Мамзэля

Беларуски Куток
Мамзэля
Натальянка

2000-ы
Парадаксальна, што гэта здарылася менавіта зараз, але сапраўды, некалькі дзён таму я зусім выпадкова знайшла старэнькі каляровы сшытак – ну, ведаеце, мусіць, усе дзяўчынкі класе ў чацвёртым-пятым вядуць анкеты. Бадай, гэтаксама, як перад школай яны гуляюць у шкляныя сакрэтыкі, а ў дванаццаць-трынаццаць год упершыню цалуюцца з хлопчыкам з суседняй парты або вуліцы. Праўда, мне ў дванаццаць было не зусім да гэтага, аднак тое ўжо зусім іншая гісторыя. Магчыма, я распавяду і яе крыху пазней.
Па традыцыі, першай такую анкету запаўняла яе гаспадыня…
Любімы фільм - “Бум” (і зараз гляджу з задавальненнем).
Любімая актрыса – Катрын Дэнёў (а-а, памятаю, якраз тады я была ў захапленні ад музыкі з “Шэрбурскіх парасончыкаў”).
Любімы акцёр - Ален Дэлон (трэба ж, у мяне ўжо тады быў нядрэнны густ!).
Любімы пісьменнік – Франсуаза Саган (ну, так, бацькі заўсёды казалі, што я чытаю тое, да чаго яшчэ не паспела дарасці).
Любімы спявак або спявачка – Джо Дасэн (“Et Si Tu N’Existais Pas” зараз грае ў мяне замест будзільніка на магнітафоне).
У якім горадзе ты марыш пабываць? – Зразумела, у Парыжы. (Шкада, у той адзінай паездцы я паспела пабачыць яшчэ далёка не ўсё).
Так, сапраўды, я захаплялася Францыяй з маленства. Не ведаю, чаму і адкуль.
Я не хацела вучыць англійскую мову, і мама з татам самаахвярна вазілі мяне першыя чатыры гады праз увесь наш гарадок у спецыялізаваную школу (потым я пачала ездзіць сама).
Я ўдзельнічала ва ўсіх алімпіядах і конкурсах па французскай мове. Усе рэфераты, што мы пісалі па гісторыі, я выбірала пра эпоху Напалеона або Філіпа Прыгожага. Я была закаханая ў гэтую краіну, мне здаецца, з таго самага моманту, як пачала нешта разумець у жыцці. Шанэль, руская эміграцыя і Сэн-Жэнеўеў-дэ-Буа, “Маленькі прынц” і карціны Клода Монэ – ці можна пералічыць усё, што дала свету Францыя?
Мама была здзіўленая, тата не хаваў гонару, а я ўспрыняла як мае быць, калі ў восьмым класе перамагла спачатку ў абласной, а потым і ў рэспубліканскай алімпіядзе. Узнагароджаннем стала прапанова паехаць на тыдзень у Парыж для ўдзелу ў міжнародным конкурсе для школьнікаў з краін, дзе вывучаецца французская мова.
Не, вы толькі, калі ласка, не падумайце, што я такая “мамзэля”, якая надта ўяўляе пра сябе. Ну, сапраўды, чым яшчэ мне было займацца ўвесь той папярэдні год, што я амаль цалкам правяла на бальнічным ложку? Так, я чытала літаратуру ў арыгінале і вяла дзённікі, дзе спрабавала апісваць свае ўражанні таксама па-французску. Памятаю, як настаўніца матэматыкі, што разам са мной дзяліла палату, калі мяне рыхтавалі да трэцяй аперацыі, усё здзіўлялася, як дзіця можа столькі чытаць, тым больш на чужой мове. А чым яшчэ мне было займацца? Думаць пра тое, што два папярэдніх хірургічных умяшальніцтвы так і не далі рады майму ўпартаму носіку, і зараз добры і разумны Аркадзь Рыгоравіч не ведае, што яшчэ са мной зрабіць, акрамя як зноў пусціць пад нож, цяпер ужо не кіруючыся жаданнем захаваць мне прыгажосць на будучыню. Не ведаю, як тады мама здолела ў апошні вечар усё ж адгаварыць яго. І сапраўды, пасля адпачынку на моры – адзіным, што, ён і ўсе мы яшчэ спадзяваліся, мне дапаможа – я перастала балець. У напамінак пра той жахлівы год мне застаўся толькі шрамік на пераносіцы, які і па сёння я стараюся часам хаваць за акулярамі, асабліва ў незнаёмых кампаніях і абставінах.
Ну, вось, дарэчы, я і растлумачыла, чаму ж так і не цалавалася з хлопчыкамі ў свае дванаццаць год.
Але я ўсё нешта не пра тое. Ну, дык такім чынам становіцца крышачку больш зразумелай мая прага да ведаў пра Францыю і адпаведнае яе наталенне. Так, я папала ў Парыж у маі дзевяноста трэцяга года, вучаніцай восьмага “А” класа звычайнай беларускай школы. Цяжка паверыць? Мне таксама часам здаецца, што тое адбылося зусім не са мной, або не адбылося ўвогуле, ці толькі ў маіх марах. Ведаеце, я б і сама не верыла і зараз, каб не мае фотаздымкі ў кампаніі дзяўчатак, з якімі я тады жыла (дзве з іх былі з Венгрыі, адна з Шатландыі і яшчэ адна з Мексікі – мусіць, нас спецыяльна сялілі з іншаземцамі, каб мы хутчэй маглі адаптавацца да размоў выключна па-французску), малюнкі, што я рабіла прыхапкам на Эфелевай вежы ды Елісейскіх палях і лісты ад Віктора.
Нарэшце… Нарэшце Віктор прыязджае да мяне ў госці. Ці радая я – ну, зразумела ж. Як можна не радавацца таму, што ты ўбачыш даўняга і блізкага сябра, з якім кантактавалася ўсе гэтыя сем год. Мы пісалі адзін другому лісты, дасылалі паштоўкі і маленькія падарункі-сувеніры, і тэлефанавалі па два – не, тры разы на год – паміж каталіцкімі калядамі і Новым годам (ніхто не ведаў, калі дакладна Віктор патэлефануе, але ён рабіў гэта заўсёды ў адзін з мітуслівых перадсвяточных дзён, так што нават мама з татам недзе год, пэўна, на трэці пачалі прывыкаць да яго “**Шчаслівага Ражаства” і сталі жадаць у адказ “**”). Ён абавязкова тэлефанаваў мне на дзень нараджэння. Ну, і адпаведна, раз у год – на яго дзень – я таксама званіла яму.
Так, я вельмі радуюся. Але хвалююся, здаецца мне, яшчэ больш. Таму што – ведаеце, усё ж такі, сустрэцца адзіны раз, калі нам было па трынаццаць (мне) і семнаццаць (яму)… і потым, канешне, гаварыць і чуць голас – хаця б так рэдка і так далёка-глухавата-з перашкодамі ў трубцы, і дасылаць фотаздымкі – ну, зразумела ж, самыя найлепшыя і прыгожыя… і я разумею, што мы проста сябры, а можа, нават, лепш было б сказаць – мы проста знаёмыя… і я зусім ужо не тая сарамлівая дзяўчынка… але, здаецца, з ім я і не была сарамлівай, бо тады, сем год таму, з ім было вельмі лёгка, проста, нават тое, што я не ведала нейкіх словаў па-французску, а ён увогуле не разумеў рускай мовы, неяк не замінала нам смяяцца і адчуваць сябе шчаслівымі…
І ўсё ж такі мне боязна. Да таго ж, Віктор напісаў, што едзе не проста так, не толькі каб пабачыцца са мной. Якія яшчэ справы яго могуць чакаць у Беларусі, дзе ён ніколі не быў і не факт, што апынецца яшчэ раз?
Але, здаецца, у рэшце рэшт абвясцілі пасадку рэйса 483 Парыж – Франкфурт – Мінск.
Ой, мамачкі, я баюся!..
 – Bon jour, mademoiselle Natalie. Ты зусім не змянілася. Не, хлушу. Здаецца, ты стала яшчэ прыгажэйшай…

…Мая бабуля Ірэн заўсёды верыла ў наканаванасць лёсу.
“Калі б гэта не было прадвызначана загадзя, – казала яна, – ці атрымала б я ў спадчыну імя, грошы і замак д’**. Я стала першай дзяўчынкай у сям’і за ўвесь час яе існавання, да якой вымушана было перайсці ўсё… ”
Іншая справа, што бабуля б з радасцю адмовілася ад сумніўнага ў наш час гонару насіць тытул, ад якога засталіся толькі амаль спарахнелыя за два стагоддзі паперы, маёнтак, што трэба кожныя пяць год рамантаваць дзеля таго, каб падабацца турыстам, ды так званае багацце, большую частку якога спусціў у карты напярэдадні Першай сусветнай вайны мой прапрадзед, а астатняе ахвяраваў на рух Супраціўлення падчас Другой яго сын. Усё тое, на думку Ірэн, не каштавала адной усмешкі Фелікса. Фелікс – бабулін брат, старэйшы за яе на два гады. Ён загінуў у аўтааварыі ў 50-м, яму было ўсяго дваццаць. Менавіта яму, здавалася б, было наканавана стаць спадкаемцам усіх нашых сямейных грахоў і перамог. Але нехта там зверху, мусіць, нешта пераблытаў, і ў выніку пачэснае імя д’** вымушаны працягваць я. Не тое каб мне надта не спадабался… але я зусім спакойна абышоўся б без усіх гэтых фанабэрыстасцей, якімі так ці інакш кожнага з нас, прадстаўнікоў Сям’і, абцяжарвае род, продкі, мінулае.
Калі б не бабуля, я б, мусіць, увогуле не надта цікавіўся ўсёй гэтай генеалогіяй. Дзякаваць лёсу, яна ў нас яшчэ не такая ўжо і заблытаная – што ўжо казаць пра сем’і, якія вядуць адлік ад паходаў крыжаносцаў, або якім падараваў тытул у падзяку за сваю падтрымку першы з Бурбонаў, гэты вёрткі прыгажун Генрых Чацверты. Не, усё значна прасцей.
Мы налічваем усяго толькі дзвесце год. Калі быць зусім дакладным – сто дзевяноста два. Тытул барона быў падараваны Жыльберу ** ў 1808 г. Так, так, не здзіўляйцеся, наша хвалёная Французская рэвалюцыя не збіралася адмяняць прывілеі для арыстакратаў – яна проста хацела захапіць іх для прадстаўнікоў новай улады. Прыблізна тое ж, але з большай крывёй, адбылося ў бальшавіцкай Расіі. Не, гэтыя дзве краіны надта падобныя, каб ім меўся сэнс ваяваць адна супроць другой. Шкада, што Напалеон так гэтага і не зразумеў…
Ну, дык вось – Жыльбер, першы барон **, нарадзіў Поля. Што таксама нельга абазваць ніяк акрамя прадвызначэння лёсу, бо гэты самы Жыльбер пасля паходу на Маскву, як кажа сямейнае паданне, так надоўга страціў жаданне жыць, што першы ўладальнік арыстакратычнай прыстаўкі д’ мог стаць і апошнім. Дзе і як ён сустрэўся з Алаізай, адкуль яна была родам і наколькі ён закахаўся – пра тое можа сведчыць толькі адзіны факт: ва ўзросце 45 год Жыльбер нарэшце стаў мужам, а потым і бацькам адзінага сына. Поль у сваю чаргу даў жыццё наступнаму Жыльберу, за ім быў Жан – той самы, што вельмі любіў азартныя гульні. Ну, а далей ужо ўсё проста. Жан – бацька Шарля. А Шарль – гэта бабулін тата. Афіцэр, палкоўнік, удзельнік Супраціўлення, сябра Фелікса Юсупава і Шарля дэ Голя адначасова і проста абаяльны мужчына. Вось чыю біяграфію варта было б апісаць па-мастацку, калі б я тое ўмеў. Так, менавіта дзякуючы Юсупавым дзеці Шарля і атрымалі свае імёны – Фелікс, у гонар яго самога, і Ірэн – па жонцы.
У бабулі ёсць сын Антуан, а ў Антуана – я, Віктор. Уф, нават парелічэнне гэтых даўно забытых усімі шкілетаў займае добрых паўгадзіны.
Але на самой справе я жартую. Такі вось крыху цынічны гумар. Бо, колькі б я ні прыкідваўся, што ўсе сямейныя паданні мне па барабану, я добра ведаю – ці, правільней будзе гэта назваць – выдатна ўяўляю кожнага з маіх папярэднікаў. Штосьці распавядала бабуля, астатняе я дамалёўваў у сваіх фантазіях праз патускнелыя ад часу партрэты, што захаваліся ў замку і нават займаюць не самае апошняе месца – галерэя даволі такі выразных у сваім надменна-арыстакратычным снабізме твараў суправаджае наведвальнікаў “аднаго з куткоў Францыі, што захавалі прыгажосць былых стагоддзяў” (цытата з турыстычных буклетаў, якую можна аднесці, па-мойму, да кожнай мала-мальскі прыстойнай сядзібы), калі яны падымаюцца з першага паверха на другі.
І менавіта з той прычыны, што ўсе яны – мае родныя, дарагія і неабыякавыя мне, а яшчэ больш жадаючы ўлесціць бабулю, якая надта сярдуе на мяне, што я не зрабіў гэтага раней, я і выправіўся ўсё ж такі ў гэтае падарожжа. Падарожжа ў мінулае.
Чаму мне ніколі не прыходзіла ў галаву напрасіцца ў госці да Наталі?
Мы шмат што паспелі абмеркаваць за сем гадоў нашай перапіскі ў лістах. Я ведаю першага хлопчыка, з якім яна цалавалася (і часам мне ўсё ж такі крыху шкада, што ім апынуўся не я) – яна ведае, чаму я так і не ажаніўся з Марыянай, хаця нават мае бацькі былі не супраць, нягледзячы на мой дастаткова малады ўзрост (я сустракаўся з ёю з дзевятнаццаці да дваццаці двух – гадоў, зразумела ж, не гадзін. А Вы што падумалі?). Я імкнуўся падтрымаць яе, калі ўсё ж такі замест свайго інстытута замежных моў, куды яна магла папасці без экзаменаў – з яе-то веданнем французскай! – Наталі выбрала факультэт міжнародных адносін. І нават калі ў першы год ёй не хапіла двух балаў – не адмовілася ад свайго жадання. І зараз, хоць і са спазненнем, яна ўсё ж такі вучыцца там, дзе хацела – малайчынка. (Паважаю па-разумнаму ўпартых жанчын.) Нават тое, што яна раскрытыкавала маё жаданне бросіць коледж і пайсці вывучаць жыццё на практыцы – навошта журналісту адукацыя, хіба хто ведае? – не замінае нашаму добраму сяброўству.
Але чамусьці я ніколі падрабязна не расказваў ёй пра сваю сям’ю. Не, яна, канешне, ведае, што бацька мой – спадкаемца прыгожага французскага прозвішча з эффектнай літаркай д’ на пачатку. Аднак гэта нічога не значыла для нас ні ў той тыдзень, калі мы разам гулялі па Парыжу, ні пазней, калі тэлефанавалі адзін другому, віншуючы з днём нараджэння. Ні ў нашых лістах, дзе мы разважалі шмат пра што, у тым ліку пра грошы як вымяральнік шчасця. (Ні я, які мае іх дастаткова, ні яна, зразумела, больш абмежаваная ў сваіх жаданнях, не настолькі дурныя, каб не разумець дзвюх супроцьлеглых рэчаў: грошы не робяць чалавека шчаслівым. Аднак шчасце нядоўга здольнае пратрымацца на іх адсутнасці.)
Можа, я саромеўся расказваць ёй пра тое, што калісьці ў гэтай беднай (і тады, і зараз), незразумелай, не зусім самастойнай і далёка не самай палітычна разумнай краіне мой знакаміты і загадкавы родзіч пацярпеў паражэнне разам са сваім удалым, геніяльным, мудрым і гэтак далей – Імператарам.
Але зараз, рана ці позна, я мушу гэта зрабіць. Бо, акрамя таго, што я хачу зноў пабачыць Наталі, хачу пазнаёміцца ўсё ж такі з яе радзімай і, магчыма, закахацца ў яе гэтак жа, як калісьці гэта здарылася з ёю адносна маёй Бацькаўшчыны, акрамя звычайнай цікавасці да новых мясцін і людзей – я ўсё ж такі жадаю зразумець, што такога было і ёсць у славянах і чаму яны здолелі перамагчы ўсіх, пачынаючы ад мангола-татар і скончыўшы Гітлерам. Я хачу пабываць там, дзе калісьці выратаваўся ад смерці, але не пазбегнуў сораму паражэння мой прапрапра… мой продак Жыльбер д’**, 27-гадовы капітан славутай напалеонаўскай арміі.
Я еду ў Беларусь. Я еду на Беразіну. Я еду да Наталі.
…– Ах, Віктор, ты як заўсёды галантны кавалер! А я не магу так адразу зрабіць вывады наконт цябе. Што ты б хацеў пачуць – які ты дарослы і мужны? Ці тое, што ў маёй памяці табе ўсё роўна семнаццаць?
Наталі ўсміхнулася. Сустрэча адбылася.

1830-ы.
Чаму жыццё зноў паставіла яго ў сітуацыю гэткага выбару? Няўжо яму не хапае душэўных пакутаў за тое, што адбылося амаль дваццаць год назад? Ён верыў, што са з’яўленнем у яго жыцці Алаізы яго нарэшце адпусціць туга за страчанае некалі маладое шчасце. Сапраўды, з гэтай дзяўчынкай Жыльбер паволі пачаў зноў адчуваць прыгажосць і радасць кожнага новага дня. І аднак, яна зусім, зусім не падобная на Ізабэлу…
Ізабэла – мусіць, ён так забыўся, што вымавіў імя ўслых, і быццам ціхенькае рэха разнеслася па замкавым пакоі. Рэха, такое ж нячутнае, сарамлівае, трапяткое, якою калісць была яна сама. Яго першая любая жонка.
Яна была побач з ім з тае самай пары, як сам Жыльбер памятаў сябе. Суседская дзяўчынка з агромністымі вачыма, падобнымі на вішанькі, з даўжэзнымі косамі, акуратна паднятымі ў падабенства маленькай каронкі – і заўсёдным водарам (гэта нельга было назваць звычайным словам “пах”!) ванілі, які нібыта ахутваў яе. Бацька быў заможным пекарам, яго краму ведала палова горада, і ўсе дзеці ў сям’і Поля Вадэна з маленства дапамагалі на кухні.
Так, яны жылі на адной вуліцы, Ізабэла, дачка пекара, і Жыльбер, сын збройніка. Па сутнасці, іх лёс быў наканаваны. Яны павінны былі б ажаніцца, з рэвалюцыяй, або без яе. Праўда, калі б не рэвалюцыя, наўрад ці сам ён стаў бы спачатку салдатам, а потым, дзякуючы Напалеону і яго перамогам, і афіцэрам, і нават дваранінам з ганарлівай прыстаўкай да прозвішча. Доўгія гады ён не мог звыкнуцца з тым, што гэта сапраўды адбылося з ім, хлопчыкам з простай сям’і, дзе спакон стагоддзяў перадавалася ад бацькі да сына майстэрства рабіць прыгожую і моцную зброю, але не карыстацца ёю без сур’ёзнай патрэбы на тое.
Рэвалюцыя ўзбурыла і звіхурыла ўсё. Жыльбер апынуўся ў арміі. Праз некалькі год стаў капітанам. У адзін з вельмі кароткіх і нячастых адпачынкаў, калі ён вырваўся нарэшце да бацькоў, яны ажаніліся. І амаль перад тым клятым дванаццатым годам яму быў дараваны вышэйшай уладай гэты самы замак, дзе ён замер зараз у нецярпліва-пакорным чаканні, нібы звер, якому новая бойка растрывожыла старыя раны.
Яна ніколі не бачыла гэтых пакояў. Ізабэла ўвогуле не хацела ні яго новага тытулу, ні багацця, якое абяцаў кожнаму са сваіх афіцэраў пасля заваёвы далёкай і дзікай, але такой багатай лясамі, людзьмі і землямі Расіі вялікі імператар. Усё, чаго яна хацела, – гэта быць разам з ім. І таму яна дабілася дазволу на тое, каб адправіцца ў паход на Маскву разам з мужам.
Іх было не так ужо і мала, жанчын напалеонаўскай арміі. Маркітанткі, кухаркі, дзеўкі, падабраныя кімсьці з салдатні па дарозе праз Германію і Польшчу, якія таксама жадалі ўхапіць свой кавалачак шчасця, якім бы прывідна-нядоўгім яно ні апынулася... Але былі і такія, як яна – жонкі. Са сваімі пакаёўкамі (о, добрая маленькая Жанета, дзе згубілася і яна…), з куфрамі сукенак, якія яны збіраліся чапляць на сябе на балах у былых палацах рускіх князёў.
Каб толькі яны маглі прадбачыць, як сустрэне іх гэтая напаўгалодная, нямытая краіна, дзе рабы гатовыя былі заставацца рабамі сваіх гаспадароў, паліць свае хаты і мерзнуць у лясах, толькі б не вітаць пераможную французскую армію!
Калі б ён толькі ведаў, што Ізабэла адпраўлялася з ім, ужо чакаючы дзіця – ён бы пасварыўся з ёю, але ніколі не дазволіў бы трэсціся па гэтых бясконцых выбоінах, у іх жа, рускіх, нават шляхоў нармальных не было!
Калі б яны ўмелі зазірнуць у будучыню… будучыню, якая стала такім далёкім мінулым, схаваным толькі на донцы яго душы, што амаль ніхто сёння ўжо і не памятае яго Ізабэлу… Бацькі памерлі, сябры загінулі. Усё, што яму засталося, – толькі ўспаміны.
Але не! У яго ёсць Алаіза. Пакуль што яна яшчэ ёсць. І калі трэба будзе выбіраць паміж яе жыццём і жыццём дзіцяці…
Тады, у нейкай забытай Богам вёсцы на беразе той праклятай рэчкі, пасля якой яны вярталіся дамоў нібы пабітыя сабакі, халоднай лістападаўскай ноччу, калі Ізабэла пачала раней на два месяцы раджаць – яго не пыталіся, каго выратоўваць. Яго ўвогуле не пыталіся ні аб чым, адзінае, што яму на памяць пакінуў літасцівы Гасподзь – яе апошнія словы. Жыльбер так і не даведаўся, сказала яна іх у ліхаманцы, не разумеючы, бо там было надта, дужа натоплена, у той сялянскай хаце, так, што ў яго самога закруцілася галава, калі з мароза ён нібы нырнуў у пекла. Яна прашаптала: “Памятаеш…мы хацелі, каб у нас былі хлопчык і дзяўчынка… адразу… разам… як мы з табой…заўсёды разам…”
І болей яна не сказала яму ўжо нічога.
Яны былі, мусіць, добрыя людзі, тыя мужык з жонкай. Аддалі ёй лепшы ў хаце пакой. Тая кабета, у якой сваіх было, мусіць, дзяцёй пяцёра – тыя спужана хаваліся на печы, усё спрабавала дапамагчы Ізабэле, нешта шэпчучы на сваёй мове, і гладзіла, гладзіла яе пальчыкі сваімі стамлёнымі ад працы, шурпатымі далонямі. Так урэзаліся чамусьці ў яго свядомасць тоненькія, схуднелыя жончыны запясці, накрытыя гэтымі старымі на выгляд, счарнелымі рукамі.
Яны адшукалі нейкія зёлкі, паілі яе адварам – як ён тады зразумеў, гэта каб астанавіць крывацячэнне. І нават знайшлі ў гэтай спужанай, збяднелай вёсцы малако ад чыёйсьці цудам пакінутай каровы – бо, Жыльбер ведаў, французы адбіралі ўсё. Малако для немаўляткі… але дзяўчынка была такая зморшчаная, такая маленькая, такая сінюшная, што нават яму, які ніколі ўвогуле ў жыцці не бачыў нованароджаных, стала зразумела – не выжыве…
Ён хацеў пакінуць ім грошы, у яго былі нават не франкі, а гэтыя, іхнія рублі, засталіся з Масквы. За тое, што хацелі выратаваць Ізабэлу. І за тое, каб пахавалі яе па-чалавечы, бо яму не было калі заставацца і рабіць гэта самому – раніцой, загадаў імператар, астаткі арміі будуць пераходзіць праз Беразіну. Нельга губляць ні гадзіны.
Але яны не ўзялі яго скамечаных паперак. Кабета нават заплакала, паказваючы то на сябе і дзяцей, то на стары, пацямнелы абраз, як зразумеў Жыльбер, Дзевы Марыі з хлопчыкам на руках, які вісеў якраз у пакоі, дзе памірала яго Ізабэла.
І ён збег. Збег адтуль, з гэтай гарачай хаты, дзе не было амаль нічога, акрамя таго самага абраза, печы, лаваў, стала і таксама старога, мусіць, бабінага яшчэ куфра, так не падобнага на іх французскія валізы. Але ў гэтай хаце чамусьці ўсё ж адмовіліся браць грошы за тое, што не дапамаглі выжыць чужой жанчыне, жонцы ворага…
Потым ён збег з Расіі – шчасліўчык, казалі пасля тыя, хто ніколі не бываў на Беразіне. Так, ён застаўся адным з немногіх, каму ўдалося вярнуцца дамоў.
Але шмат гадоў пасля ён задаваў сабе пытанне – а ці варта было вяртацца?

2000-ы.
– А ці можна ў вас напракат узяць аўто?
Пытанне Віктора збянтэжыла, мусіць, не толькі мяне, але і бацькоў: навошта хлопцу машына, калі ён не тое што не мае вадзіцельскіх дакументаў, але нават па-руску размаўляе не надта ўпэўнена, ды яшчэ з такім нетутэйшым акцэнтам, які адразу выдае ў ім замежнага чалавека. Ды і куды яму тут цікава праехацца? Мір з Несвіжам я яму ўжо паказала, спецыяльна прасіла сяброў, Мішу з Машай (так, так, амаль аднолькавыя імёны, мабыць, судзейнічаюць іх сямейнай гармоніі), яны нас вазілі. Па Мінску мы паглядзелі нават тое, што я сама ніколі дагэтуль не бачыла. Спецыяльна на цягніку з’езділі на дзень у Гародню – лічыцца, што гэты горад захаваўся лепш за іншыя ў гісторыка-архітэктурным плане. Віктор цікавіўся, распытваў, фатаграфаў будынкі і мяне на іх фоне, смяяўся, што выключна дзеля мяне трэба было б вынайсці машыну часу і перанесціся на пару-тройку стагоддзяў назад, надта цікава было б паглядзець на такую рамантычную дзяўчыну ва ўпрыгожаннях і сукенках беларускіх шляхцянак.
Здавалася, яму спадабалася ўся мая культурная праграма. А вось жа, глядзі ты, нечага я ўсё ж такі недагледзела… няёмка нават.
– Я ніколі такога не распавядаў, але справа ў тым… – Віктор задумаўся на хвілінку, нібы збіраючыся з думкамі, – справа, карацей кажучы ў тым, што мой далёкі продак ваяваў у напалеонаўскай арміі. І мне хацелася б паглядзець тую рэчку, дзе іх разграмілі рускія войскі. Я ведаю, што гэта не надта далёка ад Мінска.
–Беразіну? – здзіўлена спыталася я. – Чаму ж ты раней не казаў?
– Не ведаю. Я думаў, што табе не надта спадабаецца такое… мінулае нацыянальна-асабістае супрацьстаянне. А ты ведаеш гэтыя мясціны?
– Ну… на самой справе не, толькі прыблізна, таму што ніколі там не была. Чытала толькі.
–Я ведаю, – раптам нечакана сказала мама. – Калі хочаце, мы з татам вас адвязем.
Новыя сюрпрызы не прымушалі сябе чакаць.
– Ты? Вы? – нашыя ўсклікі амаль зліліся ў адзін. – Адкуль? І чаму ты заўсёды маўчала? – Пытанні сыпаліся з мяне, што бульба з коша. – Ты ж усё жыццё правяла ў гэтым горадзе? Нават нарадзілася тут.
– Так, я тутэйшая па ўсіх дакументах. Але бабуля твая якраз такі з тых мясцін родам была. Не ў самай блізкай вёсцы, але недалёка. Яна пасля вайны у горад збегла. Працу шукаць. У яе амаль усе родныя ці памерлі, ці загінулі. Маці яшчэ ў дзяцінстве. Бацька не вярнуўся з фронту. Была сястра малодшая, але яна ў балоце згінула, калі яны ад немцаў хаваліся.
– Як гэта ў балоце? – тут ужо мне самой сорамна стала, што я не ведала такіх рэчаў пра сваіх родных. Віктор радавод на два стаггоддзі, лічы, можа перасказаць, а я… бабулю памятаю мала, мне было гады чатыры, калі яна памерла. З дзедам, мама калісьці неахвотна аднойчы сказала, яны разышліся, калі яна сама маленькая зусім была. Усе мае цёткі-дзядзькі – з татавага боку, і мне чамусьці ніколі ў галаву не прыходзіла, чаму так адбылося. І дзед з бабкай па гэтай лініі ў мяне яшчэ жывыя, у Віцебскай вобласці жывуць, летам некалькі разоў падчас канікул мяне да іх адвозілі пагасцяваць, але я так нудзілася па дому, што праз два тыдні мяне прыходзілся забіраць дахаты. А тата ў Мінск паступаць прыехаў, скончыў тут інстытут, ажаніўся з мамай на апошнім курсе, а потым яны вярнуліся да яе на радзіму. Але я ніколі не цікавілася асабліва такімі рэчамі, а самі яны таксама не імкнуліся нешта мне распавядаць.
– Ну, калі немцы, або нават паліцаі мясцовыя аблавы рабілі, вяскоўцы баяліся не толькі што заб’юць – забівалі рэдка. Але хаты маглі спаліць, або – яшчэ хужэй – забіралі моладзь у Германію на працу. І таму па балотах ды лясах хаваліся. Вось маміна сястра, ёй тады было годзікаў дванаццаць, яна за маму на пяць год малодшая была, ступіла ў багну неасцярожна. І ўсё. Не дапамог ніхто выратаваць, а мама сама не змагла яе выцягнуць. Тая на яе вачах і патанула. Як ў кіно, памятаеш? “А зори здесь тихие…”
Мама казала так спакойна-сцішана, што мне стала не па сабе. Лепш бы яна заплакала ўжо. А ў яе нават голас амаль не дрыжэў. Віктор маўчаў, а я… я нават баялася павярнуць галаву ў яго бок, бо не вытрымала б зараз ніводнага руху – слёзы перапаўнялі вочы, не давалі дыхаць майму і без таго не надта здароваму носу і, здавалася, проста давілі знутры на мозг, які адказваўся ўспрымаць такую жудасную праўду. Такога не магло быць. Гэта проста не магло здарыцца, не тое што ў маёй уласнай сям’і, увогуле як на зямлі маглі адбывацца такія жахі? Не ў кіно, не ў кніжках, няхай сабе нават і заснаваных на чыіхсьці ўспамінах – але гэта заўсёды чыталася як нешта… ну, не далёкае, не, але як бы крышачку нерэальнае, ці што. А з маёй бабуляй? З маці маёй маці, без якой не было б, атрымліваецца, і мяне? Як увогуле яна жыла пасля з такім успамінам?
– Яна і мяне назвала – ў памяць пра тую Надзю, – дадала мама і, рэзка ўстаўшы, выйшла за дзверы.
– Не хадзі за ёй пакуль, – пацягнуў мяне за руку Віктор і, павярнуўшыся нарэшце да яго, я ўткнулася тварам яму ў грудзі і зарумзала сама.

1824-ы.
…На самой справе, думаў у гэтыя дні Кастусь, ён стаў галоўным у сям’і не зараз, калі ў хату прыйшла смерць. Уся гаспадарка апынулася на ягоных плячах яшчэ тры гады таму, калі бацьку прыдавіла тым, хай бы яно гарам гарэла, шматгадовым цяжкім амаль па-дубоваму дрэвам у лесе. Ён так і не змог акрыяць пасля таго выпадку, кульгаў па двары нібы калека... Усе хатнія мужчынскія справы даводзілася рабіць яму, старэйшаму сыну. Старэйшаму за шаснаццацігадовага Міколку і Юрку, якому было тады толькі чатырнаццаць. Пра дзевак і казаць няма чаго, якая з іх карысць у хаце – кудзелю прасці ды пасаг рыхтаваць, але каму гэткая галота яшчэ спатрэбіцца, толькі за душой і ёсць, што з твару прыгожыя ды працаваць умеюць…
Бацька разумеў і гэта. Яму замінаў не столькі фізічны боль – а нага ныла, асабліва ў дурное, даждлівае ды халоднае надвор’е, Кастусь не раз бачыў, як крывіўся ягоны твар, калі Васіль думаў, што ніхто не бачыць, – але само пачуццё бездапаможнасці, немагчымасці далей адказваць за сям’ю, усіх, каго павінен ён быў пракарміць і апрануць і вывесці хоць крыху ў людзі.
Усіх, нават няродных…
Гэта расцарапвала яму душу значна мацней. Магчыма, у нейкім сэнсе смерць сапраўды стала для яго збаўленнем, прабач, Госпадзі, думку грэшную.
Нібы падслухаўшы тое, што круцілася ў яго галаве, Паліна мякка вымавіла:
– Кастусь, не трэба так па тату гараваць. Можа, я дрэнна лічу, але… мне здаецца, што яму так лепей…
Ён у чарговы раз здзівіўся пра сябе, як тонка гэтая дзяўчынка ўмее адчуваць. І ўвогуле тое, што адбываецца навокал, і тое, як гэта адбіваецца ў яго душы.
Ніводную са сваіх сясцёр ён не любіў так, як Паліну – сапраўды, ніводную... Але зараз… трэба будзе гаварыць з маці. Ён не ведаў, якую прычыну прыдумаць, каб давесці да яе тое, што вырашыў яшчэ мінулай восенню. Кастусь бачыў, як паступова гэтая дзяўчынка пераўтвараецца з маленькага дзіцяці ў прыгажуню. Доўга не даючы сабе волю прызнацца ў сапраўдных адносінах да яе, ён тым не менш заўсёды памятаў, як яна з’явілася ў іх сям’і.
Магчыма, пра гэта раней магла б успомніць яшчэ Таццянка, аднак Таццянкі, як і бацькі, больш няма. Мусіць, зараз яна сустракае яго там, і нарэшце ёй не будзе так адзінока. Старэйшая з сясцёр, якая нарадзілася акурат следам за Кастусём, памерла пры родах у мінулым годзе. Гэта падкасіла бацьку яшчэ больш.
Паліна была няроднай ім па крыві. Яна ўвогуле была чужынкай, і Кастусь не раз употай сам сабе задаваў пытанне, няўжо гэтага не заўважае ніхто, акрамя яго? Ні суседзі, ні радня, ні нават самі дзеці. Яе бледнай скуры, якая так баялася сонейка, што з першымі ягонымі лучыкамі Паліна станавілася нібы замурзаная вяснушкамі. Яе далікатных пальчыкаў з тонкімі запясцямі, яе ўсмешкі, нібы сарамліва-вінаватай – быццам яна, сама таго не ведаючы, імкнулася не замінаць сабой астатнім дзецям ні бацькоўскай увагі, ні іх любові. Яе здольнасці ціхутка знаходзіць сабе занятак з самага маленства, нават тады, калі ўсе астатнія роўма раўлі, і маці не ведала, ці то кідацца ад аднаго да іншага, ці сварыцца з усімі разам.
Маці не надта хацела пакідаць чужое немаўля ў хаце. Кастусю ў памяць добра ўрэзаліся яе сцішаныя словы сярод ночы падчас, як ён тады яшчэ дзіцячым розумам дадумаў, не першай іх размовы на гэты конт з бацькам. І зараз праз амаль пятнаццаць год яны стукалі ў яго скронях, паўтараючыся нібы рэха.
–Бацька, дык што ж мы рабіць з ёю будзем?
–Што-што, – буркнуў у адказ Васіль, – гадаваць.
–Дык куды нам яе гадаваць, у нас сваіх пяцёра па лаўках, карміць няма чым, навошта нам гэтае дзіця яшчэ на шыю?
–Ну, а куды ты яе дзенеш, на вуліцу выкінеш?
–На вуліцу як на вуліцу, але ну хоць да пана трэба адвезці, няхай сам і разбіраецца. Можа, за ёй яшчэ вернецца хто.
–Ну, як вернецца, тады тое і будзе. Каму за ёй вяртацца?
–Ну, быў жа з той, як яе… Ізабэла, мусіць, мужык нейкі…
–Во тое і яно, што нейкі, можа, гэта палюбоўніца ягоная, дык ён толькі рады, што так атрымалася ўсё…
–Не, Васіль, дурное ты кажаш… у яго вочы не такія былі, калі яна памерла. Па любоўніцах так не пакутуюць.
– Ты ўжо ведаеш! А з чаго табе пан паверыць, што гэта не нашая дачка, а нейкай хранцузкай кабеты?
–Дык а мы крыжык пакажам, і пярсцёнак яе, і завушніцы…
–І што? Каб нас яшчэ абвінавацілі ў крадзяжы? Ну, баба, ты і ёсць баба, валасы даўгія, а розум кароткі… – Васіль павярнуўся на другі бок, чутно было, як зарыпелі лавы. – Застанецца яна ў нас, а там бачна будзе, можа, не аджыве яшчэ.
Але Паліна выжыла. Праз два месяцы, акурат пасля каляд, бацькі адвезлі яе пахрысціць у царкву. І так яна засталася ў без таго немалой сям’і Буслікаў. Дзе падзеліся тыя завушніцы, Кастусь не ведаў, калісьці, яшчэ таксама па дзяцінству, ён тайком бачыў іх у матычыным куфары, дзе тая захоўвала ўласнае вясельнае ўбранства. Але запытваць пра гэта, як разумеў ён ужо тады, было не варта.
І вось цяпер прыйшоў час прызнацца маці, што ён ведае пра Паліну. Не, казаць пра тое, чаго баіцца ён сам, таксама нельга. Бо баяўся Кастусь самога сябе. Зараз, калі бацькі больш няма, і ён стаў адзіным гаспадаром у хаце, усе пачнуць гаварыць і пра тое, што трэба ажаніцца. І будуць мець рацыю. Нават сам ён пагаджаецца з такой думкай, сапраўды, яму ўжо дваццаць чатыры, жаніцца можна. Але прыводзіць жонку ў хату, дзе акрамя ўласных сястры і братоў, ёсць яшчэ дзяўчынка, якая з кожным тыднем становіцца ўсё мілейшай… Як ён будзе тлумачыць сваю пяшчоту да яе? Братэрскімі пачуццямі? А калі раптам аднойчы яму захочацца пераступіць праз сямейную тайну? Кастусь разумеў, што яго адносіны да Паліны перастаюць быць проста звычайным імкненнем старэйшага брата апекаваць малодшую сястру.
І не хацеў, каб гэта кідалася ў вочы каму б то ні было. Нават маці. Ці – тым больш маці. Таму трэба вярнуць яе да старой думкі пра пана. Няхай сабе ён нават не прызнае такую праўду – тым больш, зараз, праз столькі гадоў, калі ўсе падзеі адышлі і амаль забыліся. А магіла Ізабэлы амаль зарасла бур’яном, бо бацькі, мусіць, прыняўшы рашэнне пакінуць яе дачку ў сябе, не хацелі, каб нават грудок зямлі на могілках быў напамінам пра мінулае ні ім самім, ні магчымым цікаўным аднавяскоўцам.
І канешне ж, самой Паліне не варта ведаць пра сваё паходжанне. Гэта нічога не здольна змяніць у яе жыцці. Яна такая ж сялянка, як і ўсе. І лічыць сябе адной з іх, Буслікаў. Што дасць ёй праўда, акрамя тугі па тым, чаго яна ніколі не зможа сабе дазволіць? Так, нарадзіўшая яе маці пахавана тут, у нашай зямлі. Але ёсць і іншая, таксама родная маці, якая вырасціла і выпеставала яе не горш за іншых, родных сваіх дзяцей, шчыра кажучы, тут трэба аддаць ёй належнае. Пасля той падслуханай Кастусём начной размовы маці ніколі не вылучала Паліну сярод астатніх, ні добрым, ні дурным словам, адносілася да яе абсалютна гэтак жа, як да Таццяны ці Гіленкі, не кажучы ўжо пра іх, хлапцоў. Бацька… так, магчыма, дзесьці ў далёкай невядомай ім краіне ў Паліны сапраўды ёсць родны ёй па крыві і плоці чалавек, які даў калісьці ёй жыццё. Але калі за ўсе гэтыя гады яму ні разу не захацелася вярнуцца і пабачыць сваё дзіця – навошта пускаць у яе галаву нейкія нязбыўныя мары пра тое, чаго ніколі не зможа здарыцца наяве? Палінін тата – гэта тата яго, Кастуся. Іншага ў яе ўжо не будзе.
Не. Ён сам, адзін, пойдзе да пана. Ён не возьме маці з сабой. Калі пан захоча праверыць – няхай сам яе выкліча. Калі паверыць адразу яму – няхай забярэ Паліну ў маёнтак, якойсьці пакаеўкай, ці хто там яшчэ ў іх служыць. Усё ж такі гэта лепшая, спакайнейшая доля, чым ад раніцы да ночы працаваць у полі. Але калі нічога не атрымаецца, ён напрамілы Бог будзе прасіць і маліць, каб гэтая размова засталася толькі паміж імі двума. Пан ужо стары чалавек, дзеці яго далёка, баяцца, што ён скарыстае маладосць і прыгажосць Паліны сабе на забаву, не варта – а магчыма, у панскіх пакоях яе хутчэй заўважыць хоць хто з не зусім простых сялян, не такі вясковы хлапец, як Кастусь. А пляткарыць пра гэта… усё ж такі пан – чалавек выхаваны, адукаваны, ды і навошта яму?
Так. Кастусь пойдзе да пана.
Ён зноў мімаходам глянуў на Паліну, якая дапамагала маці прыбіраць са стала пасля жалобнай вячэры, і сэрца яго прапусціла адзін удар.
Але чым хутчэй ён гэта зробіць, тым лягчэй яму будзе змірыцца з яе сыходам з сям’і – зараз, пакуль яна яшчэ не ўвайшла ў сваю лепшую пару маладосці, пакуль ён не бачыць, а толькі прадугадвае і ўяўляе, як наліваюцца жаноцкай прывабнасцю яе грудзі і сцёгны, абмалёўваючы тонкую талію, як больш трапяткімі становяцца рухі, як званчээ яе голас і нібы ахутвае яго мяккім воблакам яе смех. І тым хутчэй ён здолее забыць свае пачуцці і знайсці простую, роўную яму дзеўку, ажаніцца з ёй, нарадзіць дзяцей і пражыць свой лёс так, як яму было наканавана. Мары – дурная справа, асабліва для простых сялян. Дазволіць сабе мары могуць толькі паны.

2000-ы.
– Якія… незвычайныя ў вас могілкі, – з цяжкасцю падабраў слова Віктор.
Пасля таго, як мы пабывалі на Беразіне, палюбаваліся на краявід, пафатаграфаваліся на фоне стэлы, памаўчалі крыху, кожны па-свойму паспрабаваўшы ўявіць сабе маладога французскага афіцэра Жыльбера – мама з татам спыталіся, ці не будзем мы супраць, каб заехаць у бабуліну вёску – гэта амаль побач, усяго кілометраў дзесяць ад Студзёнкі.
Віктор, падаецца мне, увогуле не ўмее адмаўляць – яму проста не дазваляе выхаванне, а тым больш у такім выпадку. А мне… так, мне было цікава пабачыць, дзе ж нарадзілася бабуля. Я ніколі не была на яе радзіме. Я і на могілках яе, наколькі памятаю, калі і была, то зусім, зусім маленькай. Чамусьці пасля гэтага мамінага аповеду пра дзяўчыну, загінууўшую у балоце, мяне не пакідала пачуццё сораму і жалю. Не толькі да яе, ці да бабулі, якой прыйшлося таксама шмат перажыць і ў дзяцінстве, і ў юнацтве, як бы банальна тое ні гучала – абпаленым вайной, – а яшчэ і да самой сябе, і ўвогуле да ўсёй маёй зямлі. Мы ведаем і вывучаем чужую гісторыю, захапляемся героямі іншых краін, атаясамліваем сябе то з рускімі, то з палякамі, забываючыся часам на тое, што радзіма вымяраецца нават не мовай, на якой ты гаворыш, не веданнем галоўных дат сваёй дзяржаўнасці, не літаратурай – а тым, што дае табе сям’я і твае ўласныя продкі…
– У якім сэнсе незвычайныя? – перапытаўся тата, дасыпаючы жоўценькага пяску на магілку побач з бабулінай. Мусіць, яна таксама мела да нас нейкае дачыненне, але зразумець гэта было цяжка – стаяў толькі крыж з напалову сцёртым надпісам.
– Ну, ведаеце, яны такія… як неабжытыя. Не, – зморшчыўся Віктор, – зусім дрэннае слова. Неахайныя? Неўпарадкаваныя, во. У нас так акуратненька па радочках ляжаць пліты, выбрукаваны сцяжынкі – кожнаму зразумела, дзе і як адшукаць патрэбных… людзей.
– Дык гэта ж вясковыя могілкі, – усміхнулася мама. – Тут усе свае і сваіх ведаюць, вельмі рэдка прыязджаюць староннія людзі, ну, вось калі бацькоў прывозяць, напрыклад, а так-то хароняцца ў большасці мясцовыя – яны тут не заблытаюцца. Я і не вельмі хацела маму тут хаваць, у горадзе было б прасцей ездзіць. Але яна вельмі прасіла. Хацела, каб хоць хто-небудзь з сям’і разам з маці ляжаў. Тата яе загінуў пад Калугай, яна пасля ездзіла да яго. Надзі магілай балота стала. А маці тут адна…
– Гэта яе крыж? – кіўнула я ўбок.
– Так. Яна памерла, калі маме было гадоў трынаццаць, да вайны яшчэ. Паліна Пятроўна. А бацька быў Сяргей Пятровіч – нібы брат з сястрой. Ведаеце, мама казала, што яна мала што запомніла з аповедаў. Але што засталося ў памяці – маці ёй казала, што ў сям’і быў звычай усіх дзяўчынак называць двума імёнамі – Паліна і Кацярына, не ведаю, чаму. А на ёй, на маме, значыцца, маёй традыцыя скончылася, бо бацькі былі першыя камсамольцы на вёсцы і вельмі савецкую ўладу паважалі – таму замест Кацярыны яе назвалі Акцябрынай. Амаль тое ж самае, аднак зусім іншы змест…
А яшчэ чамусьці маці ў яе дразнілі на вёсці ўсе мамзэляй. Адкуль і чаму – мама ўжо не ведала. Можа, таму што далікатная надта была. За гэта яе дзед і ўпадабаў, мусіць…
Мама замаўчала. Маўчалі і мы – кожны пра сваё. Віктор, напэўна, думаў, што не дарма ўсё ж такі прыехаў да нас у Беларусь, спрабуючы тут адшукаць сляды свайго далёкага продка Жыльбера. Трэба будзе потым абавязкова спытаць, што, на яго думку, той адчуваў амаль дзвесце год назад, і ці магло яму, тому невядомаму нам, даўно спарахнеламу ў сваім фамільным склепе, а тады маладому і, мусіць, прыгожаму афіцэру прыйсці ў галаву, што аднойчы яго прапрапра… колькі там разоу праўнук апынецца там жа, дзе і ён. А ўвогуле ўсе мы рана ці позна апынемся там, дзе можам сустрэцца з усімі, хто даў жыццё нам, і нашым бацькам, і бацькам іх бацькоў…
Магчыма, так разважаў тата. Ці ён думаў, як жа пашанцавала яму самому, што яго родныя тата і мама яшчэ жывыя, і дай ім Бог здароўя яшчэ на шмат гадоў, як хораша, што ў яго вялікая, дружная, моцная сваёй еднасцю сям’я, і мы з мамай – таксама яе неад’емная частка.
Мама… можа, мама ўспамінала сваё не вельмі шчаслівае пасляваеннае дзяцінства. Можа, шкадавала, што я амаль не ведала і не памятаю сваёй бабулі, яе маці, гэтак жа, як яна не ведае сваёй…
А я думала, што, нягледзячы на тое, што я іх не ведаю, ніколі не бачыла, і магу толькі здагадвацца, якімі ж яны былі, як выглядалі і паводзілі сябе, ці былі яны такімі ж эмацыянальнымі, як мы, ці наадварот сцішана-стрыманымі, ганарлівымі ці ўсё даруючымі, пакутавалі яны ад безадказнага кахання ці прымушалі пакутаваць іншых – усе яны, хто сваёй усмешкай, хто разрэзам ці колерам вачэй, формай далоней або нечым, не бачным на першы погляд, але значна, значна больш важным і вызначальным – жывуць ува мне. І няхай яны працягваюцца і далей…