Данiла

Юлика Табо
***
…Я павольна гойдаюся ў невядомым мне стане. І здаецца, магу адпіхнуцца і ляцець-ляцець-ляцець... Аднак гэта яшчэ ні разу не атрымалася, я не магу нават паварушыцца. Нешта перашкаджае. Як быццам цемра захапіла мяне, працяла наскрозь і растварыла ў сабе.
У гэтай цемры страшна, тут становіцца ўсё няўтульней. Вакол нешта вагаецца, верціцца, шапоча, перамяшчаецца. Але часам бывае прыемна. Нядаўна, напрыклад, быццам хвалі прайшлі праз мяне, лёгенька паказыталі і разліліся. А да гэтага некалькі разоў яны шкрабліся, ціснулі. Я пастаянна адчуваю, што нешта адбываецца са мною, я змяняюся, мяне як распірае знутры, хаця, як раней, застаюся нерухомым. Мне боязна, што аднойчы мне не хопіць месца.
Ой… што гэта? Здаецца, я магу варушыцца… Вось так… так… так… Трапіў на нешта цвёрдае. Яно вакол. Не паддаецца. Адпіхвае мяне назад. Але ж магу варушыцца… Так-так-так…
***
Я прачнулася ад нечаканага болю. І адразу ж зразумела, што гэта ён… Мой маленькі. Варухнуўся. Упершыню. І ціхенька пагладзіла жывот. "Спі, сынок, родненькі мой, спі" — шаптала, каб не разбудзіць мужа, яму рана на працу, і пасміхалася… Па шчаках крупнымі бусінамі кацілася шчасце.