Бяссоннiца. казка для дзяцей

Татьяна Домаренок
Паўночы стары Мядзведзь варочаўся на сваім ложку. То ўляжацца на правы бок, то на левы, але ўсё дарма - не спіцца , і ўсё тут!
Бяссоннiца ды і толькі!
Надакучыла гэта Мядзведзю. Вылез ён з бярлогi, агледзеўся - ніводнай душы вакол, прыслухаўся - цішыня ў лесе. Крыўдна яму стала, што ўсе спяць, а да яго сон не ідзе! Як загыркае касалапы ад злосці:
- Ы - Р -Р  - Р !
Пачуў яго крык Салавей, схамянуўся, вырашыў, што прачынацца пара. Пырхнуў на суседняе дрэва, потым узляцеў на яго верхавіну і пяшчотна заспяваў сваю ранішнюю песеньку.
Дрэвы, кусты, кветкі салодка пацягнуліся ў сне:
- Ох! Як добра! - быццам калыханку пачулі.
Птушачкі ў гняздзечках заварушыліся, лепш укрыўшы сваіх спячых малянят. У дуплах вавёрачкі, у норках зайчыкі і ліскі павялі са сну вушкамі. Але ніхто з іх не прачнуўся. Наадварот, пад добрую і ласкавую песеньку Салавейкі  ім усім пачалі сніцца вельмі прыемныя салодкія сны.
Толькі Сава і Фiлiн сядзелі на дрэве і не спалі. Яны наогул не прывыклі спаць па начах. Песня Салаўя здалася ім сапраўдным цудам.  Чароўныя гукі разляталіся па лесе, адбiваліся ад дрэў, ад  зямлі  і разам са звонкім рэхам ляцелі ў неба.
Месяц, пачуўшы незвычайна прыгожы голас Салаўя, захацеў убачыць самага спевака і накіраваў на лес сваё яркае святло. Толькі тады Салавей паглядзеў на Месяц  і зразумеў, што гэта не Сонца, а таму да раніцы яшчэ далёка.
- Што ж гэта я! - спалохана падумаў ён. - разбуджу ўсіх!
 І ўраз у лесе зноў запанавала цішыня. А Мядзведзь, закалыханы песенькай Салаўя, ізноў палез спаць у сваю бярлогу.
Раніцой мамы птушачкі, вавёрачкі, зайчыкі і ліскі не пазналі сваіх дзяцей.
Яны ўсё падраслі!
Нездарма кажуць - дзеці растуць у сне. А пад такую цудоўную калыханку яны падраслі яшчэ больш!
І не толькі маленькія дзеці - усё ў лесе змянілася! Дрэвы, кусты, трава сталі пышней і зеляней, паспелі ягады суніцы і чарніцы, распусціліся самыя прыгожыя і яркія кветкі.
Цяжка было паверыць, што віной усяго таго, што адбылося ў тую незвычайную ноч у лесе, аказалася ўсяго толькі бяссоннiца старога Мядзведзя.

p.s. мае казкi i апавяданнi  http://domarenok-t.narod.ru/belarusian.html

  эта сказка на русском языке http://proza.ru/2008/12/01/312