Чалавек у вышыванцы

Татьяна Трубач
Гэта было не так даўно, на вуліцы ў Заслаўі  я запрыкмеціла  маладую маці з дзіцем на руках. Жанчына была апранута ў белую вышываную кашулю. Я пацікавілася ў яе, дзе можна набыць такі прыгожы строй. Мой сын якраз папрасіў купіць яму новую вышыванку. Я абышла  мінскія, вядомыя мне, крамы, але ж  не змагла там  нічога выбраць. Сучасныя мужчынскія і жаночыя кашулі з традыцыйнай беларускай вышыўкай патрэбны многім.  Нехта, можа, запытаецца – навошта гэта  вам?
Задаволіла маю цікаўнасць  літаратурная  сустрэча ў сядзібе Таварыства беларускай мовы. Вядоўцам нашага  семінара “Чалавек у вышыванцы”  быў слынны журналіст і пісьменнік Уладзімір Содаль.  Ён даўно збірае расповяды, успаміны, фотаздымкі, цікавыя гісторыі пра нашы  вышыванкі  і людзей, якія з гонарам яе носяць. Некаторыя ўдзельнікі  семінара на сустрэчу  прыйшлі ў сваіх  вышываных кашулях ці прынеслі рэчы  з  сямейнай калекцыі.  Людзі  згадвалі, што пачуваюць сябе ў нацыянальных строях святочна, утульна,  ўрачыста. Гэта як абярэг, асабліва  калі  зрабіў дарунак  блізкі, родны чалавек. Узор арнамента гаворыць сам за сябе. Не трэба разумнаму чалавеку тлумачыць, што гэта абярэг,  наша сувязь з продкамі, нацыянальная  каштоўнасць. Проста апранула  вышыванку –  і пайшла  галоўным праспектам.  Фартух у нацыянальным касцюме  нават падкрэслівае  ролю жанчыны- гаспадыні.
З якой нагоды апранаецца вышыванка? Напрыклад, у мяне асаблівы, святочны настрой, у горадзе ці вёсцы фэст, святы Купалле, Вялікдзень, Каляды, музычная ці літаратурная вечарына. Чаму б не пайсці ў беларускі тэатр ці да сяброў?
Цікавыя эпізоды са свайго жыцця ў вышыванцы расказалі спадары С.Панізнік, М.Савіцкі, М. Ліннік, спадарыні Лета і Л.Белахвостава.
На свае вочы мы пабачылі кашулю М.Забэйды-Суніцкага.  Калекцыя Уладзіміра Содаля найбагацейшая ўспамінамі і фотаздымкамі знакамітых людзей: П.Броўка, М.Танк, Якуб Колас, Я.Купала, П.Краўчанка…  Нам не хапіла часу, каб выслухаць усе гісторыі, таму будзе працяг абмеркавання гэтай тэмы. Узнікла  і такая прапанова – устанавіць свята нацыянальнай вышыванкі. Калі гэта будзе? Яшчэ параімся. Уяўляеце, на Дзень Незалежнасці…
Мой бацька жаніўся ў вышыванай кашулі – лепшай на той пасляваенны час.
А мяне на Купалле моцна білі нейкія малойчыкі пад дых. Мабыць за тое, што была апранута  незвычайна, у беларускі нацыянальны строй. Ён і цяпер у мяне ёсць. Іншыя казалі, што людзі бываюць у захапленні  ад прыгажосці арнаментаў вышывак, ткацтва, малюнкаў. Абыякавых да іх я не сустракала.
Нашу вечарыну  аздобіла  выстава кніжнай графікі і малюнкаў гісторыка і мастака Юрыя Малаша. Ён распавядаў  пра  выкарыстанне беларускага арнамента ў творчасці  Язэпа Драздовіча і  ў рукапісных кнігах. Дарэчы, цікаўныя азнаёміліся таксама з кнігамі “Беларускі арнамент” Міхаіла Кацара і “Беларускі ручнік” Вольгі Фадзеевай. Мы даведаліся шмат аб майстэрстве ткацтва і вышыўкі. Фокус праблемы ў тым, каб нацыянальная культура  захоўвалася не толькі ў музеях, запаведніках – “рэзервацыях”, энцыклапедыях, але каб існавала, квітнела і пашыралася ў штодзённым жыцці. “…З вандровак  вяртаўся назад, ды роднага вушы не чулі!” – напісаў некалі паэт з Айчыны (Міхась Скобла). А мы ўсё аб тым жа. Не можаш у голас гаварыць – спявай, пішы, чытай; маўчыш – дык вышывай. Апрані, чалавек,  сваю вышыванку!