Легенда аб чатырох вятрах

Ольга Ермашкевич
Гэта адбылося вельмі даўно, у тыя часы, калі неба яшчэ не зацягнула вечная смуга выхлапных газаў… калі вялізныя дамы яшчэ не засланялі Сонца… калі лясы не перасякалі чорныя шрамы дарог… У тыя часы, калі чалавек сапраўды быў часткай прыроды.
Тады існаваў звычай. У дзень свайго нараджэння кожны чалавек, які лічыў сябе гатовым, выходзіў на скрыжаванне дзвюх дарог і станавіўся пасярэдзіне. У гэты дзень ён павінен быў абраць свой шлях…
Ніхто не ведаў, што адбывалася на скрыжаванні. Але жыццё чалавека пасля гэтага змянялася… Карэнным чынам.
Жыла ў тыя часы Дзяўчына. Як і ўсім астатнім, ёй было вельмі страшна выходзіць на скрыжаванне…Але аднойчы яна вырашылася. Вырашылася і проста прыйшла туды. Прыйшла на тое месца, дзе павінны быў вызначыцца яе лёс. Прыйшла без ценю сумнення.
Спынілася… заплюшчыла вочы… Думак не было. Яна проста адчувала сябе часткай сусвету… Толькі кропляй у бязмежным акіяне. Адным словам у шматстаронкавай Кнізе лёсаў.
Праз некалькі імгненняў яна адчула на твары лёгкі павеў цёплага паветра. “Ты прыйшла сюды своечасова?” – спытаў ціхі голас. “Так”, – адказала Дзяўчына і расплюшчыла вочы. Побач нікога не было. “Хто тут?”
 “Я Першы вецер”, – раўнадушна прамовіў Голас.
“Ты дапаможаш мне ў выбары майго шляху?”
“Я магу толькі прапанаваць… паглядзі на дарогу, да якой ты павярнулася спінаю. Калі ты абярэш яе, я буду суправаджаць цябе. Ты адчуваеш, які я спакойны? Тваё жыццё будзе ціхім і роўным, як возера перад захадам. Ніякіх турбот, ніводнага клопату…”
“Няўжо нехта можа згадзіцца на такі шлях? Гэта ж невыносная нуда”, - толькі і паспела падумаць Дзяўчына, як цёплыя павевы ветрыка змяніліся ледзянымі шкваламі.
“Ты прыйшла сюды своечасова?” – прагрымеў такі ж ледзяны Голас.
“Так”, - нягледзячы ні на што, яна была ўпэўнена у гэтым адказе.
“Я Другі вецер. Паглядзі налева. Гэта мой шлях”.
“І там ты заўсёды будзеш разам са мной?”
“А ты гэтага хочаш? – іранічна спытаў вецер. – Не, я буду патрэбны толькі на першых кроках. Мне трэба будзе замарозіць твае пачуцці. Трэба будзе зрабіць тваё сэрца ледзяным. Тады гэты шлях лёгка і хутка прывядзе цябе да багацця і ўлады”. 
“Гэта не мой шлях!” – пранеслася ў галаве Дзяўчыны. І ў гэты самы момант ледзяны буран уступіў месца гарачаму, але парывістаму і нястрыманаму ветрыку.
“Ты прыйшла сюды своечасова?” – спытаў вясёлы юначы голас.
“Так”, - па-ранейшаму ўпэўнена адказала Дзяўчына.
Голас засмяяўся: “Ты мне падабаешся! Я Трэці вецер. Глядзі направа. Гэта мае уладанні, мой шлях. Ён, праўда, самы кароткі, але, я ўпэўнены, самы цікавы. Гэтым шляхам ідуць людзі, якія бяруць ад жыцця ўсё. Яны не прызнаюць правіл, не ведаюць мяжу паміж добрым і дрэнным. Робяць толькі так, як хочацца ім. Яны вельмі павярхоўныя, не паглыбляюцца ў жыццё, не ведаюць яго. Але атрымліваць асалоду ад яго гэта не перашкаджае”.
“Гэты шлях, канешне, вабны… Але не мой”, - мільгнула думка, і смех сціх. На змену яму прыйшоў моцны цёплы вецер.
“Ты прыйшла сюды своечасова?” – спытаў  прыемны, але, ў той жа час, цвёрды Голас.
“Так”. Застаўся апошні шлях, таму хваляванне міма волі нагнала яе.
“Я Чацвёрты вецер. Мой шлях прама перад табою”.
“Ты мне падабаешся, але ў кожнага з папярэдніх быў свій недахоп. Які ў цябе?”
“Усё вельмі проста, - і вецер задзьмуў мацней. – Я заўсёды буду дзьмуць табе насустрач. Калі-небудзь я буду незаўважны, калі-небудзь ісці будзе амаль немагчыма. Але са мной ты адчуеш жыццё. Бо выпрабаванні і нават пакуты – гэта неад’емная яго частка. Толькі праз іх можна знайсці ісціну. Мой шлях – гэта лёс-пошук”.
Дзяўчына нават не стала думаць. Яна проста зрабіла крок насустрач ветру.