На беразе ракі расла маленькая Вербачка. Яна любiла схіляць свае галінкі ў раку і ўмывацца халоднай вадзіцай. Часамi Вербачка шалясцела доўгімі зялёнымі лісцікамі і напявала любiмую песеньку. Тады нават Рэчка пераставала журчаць, прыслухоўваючыся да яе ласкавага галаску. А цёплае Сонейка гладзіла малую па гнуткіх галінках і сцяблінцы, прыгаворваючы:
-Расцi, Вербачка, зеляней год ад году і расквітай. Ты ж у нас прыгажуня!
Вербачка вельмі саромелася ад такой пахвалы і яшчэ больш схілялася да рачной вадзіцы. Але ад гэтага яе доўгія тонкія лісцікі станавіліся толькі прыгажэй. Яны пераліваліся і свяціліся ад сонечнага святла.
Кожны год вясною з поўдня прыляталі дзікія Гусі. Яны заўсёды сяліліся на беразе ракі побач з Вербачкай. Птушкі плавалі па вадзе, гагаталі, махалі крыламі і кружыліся над дрэўцам. Яны палюбiлі маленькую Вербачку за сціпласць і дабрыню. Па вечарах Гусі ўсаджваліся пад дрэўцам і засыналі, закалыханыя яе ціхім і ласкавым галаском.
Але вось скончылася цёплае лета, і наступілі халады. Гусі паляцелі зімаваць у вырай. Усе лісцікі на Вербачцы пажоўклі і апалі. Халодны вецер прадзьмухваў наскрозь яе галінкі. А потым яшчэ і мароз стукнуў. Рэчка пакрылася лёдам, галінкі Вербачкі абледзянелі. Як ні старалася Сонейка, не змагло яно дапамагчы маладзенькаму дрэўцу. Сцюдзёныя вятры не пашкадавалі прыгажуню і замарозілі яе. Заснула Вербачка доўгім зімовым сном. А калі прачнулася, то ўбачыла, што снег ужо сышоў, і Рэчка адтала ад лёду. Вясновае Сонейка прагрэла зямлю, і ўсё вакол зазелянела.
Адагрэлася Вербачка, але яе тонкія абмарожаныя ледзяным ветрам галінкі не змаглі выпусціць з почак зялёныя лісточкі. Схілілася Вербачка над вадою і заплакала горкімі слязамі. Але плачам гору не дапаможаш. Не растуць на галінках лісцікі, і ўсё тут.
Неўзабаве вярнуліся з поўдня Гусі. Убачылі яны, як плача бедная Вербачка, і пашкадавалі яе. Вырашылі Гусі дапамагчы дрэўцу. Селі яны на яе галінкі і ператварыліся ў лісточкі. Расцвiла Вербачка і зазелянела. І зноў зашалясцела і заспявала сваю песеньку. Потым апусціла яна лісцікі ў ваду, і ператварыліся яны ў Гусей, і паплылі Гусі па рацэ. Падняла Вербачка галінкі ўгару - і зноў Гусі ўжо не Гусі, а яе зялёнае лісце.
Вось так і жыла Вербачка да позняй восені са сваімі збавiцелямі адной сям'ёй. А ўвосень адарвалiся лісцiкi ад галінак Вербачкі, і зноў сталi дзікімі Гусямі. Адлятаючы ў вырай, сабраліся птушкі ў вялікую чараду. Падняліся яны высока - высока ў неба і на развітанне пракрычалі Рэчцы і Вербачцы:
- Чакайце нас да вясны!
Рэчка штосьці звонка прожурчала ў адказ, а Вербачка, якая добра падрасла за лета і падужэла, доўга глядзела сваім сябрам у след і жадала ім шчаслiвай дарогi.
25.07.12
p.s. мае казкi i апавяданнi http://domarenok-t.narod.ru/belarusian.html
эта сказка на русском языке http://proza.ru/2008/11/14/260