Sodade

Беларуски Куток
Sodade - пераклад на беларускую мову
Андрей Поздняков

Прысвячаю гэты пераклад светлай памяці
майго аднакласніка Сяргея Новіка


Заспаную цішыню раніцы выбухае мажорны акорд з мабільнага тэлефона. Крэольская мелодыя ў зімовым змроку: “Mae Velha” з выспаў Зялёнага Мыса і кватэра ў сярэднестатыстычным спальніку. Рукі самі цягнуцца выключыць гэты “бадзёрык” – хоць калі я яго ўсталёўваў у якасці будзільніка, логіка была менавіта ў тым, каб жыццярадаснымі акордамі разганяць ранішнюю маркоту.

Незадаволена варочаецца жонка – ёй уставаць пазней, у інстытут можна і да абеду прыязджаць... Быўшы офісным клеркам, я дазволіць сабе такой раскошы не магу – абавязаны з'яўляцца да дзевяці. Паціху выпаўзаю на кухню, затуляючы за сабой дзверы ў спальню.

Першая ранішняя цыгарэта, пакуль закіпае імбрычак – галава пачынае трохі кружыцца, а погляд упіраецца ў цагляную двухпавярховую пабудову побач з бясконцымі шэрымі гаражамі, на якой красуецца аптымістычны надпіс “Прылады для ўсіх”. Нягледзячы на тое, што я смела магу аднесці сябе да гэтых “усіх”, жаданні сыходзіць і выбраць сабе падыходную прыладу чамусьці ніколі не ўзнікала. Сонца паволі ўстае, але ад гэтага не становіцца святлей, толькі неба з цёмна-шэрага павольна ператвараецца ў брудна-шэрае.

Пстрычка імбрычка выводзіць са ступару – недакурак ляціць у адкрытую фортачку. Вялікая кружка, лыжка... не, сёння дзве лыжкі кавы дробнага памолу. Бруя кіпеню паднімае хвалю водару. Усёткі наколькі лепш такая “псеўда-звараная” кава, чым растваральная... Сподачак на кружку, каб заварылася мацней...


***
Ключ робіць два заваротку ў замку, крокі па ўсходах – шэсць пралётаў. У пад'ездзе змрочна ад гультаяватага сонца і эканомных суседзяў, якія загасілі святло – выключальнік схаваны дзесьці ў адным ім вядомым месцы. Дзве секунды ў дзвярэй пад'езда перад выхадам у свет людзей...

– Трр-р-р-рыць, – кажуць дзверы, збіваючы з нізкага брыля навіслыя лядзякі. Закрадаецца падазрон, што я сёння першы, хто выходзіць з пад'езда.

Знадворку дворнік у памяранцавай камізэльцы адкідвае снег з-пад колаў шматлікіх суседскіх аўтамабіляў. Адна з патурбаваных машын пачынае нема лямантаваць і істэрычна лыпаць усімі лямпачкамі. Мы з дворнікам вымаўляем адно і тое ж нецэнзурнае слова, маючы на ўвазе зусім розныя адценні суму. Трэба хутчэй загарнуць за кут, каб электрычны і рознагалосы віск сігналізацыі не ўрываўся ў вушы гэтак бязлітасна.

Шэсцьдзесят сем крокаў ад кута дому да вуліцы – яе шум насоўваецца на мяне з кожным крокам. Мне фізічна неабходна заглушыць гэтыя гукі – мне нельга чуць, як віскочуць маршруткі, пыхкаюць і грукочуць дрэнна замацаваным грузам фуры-даўжынямеры, вытанчана гудуць тралейбусы... Тэлефон у правай унутранай кішэні курткі, правадкі са слухаўкамі дзесьці там жа. Хутчэй-хутчэй! Ад таго, паспею я ўторкнуць правадкі ў тэлефон, а слухаўкі – у вушы да таго, як зраблю шэсцьдзесят сёмы крок да вуліцы, залежыць маё жыццё! Пальцы намацваюць на тэлефоне кнопку “PLAY”. Крэольскія флейты змагаюцца з аўтамабільным ляскам. Шэсцьдзесят шэсць, шэсцьдзесят сем...

– Nh'amor e doce, nh'amor e certo, nh'amor ta longe, nh'amor ta perto, – спявае бабуля-крэолка... Шэсцьдзесят восем, шэсцьдзесят дзевяць...


***
На прыпынку досыць хмурных людзей, некаторыя таксама ў слухаўках. Як ведаць, можа, хтосьці з іх таксама слухае сваю музыку з Каба-Вэрдэ... Можа стацца, мы цяпер слухаем адно і тое ж... Усёткі вулічны шум прабіваецца скрозь музыку, народжаную дзесьці на цёплых выспах у Атлантычным акіяне.

– Дз-з-з, – паміраючы перад прыпынкам, кажа прыйшэлы тралейбус і тут жа выпускае дух, няветла адкрываючы дзверы, – П-ш-ш-ш...

Разам з усімі я штурмую салон, мне трэба паспець на працу да дзевяці... Усім астатнім, падазраю, таксама, таму нягледзячы на самую лірычную музыку ў нашых слухаўках, мы адчайна змагаемся за свой аб'ём прасторы ў тралейбусе. Суцяшае толькі тое, што так прыйдзецца ехаць усяго тры прыпынкі – на цэнтральным пляцы выйдзе роўна палова маіх ненавісных спадарожнікаў.

– Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак Іллі-Бранка, – наштосьці паведамляе аўтаінфарматар бясколерным жаночым голасам.

– П-ш-ш-ш, – ізноў кажа тралейбус і пачынае разганяцца – наколькі яму дазваляюць вулічныя заторы, – дз-з-з-з... Ур-ур-ур-ур, – незадаволена бурчыць ён падчас змушанага прыпынку, і ўсе пасажыры адчуваюць нагамі гэтую яго незадаволенасць, – дз-з-з-з...

Перад маім тварам шэрае паліто жанчыны, якая стаіць на прыступку вышэй мяне. Я зачыняю вочы і апускаюся ў музыку.

– Sangue de Beirona, Sangue de Beirona... – хорам чытаюць мантру бэк-вакалісты, якія падпяваюць той самай бабулі-крэолцы...

– Прыпынак Іллі-Бранка, – кажа аўтаматычная цётка, і тралейбус, перабіваючы яе, ізноў незадаволена адкрывае дзверы.

З салона ніхто не выходзіць, а людзі, якія стаяць на прыпынку, адчайна спрабуюць пацясніць нас – тых, хто змог залезці прыпынкам раней.

– Ур-ур-ур-ур, – наштосьці зноў бурчыць тралейбус і зачыняе дзверы, – п-ш-ш-ш...

– Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак Рыбэйра-Брава, – спахапляецца цётка-аўтаінфарматар.

Шэрае паліто перад вачамі змяняецца блакітным пухавіком дзяўчынкі-школьніцы. Глядзець на яго таксама не жадаецца, таму я зноў зачыняю вочы...

– J'a'm conchia Sao Vicente, Na se ligria na se sabura, – пасля бадзёрага ўступа труб сумна спявае бабуля Сэзарыя...

– Прыпынак Рыбэйра-Брава, п-ш-ш-ш, – спаборнічаюць у гучнасці тралейбус і яго складовая частка, цётка-аўтаінфарматар.

З салона выпадаюць чалавек пяць, але на прыпынку няма ахвотнікаў улезці да нас – мабыць, іх падхапіў іншы тралейбус, які вывярнуў з перпендыкулярнай вуліцы.

– Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак Палмэйра, – баючыся не паспець, паспешліва кажа цётка, але тралейбус чамусьці не спяшаецца зачыняць дзверы і толькі незадаволена бурчыць, перадаючы сваю дрыготку ранішнім пасажырам.

– П-ш-ш-ш, – нарэшце, выдыхае ён, чапаецца, але чамусьці бурчаць не спыняе... Прастору, вызваленую пяццю пасажырамі, якія вываліліся, тут жа займаюць канкурэнты-спадарожнікі, зрэшты, я і не спадзяваўся на поўную перамогу, маё дасягненне – гэта яшчэ адна прыступка ўгару... Па ўсходах тралейбуса, зразумела...

– Мужчына, вы цяпер выходзіце? – пытае мяне тая самая жанчына-ўладальніца шэрага паліто... Са спіны яна была сімпатычней...

– Я вас выпушчу, – бурчу я, і сыходжу на прыступку ўніз.

– Прыпынак Палмэйра, п-ш-ш-ш, – ізноў спрабуюць перакрычаць адзін аднаго аўтаінфарматар і тралейбус.

Я выскокваю вонкі і ўстаю справа ад брудных дзвярэй прама ў шэры патрапаны снег. Мае спадарожнікі клапатліва пакідаюць салон, і я ім за гэта шчыра ўдзячны.

– Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак Порту-Інглес, – кудысьці спяшаецца цётка, і я ледзь паспяваю заскочыць у тралейбус.

Аглядаюся па баках – адразу за кіроўчай кабінай заклічна маячыць самотная і пустая сядушка. Яна размяшчаецца прама на коле, і ўсюдыісныя бабулі яе звычайна ігнаруюць, чым напэўна крыўдзяць сядушку. Але я не такі. Я ўсаджваюся ямчэй і ўстаўляю ў вушы слухаўкі, якія выпалі падчас маёй экстранай эвакуацыі.

– Oh Mar, Mar azul, subi mansinho, Lua cheia lumiam caminho, – вельмі горача крычыць мне сумная крэолка.

Я гляджу ў змёрзлае акно з адталымі “пралысінамі”, а тралейбус устае ў чарговым заторы перад святлафорам і ў сувязі з гэтым ізноў люта бурчыць. Ніжэй мяне размяшчаюцца дахі легкавушак з правым рулём, і мне нават відаць кіроўцаў і пасажыраў, якія сядзяць адразу за імі. Вось мужычок у такт нейкай сваёй крэольскай музыцы ў салоне пастуквае па рулі, а вось сівы вусач практычна ўлёгся падбародкам на руль, а вось сімпатычная маладая жанчына з туга схопленымі ў хвост валасамі, не абгортваючыся, адчытвае свайго атожылка, які раздурэўся ў дзіцячым крэсле ззаду...

– Дз-з-з-з, Прыпынак Порту-Інглес, п-ш-ш-ш, – вельмі стройна і паслядоўна кажуць тралейбус і цётка-аўтаінфарматар.

На прыпынку выходзяць некалькі чалавек, і на змену ім у салон залазяць тры бабулі ў шэрых хустках. Я іх не баюся – на коле яны сядзець не будуць, а басаногая бабуля Сэзарыя як раз праспявала мне “Nha cancera ka tem medida”, і я ўспрымаю яе словы як сігнал да таго, каб уціснуцца ў куртку глыбей і заплюшчыць вочы.

– Асцярожна, дзверы зачыняюцца, наступны прыпынак Боавішта, – нарэшце, вымаўляе аўтаматычная цётка, і дзверы з шыпеннем зачыняюцца...

Цікава, пра што можна журыцца на выспах Зялёнага Мыса? Напэўна, пра штосьці вечнае... Пра тое, як растаюцца закаханыя, ці пра тое, што жыццё праходзіць, ці чаму бракуе крышачку шчасця... А пра што журымся мы? Пра тое, як растаюцца закаханыя, пра тое, што жыццё праходзіць, пра тое, чаму бракуе крышачку шчасця... Ну і пра тое, што ў нас сонца вельмі мала – у Каба-Вэрдэ, думаю, такіх праблем няма... Хоць голас бабулі Сэзарыі усё адно сумны...

– Quem mostra' bo ess caminho longe? – спявае крэолка, і яе тузе верыш цалкам і да канца...

– Прыпынак Боавішта, – абыякава перабівае яе аўтаінфарматарша, і я выкідваюся з тралейбуса ў шыпячыя дзверы.

Знадворку мяне асляпляе яркае сонца на фоне бялявага неба, а ногі намацваюць зыбкі пясок, амыты Атлантычным акіянам...

– Sodade... Sodade... Sodade... – голас становіцца гучней, і я разумею толькі адно – усё роўна, паспею я сёння на працу да дзевяці ці не.