Бабулина скарга

Валентина Кадетова
Шаноўны начальнік над школамі ўсімі,
Прашу за турботу прабачыць,
Трываць жа далей не стае маёй сілы,
Пішу вось вам скаргу і плачу.

Я плачу аб ёй, аб унучцы Зінулі,
Адзінай маёй і любімай,
Хачу, каб прыехалі вы і зірнулі,
Што з ёю у школе зрабілі!

Была і здаровай яна, і шчаслівай,
І ў школу ішла, бы на свята,
І вершы складала, і танчыць любіла,
І працай займалася хатняй.

Ды раптам завяла, бы кветка ў марозы,
Схуднела, кругі пад вачыма
І часта ўздыхае, хаваючы слёзы –
Зусім змізарнела дзяўчына!

Нічога не есць і не п’е, і штоночы
Мармыча пра нейкія тэсты.
Спачатку я думала, нехта сурочыў,
Хацела да знахаркі весці.

Ды Маня, суседка, мне вочы адкрыла,
Маўляў, ні пры чым тут сурокі,
То ж некалі нас прымітыўна вучылі,
А іх – на узроўні высокім.

Настаўнікі мала цяпер размаўляюць,
Не ў модзе у іх красамоўства,
Папер абярэмак яны набіраюць,
Па партах раскладваюць моўчкі.

І дзеці маўчаць. А ў паперах у гэтых
Іх вучаць, як трэба вучыцца.
І спрэс там праверкі: то зрэзы, то тэсты,
Дык дзе ж тут спяваць-весяліцца?..

Я ў школу пайшла. І як тую часіну
Успомню – душа не на месцы,
Дрыжаць педагогі, як лісце асіны:
“Камісія… рэйтынгі… тэсты…”

Шаноўны начальнік! Прадбачу папрокі:
“Адсталасць… Мысленне старое…”,
Пра “ўзровень” маўчу. Мо і праўда, высокі…
Ды ўсё ж-такі штось тут не тое.
                __________