Халасты

Анатоль Кудласевич
Анатоль КУДЛАСЕВІЧ
ХАЛАСТЫ 
(невялікі раман ў жанры палітычнага памфлета)
   
Пралог
Рабаўнікі і прастытуткі, забойцы і гвалтаўнікі, шукальнікі лёгкай спажывы і палітычныя авантурысты, фінансавыя банкруты, махляры, дзелягі і сектанты, набрыдзь усёй зямлі і прайдзісветы ўсякіх масцей і колераў, зрыгнутыя “Старым светам” з чалавечых грамадстваў, хлынулі праз Атлантыку і прысмакталіся да новага кантынета. Як п’яўкі балотняй твані, адчуўшы свежую кроў, прывабіліся яны спачатку “залатой ліхаманкай”, потым “чыкагскімі бойнямі”, затым “амерыканскай марай”, а ў апошні час — лёгкім гешэфтам грамадзян “супер-джяржавы”, прагавіта высмоктваючы з бабулькі Еўропы і астатняга свету энергію, сілы і фінансы.
Пад канец XIX стагоддзя “Новы Свет” выбухнуў шалёным будаўніцтвам. Здаецца, само неба  спужалася і адхіснулася да падчарэўя зорак — новабудоўлі хмарачосаў кавалак за кавалкам заглытвалі блакіт нябёсаў, нарасталі, як сталактыты, запаўняючы празрыстае паветра пярэстай мазаікай цэглы, бетону і жалеза. Высачэзныя гмахі падабраліся пад самае неба, і цяпер невялікія хмурынкі, а то агромністыя разлапістыя хмары засмоктваліся скразнякамі ўсярэдзіну і праносіліся праз шкілеты будынкаў, выплываючы з супрацьлеглага боку расшкамутанымі і пашчыпанымі.
Горад назвалі Нью-Йоркам. Гэты мегаполіс усхапіўся на зямной скуры нечакана, як ракавая пухліна, і пачаў распаўзацца хворымі клеткамі збудаванняў, паядаючы прастору, павялічваўся ў памерах, як вадыр з гноем — вось-вось лопне і распаўсюдзіць навокал смуродлівы чад, атруціўшы яшчэ жывое наваколле. 
Чым сталася гэтая язва цывілізацыі для Сусвету? Незагойнай ранай? Каменем спатыкнення? Яблыкам раздору ці пладом спакусы? Час усяму знаходзіць адпаведнае месца, бо ніколі не дрэмле неба  — сочыць за кожным зямным рухам.
11-га верасня 2001-га года назавуць пачаткам новай эпохі. Сімвал амерыканскай магутнасці, будынкі-блізнюкі, абрушыліся літаральна за некалькі гадзін. Амерыканец, як і ўсякі жыхар планеты, адчуў сваю безабароннасць. Гэтая дата — яшчэ і фінальны эпагей самага вар’яцкага перыяду, калі чалавечая цывілізацыя зляцела з катушак і пусцілася ва ўсе цяжкія. Кароткае замыканне. Усполых святла. Шалёнае тэхналагічнае развіццё, а з духоўнага боку — інвалюцыя, дэградацыя і рэгрэс. Што чакае нас у недалёкім будучым? Ніхто не ведае адказу…
Відавочна адно: падзенне вялікіх імперый пачынаецца з ледзь адчувальных зрухаў, якія з цягам часу перарастаюць у тэктанічныя, і тады ўжо нішто не можа спыніць агульны лавінападобны абвал. Самая маленькая цаглінка дзяржаўнай пабудовы — сям’я, але ў гэтым мікраскапічным, у параўнанні са шматнацыянальным дзяржаўным арганізмам, утварэнні, як у люстэрку адбіваюцца глабальныя працэсы, якія (дайце час!) вырвуцца гарачай лавай клакатлівага вулкана і абрушацца на ўсё грамадства.
* * *
Другі дзень пасля тэракта. На вуліцах сапраўднае вавілонскае стоўпатварэнне. Некалькі кварталаў вакол руін Сусветнага гандлёвага цэнтра шчыльна ачэплены паліцэйскім кардонам. Два чалавекі, адзін з камерай на плячы, другі з мікрафонам у руцэ, праціскаюцца праз натоўп.
Груды скарожанага жалеза і перакручанай арматуры, асколкі разбітага шкла, абломкі бетону і бітай цэглы. Языкі полымя і клубы дыму. Усюды кучкуюцца ўзбуджаныя людзі. Пажарныя заліваюць вадой ачагі агню. Палісмэны з салдатамі адціскаюць ашаломлены натоўп ад эпіцэнтра здарэння.
Прайшла чутка: не ўсё так проста ў гэтым тэрарыстычным акце. Пра сапраўдныя прычыны і сапраўдных арганізатараў большасць ніколі і нічога не даведаецца. Відавочна адно: усё не так, як бачыцца, і зусім не так, як падаецца сродкамі масавай інфармацыі. Палітыка — баба скрытная: на кожны выпадак падрыхтавана адмысловая маска.
Тэлежурналіст шукае вачыма аб’ект для здымак, побач топчацца незадаволены аператар: “Дык што тут здымаць? Так і будзем стаяць, як сычы?”.
— Я сказаў, пачакай! — крычыць журналіст, абсякаючы рукой магчымае пярэчанне.
Воддаль заўважае задумлівага святара: на яго шыі недарэчна матляецца бінокль, а за спінаю на экране рэкламнага шчыта круцяцца кадры хронікі. “Высадка саюзных войскаў у Нармандыі; сустрэча на Эльбе; бамбардзіроўка Хірасімы;  касманаўты на луне… Абрушваецца Берлінская сцяна… Растрэл «Белага Дома» ў Расіі. Амерыканскі марскі флот у раёне Персідскага заліва. Аперацыя «Бура ў пустыне». Бамбёжка Югаславіі. Акупацыя Ірака… “Трыумфальны поступ Амерыкі” — так можна назваць кадры дакументальнай хронікі. Але па законах звычайнай логікі і драматургіі — нельга было прыдумаць горшага месца і часу для падобнага з’явішча. Пэўна, тут кіруюцца сваім “здаровым амерыканскім сэнсам”, які цяжка асэнсаваць.
— Здымай пакуль гэта, — журналіст паказвае аператару на кадры хронікі, — ды глядзі, каб чытаўся кантэкст. Бяры другі і трэці план. А я зараз...
 Праз натоўп карэспандэнт прабіраецца да святара, якога запрыкмеціў, і прадстаўляецца на ломанай англійскай мове: “Mr. Arlou. Belorussian TV: can you say some words to belorussian TV?”.
Святар падымае сумныя вочы, у іх — туга і боль: “Interview? The Byelorussian TV? I have not misheard?”. — “Yes! Byelorussian TV!!! — чамусьці крычыць журналіст”. — “Чаму ж не. Можна і на роднай мове, — гаворыць ён, здзівіўшы журналіста. — Я сам беларус. Раманоўскі прозвішча. А завуць Янкам. І мову добра ведаю… Бацькі з’ехалі яшчэ да вайны з Гітлерам. Горад Валожын”.
— О, ведаю! Гэта побач з Мінскам, — радуецца рэпарцёр. — Не думаў сустрэць земляка. Дык як з інтэрв’ю, спадар Раманоўскі, згодны? Што вы думаеце пра ўсё гэта? — абводзіць рукамі навокал, — я зараз клікну аператара, — і зазывае таго рукой.
Паводзячы з пляча камерай па баках, як стынгерам, праз людскую гурму прасоўваецца аператар. Расстаўляецца трынога штатыва: “Ну што, гатовы? — спраўляецца журналіст і робіць адмашку. — Мікола, паехалі!”.
Стрыкоча камера. Арлоў з мікрафонам стаіць каля святара. Аператар наводзіць аб’ектыў: “Мы знаходзімся каля будынкаў Сусветнага гандлёвага цэнтра, — гаворыць Арлоў у камеру. — Учора 11-га верасня тэрарысты здзейснілі жудасны акт. Зараз раён ачэплены паліцэйскімі. Туды нікога не пускаюць. Але нам пашанцавала сустрэць на вуліцах Нью-Йорка свайго земляка, Янку Раманоўскага. Такая цесная аказваецца наша планета. Спадар Раманоўскі, што вы думаеце пра ўчарашнія падзеі?”.
Буйным планам твар святара: “Эх, Амерыка… Амерыка! — варушацца бледныя вусны. — Колькі гонару было ў гэтым слове: А-ме-ры-ка!!! Дзе цяпер твая гордасць? Дзіўная твая гісторыя… Адкрыў цябе Калумб,  а назву ты  ўзяла ад  Веспучы?… Хрыстафор заплаціў за адкрыццё ланцугамі зняволення. Лепш бы не адкрываў… Небяспечна адчыняць вечка скрынкі Пандоры. Заблытана ўсё ў тваёй душы. Вось і цяпер разгубіліся: “Божа, ратуй Амерыку!” — крычаць. Грошы не пахнуць! — гавораць. А вы паглядзіце, — паказаў рукою на нейкага валацугу, які нёс перад сабою на пузе манітор ад камп’ютэра, а затым — вачыма на купку людзей, што нешта шукалі і выцягвалі з-пад завалаў. — Яшчэ як пахнуць! Вабяць, смярдзяць, але прыцягваюць да сябе. Вось такая сёння і наша Амерыка.
 “Вельмі добра, што  ўзгадаў скрынку Пандоры, — падумаў пра сябе журналіст, — можна будзе правесці цікавую паралель”.
— На ўвесь свет верашчаць: людзі змяніліся! Тысячы загінулі. Але ці змяніліся? Я так не думаю… Шэсць мільярдаў не мяняюцца ў адзін міг.
“Цудоўна! Пачну сюжэт з шасці мільярдаў”.
— Не любоў і голад кіруюць светам, не. Гармонія і Справядлівасць! Сказаў жа нехта: мурашка не туды ступіць, — падымае ўгару тонкі палец, — і сусвет разарвецца на часткі… Якая сувязь, спытаецеся, паміж малюпасенькай кузуркай і чалавекам? Ёсць яна, сувязь гэтая... Ёсць! Не заўжды заўважаем яе. Яблык Ньютана помніце? Трэба ж было ўпасці ў такія думкі! І Ньютан адкрывае закон... А яблыкі ж падалі і да яго? І  зараз падаюць яблыкі… Цяпер ужо і самалёты. Але ніхто нічога не адкрывае.
“А можа, і добра? — разважае пра сябе Арлоў. — Пачну з думкі пра яблыкі. Пра сувязь чалавека з малюпасенькай кузуркай”.
— І крыло мухі мае вагу. А хто такі чалавек у Сусвеце? — пытаецца Раманоўскі і сам жа адказвае. — У параўнанні са Светабудовай — мурашка, не болей. А то і зусім нешта мізэрнае: атам, мікралептон... А вось, скажыце, і ён нешта значыць перад Усявышнім. І  думкаю сваёю, быццам дыяментавай голачкай, вышывае па канве лёсу. З нябыту выяўляе падзеі, нібы прамень святла з цемры выхоплівае іх. Сто вякоў мінула б — і не  было б нічога. А чалавек падумаў — і падзеі з’явіліся. Ён прынудзіў іх быць!
У хуткім часе каля Арлова і Раманоўскага згуртавалася купка цікаўных. Сёй-той крыўляў і паказваў у камеру “рожыцы”, строіў рожкі і высалапліваў язык.
— Эх, так і ты, краіна мая, Амерыка! — глыбока ўздыхае Раманоўскі: — Ці зразумела хоць што-небудзь? Ці чуеш: навальніца наплывае з грымотамі — бліскаюць маланкі, грозна ракочуць грамы…
Арлоў паказавае аператару “стоп”: дзве перакрыжаваныя рукі.
“Знайдзіце які-небудзь ёмкі вобраз Амерыкі, — звяртаецца да Раманоўскага. — Я не ведаю, што гэта будзе? Можа арол, ці зорка? Якія асацыяцыі ўзнікаюць у вас пры слове Амерыка?”.
Адмашка рукой. Камера наплывае на Раманоўскага:
— Мне мая дзяржава, Амерыка, нагадвае мужчыну ў росквіце сіл. Менавіта так. Адгадаваў мускулатуру і іграе моцай: не ведае куды дзяваць сілу! – (Арлоў выстаўляе ўверх вялікі палец, маўляў, “супер!”). — Вось і буяніць! Бо ён — мужчына. Але халасты. Без жонкі, лічы што — без цара ў галаве. Халасты патрон толькі сутрасае паветра. Шуму многа, а карысці? Вось так і Амерыка. Патрон патрэбна жаніць куляй, тады ён зробіцца баявым. І, заўважце, не за сферы ўплыву ідзе бойка, не за рынкі збыта і сыравіну. Гэтая больш сур’ёзная бітва: за душу чалавека. Вечная барацьба дабра са злом…
Сюжэт для канала навін атрымаўся выключным. Сёе-тое Арлову прыйшлося выкінуць, наспех зманціраваць і перагнаць на Мінск. А вечарам яны сядзелі з Раманоўскім за рэстаранным столікам, і “амерыканец” распавёў пра сваё жыццё, якім неімаверным чынам ён зрабіўся праваслаўным свяшчэннікам.
— У мяне ж таксама жонка была, — уздыхнуў глыбока і цяжка. — І я гэтак жа не разумеў тады. Цяпер ведаю: ёсць Бог на свеце. Ёсць!! Іначай чым растлумачыш? Сотыя долі секунды, — паказвае сутыкненне двух цел: адна рука апускаецца ўніз, другая ляціць насустрач, — і сутыкненне! Замкнуўся лёс. — Замаўчаў раптоўна. Позірк адсутны, быццам скіраваны кудысьці ўдалеч: ці глядзеўся ў самога сябе, ці чытаў малітву. — Яна загінула. У аварыі. Я лічыў, няшчасны выпадак... Толькі цяпер разумею: няма выпадковасцяў! Не існуе іх. Усё — законамерна. Законам сэрца мераецца, законам сумлення. І не рок, не фатум,  — Бог ёсць. Над намі. І тут вось, у сэрцы, Бог. Давайце, за памін душы! Паднялі шклянкі. Не чокаючыся, моўчкі выпілі. Закусілі. І праз невялікую паўзу Раманоўскі пачаў расказваць.
— З Фларыды шафёр на дасвецці выехаў. Колькі сутак гнаў фургон свой, а яна... (на хвіліну б пазней, ці раней выйшла —  і не было б нічога!), трэба ж  было: цюцелька ў цюцельку выскачыць, сесці ў “Мустанг” свой і рвануцца з месца! Толькі з двара на  трасу выруліла, і ў адно імгненне, — пляскае ў далоні, — хлоп! Лоб у лоб сутыкнуцца. Два жыцці перакрыжаваць: два крыжы на магілы. Да секунды былі пралічаны два лёсы, да міліметра — тысячы кіламетраў. І вось так нечакана… Упершыню я спатыкнуўся тады з такой непасціжнасцю. Але нейкім шостым пачуццём ужо тады адчуў: усё нясе сэнс і мае прычыну. І ўсё гаворыць, што ёсць… Ёсць! Існуе сувязь паміж мурашкай, чалавекам і цэлым сусветам. Праз думку чалавечую.
— Я ж паліцэйскім быў, копам… Забойца спачатку забівае сябе. Бо перад тым, як  руку падыме на бліжняга, дашчэнту вынішчае сваю душу. Гэта зараз — свяшчэннік. Бо зразумеў: не таму гаспадару служыў! Думкі выпраўляць трэба. Іначай усё гэта калі-небудзь праваліцца ў Тартар і зчэзне навечна. І быццам бы і не было нас. Нібы і не жылі на гэтай зямлі. Душу людскую лячыць трэба. Тут вось карнявішча ўсясветнага гора.
І эмігрант расказаў гісторыю, якая спачатку падалася мне неверагоднай, але з цягам часу не аднойчы прымушала задумвацца.
1.
Бацькі пакінулі ў спадчыну для Сары толькі невялікі пакой у трушчобах,  прозвішча Зельцман, якое не заўжды служыла на карысць, ды неімаверную здольнасць выжываць сярод розных абставін і неспрыяльных умоў. Бадай, гэта і была найлепшая спадчына, закладзеная ў генах — нязломны аптымізм і вера ў тое, што жыццё павернецца сонечным бокам і падсуне нарэшце неабходны шанс. Як ваўчыца за ахвяру, намертва схопіцца яна за шанец, падкінуты лёсам, і не адпусціць, пакуль ён не выведзе да бязбеднага жыцця. Тым больш, што прырода не зрабіла яе агіднай, хутчэй наадварот.
 Вось і сёння вечарам Сара выйшла, лічы што на паляванне, каб не прапусціць свой шанс. А шукаць яго, канешне ж, лепш за ўсё ў рэстаране, куды збіраюцца багатыя мужчыны, каб патраціць лішнія грошы.
Заказала бакал таннага віна і пачала вывучаць пярэстых наведвальнікаў установы. Гаманкая кампанія мужчын нападпітку адразу прыцягнула ўвагу. Спрактыкаваным вокам прыкмеціла: грошы (і не малыя!) у іх ёсць — у аднаго на дарагім гальштуку дыяментавая шпілька, у другога запанкі са смарагдамі, а трэці паблісквае швейцарскім гадзіннікам за тысяч пяцьдзесят зялёных.
Краем вуха Сара непрыкметна прыслухоўваецца да іх размовы: “Жонку вучыць трэба!” — гаворыць адзін. — “Згодны. Жанчыны ўвогуле — бязглуздыя стварэнні”. — “Так. Але ў кожнай ёсць свой выбрык, свая радзімая плямка. Джымі, ты ж нядаўна ўкруціў фразу, што ў любой бабы — свае вошы, калі не рудыя, то чорныя”.
“Га-га-га! — рагочуць субяседнікі”, дзяўчына азірнулася і, цяпер не тоячыся, разгледзела ўсю кампанію. Яны перакульваюць шклянкі з напоем, і вось адзін паводзіць мутнымі вачыма і, быццам нешта ўспомніўшы, нечакана ікае словам: “Джэк! Ты так і не расказаў, як уганяеш сваю строгія ў рамкі?”.
— А што тут расказваць, — вальяжна адкідваецца на спінку крэсла Джэк, задаволены ўвагай, праводзіць далонню па твары, быццам наўмысна дэманструючы залаты хранометр, абвяшчае: — Здымаю са сцяны вінчэстэр і цісну на курок.  — “А калі заб’еш? — здзіўляецца субяседнік”. — Дурань ты! Вінчэстэр — не заражаны. Сорак пяты калібр! Толькі клацаю затворам. Ёй і дастаткова: адразу з капытоў. А потым такой лагоднай становіцца, хоць да раны прыкладвай. — “І напраўду, дурныя бабы!”.  — Яна, бачыш ты, прагне моцных эмоцый. Во!
Твар дзяўчыны за стойкай зацікаўлены. Адварочваецца і яшчэ раз уважліва аглядвае кампанію, затрымаўшы позірк на тым, хто “клацае затворам”. Дапівае бакал і выходзіць з рэстарана.
Дзёрзкі д’ябальскі план прыйшоў спантанна, як азарэнне. Трэба было толькі высветліць некаторыя дэталі. Вырашыла не адкладваць.
Седзячы ў кафэ насупраць, каб не кідалася ў вочы, Сара бавілася кавай і пільна сачыла за ўваходам у рэстаран, з якога нядаўна выйшла. Тры пустыя кубкі ўжо стаялі перад ёй. Падыйшоў афіцыянт і паставіў на стол чацвёрты. Але яна не паспела нат дакрануцца да яго.
Першым з рэстарана, хістаючыся, паказаўся Джэк. Сара адсунула ад сябе кубак, занырнула рукой у сумачку, выцягнула грошы — кінула іх на стол, і вопрамет кінулася на вуліцу.
Хвост адыходзячага таксі прымусіў чартыхнуцца. Міжвольная радасць ледзь прыкметна прабегла па твары, калі швейцар расчыніў дзверы насцеж і саступіў дарогу: паказаліся сабутыльнікі. Аднаго з іх (яна адразу ўзяла гэта на заметку) звалі Джымі. Да яго і кінулася цяпер, яшчэ не ведаючы, што будзе рабіць далей.
— Прабачце, Джымі! — ухапіла таго за руку, — а дзе Джэк?
— О-го! — здзіўленна акругліліся п’яныя вочы. — Адкуль ты мяне ведаеш? — “Ведаю, ведаю, — заківала яна галавой”. — Джон, глянь, якая спакуслівая авечка мяне ведае, — спрабуе аблапіць за талію. — Мы з табой яшчэ сёння, ік, яшчэ пабляяем…
— Джымі! — далікатна адхіліла яна мужчынскую руку. — З вамі толькі што быў Джэк. Дзе ён падзеўся? Джэк, Джэк… Мгн! — “Хабарт?”. — Так. Джэк Хабарт, — радасна падхапіла.
— Джон, дзе Хабарт!? Куды падзяваўся Джэк?!!! Джэк, дзе ты-ы!
— Дровы! — развязна адказаў Джон і ўдакладніў, — ужраўся, як бінджюжнік. Ён паехаў… павезлі яго дахаты.
— Ой! Якая прыкрасць! Як жа цяпер быць?! — і дадала расчаравана: — Не паспела. Трэба тэрмінова яму перадаць, — паляпала па сумачцы. — Я не ведаю дзе ён жыве. Вельмі тэрміновая справа.
— Джон, дзе жыве Джэк? Дапаможам такой мілагляднай авечачцы.
— Дзесятая стрыт, дом шаснаццаць.
Сара наспех падзякавана і,  апярэдзўшы п’янтосаў, юркнула ў таксі, што піскнула тармазамі, чым не мала збянтэжыла Джона і Джымі…
Некалькі дзён наводзіла спраўкі і збірала звесткі. А яшчэ праз колькі дзён з самай раніцы яна ўжо сачыла за домам Хабартаў. Старалася застацца не прыкметнай. Яна бачыла Джэка, калі той усеўся ў аўтамабіль і паехаў на працу, заўважыла ў акне яго жонку. Асабліва ўзрадавала тое, што ў іх ёсць сын-студэнт, прасачыла дзе ён вучыцца. Пасля збору гэтых звестак, яе план цалкам выкрышталізаваўся і набыў акрэсліныя рысы. І яна прыступіла да ўвасаблення яго ў рэальнасць.
2.
Любое грамадства, як радзімых плямак, не можа пазбавіцца бяздомных валацуг, беспрацоўных, жабракоў і ўвогуле людзей лішніх. Грамадскія інстытуты намагаюцца не заўважаць іх, бо ўжо адным сваім існаваннем такія маргіналы выяўляюць хваробы грамадскага ладу, яны існуюць у аўтаномным свеце, паралельна асноўнай жыццёвай плыні і прымушаюць звяртаць на сябе ўвагу толькі ў часы грамадскіх катаклізмаў, калі становяцца занадта актыўнымі, ці, калі нехта з чалавечага мурашніка яшчэ раней зацікавіцца іх асабістым жыццём, або насмеліцца гвалтоўна перарваць непрыкметнае іншым існаванне. Дагэтуль лішнія нікому не замінаюць. Часцей за ўсё ў катэгорыю выкінутых з жыцця трапляюць адзінокія старыя, якіх у свой час тое ж грамадства выціснула да апошняй кроплі, а цяпер з-за непатрэбнасці — выкінула на ўзбочча.
Калідорная лесвіца на апошнім паверсе канчаецца невялікай пляцоўкай, на столі прамавугольны люк, да яго прыстаўлена металічная драбіна, якая выводзіць на дах. Постаць са спіны ўзбіраецца па прыступках. Рыпяць іржавыя петлі адчыняемых дзвярэй. Пакатая страха дома. Выцяжныя люкі і антэны. Варкочуць галубы. Гулкія крокі па даху. Лапаценне крылаў спужаных птушак. Двор унізе выглядае цацачна-карыкатурным. Вокны суседняга дома насупраць.
У акне ледзьве праглядваюцца абрысы кватэры . На падваконні гаршчок з пакаёвай кветкай. У праёме акна постаць старой жанчыны. Бабулька ў паношаным халаце падыходзіць да рукамыйніка. Перабірае посуд, знаходзіць кубак, налівае з крана вады і вяртаецца да акна. Струменьчык, у якім танцуюць сонечныя зайчыкі, льецца пад карэнне кветак.
Нехта, відаць, зацікавіўся існаваннем самотнай старой.
3.
Гісторыя — кіруемы працэс. Кожны чалавек па меры свайго разумення працуе на сябе, і па меры неразумення на таго, хто разумее больш. Гэта тычыцца як асобнага чалавека, так і чалавечых грамадстваў уцэлым. Але яшчэ з пракаветных часоў у гісторыі з’явіўся народ, які палічыў, што ведае значна болей за астатніх і супрацьпаставіў сябе чалавецтву. Ці гэты народ, як і большасць, узнікнуў натуральным чынам, ці шляхам планамернай селекцыі быў штучна выведзены егіпецкімі жрацамі для нейкай таямнічай мэты — цяжка сказаць, але яшчэ ў часы разгорнутых паганскіх пантэонаў, чалавечых ахвярапрынашэнняў і шматаблічных бостваў — народ вызнаваў Адзінага. Гэтым народам было семітскае племя яўрэяў, якое лічыла сябе богаабраным, і якое, пэўна, вырваўшыся з-пад улады жрацоў і фараонаў,  пры зыходзе з Егіпта абрабавала сваіх жа збавіцелей (ці селекцыянераў-стваральнікаў?) егіпцян. У нетрах яўрэйскага народа выспела ліхвярская ідэя суднага працэнта, зафіксаваная ў Другазаконні: “Не давай у рост брату твайму… а іншаземцам давай у рост, каб “гасподзь бог” твой блаславіў цябе ва ўсім, што робіцца рукамі тваімі на зямлі, у якую ты ідзеш, каб завалодаць ёю… І будзеш валадарыць над многімі народамі, а яны над табой не будуць валадарыць… Тады сыны іншаземцаў будуць узводзіць сцены твае і цары іх будуць служыць табе…”. Узброіўшыся паразітарна-захопніцкай, чалавеканенавісніцкай дактрынай і інструментам суднага працэнта, апынуўшыся ў рассеянні, прадстаўнікі яўрэйскіх кланаў раптам аказаліся за спінамі правіцеляў усіх краін, дакладней, па-над урадамі многіх джяржаў зямлі. Існуе мноства тэорый сусветнай змовы, у тым ліку і апошняя — “тэорыя залатога мільярда”, згодна якой зямное насельніцтва планамерна вынішчаецца сацыяльнымі катаклізмамі і войнамі, хваробамі, наркотыкамі і алкаголем, мутагенным прадуктамі харчавання, бо нехта зноў палічыў сябе разумнейшым за астатніх і падлічыў, што болей мільярда насельніцтва планета не вытрымае, астатніх пажадана ўбамбіць у першабытна-абшчынны лад. Але ніводная тэорыя па фактакграфіі найболей не адпавядае сутнасці глабальнага кіравання, пасродкам фінансавага дыктата, як тэорыя распрацаваная яўрэйскімі (егіпецкімі) жрацамі болей дзвух тысяч год таму. Ні Першая, ні Другая Сусветныя войны напрамую не закранулі Амерыку, яна ваявала на чужой тэрыторыі і ў асноўным яўрэйскімі грашыма, якія па сваёй сутнасці і з’яўляюцца крывяноснай сістэмай шматлікіх грамадскіх катаклізмаў, рэвалюцый і войнаў. Крывавы гешэфт завяршыўся ядзернымі выбухамі Херасімы і Нагасакі і прынёс суперджяржаве астранамічныя барышы.
У асяродак жорскавыйнага народа дзве тысячы год таму быў пасланы Сын Божы, які выкрыў каварныя планы, сказаўшы: “Маісею было дадзена Пісанне і Разлічэнне, вы Пісанне далі людзям, а Разлічэнне схавалі… Вы схавалі ключы ад Царства Нябеснага, і самі не ўваходзіце і іншых не пускаеце…”. І з гэтага ж асяроддзя (па прароцтву Хрыста) павінен выйсці Антыхрыст.
Тысячы тысяч якіх-небудзь ледзь прыкметных грамадскіх устаноў і арганізацый, гуманістычных таварыстваў  і клубаў, аб’яднанняў і суполак раскіданы па целе зямлі, працуюць на агульную ідэю, і як павуціннем звязаныя паміж сабой, нябачнымі ніткамі сходзяцца ў сховішча кланаў старадаўніх знахараў. Гэта падаецца трызненнем і хімерай, але звярніце ўвагу на шматлікія факты гісторыі, якія відавочна паказваюць на існаванне таямнічай закуліснай сілы, што ніколі відавочна сябе не паказвае і не засвечвае сваіх планаў, паглядзіце, як з века ў век рэалізуюцца задуманыя ў старажытнасці і прапісаныя ў Бібліі каварныя планы. У адну з такіх устаноў і накіравалася дачка беднага яўрэйскага племені, бо калі і шукаць ратунку, то толькі сярод сваіх.
 Медная ручка дзвярэй нацёрта да бляску, самі дзверы акаваны і аздоблены старажытным арнаментам. На ручку кладзецца жаночая рука. У цёмнавалосай дзяўчыне лёгка пазнаецца Сара, якую мы бачылі ў рэстаране. 
З вуліцы ў акне выразна праглядваецца сілуэт мужчыны: твар абрамляе акладзістая, чорная лапата барады, на галаве ярмолка. На падваконні сямісвечнік. Наша знаёмая зайшла ўсярэдзіну, падыходзіць да гаспадара пакоя і нешта расказвае. Энергітычна жэстыкулюе рукамі. Ён уважліва слухае. Праглядваецца адчай наведвальніцы. “Равін” (так па знешняму выгляду можна вызначыць занятак барадача) яе супакойвае. Нешта памяркоўна тлумачыць, разгортвае пергамент старажытнага світка, водзячы пальцам па радках зправа налева чытае тэкст. У вачах наведвальніцы разгубленасць. Ён адсоўвае шуфлядку стала, дастае і працягвае залаты пярсцёнак  у выглядзе тэтраграмы. Яна бярэ, пакручвае ў руках, раглядваючы, і паслухмяна накладае на палец. Нарэшце дзякуе і сыходзіць.
Суровы погляд з-пад касматых брывей суправаджае наведвальніцу да дзвярэй, калі яны зачыніліся, равін падае ў крэсла: на твары самазадаволеная ўсмешка,  далоні паціраюць адна адну.
“Чаго яна заходзіла сюды? Што прывяло? Якія парады пачула ад таямнічага чалавека ў ярмолцы?” — гэтыя пытанні застаюцца без адказу, як і многае, звязанае з гісторыяй і бытам абранага народа.
4.
 Па тратуары ў два бакі рухаецца людскі паток. Тоўстыя, худыя, высокія і нізкарослыя, мужчыны і жанчыны, дзеці і старыя, парамі, па аднаму і цэлымі купкамі стракаты натоўп плыве насустрач. Сара, відавочна заклапочаная тым, што пачула ад “вучыцеля” (равіна), як самнамбул брыдзе скрозь натоўп, часта натыкаючыся на людзей. Сёй-той, злавіўшы адсутны позірк, саступае дарогу. Гараць рэкламныя шчыты. Здалёк парачытала надпіс на краме: “Зброя”, падыйшла да вонкавай вітрыны, — длюстраванне адбіваецца ў шкле, а за шклом – пісталеты, вінтоўкі, карабіны… Пальцы гуляюцца з падораным пярсцёнкам. Пярэсты натоўп праходзіць праз яе, абцякаючы з двух бакоў.
Надвячорак. Запаленыя фары дарагіх аўтамабіляў ў некалькі палос нясуцца па вуліцы. Успыхваюць ліхтары. Будынак рэстарана ў стылі ампір нагадвае казачны церам: на вокнах і каля ўвахода зіхацяць гірлянды лямпачак, акурат як навагодняя ёлка. Каля дзвярэй замест дзеда мароза — разапрануты ў блёсткавае адзенне і надзьмуты гонарам швейцар. Ён нават не глянуў на Сару, якая падыйшла, патапталася побач і адыйшла прэч.
Зашаргацелі шыны па асфальце. Лімузін дзюбнуўся перадам і спыніўся. Сара аглянулася. Бакавое шкло бязгучна апусцілася. Высунулася рука, усыпаная каштоўнымі пярсцёнкамі, выбліснулі дыяменты — яна заўважыла прызыўны жэст. Падыйшла і схілілася над чорным квадратам акна, агледзела дарагую машыну і нясмела спытала: “Я — Сара Зельцман. Вас прыслаў Імануіл Якаўлевіч?”. Пачуўшы станоўчы адказ, уціснулася на задняе сядзенне. Мужчына не адварочваўся, нават твару яго не разгледзела, як скрозь сон даляцела да яе нечаканае пытанне: “Колькі трэба?”.
— Пяць! — выпаліла першую лічбу, якая прыйшла ў галаву, не думала, што ўсё адбудзецца так хутка, — пяць тысяч. — “На які тэрмін? — спытаўся незнаёмец” — На паўгода, — сказала і заўважыла, што ён пачаў адлічваць грошы. — “Праз паўгода аддасі дваццаць пяць, — на яго плячо ляпнуўся пачак доллараў”. — А калі дзесяць? — хутка спыталася яна. — “Аддасі сто, — было адказам”. — Тады сем, — упэўнена сказала Сара. — Мужчына дададаў да пачка яшчэ некалькі дзесяткаў буйных купюр і, не адварочваючыся, зноў працягнуў грошы цераз плячо. — “З цябе сорак дзевяць тысяч. З кожным штрафным месяцам працэнты павялічваюцца і сума падвойваецца. Табе ўсё зразумела?”.
Яна схапілу пук грошай: “Зразумела!” — кіўнула галавой і куляй выскачыла з машыны.
5.
Злачынец і паліцэйскі — два бакі аднаго медаля, спароджанага агульнай з’явай: першы парушае грамадскія законы і парадак, другі стаіць на іх варце. Пры іншым збегу абставін і іншых жыццёвых умовах злачынец з паліцэйскім лёгка маглі б памяняцца месцамі, бо належаць ад аднаго псіхалагічнага тыпу.
Не вядома, як склаўся б лёс Янкі Раманоўскага, эмігранта ў другім пакаленні, калі б ён не паступіў у паліцэйскую акадэмію. Служба ў паліцыі выводзіла яго з другасортных людзей і надавала значны сацыяльны статус. Цяпер можна было не браць у разлік таго, што бацькі дарослымі эмігрыравалі з Еўропы, паліцэйская форма, якую апранаў і насіў з гонарам, відавочна сведчыла: ён слуга дзяржаўнай сістэмы, яе прадстаўнік. Хоць Раманоўскі нарадзіся тут, але ніколі не адчуваў сябе паўнапраўным грамадзянінам Злучаных Штатаў. І што такое адчуваць сябе амерыканцам? Ні родавых каранёў, ні моцных нацыянальных традыцый, ні тысячагадовай гісторыі, ні святынь народа, ні роднай зямлі, палітай крывёю і потам продкаў. Нічога гэтага амерыканец не ведае. Зямля, адабраная ў мясцовых плямён, вайна за незалежнасць і вайна паміж поўначчу і поўднем, вось і ўсё, што прыходзіць на памяць сярэдняму амерыканцу. А яшчэ — ганарлівая пыха і гульня мускуламі, як новая нацыянальная адметнасць, і павага да сілы; піетэт перад круглай сумай банкаўскага рахунка, бо зялёны долар для большасці амерыканцаў даўно заняў месца царкоўнага аўтара. Ні табе летапіснай гісторыі, ні паданняў, што губляюцца вытокамі ў сівой даўніне, усё адбылося зусім нядаўна, якіх-небудзь дзвесце гадоў — вось і ўся гісторыя, якой, дарэчы, амерыканцы зусім не цікавяцца. Бабкі, баксы, бабло і мані — вось да чаго імкнецца, чаго прагне і на што моліцца грамадзянін суперджяржавы. Канешне ж, не ўсякі грамадзянін, бо няма правіл без выключэнняў.
Звычайна Раманоўскі падымаўся на золку. Няспехам прыводзіў сябе ў парадак, піў каву, седзячы на кухні каля акна, глядзеў на вуліцу. Вось урбаністычны ланшаф азараецца промнямі ўзыходзячага сонца, яно мільёны разоў адбіваецца ў аконных шыбінах. Будынкі ад гэтага становяцца чырвонымі.
Паліцэйская машына прыпаркоўваецца на стаянку, дзе ўжо стаіць паўтара дзесятака такіх жа службовых аўто. Вось ужо Янка Раманоўскі паціскае руку дзяжурнаму афіцэру і ўзбягае па лесвіцы. Ідзе кілідорам... Адмыкае ключом дзверы, заходзіць у пакой. Фуражка злёту трапляе на кручок вешака. Рукі перабіраюць і складваюць паперы на стале ў тры акуратныя стосікі. Пачынаўся звычайны працоўны дзень.
6.
Сара заходзіць у магазін парфумы. Наведвальнікаў не шмат, тры-чатыры, але каля кожнага круціцца цэлы рой мэненджэраў, кансультантаў і прадаўцоў. Яна зразумела, што трапіла ў адзін з самых дарагіх магазінаў. Хацела было памкнуцца назад, але не паспела — перад ёю паўстала прыгожая, апранутая ў строгую ўніформу, жанчына-кансультант: “Рады вітаць вас у нашым магазіне. Вы зрабілі правільна, што зайшлі. Мы шчаслівы, што можам вам дапамагчы. Што жадаеце набыць? Што вас цікавіць? Туалетная вада, памада, духі? — як гарох з мяха пасыпаліся пытанні”.
— Разумееце мне патрэбны... Я чула ёсць такія… ну, для гэтай справы. Духі для сэксуальнага спакушэння.
— Вы звярнуліся па адрасу, — усміхаючыся, паведаміла кансультант. — Вам пашанцавала. Літаральна ўчора мы атрымалі новую калекцыю лініі “Бліц-Сэкс”. Назва гаворыць сама за сябе. Сакрэт у тым, што духі гэтай экстравагантнай лініі ўтрымліваюць спецыфічныя пахучыя рэчывы, афрадазіякі. Больш вядомая назва рэчыва  — ферамоны. А яшчэ прасцей — гэта віагра для падсвядомасці, якая б’е па абанянню вашага мужчыны. Гэты пах выклікае неадольны сэксуальны юр. Такому водару не здольны працівіцца ні адзін мужчына. Ваш абраннік пойдзе за вамі, як пад гіпнозам. Супакоіцца толькі ў вашай пасцелі. Ён будзе прагнуць гэтага паху, гэта значыць, вашага цела, і не супакоіцца, пакуль не завалодае ім. Гэтыя духі можна смела назваць ядзернай зброяй кахання.
— А колькі яны каштуюць.?
— А колькі каштуе само каханне? — адказала пытаннем кансультант. — Скупыя плацяць двойчы. Нашы духі — бясцэнныя! Яны дораць пакупнікам магчымасць шчасця і валодання. Цана ў дадзеным выпадку не мае значэння.
— Колькі? — настойлівей паўтарыла Сара.
— Сёння ў нас невялікая скідка. Вам пашанцавала. І, дарэчы, вам, як першаму пакупніку гэтай выкштальцонай лініі, яшчэ адна скідка. Так што гэта абыйдзецца… Усяго толькі ў семсот долараў.
У Сары акругліліся вочы. Яна гатова ўжо была развярнуцца і пайсці. Але тут нечакана перад ёй з’явіўся другі кансультант — мужчына. Усміхнуўся на трыццаць два зубы, чамусьці падміргнуў і сказаў:
— Бярыце! Не пашкадуеце. Фірма гарантуе стропрацэнтную ўдачу. У вас атрымаецца. Па сабе ведаю, “Бліц-Сэксу” супрацьстаяць не магчыма. Мужчынская палова чалавецтва будзе валяцца каля вашых ног. А гэта салідныя мужчыны з вялікімі грашыма. Заплаціце адзін раз, каб усе астатнія разы — яны самі аплочвалі любыя вашы жаданні.
І Сара палезла ў сумачку за грашыма.
— Вы зрабілі правільны выбар, — сказала жанчына.
— Чароўны выбар, — падцвердзіў мужчына, — цяпер вашы спакушальныя здольнасці непераможны.
Дома яна спаласнулася пад душам. Доўга апраналася, падбіраючы перад люстэркам найболей сэксуальнае адзенне. І калі ўжо была гатовай, успрыснула ўсю сябе дарагімі духамі “Бліц-Сэкс”.
7.
Сонца ў зеніце. У такі час многія жыхары горада з вуліц і плошчаў хаваюцца ў цянёк парасонаў вулічных кафэ, рэстаранчыкаў і сталовак.
Па лесвіцы, што вядзе на дах, зноў нехта ўзбіраецца. У руцэ — цяжкі чахол. У ракурсе  зверху людзі падаюцца прыплюснытымі. Пальцы расшнуроўваецца чахол і дастаюць вінтоўку. Рамы акон у маноклі прыцэла: першае акно, дургое, трэццяе… Патрон заганяецца ў патроннік. Праз мушку прыцэла погляд вяртаецца да першага акна.
Бабулька ўключае пліту. Ставіць каструлю. Падыходзіць да акна. Разсоўвае фіранкі, кранае пальцамі лісточкі вазона, глядзіць на двор.
Палец павольна цісне на спускавы кручок. Звініць разбітае шкло. Цела асядае на падлогу.
Дах. Хуткія крокі па страсе… Лесвіца. Нехта збягае па прыступках.
Дзверы кватэры. Мужчына (ці гэта жанчына?) апрануты ў чорны камбінзон і маску з разбегу стукаецца плячом, дзверы расчыняюцца насцеж. Невядомы забягае на кухню. На падлозе каля акна разбіты гаршчок з паламанай кветкай, побач рассыпаная чорная зямля. Чырвоная лужына крыві павялічваецца, выцякаючы з-пад мёртвага  цела бабулькі, падбіраецца да зямлі і ўбіраецца глебай.
Сілуэт ценю хістаецца ў залу. Рукі чалавека ў пальчатках ліхаманкава адчыняюць дзверы шафаў, тумбачак і шыфанераў, высоўваюць шуфлядкі сталоў. Нарэшце знаходзіцца тое, што шукалася: скарбонка з залатымі рэчамі і каштоўнасцямі, грошы. Усё гэта распіхваецца па кішэнях. Зачыняюцца дзверы. Крокі па лесвіцы.
Вуліца слепіць вочы. Лязгаюць дзверы аўтамабіля. Заводзіцца матор і машына, віскатнуўшы тармазамі на павароце, ўліваецца ў аўтамабільны паток.
8.
Званок тэлефона ў паліцэйскім участку. Янка Раманоўскі здымае трубку. Слухае… Вось ён ўжо разам з другім паліцэйскім выбягае на вуліцу. Некалькі паліцэйскіх машын, уключыўшы сірэны, зрываюцца з месцаў.
Сара стаіць у скверыку каля каледжа. Пэўна, некага чакае, бо час ад часу паглядвае на галоўны ўваход. Выходзіць купка студэнтаў, яна праводзіць іх вачыма. Выбегла яшчэ некалькі чалавек. Важна пратэпаў салідны мужчына, верагодна, выкладчык. А вось паказаўся бачаны ёю раней, хударлявы і высокі юнак. Яна ўся наструнілася, сцялася, як для кідка. І калі студэнт выйшаў на галоўную вуліцу, памкнулася да яго і сутыкнулася, быццам ад хуткай хады. Ад сутыкнення з яе рук вылецелі і рассыпаліся па зямлі кніжкі. Студэнт адчувае сябе вінаватым. “Прабачце, — гаворыць, прысядае і дапамагае збіраць кнігі”. Так яна пазнаёмілася з малодшым Хабартам і пачала здзяйсняць свой вераломны план.
Хударлявая жанчына, скура ды косці, ногі — як два градуснікі ў шклянцы — ледзьве цягне з супермаркета  набітую пакупкамі сумку. На выхадзе яе сустракае крэпка збіты мужчына гадоў пяцідзесяці.
— Джэк? — здзіўляецца яна, — што здарылася? — але перадае сумку.
— Нічога не здарылася, Лусія! — кладзе сумку ў багажнік.
У кутку багажніка скамячаны чорны камбінезон і пальчаткі.
 — Ніяк не чакала сустрэць цябе.
Садзяцца ў машыну: “Хіба ты не рада? — пытаецца ён”. — “Рада, канешне. Проста не прывыкла, каб ты дапамагаў”. — “Табе на дагодзіш... Скончыў раней працу. Сёння пятніца, — тлумачыць муж, уключае перадачу і кранаецца з месца, — здагадаўся, што ты тут. Вось і сустрэў”.
Паліцэйскія аглядаюць месца злачынства. Шчоўкаюць фатапаратам, здымаюць адпячаткі пальцаў.  Раманоўскі падыходзіць да акна, разглядае на шкле дзірку ад кулі. Погляд скіроўваецца на дах суседняга дома: “Біл, хадзі сюды!”. Падыходзіць напарнік. Раманоўскі абводзіць пальцамі дзірку на шкле і паказвае вачыма на дах.
— Трэба  пачакаць заключэння балістыка, — заключае Біл.
— Безумоўна. Але што нам перашкаджае зрабіць агляд зараз?
Яны падняліся на дах па той жа лесвіцы, па якой з гадзіну таму ўзбіраўся злачынца. Гільзу знайшлі праз хвілін пяць: “І без балістыка разабраліся. У нашай справе своечасовасць — вядучы фактар поспеху, — заключае Раманоўскі, ляпаючы далонюю ў падстаўленую Білам руку”.
Акно аўтамабіля. Лусія заўважае паліцэйскія машыны: “Глядзі, колькі паліцыі нагналі?! Нешта здарылася”.
— Цікава! Дваццаць хвілін назад праязджаў — не было нікога, — Джэк прыпаркоўваецца, — зараз даведаюся.
 Падыходзіць да аднаго з паліцэйскіх, той нешта тлумачыць, паказвае на дах. Лусія назірае з кабіны. Муж вяртаецца і садзіцца за руль: “Бабульку забілі, — паведамляе амаль абыякава, — толькі што. Хвілін дзесяць таму”. Аўтамабіль зрываецца з месца.
Рэстаран. За сталом Арлоў з Раманоўскім, на стале закуска і бутэлька гарэлкі. Твар святара: “Не было ніякіх улік. Нізавошта не зачапіцца.  Адна гільза і дакладнае месца стральбы. Такія справы называюць “таплякамі”, гадамі ляжаць без  зрухаў. Але раптам неверагодным чынам гісторыя раскруцілася сама сабою”.
9.
Кватэра Хабартаў. Адмысловая вешалка з кусцістых рагоў аленя. На рагах — плашчык і капялюш. На сцяне чучала галавы дзікага кабана. Некалькі попельніц раскіданы на падлозе. З сумкай у руцэ заходзіць Джэк, за ім — Лусія.
Ідуць на кухню. Джэк ставіць сумку на стол. З палёгкай уздыхае, адчыняе халадзільнік, дастае банку піва, адкупорвае, прагна глытае некалькі глыткоў і ставіць назад.
Праходзіць у залу. Шчоўкае выключальнікам. У прасторнай зале скураная канапа: над спінкай  вісяць паляўнічыя трафеі — чучалы жывёл і птушак, паміж імі —  вінчэстэр. Кідаецца ў вочы шматлікая колькасць попельніц: на сталах, крэслах і табурэтках, а то і проста на падлозе попельніцы розных памераў і колераў: шкляныя і фарфоравыя, металічныя і гліняныя; іх занадта многа, ёсць даволі арыгінальныя, напрыклад, вось гэтая — чалавечы чэрап у натуральную велічыню (ці не сапраўдны!) з праломленай зверху дзіркай: попел збіваюць акурат паміж паўшар’яў мозга. Джэк садзіцца на канапу, бярэ ў руку пульт, цісне кнопку — успыхвае экран тэлевізара.
Столік завалены газетамі і часопісамі, квітанцыямі і, прывычнымі ў гэтай кватэры, попельніцамі. Шарыць рукою, шукаючы праграмку.
Шмат вазонаў і пакаёвых кветак: каля камп'ютара, каля акна і па вуглах.
У адной руцэ часопіс, у другой — дыстанцыйны пульт. У перапынках паміж пераключэннямі, заглядвае ў часопіс. Ёсць такая хвароба: чалавек не можа глядзець болей пяці хвілін адно і тое ж, такія людзі адначасова глядзяць канцэрт, мастацкі фільм, сочаць за навінамі і за якім-небудзь чэмпіянатам. Напрыклад, сын Хабартаў Сэм адразу ж праглядвае семдзесят чатыры амерыканскія каналы, пераключаючы іх у парадку ўзрастанне, або ўбывання. Ён падпадае пад дыягназ “аматар аднаго кадра”. Джэк глядзіць адначасова не болей пяці каналаў,  пераключае іх не ў строгай паслядоўнасці, як “кадравікі”, а матывуецца нейкім сэнсам. Яго дыягназ можна вызначыць так: “аглядальнік з’явы”. Таму і ў праграмку час ад часу заглядвае.
У праёме дзвярэй з’яўляецца Лусія. Спачатку моўчкі непрыязна назірае за мужам, а потым раптам накідваецца: “Джэк! Колькі разоў паўтараць: месца абутку ў абутковай скрынцы!”. Муж абыякава пераключае канал. “Ты зноў не памыў талеркі!  — чуецца ўжо з кухні жончын голас”. Ён чмыхае, уздымае бровы і нарэшце рэагуе: “Ну, і?… ”.
— Што значыць: “ну і?” — Лусія ўжо стаіць перад мужам.
Як толькі так хутка паспела вярнуцца з кухні?
— Канец свету? — крывіцца Джэк усмешкай. — Я сёння сустракаў цябе і мы прыйшлі разам.
— Толькі сёння. А трэба каб заўсёды. Я не рабыня ў цябе, не наймічка!! — яе рукі нервова падрыгваюць. — Колькі разоў паўтараць адно і тое ж?! На абрусе ў сталовай попел! Паназбіраў гэтых пасудзін, а попел  усё роўна валяецца ўсюды. Сэм дома не курыць.
Высокі, як жардзіна і хударлявы, як шланг, ды яшчэ сутуліцца пры хадзьбе — так выглядае іх сын, аб’ект насмешак і кпінаў для аднакурснікаў. Ён нават цыгарэту трымае пацешна — так трымаюць аўтаручку, што даволі незручна. Вось і зараз сядзіць на лаўцы і смешна падцягвае да вуснаў цагляны пупсік фільтра, прагна зацягваецца. Пэўна, кагосьці чакае, бо час ад часу пакручвае па баках галавой і аглядваецца.
Па тратуары крочаць ладныя жаночыя ножкі: кароткая спаднічка, чырвоныя калготкі сетачкай. Ножкі падыходзяць да Сэма. Ён падымаецца насустрач. Моўчкі працягвае стодоларавую купюру. Ножкі аддаляюцца, а ён, расчараваны, глядзіць са шкадаваннем у след.
  — Гэта твая работа! — крычыць Лусія. — Мы жывём дваццаць сем гадоў, і ніводнага разу…
— Божа мой! Болей чвэрці стагоддзя, — перабівае Джэк, пстрыкае каналам і лыбіцца. — Як я толькі ўсё гэта вытрымаў?! Хоць помнік заказвай.
— Не ёрнічай! — жонка псі***. — Чуеш, дваццаць сем гадоў! Да кожнага дня нараджэння я дарыла попельніцы. Твае сябры прыносяць попельніцы. З камандзіроўкі — попельніцы, з адпачынку — попельніцы, попельніцы… Яны ўсюды! Скажы, навошта? Сто разоў кляўся, што не будзеш кідаць недакуркі ў вазоны.  Столькі гадоў вяду барацьбу. І ўсё марна. Паглядзі, лісьце завяла…
10.
Магазін сувеніраў. У вачах рабаціць ад шматлікіх люстраных вітрын. За прылаўкам малады франт-мененджэр назірае за наведвальнікамі. У адным з люстэркаў вітрыны адбіваецца Сара, яна разглядвае бюсты і статуэткі. Бярэ ў руку адну статуэтку, другую. Цяпер яе цяжка пазнаць. У знешнім вобліку, адзенні і манеры трымацца адбыліся значныя перамены, да таго ж — стала рыжавалосай. На пальцы выблісквае пярсцёнак “тэтраграма”. Падбягае франт: “Вам дапамагчы? — пытаецца ён, — мяне завуць Майкл, а вас?”. Яна гулліва ўсміхаецца: “Сара, — называе імя і затрымлівае позірк на супрацоўніку, быццам ацэньвае.  — Буду рада”.
— Для сябе, ці ў падарунак? – пытаецца Майкл і, злавіўшы гуллівы позірк, падступае бліжэй.
— У па-да-ру-нак, — расцягваючы словы, адказвае яна і ўсміхаецца.
“Яму, ці ёй?”. — “Яму, — строіць вочкі Сара”. — “А колькі  гадоў? Чым захапляецца?”.
— Гадоў? — паціскае плячыма. — Нат не ведаю. Мне попельніца патрэбна. Ён збірае попельніцы. А захапляецца… здаецца, паляваннем.
Як фокуснік-элюзіяніст Майкл выхоплівае ззаду сябе бронзавую статуэтку: “У такім выпадку вось тое, што вы шукаеце! Артэміда! Багіня палявання. Твор мастацтва”, — і ўпіваецца поглядам у глыбокае дэкальтэ пакупніцы: з выразным намёкам праводзіць пальцам па голых грудзях статуэткі, якая сядзіць чамусьці ў позе “лотаса”. Грудзі  Сары ўздымаюцца ад хвалявання. “А вось вам і  попельніца, — тыркае пальцам (зноў жа — з празрыстым намёкам) у складкі  спадніцы багіні, якія ўтвараюць ёмістасць для попелу, — арыгінальна, забаўляльна. І непаўторна!”. Перастрэльваюцца поглядамі: ён — палкім і  прагным, яна — гуллівым, загадкавым і інтрыгуючым.
— Бронзавая, — канстатуе Сара. — Напэўна, дорага?.
— Ды не, што вы? Семдзесят даляраў. Але для вас — скідка!  Сёння якраз акцыя. Вам гэта абыйдзецца… усяго трыццаць пяць зялёных.
Другі супрацоўнік магазіна запакаваў попельніцу, перавязаў каляровым бантам і падае ёй, а Майкл нахабна зырыцца: “Вы зрабілі  правільны выбар! Дзякуем! — гаворыць ён і падміргвае, — можа, телефончык пакінеце?”.
Сара падсоўвае да сябе касавы чэк, бярэ ў збянтэжанага касіра з рук аўтаручку, піша нумар тэлефона і працягвае паперку Майклу. Мілавідна ўсміхаецца на развітанне. Ідзе да дзвярэй, і каля выхаду аглядваецца, Майкл махае рукою з квітком чэка і праводзіць ласым позіркам.
У студэнцкай сталоўцы за сталамі вясёлы гоман і смех. На водшыбе, седзячы бокам да астатніх, у адзіноце абедае Сэм. Да яго століка падсядае непрыгожая, амаль брыдкаватай знешнасці дзяўчына ў акулярах. Побач — выбух рогату. Сэм адварочваецца да нечаканай суседкі спіною і паскорана арудуе лыжкай.
А ў кватэры Хабартаў Джэк працягвае абыякава пстрыкаць каналамі, быццам Лусія звяртаецца да кагосьці іншага. Мужчынская няўвага болей за ўсё абраджае жанчын. Заўважым, каналы пераключаюцца ў строгай паслядоўнасці адзін за адным: ці мы памыліліся ў вызначэнні першапачатковага дыягназа, ці прагрэсуе сама хвароба?
— Не ў тэлевізар, сюды глядзі! — крычыць штосілы Лусія, разгортваючы куст вазона. — Лісце жоўтае ад нікатыну”.
— Ага! Як яйца кітайца, ха-ха-ха!
— Ён ячшэ і смяецца. Ды ты проста здзекваешся! — Падыходзіць да разеткі і вырывае вілку. — З табой можна гаварыць сур’ёзна? Вечна зводзіш усё ў плоскасць пошлых жарцікаў!
Твар Джэка робіцца суровым: “Уключы тэлевізар! — загадвае ён”. — “І не падумаю!!!”. — “Калі ласка!” — робіць націск на апошнім слове, дакладней, проста выплюнуў па-англійску адно “please!”.
Усё ж такі мы знаходзімся на далёкім кантыненце. Калі ты, чытач, жывеш у якой-небудзь Арызоне, ці Орландо — далёкай для цебе будзе якраз Еўропа: усё залежыць ад пункту гледжання, і ўсё ў нашым свеце адносна.
 — У гэтым доме хто-небудзь будзе прыслухоўвацца да таго, што гавару я? Колькі разоў паўтараць: прыйшоў — пераапрануўся! Туфлі  ў абутковую скрынку паставіў. Закурыў, — попельніцу ў рукі  ўзяў! Паеў, — талеркі  за сабою памыў. Няўжо гэта цяжка?
Не мае розніцы, дзе жыве аўтар і дзе жыве чытач. Усе жанчыны аднолькавыя. Амерыканкі нічым не адрозніваюцца ад афрыканак ці еўрапеек. Ну, можа, некаторай звыкласцю да камфорта ды спажывецкай разбэшчанасцю. А ў астатнім — усе людзі ходзяць галовамі ўверх, усе шукаюць аднаго: паразумення і звычайнага чалавечага шчасця. Паўсюль адны і тыя ж праблемы. Ячшэ ў дзевятнаццатым стагоддзі славуты рускі граф заўважыў, што “шчаслівыя сем’і аднолькавыя, а кожная няшчасная сям’я…”. І калі ў адносінах Джэка і Лусіі табе раптам убачылася штосьці роднаснае і знаёмае, калі прычэпкі і прыдзіркі амерыканкі так знаёмы табе, быццам спісаны з тваёй жонкі, значыць так яно і ёсць і, магчыма, твая сям’я пакуль шчаслівая. Сям’я Хабартаў таксама, напэўна, шчаслівая. Нейкага адметнага гора, арыгінальна-вычурнай і непаўторнай злыбяды, якая б вылучыла іхнюю сям’ю з мільёнаў сем’яў чалавечага роду, пакуль не існуе. Звычайная тыповая сям’я сярэдніх амерыканцаў.  Ну, можа, і не зусім сярэдніх. Бо рабіць грошы Джэк умее, яго гадавы даход складае некалькі соцень тысяч долараў. Столькі ён каштуе — Джэк Хабарт, адсюль і яго фанабэрыя.
Але вернемся да сямейнай парачкі, бо за час нашай размовы Джэк паспеў шпурнуць часопіс пад  ногі Лусіі і перайсці на крык: “Уключы тэлевізар!!!”.
 — І не па-ду-ма-ю! — прычмоквае яна языком.
(Зноў яна нічога не разумее. Я ўжо і не ведаю: калі сапраўды нічога не цяміць, а калі толькі прыкідваецца дурною? А калі прытвараецца, што яна прытвараецца, быццам усё разумее, хаця на самой справе — ні ў зуб нагою, а муж думае, што яна тым часам проста іграе ролю. Даўно заўважана, што сапраўды разумная жанчына не выстаўляе, як штык, перад мужам свой розум).
 Джэк амаль супакоіўся, саўладаў з сабою і цяпер назідальна з доляй іроніі павучае: “Хоць зрэдку вучыся абцяжарваць свой  розум пробліскам думкі”.
— А навошта? Мне і так добра.  З тобой жа не магчыма гаварыць сур’ёзна.
— Якраз наадварот, я вельмі сур’ёзна стаўлюся да жыцця. Але ў адрозненне ад некаторых не разменьваюся на  дробязі.
— Дык для цябе мае заўвагі, — не вартыя ўвагі дробязі?!
— Менавіта так: мікраскапічная драбяза…
— Гэтая драбяза згрызла  трыццаць гадоў майго жыцця!
— Дробязь і ў Афрыцы дробязь. Але штосьці не чуў, каб яна была зубатай! А колькі разоў я табе даводзіў: нельга перарабляць чалавека! Няўжо ты лічыш, што сама — хадзячы ідэал? Я ж таксама магу  выказаць сто пудоў прэтэнзій. Але не раблю гэтага? — “Бо няма за што, — пераможна заключае Лусія”. — Адкуль такая самаўпэўненасць! — узрушваецца муж, — проста ведаю, што дарослага не перавыхаваеш. Марная трата часу. Позна перарабляць, калі дзеці пішчаць перасталі.
— Як ты надакучыў сваімі блазнаваннем! Вось тут ужо, — бярэцца дзвумя пальцамі за горла, — як костка са сваімі прывычкамі. Ты ніколі мяне не разумеў. Нават не намагаўся.
Лусія крыўдзіцца і замаўкае. Падае ў крэсла, закрывае твар рукамі. Калі зноў пачынае гаварыць, — у інтанацыіі  болей не чуецца крыўды: пар скінуты, быцам і не было спрэчкі: “Дарэчы, у адной разумнай кнізе я прачытала: нішто так не патрабуе выпраўлення, як мужаў характар. Ты ж чурбан не абчасаны. Хто ты быў бы, без мяне?”.
— Без зняваг можна?! — Джэк зноў грозна насуплівае касматыя бровы. (Яна зрабіла першы крок для прымірэння, а ён, мала таго, што глухі, але яшчэ і спыніцца не можа). — Разумныя кніжкі чытаеш, толькі пішуць іх дурні. Перарабляйся  я пад твае прыхаці, — не быў бы я Джэкам Хабартам. Няўжо цяжка паварушыць ізвілінамі і ўцямяшыць гэта ў свае курыныя мазгі?
— Куды нам цягнуцца да твайго інтэлекту. “Оксфардаў” не канчалі.
— Ніхто не перашкаджаў, — паціскае плячыма Джэк, — і я быў не супраць. Ты магла вучыцца і атрымаць дыплом. Сама выбрала такі лёс. — Дэманстратыўна бярэ ў рукі попельніцу, дастае цыгарэту і прыкурвае ад запальнічкі. — Бачыш, закурыў — узяў попельніцу. Удар ніжэй пояса.
— Ты пра што? — Натуральнае здзіўленне Лусіі, яна сапраўды зараз не разумее! — “Я пра інтэлект”. — Было б куды біць, — артыстычна чмыхае жонка, — па-мойму, ты гуляеш без усялякіх правіл. Для дурняў, хоць і дыпламаваных — законы не пішуць. Дарэчы, табе пара з’ездзіць да свайго псіхааналітыка.
— Папрашу без абраз. Хоць паважай таго, хто цябе забяспечвае.
— Папракаеш кавалкам хлеба? І не сорамна? Ды ты… а я… Гэта твой мужчынскі абавязак, — знайшла што сказаць жонка. —  Так робіць большасць. Спакон веку было: мужчына на маманта хадзіў, а жанчына ў пячоры агонь падтрымлівала, дзяцей нараджала…
— Ну-у, і дзе твае дзеці? Аднаго прыдурка вырадзіла і радуешся?
 Відавочна, бацька не любіць сына. Гэта не натуральна, але так ёсць. Джэк і сам цяпер не змог бы растлумачыць свае адносіны. Неяк склалася само сабою. Спачатку крыўдзіла, што пасля нараджэння дзіцяці, жонка ўсю ласку і пяшчоту, якая раней належала толькі яму, перанесла на немаўля. Пазней злавалі дзіцячыя капрызы, затым, калі сын падрос, Джэк заўважыў, што яго раздражняе літаральна ўсё: паводзіны сына, манера гаварыць і трымацца, нават звычайная інтанацыя магла давесці да шаленства. Сын — поўная яго супрацьлегласць, хадзячы папрок бацьку, які не дадаў дзіцяці любові. Джэку здавалася, сын наўмысна здзекваецца з яго  а Сэм, адчуваючы бацькоўскую няміласць і непрыязнасць, вельмі хутка пачаў плаціць той жа манетай. Вырас у нягеглага недарэку, да таго ж — яшчэ і куслівага.
***(дасюль) 11.
У аўдыторыі каледжа прафесар за кафедрай чытае лекцыю: “… і вось тут вы ўзбройваецеся двума дапаможнымі момантамі: усмешкай і кампліментам. Усміхайцеся і гаварыце кампліменты, знайдзіце за што пахваліць свайго кліента. Яму будзе прыемна, падкрэсліце яго значнасць, толькі рабіце гэта шчыра, і ён купіць ваш тавар. Усміхайцеся!”.
Студэнты на лаўках займаюцца хто чым, адзін увогуле дзяўбе носам — спіць. Выкладчык перастае гаварыць, здымае акуляры і, старанна праціраючы шкельцы насоўкай, назірае за студэнтам. Аўдыторыя заціхла і пачала пераглядвацца, чакаючы завяршэння інцыдэнта. Прафесар угняздзіў акуляры на пераносіцу, заглянуў у спіс журнала і нечакана выклікнуў: “Сэм Хабарт! Устаць!!!” — рогат аўдыторыі.
Сусед штурхае студэнта ў бок, ён падхопліваецца па агульны смех аднакурснікаў, глядзіць на выкладчыка няўцямнымі вачыма.
— Што я толькі што сказаў? — пытаецца прафесар.
— Вы сказалі: “Сэм Хабарт! Устаць!” — бяздумна паўтарае студэнт.
Аўдыторыя зноў выбухнула смехам: “А цяпер можаце сесці, — загадвае настаўнік і Хабарт паслухмяна апускаецца на лаўку, — я толькі зразумець не магу, чаго вы сюды ходзіце. І навошта бацькі плацяць грошы за вучобу. Спаць дома абыйшлося б значна танней”.
  А ў кватэры Хабартаў тым часам працягваецца высвятленне адносін: “І запомні, Лусія, я — не большасць, я — Джэк Хабарт!”.
— Хабарт — не Напалеон Хіл. Дзе тыя мільёны, якія ты абяцаў?
— Што мог, тое зрабіў. І зарабіў. Большага не заслугоўваеш. Калі б сама была другой, то і я прыносіў бы іншыя грошы. Твае абавязкі — не толькі кухня, а  яшчэ і сёе-тое, на што ты часта забываешся.
— Я з годнасцю нясу свой крыж жонкі і маці. — “А абавязак кахання? — гаворыць Джэк”. — Сэкс?! — ўзлятаюць здзіўленнем бровы Лусіі, — ты маеш на ўвазе сэкс?!
— Я сказаў каханне. Сэкс і жывёлы маюць.
— Каханне, ха-ха! Штосьці раней ты не гаварыў пра гэта. Табе быў патрэбен толькі сэкс, сэкс і сэкс… І нічога акрамя сэксу. — Лусія злуецца, а потым, як за выратавальнае кола, хапаецца за думку: —  А каханне, між іншым, зусім не абавязковая ўмова шлюбнага кантракта. Не здатныя на здаровы сэкс,  як фігавым лістком, прыкрываюцца каханнем.
— Лусія, давай прытрымлівацца разумных правіл.
— Хіба ж могуць нечага там прытрымлівацца  пазбаўленыя розуму!? Як ты мяне завеш?.
— Курыца. Так яно і ёсць: квокчаш і квокчаш… быццам адзіная на ўвесь свет знесла яйка. Ды і якая гэта абраза: курыца і жанчына — дзве істоты роднасныя  інтэлектам. Я ж не крыўджуся, калі чую: “стары казёл”!
— А чаго крыўдзіцца?  Усе мужчыны — казлы! Толькі і розніцы: у адных рогі ад нараджэння, а другім — настаўляюць.
— Таму і жыву не па тваёй канстытуцыі. Дарэчы, ужо даўно.
— На што гэта ты намякаеш?
— Канстатую факт. Твая канстытуцыя равесніца пячорнага веку. Клімакс — справа сур’ёзная. Да таго ж — незваротная. Сама сказала: сядзіш у пячоры, і чакаеш нейкага хобата. Мамантавага, гы-гы-гы!
Жонка аглядвае свой хударлявы стан, раздражнёна абсмыкае сукенку: “Чым гэта табе не падабаецца мая канстытуцыя?”.
— Састарэла. Зараз іншы густ і іншыя запросы. — “Што?! — непадробная крыўда ў голасе. — Ды я на сем гадоў маладзейшая!”. — Але канстытуцыя ўсё ж такі састарэла.
— А ты кожны дзень зацверджваў бы новыя? Новыя і новыя… Я так і ведала: ты ходзіш на бок! — “І назад, хе-хе! — прыкрывае муж далонню рот”. — Памыйнік, вось ты хто! Я таксама магу…  І такіх рагоў табе панастаўляю, як у паўночнага аленя, у дзверы не пралезеш.
— Заб’ю! — спакойна гаворыць муж.
— Ненасытны блуднік. Ненаеда! Вось ты хто. Да мяне заляцаліся такія жаніхі! І тварам, і таварам… А цяпер, бач ты яго, калі я змардавалася на кухні, канстытуцыя яму не даспадобы, — усхліпвае. — Выціснуў мяне, як лімон, да апошняй кроплі выпіў мае сокі, вурдулак! Усе свае лепшыя гады… — у вачах блішчаць слёзы.
 — Хопіць, Лусія! — пахмурнее муж, — надакучыла.
— Не, не хопіць! Я  буду гаварыць. А ты маўчы і слухай. Лепшыя гады аддала табе. Выпраўляла на працу, сустракала кожны дзень. Падладжвалася пад твой настрой, намагалася дагадзіць, угадаць жаданні. А цяпер я не патрэбна? — яна пачынае плакаць: — Так, не патрэбна?! А ты ў той час транжырыўся на вывучэнне іншых заканадаўстваў, свіння! Блудлівы казёл! Больш прывабных і падатлівых. Ты думаеш: я забылася? Паміраць буду, але ўспомню… Я нарадзіла табе сына, а ты ў гэты час… Брыдка ўзгадваць. А сын?… Ты зусім не займаўся Сэмам.
— Хо-піць! — ужо крычыць Джэк, але яна не можа спыніцца.
Сапраўды, жанчыны — дзіўнаватыя стварэнні. Сорак гадоў помняць: што дрэннага зрабіў іх сужэнец, і чаго добрага не зрабіў, зусім не заўважаючы, што ён шматкроць перакрыў свае недаробкі штодзённай працай і клопатам. І як жанчыны могуць жыць з такім цяжарам на душы? Дзесяткі гадоў песцяць у сэрцы застарэлую знявагу ці абразу — нейкі мазахізм. Складваецца ўражанне: ніводная жанчына не даравала ніводнай здрады, ні аднаго дрэннага ўчынка, асабліва тым, каго кахае. Цяпер зразумела, чаму ўседаравальны Гасподзь — мужчынскага роду. Вось таму Лусія месіць і месіць адну і тую ж ваду ў сямейнай ступе.
— Лавелас! Грэхаводнік! І ты мне тут рот не затыкай. Дваццаць сем гадоў я чакала цябе… Выштукоўвалася каля пліты. Забывалася пра сябе: жыла тваімі марамі, перажывала няўдачы, глядзела на ўсё тваімі вачыма. Зусім забылася, што і я — жанчына! Што і я — жывы чалавек! І такая твая ўдзячнасць?!
У адказ Джэк спакойна і амаль абыякава гаворыць, што яна магла б наняць домработніцу, маўляў, зараз панаехала многа эмігрантаў, якія не дорага запросяць і згодны на любую працу.
— Ага, маладую і прыгожую! — крычыць Лусія. — Каб ты заняўся  вывучэннем яе канстытуцыі? Дудкі!
12.
У невялікім скверыку каля каледжа Сара з Артэмідай у руцэ сядзела на лаўцы і чакала Сэма. Знарок закінула нагу на нагу, спакушаючы калготкамі  ў сетачку купку студэнтаў. Для многіх адносіны Сары і Сэма былі не вытлумачальнымі. Што іх магло звязваць? Яе — імпазантную, кідкую і сэксуальную, і яго — з пароды “пусці — павалюся”: ні знешнасці, ні інтэлекта. Такія адносіны адносіны падаваліся на крайні выпадак дзіўнаватымі.
Студэнты стаялі непадалёк, перагаворваліся і крадком кідалі ў бок Сары хуткія і ласыя позіркі. Паказаўся Сэм, і з боку студэнтаў у яго спіну паляцелі здзеклівыя кепікі: “І што яна ў ім знайшла?”, “Бабло! — чуецца адказ”,  “Болей там нічога няма, хі-хі-хі!”, “А вось бабла — не лічана!”, “Але ж акрамя таго, што на рахунку ляжаць грошы, патрэбна, каб у мужчыны яшчэ нешта і стаяла”, “Дык хіба мала такіх, у каго стаіць?”.
Сэм падхоплівае Сару пад руку і амаль цягне за сабою. Але яна не надта і спяшаецца пакідаць “прыстралянае” месца, некалькі разоў нахаду аглядваецца на студэнтаў. Хтосьці з іх  махае ёй рукой.
— Паглядзі, што я купіла, — разварочвае нарэшце “Артэміду” і пакручвае перад яго тварам — “І колькі? — цікавіцца Сэм”. — Девяноста чатыры доллары, — не міргнуўшы вокам, хлусіць яна.
Як не спрабавала Сара ашчажаць пазычаныя з дапамогай рэкамендацыі “равіна” грошы — і не заўважыла, як яны разыйшліся. Некалькі паходаў па шапіках і дарагіх буціках надалі яе гардэробу большую разнастайным, не сорамна заявіцца хоць на прыём да каралевы, але пачак зялёных значна пахудзеў. Завушніцы, пярсцёнкі, кулончыкі і ланцужкі, бранзалеты і брошкі, няхай і не вельмі дарагія, але такія неабходныя аксесуары жаночай прывабнасці, зрабілі яго яшчэ меньшым. А яшчэ сотні розных дробязей, без якіх не абыходзіцца ніводная жанчына і якія перапаўняюць касметычкі і дамскія сумачкі, пакінулі з фінансавага запасу лічаныя купюры.
Таму яна змушана была фарсіраваць падзеі. І калі Сэм нарэшце адважыўся пазнаёмціць яе з бацькамі, выцягнула з яго першую сотню. Не магла ж яна для падарунка яго бацьку траціць свае грошы, а так неабходна было зрабіць на бацькоў прыемнае ўражанне і спадабацца.
13.
А бацькі тым часам працягвалі бясконцую і нудную спрэчку. Джэк нервова круціць пультам у руках: “Рэўнасць — гэта хвароба! Невылечная, — гаворыць і стрыкае каналамі. — Ты ніводнага разу не сцягнула мяне з палюбоўніцы”.
— Яшчэ чаго?! Хутчэй цябе выцягнуць нагамі ўперад. — “Я ніколі не даваў табе повада”. — Маўчы ўжо! У цябе гэтых павадоў, як правадоў у Пентагоне, — не можа супакоіцца жонка. — Няхай я і курыца, але разумею, усё разумею…
Прычэпкі жонкі мелі рэальную падставу. Яна часткова ведала, а болей здагадвалася, што прыгожыя жаночыя ножкі перагарнулі не адну старонку амурнай гісторыі мужа, аднак лічыла — ўсе гэтыя старонкі абсліняўленыя. Адна яна засталася для мужа не прачытанай кнігай. Гэта і крыўдзіла. Не магла яна дараваць такой несправядлівасці і не жадала з гэтым мірыцца. 
Муж нервова стрыкае каналамі. Прыпыняецца на эратычным шоу. Лусія заўважае і падыходзіць да тэлівізара, загароджвае сабою экран: “Ты не будзеш пры мне глядзець гэтыя сцёгны і грудзі! Саромеўся б, стыдоба! Пры жывой жонцы…”.
Таксі спынілася. Сара падставіла шчаку, і Сэм дэманстратыўна чмокнуў на развітанне: “Пазвоніш і скажаш дакладна ў колькі гадзін прыходзіць, — гаворыць яна і садзіцца на задняе сядзенне”. Сэм схіліўшыся над вадзіцелем, называе адрас і прасоўвае праз фортку грошы таксісту.
Крутнуўшыся на адной назе, Лусія схапіла рукою шнур і вырвала вілку з разеткі: “Лусія! Магу я хоць дома адпачыць па-людску?! — крычыць Джэк”.
— Не можаш! Пакуль не будзеш заўважаць, што побач жывыя людзі. Адпачыць? А што ў гэтым доме магу я?! Калі я адпачываю, ты хоць раз спытаўся? Ні выхадных, ні прахадных. Што хачу я? Што мне падабаецца, ці не падабаецца? Мяне хто-небудзь пытаецца?!
— Ты знарок выводзіш мяне. Такое ўражанне, што любіш, калі я выходжу з берагоў. Зноў хочацца захлынуцца эмоцыямі? Зразумей, я жахаюся сябе ў такія моманты!
Яна смяецца, на нешта яўна правакуючы мужа, але смех падаецца хваравітым, а словы — зусім бязглуздымі: “Каму не любы сусветны патоп? Асабліва, калі муж збудаваў надзейны каўчэг”.
 — Збудаваў. Чаго табе не хапае?
Адзін зусім не дурны амерыканскі псіхолаг (“разумны псіхолаг” — надзвычай рэдкае спалучэнне слоў)  напісаў цэлую кнігу і растлумачыў: чаму паміж жанчынай і мужчынам узнікае непаразуменне? Аказваецца — усё проста. Яны з розных планет: жанчыны родам з Венеры, а мужчыны — з Марса. Гавораць на розных мовах, таму і не могуць прыйсці да згоды. Мужчына ў сварцы шукае прычыну канфлікта, хоча знайсці выйсце, і прапаноўвае гатовыя рашэнні, а жанчына канфліктуе толькі дзеля таго, каб на яе звярнулі ўвагу. Хоча ўпэўніцца яшчэ раз, што яе кахаюць, што яна ўсё яшчэ патрэбна. Усё проста: слухай жанчыну, з усім пагаджайся і галоўнае, — не перабівай яе, не давай ніякіх рэцэптаў, яны ёй зусім не патрэбны. Выгаварыцца, — зноў будзе ласкавай і абыходлівай. Шкада, што Джэк не чытаў кніжкі суайчынніка, бо нешта ўсё спрабуе даказаць жонцы, пераканаць яе ў чымсьці. Ёй гэтага не трэба. Звычайнай ўвагі, не болей: ну, пашкадаваў бы, сказаў бы ласкавае слоўца, пагладзіў па галоўцы, і досыць. Але муж не здольны даць нават такой дробязі, хоць  яна і гаворыць пра гэта адкрытым тэкстам: “Цеплыні і чалавечнасці!”.
— Прафесіяналы будуюць Ноеў каўчэг, аматары — Тытанік, — панесла яго ў зусім невядомы стэп.
— Свістаць усіх наверх! Лопаецца канструкцыя. Тытанік ідзе на дно.
— Табе грэх скардзіцца на маю канструкцыю. У ролі жабрака заўжды выступаў я: — “Гэта было раней! — апраўдваецца жонка”. — Гэта было заўсёды: ты перакрэслівала мае жаданні! У цябе балела галава, ці іншае штосьці, ты заўжды была стомленаю…
— А зараз, калі я распаляюся — ты аказваешся не здатным. Прыкідвашся стомленым. Цяпер галава баліць у цябе. Згарэлі ўсе дровы, ха-ха-ха!  — “Не скажы. Сякія-такія паленцы яшчэ засталіся”. — Стручкі, а не паленцы! — абсякае яна. — Маленькія пупышкі, вось. І тыя, што засталіся — адсырэлі і не гараць.
— Усяму свой час, Лусія! Каб цябе раскачагарыць — секвой патрэбен, сібірская тайга. Не магу ж я, як дваццаць гадоў таму, па пяць разоў за суткі.
— Сам прызнаўся, ха-ха! Не можаш! Прадзіравіў каўчэжац? Ха-ха! А ўсё таму, што шоргаўся ў іншых месцах.
Магчыма, меў рацыю і аўстрыйскі псіхолаг Зігмунд Фрэйд, які ўсю псіхалогію звесіў ніжэй пупа, якурат у месца генеталій, звёўшы ўсе патрэбы душы чалавечай да таямнічага “лібіда” і “сублімацыі”.
— Ну, ведаеш...
— Так-так, ведаю. Усё ведаю! І дзе, і з кім.
— Адыйдзі! — груба адграбае жонку рукою і, тыркнуўшы вілкай у разетку, уключае тэлевізар. — Здакучыла, зануда!
— І не падумаю! — Упірае рукі ў бёдры і загароджвае  фігурай экран. — Бач ты, яму надакучыла? Надакучыла я?! Ды ты на мяне маліцца павінен!
Адчыніўшы дзверы сваім ключом, Сэм яшчэ з парога пачуў крыкі бацькоў: стаіўся і прыслухоўваецца да сваркі. З маленства ў сямейных скандалах ён прымаў бок маці, а бацька  уяўляўся яму варожай і драпежнай пачварай.
— Лусія!! Я сказаў адыйдзі! — гучыць у голасе пагроза, — а то зараз!
— Што? Што зараз? Не баюся я цябе, не баюся!
— Лусія!!! — раўнуў нечакана Джэк і яго вочы ўмомант наліліся крывёю. — Заб’ю!
Раптоўна зрываецца з месца, падскоквае да сцяны і заграбае лапаю  вінчэстэр. Жонка смяецца, але кідаецца ў знакі: ад смеху засталася пустая абалонка, нейкі ён схематычны, энергітычна мёртвы: “Ён не заражаны! — спрабуе ўсміхнуцца яна”.
— Я перазарадзіў учора, — сур’ёзна гаворыць Джэк і дапаўняе, — карцеччу на дзіка: — “Не веру!”. — Паверыш, калі дзірку ў галаве зраблю. Мне астабрыдлі твае сцэны. Яшчэ тым разам вырашыў: заб’ю і канец маім пакутам. Пазбаўлюся раз і назаўсёды! Каб духу твайго тут не было!
Перасмыкае затвор і падымае ствол, марудна прыцэльваецца.
На парозе нарэшце паказваецца Сэм.
— Джэк! — роспачна ўскрыкнула яна і загарадзілася рукамі ад накіраванай на яе зброі: “Памры! І здохні! — выдыхнуў ён”.
Клацае затвор. Муж аглядае вінчэстар: “Асечка? Хмг! — і гэтак натуральна здзіўляецца, збянтэжана аглядаючы  зброю, што становіцца зразумела: сапраўдны артыст у гэтым доме ён — Джэк Хабарт. — Тваё шчасце, — выціскае неабходныя словы”.
 — Дурань! — адбівае рукою ствол Лусія,  кідаецца да мужа і лупіць худымі кулачкамі па грудзях, — дурань, дурань, дурань!
 — Ну, хопіць. Спыніся! Перастань… І не разводзь макроту.
Колькі часу яны стаяць абняўшыся: Лусія схіліла галаву на грудзі мужа, а ён, прытрымліваючы яе за плечы, гладзіць валасы. Кранае вуснамі шыю, штосьці нашэптвае. Сын назірае з суседняга пакоя, хітае галавой і пацепвае плячыма.
“Джэк, — супакойваецца яна”, — “Што яшчэ?”. – “Ты сапраўды мог бы забіць мяне?”. — “Запраста. Як тую курапатку”.
І яна адчувае: муж на гэты раз жартуе. Пераконваецца, што ён усё яшчэ не абыякавы да яе: “Ну, можа, і не кахае так палка, як раней, але ж яна для яго і не пустое месца, калі здольна так узрушыць”. Лусія навучылася чытаць яго жэсты і рухі, міміку, здалёк вызначаць настрой па адной хадзе, калі яшчэ і твару разглядзець не магчыма. Сын, назіраючы паводзіны бацькоў, нічога гэтага не разумее, яму падаецца ўсё пустым блазнаваннем.
 — Значыць, усё яшчэ кахаеш? — уздыхае Лусія.
— Каго ж мне  кахаць? Ты мой  лепшы лад праўлення, мая манархія.
— Канстытуцыйная?… Ці якая там яшчэ ёсць? — смяецца жонка: — “Абсалютная!”. — О! Абсалютная — гэта добра.
Бліжэй за ўсё наблізіўся да разумення чалавечых адносін чэх Эрык Берн, які абгрунтавана і доказна сцвердзіў: “людзі гуляюць у гульні”. Але, калі б так проста было раскласці жыццё на псіхалагічныя схемы і сцэнарыі, то было б зусім не цікава жыць. Усё можна было б пралічыць, прагназаваць і загадзя прадбачыць. Жыццё вабіць тайнай і непрадказальнацю, прыцягвае невядомасцю. Выкажу крамольную думку: нават Госпаду Богу вядома не ўсё! Гэта патрабуе логіка самога жыцця. Бог пакінуў людзям свабоду выбару, значыць, разам з гэтым пакінуў для сябе невядомасць будучага, бо нейкую частку ў здзяйсненні цалкам аддаў на волю чалавека. І гэта бачыцца справядлівым. Бо калі інакш, калі ўсё было наканавана а лёс загадзя запісаны на нябёсах, то навошта тады патрэбна жыццё чалавека? Яно страчвае сэнс.
Зноў адчыняюцца дзверы і сын нерашуча топчацца на парозе, пэўна, нешта хоча сказаць, але не можа адважыцца. Нарэшце звятраецца да маці: “Мне патрэбна пагаварыць і... параіцца”.
— А з бацькам ты раіцца не жадаеш? — бліскае вачыма ў бок сына.
— Джэк, не трэба. Навошта чапляцца да словаў?
Відавочна, што маці хвалюецца: толькі ўсё наладзілася…
Сын становіцца ў позу: “Я заўтра хачу прывесці знаёмую. Як бы гэта… Хачу пазнаёміць… Яна з вамі хоча пазнаёміцца”.
— Ацяліўся нарэшце. Але я так і не зразумеў: ты хочаш прывесці, ці яна сама хоча прыйсці? — “Джэк! — амаль узмалілася Лусія, — спыніся!”.
— І я хачу прывесці, і яна хоча прыйсці, — папраўляецца Сэм. – Наша жаданне супала. Прыйдзем разам. Маці, вы там гэта… Стол накрыеце?
— Ага! Яна хацела б і прыйсці, і пазнаёміцца, і паесці на халяву.
 — Джэк!!! Як табе не сорамна? —  муж вінавата змаўкае. — Сынок, у колькі вы збіраецеся прыйсці? — “Вечарам, у дзесяць гадзін”. — Добра,  не хвалюйся, мы ўсё зробім.
— Лусія! Але ж у адзінаццаць у нас прэзентацыя? — абураецца муж. —  Гэта вельмі важна. Апасля — фуршэт. Ты ж абяцала.
— Накрыем стол, пасядзім крыху і пойдзем на тваю прэзентацыю.
Сэм выходзіць за дзверы: кароткая, у некалькі прыступак, лесвіца, утульны дворык, калітка — вуліца…
Паток аўтамабіляў. Ён крочыць па тратуары. Заварочвае ў кафэ. Наведвальнікаў не шмат. Падыходзіць да стойкі, заказвае піва і разлічваецца.
Джэк не змог утрымацца, каб не упікнуць жонку: “Тваё выхаванне!”. Лусія завялася з паўаборота, гатовая зноў сарвацца з тармазоў: “Ніхто ў цябе не адбіраў права займацца сынам, яго непасрэдным выхаваннем. Ты думаў: усё прыйдзе само сабою? Але так не бывае. Нішто не бярэцца з ніадкуль. Сэм столькі гадоў чакаў бацьку, але бацька быў заняты іншымі справамі. Сын узяў і вырас. І ў цябе не спытаўся”.
— Хопіць, Лусія! На новы круг?… Я зарабляў грошы. Сама ведаеш, трэба было выплачваць  крэдыты...
— Патрэбна было займацца сынам. Раней трэба было займацца. Навошта твае грошы, калі сын адбіваецца ад рук?
Што ж, шаноўны чытач, прыйшоў час пакінуць цябе аднаго з нашымі амерыканскімі героямі. Гісторыя пачалася і аўтарская прысутнасць, як старонняга назіральніка і неабходнага каментатара, ці суддзі, мне падаецца лішняй. Гэта ж не футбольны матч, не спартыўнае спаборніцтва, дзе хтосьці абавязкова павінен сачыць за правіламі. Гэта жыццё. Яно часам гуляе без усялякіх правіл, часцей само стварае сабе законы і правілы, і само ж затым іх парушае, каб на ўласных парушэннях прадэманстраваць новы вышэйшы закон.
14.
Зала невялікага кафэ патанае ў прыцемках. Гучыць рытмічная музыка. За стойкай Сэм дапівае з бакала піва. Ставіць пусты бакал, падыходзіць да тэлефона і набірае нумар.
Звініць напалову зламаны тэлефонны аппарат. Цесны пакой. Бедная мэбля пад тоўстым слоем пылу і бруду. Усюды беспарадак. На сценах плакаты афіш. На тапчане ляжыць Сара. Бутэлька віна ў руцэ падцягваецца рыльцам да твару, не адкрываючы вачэй, адпівае некалькі глыткоў. Рука з адметным пярсцёнкам ляніва здымае трубку: нешта ён значыць гэты пярсцёнак у выглядзе тэтраграмы?
Канчатковыя цэлі і мэты любой тайнай арганізацыі не дэкларыруюцца ў адкрытую. Маніфесты і праграмы пішуцца для натоўпу. Падобныя арганізацыі (секты, кланы) маюць шматузроўневую кансперацыю, жорстка структуіраваны, іерархічны і закрыты для выпадковых людзей. Сапраўдную мэту ведае толькі вузкае кола абраных самай высокай іерархіі, а радавыя члены, часта не ведаюць, што і дзеля чаго твораць, працуюць у сляпую, бо на дэкларатыўным шчыце могуць стаяць прывабныя для большасці лозунгі “Свабода, роўнасць, братэрства!”, або “Гуманізм і дэмакратыя! Правы члавека!” — а на паверку канчатковая мэта дзейнасці ўсё пірамідальнай установы аказваецца зусім супрацьлеглай. Як напрамак ветра адносна зямлі з кожнай тысячай метраў у вышыню мянецца на некалькі градусаў, і на вышыні ў дзесяткі кіламетраў бывае супрацьлеглым, так і на вяршыні піраміды тайнай арганізацыі напрамак цэлі можа быць зусім інакшым, чым яго ведаюць у падножжа арганізацыі. Але свае заўсёды павінны пазнаваць сваіх. Таму са старажытных часоў жрацамі была распрацавана цэлая сістэма тайных пазнавальных знакаў, амулетаў, жэстаў, сімвалаў, слоў-этыкетак… І гэта спрацоўвала, і спрацоўвае. Скажам, выступае па тэлебачанню кандыдат у прэзідэнты, і ў сваёй прамове час ад часу, нібыта выпадкова робіць характэрны вербальны жэст — апазнавальны знак для дасведчаных: “я свой!” — і ўся разгалінаваная структура арганізацыі, не згаворваючыся, працуе на гэтага кандыдата.
Культура кожнага народа выпрацавала сваю сістэму вербальных жэстаў, якія часта не супадаюць. Калі ў Амерыцы знак “ок” (указальны і вялікі палец злучаны ў выглядзе круга) абазначае “окей!”, усё добра, то ў Італіі гэтым жэстам можна абразіць чалавека, бо гэта знак сэксуальных меньшасцяў. Калі высалаплены язык у Еўропе абазначае жарт-пацвельванне, то ў Кітаі гэта прамая пагроза, аналагічная еўрапейскаму выстаўленаму кулаку. Калі  большасць жыхароў зямлі слова “так” суправаджае і дубліруе станоўчым кіўком галавы зверху ўніз, а “не” — адмоўным, гарызантальнае ківаннем, то балгары чамусьці робяць наадварот. Цяжка прасачыць і вытлумачыць, чаму адзін народ выпрацаваў такую сістэму вербальных жэстаў, а другі — іншую. Гэта ўзыходзіць да архетыпу нацыі і, магчыма, з’яўляецца нейкім духоўным абярэгам генатыпу. Вось чаму пад пагрозай глабалізацыі так важна прытрымлівацца нацыянальных традыцый і каранёў, каб не зрабіцца аднойчы безаблічным уніфікаваным матэрыялам для хімерных збудаванняў новавілонскіх архітэктараў. Бо чалавецтва не ведае канчатковай мэты тых, хто лічыць сябе разумнейшымі за астатніх, застаецца толькі спадзеўка, што Бог не цяля і ўбачыць круцяля. Амерыканцаў, гэты кангламерат з соцен людскіх плямёнаў, цяжка назваць нацыяй і народам, хутчэй — гэта армія новабранцаў, здаровых, моцных, ганарлівых і сквапных, прагных да лёгкай спажывы, нахабных і дзёрзка-авнтурных. Добра вывучаная, узброеная і прыкормленая армія, якую, калі спатрэбіцца, здолеюць павясці на любыя барыкады цывілізацыі і культуры. Маршалы гэтай арміі пакуль хаваюць свае твары ў ценю. Амерыка, як джяржава, самы вялікі даўжнік. Калі джяржаўны доўг Амерыкі раскінуць на кожнага грамадзяніна Злучаных Штатаў, то атрымаем сумму ў некалькі соцен тысяч долараў. Не цяжка здагадацца, хто накінуў на амерыканцаў даўгавую захлыстку. І пры патрэбе пагоніць паслухмяную армію хоць у самое пекла. Спачатку ўсё-такі крычаць “хлеба!”, а ўжо потым, здаволіўшы і насыціўшы страўнікі, патрабуюць “відовішчаў і цудаў!” — і толькі пасля ўсяго, расчараваўшыся ў чарговы раз, натоўп прагне крыві і раве штосілы: “Распні Яго! Распні!”.
Але за спінамі амерыканцаў стаіць адзін з самых старажытных народаў зямлі, які духоўна апладніў усю еўрапейскую культуру, з Пісанняў якога выйшла некалькі такіх розных і непрымірымых сусветных рэлігій, народ, жрацы якога дзве тысячы гадоў назад нацкавалі натоўп на ўкрыжаванне Божага Сына, і дзве тысячы гадоў упарцяцца ў сваёй памылцы і чакаюць, чакаюць, чакаюць… Новага машыаха. Калі Месія прыходзіў, то абавязкова прыйдзе Антыхрыст. Павінен прыйсці, як ноч пасля захода сонца. Мы не ведаем: як і калі? якім чынам?… Ніхто не ведае часоў, акром Айца. Але толькі сляпы не бачыць, у што можа выліцца татальны кантроль за насельніцтвам? Пры жаданні цяпер на кожнага жыхара планеты можна скласці пухлае дасье. Усе знакі гавораць: “Бліз пры дзвярах…”. І ёсць людзі, якім думаецца, што яны ведаюць шляхі развіцця чалавецтва, накіроўваюць іх — і ўсё робяць, каб падрыхтаваць новае царства, разграбаюць перад невядомым шлях. Пра такіх людзей сказана было дзве тысячы гадоў таму: “Не ведаюць, што твораць”.
Да гэтых людзей, заціснутая жыццёвай неабходнасцю, і звярнулася Сара, каб узяць у пазыку шчасце, таму і выбліскваў цяпер на яе пальцы пярсцёнак з тэтраграмай, як знак далучанасці да абраных. “Сара, я хачу прыехаць! — пачула яна голас Сэма і коратка сказала “Нельга!”. — Чаму? Зноў нельга? Чаму ты не хочаш? — амаль плакаўся ён у трубку. — Ну, добра, — здаўся ён нарэшце. — Я дамовіўся з бацькамі. Заўтра будуць чакаць. Давай сустрэнемся ў скверыку а палове дзесятай”.
Яна паклала трубку на рычаг. Дапіла віно. Зашпурнула пляшку ў сметніцу, сметніца перакулілася ад удара са звонам бутэлек, выплюнуўшы знутры цэлую гурбу смецця. Гаспадыня ляніва заплюшчыла вочы і, не распранаючыся, заснула.
Начны горад. Рэдкія аўтамабілі на вуліцы. П’яны Сэм, хістаючыся на гнуткіх нагах, пляцецца дахаты.
Раніца. Джэк хапае партфель і выходзіць у двор свайго дома. Лусія з кватэры глядзіць яму ўслед. Перад тым як сесці ў машыну, ён зірнуў на дах суседняга дома, заўважыў там двух паліцэйскіх, якія нешта шукалі і вынюхвалі. Глянуў на сваё акно, махнуў жонцы рукой.
Лусія стаіць каля акна, бласлаўляе ад’язджаючы аўтамабіль мужа хросным знаменнем. Аглядвае шыбіну акна і праводзіць зверху пальцам па шкле — застаецца чыстая паласа. Трэба заказаць, каб памылі вокны, думае яна.
Пасля працы Джэк спусціўся ў падвал, прынёс у залу нешта грамоздкае, зачахлёнае чорным брызентам. Развязаў зашмаргі і выцягнуў з чахла драўляны круг дыяметрам метры са тры, затым, абкалаўшыся вакол сябе рознымі прыстасаваннямі і інструментамі, узяўся прыкручваць ножкі. Пераварочвае і ставіць пасярэдзіне круглы стол. Лусія пакрывае стол чырвоным абрусам. Джэк прыносіць з кухні некалькі пудэлкаў: дастае і разстаўляе на абрусе фужэры і кілішкі, раскладвае відэльцы, нажы і салфеткі. Следам жонка носіць талеркі з салатай, вяндлінай і іншай закускай.
Стрэлкі гадзінніка паказваюць дзесяць вечара. Акурат паспелі: сталі здалёк, любуюцца накрытым сталом. Званок у дзверы: “Джэк, звоняць! Адчыні, а я на кухню”.
15.
На парозе Сэм — пад ручку з маладой рыжай дзяўчынай: “О, якія госці! — вітаецца Джэк”, Сэм падштурхоўвае дзяўчыну ўперад: “Знаёмся, гэта Сара”.
— Вельмі прыемна, — тэатральна расшаркваецца і прадстаўляецца: — Джэк, бацька гэтага аболтуса!
 — Сара, — згінаецца ў паколоне дзяўчына, — знаёмая вашага сына.
У дзвярным праёме паказваецца Лусія: “А вось  і я, — уздыхнула з палёгкай”.
 Сэм бярэ пад локаць дзяўчыну: “Гэта мая маці”. — “Лусія! — гаворыць яна і аглядвае госцю, ацэньваючы позіркам”.
 — Сара, — ківае галавой тая і здзіўляецца. — Якое рэдкае імя!
— О, так. Мае бацькі родам з Партугаліі. З гэтым іменем звязана цэлыя легенда. Калі вам цікава, раскажу потым.
— Маё імя таксама легендарнае. Сарай звалі жонку Аўраама.
— Таго, які быў прэзідэнтам? Аўраама Лінкольна? — жартуе Джэк.
— О, калі б такая радня, не было б ніякіх праблем… Біблейскі персанаж.
— І многа у вас праблем з прычыны генеалагічнага дрэва?
Сын незадаволена касавурыцца, крывіць твар і, глянуўшы на маці, нешта паказвае на мігі, быццам просіць заступніцтва.
— Ды, здаецца, ніякіх, — дзяўчына трымаецца разняволена і самаўпэўнена, — я мела на ўвазе, што сваяцтва па лініі прэзідэнта, у які б час ён не быў пры ўладзе, зняло б усе праблемы, знаёмыя амерыканцу.
— Вы ж з вуліцы, —  умешваецца Лусія. — Сэм, пакажы госці дзе памыць рукі.
— Я тут вам, — з паказным сорамам яна разгортвае статуэтку Артэміды і працягвае Джэку, — невялікі падарунак падрыхтавала.
Той бярэ попельніцу, разглядвае і здзіўляецца: “О! Дзякуй! — ставіць статуэтку на трумо і, апярэджваючы сына, кідаецца да Сары. — Ролю гіда я і сам выканаю з вялікім задавальненнем. — Усё-такі — гаспадар гэтага дома! Так сказаць, паўнаўладны прэзідэнт.
— Цудоўная кватэрка, — ацэньвае госця, аглядваючы інтэр’ер. — Самі будавалі?
— Ды не, што вы — будаўнікі. Я толькі грошы плаціў. Жах! Колькі пайшло на будаўніцтва. Тры крэдыты афармляў. Але зрабілі ўсё па вышэйшаму класу. Супер!
— Любіш ты хваліцца, — усміхаецца жонка. — Рушнік там, на вешалцы.
 Джэк зводзіць госцю ў ванны пакой. Сын тым часам падбягае да маці: “Мам, ён усё сапсуе сваімі падкалупкамі, стрымлівай крыху яго, — пераводзіць дыханне. — Ну, як табе яна?”.
— Цяжка, сынок, вызначыць з першага разу.  Знешне — нішто сабе. І апранута з густам.
Джэк з пачуццём уласнага гонару на правах гаспадара праводзіць госцю ў ванны пакой.
— Рукамыйкік. Вось тут рушнішок. Мыльца. Праходзьце, — прапускае папярод сябе госцю. — Водар вашай парфумы кружыць галаву. Калі ласка! — і раптам, здзіўлена. — Ой! Што гэта ў вас?! — сцірае рукой ззаду нябачную пляму, госця бянтэжыцца, — пэўна прыхінуліся дзесці, — тлумачыць ён, а затым тонам знатака ацэньвае, — пругкая! 
Сара шматзначна ўсміхаецца, папраўляе грудзі рукамі, быццам бессаромна выстаўляючы, прапаноўвае тавар, маўляў, я і тут нішто сабе.
— О! Яна ўмее апранацца, — салаўём заліваецца Сэм, — ідзем па вуліцы, мужчыны, аглядваючыся на яе, галовы сабе скручваюць. А мне прыемна. Ведала б ты, як ганарова ісці побач з ёю.
З ваннага пакойчыка паказаваецца бацька. Сэм уважліва глядзіць на Сару, яна падаецца яму занадта ўзбуджанай. Праз хвіліну ўсе моўчкі садзяцца за стол. Цішыню парушае бацька: “Я заўважыў, сын, у цябе не благі густ”.
— Твая школа, — Сэм нарэшце задаволены: яго пахваліў бацька.
“Дзякуй за камплімент, — шчабеча Сара”, “Частуйцеся. Гэты салат я прыдумала сама ”, “Пачакай, Лусія. Спачатку віна?” — “Хіба што кропельку, —  сціпла ўсміхаецца госця”.
— Гэта “Кагор” — цудоўнае марачнае віно. Паглядзіце які насычаны рубінавы колер! Сотню даляраў аднаму эмігранту адслюнявіў за пляшку. Яго яшчэ называюць царкоўным. У Рассіі такім віном прычашчаюцца. Добрае чырвонае віно, вельмі карыснае, багатае вітамінамі і мінеральнымі солямі. Я да краёў, а вы па магчымасці.
— Ну, калі яно такое цудоўнае… тады, дзякуй, — ківае галавой Сара і звяртаецца да гаспадыні. — Дык што вы гаварылі пра сваё імя?
— Пра імя? — кранае за руку мужа, — мне палавіну… Хопіць.
— А Сэм віна не любіць. Яму толькі кропельку на днечка, — жартуе Джэк і сапраўды пліскае ў фужэр сына грамульку. — Пераліў мабыць? Ведаеце, цярпець не можа чырвонага віна. Ён у нас не пітушчы. Праўда?
— Канешне, праўда. — Сэм з выклікам бярэ бутэльку са стала і далівае сабе ў фужэр. — Але не ўсё праўда, што ты гаворыш. Я ўжо дарослы.
— Бачыце, Сара, якая моладзь пайшла? Адбіўся ад рук: бацька для яго — не аўтарытэт. Вырас з падштанікаў, намагаецца выскачыць у самастойнасць. Ну, за знаёмства!
Бакалы збягаюцца з усіх бакоў, чокаюцца і звонка звіняць.
— Дык вось, вы пыталіся, пра маё імя, — гаворыць Лусія, калі ўсе выпілі і пачалі закусваць. — У мяне партугальскія карані. Бацькі там нарадзіліся, мястэчка Фаціма. Не ведаеце? Вы ежце, ежце… Чым багаты…
— Дык вось у 1917-ым годзе каля Фацімы здарыўся “Цуд Сонца”. Магчыма, чулі што-небудзь? Не?… Уяўляеце, яшчэ раней тром пастушкам нашага мястэчка з’яўляўся сам Архістраціг Міхаіл. Вучыў малітвам: дзесяцігадовую Лусіі, васьмігадовага Францыска і сямігадовую Жансіту. А пасля ім шэсць разоў з’яўлялася Божая Маці. Гэтую з’яву празвалі “цудам сонца”. Тысячы людзей збіраліся паглядзець. Газеты захлёбваліся. Людзі з’язджаліся з усёй Еўропы. Апошні раз сыйшлося каля сямідзесяці тысяч. Але што цікава, кожны раз Матка Боская з’яўлялася трынаццатага чысла: у маі, чэрвені, ліпені… Так ажно да 13 кастрычніка, у Рассіі тады здарылася рэвалюцыя. А яшчэ гавораць, што лічба 13-ць — чортаў тузін. Слухайце, што было далей. Праз два гады памёр Францыска,  праз год не стала Жансіты. А  Лусія выжыла. Вырасла і пайшла ў манахіні. Жыве да гэтага часу ў манастыры. Гавораць, праз Лусію было дадзена прароцтва. Яно і па сёння захоўваецца ў Ватыкане. Калі быў замах на панціфіка, Іаан-Павел Другі адразу ж са шпіталя запрасіў “справу Фацімы”. Нешта ў свой час было не выканана з патрабаванняў Божай Маці. Наведаў потым у манастыры і саму Лусію. Вось мяне і назвалі ў яе гонар.
— Вельмі цікавая гісторыя, — здзіўляецца Сара, але кідаецца ў знакі паказное здзіўленне. — Я нічога не ведала пра такое.
— Пра гэта наша Лусія, — падымае галаву ад талеркі Джэк, — дарэчы, зусім не манашка, вельмі любіць распавядаць.
— А што тут такога? — паводзіць жонка плячом. — У гэтым няма ніякай ганьбы. Магчыма, чалавеку цікава.
— Мне сапраўды было цікава. І не ведала, што ў наш час такое магчыма?
“Менавіта што? – спраўляецца Джэк”. — “Ну, цуды ўсялякія?…”. — “О, яшчэ не тое дзеецца на свеце, — ставіць кропку Лусія”. — “Не хачу вас разчароўваць, — асцярожна гаворыць госця, — але я ў цуды не веру”. — “Дарэмна, — абыяква заключае Лусія”. – “Веру толькі ў тое, што можна памацаць рукамі, убачыць на свае вочы, веру ў рэальнасць. Я — рэалістка”.
— Правільна! — падхоплівае Джэк. — Я таксама рэаліст. А наша Лусія кожнаму расказвае байку пра партугальскіх пастушкоў. Падмурак жыцця — рэальныя  адчуванні і патрэбы. А не нейкія там мроі-летуценні. Скажыце?
Ён і сам не ведаў, які чорт паджыгнуў зрабіць гэта: падтыкнула выцягнуць нагу з туфля і падвесці пад сцягно гэнай маладухі, і далікатна так — пагладзіць. О, які агністы зырк вачэй! Як павольна разаграецца старая кроў. А яна?… Так лёгка паддалася: успыхнула свечкай і зардзелася, як ружа.
Сара спачатку падумала, што нага належыць маладому Хабарту, хоць зусім і не чакала ад такога цюхляка чагосці падобнага, але потым, калі нарэшце зразумела, чыя ножка прабіраецца ўсё вышэй — зусім расхвалявалася.
Твар гаспадара і твар госці: агністы зырк вачэй дзяўчыны і абыякавы твар старога лавеласа. І ў той жа момант яго нага прабіраецца ўсё вышэй і вышэй…
 — Канешне-канешне, — спяшаецца адказаць Сара, каб ніхто нічога не заўважыў.
Кінуўшы хуткі позірк на Сэма, яна адчула раптам нястрымна-кіпучую агіду да яго нікчэмнасці: ніколі ён не падорыць такой насалоды. Не дадзена яму: не той і не такі. Яна і не разлічвала на нейкія асаблівыя мілосці з пасынкам, ён патрэбен быў зусім для іншай мэты. А вось бацька… З гэтым можна і фліртануць, похадзя пазабаўляцца. Як ён паядае яе вачыма. Як бунтуецца кроў! “О-оў! Што гэта ён робіць? — чытаецца ў яе вачах, — страціў усякую асцярожнасць”. Бярэ свой недапіты бакал, (трэба ж нечым заняць рукі?) пакручвае на выцягнутых пальцах, быццам разглядае на шкле насечкі узору, нарэшце выпівае: “Са-праў-ды смачнае віно”, — прамаўляе з прыдыханнем. Тыцкае наўдалую відэльцам у талерку, амаль ускрыкнула: “І салат, о-оў! —  прыпаднялася, ловячы насалоду, і прыціснулася усім корпусам да края стала, каб ніхто не заўважыў гульні: — Дзякуй! О-о-оў! Вельмі смачны. Я і не чакала”.
— Наша Лусія — кухонная чараўніца! — Гаворыць гаспадар, быццам пад сталом нічога асаблівага не адбываецца.  — Сама прыдумляе рэцэпты салатаў.
— Праўда? О-оў! — міжвольна рэагуе Сара на ласку. — Як гэта цудоўна… выдумляць новае… Такі вытанчаны, пік-кантны… смак.
— Цалкам ядомы, — гулліва заключае гаспадар, — многім да спадобы. Галоўнае рассмакаваць. — “О, так-так! — прычмоквае языком госця. – Смаката. Увесь цымус у нечаканасці!”.
“Што ж ён за штукар?” — гэтае пытанне ўсё болей пачынае турбаваць госцю. Маці з сынам, два ёлупні, толькі сківіцамі арудуюць, а ён — праз пяць хвілін знаёмства распачаў такую небяспечную гульню. Праўда, яшчэ ў ванным пакоі, калі яна рукі мыла, перад тым, як падаць рушнік, ненарокам крануўся яе шырокай даланёй. Яна аж наструнілася ад нечаканасці, “вы што?” — хацела спытацца, але прачытала ў вачах столькі замілавання, такой ласкай праменіліся вочы, што яна разгубілася. Ды і выгляд старога Хабарта здаўся такім нявінным: ён жа мог і выпадкова так даткнуцца да ягадзіцы? Глянула ў вочы і не прамовіла ні слова, толькі грудзі на руках узважыла, спакушаючы яшчэ болей. Аказваецца, у ванным пакоі ён толькі запусціў пробны шар, а сапраўдная гульня пачалася тут.
— Ніхто яшчэ не атруціўся, — Джэк усміхаецца, хавае нагу ў свой абутак. — “Перапішаце рэцэпт? — колькі безсаромнасці ў яе поглядзе! — Мне асабіста. Я хацела б  добра раскаштаваць”.
— Перапішу. Абавязкова перапішу ўсе рэцэпты.  У мяне іх шмат.
Лусія падняла галаву і са здзіўленнем зіркнула на мужа: “Адкуль ты ведаеш мае рэцэпты, Джэк? — сцепанула плячыма. — Ніколі не цікавіўся імі”.
— Вядома ж, ведаеш ты. Але ж перапісаць іх магу і я.
— Можаш і перапісаць, — пагаджаецца Лусія, —  госці будзе прыемна.
— Усім буду хваліцца, што гэты рэцэпт прыдумала маці Сэма.
— Навошта ўсім гаварыць? — шчыра здзіўляецца Лусія. — Я ж для душы. Як бы вам сказаць, нешта накшталт хоббі. Люблю выдумляць розныя стравы. Джэку падабаецца, ды і самой цікава эксперыментаваць на кухні.
— Гэта нам не ўласціва, — разважае Сара, — дома прымаць гасцей, самім рыхтаваць стол. Амерыканцы прывыклі есці на хаду: у танных кафэ, рэстаранчыках хуткага харчавання. Першы раз у такіх гасцях: увесь стол сервіраваны гаспадарамі! Мне вельмі спадабалася ўсё, што вы нашчыравалі.
— Мне таксама, мама, падабаюцца твае стравы.
— Не можа быць, Сэм! — язвіцельна заўважае бацька. — Першы раз чую! Сын хваліць гастранамічныя здольнасці “maman”!
— Ну, чаму? Я заўсёды так гаварыў.
— А чаму ж  бегаеш па Макдональсах?
“Хто ж ён на самай справе, гэты стары грэхаводнік? Безпачуцёвы і абыякавы цынік, як і большасць мужчын яго гадоў, — паглядвае з цікавасцю на Джэка, — ці палкі і вопытны любоўнік?”.
— Шукаю свежых уражаняў. Падабаецца ветлівае абыходжанне, сэрвіс, новыя людзі, — бубніць пад нос сваё апраўданне Сэм.
— Старая ісціна: чым горш гатуе повар, тым ветлівей  абслугоўваюць афіцыянты.
 Госця зайшлася смехам, сын з маці недаўменна пераглядваюцца. Лусія запытальна зірнула на Джэка: ён  нічога такога не заўважыў? Не. Глянуў на жонку, як авадня адагнаў. Лусіі падалося нават, што яна пачула яго заўсёднае: “Курыца бязмозглая! Вечна табе нешта здаецца”. Адзін Джэк дакладна ведаў прычну істэрычна-нервознага смеху госці. Так, ён добра ведаў гэты юрлівы шал маладых асобін, іх знерваваны перарывісты смех. Уявілася нават, застанься ён адзін на адзін з гэтай маладухай, — о, як бы гэтая жыдовачка выкручвалася перад ім, чаго б толькі не вырабляла… “Булька ў носе!” — недарэчна ўспомнілася адна колішняя гісторыя: давёў падкую малодку да такога стану юрлівасці,  што ў тае аж бурбалка з носу выскачыла, звычайная булька, як у дзіцяці. І адразу ж збрыдзела тая асобіна яму — ўвесь імпэт, быцам ледзяной вадой астудзілі.
— З Сарай мы таксама пазнаёміліся ў кафэ, — знайшоўся што сказаць сын.
“Гэтая Сара таксама здольная выпусціць з носа бурбалку, — думае пра сябе Джэк, — здаравенную такую надзьмуць, як дзеці шарыкі з жуйкі робяць – “пух!” і знікла ўсё зачараванне”.
— Сара, а вы працуеце, ці яшчэ вучыцеся? — пытаецца Лусія.
— І вучуся, і працую адначасова.  Прыходзіцца ўзгадняць, круціцца, усюды паспяваць.
— Во, бачыш?! — нават прыўстаў Джэк з крэсла. — Вось гэта сапраўдная самастойнасць. А наш Сэм — толькі вучыцца. Не верыць, што школа –  месца, дзе шліфуюць булыжнікі, а дабротныя алмазы — раскрышваюць.
«Ха-ха-ха!» — зноў нервовы смех Сары непрыемна разануў Лусію, яна нават уздрыгнула: “Вельмі арігінальнае назіранне, — сказала госця”.
“Ці не клеіцца яна да майго Джэка? — насцярожылася Лусія. — Надта ўжо хоча звярнуць на себя ўвагу і спадабацца. Напорыстая!”.
— Не хоча працаваць. Лянуецца, — катэгарычна заключае Джэк.
— Што ты нападаеш на хлопца, — уступаецца за сына маці. — Яшчэ паспее напрацавацца. Усё жыццё наперадзе.
— Для некаторых яно раптам апынаецца ззаду. Зусім нечакана так дзюбне смажаным пеўнем у адно месца.
— Маці, ты ж ведаеш — гэта яго любімы канёк. Проста я лічу галоўным — атрымаць дыплом, а праца нікуды не ўцячэ. Праца, якая добра аплочваецца.
— Вядома. Таму і сядзіш на бацькавай шыі. Чакаеш прыбытковага месца, ха-ха! Вось дзе ты ў мяне! Вось тут! — паляпаў даланёй па сваім карку.
“Джэк! Стырмлівай сябе. У нас чужы чалавек!”. — “Маўчу… Але нечым жа трэба займаць госцю?”.
— Што падумае пра нас Сара, — не можа супакоіцца Лусія. — Чалавек першы раз у гасцях… Вы даруйце выбрыкі нашага гаспадара. Ён розныя конікі можа выкідваць.
— Нічога-нічога! Усё проста выключна, — гаворыць госця.
А пра сябе падумала: “Можа, які-нібудзь прыдуркаваты гэты стары Хабарт? Маньяк, ці вар’ят? Але ж дзесці працуе, дом збудаваў… А раптам у яго такі пункцік: кожнай госці пад спадніцу падсоўваць сваю нагу. Раптам і жонка гэта ведае? “Выбрыкі нашага гаспадара… конікі можа выкідваць” — ці не намёк гэта, што яна ўсё ведае?”. Сара з цяжкасцю аддзірае ліпучыя думкі, што лезуць у галаву, і пераводзіць размову на іншае: “А вы — паляўнічы? — спыталася”.
— Быў калісьці… Хаця, дарагая госця, і сёння люблю гэтую справу. Вельмі люблю.
Зноў нога Джэка пад сталом, цяпер ўжо босая, палезла пад спадніцу: “Гэта таксама хоббі…, — тлумачыць ён, гучна стукаючы нажом па талерцы, адразае кавалак вяндліны: дзынь-бразь, дзынь-бразь! — і ў такт арудаванню нажом — патаемная валтузня пад сталом.
Разгублены твар Сары: “Ой! — вырываецца стогн з грудзей, яна злавіла хуткі запытальны позірк Лусіі. — Прабачце, зуб! Штосьці цвёрдае трапіла, магчыма каменьчык”. — “У грэчцы іншы раз трапляюцца, — вінаваціцца гаспадыня”. — “У нас увогуле сям’я хоббітаў, ха-ха-ха!  — рагоча гаспадар”.
 — Ну і да чаго твой смех? — пачынае злаваць жонка.
Яе раздражняе незразумелая ўзбуджанасць мужа. Адчувае: нешта не тое творыцца за гэтай бяседай, а што канкрэтна, уцяміць не можа. Таму і злуецца. Джэк хавае сваю нагу ў абутак і з паказной крыўдай зврятаецца да жонкі: “Лусія, а дыхаць мне можна?”.
— Можна,  толькі асцярожна. І, калі ласка, без прыдыханняў.
— Як вы назваліся, Сара? — цяпер ужо звяртаецца ён да госці. — Ага, Сара, жонка Аўраама. Дык вось! — Дастае нагу і зноў пачынае нахабную гульню. — Вельмі рэдка ўдаецца выкраіць дзянёк-другі для любімай справы. Я працую броккерам у адной фірме. Работа забірае ўвесь вольны час…
— Але ж паспелі набыць, о-оў!…  Столькі паляўнічых трафеяў, — паказвае на чучалы жывёл і птушак.
— У асноўным, гэта трафеі маладосці. Але і зараз, магу пацэліць вавёрцы ў вока. — Нага пад сталом падбіраецца вышэй. Твар Джэка нахабна ўсміхаецца: — У самую зрэнку. Ведаеце, такая маленечкая чорная плямачка…
«Оо-оў!» –  не можа стрымацца Сара, зноў хапаецца за шчаку, і зноў Лусія перасмыкае плячыма, пэўна, падсвядома адчуўшы фальш зубнога болю: жанчыны так стогнуць ад чагосьці іншага.
Не, нічога падазронага пакуль не заўважыла.
— Не тое, што некаторыя маладыя. Яшчэ ўсякаму магу даць фору.
— Зноў харахорышся, корч стары! — пераходзіць на грубасць жонка: — Куды ўжо ты варты. Хіба што на распал?
— І ты яшчэ сумняваешся, вавёрка мая вярціхвосткая? — надзіва ласкава раптам звяртаецца Джэк да жонкі.
Сара адчула: нага пад сталом, што гулялася з ёю, нечакана знікла. Прыгледзелася да Лусіі: чаго так раптам наструнілася старая вобла?
“Так, — гаворыць тая, — асабліва калі ў вавёркі ладная канстытуцыя”.
Госця смыкаецца на крэсле, не можа усядзець, быццам вожыка прыціснула да спінкі. Спіхвае локцем з края стала відэлец: “дзын!” — бразгаецца відэлец на падлогу, і Сара  са словамі “Прабачце, калі ласка!” нырае галавой пад абрус і ў імгненне вока заўважыла: босая нага Джэка пад спадніцай жонкі. Каля пустога чаравікам валяецца шкарпэтка. І рэзанула пад сэрца раўнівая думка, ужо і відэлец сціснула за чаранок, пальцы хруснулі: парануць, як шампурам, у такое мяса. Але ў той жа момант нага баязліва занырнула ў чаравік.
— Прабачце, — яшчэ раз вінаваціцца Сара, выціраючы відэлец салфеткай, — зусім не чакала. Не ведаю, як атрымалася.
— Нічога страшнага. Пакладзіце, — супакойвае Лусія, — я прынясу другі.
Лусія ідзе на кухню і праз хвіліну вяртаецца з новым відэльцам. Сара дзякуе. Усе замаўкаюць.  Чуваць як стукаюць прыборы.
— Мы, амерыканцы, ганарымся сваёй канстытуцыяй, — гаворыць госця, — яна лепшая ў свеце. Ведаеце самую распаўсюджанную амерыканскую мару? — Джэк пераглядваецца с Лусіяй, а Сэм падымае вочы на Сару: — Быць багатым, жыць доўга-доўга і шчасліва, а памерці маладым.
Усе дружна смяюцца. Смех сціхае гэтак жа нечакана, як і пачаўся. Ні да чаго раптам без ніякай сувязі Сэм устаўляе: “А мне паляванне не падабаецца!  — у голасе чуецца запаздалая крыўда. — Гэта маё крэда. Нельга забіваць жывое?”. 
— Гэтую станцыю даўно праехалі, — абсякае бацька. — І якое ў цябе яшчэ можа быць крэда!?
— А вось такое можа і быць. А вось такое і крэда! — упарціца сын.
— Будзь хаця б паслядоўным. Антрыкот уплятаеш — ажно за вушамі трашчыць! Будзь тады вегетарыянцам, шамай гурочкі, капустку. Вось так усе! — грукае канцом відэльца па краю стала. — Уся цывілізацыя грунтуецца на хлусні і падмане: на словах адно, а на справе — зусім іншае. Падлог, фальш, двудушша — тры кіты, на якіх трымаецца сёняшні свет. А чацвёрты, самы вялікі кіт — грошы. А нашаму Сэму, бач ты,  шкада забіваць жывое! Не душа — дом міласэрднасці.
— А я наадварот люблю паляванне, —  паведамляе Сара, пэўна, каб упікнуць Сэма. — Толькі паляўнічы мае права называцца мужчынам! Сёняшні свет так распешчаны дабротамі цывілізацыі, усюды замяніцелі, канцэнтраты, сурагаты, хімія, сінтэтыка — нічога прыроднага не засталося. Увогуле мала сапраўднага. — Выразна глянула на Джэка: ці не да яго аднесла апошнія словы? — Ведаеце, нават у камп’ютарных гульнях я  выбіраю стралялкі.
— О! Сур’ёзна? — падхопліваецца Джэк. — І я гэтак жа! За гэта і вып’ем! Хоць і не тыя ўжо гады, але…— кідае на сына нядобры позірк. —  Вельмі рэдка ўдаецца… Праблематычна выбрацца, то хоць каля камп’ютара душу адвядзеш.
— Канешне, канешне, — яхідна ўхмыляецца сын, — іншы раз папа практыкуецца ў стральбе  і па жывых мішэнях, — і выціскае з сябе саматужны смех.
— Што за практыкаванне такое? — падымае вочы Сара. — Не  разумею.
— А гэта, Сэм, — падае голас маці, — зусім не да месца. І зусім не смешна... Ну, маладыя людзі,  пакідаем вас адных. — Лусія падымаецца.
— На вялікі жаль, — падхопліваецца следам Джэк, — нам трэба ісці. Мы запрошаны. Але ж трэці тост, Лусія, — спахопліваецца ён, — сама неабходнасць! —  налівае віно ў бакалы. — За любоў і за каханне… За жанчын! Мужчыны выпіваюць стоячы. Дзецям не абавязкова ўставаць нават пры гуках амерыканскага гімна. Так што, сынок, можаш пасядзець.
Сэм падхопліваецца амаль што рыўком, дэманстратыўна выпівае. “Дрэнна, што вы адыходзіце, — выказвае шкадаванне Сара”.
— Нам трэба на банкет. Нічога не паробіш. Вернемся заўтра. Так што кватэра ў вашым распараджэнні. Вам і карты ў рукі. Ды ўсе — казырныя, —гаворыць  Джэк, стоячы ў парозе і дапамагаючы  Лусіі апранаць паліто. — Не тушуйся, Сэм! Глядзі, каб не было за цябе сорамна. Пакажы паляўнічы запал. Я б такую дзічыну абавязкова падстрэліў, — і падміргвае госці на вачах сына і жонкі, — пацэліў бы проста ў зрэнку.
16.
На вуліцы Джэк з Лусіяй працягваюць спрачаацца. Вось яны падыходзяць да машыны, Джэк жэстыкулюе рукамі, нешта горача тлумачыць жонцы. Расчыняе  дзверы і паказвае рукой на задняе сядзенне, але Лусія  садзіцца на пярэдняе. Зачыняюцца дзверы. “Лусія, не займайся глупствам! — агрызнуўся Джэк, учапіўшыся ў руль машыны. — Я ж не вінаваты. Маладухі млеюць ад аднаго майго знешняга выгляду. Толькі млеюць, а ты карыстаешся. Ганарыцца павінна…”.
 Лусія, адвярнуўшыся, моўчкі глядзіць у акно. У чарговы раз ёй хочацца верыць яго апраўданням. Пераконвае сябе ў тым, што яе падазрэнні безпадстаўныя. Калі жанчына сапраўды кахае, верыць любым адгаворкам свайго абранніка, у любую байку паверыць, бо так хочацца думаць, нішто не перашкодзіць яе шчасцю.
Сара пыхкала цыгарэтай, трымаючы ў руках попельніцу ў выглядзе чалавечага чэрапа і назірала за імі з акна кухні, пакуль машына не схавалася за паваротам.
Укруціла недакурак у дзірку чэрапа і доўга разглядвала, як з “мазгоў попельніцы” струменьчыкам узвіваўся шызы дым дагараючай цыгарэты.
“Нейкі дурдом. Што да чаго? — не можа супакоіцца Сара”. Сам д’ябал глузды паскручвае ў такой сямейцы. Усяго яна наглядзелася ў трушчобах, у негрыцянскіх кварталах, але зусім не чакала сутыкнуцца з такімі выпіндрыкамі ў фешэнебельным раёне. Суцэльная каламуць. Тым лепш, думае яна, гэта яшчэ і лепш для яе задумы. Хаця ёсць і небяспека, бо такія людзі не прадказальныя. Іх паводзіны нельга пралічыць. Што ўзбрыдзе ў галаву, тое і робяць. Але яна справіцца і абавязкова даб’ецца свайго.
Сара адыходзіць ад акна: “Якія ў цябе цікавыя бацькі, — парушае маўчанне”. — “Звычайныя, — адказвае Сэм”, — “Не скажы, мне яны спадабаліся”.
— Я думаю, ты ім таксама. Асабліва бацьку, —  бярэ ў рукі талеркі са стала і нахаду прапаноўвае: — Давай пазаносім у халадзільнік.
Сара ўзяла аберуч самае вялікае блюда з салатай і пайшла следам за Сэмам на кухню: “А ты што, мо прыраўнаваў? — спыталася”.
 — Не-а. Але ты была такая ўзбуджаная…
— Быццам бы ты нешта здольны заўважаць? Проста я хвалявалася. Ці табе хацелася, каб я была сумная? І нудотная? — “Зусім не. Я рады, што табе спадабалася”.
— Сэм, а што ты гаварыў пра стральбу па жывых мішэнях? — спытала яна, калі яны прыбралі стравы са стала і зайшлі ў залу. — Я нічога не зразумела. Маці так стушавалася, ды і бацька твой разгубіўся.
— Нічога асаблівага. Сямейныя тайны мадрыдскага двара. Я не хацеў бы пра гэта.
— У вас такая таямнічая сям’я, загадкавая проста. У кожнага сваё хоббі. Хобіты, ха-ха! Ты чытаў гэтага… як яго? Толкіена, пра хобітаў?
— Нічога я не чатаў, — ён не задаволены. — Так чакаў гэтага моманту. Нарэшце, адны… — прыхінаецца шчакою да Сары.
— Не спяшайся.  Цэлая ноч наперадзе… — Задумалася на хвіліну і спыталася раптам: — Цікава ўсё ж такі, што за стральба па жывых мішэнях?
 — Ну, Сара!  Я ж сказаў: не хачу пра гэта гаварыць.
— А ты раскажы. Бо так хачу я, — бярэ яго за руку і заглядвае ў вочы.
— Ну, добра. Так і быць, — лёгка здаецца ён, — слухай. — Устае і падыходзіць да сцяны: — Бачыш гэты вінчэстэр? – “Ну!” – Як толькі яны пачынаюць сварыцца, бацька зрывае яго са сцяны і цэліцца ў маці. Яму прыемна ўганяць яе ў страх. — “Не зразумела, як гэта цэліца? – пытаецца Сара”. — Звычайна. Успыхне сварка, а яны ўзнікаюць на пустым месцы,  бацька ўзводзіць куркі і цэліцца ў маці: “Заб’ю, сучка! Толькі мазгі выляцяць!” –— крычыць і клацае затворам.
— Гэта ж пагроза жыццю. У такіх выпадках выклікаюць паліцыю.
— Якая ж ты дурная! Ён жа не заражаны. Патроны ў спецыяльнай скрынцы. Толькі страх наганяе. Такая гульня ў іх. Я падазраю, ён увогуле садыст нейкі. Ты заўважыла яго здзекі нада мной? Ненавіджу яго! Лепш давай гаварыць пра каханне, — садзіцца каля яе на калені і цалуе рукі.
— Пачакай, пачакай… Куды спяшацца? Раптам яны вернуцца? А кватэрка нішцяк сабе. Добрая кватэрка. Вось бы ўсё было нашым. – “Бацькі памруць і ўсё дастанецца мне”. — О, дык калі тое свята будзе?
Яна замаўкае. Падыходзіць да акна. Да нечага прыглядваецца на вуліцы. Затым зусім нечакана звяртаецца да Сэма з пытаннем: “А колькі твайму бацьку гадоў?”.
 — У тым годзе дзве пяцёрачкі памяняў.
— Усяго толькі пяцьдзесят пяць. Мужчына ў росквіце. Ведаеш, а мне ён спадаўся як мужчына. Ёсць у ім нешта такое… брутальнае. — “Кінь так жартаваць”. — Я не жартую: моцны і дужы. Мужны. Нават прыгожы. Даволі-такі яшчэ сімпатычны мужчына. Буська! І на мяне глядзеў не як на тваю знаёмую, а як на прывабную жанчыну.
— Тым горш. Ён слабы на перадок.
— Так гавораць пра жанчын, — засмяялася яна, — а пра мужчын штосьці кшталту: у корань пайшоў. Мужчына не слабы, калі можа.
— Ну, ты  ж зразумела, што я хацеў сказаць. Асцярожней з ім… Ён калісьці ніводнай спадніцы не прапускаў.
— Малайчына! Так і трэба. Не тое, што ты. А ведаеш, твой бацька, Джэк Патрашыцель, наступіў пад сталом на маю нагу. — “Не можа быць!”. — Ужо было! — Сэм насуплівае бровы і Сара адступаецца. — Жартую канешне.
Ёй падабалася гуляць яго настроем, кранаць нервы, быццам іграць на струнах. Настрой Сэма мяняўся літаральна за некалькі секунд, што сведчыла пра яго неўраўнаважаннасць. Было прыемна адчуваць сябе паўнаўладнай гаспадыняй яго пачуццяў. Калі гэта ўдавалася, яна ўпэўнівалася: з яго дапамогай даб’ецца таго, што задумала і ўсё атрымаецца проста выключна.
— Ад яго чаго заўгодна можна чакаць — стары бабнік.
— Не такі ён ужо і стары як табе здаецца. Мужчына ў росквіце сіл, у самым саку. Як ён сказаў: яшчэ любому маладому дасць фору.
Сказала і прасачыла за рэакцыяй: пацэліла ў яблычка. Сэм зноў насупіўся, як мыш на крупы. Маўчыць і крыўдзіцца. “Ну, і няхай сабе!”.
— І табе дасць фору, увогуле за пояс запхне, — прагаварыла са здекам.
— Сара, кінь займацца глупствам, а то зараз…
— Што зараз? Што зараз?! Ты дагаворвай, — падступілася бліжэй.
Ён неяк адразу ж абмяк, як спушчаны капшук: куды і злосць падзявалася? Мякчэючы, зусім лагодна дадаў: “Вазьму і зацалую цябе”.
— А гэта толькі з майго дазволу, — гулліва памахвае пальчыкам.
 Ён спыняецца каля яе ў нерашучасці: “Так і быць: дазваляю! — адкідваецца яна на крэсла, — рабі, што хочаш!”. Сэм падае перад ёю на калені, абдымае бёдры: “Пачакай, пачакай, раптам яны вернуцца? — стрымлівае яго парыванне Сара”.
— Машына ад’ехала. Прыедуць толькі раніцай… Цэлая ноч наперадзе. – “Цэлая ноч, — шэпча Сара і нарэшце абдымае яго”.
О! Як бы палка зараз яна абняла не гэтага зялёнага хлапца, у якога яшчэ і пачуцці не выспелі, а сціснула ў абдымках яго бацьку… Яле трэба іграць сваю роль. Гуляць умела, нават прафесійна. Трэба холадна абдымаць, цалаваць, і не паддавацца  пачуццям. Ад гэтага залежыць поспех яе справы.
17.
Сара прахапілася сярод ночы. Устала з пасцелі, аглянулася: Сэм спіць. Выйшла на кухню, набрала нумар і ціхім голасам выклікала таксі. Апранулася і выйшла за дверы. Павагалася крыху, затым дастала ключ, утыркнула ў шчалужыну замка і правярнула, шчоўкнула шчаколда і яна схавала ключ у сумачку. Павагалася крыху, задумалася — зноў дастала ключ і адмыкнула дзверы.
Таксіст чакаў каля жалезнай брамкі.
Пра “бздык” з вінчэстарам яна ведала даўно, дзівацтва старога Хабарта засела ў мазгавыя ізвіліны і не давала спакою. І менавіта ў такім дзівацтве яна разгледзела для сябе галавакружную магчымасць, якую можна скарыстаць. Ніхто не падкапаецца.
З паўгода падбіралася да кватэры Хабартаў.  Але гэты Сэм аказаўся такім цюхлям – драўляны хлопчык, і той клюнуў бы на яе прыманкі, а ён, быццам у кіпені выварана, абсалютна нічога не заўважаў і не бачыў. Пень пнём, хоць малады, ды струхнелы.
І вось яе мэта нарэшце паступова пачала здзяйсняцца: распаліла юнака каханнем да сябе, уцерлася ў знаёмства, а сёння,  можна сказаць, увайшла ў сям’ю.  Амаль паўдарогі пройдзена. Застаўся самы складаны і рызыкоўны адрэзак шляху. Тым даражэй будзе дасягнутая мэта, тым большую асалоду выкліча яна потым, калі ўсё дасцца ў рукі. Хутчэй бы, бо ўжо набліжаецца тэрмін і трэба разлічвацца з пазыкай.
Усё сходзілася, дакладней, падцверджвалася і складвалася як мага лепш. Калі б і хацеў, то не прыдумаў бы лепш. Цяпер у яе свядомасці вымалёўвалася некалькі цудоўных варыянтаў здзяйснення свайго плану. Адзінае, што крыху засмучала, гэта тое, што да дрыжыкаў раптам захацелася блізкасці са старым Хабартам.
Яна села ў таксі і назвала  адрас: “Трыццатая авеню” — і машына рванулася з месца. Спыніліся ў “чорным квартале”. Сара разлічваецца і выходзіць на вуліцу. Адмыкае свой пакой. Распранаецца. Глядзіць на сябе ў люстэрка. Загадкава ўсміхаецца. Успомніліся сэксуальныя гульні пад сталом — некалькі яркіх кадраў, як на экране прабеглі ў свядомасці. Патушыла святло і лягла спаць.
18.
Камп’ютарныя гульні падобны да наркотыка: зацягваюць чалавека ў віртуальную рэальнасць, а затым  без астатку забіраюць у свой палон. Без чарговай дозы такога допінга чалавеку ўжо цяжка вытрымаць. Думаецца яму, крышачку толькі пазабаўляюся, дзесяць хвілін, не болей, а, глядзіш — тры гадзіны прасядзеў запар. Галава трашчыць як чамадан… І якая карысць ад усяго гэтага? Усё, вырашае чалавек, кіну займацца глупствам. Але заўтра паўтараецца папярэдні сцэнарый.
Захварэў на віртуальнасць і стары Хабарт. Вось і сёння вечарам садзіўся за камп’ютэр з думкай прайсці толькі адзін узровень, а  трэці час пальцы ліхаманкава лупяць па клавіатуры.
На сярэддзіну манітора выскокваюць розныя пачвары, ён цісне клавішу — раздаецца характэрны гук, які ў камп’ютарных гульнях абазначае стрэл, успыхвае святло і пачвара з крыкам падае. Узамен параненай ці забітай, аднекуль выскоквае іншая. Зноў чуецца стрэл.
З бульбінай у руцэ і сталовым нажом у другой уваходзіць Лусія: “Не ведаю, Джэк, штосьці мне ў ёй не падабаецца”. — “Ты пра каго? — не разумее ён”. — Пра Сару. Была ў нас нядаўна ў гасцях. — “А-а-а! Я падумаў пра місс Эксплоўры… Ці не таму, што яна яўрэйка?”. — Зусім не. Ты ж ведаеш, я — не антысемітка. Галоўнае, каб чалавек добры быў, а якога колеру ў яго скура — справа дзесятая.
— Не скажы. Не хацеў бы я каб унукі былі сера-бура-малінавымі.
— А па мне — хоць у гарошак, ці ў палосачку. Абы душа была. А вось да дзяўчыны гэтай, да Сары, не ляжыць маё сэрца. Не такая жонка патрэбна Сэму.
— Яму ніякую не падбярэш. Бо ён — цюхля. А ў гэтай хватка, будзь здароў! Паставіць яго на месца. Я ўвогуле здзіўляюся: што яна ў ім знайшла?
— Нейкае шостае пачуццё падказвае: не такая яна простая і шчырая, як падае сябе.
— А мне наадварот спадабалася: попельніцу падарыла. Паляваннем цікавілася. — “Гэта мяне і насцярожвае”. — А што канкрэтна? — “Як бы гэта сказаць, — задумваецца на хвіліну Лусія, — без мыла гатова ў адно месца залезці. І стравамі маімі гэтак ужо ненатуральна захаплялася. Але ж рэцэпт так і не перапісала”.
— А ты і пакрыўдзілася? — смяецца Джэк: —  Мы ж пайшлі… Яна магла і забыцца.
— А ўсё роўна нешта мне падказвае: не такая простая штучка-дручка, гэтая Сара. Здаецца, усё гэта напускное.
— Здаецца, што зямля трасецца….
— Дай Бог, — зноў задумваецца Лусія: — А місс Эксплоўры — таксама надутая фіфа!
— Вось тут цалкам згодны. Індзюшаціна! Але ад такой асобіны многае залежыць. Прыйдзецца цярпець яе выбрыкі: жонка майго шэфа. Што там у нас сёння на вячэру? — “Калдуны” — чуе  ў адказ і здіўляецца. — А гэта што яшчэ за стварэнне, добра хоць не канібалы.
— Ха! Пальчыкі абліжаш. Адна эмігрантка з Беларусі перапісала рэцэпт.
— Беларусь… А дзе гэта?
— Паглядзі па сваім камп’ютары. Лічы, што ў Расіі. Чарнобыль помніш? Вось гэта там — усе яны ў Сэсэсэры. Якой бы нацыянальнасці не былі — доўга ім яшчэ быць рашэн.
— Рускую кухню я люблю. Ну, ідзі калдуй. Прадэгустуем твой новы шэдэўр. У мяне пад лыжачкай ужо смактун завёўся.
Лусія выходзіць. Джэк працягвае гуляць на камп’ютэры.
Двор дома Хабарта. Знадворку нехта дзёрнуў за ручку дзвярэй. Націснуў кнопку званка.
Званок у дзверы. Адчыняе Джэк, — на парозе паліцэйскі: “Сяржант Рамоноўскі, — прадстаўляецца ён”.
— Джэк Хабарт! Чым магу быць карысным? — з-за яго спіны выглядвае Лусія.
— Справа такая. Некалькі дзён таму на суседняй вуліцы забілі старэнькую бабульку. Мы апрошваем суседзяў. Шукаем сведкаў, можа, хто што бачыў. Дзе вы былі, напрыклад, у пятніцу паміж трыма і пяццю гадзінамі?
Джэк задумваецца: “Пятніца? Сёння ў нас што? Серада. — Глядзіць на Лусію: — Я ж цябе сустракаў. Помніш, ехалі назад і бачылі паліцэйскіх?”.
— Так. Гэта было якраз у пятніцу. Пасля абеда. Я ячшэ здзівілася. Джэк рэдка мяне сустракае. А тут ён працу раней скончыў… Мы былі разам.
— Можна удакладніць час? У колькі гадзін вы сустрэліся?
— У дзве гадзіны скончыў работу, — успамінае Джэк, глядзіць на Лусію, — у тры быў каля супермаркета. Чакаў жонку каля гадзіны. Там і сустрэліся. Ехалі назад — там ужо стаялі вашыя людзі.
— Добра. Дзякуй за дапамогу. Калі раптам што ўспомніце, вось мая візітка. Званіце, — працягвае Джэку візітку, казырае і выходзіць.
Лусія ідзе на кухню. Джэк вяртаецца да камп’ютара, на хаду выкідвае візітку ў сметніцу.
Праз некалькі хвілін у залу заходзіць Сэм, нейкі заклапочаны. Убачыўшы бацьку прыліплым да манітора, з’едліва заўважае: “Зноў кіпучая дзейнасць?”.
— А хто мне можа перашкодзіць? — адумаўшыся, больш грозна дадае. — Ты бачу зусім абнаглеў: бацьку заўвагі робіш?
— У цябе вучуся. Ты ж кроку не зробіш без папроку, без падкавырак. Нават пры чужых людзях.
— Вучыўся б добраму, кавырака! А то дзень у дзень б’еш лынды. — Не адрываючыся ад клавіатуры, упэўнена гаворыць бацька. — А такой дзейнасці я выдзяляю не болей гадзіны ў суткі.
— Папракаеш кавалкам хлебам? — агрызаецца сын.
 — І буду папракаць, пакуль не возьмешся за розум, — устае з крэсла і падыходзіць да Сэма, — другія на тваім месцы ўжо даўно бабкі косяць.
Сэм бярэцца рукой за галаву: “Ужо ўзяўся!”. — “Там пустое месца, — уздыхае Джэк”.
— Можна падумаць, ў цябе запоўнена шэрым рэчывам, — вышчараецца сын.
— Выйдзі вон, сасунок! — чырванее бацька. — “Вон?… Калі ласка. Магу і зусім  пайсці”. — Цюхля! Ты мне яшчэ пагражаеш. Ідзі і не прыходзь. Вон!!! — “І пайду! А ты — пашкадуеш!”. — Наадварот! Ён мне яшчэ будзе пагражаць.
Сэм парываецца бегчы і сутыкаецца ў дзвярах з маці: “Ты куды, сынку? Я стэйк сасмажыла. І калдуны сёння”. — “Няхай ён сам іх жарэ!”. — “Сэм! Вярніся! — крычыць наўздагон Лусія, але дарэмна”.
— Туды яму і дарога, — вяртаецца Джэк да камп’ютара.
— Джэк, што тут здарылася?
— Анічога. Паставіў вырадка на месца. Характар надумаў паказваць.
 — Нельга так з сынам, Джэк! Гэта ж наша дзіця.
— Каб паказваць характар, спачатку патрэбна яго выпрацаваць. Зрабіць самога сябе. Толькі так з ім і неабходна. Іншай мовы ён не разумее. Іначай гэтая поскудзь зусім на галаву сядзе.
— Замаўчы! І не смей так пра сына гаварыць!
— Вырадак! — б’е па клавішы, раздаецца стрэл. — Адроддзе! — чарговы стрэл. — Інвалід па галаве. — стрэл. — Ты яго такім нарадзіла. Гэта ўсё спадчыннасць твайго дзядулі. Гэта ваш паганы род. — “Сціхні! – крычыць Лусія”.
— Інвалід, вырадак! Дэгенерат!!! — стрэл, стрэл, стрэл…
— Як табе… Стыдайся! — Лусія падыходзіць і з размаху б’е мужа па галаве. — “Так?! — ускоквае Джэк з крэсла. — Гэта твае адносіны да мужа?”. — Крыху лепшыя, чым адносіны бацькі да свайго сына.
— Ах ты, сучка! Ды я зараз цябе, — падыходзіць і здымае са сцяны вінчэстэр. — Каб вочы мае не бачылі, — узводзіць куркі.
 Падымае ствол і доўга цэліцца. Лусія паказвае язык, а затым скручвае дулю: “Вось табе, вазьмі! І сам застрэлься”.
— Сука, здохні!  — клацае спускавым курком, але разрадкі не атрымліваецца.
У дадатак да ўсяго Лусія плюе мужу ў твар: “Нават застрэліць не можаш па-сапраўднаму!” — кідае ў папрок і выходзіць з пакоя.
Гучна ляснулі дзверы. Джэк чапляе вінчэстэр на сваё месца, падыходзіць да камп’ютара і вяртаецца да пакінутай гульні, нібы нічога не адбылося. Зноў пальцы лупяць па клавіатуры, зноў успыхвае святло ў момант выстралаў.
Выстралы, выстралы, выстралы... І раптам на маніторы ўвачавідкі ўбачыўся дах дома. Мушка прыцэла. Выстрал, звон разбітага шкла… Ён на хвіліну задумаўся, але праз некаторы час зноў загучалі камп’ютарныя выстралы. Нарэшце выключыў камп’ютар і задумаўся.
19.
Чаму ён адважыўся пераступіць мяжу і забіць чалавека? Не паквапіўся ж ён на тыя дванаццаць тысяч, што знайшоў у старой? Амаль столькі ж зарабляе кожны месяц. Без усялякага шкадавання параскідаў знойдзеныя залатыя рэчы па суседніх кварталах. Па-першае, небяспечна было трымаць дома яўныя паказчыкі ўчыненага злачынства, ні жонцы не падарыш, ні ў ламбард не здасі. Рызыкоўна, а раптам яны спахапіліся і ўжо правяраюць. Яго разлік быў просты. Калі хто-небудзь знойдзе каштоўнасці і, нічога не ведаючы, здасць у ламбард ці прадасць каму-небудзь, а следства нейкім чынам выявіць гэтыя каштоўнасці, то само сабою саб’ецца на падманны шлях.
Не, не дзеля грошай ён пераступіў мяжу. Пасля пяцідзесяці жыццё ўбілася ў прывычную нудную каляіну, не выскачыць. Усё шэра і будзённа, да астабрыдласці адзін дзень падобны на другі. Туга і самота ўзяла за сэрца, не прадыхнуць! Нудотны і аднаабразны быт: работа — дом, работа — дом, работа… Раней хоць на паляванне выбіраўся, а цяпер…
А цяпер яму, Джэку Хабарту, спадкаемцу канкістадораў і старацелей, першапраходцаў і адкрывальнікаў новага кантынента, патомку лаўцоў удачы і адчаяных рызыкоўных людзей, паляўнічых за чалавечымі скальпамі, якія выразалі мільёны чырвонаскурых індзейцаў і мексіканцаў, зганяючы карэнных насельнікаў з пракавечных тэрыторый у рэзервацыі, расчышчаючы тым самым пляцоўку для будаўніцтва джяржаўнага ўтварэння, якое здзівіць свет неверагоднай тытанічнай магутнасцю, беспакаранай нахабнасцю і цынізмам, яму, грамадзяніну гэтай супердзяржавы, якая на ўвесь свет наганяе жах, прыходзіцца цягнуць лямку звычайнага абывацеля, непрыкметнага клерка сярэдняй фірмы. Стала проста сумна жыць на белым свеце. Душа прагнула навізны, хацелася чагосьці новага, таямнічага і не спазнанага. А ўзамен — шэрая бясколерная будзённасць.
Ён лічыў сябе смелым мужчынам, моцным і дужым. І дзе, на чым і ў якіх абставінах праверыць свой характар і ўпэўніцца, што ты чагосці сапраўды варты. І вось аднойчы на паляванні дзікая думка ўцямяшылася ў галаву: а змог бы ён забіць не дзіка, не зайца ці касулю, а — чалавека? Прыйшла аднойчы такая думка, быццам з бездані якой выскачыла і ўчапілася ў свядомасць, як клешч, успрыснула ў яго кроў маніякальную атруту: змог бы ці не?
Ён змог. Выбраў ахвяру, усё дакладна спланаваў і — здзейсніў! Цяпер ён паважае сябе, ён — моцны. Але, відаць, у чымсці пралічыўся, бо ў душы варочаўся страх. Ды і паліцэйскі гэты так глядзеў на яго, быццам зазірнуў на самае дно душы і падгледзеў яго думкі. Нейкім шостым пачуццём ён пачаў адчуваць, што кола вакол яго пачынае сціскацца. Стала цяжка дыхаць.
Джэк зайшоў на кухню, Лусія завіхалася каля пліты. Ён расчыніў халадзільнік і дастаў недапітую банку піва.
— Дэрбент з нашага аддзела на аперацыю лёг, прабадная язва, — паведаміў жонцы. — А ў яго пуцёўка была на два тыдні. Танна прадасць. Можа, з’ездзім? Нервы нікудышнімі сталі.
Лусія святлее тварам: “Я б з вялікім задавальненнм. Але ж грошы…”.
— Не турбуйся. Мне далі прэмію за адзін кантракт. Грошы ёсць!
— Вось і цудоўна. А калі ад’язджаць? – “Праз два дні”. — Выдатна!
Праз два дні Джэк з жонкай ужо пакавалі рэчы. Нагружаныя чамаданамі і сумкамі выйшлі на вуліцу, Джэк утрамбаваў рэчы ў багажнік, усеўся за руль. Лусія доўга развітваецца з сынам.
— Вось табе яшчэ тры сотні, — працягвае грошы, каб не заўважыў Джэк: — На два тыдні павінна хапіць. Галоўнае, харчуйся добра.
Цалуе сына. Садзіцца ў машыну. Джэк заводзіць машыну і кранацца з месца, праз хвіліну аўто знікае за паваротам.
20.
Доўга жонка не магла даўмецца, чаго раптам муж зрабіўся такім шчодрым: за апошнія паўгода яны ужо другі раз адпачываюць на ціхаакіянскім узбярэжжы. Джэк спрабаваў аджартавацца, але на гэты раз жарты не праходзілі. Лусія нешта западозрыла і пачала турбавацца. Тады ён схлусіў, што дзесяць гадоў таму паклаў у адзін фонд пяць тысяч доллараў з прэміі, якую выплацілі за тэрміновую працу. Маўляў, не гаварыў пра гэта раней, бо хацеў парадаваць нечаканым сюрпрызам. І вось за дзесяць гадоў вырасла даволі прыстойная сума. “Не дай бог, здагадацца ёй, чые гэта грошы і якім чынам аказаліся ў мяне — думаў пра сябе Джэк. Але ні адна жывая душа ніколі нічога не дазнаецца. Штосьці плявузнуў аднойчы сын… Наўрад ці ён здагадаўся, не таго розуму. Сказаў дзеля чырвонага слоўца. А мо гэта ўсё яна, гэтая жыдовачка падвучыла яго? Не проста так яна круціцца каля іх сям’і некалькі месяцаў. Цікуе, а раптам Джэк сябе выдасць? Не дачакаецеся! Не на таго нарваліся: ты за руку злаві, а свае здагадкі засунь у адно месца. І хто ты такая, каб версіі розныя на мне выпрабоўваць?”.
Джэк не далёка быў ад праўды. Неяк, у першыя дні знаёмства, Сара зняла са сцяны вінчэстэр. Панюхала ствол.
— О, дык твой бацька нядаўна на паляванне ездзіў?
— З чаго ты ўзяла? Ён ужо гадоў тры нікуды не выбіраўся.
— А чаму ж порахам патыхае?
 Сэм падыйшоў і ўсунуў у ствол свой нос: “Нічым тут не пахне. Звычайнае масла для зброі. Нічога болей не чую”.
— А ты прынюхайся! — загадала Сара, — добра ўцягні паветра.
Ён прынюхаўся яшчэ раз і паціснуў плячыма: “Ты хоць ведаеш, — спытаўся, — як пахне порах?”.
У адказ Сара пачала так удала хлусіць, быццам бы яна — майстар спорту па стральбе, з сямі гадоў рэгулярна наведвала цір і ўдзельнічала ва ўсіх школьных спаборніцтвах, што на ўсё жыццё запомніла парахавы смурод, і ні з чым яго не зблытае. А ўсё таму, што яна выкшталцоная ў гэтай справе, а трэнерам па стральбе быў ветэран В’етнамскай вайны, чалавек сур’ёзны і патрабавальны: да таго муштраваў іх, што яе хоць сёння можна запісваць у марскую пяхоту. Пасля кожнай трэніроўкі яны гадзінамі драілі стралковую зброю, каб ніводнага патышку пораху не заставалася пасля страляніны.
І калі яна ў чарговы раз прымусіла Сэма усунуць дзве дзіркі носа ў ствол, той сапраўды пачуў гарэлы порах у вінчэстэры. Пасля такой апрацоўкі, не цяжка было ўбіць яму ў галаву: не ўсё так гладка, калі бацька не ездзіў на паляванне, значыць — выкарыстоўваў зброю ў іншым месцы! Магчыма, ён ужо страляў па маці баявымі патронамі. Страляў, ды прамахнуўся. Так хацелася ёй пусціць маланку варожасці паміж бацькам і сынам, бо нішто лацвей і арганічней не ўпісвалася ў яе планы.
Але думцы “пра спробу забойства маці” Сэм ніяк не хацеў верыць, як ні пнулася Сара унушыць, што гэта так. Напорыстасць з яе боку дала зусім іншы вынік. Сэм нечакана звязаў “пах пораху” бацькоўскага вінчэстэра з забойствам, якое адбылося не так даўно ў суседнім квартале. І як не дзіўна, сам таго не ведаючы, быў не далёка ад ісціны.
     21.
Акіян уздымае хвалі і накочвае іх на бераг. Вада шабуршыць па гарачай гальцы і кранаецца босых ног. Над залівам крычаць чайкі.
Лусія ляжыць пад парасонам ад сонца. Вочы закрытыя. Сонна пацягваецца і расплюшчвае вочы: перад ёю аднекуль з’яўляецца Сэм. “А ты як сюды трапіў, сынок? — здзіўляецца яна”. — “Ды ёсць справы, — сказаў і чамусьці схаваўся за выступам скалы”. Яна не верыць сваім вачам. Следам з вялізным нажом у руцэ выбягае раз’юшаны Джэк: “Дзе ён, гэты ўблюдак!!! — крычыць, паводзячы ў бакі драпежным позіркам”. І яна, спужаўшыся, паказвае вачыма за скалу і адразу ж ёй робіцца брыдка, што выдала сына. Джэк кідаецца за выступ. Чуецца пранізлівы крык. Праз хвіліну ён выходзіць адтуль, увесь акрываўлены, трымае за валасы адрэзаную галаву сына. Лусія нямее ад жаху: “Вось, глядзі! — паказвае  галаву, — ты абараняла яго! А я ж казаў табе: ён смокча нашую кроў. У мяне кроў сіняя, а ў цябе — зялёная”. З раны сочыцца рознакаляровая кроў, ён трусіць галавою перад тварам жонкі і абпырсквае  яе сінімі і зялёнымі кроплямі. “Што ты нарабіў!!! Гэта ж наш сы-ын!!! — крычыць Лусія.
І прачынаецца на ложку пансіяната. Побач тарашчыць вочы Джэк: “Што з табою? Ты так роспачна крычала”. — “Сон! Гэта быў сон, Але які жудасны сон мне прысніўся, — уздыхае яна”.
Чайкі крычаць гучней. Кідаюцца у прыбярэжныя хвалі. Мора бунтуецца, напэўна, збіраецца ураган…
22.
Сэм у кватэры адзін: разваліўся ў крэсле і з асалодай смаліць цыгарэту. Рэзкі званок у дзверы прымусіў яго  сарвацца з крэсла, ён махае ў паветры рукамі, спрабуючы разагнаць дым. Падыходзіць да дзвярэй,  наўмысна марудна возіцца з замком, нарэшце адчыняе — на парозе Сара. Уцягвае носам паветра, з хітраватай усмешкай заглядвае яму ў вочы. Сэм  адводзіць позірк.
— Ты не рады? — здзіўляецца яна і насуплівае бровы. — “Што за пытанне? Канешне, рады. Але я думаў ты пазней”.
— У вочы глядзі! — загадвае яна і падыходзіць ушчыльную і паварочвае яго рукамі да сябе: “Ну? Чаго табе?, — з выклікам пытаецца Сэм”.
— Зноў траўку курыў? — “Вельмі захацелася, аж прыпякло, — чуецца нясмелае апраўданне”. — Эх, ты! Мы ж дамаўляліся… І грошы ў цябе на гэта ёсць. — “Ну, Сара, гавару ж табе: кепскі настрой, хоць ты ўдавіся”. — Яшчэ што прыдумай! Хаця… Калі надумаеш, не забудзься намыліць вяроўку. Гавораць, так лягчэй.
Праходзіць і садзіцца ў крэсла: “Эх, ты! Усё ўціхара кайф ловіш. А я дурніца марыла… Не можаш трымаць сваё слова”.
— Магу, усё я магу! –— крыўдзіцца ён, як маленькі хлопчык.
Уключае відэамагнітафон і прымірэнча прапаноўвае: “Можа, парнушку паставіць? Пабавімся?”.
— Не-а, — абыякава адказвае Сара.
— Што ж табе ўключыць? — падлабуньваецца Сэм, спрабуючы загладзіць віну, і нібы толькі ўспомніўшы нешта: — Слухай, я тут падумаў, падрыхтаваў табе, — ён палез у кішэню і дастаў блішчасты белы ключ. — Вось, зрабіў дублікат ключа. Для цябе.
— Якога ключа? Ад кватэры? Навошта? — яна бярэ ключ без асаблівай радасці, неахвотна, быццам зрабіўшы пазыку, кідае ў сумачку.
— Табе лацвей будзе заходзіць, калі будзеш мець свой ключ. Не трэба чакаць каля дзвярэй. Няхай гэты дом будзе часткова і тваім.
— Дзякуй, канешне, за давер. Хоць мне гэты ключ і не патрэбны. Але калі ты хочаш, то няхай будзе. У мяне для цябе таксама ёсць падарунак. Ідзі сюды, пакажу штосьці.
 Сэм падыходзіць, заглядвае праз плячо, яна расціскае далонь: там медыцынскі шпрыц і дзве маленькія ампулы: “Што гэта? — непадробна здзіўляецца ён, і з жахам адхістваецца, быццам убачыў у яе далонях гадзюку”.
— Дурань! Сапраўдны кайф. Вось што гэта. Даўно збіралася пачаставаць цябе. Гэта табе не траўка, забірае заборыста, да чорцікаў. Паспрабуем?
— Але ж гэта наркотык! — крычыць ён.
— Анаша па-твойму лякарства?
 — Але ж і не нарката па вялікаму рахунку.
 Сара падсоўвае да яго раскрытую далонь: “Страшна! — пацепваецца ён”.
— А яшчэ крыўдзішся, што я называю цябе цюхлям. Усе спрабуюць і  ніхто пакуль не памёр.
— А рэклама? І ўвогуле я баюся ўколаў.
— Ты  як дзіцятка! Верыш рэкламе і баішся ўколаў. Можа табе ў Дысней-лэнд з’ездзіць? Пазабаўляцца, пагуляць у пясочку… І чаму цябе вучаць у каледжы?  — Збівае пальцам вадкасць на кончыку ампулы, адломвае шкляны пупсік. — Гэта зусім не баліць. Тым больш, што ў мяне лёгкая рука. — Набірае вадкасць у шпрыц, кладзе побач на крэсле, расшпільвае сумачку і дастае ватку, змочвае яе  духамі. — Усе хваляць мае здольнасці. Руку агалі. — “Што? — не разумее ён, — прама зараз?” — Не, праз чатыры месяцы. Закасай рукаў!
Сэм загортвае рукаў кашулі, працягвае аголеную руку, адварочваецца, перакрывіўшы твар ад уяўляемага болю, і заплюшчвае вочы. Сара тыркае іголкай шпрыца ў лакцявы вігіб: “Галоўнае патрапіць з першага разу ў вену, — прыгаворвае яна, — вось так. Каб кроў у шпрыцу паказалася. Вось, і… — Павольна цісне на шток поршня, уводзіць наркотык. — Цяпер усё гатова: адкінься і чакай кайфа. Кайф па-рознаму і па-ўсякаму прыходзіць”.
Паўтарае папярэднія маніпуляцыі з ампулай і ўводзіць наркотык сабе. Праходзіць не болей хвіліны. Сэм  адкрывае вочы, здзіўлена аглядае пакой: “Хмг! — зыркае ён па баках”.
— Выкінь у сметніцу, — загадвае Сара.
— Што? А-а-а, — пакорна бярэ з яе рукі пустыя ампулы, выносіць на кухню. Праз хвіліну вяртаецца:  — Хмг! Сапраўды кайф. У мяне дзіўны настрой! Як бы вызначыць?… Во, эйфарыя!
— А ты баяўся, — задаволена канстатуе яна, — усё окей, нармалёва.
Перад яго вачыма ўсё раптам паплыло і ператварылася ў мрою: “Так лёгка зрабілася, хочацца лятаць і скакаць, — круціцца па зале Сэм”.
— Музыку ўключы! — “Што? Музыку? — прыслужліва кідаецца да музычнага цэнтра і ўключае  на ўвесь гук, недарэчна абвясціўшы перад тым: — Музыка!”.
І нечакана зайшоўся дзікім рогатам. Яго цела трасецца, Сара адхістваецца назад, уціскаецца ў крэсла. Не зводзіць з яго трывожных вачэй. А ён рагоча і рагоча. Паглядзіць на Сару, і зноў жудасны рогат. Здаецца, нават сцены кватэры падрыгваюць ад такога гамерычнага хохату: “Цішэй! —  крычыць Сара, —  Ціха!!!”.
Сэм супакойваецца не адразу. Затым рэзка пацішвае гук і тлумачыць: “Разумееш, у меня раптам засвярбеў ногаць. Я хацеў сказаць табе пра гэта. А потым думаю, як жа ногаць можа свярбець? Гэта ж не скура — ногаць! І такі смех забраў мяне. Жывот лопаецца. А я не магу спыніцца. Пагляджу на цябе,  — вочы па яблыку — зноў мне смех. Супакоюся, толькі хачу растлумачыць, чаму смяяўся? А чаму? Таму, што ногаць зачасаўся. А як жа гэта так? Не можа ён свярбець, пазногаць. І зноў ржачка”.
— Ты здурэў? — падняла мутныя вочы, — не дам табе болей. Небяспечна.
— Так-так, — рагатнуў Сэм, — я сапраўды здурэў. Небяпечна, калі ногаць свярбіць. Усё да фені-рэні-бэні, елі варэнікі. Раз, два, тры, чатыры пяць… Выйшаў зайчык пагуляць, — балбоча ён, і рытмічна падскоквае ў такт.
— Хопіць! Ідзі сюды, Сэм, — кліча яго Сара і расшпільвае гузікі.
 Амаль адным рэзкім рухам расхінае матэрыял блузкі — вялікія цяжкія грудзі вывальваюцца з-пад адзення, яна падхоплівае іх рукамі, узважвае на далонях і быццам прапаноўвае яму: “Паглядзі! Паглядзі, што ў мяне ёсць”. Уміг ацверазеў ён ад такога відовішча, кінуўся вопрамет да яе,  бухнуўся на калені перад крэслам, і пацягнуўся тварам, рукамі да пругкіх грудзей: “Ты некалі абяцаў мяне зацалаваць. Хачу цалавацца!”— смяецца Сара.
О, як вабна ўмее яна смяяцца! Сэм прыпадымаецца з каленяў, упаўзае паміж белых пагоркаў грудзей тварам і абхоплівае іх рукамі. Сара закідвае галаву назад і заплюшчвае вочы. А ён цісне, жмякае гэтыя пухкія камякі, быццам хоча цалкам схаваць сваю галаву паміх белых пагоркаў, цягнецца да гарачых вуснаў. Але яна засталася зусім безуважная да яго памкненняў. І ўсё ж такі, нарэшце яны зліваюцца ў доўгім пацалунку. Час ад часу Сара расплюшчвае вочы і, калі б у гэты момант хто-небудзь мог назіраць за ёй з боку, то адзначыў бы: яе розум зусім не заняты пяшчотай блізкасці. Па вачах відно,  што яе турбуе нешта іншае.
— Табе добра, Сэм? — чуецца прытворна-ласкавы голас. — “Не тое слова. Я на сёмым небе”. — А хочаш так кожны дзень? — “Што за пытанне,  канешне хачу. Хачу вечнага кайфа”. — Для гэтага патрэбны грошы. У твайго бацькі шмат грошай? — “О! — крывіцца ўсмешкай ягоны рот: — У яго грошай, куры не здзяўбуць. Птушкаферма патрэбна”. — Вельмі добра. Выдатна, — падсумоўвае Сара. — Як бы нам зрабіць так, каб ўсе грошы сталі нашымі?  Кожны вечар можна было б так.
Наркотык, які, здавалася, саступіў прыродным пачуццям, зноў забурліў у крыві і пачаў дзейнічаць. Розум замуціўся. Сэм апынуўся ў нейкай прастрацыі і дрэнна разумеў: што робіць і што гаворыць? Зноў хацелася рагатаць, прыдурвацца і вычварацца. Словы страцілі сэнс: “Гэта проста, як параная рэпа, — зляцела з яго языка фраза, пэўна, нехта нашаптаў збоку”.
— Што проста? — здзівілася Сара, — і як гэта зрабіць?
Ён рагатнуў неяк ненатуральна, як камп’ютарны монстар: “Забіць!”.
— Забіць? — чмыхнула Сара. — Здурнеў! Ты звар’яцеў.
— Хы-хы! Я здурнеў: забіць! Я вар’ят… Ты не баішся мяне? А што тут такога? Старыя павінны саступаць дарогу маладым. Каб яны не перашкаджалі нам радавацца жыццю. А зрабіць проста — забіць! Ха-ха-ха! Рыфма! Я цяпер як паэт.
23.
Бераг мора. Уздымаюцца магутныя марскія хвалі. Пачынаецца шторм. Джэк з Лусіяй, прыкрываючыся ад дажджу, бягуць у пансіянат. Бліскаюць маланкі, грыміць гром. Сыпануў буйны дождж. Мокрыя яны стаяць каля акна і назіраюць за ліўнем: “Джэк! Давай з’едзем раней. Мне трывожна. Ды і сны нейкія пайшлі. Хвалююся за Сэма”. — “Ага. І тут ён не дае нам спакою. Не выдумляй нават. Грошы заплачаны”.
У гэты ж час у кватэры Хабартаў працягвалася вакханалія.:
— Некаторыя паэты пісалі вершы толькі пад наркатой, — сур’ёзна прагаварыла Сара .
— Цярпець не магу вершаў. — “Таму што недалёкі”. — Ненавіджу літаратуру, філасофію і рэлігію… Усе гэтыя вумнікі тлумяць галовы, каб набіваць свае кішэні, — зусім цвяроза заключыў ён і Сары падалося, што яго хмель ад наркотыка цалкам выпетрыўся.
— Ты глядзі, здагадаўся. А музыку ты любіш? — “Гледзячы якую. Хіба што металіку, цяжкі рок”. — Тады, маэстро, бакал віна! Цяжкі бакал віна.
— Рады старацца, мая валадарка. Усё для цябе зраблю! Нават роднага бацьку заб’ю! Ха-ха-ха! Я стаў паэтам. Ты чула? Як складна прагаварылася? Ура! Я пачаў гаварыць вершамі. Дазвольце адрэкамендавацца: славуты і сусветна вядомы паэт — Сэм Хабарт! — выкручвае мудрагелісты рэверанс.
— Не. Тады ўжо лепш шклянку віскі. І траўкі. У цябе ёсць яшчэ траўка?
— Ёсць! Ёсць траўка і ёсць лаўка. Ха-ха-ха! — зноў ненатуральны рогат.
Ён куляй кідаецца на кухню, а яна засталася ў зале адна. Рэдка ўдаецца назіраць, якая метамарфоза адбываецца з чалавечым тварам, калі ён застаецца сам-насам  са сваёй душой. Твар Сары на момант зрабіўся непрыгожым, нават агідным, вусны скрывіліся ў мярзотнай усмешцы, у вачах бліснуў ні то жах, ні то гнеў, ні то пагарда. Можна было толькі здагадвацца, якія думкі калабродзілі ў розуме. Яна ўважліва аглядае сцены пакоя, затрымлівае позірк на вінчэстэры, быццам намагаецца запомніць кожную дэталь, затым адкідваецца на крэсле-гушкалцы на спіну і пачынае гойдацца. За некалькі імгненняў да таго, як з’явіцца Сэм, на яе твар наплыве прыветлівая і добразычлівая маска. Ён увайшоў, трымаючы ў адной руцэ  пачатую бутэльку  і шклянкі, а ў другой —  дзве запаленыя цыгарэты. І яна зноў стала мілавіднай, ласкавай і прыгожай.
— Ваша віно, мадам, — глядзіць на шклянку, — не, віскі! І ваша траўка. Траўка, запраўка, прытраўка! Траўка-прыпраўка! Ха-ха!
— Бацінак-паўбацінак — дрэнная рыфма, — смяецца Сара.
Бярэ з яго рук запаленую цыгарэту, глыбока зацягваецца: “О, суцэльны кайф. Хай бы ён не канчаўся ніколі, — забірае з рук Сэма бакал: — За наш будучы дабрабыт! — і спустошвае шклянку. — Ты не хочаш піць за нашае шчасце?”.
— Хачу, хачу… — мітусіцца ён і залпам заглытвае віскі. — Уся сярэдзіна  гарыць.
— Агонь кахання тушаць толькі пацалункамі, — шматзначна адзначае яна.
Сэм зноў падае перад яе крэслам на калені, абхоплівае аберуч сцёгны і, заплюшчыўшы вочы, напаўзае ўверх, імкнучыся сустрэць працягнутыя для пацалунку вусны. Але не знаходзіць іх.
Калі кахане і разумных людзей зводзіць з глузду, што ўжо гаварыць пра людзей недалёкіх, якія зусім слепнуць і нічога ўжо не здольны ні бачыць,  не разумець.
24.
Цесны не прыбраны пакой Сары. Навокал сецце і бруд . Пад сталом пустыя пляжкі. На ложку Сара, побач з ёю — Майкл з магазіна сувеніраў. Абое цяжка дыхаюць.
Ужо месяцы два як яна пачала сустракацца з Майклам. Заглянула неяк у магазін сувеніраў і ён адраз ж клюнуў: правёў дахаты і застаўся на ноч.
— Дай сотку, — гаворыць Сара.
— Навошта столькі? — здзіўляецца Маёкл.
— Трэба. Калі шкадуеш, то можаш пазычыць.
Ён нехаця дастае партманет, адлічвае сто долараў, кідае на тумбачку каля ложка. Сара зграбае грошы, і кладзе ў сумачку.
— Гэта падобна на плату за паслугі.
Але Сара не звярнула ўвагі на яго рэпліку, дастала з сумкі жоўты ключ, потым другі — белы, склала іх разам і параўнала нарэзы, яны аднолькавыя. Сабе яна даўно зрабіла дублікат ключа і цяпер злавалася, што пагадзілася ўзяць прапанаваны Сэмам.
 — Не парся ты! — гаворыць нарэшце Майклу, — вельмі хутка ў нас будзе шмат грошай. І  з’едзем куды-небудзь далёка-далёка…
Майкл крывіць рот у скептычнай усмешцы,  устае і нехаця моўчкі апранаецца.
Джэк з Лусіяй загарэлыя і вясёлыя выгружаюць рэчы з машыны. Адчыняюць дзверы сваёй кватэры.
Шыльда “Магазін зброі”. З вуліцы відаць, што ў магазіне Сара размаўляе з прадаўцом. Ён дастае патроны, паказвае ёй: адзін калібр, другі, трэці… Штосьці гаворыць. Яна паціскае плячыма. Ён круціць галавой і зграбае патроны назад у скрынку, хавае іх у шуфлядцы стала. Сара выходзіць.
25.
Зайдзі ў кватэру Хабартаў вечарам, калі амаль усе дома, то гаспадара хутчэй за ўсё можна застаць у двух месцах: каля тэлевізара ці за камп’ютарам. Вось і  сёння ён уталопіўся ў блакітную скрынку і нават не заўважыў, што хвілін пяць са з’едлівай усмешкай за ім назірае  сын.
— Ты зноў уставіўся ў скрынку? Быццам у гэтым акенцы долары выдаюць. А як жа твае неадкладныя справы?
Джэк пстрыкае пультам, гасне святло тэлевізара. Пакой апаноўвае паўзмрок. Ён устае са свойго крэсла і падыходзіць да сына: “Агрызацца пачаў? Бацьку заўвагі робіш? А ці не залішне асмялеў апошнім часам?”.
— У цябе вучуся, — гаркае сын і запальвае ў пакоі святло.
— А цяпер сядзь! — “Мне няма калі!” — Я сказаў сядзь! — гнеўна загадвае бацька. — Пагаворым.
— А я спяшаюся, — гаворыць абыякава і спакойна, —  спазняюся на факультатыў.
 — Сядзь!!! — узрываецца абурэннем Джэк.
Сэм  хутка падае ў крэсла: “Ну, сеў! Што яшчэ ты хочаш ад мяне?”.
— Так. Слухай сюды, пенцюх! Ты захацеў у турму?
—  Не разумею пра што ты?
 — Зразумееш, калі пасадзяць.
Сын парываецца ўстаць, але бацька аберуч уціскае яго ў мякаць крэсла.
— Сядзі! І не рыпайся! Не касі тут пад прыдурка. Ты ведаеш, што маці  знайшла ў сметніцы?
— І што яна там магла такое знайсці? Аж самому цікава…   “Ампулы! — паведаміў Джэк, гледзячы ў вочы сына”.
— Ну і што? — не адразу адкзаў той. — А я тут пры чым?
— Я табе пакажу “ну і што”! Гэта значыць: ты колешся наркотыкамі.
— З чаго ты ўзяў?  — натуральна здзіўляецца сын.
— Не трымай мяне за дурня, — насядае бацька.
— Я не жадаю размаўляць на гэтую тэму.
“Шчанюк! — не стрымаўся Джэк і змазаў сына па твары даланёй наводмаш. — Цюхляк! Я табе пакажу, не жадаю размаўляць!”.
— За што?! — ухапіўся за шчаку сын.
Адчыніліся  дзверы і на шум з кухні выбегла маці. Устрывожаная кінулася паміж мужам і сынам, але не ведае, што рабіць і што тут адбылося?
— Было б за што — забіў бы! — не зважаючы на жонку, крычыць Джэк і ніяк не можа супакоіцца. — Ды  што тут думаць?  Здам у паліцыю, вось і ўсе справы. — “А я цябе — за мардабойства! І за здзекі”. — Сасунок! —  і другая гучная поўха звініць па другой шчацэ.
— Джэк! Хопіць! Што ты робіш? Хіба ж гэта метады? — абураецца маці, — ты яго зусім заб’еш!
—  А ты сваімі метадамі выпесціла  наркамана.
— Можа, яшчэ і няма нічога страшнага? — слабое спадзяванне чуецца ў голасе Лусіі. — Усё неяк растлумачыцца. Сэм, чаму ў нашай сметніцы аказаліся ампулы?
— У сметніцы? — задумваецца Сэм, — ампулы?
 — У сметніцы. Я знайшла сёння… Сыночак, не маўчы. Скажы што-небудзь, — ёй так хочацца, каб усё аказалася няпраўдай: у голасе гучыць не просьба — мальба.
— А што яму гаварыць? Паймалі за руку — цяпер не адапрэцца.
— Адкуль ампулы? — падступае  бліжэй маці, — кажы праўду, дзіцятка. Прызнайся нам. Мы павінны ведаць.
— Маці, я не хацеў пра гэта гаварыць, — пашкрабвае пальцам нос і адводзіць у бок вочы. — Не хацеў… Але калі так усё абярнулася — слухайце: у Сары цукровы дыябет. І яна ўводзіць сабе інсулін.
Джэк з хвіліну маўчыць, намагаючыся зразумець сказаннае і, нарэшце, усё яго цела кідае ў раптоўны рогат.
— Што тут смешнага? — адцягвае Сэм пальцам каўнерык кашулі, быццам ён перашкаджае дыхаць. — Смяяцца з хваробы грэх.
— Нічога. Разумных і здаровых паслалі да разумных, а табе — калека ў святочным пакеце.
— Сэм, гэта праўда? — падступае бліжэй маці, — на яе твары цепліцца радасць, — гэта праўда, сынок? — “Праўда, — пацверджвае той”. — Вось бачыш, — чамусьці радасна гаворыць Лусія да Сэма, і раптам спахопліваецца. — А як жа дзеці? Яны ж таксама могуць нарадзіцца хворымі? Гэта перадаецца?
— Не ведаю. Я не хацеў гаварыць...
— Ага, складвай баечкі. Так я табе і паверыў.
— Ну, хіба з ім можна гаварыць сур’ёзна? Ён нікому не верыць.
— Джэк, чаму ты? Гэта  падобна на праўду. А ты кінуўся ў паніку. Рукі распусціў… Не можа такога быць! Канешне, праўда. Цяпер я разумею. Вось бачыш, а ты адразу: наркаман… Ніякі Сэм не наркаман. У Сары цукровы дыябет, усё проста. Наш сын не можа быць наркаманам. Ён не з такіх... Сынок, але навошта яна табе хворая?
 — Я ж кахаю яе, — ціха адказавае ён, і на гэты раз гаворыць праўду.
— Яна ж, напэўна, і нарадзіць не зможа? — задумалася маці.
 — Плакалі твае ўнукі, ха-ха-ха!
— Твае, дарэчы, таксама. Не разумею, чаму ты радуешся?
— Не веру я яму! Не веру ніводнаму слову! Ён вешае лапшу на вушы, а ты і рада слухаць. Я глядзеў — чыстыя ампулы. Скажы, сыне, з якога гэта часу на ампулах сталі заціраць надпісы? Ці наша фармацэўтычная прамысловасць трапіла ў разрад сакрэтных?
— Адкуль мне ведаць. Я сказаў тое, што ёсць: у Сары цукровы дыябет. І яна ўводзіць сабе інсулін.
— Цікава, і куды ж яна яго калола гэты інсулін?
— Я не збіраюся тут апраўдвацца перад табою. — Сэм задумаўся на хвіліну і нечакана дадаў. — Вядома куды — у руку.
— Вось бачыш, а ты казаў! — радуецца маці.
— Не веру яму,  ён — наркаман!.
— Ты хацеў бы мяне бачыць такім!
— Сплю і бачу, усё жыццё марыў, каб сын калоўся.
— Сэм, не звяртай увагі, — пагладжвае маці сына рукою па плячы і супакойваецца сама. — А ты,  Джэк, хопіць! Спыніся  нарэшце! Усё  высветлілася. Лепш закажы брыгаду, каб памылі вокны, столькі святла дарэмна палім. Ці мне самой і гэтым займацца?
— Што высветлілася? Што цудоўна? — не здаецца Джэк. — Цудоўна тое, што ён, як тая вужака, вельмі цудоўна выкручваецца.
— А ты не думаў, бацька, што я магу быць забойцам? Не так даўно ў суседнім квартале забілі бабульку… Дык можа гэта я і грохнуў яе?! Ты не думаў так? Чаму б і не? У нас ёсць зброя.
— У цябе для гэтага занадта тонкая кішка. Для забойства патрэбен характар, рашучасць, мужнасць нарэшце. А ты ў нас — слізняк, аднаклетачнае стварэнне. Хлюпкая амёба. Адно слова — цюхля!
— За тое ў цябе занадта тоўстая кішка. На роднага сына руку падымаеш. Адно скажу толькі, ведай: можа, ты сам і грохнуў тую бабульку? Ты ж у нас мужны…
Джэк не верыць сваім вушам: “Што?! Што ты сказаў?”.
— Тое, што чуў. На паляванне ты не хадзіў, а са ствала вінчэстэра смярдзела порахам. Свежым. Вось так. Я не такі дурны, як ты думаеш. Так што ў паліцыю магу схадзіць я, і сёе-тое намякнуць ім, проста так для разважанняў. Ці можа патыхаць порахам, калі з вінтоўкі даўно не стралялі? Няхай думаюць, гэта іх работа. А зараз я пайшоў на заняткі. У мяне лекцыі.
— Сапляк! Ты чула, што ён сказаў?
 — Джэк, ён пажартаваў. Гэта ж твой сын!
 — Не сын, і не мой  — а твой вырадак!
— Каб ты здох! — кідае з парога Сэм і, выходзячы з дома, моцна ляскае дзвярыма.
26.
Офіс канторы, у якой працуе Джэк. Ён сядзіць задумлівы за сталом. Падыходзіць да шэфа, штосці тлумачыць яму, здалёк не чуваць. Хутка вяртаецца за свой стол, наводзіць парадак. Выбягае на вуліцу.
На калідоры каледжа студэнты зубраць падручнікі. Ідуць экзамены. Сярод студэнтаў, але як бы і сам па сабе — Сэм. Да яго падыходзіць Сара. Ён здзіўляецца: “Праходзіла міма, — тлумачыць яна, — і забегла. А ты надоўга сёння?”. — “На жаль, дапазна. Я звычайна здаю апошнім”. Некаторыя са студэнтаў пачынаюць строіць Сары вочкі. Сэм бярэ яе за руку, і амаль сілай цягне за сабой на вуліцу.
Джэк адпрасіўся ў шэфа пасля абеду. Спаслаўся на неадкладную справу. Сеў у сваю машыну і паехаў дахаты. “Толькі б нікога не было дома! — не давала спакою думка”.
Апошнім часам усё пачало тварыцца неяк сікась-накась. А да гэтага было так надзейна, з такой упэўненасцю глядзеў ён у заўтрашні дзень. Усё перавярнулася з ног на галаву пасля таго, як сын прывёў у дом гэтую пачвару. Столькі праблем пачало валіцца ў адну кучу — галава кругам.
Адамкнуў кватэру, агледзеўся — нікога! І адразу кінуўся ў залу, ускочыў на канапу, зняў са сцяны вінчэстэр. Абапёрся прыкладам на падлогу, схіліўся і прынюхаўся: “Сапраўды патыхае гарэлым порахам”. Як гэта ён так неахайна і не аккуратна? Роўна два месяцы прайшло. А што калі б… Страшна падумаць, што магло б здарыцца. Трэба выпраўляць.
Спускаецца з вінтоўкай у падвал. Адчыняе скрынку з боепрыпасамі. Дастае неабходныя прыстасаванні і пачынае арудаваць шомпалам. Шмулюючы, час ад часу, прынюхваецца, і зноў працуе. Стаіць і стаіць невытраўны смурод пораху. “Напэўна, здаецца? — так і ёсць: гарэлы порах убіўся ў свядомасць”.
У офісе на стале Джэка доўга звоніць тэлефон. З суседняга стала падыходзіць супрацоўнік і здымае трубку: “Хабарта? На жаль не магу дапамагчы, яго няма. Ён адпрасіўся і паехаў дахаты”. Выблісквае персцень з тэтраграмай, жаночая рука кладзе трубку на рычаг.
Джэк павесіў вінчэстэр на месца. Зноў спусціўся ў кладоўку, адчыніў скрынку, упакаваў шомпал, масла, пералічыў патроны, замкнуў скрынку і схаваў ключ у сваю схованку: у кішэню старога камбінезона.
Праз хвілін пяць цалкам супакоены тым, што ён усё-такі своечасова вырашыў адну са сваіх праблем, уключыў тэлевізар. Утыркнуўся ў газету з праграмай і пачаў стрыкаць каналамі.
    27.
З таксі высоўваюцца жаночыя ножкі. У двары прыпаркаваны аўтамабіль Джэка. Ножкі ўздымаюцца па прыступках на ганак дома Хабартаў. Рука дастае з сумачкі ключы, вагаецца крыху і праз хвіліну хавае назад у сумку. Кнопка званка. Палец у манікюры цісне кнопку.
Чуецца званок. Джэк не рухаецца з места. Доўгі і настойлівы званок паўтараецца. Падымаецца раздражнёным рыўком, адчыняе дзверы. З заплюшчанымі вачамі на шыю кідаецца Сара: абхоплівае дзвюма рукамі за галаву і лезе цалавацца. Джэк, адпіхваючыся ад яе рукамі, адступае назад. Сара расплюшчвае вочы.
— Ой, вы? Прабачце, — сумелася  спачатку, але хутка ўзяла сябе ў рукі, — я думала гэта Сэм. Мы дамовіліся  сустрэцца ў тры гадзіны, — хлусіць яна.
— А я падумаў — Лусія з глузду з’ехала. Не стой у парозе, праходзь. Сэм яшчэ не прыязджаў. Можа, табе кавы? — перайшоў ён адразу ж “на ты”.
— Не ведаю. Няёмка атрымался…
— Нічога страшнага. Калі зайшла, то праходзь ужо. Віна? Чырвонага?
Сара загадкава ўсміхаецца, праходзіць і садзіцца ў крэсла: “Хіба што “Кагору”. Царкоўнага, як ты казаў. Хаця мы і не манахі, праўда?” — авалодваючы сабою, гаворыць яна.
Яна выдатна ведала, што Сэм затрымаецца ў каледжы, здае іспыты. Сама толькі што адтуль. Пазваніла на працу Джэку, ёй сказалі, што яго не будзе. Тут і ўзнікла гэтая думка. Здагадалася, што той дома і паехала на таксі. Усё яна пралічыла, але не чакала такой рэакцыі старога. Так на ўсялякі выпадак загадзя падрыхтавала гэтую перушю фразу, якую сказала. На ўсялякі выпадак, не думала, што прыйдзецца яе гаварыць. Таму спачатку сапраўды разгубілася, бо зусім нечакала такога зыходу. Надта ж ён адпіхваў яе рукамі, быццам спужаўся. Уяўлялася, толькі кінецца на шыю, толькі апячэ вуснамі — і ніякіх слоў болей не трэба будзе гаварыць. Яны закруцяцца ў віры пахаплівай блізкасці. А ён рукамі піхае, адштурхоўвае яе. “Нешта здарылася тут, і яна не ведае што? Бо што ж тады пад сталом было? Адразу ж зруйнаваліся ўсе межы, яна гатовая была кінуцца да яго ў абдымкі на вачах у жонкі. Нічога ужо яна не разумее ў гэтай сямейцы, заблыталася. Чаму ён так доўга маўчыць? Я ж усё ўжо сказала — мяч на яго баку”.
А Джэка зараз турбавала зусім іншае: якую ролю іграе Сара ў кардынальных зменах, што адбыліся з яго сынам. Ён стаў занадта агрэсіўным.
— Канешне-канешне, козачка, мы не манахі. — Дастае з бара пачатую бутэльку, адкаркоўвае; затым у другую руку бярэ два бакалы, прапусціўшы паміж пальцаў шкляныя ножкі, налівае да паловы і падае адзін ёй са словамі: — Чырвонае-чырвонае, як жаночыя…
Сара з палёгкай уздыхае, бярэ бакал і глядзіць праз яго на свет:  “Ці як… жаночае самае-самае…”.
— Самае інтымнае ты хацела сказаць?
Яна смяіцца і падымае бакал: “Вельмі падобны колер, ідэнтычны. Усё-та ты ведаеш, Джэк. Джэк-Патрашыцель!”.
— Чаму гэта я патрашыцель? —  шчыра здзіўляецца ён.
— Кіно такое ёсць. А ты ж — паляўнічы. О,  як ты мяне распатрашыў тады. Ледзьве да аргазма не давёў. І не пабаяўся, што жонка ўбачыць.
Ён задаволена рагоча: “Я яшчэ не тое магу… Можам паўтарыць у  разняволеных абставінах, — як бы прапаноўвае ён, — ты ведаеш, я палюю не толькі на дзічыну”.
Яна смяецца  ў адказ аднымі вуснамі: вочы, як заўважыў Джэк, занадта халодныя і трывожныя: “Не хацела б аказацца тваім паляўнічым трафеем, — задумалася на імгненне і шматзначна дадала: — Ці  ахвярай”.
“Што гэта? Выпадкова зляцеўшае слова, ці празрысты намёк на цмьяныя абставіны? Не ўсё тут проста… Не ўсё. Вось і Сэм учора ляпнуў. Няўжо яны падазраюць мяне, згаварыліся і збіраюцца шантажыраваць?”.
— Не веру. Ты ілжэш! Як раз менавіта гэтага ты і хочаш. І дзеля гэтага прыйшла зараз. Ты любіш быць выпатрашанай, — падступае бліжэй Джэк. — Скажы, любіш  моцных і дужыш мужчын? Такіх, як я? Чытаю ў тваіх вачах, што мы прагнеш валадарства над сабою. Я менавіта з такіх. І заўважыў гэта адразу ж, як толькі Сэм прывёў цябе. Яшчэ там, у ванным пакоі.
Зноў яна смяецца… І штосьці ў гэтым смеху падаецца Джэку злавесным. Гэта не проста смех жанчыны, смех дэмана, але… “Магчыма, ты гаворыш праўду, але ўсё ж такі неяк…” — чуе ён яе словы. І голас падаецца яму такім не натуральным, нейкім вымучаным, — штучны і наіграны голас. Менавіта так размаўляюць монстры ў камп’ютарных гульнях. “Не, яна ўсё-такі “булька ў носе”, вось зараз з гэтага глюгаватага носу выскачыць саплівы пухір, вялізазны такі, і… Цфу, ты! Лезе ў галаву, усякая брыда. Можа, залішне падазроным я зрабіўся? Старэю… Паглядзі, Джэк, якія грудзі ў маладухі! Як хоча яна цябе, амаль што стогне”  — думае ён, накручвае сам сябе, каб распаліць жаданне, каб заварушылася, налілася крывёю яго мужчынская годнасць, і тады — яму ўсё да лямпачкі: мараль, прыстойнасць… Тады ў шалёнай юрлівасці здаволіць свою мужчынскую похаць, а пасля ўсяго зваліцца на канапу... І зноў адчуе сябе маладым.
— Ідзі да мяне, авечка мая! Ну! Ідзі! Я зараз цябе абшчаперу.
Стогн вырываецца з яе грудзей, яна падае, быццам падкошаная, назад у крэсла, абронены  бакал з бразгатам коціцца да дзвярэй. “Прытвараецца!” – чытаецца ва ўсмешцы Джэка. А яна з’язджае з крэсла, паўзе да яго ног і  абхоплівае іх рукамі… “Джэк, што ты са мной робіш!?” — яе голас дрыжыць.
 — Толькі тое, што ты сама хочаш, — кладзе далоні на яе галаву, рукі коўзаюцца па твары, пагладжваюць шчокі — Ну што, касатачка, хочаш спазнаць, што такое сапраўдны мужчына? Хочаш?
У адказ чуецца томны стогн. Ён падхоплівае яе пад пахі, прыпадымае і падцягвае да свайго твару, прыпадае да вуснаў: “Хачу! Джэк, я хачу цябе! — узбуджана стогне яна”.
Моцна сціскае рукою за грудзі. Затым раптам падымае і закідвае на плячо. Нясе, быццам бервяно, груба шпурляе на канапу: “Джэк! Джэк-Патрашыцель! Што ты робіш са мной?”. Ён навісае зверху і  расшпільвае рамень на штанах.
— Ну, хутчэй, — крычыць яна, — хутчэй! — і сама похапкам  расхлістваецца, распраўляецца і раскідвае сваё адзенне.
Ляціць на падлогу блузка, спадніца… Ладнае голае цела распаўзаецца на канапе і вабна падрыгвае ў чаканні. І раптам рух яго пальцаў запавольваецца: “Сара, а ты чыстая?” — ашаломлена яна такім нетактоўным пытаннем: спрабуе ўсё звесці да жарту.
— Не хвалюйся, Патрашыцель! Чыстая як шкельца. Нічога не падчэпіш.
Джэк кладзецца побач, пагладжвае яе далонню: “Дзетка, не заві мяне так. Добра?… Сэм казаў, што  ты хворая”.
— Што?! Што Сэм гаварыў?!! — яна прыпадымаецца на канапе, заглядвае ў вочы: — Сэм так сказаў? — перасмыкаецца ад агіды. — І якую хваробу мне прыпісаў?
— Нешта там такое гарманальнае...
Зноў вышчараецца і рагоча: “Так і сказаў?”.
— Так. Быццам у цябе не хапае гармонаў, цукровы дыябет ці што? І ты вымушана кожны дзень іх уводзіць.
— Чые-чые — а яго гармоны  я яшчэ не спрабавала. А вось тва-а-ае…,  —  яе галава борзда кідаецца да яго ног: ён і не чакаў такога прыту.
— Пачакай! — адпіхвае яе рукамі. — Не спяшайся. Толькі не цяпер.
— Чаму, Джэк? Не мучай мяне. Я хачу цябе. Уся згараю!
 — Такое я прыпасаю на дэсерт. Спачатку два выстралы дуплетам, — загадкава пасміхаецца ён.
 — Што яшчэ за дуплет?
 — Ты шмат чаго не ведаеш…  Буду цябе вучыць. Стральба з двух ствалоў адначасова.
— О-о-ў! — усклікнула яна, акідваючы позіркамі пакой. — Дзіўна. Цікава. А дзе мы возьмем другі ствол? — уражана: — А ў цябе іх цэлых два?
— Не пужайся! Ніякіх анамалій. Адзін у звычайнай пазіцыі, лічы што класічнай, а другі… інсулін!
— Што гэта яшчэ за інсулін? Нават не чула пра такую пазіцыю.
— Не ведаеш пра інсулін?… Я цябе шмат чаму навучу.
Яна адкідваецца на спіну. Наўмысна выстаўляючы жаночыя вабнасці, цвеліць імі. Джэк намагаецца не глядзець на яе, панурыць вочы…
— Я ў палоне тваіх загадкавых пазіцый і прапазіцый. Ідзі, ідзі сюды! — Раскідвае рукі ўшыркі і Джэк затрымлівае погляд на лакцявым выгіне.
— Дык мы, даражэнькая, колемся?!
— Так сабе... Балаўство, — нехаця адказвае яна. — Ад жыццёвай тугі і самоты… Чаго ты раптам абламаў кайф? Ну?! — і прыглядваецца да яго. — Чаму здзірванеў? — нічога не разумее яна. — Чаму мой  рыцар яшчэ не скінуў свае даспехі і не агаліў дуплетную зброю, ха-ха-ха! Я хачу любавацца ёю.
Гэта стала для Джэка апошняй кропляй: “Так, гульня скончана. Устаць!!!”.
— Не разумею? —  “Устаць, сучка!!! — раўнуў ён яшчэ раз”.
— Якія грубыя ласкі? Гэта ўжо нават не ўзбуджае, — спрабуе паказаць крыўду, ператварыць у жарт з яго боку, які яна разумее і гатова дараваць.
Але ён нечакана хапае яе за руку і сцягвае з канапы: “Ты думала: я тут буду з табой трахацца?! Так?! Ах, ты, курва прыблудная!!! Слухай сюды і запамінай. Пакінь Сэма ў спакоі. А не пакінеш?…”.
Сара ўстае, накідвае блузку, і нацягвае спадніцу, павольна з выклікам зашпільваецца: “Ну і што ты мне зробіш, калі не пакіну?”.
— Разарву твае вішнёва-кагорныя вусны ад вуха да вуха! Зразумела? Здам паліцыі, як наркаманку.
— Які ж ты паганец! Навошта тады было ўсё гэта? — паказвае вачыма на канапу.
— Табе не зразумець сваім абкарнаным разумком. Я папярэдзіў. А цяпер — пайшла вон! Вон!!!
—  Гад! — вышчарылася помстай праз зубы. — Ты мяне яшчэ папомніш!
Падхопліваецца, працягвае рукі, спрабуючы ўчапіцца яму ў валасы, затым плюе ў твар і, вывернуўшыся з-пад яго рукі, выбягае за дзверы.
— І не ўздумай пераступаць парог гэтага дома, курваўка шалаўная! — крычыць ён наўздагон: —   Застрэлю, як тую гадаўку, каб духу твайго не было!
     28.
Сара шпарка крочыць па тратуары. Яна на нешта рашылася. Шыльда “Магазін зброі”. Заходзіць усярэдзіну памяшкання. “Сорак пяты калібр, для вінчэстэра, — гаворыць і працягвае грошы, — калі ласка, пачак патронаў”.
— Я хацеў бы каб вы паказалі дазвол на ўтрыманне зброі.
Яна моўчкі дастае пяцьдзясят доллараў, кладзе на прылавак і паўтарае просьбу. Прадавец хавае палціннік у кішэню, у момант зрабіўшыся згаворлівым, выклаў перад ёю пачак патрэбных патронаў.
Джэк набірае нумар: “Алё! Фірма “Чысты свет? Прыміце, калі ласка, заказ на мыццё вокан. Так… Колькі акон? Ды ўсе: чатырнаццаць. А па тэлефоне гэта нельга аформіць? Добра. Хутка буду. Заўтра, а другой палове дня? Запісваю адрас”.


29.
Пустая Кватэра. Са спалькі Сэма чуецца голас Сары: “Ну, хопіць-хопіць! Прысмактаўся. Зноў будуць губы як трубы, — выслабаняецца з абдымкаў”.
— Сара, яшчэ крыху, — туліцца да яе Сэм. — “Я сказала: на сёння хопіць! Ты павінен мяне слухацца. А то   пакрыўджуся і ўвогуле пайду”.
— Сарачка, буду слухацца. Толькі заставайся. Мы на цэлы вечар свабодныя. Бацькі прыедуць позна. Я потым выклічу таксі.
— Сэм, адкуль грошы? Ты нідзе не працуеш, сядзіш на бацькавай шыі.
— Ну вось, я яму стукаю ў галаву і ён змушаны мяне фінансаваць. Але часцей гэтым займаецца маці.
— А што сапраўды бацька, калі сварыцца з маці,  зрывае гэтую штуковіну са сцяны? — “Я ж расказваў. Не хачу болей пра гэта”. — А я хачу. Хачу, каб ты яшчэ раз паказаў і задумаўся: з гэтага вінчэстэра твой бацька хацеў забіць тваю маці. Задумайся. Ты сын ці не?  — утаропілася ў яго вачыма, — я чакаю! – “Што? — не разумее Сэм”. — Пакажы як ён рабіў! — “Не хачу, — крыўдзіцца, як дзіця, і адварочваецца”.
— Слабак! Я загадала — паказвай! Іначай  увогуле пайду.
— Сара, прашу цябе, застанься! — ён становіцца вартым жалю.
— Ну, што з табой рабіць? Ты не цікавы. Я хачу разыграць сцэну. Во! Давай сыграем, як быццам бы ў спектаклі. Ты быў у тэатры? — “Вадзілі…”. — Вось і мы зараз сыграем сцэну: скандал тваіх бацькоў. Я — твая маці, а ты —  бацька. Злы Джэк-Патрашыцель.
— У мяне не атрымаецца, я не ўмею.
Яна рашуча падымаецца, як плёткай, сцябае яго трыма словамі: “Тады я пайшла! — каля дзвярэй спынілася, дастала з сумачкі ключ і паклала яго на тумбачку. — Забяры свой ключ. Мне ён не патрэбны.
 Сэм падае каля яе на калені і абхоплівае рукамі яе ногі, у голасе мальба а ў вачах слёзы: “Сар-ра!”.
— Адыйдзі! Ну, чаго табе яшчэ? — раздражнёна бзыкае яна.
— Застанься, калі ласка! Ну, ка-лі лас-ка! — голас лебязіць, столькі халуйства і прыніжэння чуецца,  што нават Сары, гэтай круцельцы, становіцца брыдка.
— А што тут з табой рабіць? Нат сцэну не можаш згуляць. Я і так і гэтак выкручваюся, абы нам весела было, а ты ўпрэшся, як баран і ні з месца. Увогуле, ты нейкі старамодны, нафталінам, фу, прапах.
— Добра-добра, — жвава падхопліваецца Сэм, забягае ў залу і здымае са сцяны вінтоўку. — Не. Спачатку яны сварацца. — Вешае зброю на месца. — Пачынае звычайна маці. Вось так. Я гляджу тэлевізар. Заходзіць маці — успыхвае скандал. — “А з чаго пачынаецца? — не простая цікавасць у вачах Сары”. — Я і не ведаю? На пустым месцы, як і большасць сварак. А з нічога! З любой дробязі. Напрыклад, бацька чаравікі не туды паставіў, ці яшчэ што.
— Якая яна ў вас зануда… Чаравікі? — “Так, з чаго заўгодна”. — Я ўсё зразумела. Давай!
Сара знікае за дзвярыма кухні і праз хвіліну з’яўляецца ў халаце Лусіі. Як жа хутка яна ўмее пераўвасабляцца, уваходзіць, выдзьмуўшы грудзі і гледзячы зверху ўніз: “Так, Патрашыцель! Чаму не падрыхтавана вячэра?”.
— Сара, маці не заве бацьку Патрашыцелем. Твая прыдумка. Гэта першае. А-а-а, па-другое: вячэру  рыхтуе маці. Зразумей, бацька цэлы дзень працуе. Прыйдзе і ўторкнецца ў тэлевізар, а маці дома адна — яе гэта злуе. Яна таксама стамілася, але ніхто не заўважае і не хоча не бачыць…
— А ты, аказваецца, псіхолаг? Я і не ведала, — натуральна здзіўляецца, а затым — спахопліваецца: — Добра, я ўсё зразумела. Давай, па-новай!
Сэм бярэ ў рукі пульт тэлевізара, цісне кнопкі: “Што там у нас сёння? О, рэгбі!”. Сара знікае на кухні і праз хвіліну ўваходзіць мажнай паходкай.
— Джэк, ты зноў па вушы ў д’яблавай скрынцы? — гаворыць пісклявым дыскантам. — Колькі можна глядзець адно і тое ж!? Зайшоў нядаўна, нават не паздароўкаўся. Не заўважыў мяне. А ў мяне цэлы дзень галава балела.
Сэм  паказвае вялікі палец: “Цудоўна!”.
— Што цудоўна? — абураецца яна. — Цудоўна, што баліць галава? Табе не сорамна! Нахаба! Патрашыцель! Дуплет!
— Лусія, я заняты. Не перашкаджай мне глядзець чэмпіянат.
— Ты заняты? А я кажу, што ў мяне баліць галава!
 — Пакліч доктара, або на крайні выпадак — ветэрынара, хі-хі!
— Гэта мог бы зрабіць муж.
— Муж глядзіць тэлевізар. — “Не муж, а свіння! — удакладнівае яна”. — Што?! Ах, ты сука! — “Кабель! — крычыць Сара.”. — А ты  курва!
 — Ах, гэта я — курва? Ды я… Ды я…
 — Курва, шкурка, прашмандоўка!!!
— Сам дэгенерат!!! Ах, ты — дэградэнт!!! Экспрапрыятар!!!
Ускоквае з крэсла: “Мяне абражаць?! — бегае па пакою, шукаючы, што ўхапіць у рукі. — Ды я цябе навучу, сучка ты гэтакая! — глядзіць на вінчэстэр, —  зараз жа заб’ю!”.
— Страляй, вампір! Крывасмок!! Дракула!!!
Заскоквае на канапу і зрывае са сцяны вінчэстэр: “Заб’ю!!! — крычыць штосілы Сэм так, як гэта робіць бацька”.
— Не пасмееш, — зусім спакойна гаворыць Сара. — Сядзеш у турму.
— Ну і няхай! Сяду, але адной сучкай будзе меньш.
Перасмыкае затвор, ускідвае ствол і… Сказаў следам словы, якія быццам токам ударылі Сару, няхай бы сапраўды стрэліў, але  ён выпаліў іх перад тым, як націснуў на курок, менавіта тыя самыя словы: “Ах, ты! Курваўка шалаўная! Каб духу твайго тут не было, застрэлю, як гадаўку!” — клацнуў затвор.
 Сара падае ў крэсла і закрываецца рукамі: твар збялелы. “Няўжо яны згаварыліся? І гуляюцца са мной?”, — ліхаманкава праносліся думкі.  Губы падрыгваюць. Паволі супакойваецца. Сэм стаіць насупраць разугублены: “Што з табой? Сара, што здарылася? — дапытваецца ён”.
Думкі пачалі блытацца… Усё змяшалася. Дзе праўда, дзе мана? Дзе ўяўная небяспека, а дзе не вартыя ўвагі домыслы і падазрэнні? Але яна не адступіцца ад сваёй задумы, яна ўсё давядзе да канца. І тады, тады ўсё будзе ў яе жыцці выдатна. У яе будуць грошы.
Збянтэжаны і вінаваты… “Не! Не можа такі прыкідвацца, яму не дадзена”.
 — Спужалася я. Думала ты выстраліў, — прамовіла ў слых.
— Дык я ж гаварыў: ён не заражаны, — вінаваціцца Сэм.
Абапіраецца прыкладам ад падлогу, заглядвае ў свол,  затым прынюхваецца некалькі разоў да ставала.
— Усё адно мурашкі па спіне забегалі. А калі б заражаны быў?
— Забіў бы, — гаворыць ён і зноў нюхае ствол.
— Ну і жарты ў цябе. Я крыху не памерла.
— Дык ты ж сама хацела сыграць сцэну. — “Ці мала што я хацела?…”.
— Прабач, што напужаў, — вешае вінтоўку на месца, але перад тым як зачапіць за кручок, яшчэ раз засунуў нос у ствол і нюхнуў.
— Што ты ўсё прынюхваешся? Патыхае порах адтуль, патыхае.
Ён паціскае плячыма: “Цяпер ужо не так моцна. Больш свежым аружэйным маслам. Ды і не мог бацька страляць па маці!” — “Хто яго ведае, твайго бацьку”.
— Калі і страляў, то ў іншым месцы, — задумліва гаворыць Сэм.
— Сэм, а чаму ты сказаў гэтыя словы? — спыталася і пільна сочыць за выразам яго твару. — “Якія словы? — не разумее ён”. — Перад тым, як стрэліць, ты сказаў… 
— Не помню, што я там сказаў. Нешта ляпнуў пад руку.
Твар Сары зрабіўся сур’ёзным, у вачах выбліснула злосць і нянавісць: “Ты лічыш мяне недаразвітай? Дурачка з завулачка? Так? Не на тую нарваліся. Я ведаю: вы тут згаварыліся супраць мяне”.
Сэм глядзіць на яе, быццам зусім апупеў — нічога не можа ўцяміць. Але Сара не была б Сараю, ёй патрэбна стопрацэнтная ўпэненнасць, таму і накідваецца на яго: “Чаму ты абазваў мяне тымі брыдкімі словамі? Хіба я заслужыла такіх адносін? Так зняважыў мяне?!” — і натуральныя слёзы амаль прыснулі з яе вачэй.
— Сара, Сарачка, якія словы? На што ты крыўдзішся? — снуе ён перад ёю, як чаўнок у кроснах, не ведаючы куды сябе дзець і што рабіць, толькі б перастала крыўдзіцца. — Ты ж сама папрасіла. Гэта ж проста гульня. Чым я вінаваты?
— Гульня, — усхліпвае яна, — але ж мы не дамаўляліся, што ты будзеш зневажаць і абражаць мяне. Ты прынізіў маю годнасць. Проста здзекваўся нада мной. Я яшчэ так пералякалася, думала, сапраўды стрэліла. А ты яшчэ сказаў: курваўка шалаўная, застрэлю, як тую гадаўку. Чаму ты так сказаў, Сэм, чаму?
Ён задумваецца, а потым, быццам узрадаваўся знаходцы, апраўдваецца: “Усё проста, Сара. Мы гулялі. А бацька ў гневе так часта крычыць. Вось гэтыя словы мімаходзь і вырваліся”.
— Дык гэта ты не на мяне гаварыў? — прыкідваецца яна зусім ужо дурною, але ён і гэтага не заўважае і сур’ёзна тлумачыць: “Ну, канешне, Сара! Гэта была гульня. Звычайная гульня, толькі і ўсяго”.
— А я падумала, што ты на мяне крычаў, — звівае далей сваю нітку. — І з хаты выганяў, каб духу твайго тут не было, сказаў ты. А яшчэ і спужалася… Я вельмі спужалася, думала ты ўсур’ёз, і вось-вось заб’еш мяне бедную. А я ж так цябе люблю, Сэмік ты мой, так люблю…
 Слёзы замілавання цякуць па твары Сэма: прабач, калі пакрыўдзіў, гавораць яго вочы, даруй, калі вінаваты, я не хацеў гэтага!
Сара адчувала: яна цалкам валадарыць гэтай нікчэмнай істотай, кіруе яго пачуццямі. Так і было на самой справе. Сэм, аслеплены каханнем, зусім страціў розум. Разважаць цвяроза ён наўрад ці быў здольны і раней.
— І бацька заўсёды клацае гэтай штуковінай? — выпытвае яна асцярожна.
— Заўсёды. І ведаеш, маці таксама кожны раз пужаецца. А затым істэрыка, слёзы і… пацалункі.
— Ну, тады я цебе таксама зацалую, — кідаецца на яго, завальвае на падлогу: — У мяне з’явілася ідэя! — “Што яшчэ за ідэя? — даносіцца да яе прыдушаны голас, яна толькі рагоча ў адказ, скача на ім, цягае і смыкае за валасы, ён не паспявае адбівацца ад такога напору: “Згвалтаваць цябе — вось якая ідэя!”.
30.
Стомленыя і паўголыя яны ляжалі на падлозе. Кожны заняты сваімі думкамі. Але знешне здавалася, што паміж імі сапраўды  ёсць каханне.
— Бачыш як цудоўна, — заглядвае Сара ў вочы, — калі мы адны. Ніхто не перашкаджае. Эх, — уздыхнула горка, — заўсёды б так. Праўда?
— О, так, — твар Сэма раптам пахмурнее, быццам нешта ўспомніў. — Не хацеў гаварыць табе, Сара. Маці знайшла ў сметніцы ампулы.
— Якія ампулы? Што?! Ампулы!!! — яна аж падскочыла, упала наўколенцы і абаперлася рукамі аб падлогу, як драпежная жывёліна. — І ты маўчаў?!! Ідыёт!!! Ты выкінуў ампулы ў сметніцу? — “Ты ж сама і загадала”. — Ну і… Доўбня! — сплюнула, клацнула зубамі, — я ж думала, ты выкідваеш смецце. – “Адкуль я ведаў?”. — Прыдурак. Казёл недарэзаны! Такі ж, як і твой бацька. Трэба было выкінуць на вуліцу, раструшчыць, перад тым як выкідваць.
— Я сказаў, што ў цябе цукровы дыябет. Што ты ўводзіла ін’екцыю інсуліна. Што гэта твае ампулы. Такі гарманальны прэпарат, дыябетыкі яго колюць. Мой аднакуснік сядзіць на інсуліне. У яго дыябет. Вось я і прыдумаў, што сказаць.
— А-а-а… Вось яно што, — захітала галаваю. – Інсулін. Значыцца, гармоны… Цяпер мне ўсё зразумела. Ты зрабіў мяне хворай?
Ён увесь час блытае яе карты. Праўду кажуць, што дурням шанцуе. А, можа, не такі ён і дурны, як ёй здаецца? Не залезеш жа пад чарапную каробку, не заглянеш: што робіцца там?
— Калі спытаюцца, ты падцвердзі.
— Канешне, канешне. Абавязкова скажу, што вельмі люблю гармоны, што ў  мяне не хапае гэтага самага… — “Інсуліна. Скажы: урачы прапісалі”.
— Канешне, урачы. А хто ж яшчэ. Інсулін дуплетам. Сэм, я  ўвогуле не хачу сустракацца з тваім бацькам. Давай дамовімся: папярэджвай мяне, калі ён будзе дома. Твой бацька подлы чалавек. Можа і забіць мяне за тое, што я цябе кахаю. Яму, бачыш ты, не падабаюцца нашы адносіны. Напэўна, антысеміт. Людзі дробрага інтэлекту заўсёды антысеміты. І што ім зрабілі яўрэі?
Раптам ён увесь страпянуўся: “Я вось што думаю. Яго можна прыструніць. Ёсць тут адна рэч. Я доўга сумняваўся,  але здаецца мне…”.
— Здаецца, што певень нясецца, — перабіла яна. — Ты вось што ведай, твой бацька  здольны нагаварыць пра мяне абы чаго, абы разлучыць нас. Але ты не вер яму. Ён хоча разбурыць наша каханне.
—Ды і які ён бацька. Не бацька ён мне. Хіба родны бацька рабіў бы так?
— Можа быць, што ты і не яго сын? Зусім не падобны знешне.
— Хутчэй бы скончыць коледж і вырвацца з гэтага пекла. Пайду працаваць, буду сам сабе гаспадар.
— А ты ўмееш? — спытался яна: “Што? — не зразумеў Сэм”. – Ну, працаваць ты ўмееш? — засмяялася Сара, — ты спрабаваў зарабляць грошы?
— А што тут складанага: працуй сабе ды працуй…
— А чаму ж зараз не працуеш?
 — Сара, — крыўдзіцца ён, — зараз я вучуся.
— Адно другому не перашкаджае. Ты хоць ведаеш, што незалежнасць  дорага каштуе? Вось ты нарадзіўся, усё ў цябе ёсць. Ніколі не галадаў, жыў у дастатку. А ці здолееш самастойна забяспечыць сябе і сваю  будучую жонку, напрыклад, хаця б мяне? Ты ж не спрабаваў.
— Смешнае пытанне. Скончу каледж, будзе дыплом, знайду працу… працуй сабе, і лічы баксы. Абы галава на месцы была ды рукі.
 — Дурань ты, і дурнем памрэш.
— А ты надта разумная, — крыўдзіцца Сэм.
— Разумная ці не, але адно ведаю дакладна: ад дабра не ўцякаюць. Хто пачынае з нуля? Толькі дурні. У цябе і так усё ёсць. Ёсць стартавы капітал. Што яшчэ табе трэба?
— Я не хачу карыстацца яго сродкамі, — адрэзаў Сэм. — Няхай здушыцца ён сваімі грашыма.
—  Таму і кажу, што ты дурань, — кідае абыякава, —Ты — адзіны сын! Па закону ўсё, што тут ёсць, рана ці позна  будзе належаць табе. Яно і зараз часткова належыць.
Яна дастала цыгарэту, пстрыкнула запальнічкай. Сэм падсунуў да яе попельніцу, зацягнулася некалькі разоў і, нарэшце, таямніча прагаварыла: “Ёсць некалькі метадаў, каб наблізіць час валодання спадчынай”.
— Не разумею. Як гэта можна наблізіць?
— Вось і доказ. Не разумееш. Яшчэ і крыўдзішся, калі я называю цябе дурнем. — “Ну ведаеш! — выклікнуў ён”. — Што ведаеш, што ты ведаеш? — бліснула вачыма Сара. — Скрыўдзіў тут мяне, зганіў. Страху нагнаў, збэсціў брыдкімі словамі, яшчэ і бзыкаеш? Гэта мне трэба крыўдзіцца, а не табе. Мне! Ты разумееш гэта, ці не? Ты можаш быць гаспадаром свайго лёсу?
Яна зноў рэзка ўстала, скамячыла цыгарэту ў попельніцы, абсмыкнула на сабе кароткую спаднічку, паказваючы, што зараз пойдзе.
— Канешне, магу.  Я ўсё магу, — скарагаворкай выпаліў Сэм. — “Усё-ўсё?!! — перапытала яна, быццам сюсюкаючыся з малым дзіцём, пацвельваючы яго”. — Усё! — цвёрда выгаварыў ён.
— А чаму ж сам не ўладуеш сваё шчасце?
— Якім чынам? Не разумею.
— Зноў ён нічога не разумее. Ты дурны, ці прыкідвашся? Гэта вельмі лёгка зрабіць. Адважыцца трэба. Ды тут і смеласці не патрэбна. Толькі рашэнне. Сэм, калі б твая маці раптам памерла, а бацьку пасадзілі б у турму — каму перайшла б уся спадчына?
— Усё засталося б мне. Ты ж сама казала — я адзіны спадкаемца. Усё перайшло б на маё імя.
— Вось так. А ты сядзіш і чакаеш. Палец аб палец не ўдарыў, каб наблізіць наш час. Ты хоць цікавіўся, колькі грошай у твайго бацькі на рахунку?
Сэм паціснуў плячыма, звёў бровы на пераносіцы, што павінна было засведчыць яго роздум: “Я думаю: тысяч пяцьсот зялёных! Ён зрабіў некалькі буйных здзелак, і адразу ж паклаў грошы ў банк і не чапае іх”.
— Пяцьсот тысяч! Паўмільёна! Гэта ж такія грошы! А што ты зрабіў, каб атрымаць іх? Здольны толькі ныць і плакацца. Я люблю мужных мужчын і рашучых. Ты быў бы вольным чалавекам: сам па сабе. Нічога нікому не вінен. А грошы… Разумееш! Якое гэта было б шчасце! Мы паехалі б на Багамскія астравы, ці на Канары, ці яшчэ куды-небудзь. У Еўропу, напрыклад. Ты быў у Еўропе? — “Не”. — Ты бачыў Калізей? — “Нідзе я не быў і нічога не бачыў! — раздражнёна агрызнуўся Сэм”. — А жыццё праходзіць, лепшыя гады ляцяць, — паддавала зыру яна. — Лепшыя!  А ты нічога не робіш, каб наблізіць нашае шчасце. І што тут рабіць — нейкая дробязь…
— Дык што трэба рабіць, што? — нават падскочыў ён на сваім месцы. — Скажы! Дзеля цябе я гатовы на ўсё!
 — На ўсё?! Ты?  Вельмі  сумняваюся, бо ты — цюхля!
І ён зноў падціснуў хвост, пазычыўшы вочы ў сабакі: “Няхай, няхай крыху падуецца, — думае яна, — няхай прабярэ крыўда да пячонак, а я зараз ласкавай стану, ці наадварот, яшчэ больш раз’юшуся, у гнеў і ў роспач увяду…”.
— Дык што трэба рабіць? – нарэшце спытаўся ён.
Спакойным голасам, як даўно вядомую ісціну, Сара будзённа прамовіла: “Зусім дробязь. Для пачатку хаця б зарадзіць гэты вінчэстэр. Бацька спусціць курок і яго пасадзяць у турму. І ты – гаспадар. Грошы твае. Што тут складанага?”.
— Дык ён жа заб’е маці? Сара, што ты гаворыш?! Гэта ж забойства!
— Якое яшчэ забойства? Няшчасны выпадак. Ты ні пры чым. Не ты ж забіваў бы… Ён! А ў прынцыпе, ты ж мог, скажам, зарадзіць вінтоўку і проста забыцца выняць адтуль патрон. Мог жа забыцца? — дапытвалася яна: “Ну, мог бы, — нясмела выціснуў ён”. — Дык у чым твая віна? Ніякага забойства. Ты чысты. Але адразу станеш гаспадаром свайго лёсу. Ніхто табе не ўказ. А то скардзішся тут  на яго, як той… не ведаю хто. А ты не думаў, што ён завядзе палюбоўніцу? Што там завядзе, яна і так ужо ёсць у яго. Безумоўна ёсць. Упэўнена ў гэтым. І ўсё даўно перапісана на яе імя. А калі знянацку няшчасны выпадак — ён і не паспее аформіць паперы, — на хаду прыдумляе новую версію, выстаўляючы неаправяргальныя доказы, якія павінны падштурхнуць яго да дзеяння. — Там іншыя працэдуры ўступаюць у сілу, іншы механізм… Тады ты станеш законным спадкаемцам. Так многія робяць. А інакш — уся спадчына дастанецца палюбоўніцы.
 — Бацька так не зробіць! — крычыць ён амаль у роспачы.
— Адкуль такая ўпэўненасць? Тым больш, што ён і не твой бацька? Ты сам казаў. Усе сапраўдныя мужчыны так робяць: усе заводзяць каханку. А каханка, маладая і прыгожая, хіба ёй патрэбны стары пянёк? Не. Яе цікавяць грошы, толькі грошы патрэбны і гарантыі. Дзеля гэтага яна згодна і пацярпець гадоў пяць, каб забяспечыць сваю будучыню. І ведаеш, ад такіх палюбоўніц як раз і гінуць мужчыны. Яны ўмеюць падлавіць зручны момант. Сыпане атруты ў суп, і няма твайго бацькі. А ўсе грошыкі да яе перайшлі. Кінуўся ты ў банк, а на рахунку нуль цэлых хрэн дзесятых. Ні капейкі! Усе знікла. А Джэк, твой бацька, якраз з такіх мужчын, якія не могуць жыць без каханак. Бо маці —  старая вешалка. Навошта яму такая? Ён даволі шляхетны, прывабны і спакуслівы, яму хочацца маладой. Я б сама з ім пераспала. Мужчынам за пяцьдзесят заўжды хочацца маладых. Сівізна ў бараду — чорт у рабрыну. У твайго бацькі ўжо ёсць любоўніца. Я ўпэўнена, што ёсць!
 — Не можа такога быць! — ледзь не плача Сэм.
— А чаму ты сумняваешся? Гэта ж чысцюткая праўда! Але як хочаш, няхай яна атруціць твайго бацьку раней, чым ты яго пасадзіш у турму. Выбірай! Любая на яе месцы траване. І тады ты — жабрак, — яна вытрымала паўзу: — А так і бацьку ад смерці ўратаваў бы, і грошы б былі твае.
— Такога не можа быць. Ён кахае маці.
— Кахае, ха-ха! Смешна сказаць! Дохлую воблу кахае. А ты любімы сын, ха-ха-ха! Байструк — вось ты хто, а не родны сын. Ты хоць ведаеш, што Джэк — не твой бацька. Няхай зробіць генетычную экспертызу на ідэнтэфікацыю. Папрасі! І сам убачыш, як ён адрэагуе, — яна заўважае: Сэм агарошаны паведамленнем, і дабівае яго. — Калі б ён быў твой бацька, то чаго яму баяцца?
— Хто табе такое сказаў?
— Ды гэта ўсе гавораць! Увесь раён. Адзін ты нічога не ведаеш.
— Замаўчы Сара! Іначай зараз застрэлю цябе!
— Вось-вось, забіць нявінную істоту ты можаш, а вярнуць страчаную справядлівасць — не! Слюнцяй! Цюхляк! — “Я!? — ён прыўстаў з крэсла”. — А хто ж яшчэ? Не можаш! — накінулася яна.
— Я ўсё магу! — становіцца ён у позу.
— На словах. Ты дакажы справай.
— І на справе магу, — упарціца Сэм.
—Дакажы. Хаця б паспрабуй! Папрасі зрабіць генетычную ідэнтыфікацыю. І сам убачыш, што я сказала праўду. А то гаворыш: бацька, бацька… Кожны дзень чужы табе чалавек можа забіць родную маці. І ты — сын? Не, ты не сын?!  Я думала ты ведаеш, таму і церпіш здзекі. Ты павінен усталяваць справядлівасць: абараніць маці… Гэта ж проста: зараджваеш вінчэстэр, і калі бацька сарве яго, каб папужаць, а можа, і забіць — выклікаеш паліцыю. Вось і ўсе! Паліцэйскім тлумачыш, што бацька хацеў забіць маці.
 — А калі ён сапраўды заб’е яе?
 — Ну сундук ты набіты барахлом. Як з табой цяжка! Ты ж сам гаварыў, ён толькі пужае.
— Так, але ж куркі зводзіць.
— І што за праблемы? А!? У паліцыі будзе факт замаху. Пакладзі сыры патрон, каб ён не выстраліў. Але каб вінчэстэр абавязкова быў заражаны.
 — Як гэта сыры? — не разумее Сэм.
— Слухай, — радуецца Сара новай знаходцы. — Паліцэйскія  правяраюць зброю і, — бац! Пераконваюцца: ён хацеў забіць. І яго тут жа забіраюць за краты. Ці ў псіхушку. Нармальны чалавек  не будзе страшыць жонку такім калібрам.
— Ага, так. Не зусім разумею толькі, што за сыры патрон?
— Бярэцца патрон і выварваецца ў кіпені. З паўгадзіны. Такі патрон ніколі не выстраліць, ён і не халасты, бо ёсць куля, і не страляе.
 — Ого! — здзіўляецца ён, — гэта знаходка.
— Вось бачыш, і забіваць нікога не трэба. І рызыкі ніякай. І грошы твае. А так усё адно полюбоўніца яго атруціць. Знянацку атруціць. І грошы прападуць, і бацькі не будзе…
— А раптам  ён усё ж такі стрэльне?
 — З якое гарачкі? Сыры порах не гарыць. А ты разлічышся за свае крыўды. Адпомсціш яму за маці. І за тое, што ты не яго сын. І падстрахуешся на ўсякі выпадак. Бо ён, я так скажу, яшчэ даволі сімпатычны, знойдзе маладую палюбоўніцу, і плакалі  твае грошы. — “Не бываць гэтаму”. — Калі ты не будзеш варон ротам лавіць, не будзеш цялём. Можа ўжо і ёсць, можа і грошы ўжо не твае, а палюбоўніцы.
— Ілжэш! — крычыць Сэм, і Сара накідваецца на яго з новай сілай.
— Я ілгу? Я? Гэта я ілгу? Доўбня! Не хацела табе гаварыць, бо ўсё адно не паверыў бы, а цяпер скажу: твой бацька заляцаўся да мяне. — “Не можа быць!” — Зноў за сваё. А ты спытайся, як можна дуплетам адхадзіць жанчыну? Запомні гэтае слова: “дуплетам” — так і спытайся. І паназірай яго рэакцыю. Сам  зразумееш: заляцаўся ці не? Ён гладзіў мяне вось тут. І вось тут, паміж грудзей. Я прыходзіла аднойчы, не застала цябе — ён быў адзін. Не хацела гаварыць, напароўся сваёй упартасцю. — “Не веру, — збялелымі вуснамі прагаворвае Сэм”. — А як сабе хочаш, — не адпускала яго нервы Сара, намотвала, як лейцы на руку. — Не верыш, вазьмі і правер. Ён гладзіў… І, ведаеш, мне было прыемна. Не тое, што з табою. Ён мужчына яшчэ хоць куды.
— Замаўчы! — крычыць Сэм.
— Супакойся! Я адвергла яго. Кажу: “Як вам не сорамна? Вы гатовы пераспаць з  будучай нявесткай?”. А ён: “А што тут такога? Хто здыме пробу? Мы ж не скажам Сэму. Гэты цюхляк і ведаць не будзе” — вось што ён мне сказаў. А як на каленях поўзаў тут перада мной і выпрошваў. Вось які. А ты думаеш, ён мне проста так кампліменты рассыпаў за сталом. Ды ён, калі мне рушнік падаваў у ванным пакойчыку, ведаеш, што ён зрабіў?
— Сара, замаўчы! — “Ён залез мне пад спадніцу! І, зноў жа,  ха-ха! Мне было прыемна”. — Хопіць! Замаўчы, я сказаў!!! — “Ты свайму бацьку рот затыкні. А я цярпець не буду, калі ты не можаш адпомсціць і за мяне? І за маці? Заставайся. А я пайшла”.
— Куды ты, Сара? Застанься! — ускочыў ён з крэсла і кінуўся да яе.
— А што мне бавіць час з такім цюфяком. Ты можаш зрабіць хоць які-небудзь учынак? Ці цябе хапае толькі на заляцанкі? Брыдка мне, брыдка, Сэм! Ты такі баязлівец! Я люблю мужчын рашучых, адважных. Здольных нават і на забойства, дзеля кахання, дзеля мяне. А ты… Ды і якое гэта забойства? Няшчасны выпадак, нават калі вінчэстэр і выстраліць. Не болей таго. Нават калі следства пачнецца, можна прызнацца, што загнаў патрон у патроннік, а потым забыўся дастаць. За бяспамяцтва нікога не судзяць. Мог жа ты выпадкова забыцца і не выцягнуць патрон? Мог?… Вось і я кажу, мог! Няшчасны выпадак і ніякага крыміналу. Але падумай, якія перспектывы адкрываюцца.
— Замаўчы, Сара! Прашу… Мне страшна.
— А гаворыш, не баязлівец. У цябе штаны мокрыя! — засмяялася яна. 
— За-маў-чы!!! — пырскае ён слінаю.
— Вось гэта ты можаш: накрычаць на слабую жанчыну. Я маўчу. І пайшла. Ключы твае вось, на тумбачцы пакінула. А ты думай. Усё! Сядзь на месца. І не праводзь мяне.
Ляснулі дзверы. Сэм нерухома сядзіць у пакоі адзін, абхапіўшы галаву рукамі.
31.
Джэк зноў дапаў да камп’ютэра. Цэлы вечар тузаецца на табурэтцы перад маніторам і стукае пальцамі па клавіатуры. Нагружаная сумкамі ўваходзіць Лусія, заглядвае ў залу і праходзіць на кухню. Праз хвіліну вяртаецца ў залу.
— Джэк, табе не сорамна! Сядзіш за стралялкамі, дарослы мужык...
— Я прыйшоў з працы, я стаміўся... Магу хоць дома адпачыць?
— Прыйшоў і адпачываеш. А мая работа не канчаецца. Ні выхадных, ні прахадных.  Хоць бы хто паспагадаў.
— Я ж казаў табе — наймі домработніцу: польку якую, ці з Расіі. Яны не дорага запрошваюць.
 — Можа нам узяць і вахавацеля для Сэма? 
Калі д’ябал хоча паздзеквацца с чалавека, то знойдзе для гэтага магчымасць. Так здарылася, што Сэм аказаўся выпадковым сведкам гаворкі бацькоў. Маці выйшла з кухні ў залу, а ён толькі зайшоў у прыхожую: распрануўся, хацеў прайсці ў залу, але, пачуўшы сваё імя, насцярожыўся і наструніўшы вушы: “…і няхай чужы чалавек выконвае і бацькоўскія абавязкі. Учора званілі з каледжа. Ён праваліўся на экзамене. Калі не падцягне хвасты — яго выключаць”.
— Туды яму і дарога. Грошай толькі шкада: столькі ўвярнулі за вучобу.
— І гэта гаворыць бацька: вырашаецца лёс сына, а ён плача па грашах.
— Так. Я плачу, таму што я і плачу! Ведаю, як яны дастаюцца.
— Грошы табе засцяць свет. Сын збіваецца з тропу, а табе да лямпачкі.
— Мне здаецца, ён даўно ўжо заблудзіўся ў трох соснах, а мы і не заўважылі. А-у! Сэм, дзе ты?
 — Ты ніколі не любіў Сэма.
— А за што яго любіць? За хамства і дармаедства?
— Хаця б за тое, што ён наш сын, — чуецца Сэму голас маці.
— Гэта твой сын і твой пестунец. А для мяне — гэта паразіт і клешч, які смокча маю кроў.
— Як табе не сорамна, — упаўшым голасам гаворыць яна.
— Не, не сорамна. Калі і сорамна, дык толькі тое, што ён носіць маё прозвішча.
Сэм стаіць за звярыма і яшчэ болей прыслухоўваецца: “Ага! — думае ён, — праўду казала Сара: я не родны сын?! Так яно і ёсць!”.
“А ўсё таму, што ты — не бацька, — даносяцца словы маці, — бацька так не гаварыў бы!”. Сэм ускіпае яшчэ большай злараднасцю, не вытрымлівае і выходзіць са свайго сховішча: “Я ўсё чуў! Я чуў вашу размову!”.
— Ах, і ты тут? Ну і добра. Слухай!!! — крычыць Джэк і зноў звяртаецца да Лусіі: —  Чуеш! Гэта ты яго распусціла! І не давай яму болей грошай! Не зломак, няхай сам зарабляе. А так ён ніколі не зразумее, як яны дастаюцца.
— Не трэба мне твае грошы! Я патрабую генетычную экспертызу!
— Што ты патрабуеш? — сумеўся бацька.
— Экспертызу на генетычную ідэнтыфікацыю! — выпаліў сын.
 — Што ты вярзеш, ідыёт! Ты чула, Лусія?
— Так-так! Патрабую! Зрабі гентычную экспертызу на ідэнтыфікацыю асобы і сумяшчальнасць. А яшчэ: мне належыць трэцяя частка ўсяго, што ляжыць у банку. Так што, будзь ласкаў, перавядзі грошы на мой рахунак.
— Што?! А гэта ты бачыў? — скручвае дулю Джэк і настаўляе ў бок сына: — Застрэлься!
 — Сам застрэлься, падонак! Як ты застрэліў тую бабульку!
Бацька знерухомеў: ногі адзірванелі, вочы наліліся крывёю. Яшчэ адно слова і, здаецца, ён сапраўды задушыць сына голымі рукамі.
— Сэм, што ты гаворыш? Якая бабулька, якая экспертыза? — залямантавала маці і заплакала. — Божа мой, Божа! А што ж мне рабіці… — запрычытала яна і заплакала ўголас. Села на канапу, а потым упала тварам на падушку.
— Родныя бацькі так не робяць, — не можа спыніцца Сэм, — і я хачу ведаць. Хачу справядлівасці. Вось, няхай ён цяпер адкажа, што значыць, адхадзіць жанчыну дуплетам? — “Дуплетам?! —  аж падскочыў на месцы Джэк, як уджалены”.
— Так, дуплетам! — насмеліўся сын, — я хачу ведаць, што гэта такое?
—Ха-ха-ха! — нервова смяецца Джэк, — дуплет, такі ж валет, як і ты. Цяпер мне зразумела адкуль растуць рожкі? Я гаварыў табе…
— Я пра ўсё даведаюся сам. І ведай: пасаджу цябе ў турму.
І сын выходзіць. І так балюча на гэты раз  ляскаюць  дзверы, што абое страсянуліся, быццам гукавая хваля іх ударыла токам.
— Не, ты чула? Ты Бачыла? І хіба гэта не вырадак?!
— Замаўчы!!! Што вы робіце са мною, Джэк? — і Лусія зарыдала, так як рыдаюць па смерці роднага чалавека. — Чым я саграшыла перад табой, Божа? За што мне такая кара? За што?…
32.
Начны горад. П’яны Сэм, хістаючыся, пляцецца дамоў. Доўга не можа патрапіць ключом у шчалужыну замка. Нарэшце адмыкае дзверы. Сунецца ў свой пакой. Падае ў ложак і, не распранаючыся, адразу ж засынае.
Раніца. Сонца свеціць у вокны. Сэм падымаецца з пасцелі, валасы ўскудлачаны, вочы прыпухлыя. Садзіцца на край ложка. Маршчыніць твар, пэўна, успамінае, што адбылося ўчора. Падымаецца, ідзе на кухню. Ставіць на пліту каструлю з вадой. Доўга глядзіць на ваду. Уключае пліту. Назірае, як са дна падымаюцца паветранныя бурбалкі. Спускаецца ў падвал. Дастае са схованкі ключ. Адмыкае скрынку з боепрыпасамі. Выймае некалькі патронаў. Заходзіць на кухню. Кідае патроны ў каструлю з каляхуючай вадой. Вылівае ваду ў ракавіну. Апякаючы рукі, выграбае са дна пяць патронаў.
Здымае са сцяны вінчэстэр. Зарадзіў патроны у магазін. Павесіў зброю на ранейшае месца. Адыйшоўся крыху ў бок, паглядзеў, схіляючы то ў адзін, то ў другі бок галаву. Вярнуўся і паправіў на сцяне вінтоўку. Узяў у рукі некалькі попельніц, напоўненых недакуркамі, павытрушваў попел і параскідаў недакуркі па кватэры. Вось ён стаіць каля кітайскай ружы, вагаецца імгненне, затым хапае за ствол і рэзка нахіліў кветку: хрумстнула жывая плоць, на пераломе паказаваецца зялёны сок. Хутка апранаецца. Выходзіць.
Ідзе па вуліцы. Падыходзіць да тэлефоннай кабінкі. Набірае нумар.
33.
Цесны пакой Сары. Званок тэлефона. Рука з пярсцёнкам здымае трубку. Голас Сэма ў трубцы: “Сара, я ўсё зрабіў”. — “Не разумею? — чуе ён голас каханай. — Вы пра што?”. — “Гэта я, Сэм, — крычыць у трубку. — Я ўсё зрабіў, як ты казала”. — “Прабачце. Вы памыліся нумарам”. Кладзе трубку. Заходзіць у спальню. На ложку ляжыць Майкл.
— Апранайся. На мяне звалілася неадкладная справа.
Ён нехаця падымаецца з ложка. Нацягвае на сябе штаны. “Колькі на гэты раз пазычыць?”. — “Стольнік! — гаворыць яна і паказвае вачыма на тумбачку”. Майкл адлічвае грошы і кладзе ў попельніцу.
Раскіданыя Сэмам недакуркі валяюцца на падлозе. Зламаны вазон. У кватэры пуста.  Скрыгаціць замок, праварочваецца ключ. Не, гэта не Сэм. На парозе Сара. Стаіць, аглядваецца, кідае хуткія позіркі па кватэры.
 Асцярожным крокам праходзіць у залу, спыняецца пасярэдзіне. Хуткі позірк чорных вочэй аглядае пакой. Падыходзіць да канапы, узбіраецца на яе і здымае са сцяны вінтоўку. Дастае магазін, выймае тры патроны і кладзе ў кішэню. Высоўвае папярод сябе дамскую сумачку, шабуршыць маланкай, расшпільвае і дастае патроны, запраўляе ў магазін  вінчэстэра. Вешае зброю на сваё месца. Адыйшлася, утаропілася вачыма ў сцяну: глядзіць доўга, быццам гаворыць заклінанне. Нарэшце, гэтак жа ціха сыходзіць.
Праз хвіліну зноў паказваецца ў праёме дзвярэй, што вядуць у залу. У руках — запальнічка. Падыходзіць да акна, выглядвае на вуліцу. Бярэ гардзіну, прыцягвае да сябе. Пстрыкнула запальнічкай: узвіўся віхлясты цагляны агеньчык — падносіць да гардзіны і трымае…  Гардзіна не хоча займацца агнём. У тым месцы, дзе яна трымала вогнік запальнічкі, матэрыял правальваецца, з’яўляецца дзірынка, па краях якой пачынае плавіцца матэрыя. Схавала запальнічку. Дзірынка тым часам расце, сіне-зялёны абадок агеньчыка зжырае узоры  матэрыялу, — вось ужо на тым месцы аплавілася дзірка з добрую далонь.  Некалькі разоў трахнула шторай, збіла полымя. Памацала гарачае месца рукою, пахукала на пальцы. Выглянула ў акно: ці няма нікога на вуліцы? Усё ціха. Асцярожна выйшла, быццам і не было яе тут.
Шчоўкнуў замок зачыняемых дзвярэй. Ці не прымроілася ўсё гэта? Не, скразняк пагойдвае гардзіны, пасярэдзіне зеўрыць здаравенная дзірына.
34.
 Двор перад домам Хабартаў. Аднекуль спяшаецца Лусія. Глянула на вокны — у доме гарыць святло. Заходзіць на кухню, ставіць сумкі ў парозе. І тут толькі заўважае мужа: сядзіць за сталом і штосьці есць.
— Мог бы і пачакаць. Абы жвот набіць, — Джэк нехаця адрываецца ад талеркі, бярэ сумкі і ставіць каля халадзільніка. Вяртаецца на сваё месца і працягвае есці.
— Калі нам памыюць вокны? Яшчэ белы дзень, а ва ўсім доме гарыць святло. Электрычнасць не дармовая.
 Яна выходзіць з кухні, Джэк чуе як у пакоях шчоўкаюць выключальнікі. Праз хвіліну вяртаецца: “Божа мой, калі гэта скончыцца! — закрывае твар рукамі”.
 — Што здарылася, Лусія? — бярэ яе за рукі, — на табе твару няма.
— Мне хочацца узяць вось так і стукацца галавою ў сцяну. Ад адчаю і безвыходнасці.
— Што такое? Не разумею цябе.
 — Дзе ж табе зразумець, — гаворыць яна а ў вачах — слёзы. — Гэта ты зламаў кітайстую ружу ў зале? Што яна табе зрабіла?
— Якая ружа? Ты што!?
 — Ты, ты гэта зрабіў! Яна цябе заўсёды раздражняла, —  знясілена апускаецца на табурэт і пачынае ўсхліпваць.
— Клянуся! І пальцам да яе не дакрануўся, — апраўдваецца муж.
— Ілжэш! Паглядзі, — падхопліваецца і бяжыць у залу, ён — следам за ёю, — твой недакурак.
 — Лусія! Паўтараю: не, не і яшчэ раз не!!! — становіцца побач каля жонкі і разглядвае зламаную ружу. — Я яе не чапаў. Праўду кажу.
— А хто  натурсіў попелу? Зноў не ты?  — кідаецца яна па зале: — Гэта ўсё твая работа. Божа мой, чым я саграшыла?! А тут, Божа! Што гэта яшчэ? — падыходзіць да акна і бярэ ў рукі гардзіну. — Я не вынесу гэтага! Глядзі сюды, бачыш якая дзірышча. Чым табе замінала гэтая гардзіна? Вырашыў паздзеквацца на да мною?
— Лусія! Нічога гэтага я не рабіў! – падыходзіць да жонкі і бярэ з яе рук гардзіну, прыглядваецца: — Тут жывым агнём высмалілі. Бачыш, краі аплавіліся. Але, Лусія, гэта не я. Навошта мне такое? — хапае са стала попельніцу і, як доказ, паказвае. — Глядзі сюды, трэці дзень складваю акуркі ў попельніцу. Не толькі цыгарэты тушу, нават попел збіваю.
Яна маўчыць. Погляд адсутны.
— Я здагадваюся чыя гэта работа, — гаворыць Джэк, — і на гэты раз я ва ўсім разбяруся. Гэта яны! Яны згаварыліся паміж сабой.
— Але за што?… Чаму?… Нічога не разумею. За што нам такая кара? Скажы, Джэк, у чым мы правінілася?
— Гэта яе помста. Я не гаварыў табе раней: яна спрабавала спакусіць мяне. Вось тут, на гэтай канапе.
Лусія здзіўляецца, насцярожваецца і перастае плакаць: “І што было паміж вамі? – выціснула з сябе жонка. — Прызнавайся, паскуднік!”.
— А нічога не было. Я зрабіў водпаведзь. І сказаў, каб болей не бачыў яе ў нашай кватэры, каб яна пакінула Сэма ў спакоі. Вось яна і пачала помсціць.
— Не веру… — выдыхнула Лусія.
— Я сам сабе не веру, Лусія. Можа, першы раз у жыцці. Брыдка стала. Заляцаецца да сына і гатовая пераспаць з яго бацькам.
— І як такія людзі жывуць?! Як яны Бога не баяцца? 
— Наглядзяцца порнафільмаў, думаюць гэтак і ў жыцці.
— Дык трэба расказаць Сэму, адкрыць вочы. — “Усё адно — не паверыць.”. — Нейкі ён не ў сабе. Гаварыць сам з сабою пачаў. Штосьці яго гняце і душыць. Зусім чужы стаў. Баюся я за яго, Джэк. Як бы што не зрабіў з сабою.
— Сара яго і гняце, і душыць. І накручвае яго. Ты ж чула, яе ён пытаўся, колькі тысяч на банкаўскім рахунку? Раней гэта яго не цікавіла. Яна падбівае. Грошы яе цікавяць… Таму і на іглу пасадзіла. Ён спаў, і я паглядзеў: колецца! Усе вены сколатыя. Наркаманам лягчэй круціць і варочаць.
— Можа, да ўрача звадзіць? — спыталася з надзеяй. — “Ага! Возьмеш за ручку і павядзеш як козліка, — крывіцца ўсмешкай Джэк. — У паліцыю трэба, а не да ўрача”.
— Ты здурэў. Роднага сына ў турму? — “Лепш у турму, чым у труну, — цвёрда гаворыць Джэк”. — Можа, яшчэ адумаецца? — чуецца мальба і слабое спадзяванне ў голасе Лусіі. —  “Няма чым. Клёпак бракуе. Затлуміла яму галаву, зусім глузды скруціліся. — Заскрыгатаў замок у дзвярах, рыпнулі завесы. — Цішэй, здаецца прыйшоў”.
Уваходзіць Сэм. Прайшоў міма бацькоў у сваю спальню, нават не паздароўкаўся. Яны так і засталіся стаяць пасярэдзіне залы ў разгубленнасці.
— Эй, чалавек! — аклікае бацька, — ты не растлумачыш маці, хто спаліў гардзіну і хто зламаў кітайскую ружу?
Сын паказаваецца ў праёме дзвярэй: вочы бегаюць, — так ва ўсякім разе падалося і Лусіі, і Джэку.
— Больш няма каму. Ці ты, ці твая Сара.
— Што вы чапляецеся да Сары, што яна вам у суп насрала?
 — Ого! Як ты з бацькамі стаў размаўляць. Дзякуй, сынку
 — Я табе не сын.
— Добра нясынку. Але хто з вас спаліў гардзіну? Наскрозь. І хто зламаў вазон?
— Сынок, што з табой здарылася? — спрабуе ўзяць ласкай маці.
— Нічога! Са мной нічога не здарылася! Гэта з вамі ўсімі нешта паздаралася. А са мной — нічога! Не паліў я ніякай гардзіны. Колькі можна ўзводзіць на мяне напрасліну?
— Сынок, можа да ўрача схадзіць? Цяпер добрыя ўрачы. Ёсць такія, што лечаць ананімна. Ніхто і ведаць не будзе.
— Ні да якага ўрача я не пайду! І не рабіце мяне вар’ятам.
— Вось бачыш. Я ж казаў. – Пераканаўча выгаворвае Джэк. — Трэба адразу ў паліцыю звяртацца. Урач тут не дапаможа.
Сэм кідае хуткі позірк на вінчэстэр: “У паліцыю? — відавочна пужаецца ён і нямее”.
— А куды ж яшчэ. Тут толькі паліцыя і можа разабрацца.
Сэм раптоўна абмякае. Пачынае штосьці, запінаючыся, лапатаць: “Дык гэта… што ўсё… Я, ды я… Вы ведаеце…”
— Ведаем. Канешне, ведаем, — спакойна канстатуе бацька, — і даўно ведалі. А ты што ж думаў: так усё непрыкметна і пройдзе?
— Ведаем, сынку, ведаем. Гэта бяда і вялікая гора.
— Я, я… Разумеце, я… — зусім разгубіўся ён, зіркае ліслівымі вачамі на бацькоў. — Яны ж сырыя… у кіпені… гэта быў жарт.
 Выгляд бездапаможны, варты жалю. Ён не ведае як сябе паводзіць і што гаварыць? Бацька навісае зверху, як гільяціна, а сын задыхаецца, ловіць ротам паветра.
— Нічога сабе жарты! Сарачка твая, замест таго, каб лячыць сябе ад цукровага дыябету, уводзіць табе ў вены наркотык. Ты падсеў на іглу?
Нарэшце сын спраўляецца з сабой, дапяўшы, што гаворка зусім пра іншае. Крыху не выдаў сябе: “Куды гэта я мог падсесці? — агрызаецца Сэм”.
— Не куды, а на што? На іглу. Пакажы вены, — Сэм адступіў да дзявярэй.
— Пакажы, ну… Баішся. Убачыш яе — перадай: ці скручу абоім галовы, ці ў турму здам. Каб я больш не бачыў гэтую сучку ў сваім доме! Чуеш, так і перадай. — “Гэта і мой дом!” — спрабуе запярэчыць сын, але бацька цынічна аб’яўляе. — Была ў сабакі хата. Хіба што пасля маёй смерці.
— Сэм! Сынок! Я б табе параіла, — спрабуе ўмяшацца маці.
— Не лезьце ў маё жыццё! — злятае ён з тармазоў. – Надакучыла! Не лезьце! — і выбягае прэч з кватэры.
Прэч ад бацькі і маці, прэч ад людзей: нікога не бачыць, і нікога не чуць… Прэч, прэч…
35.
Тратуар. Прахожыя шарахаюцца ад яго ў бок.
Кафэ каля каледжа. Сара сядзіць спіной да дзвярэй. Падыходзць Сэм, садзіцца насупраць: “Сара, я болей не магу так! — слёзна гаворыць ён. — Мне здаецца, яны ўсё ведаюць”.
— Гэта табе толькі здаецца, — яе голас цвёрды і ўпэўнены.
— Яны падазраюць. Робяць выгляд, што  нічога не здарылася, а самі… Гуляюць, як кошка з мышкай.
— Заткніся, дурань! Надакучыла!
— Я не магу! — ён гатовы заплакаць.
— Хопіць ныць, бесхрыбетнік!
—  А калі патрон  выстраліць? Калі раптам?...
— Тады цябе пасадзяць за краты, — спакойна гаворыць Сара, — а я буду выступаць сведкам. Зразумеў? Хопіць пра гэта. Афіціыянт ідзе. Вазьмі што-небудзь перакусіць. Што-небудзь звычайнае. На твой густ і сродкі. З густам у цябе заўсёды праблемы, а сродкі маглі б быць значна большыя. Табе не хапае рашучасці.
Падбягае афіцыянт, навісае над столікам.  Сэм бярэ з яго рук меню: “Вось гэты салат, — тыцкае пальцам, — дзве адбіўных. А гэта ў вас што?”.
— Грыбы смажаныя ў смятане. — Дзве порцыі, і…— глядзіць на Сару.
— Што-небудзь выпіць? — спрабуе ўгадаць жаданне афіцыянт.
Сэм ловіць станоўчы ківок галавы, ці хутчэй рух вачэй і дадае: “Дзве віскі з содавай” —  афіцыянт  гэтак жа жвава знікае, як і з’явіўся.
— Зразумей, гэта спачатку страшна. Чорт не такі жахлівы, як яго фатаздымкі, — вярнулая да перарванай размовы. — Тым больш,  ты нічога не будзеш рабіць. Скарыстаеш сітуацыю. Астатняе зробяць абставіны. Усе, хто дабіўся чагосьці ў гэтым свеце, скарыстоўвалі сітуацыю. Кожнаму даецца шанс, выкарыстаеш — ты на кані, празяваеш — пад канём. Табе выбіраць. Людзі, якія твораць лёс уласнымі рукамі, спараджаюць спрыяльныя абставіны і ўмовы, а затым умела скарыстоўваюць, — па вачах Сэма Сара зразумела, што нясуць заказ — і замаўчала.
36.
Рабочыя лазяць па даху, чапляюць трасы, нацягваюць страховачную сетку.
Афіцыянт расстаўляе на стале прынесеныя талеркі: “Можна адразу разлічыцца? — выймае Сэм партманет”. — “Семнаццаць долараў і пяцьдзесят цэнтаў”, — Сэм адлічвае грошы і хавае партманет.
Афіцыянт рэціруецца.
 — Ты не слухаў мяне? — уздыхае Сара, — ніколі не чуеш, што табе гавару. — На твары Сэма недаўменне. —  Трэба верыць у тое, што робіш. Калі верыш, то дабіваешся задуманага! Ты хочаш стаць свабодным? — робіць глыток віскі: — Заможным і забяспечаным?
— Канешне, хачу. Але не хачу, каб здарылася непапраўнае і патрон выстраліў, не хачу каб ён забіў маці…
— Дурань! Цішэй гавары. — Дапівае віскі і пачынае закусваць. — А што ў цябе ёсць іншы план? — “Іншы? Не. У мяне няма ніякага плану”.
— Дык чаго ерапенішся? Няма плану — слухай мой! І выконвай. За свабоду, тым больш фінансавую, трэба заплаціць цану. Бясплатным бывае толькі сыр у мышалоўцы. Зразумеў? Нічога ты не зразумеў. Нічагуткі! У табе бракуе рашучасці, мужнасці… Звычайнай кемлівасці. Цябе стрымлівае страх, таму што ты — цюхля! Так-так. Ты не любіш гэтага слова. Але трапную мянушку прыляпіў твой бацька. Страх спараджаецца  нявер’ем у свае сілы. Патрэбна вера. — “Я разумею, але…— спрабуе нешта сказаць Сэм, але яна не дае дагаварыць”. — Ніякіх “але”! Або робіш тое, што гавару я, або мы развітваемся. Назаўсёды. Калі хочаш дасягнуць мэты — ідзі ўперад і не аглядвайся. Усё мае свай кошт. Цану твайго выпадку я абмалявала. Патрэбна ахвяра. Спачатку аддаць, каб потым атрымаць. Запомні гэта.
— Разумею. Але, Сара, ці не занадта вялікая такая цана?
Яна ўстала, абапёрлася рукамі на край стала, быццам на кафедру і цвёрда заявіла: “У мяне болей няма да цябе ніякіх спраў. Забудзь, што я гаварыла. Не было нічога. Кропка. З табой я толькі марную час. Болей мы не ўбачымся. Няма  патрэбы. Бывай”.
Яна выходзіць з кафэ. Сэм парываецца было памкнуцца за ёю, а потым садзіцца, залпам выпівае віскі, доўга глядзіць на талерку, — адштурхоўвае яе на край стала, рэзка ўстае і выходзіць.
37.
Устрывожаная Лусія адна ў кватэры, не знаходзіць сабе спакою: сноўдаецца з месца на месца. Не можа пазбавіцца трывогі. Глядзіць у акно: можа, хто ідзе? Няма нікога. “Звоняць! — як спрасоння даходзіць да яе”. Не! Гэта не ў дзверы — тэлефон! Рэзкі і пранізлівы званок. Схапілася за сэрца. Нешта павінна здарыцца. Здымае трубку.
— Алё. Слухаю! – у трубцы голас Сары, яна адразу ж пазнала яго: “Але што яна гаворыць? Такога не можа быць?!” — мяняецца тварам Лусія: — Што вы гаворыце, Сара? І чаму я павінна вам верыць? — разгублена гаворыць у трубку. — Так, ёсць. На сцягне… Ну і што? Гэта нічога не даказвае… Так. Ну і… Такога не можа быць… — прыціскае трубку да грудзей.
Асцярожна кладзе на рычаг, быццам баючыся, што тэлефон узарвецца. Стомлена садзіцца ў крэсла. Глядзіць на тэлефон. Устае. Узбуджанна ходзіць з кутка ў куток, час ад часу аглядваецца на тэлефон, быццам ён жывы.
Зноў званок. Падбягае і зрывае трубку тэлефона, чуваць доўгія гудкі. Паклала трубку на рычаг і бяжыць да дзвярэй. Адчыняе — на парозе Джэк: “О, ты дома? — здзіўляецца муж”.
— Дома! —  з  крыўдай аказвае Лусія.
— А я на ўсякі выпадак пазваніў, не хацеў адмыкаць ключамі. Не спадзяваўся, што застану цябе, — быццам апраўдваецца ён.
Словы здаюцца ёй падазронымі: “А дзе ж  я па-твойму павінна быць? — пытаецца яна.
— Вядома, дома. Проста звычайна ў гэты час ты бегаеш па супермаркетах… Што з табой здарылася, Лусія? Твар як палатно.
— Са мной нічога, Джэк. А вось што з табою? Я хацела б ведаць. — “Не разумею аб чым ты? — патупляе ён вочы”.
І гэта падаецца жонцы дзіўнаватым, яе падазрэнні ўзмацняюцца, перарастаюць у перакананасць: “Не выкручвайся!  Прызнавайся!”.
— У чым, Лусія? — не разумеючы, цяпер ужо абураецца муж, — у чым прызнавацца?
— Ва ўсім. Расказвай усё! Гавары, што ў цябе было з Сарай? Яна званіла. Толькі што… Сказала: ты  хацеў яе згвалтаваць.
— Ды ты баба здурнела! Яна так і сказала? От, сучка! Лусія, не глядзі на мяне такімі вачыма. Я табе расказваў. Усё было наадварот: яна вязалася да мяне, яна хацела спакусіць. Не я — а яна! І я даў ёй крутую водпавець.
— Чаму ж тады яна звоніць і шантажыруе мяне? Судом пагражае. Зусім збэсціла. Па якому праву, скажы? Хто даў ёй права так размаўляць?
— Лусія, супакойся, — нервова захадзіу ён узад і ўперад па пакоі. — Я  не павінен адказваць за паводзіны нейкай прашмандоўкі. Хто яна нам? Яна акруціла нашага сына, затлуміла галаву, наркаманам яго зрабіла, а цяпер і да цябе падбіраецца?
— А я не веру табе, Джэк! Я веру ёй.
— Дзень добры! Прыехалі. Дажыліся! — Яго рукі апускаюцца ўздоўж тулава, як плёткі.
— Адкуль яна ведае, што ў цябе на сцягне радзімы знак? — пытаецца жонка.
 — Радзімы знак? — яго бровы паўзуць уверх.
— Так. Пляма! На правым сцягне. Такія дробязі не ўгледзіш праз штаны?
— Лусія, няўжо ты не бачыш, што яна ўсімі праўдамі і няпраўдамі падбіраецца да нашага сына? Ёй напляваць з высокай званіцы на Сэма, на ўсіх нас. Яе цікавяць грошы! Няўжо гэта не зразумела: яна паквапілася на нашыя грошы, на гэты дом… Гэта ж відавочна. Ці вы зусім аслеплі?
— Я ўсё бачу, усё… Але мне не зразумела: адкуль твая палюбоўніца, гэтая прашмандоўка ведае, што ў цябе на правым сцягне радзімы знак? Адкуль?! Я цебе пытаюся! Адкуль такія звесткі?! — “Не крычы на мяне, Лусія!”. — Прыпёрла да сцяны? Адказвай на пастаўленае пытанне: адкуль?
— Лусія, гэтую плямку ведаюць усе нашы знаёмыя. Яна магла спытацца ў любога.
— Не выкручвайся. Ведаю тваю тактыку: перавярнуць усё з ног на галаву.
— Можа, Сэм паказваў фатаздымкі… Во, так і ёсць. Помніш, у нас ёсць фатаальбом з Гаваяў?  Там якраз я ў плаўках. Яна ўбачыла радзімы знак, запомніла і… Цяпер выкарыстала і шантажыруе. Маўляў, бачыла мяне голага. Усё проста, Лусія! Не паддавайся на такія танныя штучкі.
— Божа мой! Як у цябе ўсё проста. А я, дурніца, закаціла сцэну рэўнасці. Як проста, — гаворыць яна і кідаецца да шуфлядкі шыфанера, адчыняе і выхоплівае альбом. — Вось фотаздымкі, калі ласка! Знайдзі той, дзе бачны радзімы знак. Знайдзі!
Джэк бярэ альбом у рукі і нервова гартае старонкі: “А вось хоць бы тут…”.
— Ды тут нават твару твайго не відно. Сорак метраў, не меньш…
— А я бачу: вось ён,  радзімы знак! Няўжо табе не відно?
— Сэм, не прыдурвайся. Я нічога тут не бачу. Дзе? Дзе тая плямка?
“Зараз, зараз знайду іншы, — ліхаманкава гартаюцца старонкі альбома, ледзьве не адрываюцца лісты. Некалькі фотакартак вывальваецца і падае на падлогу: “Вось тут… Не? Можа, гэты?  Тут, не…Вось тут…”.
— Нічога там няма. І нічога ты не знойдзеш.
Ён шпурляе альбом на падлогу: “А я і не буду нічога шукаць. Цябе водзяць за нос, а ты паддаешся”.
— Канешне, водзяць за нос. Згодна. У тым ліку водзіць і ўласны муж.
— Лусія, хопіць! Мне гэта надакучыла.
— А мне астабрыдла ўжо. Ты спаў з ёю? Скажы, ты трахаў яе? — прыступіла яна да яго. — “Здурнела баба!”.
У замочнай шчыліне праварочваецца ключ. Ручка апускаецца ўніз і адчыняюцца дзверы: на парозе Сэм. Занятыя разборкай бацькі не адразу заўважаюць яго: “Адкуль яна ведае пра знак на бядры?! — істэрычна крычыць Лусія”.
— Надакучыла! – агрызаецца Джэк. — Зараз, зараз ты ўсё пачуеш.
 Устае рыўком, падбягае да канапы і заскоквае адной нагой, дацягваецца да вінчэстэра. На гэты раз робіць усё механічна, на падсвядомым узроўні, безпачуццёва. Недзе там, у падсвядомасці жыве памяць: пасля такога рытуала іх адносіны нармалізуецца.
 — Не баюся!  Ні кроплі цябе не баюся! — крычыць Лусія. — Хоць застрэль мяне на гэтым месцы! Мне ўсё астабрыдла.
— І застрэлю. Учора зарадзіў, — раўнадушна гаворыць ён і здымае вінчэстэр.
— Брыдка. Як гэта ўсё брыдка, — крычыць Лусія: — На-да-ку-чы-ла!!!
Джэк саскоквае з канапы, становіцца насупраць Лусіі, падымае вінтоўку і праз мушку прыцэла заўважае ў дзвярах Сэма. Ён увесь сцяўся, напружыўся ў чаканні стрэлу, — і тут у Джэка нарэшце варухнулася нешта новае, бліснула нечаканая думка і ён сказаў: “А я зараз застрэлю твайго вырадка, — і наводзіць вінчэстэр на сына”.
 Сэм ****нее тварам. Яшчэ імгнее і Джэк націснуў бы на курок, але  раптам яму самому становіцца агідна ад ўсяго, што ён робіць. Жыццё ўбіла яго ў прывычную каляіну: ён паўтарае ўчынак за ўчынкам толькі таму, што калісьці, матываючыся нейкім неўтаймоўным парывам, у такім дзеянні знайшоў палёгку. Але зараз пачуцці спяць. Нібыта ён сам і не жыве ўжо, а проста паўтарае механічныя дзеянні, якія калісьці запатрабаваліся жыццёвай неабходнасцю, паўтарае пустую абалонку жыцця, голую схему, але сэрца не адгукаецца: “Цфу! — сплеўвае Джэк, — ану вас усіх да едрэнінай бабці!”.
 Яму ўсё надакучыла… Амаль званітавала ад усіх гэтых сітуацый. Зажбурнуў вінчэстар на канапу і выбягае прэч з кватэры. Яму астабрыдла ўсё… Кіруецца ў начны бар: напіцца да чорцікаў… Забыцца на ўсё! Адключыцца.
Сэм стаіць, як укапаны, разгубленна блымае вачыма.
— Чаму ён не звёў куркі? — сама ў сябе пытаецца Лусія, падыходзіць да зброі, бярэ дзвумя рукамі, і доўга дзюбае ствалом пад столю, спрабуючы зачапіць за кручок і вярнуць вінчэстар на месца.
“Божа! Гэта жах!” — хапаецца за галаву сын, уціскае галаву ў плечы і выбягае следам за бацькам.



38.
Зноў Лусія застаецца адна ў кватэры. “Чаму, ён не зрабіў так, як рабіў заўсёды” —  здаецца, пытаецца яна і не знаходзіць адказу. Калі б ён клацнуў куркамі, усё было б прывычна. А тут…
Яна зноў не знаходзіць сабе месца. Дзеля чаго ўсё? Дзеля чаго яна? Чаму ў сям’і такія пачварныя адносіны? І яшчэ большая трывога хвалямі накочваецца на яе. Позірк безсэнсоўна булукае, не можа ні за што зачапіцца. Што рабіць? Як ратавацца ад усяго гэтага? Нешта павінна здарыцца… Бярэ тэлефон, набірае нумар: “Элізабет, ты дома? Я зараз зайду на хвіліну”.
Выходзіць у двор. Аглядваецца. Рабочыя ўсё падрыхтавалі для мыцця вокан: нацягнуты сеткі, падвешана люлька на трасах — вось-вось прыступяць да працы.
Сэм сядзіць у кафэ, у якім нядаўна сустракаўся з Сарай. Нервова паглядвае на гадзіннік. Ён зноў вызваніў яе і яна, як заўсёды, спазнялася. Штохвіліны аглядваецца на ўваход. Рукі цярэбяць адна адну, хрумсцяць костачкамі пальцаў. Нарэшце яна з’яўляецца. Ён перастае выкручваць свае пальцы, як прыкладны школьнік кладзе рукі перад сабою на стол, але яны заўважна падрыгваюць. Сара павольна праходзіць паміж столікаў, садзіцца насупраць, уважліва і доўга моўчкі  глядзіць у твар.
— Слухаю цябе, — нарэшце гаворыць яна, і буравіць вачыма. — Чаго табе яшчэ трэба?
— Сара, я не магу так болей! Ты не хочаш сустракацца. Не адказваеш на званкі. Што я магу адзін? Хоць ты схадзі ў паліцыю і ўсё раскажы.
— Ты з’ехаў з глузду! Што ты будзеш там расказваць? Ты не ўтварыў ніякага злачынства, не забіў, не згвалтаваў, не ўкраў… Чаго табе няймецца?
На нейкі момант яе сэрца кранулася спагадай — выходзіць, яна ж сама і вінавата ў яго пакутах: падбухторвала, асцярожна падводзіла да ўсяго гэтага. Але ж ён пагадзіўся, — і зрабіў! Цяпер яму няма апраўдання, а ў яе паступова страчвалася цікавасць.
— А ўсё таму, што ты безхрыбетны, — гаворыць са здзекам, — слізняк!
— Мне здаецца, яны ўсё ведаюць. Толькі робяць выгляд, што нічога не здарылася.
— Я не разумею, ты пра што? — прытвараецца Сара. — Не загадвай рэбусы.
— Я пра вінчэстэр… Пра сыры патрон…
 — Які яшчэ сыры патрон? Які вінчэстэр? —  і выказвае такое натуральнае здзіўленне, што Сэм разугубіўся. — Ты звар’яцеў! Што ты вярзеш!? Першы раз чую. І што ты хочаш ад мяне? У вас дома ёсць вінчэстэр? Ты паляўнічы?
— Ты ж сама падказала зарадзіць сырым патронам. Каб не выстраліў. І такім чынам…
— Сэм, я не ведаю, пра што ты гаворыш? І запомні: я нічога табе не падказвала! — голас гучыць сурова, нават пагрозліва. — Калі ты і зрабіў што-небудзь, у чым я вельмі сумняваюся, дык толькі сам. Запомні: ты ўсё зрабіў сам. Зразумеў?
— Канешне-канешне, зразумеў, — бармоча ён, — я ўсё зразумеў…
— А-а-а… Вось ты пра што...  Пра вінчэстэр. Бацька зрывае яго са сцяны і цэліцца ў маці. Ці палохае, ці сапраўды хоча забіць? Ты пра гэта? Дык я тут пры чым?
— Так… А сёння ён цэліўся ў мяне. Ты падказала выварыць у кіпені патрон, каб ён не выстраліў.
— І ты зрабіў? — “Ну, канешне!”. — Дурань! Гэта быў жарт. Не болей таго!
Сэм не верыць сваім вушам: “Праўда? А я падумаў…”.
— Хіба ты можаш думаць, ха-ха-ха! Ты не здольны, ха-ха! – рагоча яна пасля кожнай фразы. — У цябе не хапае клёпак, ха-ха-ха!
— Тады я выйму патрон і скончацца мае пакуты?
— Выняць? Ха! Навошта?… — забаўляецца яна. — Твае пакуты на гэтым не скончацца. Ніколі не скончацца. Ведаеш чаму? Таму што ты ні на што не здатны. Ты, як кісель… У табе няма цвёрдасці і рашучасці. Мужчына павінен мець стрыжань. Сапраўдныя мужчыны ніколі не адмаўляюцца ад задуманага, усё даводзяць да лагічнага завяршэння. І ўсяго дабіваюцца ў жыцці. А ты неўдалота. Але ў цябе ёсць яшчэ шанс стаць  мужчынам. Мізэрны шанец. Я табе гаварыла: люблю мужных і дужых. Люблю рашучых…
 Падыходзіць афіцыянт, згінаецца ў паклоне і працягвае меню.
— Мы нічога заказваць не будзем! — шпурляе Сэм пакладзенае меню.
— Але так нельга, — не звяртаючы ўвагі на нервы кліента, з усмешкай гаворыць афіцыянт. — Вы павінны што-небудзь заказаць.
— Нічога мы нікому не павінны! — “Ёсць правілы, — гэтак жа спакойна і ветліва даводзіць афіцыянт, — ваш столік маглі б заняць іншыя”.
— Паглядзіце колькі свабодных! У вашую травілаўку ніхто не заходзіць. Адны мы сядзім. Будзеце так сябе паводзіць, нагі нашай тут не будзе! Хто ты такі? Дырэктара мне! Паклічце дырэктара! — штосілы крычыць ён.
— Сэм, спыніся, —  супакойвае Сара і падкрэслена ветліва  гаворыць афіцыянту: —  Не звяртайце ўвагі, ён пажартаваў. Прынясіце, калі ласка, дзве колы.
Афіцынт паслушна сыходзіць. “Ты гатоў быў біцца з ім, — канстатуе Сара”.
— А чаго ён прыстаў? — агрызаецца Сэм. — Нікому я нічога не павінен. І нічога не абавязаны заказваць. У мяне няма грошай.
— Гэта твае праблемы, а не яго. Я  разлічуся.
— Учора маці не выдзеліла ані цэнта. Сказала, я ўжо магу сам зарабляць. Увесь свет паўстаў супраць мяне. Усім я перашкаджаю, усе мяне вучаць…
Афіцыянт прыносіць на падносе дзве шклянкі колы, ставіць на столік. Сара разлічваецца: “Не крыўдуйце на яго, — кідае ў бок афіцыянта, —  ён сёння не ў гуморы. Некалькі гадзін таму, з-пад яго носа сплыла спадчына. Паўмільёна долараў! Уяўялеце?!”.
Сэм не верыць сваім вушам, увесь выцягнуўся, як гліст: што яна такое гаворыць?
— Ого! — здзіўляецца афіцыянт і глядзіць на Сэма цікаўнымі і спагадлівымі вачыма, — ніколі не бачыў такіх грошай.
— Вось і ён цяпер іх таксама ніколі не ўбачыць. А мог бы карыстацца.
— Маё спачуванне, — схіляе афіцыянт ў бок Сэма  галаву. — Даруйце, — дадае з усмешкай.
— За што? — нічога не разумее Сэм.
— Не ведаў пра ваша гора. Разумею, разумею… Такія грошы на дарозе не валяюцца.
— І яму болей ніколі не ўбачыць бацькоўскіх грошай, — зларадна паддае яна жару. — Усё дасталася нейкай палюбоўніцы яго бацькі. Уяўляеце? А я ж папярэджвала яго, але гэты дурань не верыў. І сёння бацька ўсё перапісаў на яе імя, на сваю каханку. Чужому чалавеку падарыў, а яму, — зневажальна кіўнула ў бок Сэма, — не пакінуў ні цэнта.
“Не можа такога быць! — штосілы крычыць Сэм”.
Шклянка з колай падскочыла ад удара, выпліснулася рудаватым ручайком на стол, і зашыпела паветраннымі бурбалкамі.
— Ужо ёсць, — усміхаецца Сара, — ідзі і правер у банку. Ты спазніўся. Назаўсёды спазніўся!
Сэм хапаецца рукамі за галаву і куляй вылятае з кафэ.
39.
Нельга сцвярджаць, што лішак зла абавязкова пераходзіць з колькасці у якасць, мяняючы такім чынам адмоўны зарад на станоўчы, гэта значыць, што не заўсёды празмернае зло пераходзіць у сваю супрацьлегласць, дабро. Зло ў чалавецтве, як і дабро, не можа быць абсалютным, хоць асбныя людзі могуць быць цалкам дэманізаванымі. Але як часта здараецца, што душа ўпаўшы да самага днішча пекла і насыціўшыся злом пад завязку, да немагу і самага нельга,  раптам падвяргаецца нечаканай метамарфозе, нешта зрушваецца ў ёй і яна абарочваецца на добрае. Калі ніжэй ужо нельга падаць, міжвольна пачынаецца паступовае ўзыходжанне.
Нешта падобнае здарылася і з душой Сары. Так п’яніца, калі розум муціцца алкаголем, але арганізм яшчэ здольны супраціўляцца, пасля чарговай чаркі раптам званітоўвае і яму становіцца лягчэй. Сара сядзела ў пустым кафэ, абыякава круціла ў руках залаты пярсцёнак з кабалістычным сімвалам, і не магла адказаць сабе на пытанне: дзеля чаго? Хіба дзеля грошай? Але ці варты яны таго, каб пражываць не сваё жыццё, а ўпрагацца ў нейкую прывідную хімеру? І так раптам захацелася нейкага іншага, чысцейшага жыцця, свежага паветра… Усяго толькі імгненны парыў, зрух думак, не болей, але яго хапіла, каб вырвацца з зачараванага кола. Так маленькага каменьчыка, які падае з кручы, дастаткова, каб выклікаць цэлы камняпад.
Праз нейкі час яна ўжо стаяла перад дзвярыма са старажытным арнаментам. Зайшла ўсярэдзіну, насустрач ёй з радаснай усмешкай падняўся “равін”. Але яна сарвала з пальца залаты пярсцёнак “тэтраграму”, размахнулася штосілы і зашпурнулу ў яго бок — равін не паспеў закрыцца ад яе рукамі, у вачах прамільгнуў жах. Пярсцёнак праляцеў колькі метраў і стукнуўся проста ў яго лоб, адскочыў, як ад пустога бубна, і ўпаў на падогу. Доўга круціўся, як ваўчок, на падлозе, з дзіўнаватым шыпеннем, пакуль нарэшце не спыніўся. Сара выскачыла з гэтай таямнічай установы, зачыніла за сабой цяжкія дзверы і, свабодная ад нейкіх абавязкаў, лёгка дыхаючы, пайшла па вуліцы.
Спачатку Сэма апанаваў гнеў. Уварваўшыся ў сваю кватэру, ён пачаў крушыць наўкола бацькавыя попельніцы, гнуць, ламаць, шалёна таптаць нагамі. Затым падабраўся страх, які перайшоў у жудасць…  Мітусіўся з кутка ў куток, з пакоя ў пакой па кватэры, як злоўлены ў пастку звярок. То сядзе, то раптам ускочыць, то падбяжыць да вінчэстэра, сарве яго са сцяны, то зноў павесіць на месца…
Лусія заходзіць у двор свайго дома. Рабочыя мыюць вокны.
“Што? Што рабіць? — выкрыквае ўголас Сэм, але голас дрыжыць. — Трэба быць рашучым. Трэба адважыцца і давесці ўсё да канца. Няўжо гэта праўда? Я не дарую… Ён папомніць у мяне… Зарадзіць баявым патронам. Зараз жа! І тады… Не! Толькі так: забіць яго. Зарадзіць. І застрэліць”.
 Кідаецца да сцяны з вінчэстэрам, спыняецца на паўдарозе: бязвольна апускаецца ў крэсла. “Але што ж? Што?… Не! Я гэта зраблю… І ўсім адпомшчу!”.
Ускоквае з крэсла і кідаецца да дзвярэй. На парозе сутыкаецца з маці.
— Ты куды, сынку?! – адхіснулася ад дзвярэй Лусія, ледзьве не збіў яе з ног. “У бездань! – крычыць сын”. 
— Божа мой, што ж гэта робіцца… — шэпча яна.
 Хацела было памкнуцца за сынам, але куды? Прайшла ў кватэру. Ногі не трымаюць, ватныя. Бязвольна  спаўзае ў крэсла. Затым падхопліваецца рыўком і бухаецца на калені. Апантана моліцца, шалёна бье паклоны і хрысціцца.
Металічная лесвіца выводзіць на дах,  па ёй узбіраецца Сэм.
Сара некуды спяшаецца па вуліцы.
40.
У парозе стаіць Джэк, ён п’яны. Глядзіць на жонку. Не можа даўмецца – збіты з панталыку і шакіраваны ўбачаным: “Ты здурнела, старая!? Эй! Лоб разаб’еш”.
Лусія быццам не чуе і працягвае маліцца. Толькі Бог і можа дапамагчы….
Дах, выцяжныя люкі, антэны. Пакатая страха. Сэм узбіраецца на дах.
Сара бяжыць па вуліцы…
 — Ніколі не бачыў, каб ты лбом… Ну, хопіць! — Джэк ашаломлены паводзінамі жонкі. — Я сказаў хопіць! Давай есці!
Лусія падымаецца з каленяў, глядзіць, быццам не пазнае мужа. “Вось хто вінаваты! — мільгае здагадка ў вачах”.
— Есці?! — выціснула з болем, — а не падавішся?!
“Што?! — Джэк робіць грозны выгляд, але жонку ўжо не спыніць”.
— Табе б толькі жэрці, жывёліна! Ты хоць што-небудзь здольны бачыць? З нашым сынам штосьці робіцца. Чуе маё сэрца, нешта нядобрае. А табе б толькі жэрці і жэрці.
Ён стаіць і хістаецца, утаропіўшыся позіркам у жонку: “Хопіць! — развязна абрывае яе словы, — не хачу чуць болей, ік, пра гэтага вырадка!”.
— А ўсё твая работа! Твая неўтаймоўная похаць! Твой эгаізм!
 Погляд Джэка пацягнуты туманам. Да яго нешта пачынае даходзіць.
 — Калі б ты не спакусіў яе! — крычыць Лусія, — калі б ты думаў пра сына…
— Маўчаць, ік! Курыца! — яго  пакуль яшчэ хістае, але ўвесь ён ужо напружыўся.
— Не, я не буду маўчаць. Я раскажу ўсяму свету, да чаго ты дакаціўся. Я яшчэ і ў тваю кантору схажу… Няхай ведаюць, няхай усе ведаюць.
— Сучка! Гэта ўжо… — пляцецца ў залу, — счас мы ўсё, ік, паправім. Усё выправім, ік! — цягнецца за вінчэстэрам, — угонім, ік, у патрэбныя рамкі. Раз і назаўсёды!
Марудна возіцца са зброяй. Яму ніяк не ўдаецца перасмыкнуць затвор.
Сара яшчэ хутчэй бяжыць па вуліцы.
Сэм разганяецца па даху дома: бухаюць глухія крокі; лапочучы крыламі, разляетаецца зграя галубоў і ўзвіваецца ў неба.
Джэк нарэшце спраўляецца з затворам. Паводзіць ствалом у бакі, шукаючы жонку.
Сэм страшна крычыць і скача са страхі дома.
Сара забягае ў двор, чуе крык, падымае галаву. Спалоханыя рабочыя на падвешанай люльцы, што мылі вокны, задзіраюць галовы і адхістваюцца ў бакі.
За імгненне да таго, як павінен быў клацнуць спускавы механізм, чуецца жудасны і страшэнны крык. Штосьці ў гэтым крыку падалося Лусіі блізкім? Рванулася матчына сэрца… Хапаючыся за галаву ад жахлівага прадчування, яна адбівае ствол рукою.
“Не, крычыць не Лусія! Яна ў пакоі. Крык даносіцца аднекуль зувонку”. Усё гэта адбылося ў нейкія імгненні, якія цяжка абасобіць, вычляніць і асэнсаваць. Усё злілося, спаялася адной напружанай дзеяй. Джэк умомант ацверазеў. Але крык на сотыя долі пачуўся раней выстрала, гэта ён выразна запомніў. Палец ужо ціснуў спускавы кручок, выстрала яшчэ не было, а той страшэнны роў ужо біў па вушах…
Маланка вырвалася з вінчэстэра. Грымнуў стрэл. Звініць разбітае шкло. Клубы дыму. І Джэк, і Лусія застылі ў здранцвенні.
— Што гэта было? — здіўляецца Лусія.
— Выстраліла, — паціскае плячыма Джэк. Ён зусім цвярозы: — Ты жывая?! — спытаўся.
— Быў крык!
 — Чаму яно выстраліла? — не можа зразумець Джэк.
— Ты чуў, крычаў нехта? Так страшна крычаў…. Ой! Сэрца, — Лусія хапаецца рукою за грудзі і асядае на падлогу.
Абое глядзяць на разбітае шкло.
З рыштавання падае бідон з вадой. Знявечанае цела Сэма ляжыць на рыштаванні. Унізе на бардзюрыне каля дома ляжыць Сара: з-пад рыжых валосоў цячэ струменьчык крыві.
Праз разбітую шыбіну ў кватэру заглядваюць дзве галавы спужаных рабочых.
Лусія ўскідваецца, рвецца да акна: жудасная здагадка, як агнём абпаліла нутро: “ Сэм?! Гэта Сэм. Сэ-эм. Сэ-э-э-эм!!! — крычыць яна і падае, страціўшы прытомнасць”.
Эпілог
Амаль пустая зала рэстарана. За адным столом, паклаўшы галаву на рукі, спіць п’яны, за другім сядзяць двое. Над іх галовамі тытунёвы смог. Попельніца поўная акуркаў. Некалькі пустых бутэлек. Усё гаворыць аб тым, што яны праседзелі тут цэлую ноч. Многа пустых кубкаў ад кавы.
— Куля пацэліла проста ў голаў. Левае паўшар’е мозга разнясло ўдрызг! — гаворыць Раманоўскі. — Гэта была самая заблытаная справа. Яна стала апошняй у маёй паліцэйскай кар’еры. Аб гэтым  можна справіцца ў паліцэйскім упраўленні штата. Ды і ў газетах таго часу шмат пісалі… Суд прысудзіў  Джэка да трыццаці гадоў.
— Джэка? — здзівіўся Арлоў, — а чаму не Сару?
— Так, Джэка… Гадоў сем праседзеў у турме. Памёр нядаўна. Куля з вінчэстэра аказалася ідэнтычнай той, якой забілі бабульку. Двайное забойства. А ў яго сына не атрымалася б скончыць самагубствам. Упаў бы на рыштаванне, ці страховачную сетку — застаўся б жывы. Маці, адбіўшы ствол, паслала кулю ў галаву сына і паставіла перад судом мужа. Мне страшна зрабілася пасля ўсяго. Я не расказаў яшчэ.  Неверагодна! Але гэта містыка. Усё адбылося раптам. Я падумаў тады: калі такое магчыма, то ёсць Бог на свеце. Ёсць Бог! І кожны атрымлівае сваё.
— А як жа Сара? Яна пазбегла кары? Ці вам удалося вывелі яе на чыстую ваду? Яна ж таксама вінаватая, — спытаўся з цікавасцю Арлоў.
— Не нам судзіць, хто вінаваты і з каго віна знятая. “Мне отмщение, и Аз воздам”. Адзін з запаветаў: не судзі, і не судзімы будзеш. Ёсць Суддзя, які ніколі не памыляецца. Кожны атрымлівае сваё. Але справядлівасць часта зусім не тое, што думаем мы. Бог не хутка вяршыць суд. Сара бегла з пакаянным сэрцам… Хацела адкруціць назад усё, што з такой сцярвознасцю закручвала. Але час не павернеш. Ужо да пад’езда падбегла. Пачула крык. Затым раздаўся выстрал… Яна не паспела зразумець, што адбылося… Мёртвае цела Сэма, упаўшы на рыштаванне, збіла 40-кілаграмовы балон з вадой. Але гэты балон не стаў апошнім судовым вердыктам у жыцці Сары Зельцман. Тады яна выкруцілася, можа таму, што за гадзіну да гэтага раскаялася? Атрымала лёгкае сатрасенне мозга, галаву разбіла… Паехалі ў адно месца, — падняўся Раманоўскі, — тут зусім блізка. Вы ўжо былі там.
Выйшлі на вуліцу, пакуль злавілі таксі, Раманоўскі працягваў свой роспавед: “Ёсць у чалавечым лёсе фатальныя хвіліны. Уся светабудова напружваецца тады ў чаканні: што зробіць гэты чалавек у наступны момант? Таму што ад ягонага дзеяння многае залежыць. Адной судзьбінай, як вузлом, пераплятаюцца жыцці десяткаў, а то і тысяч людзей. Праз учынак гэтага чалавека намерваецца сцвердзіць сябе будучыня. Вы не разумееце пра што я?”. Нарэшце яны злавілі таксі і ўладкаваліся на заднім сядзенні. Як толькі машына кранаецца з месца, Раманоўскі, былы паліцэйскі, і цяперашні святар, працягнуў свой расказ: “Быў у мяне сябар. Вы яго ведаеце, Віктар Набокаў — рускі пісьменнік. Мы з ім доўга сябравалі. Мяне заўсёды здзіўляла, што ён ніколі не называў дакладную дату свайго нараджэння. Наўмысна блытаў людзей, уводзіў у зман. Я выпадкова гэта заўважыў. Адзін дзень нараджэння святкавалі вясною, а праз некалькі гадоў раптам выпадае на восень. Гэта і кінулася мне ў знакі. Я спытаўся: чаму так? І ведаеце, як ён растлумачыў свае паводзіны? Ёсць, гаворыць, у чалавечым лёсе ахілесавая пята, іх некалькі трапляецца за жыццё. Гэта самае слабое месца… Валодаючы ўсякай там зорнай містыкай-кабалістыкай, ведаючы дакладную дату нараджэняя, можа падлавіць такі момант чалавека, калі ён цалкам безабаронны, адкрыты ўсяму космасу, і забіць яго адным словам! Вось так і Сара натрапіла на ахілесаваю пяту Сэма. Ну вось мы і прыехалі.
Яны выйшлі на вуліцу. Займаўся ранішні золак.
— Сем гадоў прайшло, — гаворыць Раманоўскі, падыходзячы да доўгай шыльды, зробленай на скорую руку з рэкламнаых шчытоў, — І вось глядзіце, спадар Арлоў, што дзеяцца ў свеце.
Не гледзячы на ранні час, вакол адмысловай дошкі аб’яў гуртаваліся людзі. Нешта наклейвалі, ці наадварот зрывалі паперкі, але большасць учытвалася ў  пранумараваныя спісы. “Вось яе прозвішча, — паказаў Раманоўскі і тыцнуў пазногцем у бясконцы спіс”. Насупраць нумра 669 было напісана: “Сара Зельцман”. Арлоў падняў галаву ўверх, прачытаў загаловак: “Спісы людзей, якія маглі знаходзіцца на момант тэрарыстычнага акта ў разбураных будынках”.
— Дык яе магло і не быць тут? — услых сказаў ён, — маглі знаходзіцца…
Святар усміхнуўся: “Калі Гасподзь хоча даць каму-небудзь знак, то робіць гэта выразным чынам. У чалавека не застаецца сумненняў. — Ён пачаў нешта шукаць па кішэнях, засоўваючы руку то ў адну, то ў другую. — У той дзень я быў недалёка. Тут побач знаходзіцца мой прыход.  Ішоў па сваіх пастырскіх справах. Так нечакана ўсё гэта здарылася. Адзін самалёт, другі… Збегліся людзі… і я пабег, уцягнуты  натоўпам.
— Ведаеце, я збіраю біноклі. У мяне іх штук дзвесці. Добрыя біноклі. Гэта захапленне з юнацтва. Яно дапамагае зразумець: усё, што мы бачым — ілюзія! Паглядзіш у бінокль на дваццать крат — бачыш адну карціну, перавернеш яго — карціна зусім іншая. Літаральна за гадзіну перад здарэннем я набыў марскі бінокль часоў Другой сусветнай вайны. І першае, што ўбачыў, накіраваўшы на будынак,  была Сара Зельцьман. Яна знаходзілася дзесьці на дзевяностых паверхах. Вышэй таго месца, куды ўрэзаліся самалёты. Я адразу пазнаў яе. Яна амаль што не змянілася, толькі пасівела. За хвілін дзесяць да таго, як будынак абрушыўся, яна выкінула з акна паперку. Я прасачыў, куды панёс яе вецер. А потым будынак нечакана абрушыўся. Так што яна не ўратавалася.
Учора я знайшоў тую паперку, як раз перад вашым інтрв’ю. Вось яна, — з гэтымі словамі ён разгарнуў аркуш паперы: вялікімі друкаванымі літарамі па-англійску было напісана ўсяго некалькі слоў: “Прабач мябе, Сэм Хабарт! Выбачайце людзі! І даруй, Божа, грахі мае. Сара Зельцман». 
Уключыўся пражэктар.  Зноў успыхнуў экран летняга кінатэатра і па белым палатне пабеглі кадры хронікі — трыумфальнае шэсце Амерыкі ў дваццатым стагоддзі.
Высадка саюзных войскаў у Нармандыі. Сустрэча на Эльбе. Бамбардзіроўка Хірасімы. Запуск касмічнай ракеты. Абрушваецца Берлінская сцяна. Растрэл “Белага Дома” у Расіі. Амерыканскі марскі флот у раёне Персідскага заліва. Аперацыя “Бура ў пустыне”. Бамбёжка Югаславіі. Акупацыя Ірака… Гараць будынкі Сусветнага гандлёвага цэнтра. Павольна вырастае ядзерны грыб.
Нельга было прыдумаць больш недарэчнага месца для падобнай дэманстрацыі. Пэўна, амерыканцы кіруюцца нейкай сваёй логікай…
— Эх, Амерыка, Амерыка… Куды цябе нясе? — з болем прамовіў Раманоўскі.
З боку кінатэатра загучала музыка, ўсё  гучней і гучней даносіцца мелодыя амерыканскага гімна, здалося раптам, яна запоўніла ўсю прастору. Стала не выносна. На самай высокай ноце, калі на кадрах кінахронікі ўздымаўся ядзерны грыб, гук рэзка абарваўся. Наступіла мёртвая цішыня. Нібыта аглохнуў на хвіліну ўвесь свет…
Цішыня… І ў гэтай ранішняй цішыні нечакана заспявала нейкая адзінокая птушачка. Адкуль яна тут, сярод каменных будынін?
Раманоўскі і Арлоў аглядваюцца, быццам шукаюць кагосці.
А на ўсходзе павольна падымаецца малінавы дыск Сонца. Пачынаўся новы дзень.