не плач, бабуля! Ведаеш, як мама заўседы гаворыць: гэта яшчэ не канец свету?
Бабуля (да Жанчыны): Нічога вы, маладыя, не разумееце! Душы ў вас няма. Бог жывёліну не для таго на свет пушчае, каб мы, людзі, яе забівалі. Мы клапаціцца павінны пра браццяў нашых меншых.
Жанчына: Дык вось мы і клапоцімся.
Бабуля: Клапоцяцца яны! Мала таго, што нічыйных сабак на вуліцы страляюць, дык яны яшчэ і сваіх, хатніх усыпляюць.
Жанчына: І правільна робяць, што страляюць, навошта яны на вуліцы? Дзяцей пужаць?
Бабуля: Тое, што п’янчугі па вуліцы натоўпамі ходзяць і да людзей чапляюцца – гэта добра. А вось сабакі, дык у пячонках сядзяць!
Жанчына: Ды вашай псіне шчэ пашчасціла! Быў бы ваш сын мужчынам, даў бы яму па галаве і вынес на памойку – не прыйшлося б грошы за ўсыпленне аддаваць!
Бабуля: (хапаецца за сэрца і выходзіць з кухні) Вой! Ох-ох-хох...

З’ява шостая
Жанчына нешта робіць за сталом. Дачка сядзіць побач, у нешта гуляе. Уваходзіць бацька і дастае з запазухі маленькае шчаня. Адпускае на падлогу. Яно весела цяўкае.
Дзяўчынка (весела падхоплівае шчаня на рукі): Гэта ж маленькі Цімончык! Бабуля, хадзі хутчэй сюды. Да нас Цімон вярнуўся!
Жанчына (злосна да мужа): А лепш ты нічога прыдумаць не мог? Зноў у хаце цішыні не будзе, зноў мне абасцаныя дываны ў хімчыстку здаваць!
Бацька: Не злуйся! Ен жа маленькі. Хай старая і малая парадуюцца.
Дзяўчынка: А дзе бабуля? Нешта яна не адгукаецца...
Усе выходзяць з кухні.

З’ява сёмая, апошняя
Пасярод залы на канапе ляжыць бабуля. З дывана звісае адна яе рука. Уваходзяць Бацька і Жанчына, за імі Дзяўчынка ўпускае шчанюка. Усе спыняюцца ў парозе, адразу зразумеўшы, што адбылося. Толькі шчанюк весела падбягае да рукі бабулі, абнюхвае і ліжа яе.
Заслона.