Спяшацца жыць

Ольга Милош
Горад  спіць… Ліхтары, быццам здані, баязліва ціснуцца адзін да аднаго… Але можа, мне  толькі так здаецца?.. Я вяртаюся дадому стомленая…і ўсё ў вачах зліваецца, усе фарбы, святло і цені…  нават месяц у вільготным вераснёўскім небе бачыцца мне ў нейкай срэбнай павалоцы…  Дзень, гулкі, стракаты, у чырвоных рабінавых каралях адплывае ў нябыт… Ён ужо нават адпусціў маю руку і, сумна пазіраючы ўдалячынь,  на развітанне шэпча мне на вуха свае апошнія сакрэты… Сонныя дрэвы разгублена раняюць долу свае папяровыя лісцікі… Яны павольна кружацца ў паветры, быццам  начныя матылькі, і падаюць у крывыя люстэркі лужын, якія нядбайна кінула на дарогу восень…
Я вяртаюся дадому, зачараваная цішынёй, хаваючы ў глыбіні душы мару маляваць дождж…і вецер…і гэтую навакольную каляровасць… Хутчэй, хутчэй узяць бы ў рукі фарбы, алоўкі, крэйду ці што іншае, і маляваць, як у дзяцінстве, забыўшыся на імгненне пра ўсё на свеце…смешна высунуўшы язык…запэцкаўшы рукі і твар… Хай усміхаецца ноч, зазіраючы ў акно…  Я сёння мастачка… Далоў сум, далоў стому! Свет… вялікі…неабсяжны…прасціраецца зорным шляхам над намі…жыве ў нас…а мы ў ім… Як хораша…як радасна…жыць…
Лунаюць  ў аблоках  сны, гуляюць у хованкі… І  яшчэ ненароджаныя вершы бліскучымі  кропелькамі расы спяшаюцца з’явіцца на золку ў пяшчотных пялёстках апошніх кветак…
Трэба спяшацца і мне…
І ўсім нам…
Спяшацца жыць…і кожны дзень нараджацца зноў недапісаным вершам…недамалёванай карцінай… недапетай песняй…каб рука каханага чалавека мела шчасце дамаляваць…дапісаць … давяршыць нас...а мы – яго… І ў гэтым вечным мастацтве кахання – сапраўднае шчасце…
Горад спіць… Я вяртаюся дадому стомленая… Ліхтары, быццам здані, баязліва ціснуцца адзін да аднаго…і расступаюцца цені ад іх задуменнага святла… У паветры павольна лётаюць лісцікі-матылькі…  І таямніча мне ўсміхаецца   ноч срэбнымі вуснамі месяца…