Тараканы 15

Анатоль Кудласевич
15
Хвілін сорак выстаяў Раман у чарзе за «Карбазоллю», і атрута для тараканаў трапіла ў страшэнны дэфіцыт. Дастаяўся-такі! Рызлічваўся спакойна, хаця нутро клекатала. Згроб у мяшэчак сем алюміневых балончыкаў і зларадна пасміхнуўся: “Будзе ім сёння Варфаламееўская ноч!”.
Сядаючы ў аўтобусе на свабоднае месца, гідліва перасмыкнуўся, падзынкваючы балончыкамі, прыладзіў на каленях празрысты пакет: праз цалафан праступіў малюнак рыжага вусатага прусака. Гэта, верагодна, і скіравала размову пасажыраў: інтэлігентнага выгляду мужчына ў акулярах і капелюшы спачатку звярнуўся да яго: “Што, дасталі тараканчыкі?” — спытаўся, але Раман, толькі паціснуў плячыма і прамаўчаў. Тады мужчына павярнуўся да лысага ў акладзістай барадзе дзецюка ў берэціку, што сядзеў побач, утыркнуўшыся ў “Народную волю”.
— А вы чулі? — барадач запытальна  глянуў у шкельцы акуляраў, — існуе павер’е: таракан запаўзае ў вуха соннаму чалавеку і высмоктвае розум.
Барадач скептычна ўсміхнуўся і чамусьці памацаў пальцамі пупсік свайго берэціка: “Дык спачатку трэба той розум мець, — пажартаваў ніякавата, — у каго цяпер застаўся розум? Гледзячы на сённяшні гармідар, вялікія сумненні ўзнікаюць, што чалавек надзелены інтэлектам. Можа тараканы і пазапаўзалі ў вушы нашых палітыкаў. У прынцыпе, забабоны ўсё гэта. Я так думаю”.
— Як сказаць, як сказаць! — мужчына падхапіўся на сядзенні, крутнуўся на месцы і ў акулярах на імгненне выбліснула сонца: — Дык вось, — працягваў ён, — калі гэтае павер’е расказалі Пушкіну, той ускрыкнуў: “Як цудоўна! Не буду цяпер гаварыць, што чалавек дурань, а скажу проста: яго таракан пакрыўдзіў!”, — сказаў і гучна зарагатаў на ўвесь салон аўтобуса, завучаным жэстам ухапіўшыся за акуляры, ад чаго Раману здалося: на дужцы ёсць патайная кнопачка, з дапамогай якой уключаецца пускавы механізм смеху, бо як толькі пасажыр адымаў пальцы ад акуляраў — адразу сціхаў і смех.
А барадач зноў праверыў, ці на сваім месцы пупсік на берэце.Многія пасажыры пачалі аглядвацца. Такім гамерычным хохатам смяюцца або людзі чыстага сумнення, або пафігісты, якіх не хвалюе навакольны свет, або — цынікі і вар’яты.
— Анекдот! — заключыў барадач: яго пальцы зноў мацалі пупсік. — Пра Пушкіна шмат анекдотаў расказваюць.
— Таму і расказваюць, — запярэчыў акулярык: адчувалася, што ён займаецца разумовай працай і любіць пагаварыць, дакладней, падобныя разважанні і ёсць яго праца. — Таму і расказваюць, што паэт — “разумнейшы муж Рассіі”, такую характарыстыку яму сам цардаваў. Вось і сёння: з кожнага кутка крычаць пра дэмакратыю. А між іншым Пушкін, калі ўчытацца ў яго творы, быў супраць усякіх там “дэманакратый”. Бо ўсе дэмакратыі трымаюцца на тараканавых лапках жывёльных інстынктаў: жэрці, спаць, пладзіцца. “Дэмас”— народ па-грэчаску, заўважце, амаль алітэрацыя да слова “дэман”. Таму іначай і не вымаўляю гэтае слова, як ДЭМАНАКРАТЫЯ — улада натоўпу, якая на справе ёсць рабства дэману.
    А Пушкін, ай ды малайчына! Адно слова — разумнік! Цытую:
Паситесь, мирные народы!
Вас не разбудит чести клич.
К чему стадам дары свободы?
Их должно резать, или стричь.
“Усвядомленнаянеабходнасць” у заквасцы марксістка-фарысейскай тэрміналогіі значыць — свабода. І магчыма яна, толькі пры ўсведамленні моцнай дзяржаўнай улады і высокай свядомасці грамадзян.  Але найлепей, калі ўлада знаходзіцца ў адных руках, а гэта ўжо манархія. І лепшая манархія — не канстытуцыйная, як у Вялікай Брытаніі, а самадзяржаўная, якая была ў Рассіі. Больш ганарова атрымліваць жазлоўладыз“десницы Божией”, чым ад брудных рук бяздумнага натоўпу, якомуяшчэ, ой якрасці да народу. Народ думае і ўсё вырашае сам. Але дзе вы бачыце народ? Охлас! Дзе ён ёсць? А-у!!! Народ!! Ціш у адказ. Няма яго. І самадзяржаўе, скажу вам, не лепшы лад праўлення, згодзен. І гэта пакуль часовае. Богадзяржаўе — вось што магчыма ў  чалавецтве. Але пра гэта іншым разам… Не тут. Адчуваеце розніцу? Сённяшнія гаваруны адразу ж залямантавалі б: эстрэмізм! Фашызм! І гэтак далей. Але ёсць рэчы і пажахлівей тых, што я назваў. Гаваруны маўчаць. Узяць хаця б сіонанацызм. Ніхто яго быццам бы не заўважае. Баяцца заўважаць. І небяспечна, і нязручна. Усё куплена. Ім пранізаны усе дзяржаўныя сістэмы з самага высокага да самага нізкага ўзроўню, ён усюды — гэтым і небяспечны. Вы думаеце, Амерыкай кіруе Клінтан ці Буш, ці барані Божа, які-небудзь чарнаскуры Абама, а Амерыка валадарыць светам? Адкуль жа тады з’яўляецца сподняе Монікі Левінскі? Няўжо жаночымі трусамі можна скінуць прэзідэнта?
— Слухайце! — мужчына ў акулярах падняў указальны палец угару: “Наследство их из рода в роды, ярмо з гремушками, да бич!”. Вось так, толькі бізун і ярмо з паграмушкамі. Застаецца толькі рукамі развесці праз дзвесці гадоў пасля паэта, лепш і не скажаш: “Резать или стричь!” — вось яна, няхітрая альтэрнатыва нашаму часу. Многае разумеў Пушкін, “оргАн Богов живой” з таго, што мы ніяк не можам уцяміць.
Барадач ужо кідаў на акулярыка зацікаўленыя позіркі і раптам здзівіў пытаннем: “Вы, напэўна, вучыцель?” — амаль прашаптаў ён, бо Раман ледзь разабраў сказаныя словы.
— Не. Не зусім, — нехаця адказаў мужчына, — прыходзілася і вучыцельствам займацца. А так, сам усё жыццё вучуся, і зараз займаюся то гісторыяй, то паліталогіяй, то грамадазнаўствам, то Бог ведама чым.
— Ага! — быццам знайшоў разгадку барадач, — вучоны, значыцца.
Даўно прыкмеціў Раман Родасветаў, што многія пры адным імені вучонага загараюцца павагай да чалавека. Ды і сам ён некалі глядзеў на людзей з навуковай ступенню, як на аракулаў вечных ісцін — такімі звышразумнымі здаваліся яму вучоныя, такі непахісны аўтарытэт чуўся Раману ў іхніх выказваннях. А гэтыя вечныя спасылкі на іншыя навуковыя аўтэрытэты… Але аднойчы прачытаў на шаматку паперы верш невядомага аўтара, які прымусіў задумацца і значна пахіснуў веру ў навуковыя аўтарытэты.
Верш называўся ВЕРТЫКАЛІЯ
Калі ёсць дактары навук —
ЗНАЧЫЦЬ:
Навукі чалавечыя моцна хворыя.
Навукі, якія патрабуюць урача,
КАМУСЬЦІ
Надоўга калечаць чалавечы розум.
Людзей з хворым розумам,
ТРЭБА
Лячыць уласнаю смерцю.
Каб вылечыцца смерцю, трэба
ЗРАБІЦЦА
Мудрэй за сябе ранейшага.
Пакуль не знаходзіцца чалавек,
Здольны аб’яднаць і прымірыць усё—
БОГАМ
Выбіраюцца варыянты знішчэння:
Таму што: ад навукі хварэее і сам чалавек,
Ад чалавечай пошасці захварэла Прырода,
Якая, нібы павітуха, стаяла пры родах Чалавека
І песціла ў ім надзею Свайго будучага збаўлення.
Ад хворай прыроды заразілася планета Зямля…
ЗНАЧЫЦЬ: КАМУСЬЦІ ТРЭБА ЗРАБІЦЦА   Б О Г А М !
Апошні радок можна было прачытаць двойчы, яшчэ і зверху ўніз, прачытаўшы выдзеленыя шрыфтам словы. Некалькі разоў перачытаў Раман верш на абрыўку газеты ці часопіса (так і не змог даведацца: якога?) і задумаўся. Сур’ёзна задумаўся над роляй навукі ў жыцці. Ці не залішне легкадумна давяраецца чалавек навуковым выкладкам? Наспявюць дзесяткі крызісаў, якія захлыскай перакрываюць дыханне ўсяму жывому. Усё можа загінуць у адзін момант. І тлумачыцца гэта тым, што чалавецтва ступіла на тэхнакратычны шлях развіцця, да якога і падштурхнула навука. А сама штурхальніца развіваецца толькі дзякуючы “адмаўленню адмаўлення”: увесь час абвяргае свае ранейшыя палажэнні. Пад будынкам навукі, у якім абаснавалася сучасная цывілізацыя, час ад часу дашчэнту разбураюць падмурак, руйнуюць фундамент, а жыхароў дома, не гледзячы на небяспечныя аварыйныя работы, ніхто не высяляе. Вось такія касметычныя рамонты. Недзе вычытаў, што другі закон тэрмадынамікі не працуе — значыць, цалкам магчыма вынайсці вечны рухавік; тэорыя адноснасці Эйнштэйна — лухта, якую навязалі наўмысна, і увогуле, нават гэтыю лухту псеўдавучоны скраў у іншых аўтараў… Аўтарытэт Эйнштэўна раздуваюць да гэтага часу, а вось даследаванні Міколы Тэсла замоўчваюць. Што цяпер лічаць навуковай ісцінай, заўтра перакрэсліваецца і адвяргаецца, бо знаходзіцца нешта новае — ранейшыя тэорыі і законы, гіпотэзы і меркаванні становіцца тормазам развіцця. Прыходзіць час зноў разбураць падмурак. І вучоны прыходзіць да адваротных высноў. Хутка прыйдуць да таго, а магчыма ўжо прыйшлі ў некаторых галінах, што падмурак трэба будаваць замест даху, . Вось так будынак цывілізацыі і ставяць дагары нагамі. Ці не ёсць гэта бег у нікуды? Зачараваны бег дзеля самой навукі. Навука адарвалася ад рэлігіі і маралі.Толькі апошнім часам, сутыкнуўшыся з непазнавальным, многія вучоныя раптам абярнуліся да Божанькі, як да яшчэ аднаго неаспрэчнага навуковага аўтарытэта. Чалавечая навука некалькі стагоддзяў хварэе невылечнай паразай, што сказалася нават у назвах навуковых ступеняў: “доктар”.І пасля столькіх бедаў, калі дасягненні вучоных у першую чаргу выкарыстоўваліся супраць самога чалавека, у ваенных мэтах, толькі цяпер даўмеліся нарэшце, што мараль павінна папярэднічаць навуковым распрацоўкам і адкрыццям. Небяспечна дзікунам даваць у рукі ядзерную дубіну. Кожны вучоны папраўляе папярэднікаў, лечыць іх светапогляды, адмаўляе дасягненні — як жа давяраць навуковым тэорыям і выкладкам, калі фундаментальная навука, як змяя скуру, мяняе пункты гледжання. А зямля ж лётала вакол сонца і да Каперніка?
Аднойчы Раману трапіўся ў рукі тэлефонны даведнік Акадэміі навук. Здзівіўся, хутчэй жахнуўся: десяткі і сотні інстытутаў у розных галінах, тысячы асобных аддзелаў, бюро, кэбе, десяткі тысяч прозвішчаў з навуковымі ступенямі, але ў большасці сваёй носьбіты якіх толькі дарэмна ядуць хлеб, бо не маглі абсалютна нічога прадбачыць, спрагназаваць, папярэдзіць, ні ў эканоміцы, ні ў палітыцы, ні сацыялогіі, але пры гэтым не грэбуюць мільярднымі народнымі сродкамі для новых новуковых распрацовак. Страцілі сорам.
— І так, і не! — мужчына крутнуўся на месцы, зноў выбліснуўшы акулярамі,—а наконт тараканаў, дык хочаце верце, а хочаце праверце. Паказвалі па тэлебачанню. У Маскве жыве дзіцячы пісьменнік, забыўся прозвішча… Пра яго і перадача была. Дзіўны чалавек. Дык вось ён цалкамсур’ёзна сцвярджае: таракан — інтэлектуальная істота. Ні больш ні меньш, ён разумее іх мову. Ва ўсім доме тараканы ёсць — а ў яго кватэры ніводнага. Быццам бы сказаў нейкае слоўца тараканам, і яны паслухаліся — усе як адзін пакінулі яго пенаты. Ніводнага не засталося.
— Можа ў Маскве і тараканы разумнейшыя? Усё ж такі на сямі пагорках будавалася, Трэцім Рымам называлася….
— Нібыта ласкава так папрасіў. Гаворыць, тараканы ўсё разумеюць. З дабром, маўляў, да іх трэба. Але факт рэч упартая: зніклі!
— Вось бы такое слова сказаць нашым мясцовым палітыканчыкам, — пашкроб пальцамі бараду лысы. — Яны ж, як тыя тараканы, запрудзілі ўсе установы. Без іх усё было б значна прасцей. Няхай бы выйшлі ўсе да аднаго ў якую-небудзь у Азіёпу, ачысцілі паветра. Мяне ванітуе ад іх. Але няма, напэўна, такога слова. Не прыдумалі людзі.
— Чаму?Такі сродак даўным даўно вынайшлі кітайцы, называецца —“порах”.
— Але ж тараканы не перавяліся. Яшчэ болей распладзіліся з тых часоў. Трупы суродзічаў дзейнічаюць на іх як дрожжы: больш забітых, яшчэ болей нараджецца. І ўсе лезуць у тэлевізар. Такога наварочалі на тэлебачанні, што ўсім светам не разграбці.
— Так, — пагадзіўся навуковец, — праверыць цяжка. Але мне думаецца, таракан, як і чалавек, не любіць, калі пагарджюць ім, грэбуюць… Усё ж такі — жывая істота. І яе Бог стварыў для нечага. Таксама жыць хочуць і род свой прадаўжаць. Можа, сапраўды, папрасі ты яго хораша, знайдзі падыход, тады ён і паслухаецца.
— Дык трэба ж слоўца знаць, — барадач развёў рукамі, — вунь жа, знаюць нашы палітыкі такія словы, што не вылазяць з экранаў. А жыць з кожным годам становіцца весялей і весялей. А мы цярпім ды яшчэ і радуемся. І спадзяёмся на лепшае. Яны слоўца скажуць, а мы зноў верым.
— І знаходзяць жа такія словы, каб дурыць людзям галовы.
— На іх цэлыя інстытуты працуюць. А мы ўсім народам не падбярэм слоў, каб прызваць іх да адказнасці.Ельцын нядаўна аб’явіў: на рэйкі сяду, калі не аддадуць заробленых грошай. Чыгуначнікі зноў бастуюць. Але Ельцына ніхто на рэйках не бачыў.
— Дык можа і пасядзеў дзе-небудзь у тайзе, Расія вялікая.
— А наш нядаўна: “Не палепшыцца жыццё праз год, падам у адстаўку!”
— Дык ён сваё жыццё меў на ўвазе. А яго жыццё, безумоўна — палепшылася: навошта адстаўка? Праз год яшчэ палепшыцца. Аўтазаправак набудаваў і бензін прадае, чаму б яго жыццю не палепшыцца. А людзям дыхнуць свабодна не даюць. Сядзяць на нашым карку паразітамі і пладзяцца, як тыя тараканы. Вертыкаль наладзілі, структуры кантролю за структурамі якія кантралюць кантроль кантралёраў. А палітыкі таксама павінны карысць прыносіць. Ці хаця б не перашкаджаць людзям рабіць сваю справу. А то толькі і ўмеюць, што прыгожа гаварыць, ды кішэнь набіваць. Не атрымліваецца, сыйдзі ў цянёк, саступі месца. Цярпенне не гумовае.
— Згодны: да пары і жбан ваду носіць. Не разумеюць звычайных слоў, не прышлося б пісаць тыя словы крывёю. — Мужчына падхапіўся на сваім месцы. (Родасветаў заўважыў, што перад тым, як устраваць у размову, ён кожны раз ёрзаўся на крэсле і рэзка падскокваў, з чаго Раман зрабіў выснову, што той доўга служыў у войску, зросся з субардынацыяй, таму і падходпліваецца, быццам у струнку выцягваецца, а потым, адумаўшыся, толькі крутнецца на сядзенні): — Але знайшоў жа дзівак ваш, дзіцячы пісьменнік, слоўца. Нават да тараканаў дайшло.
— Дык то пісьменнік… Хаця і мядзьведзя вучаць ездзіць на веласіпедзе.
— Ды ўсё па кругу… Па прамой мядзьведзь не едзе. Хто яго ведае з гэтым пісьменнікам. Імідж сабе стварае:вось, маўляў, я не толькі кніжачкі пішу, а яшчэ і тараканамі камандую.
— Ведаў і я аднаго такога: у красавіку белыя грыбы збіраў, — уставіў і свае пяць капеек Раман, — толькі снег сыйдзе, а ён, шусь у лес, і цэлы кош баравікоў. Яму слухачоў сваімі творамі цяжка зацікавіць, вось і выдумаў гістрыю з грыбамі. І сам  паверыў у яе. І тараканы ў вашым прыкладзе — своеасаблівы даважак да творчасці. Творы пэўна слабаватыя, а нечым жа патрэбна здзіўляць? А тут пад рукою тараканы.
— Пісьменнікі разумныя людзі! — падагульніў барадач. — Гэта ж трэба, усё што яны пішуць, выдумаць з уласнае галавы. Чытаеш і верыш: так і было на самой справе. Я раней лічыў, што ў літаратуры ўсё з жыцця бярэцца. А нядаўна чую па радыё адзін гаворыць: “Усе мае творы, літаральна ўсе героі маіх раманаў — плод маёй фантазіі, усе яны выдуманы. Такіх людзей у рэальным жыцці няма”. Так і сказаў, уяўляеце? Мяне гэта абразіла, манюка, думаю. Ікніжкі перастаў чытаць. Я ж лічыў, яны праўду пішуць, а там аказваецца адна брахня.На які хрэн мне твая фантазія? Я верыў, што ён праўду піша, а ён хфантазіруе. Хлусні і ў жыцці хапае, навошта кніжкамі пладзіць падман.
— Дарэмна перасталі чытаць кнігі. У добрых кнігах праўды болей чым у жыцці. — “Як гэта так?”. — Не ўсё ў чалавеку праўда. У жыцці ўсяго панакручана, а ў сапраўднай кнізе — адна праўда і нічога акрамя праўды. І пісьменнікі розныя бываюць, і кнігі… Бываюць такія, што і хлусіць не ўмеюць, адну праўду і шпараць. А вы як думаеце? — звярнуўся мужчына да Рамана.
Родасветаў адказаў не адразу. Спачатку глянуў на сонечныя зайчыкі акуляраў, прыплюшчыў вочы, затым паглядзеў на барадача: “Як думаю? — яшчэ і перапытаў, усміхнуўся сам сабе, — хто ж яго ведае. Неяк у меня само думаецца. Я і не звяртаў увагі, як яно там адбываецца, гэты самы працэс мыслення. Думаецца і ўсё. А калі сур'ёзна, то што ёсць ісціна? Для Пілата ісціна адно, а для Хрыста нешта зусім іншае. Не ад гэтага свету, іскра божая ў сэрцы — праўда чалавека. Не заўсёды чалавек жыве па праўдзе. Таму і прамаўчаў Хрыстос перад Пілатам. Па-рознаму яны глядзелі на ісціну. Бо мудрасць гэтага свету — вар’яцтва перад Богам. У кожнага свая праўда, і ў той жа час — яна адна, быццам сонца, адна на ўсіх. Дождж ідзе і на добрых і на злых. Нават для тараканаў, напэўна, тая ж ісціна, што і для чалавека.
— Так! — падхапіў мужчына ў акулярах, — у кожнага свая. Па “яшчыку” можна ўсякага напаказваць, а што там у жыцці бывае, што там за кадрам застаецца, тое, на вялікі жаль, не кожна здольны дамазгаваць. Адсюль усе нашы беды —ад рознапогляднасці. Калі б мы самі за сябе думалі, кожны на сваім месцы адказ трымаў, усё было б іначай. Лягчэй жыць было б і прасцей. А нам навязваюць чужыя думкі і погляды, чужыя паводзіны і адчуванні. А мы ж зусім іншыя па сутнасці, чым думкі, што гвалтам прышчэпліваюць. Вось і атрымліваем дысгармонію, спачатку ў душы, а затым рассяваемзаразувакол сябе. Хвароба гэта. Невылечная хвароба цывілізацыі. Так скажу: якія людзі, такія ў іх і тараканы. Такія іхнія думкі.
— Цікава, а за мяжой яны ёсць? — сонечныя зайчыкі акуляраў скочылі ў бок барадача. — У Еўропе, напрыклад? Ці ў той жа Амерыцы? Там жа, гавораць, культура…
— “У вас за границей культура, но нам на неё наплевать, у руского Вани такая натура, што слово то...” —нечакана праспяваў субяседнік, — была такая песня. Культура, брацец, даруй за такі зварот, гэта ўласцівасць Духу. У Еўропе культурны дух даўно вытхнуўся, смярдзіць знутры Еўропа, як баўтун. А тараканы і там ёсць. Хоць пруд прудзі. — Мужчына гаварыў упэўнена, быццам аб’ездзіў усе магчымыя і немагчымыя еўропы. — Тое, што называюць еўрапейскай культурай, усяго толькі тэхнічныя дасягненні цывілізацыі, паводле Шпенглера. Еўрапейская культура заснула летаргічным сном яшчэ ў Сярэднявеччы. Еўропа страціла культурны вектар развіцця некалькі стагоддзяў таму і спажывае тое, што назапасілі даўным-даўно. Проста мы прывыклі мераць культуру побытам. Памылковы падыход цывілізаваных дзікуноў. Там ёсць культура, дзе прысутнічае культ духоўнасці, дзе сумленне ставяць вышэй любых грамадзянскіх і юрыдычных законаў, а самі законы дапасоўваюцца і не супярэчаць законам сумлення. Пры кульце долара і матэрыяльнага дабрабыту — культуры днём з агнём не знайсці.
А тараканы?… Хмг! Вунь, Амерыка — мільярды долараў убухала, як у прорву, а так і не пазбавілася ад тараканаў. І спецыяльная прагарама НАСА не дапамагла: як былі, так і ёсць.
— Ого! Нават так? — здзівіўся барадач. — А грошыкі, цю-цю! Расцягнулі тараканы.
— Не ў грашах справа. Мы, можа, таму і жывём бедна, што ўвесь свет забяспечваем яшчэ і культурай. Нам сорамна бачыць жабракоў, саромеемся быць заможнымі, калі навокал галота і беднасць. І колькасць тараканаў — не індыкатар культурнасці. Не ў тараканах справа, у чалавеку. Людзьмі звацца трэба! — вось найпершая неабходнасць. Тады і тараканаў паменьшае. Так што, малады чалавек, — звярнуўся мужчына да Рамана, — ісціна і для Хрыста, і для Пілата, і для ўсяго астатняга чалавецтва павінна стаць аднолькавай. Не ваявалі б тады дзве тысячы гадоў, калі б было так. Дарэмна вы гэтых балончыкаў з атрутай панакуплялі.
— Слоўца знаць трэба, — важна прамовіў лысы барадач.
— Нічога. Як-небудзь і моўчкіабыйдуся. — Раман усміхнуўся. —У мяне з імі размова будзе кароткай: пшык! — і сушыце лапкі. Кватэру новую атрымаў. Ператруціць трэба погань, каб на новае месца не перавезці. Мая жонка як убачыць іх, дык адразу звярэе.   
— Ну, віншуем тады з наваселлем! — бадзёра сказаў субяседнік, — новая кватэры, новае жыццё.
— Дзякуй, — махнуў галавой Раман, — не хацелася б пачынаць новае са старымі праблемамі.
Мужчына пабліскваў на сонцы шкельцамі акуляраў, а лысы барадач запусціў руку ў кудлатую бараду і пачаў церабіць яе пальцамі; Раманукарпела сказаць лысаму (чытаў дзесьці): што менавіта мужчыны, якія носяць бароды, схільны да аблысення — але гэтамаглоб падацца нетактоўным, і ён прамаўчаў.
Маўчалі і іншыя. Яны гэтак нечакана разгаварыліся ў гарадскім транспарце на розныя тэмы, што цяпер, быццам адумаўшыся, зацята адмоўчваліся.
А праз цалфан усё гэтак жа прасвечваў малюнак рыжага прусака і здалося на хвіліну, што таракан уважліва слухае пра што гавораць людзі і робіць нейкія, аднаму яму вядомыя “насякомавыя” высновы.
Праз некалькі прыпынкаў Раман выйшаў з аўтобуса. Не прайшоў і дзесяці крокаў, як яго подбегам нагнаў мужчына ў акулярах. Аказалася, яны жвуць побач.
— Вось жа поскудзь якая! Спасу ад іх няма, — скардзіўся Раман новаму знаёмаму, — чым больш вытанчаныя сродкі барацьбы выкарыстоўваеш, тым больш хітрушчымі становяцца.
— Згодны. Пэўна, маюць яны свой тараканавы разумок, — абагульніў Выпадковец Іван Фаміч (так мужчына назваўся).
Раман паглядваў на субяседніка і ўсё збіраўся задаць пытанне, якое круцілася на языку яшчэ ў аўтобусе: “Прабачце, можна спытацца? Вы раней не служылі ў войску?”.
— Так, служыў. А як вы здагадаліся? Да генерал-маёра даслужыўся. А потым, калі ўсё гэта пачалося, звольніўся. А вы назіральны, вам бы ў разведку.
— А можа я і служу ў разведцы: выведваючалавечую душу.— Жартую канешне: на заводзе працую.
— А не спрабавалі яйка зварыць укрутую, каб гадзіны тры, і дастаць жаўток, перасыпаць борнай кіслатой і наляпіць такіх маленькіх шарыкаў. Параскідаць іх па кватэры. Добра зрабіць перд адпачынкам, галоўнае перакрыць доступ да вады. Гавораць, надзейны сродак.
— Трэба паспрабаваць. Ведаеце, паўжыцця пражыў, а тараканаў бачыў толькі на малюнку кніжкі Карнея Чукоўскага. Думаў, яны  да рэвалюцыі  былі, а тут: куды ні ткнешся — усюды тараканы.
— Якраз у сталіцах яны і ашываюцца.Усё залежыць ад колькасці. А Чукоўскі, наколькі помніцца, нацярпеўся за свайго “вусача”. Сталін угледзеў у “Таракане” намёк на свае вусы. Вунь, дарэчы і мой дом. У нас пакуль тараканаў няма. Нядаўна засяліліся. А ваш? Ага!Побач з нашым: суседзі!  Дасць Бог — сустрэнемся на барыкадах. Зноў жартую, кніга такая ёсць. Не дай Бог, сустракацца там, лепш за вясельным сталом, за чаркай гарэлкі.З вамі прыемна пагаварыць, адчуваецца, што вы не просты чалавек.
— Звычайны, як рэдзька, працую на канвейеры слесарам.
Іван Фаміч паціснуў Раманаву руку, поціск аказаўся даволі моцным і як бы сведчыў,  што сіл генерал яшчэ не растраціў, маўляў, ёсць яшчэ порах…
— І слесары бываюць не простыя. Лех Валенса ўсю Польшчу раздраконіў. Ну, што — зямля круглая і, па словах Галілея, круціцца. Так што воляй лёсу людзі сходзяцца і разыходзяцца. Дасць Бог і яшчэ нагаворымся.
Іван Фаміч па-змоўніцку падміргнуў Раману і бадзёра зарагатаў на ўсю вуліцу, шчыра і адкрыта, не забыўшыся перад тым “уключыць” пускавы механізм смеху на дужцы сваіх акуляраў.