З натуры

Днепровка
Як педагог, адразу заўважу: адносіны да дзяцей – беспамылковая мерка духоўнай велічы чалавека. Сапраўдная сям’я таксама пачынаецца з добрых дзяцей. Калі я сустракаюся з дзецьмі, то адразу знікае мой дрэнны настрой. Так і хочацца сказаць усім неразумным дарослым: паважайце, шануйце чыстае, святое маленства!!!

Добрыя дні — выдатная нагода прагуляцца ўвечары. Неяк мы з сябрамі вырашылі пасядзець у скверыку, дзе сталі сведкамі сумнай гісторыі. Чаму сумнай? Ды таму, што такія гісторыі, на жаль, адбываюцца побач з намі штодня…

Як толькі ўвайшлі ў парк, да нас падбег маленькі хлопчык. Працягнуў нам… па стужачцы ад скрынкі торта і папрасіў з ім пагуляць. Мы з цікавасцю яго выслухалі, але просьбу праігнаравалі, бо мы не нянькі, ды і дарослыя мужыкі! Але малы падбягаў да нас яшчэ не раз, пакуль мы, нарэшце, не згадзіліся.
Недзе гадзіну мы гулялі з хлопчыкам. Наш маленькі сябар Cярожа расказаў, што сёння ў яго дзень нараджэння і ён прыйшоў у парк з бацькамі, яны занятыя, а пагуляць яму няма з кім. На пытанне, што ён еў сёння, хлопчык адказаў: “Кавалачак торта і шакаладку”. Апранута дзіця было даволі лёгка, а быў ужо позні вечар і станавілася халаднавата.

Неўзабаве з’явіўся не толькі “вельмі заняты”, але і “вельмі напоўнены вадкасцю з градусамі” татка, які сказаў, што яны едуць дадому. За татам падышла мама з сябрамі. Аказваецца, у гэтай вясёлай кампаніі было яшчэ двое дзетак, якія добра нават не ўмелі хадзіць. Сямейная, так званая, прагулка — элемент паркавага дня нараджэння…

Яны паехалі, а нам стала сумна, бо пра маленькага імянінніка Сярожу дарослыя, захапіўшыся распіццём алкаголю ў парку, проста забыліся. Небарака прабегаў адзін, напэўна, некалькі гадзін. За гэты час з ім маглі адбыцца ўсялякія непрыемнасці: ён мог зваліцца з вышыні і разбіцца, выбегчы на дарогу і трапіць пад машыну. А яшчэ ж, акрамя хлопчыка, у падвыпіўшай кампаніі знаходзіліся зусім маленькія дзеці…

Як можна памяняць шчаслівы дзень нараджэння сына на бутэльку гарэлкі з сябрамі?

Як часта сёння можна бачыць людзей, якія гуляюць з каляскамі… мамаў, якія п’юць піва і пускаюць клубы дыму на сваіх дзяцей. А дзеці пачынаюць збіраць на зямлі ў якасці цацак “бычкі”… А колькі маладых бацькоў за любую правіннасць крычаць на дзяцей матам, б’юць іх. Тое, што п’юць і кураць цяжарныя матулі, стала амаль што ўжо “нормай”. Што з намі адбываецца?

Часта мы чуем: дзеці — гэта кветкі жыцця, дзеці — наша радасць і будучыня, але дзеці, як кветкі, не растуць удала, калі за імі няма добрага догляду…

Якім жа стане гэтая “будучыня”, калі сёння яна расце без цяпла і ласкі, без увагі і павагі? І няхай іх бацькі не здзіўляюцца, калі гадоў праз дзесяць іх дзіця пачне хаміць і прыкладвацца да бутэлькі. Як гукнецца, так і адгукнецца…

Вялікі Моцарт сцвярджаў: “Адразу за Богам ідзе бацька”. Гэта, відавочна, не пра бацьку хлопчыка Сярожы.

Канстанцін КАРНЯЛЮК, г.Віцебск, 2012г.