Дореволюционная периодическая печать Беларуси

Алексей Сорокопыт
Перыядычны друк як спецыфічная сістэма крыніц па гісторыі Беларусі XVIII – пачатку ХХ ст.

Рэферат па крыніцазнаўству гісторыі Беларусі



Оглавление

1.    Асноўныя этапы развіцця перыядычнага друку на Беларусі XVIII – пачатку ХХ ст.
2.    Асноўныя віды перыядычных выданняў XVIII – пачатку ХХ ст.
2.1.  Афіцыйная прэса на Беларусі. Губернскія і Епархіяльныя ведамасці
2.2.  Прыватныя выданні ліберальнага накірунку: “Минский листок”, “Северо-Западный край”
2.3.  Нелегальны друк рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку: “Мужицкая правда», «Гомон»
3.    Перыядычны друк перыяду рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. З’яўленне першых беларускіх выданняў – “Наша Доля” і “Наша Ніва”
4.    Методыка вывучэння матэрыялаў перыядычнага друку
5.    Выкарыстаная літаратура


1. Асноўныя этапы развіцця перыядычнага друку на Беларусі XVIII – пачатку ХХ ст.

Своеасаблівасць перыядычнага друку (прэсы) вызначаецца тым, што яна з'яўляецца комплекснай крыніцай, якая аб'ядноўвае і традыцыйныя віды крыніц, і разнастайныя спецыфічныя жанры. Тут друкуюцца заканадаўчыя, справаводчыя, статыстычныя дакументы, мемуары, літаратурныя творы. Гістарычныя часопісы змяшчаюць шэраг крыніц, што датычацца старажытнай гісторыі. Другая група інфармацыі ствараецца самой перыёдыкай за кошт уласных крыніц і ў сваіх характэрных формах.

Перыядычны друк на тэрыторыі Беларусі зарадзіўся ў другой палове 18 стагоддзя. Яго развіццё праходзіць праз два галоўных этапа: да Кастрычніцкай рэвалюцыі і перыядычны друк навейшага часу. У рамках першага перыяду (другая палова 18 – пачатак 20 стст.) можна вылучыць наступныя этапы:

1. Зараджэнне (другая палова XVIII – пачатак XIX ст.). Першым перыядычным выданнем на тэрыторыi сучаснай Рэспублiкi Беларусь была «Gazeta Grodie;ska» («Газета Гродзеньска»), што друкавалася на польскай мове ў Гродна з 1776 па 1780 г. (апошнi выяўлены нумар). Калi ж гаварыць аб тэрыторыi былога Вялiкага княства Лiтоўскага i аб творчым стымуле гэтага выдання, то, безумоўна, трэба назваць «Вiленскую лiтаратурную газету» («Gazeta literacka Wile;ska»), заснаваную ў 1760 г. Вiленскай езуiцкай акадэмiяй. Апошняя з 1796 г. выходзiла пад назвай «Кур’ер лiтоўскi» («Kurier Litewski»). Газеты выходзiлi штотыдзень невялiкiмi тыражамi. Матэрыялы iх дазваляюць вызначыць падтрымку паланiзацыi краю . У 1817 – 1818 г. выйшла 3 выпускi часопiса пад красамоўнай назвай «Отечественный памятник, посвященный дружелюбному соединению российских и польских народов», якi, аднак, не пакiнуў iстотнага следу ў развiццi перыёдыкi на Беларусi.

2. Станаўленне i ўмацаванне расiйскага афiцыйнага друку на Беларусi (30 – 80-я гг. XIX ст.). Перадумовай гэтага перыяду стала задушэнне шляхецкага паўстання 1830 – 1831 гг. i актывiзацыя палiтыкi расiйскiх улад на Беларусi. З 1834 г. «Кур’ер лiтоўскi» становiцца афiцыйным органам мясцовых улад i выходзiць таксама на рускай мове («Литовский вестник»). У 1830-я гг. афармляецца i другое выданне, якому наканавана было пакiнуць яркi след у развiццi афiцыйнага друку. Гэта газета «Губернские ведомости». Пасля задушэння паўстання 1863 г. колькасць выданняў, якiя сталi рупарам расiйскай афiцыйнай палiтыкi, павялiчылася. Найперш неабходна адзначыць перыядычныя выданнi праваслаўнай царквы («Полоцкие...», «Могилевские...», «Минские...» и «Гродненские ехпархиальные ведомости»), а таксама «Вестник Западной России».

3. З’яўленне i распаўсюджванне неафiцыйнага друку (другая палова 80-х гг. XIX ст. – 1917 г.). Ужо на мяжы 1850 – 1860-х гг. былi зроблены захады па выданні прыватнай, неафiцыйнай газеты, але закончылiся няўдачай. Аб адной з такiх спроб выдання «Беларускага веснiка» з’явiлася нават iнфармацыя М. А. Дабралюбава ў «Современнике». Былi спробы ўздзейнiчаць на друк i праз арэнду афiцыйных выданняў. Так, арандатарам «Кур’ера Вiленскага», што да гэтага часу прыйшоў у заняпад, стаў вядомы гiсторык, публiцыст Адам Кiркор. З 1 студзеня 1860 г. на яго старонках з’явiлiся матэрыялы па самых разнастайных пытаннях (гiсторыi, этнаграфii, лiтаратуры, культуры), карэспандэнцыi з розных месцаў Беларусi. У хуткiм часе «вiленскi, свой» «Кур’ер» меў больш за тысячу падпiсчыкаў, але задушэнне паўстання 1863 г. звяло да нуля i гэтыя намаганнi. Таму значнай падзеяй стаў выхад першай на Беларусi прыватнай грамадска-палiтычнай газеты лiберальна-асветнiцкага напрамку «Минский листок». З самага пачатку газета заняла патрыятычныя пазiцыi. Азначаны перыяд характарызуецца i пачаткам выхаду ў свет першых беларускамоўных выданняў. У 1906 г. выйшла некалькi нумароў «Нашай Долi», традыцыi якой прадоўжыла «Наша Нiва» – штодзённая газета на беларускай мове, якая выдавалася з 1906 па 1915 г. кiрылiцай i лацiнкай. Яна склала цэлую эпоху ў развiццi беларускага нацыянальнага адраджэння (яе называюць «нашанiўскай»), i гэтыя абставiны даследчыку неабходна ўлiчваць. Азначаны перыяд характарызуецца таксама вялікай колькасцю выданняў, якія арыентаваліся на мясцовага чытача («Мінскі голас», «Минское эхо» і інш.). Рэвалюцыйныя падзеі дазволілі выйсці ў свет выданням сацыял-дэмакратычнага напрамку, такім, напрыклад, як «Минский летучий листок» (1906). З'явіліся выданні ў многіх павятовых цэнтрах («Лидское слово», «Бобруйская жизнь» і г.д.) .


2. Асноўныя віды перыядычных выданняў XVIII – пачатку ХХ ст.

Асноўнымі відамі перыядычных выданняў адзначанага перыяду з’яўляюцца: 1) афіцыйная прэса (Губернскія і Епархіяльныя ведамасці); 2) прыватныя выданні ліберальнага накірунку (напрыклад, “Мінскі лісток”, “Паўночна-Заходні край”); 3) нелегальны друк рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку (напрыклад, “Мужыцкая праўда”, “Гоман”). Разбяром кожны від асобна.


2.1.  Афіцыйная прэса на Беларусі. Губернскія і Епархіяльныя ведамасці

У 1826 г. у Расіі быў прыняты новы цэнзурны Статут. Сучаснікі яго ахрысцілі “чугунным”, бо быў ён грувасткім, “зашпіленым на ўсе гузікі”, што ніякая свабодная дэмакратычная думка не магла ў ім адлюстравацца.

У кастрычніку 1830 г. Сенат выдаў указ аб стварэнні новых перыядычных выданняў, а ў 1837 г. было зацверджана “Палажэнне аб выданні губернскіх ведамасцей”. Царскія ўлады пачыналі ўсё больш і больш карыстацца і кіем, і пернікам, разумеючы вялікую сілу друкаванага слова ў выхаванні насельніцтва.

Такім чынам, “Губернскія ведамасці” павінны былі стаць афіцыйнымі друкаванымі органамі, праз якія ўлады размаўлялі б з народам. У цэнтральных губернях газеты з’явіліся раней, у беларускіх – у 1838 г. “Губернскія ведамасці” падпарадкоўваліся непасрэдна губернатарам, але яны, як правіла, і цэнзаванне, і рэдагаванне выданняў даручалі чыноўнікам з канцылярыі губернатара, якія і вызначалі іх “твар”. Назвы газет супадалі з назвамі губерняў. На Беларусі гэта былі “Гродзенскія губернскія ведамасці” (1838 – 1915); “Віцебскія губернскія ведамасці” (1838 – 1917); “Мінскія губернскія ведамасці” (1838 – 1917); “Магілёўскія губернскія ведамасці” (1838 – 1917).

Перыядычнасць газет вагалася ад 1 да 6 нумароў на тыдзень. Аб’ём вагаўся ад 2 да 4 палос. Фармат – ад фармату вучнёўскага сшытка да А2. Наклад – ад некалькіх соцен да некалькіх тысяч асобнікаў. Газеты мелі аддзелы – афіцыйны і неафіцыйны. Неафіцыйны мог выйсці і асобна, калі афіцыйных паведамленняў не набіралася на чарговы нумар. А гэта былі ўказы, дэкрэты, распараджэнні цэнтральных і мясцовых улад, спісы кошту тавараў, курс рубля, паведамленні аб судовых працэсах, спісы беглых сялян… У другім аддзеле друкаваліся справаздачы, статыстычныя агляды, матэрыялы па гісторыі краю, этнаграфіі, фальклору і інш., але і тут забараняўся аналіз грамадскага жыцця, палітычнага ладу, каментарыяў царскіх ці мясцовых указаў і распараджэнняў, друкаванне палемічных ці сатырычных твораў. Такім чынам, нават неафіцыйны раздзел заставаўся апорай самаўладдзя.

Зрэдку друкаваліся “Прибавления» - аб’явы аб гандлі таварамі, цэны на тавары, звесткі аб пажарах, самагубствах, хваробах, прапажы дакументаў і г.д. Друкаваліся і “сенсацыйныя” матэрыялы, разлічаныя на непераборлівы густ.  Традыцыйнымі для газет станавіліся статыстычныя агляды, часам у іх падавалася настолькі цікавая інфармацыя, што станавілася нават публіцыстычнай. Усё часцей “Губернскія ведамасці” друкавалі матэрыялы па гісторыі, этнографіі. Гэта цікава рабілася ў тых газетах, у якіх неафіцыйную частку вялі вядомыя навукоўцы, журналісты, як, напыклад, вядомы беларускі этнограф Е.Раманаў. “Магілёўскія губернскія ведамасці”  з 1843 г. вялі рубрыку “Гістарычныя матэрыялы”, пачаўшы яе вялікім артыкулам “Бітва пры вёсцы Лясной у 1703 годзе”. “Мінскія губернскія ведамасці” ў 40-я гг. ХІХ ст. шмат увагі ўдзялялі бібліяграфіі, вялі рубрыку “Літаратурныя звесткі”, пісалі пра навуковыя адкрыцці, з’явы прыроды, лячэнне травамі.

У 60-х гг., пасля паўстання К.Каліноўскага, цэнзура ўзмацнілася. 30 верасня 1881 г. выйшла пастанова ўрада аб вызваленні “Губернскіх ведамасцей” ад папярэдняй цэнзуры. Але многія рэдактары не захацелі браць на сябе адказнасць за змест газет, і яны выходзілі з папярэдняй цэнзурай.  У канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. “Губернскія ведамасці” станавіліся ўсё больш і больш непапулярнымі.  У гэты час найбольш прагрэсіўнымі былі “Віцебскія губернскія ведамасці”. “Губернскія ведамасці” выходзілі на працягу 79 гадоў. Яны былі закрыты ў 1917 г. Часовым урадам.

Такім чынам,  “Губернскія ведамасці” ў Паўночна-Заходнім краі былі амаль ці не адзінымі выданнямі, якія хоць неяк асвятлялі мясцовае жыццё, клопаты народа, яго гісторыю і сучаснасць .

У канцы 1860-х гг. У губернях Паўночна-Заходняга краю пачалі з’яўляцца новыя перыядычныя выданні – “Епархиальные ведомости”. Гэта былі афіцыйныя царкоўныя газеты, якія выходзілі, як правіла, у губернскіх цэнтрах, бо царкоўныя адміністрацыйныя адзінкі – епархіі – тэрытарыяльна адпавядалі губерням. Іх узначальвалі епіскапы. На тэрыторыі сучаснай Беларусі існавалі 4 губерні, таму гэтых газет выдавалася таксама чатыры: «Минские епархиальные ведомости» (1869 – 1917); «Полоцкие епархиальные ведомости» (1874 – 1917); «Могилевские епархиальные ведомости» (1883 – 1917); «Гродненские епархиальные ведомости» (1901 – 1915).

Яны былі вельмі падобныя на свецкія мясцовыя афіцыйныя выданні. Мелі 2 аддзела – афіцыйны і неафіцыйны (у некаторых выданнях неафіцыйны аддзел называўся “Прибавления”).  Тэматыка, вядома, у асноўным была царкоўнай: расповяды аб рабоце епархій, хроніка з іх жыцця, гісторыя хрысціянскай рэлігіі і царквы, паведамленні аб дзейнасці Сінода, справаздачы епархіяльнага кіраўніцтва аб дзейнасці сваіх структур, жыццё цэркваў, манастыроў, прыходаў, брацтваў, работа ЦПШ, анатацыі аб новых кнігах царкоўнай тэматыкі.  Полацкія і Гродзенскія выданні шмат пісалі аб гісторыі храмаў і манастыроў, традыцыях праваслаўнай царквы на Віцебшчыне і Гродзеншчыне. Друкаваліся агляды друку па пытаннях царкоўнай гісторыі. Усе гэтыя матэрыялы, як правіла, змяшчаліся ў неафіцыйным аддзеле. Афіцыйны ж паведамляў аб афіцыйных указах, маніфестах, распараджэннях як цывільных, так і духоўных улад.

Выхад выданняў у свет у розныя часы быў розны – ад штотыдневага да штомесячнага. Рэдактары часта мяняліся. Афіцыйную частку, як правіла, рэдагавалі духоўныя асобы, неафіцыйную – вучоныя, журналісты.

Газеты былі закрыты пасля прыходу да ўлады Часовага ўрада. “Гродзенскія епархіяльныя ведамасці” спынілі існаванне ў сувязі з пагрозай акупацыі горада кайзераўцамі ў час першай сусветнай вайны. У 1980-1990-я гг. Выхад “Епархіяльных ведамасцей” у Беларусі аднавіўся.


2.2.  Прыватныя выданні ліберальнага накірунку: “Минский листок”, “Северо-Западный край”

Газета «Минский листок» стала першай на Беларусі прыватнай грамадска-палітычнай і літаратурнай газетай ліберальна-асветніцкага накірунку. Выдавалася яна ў Мінску на рускай мове з 2 красавіка 1886 г. па 31 кастрычніка 1902 г. перыядычнасцю 2-4 разоў на тыдзень (у 1896 – 97 – штодзённа).

Пасля паўстання 1863 – 64 гг. Царскімі ўладамі на Беларусі было ўведзена ваеннае становішча, якое стала паслабляцца толькі ў другой палове 80-х гг. 7 лютага 1886 г. мінскі натарыус І.П.Фацінскі атрымаў дазвол на выданне газеты «Минский листок». 2 красавіка 1886 г. выйшаў першы яе нумар. Газета мела падзагаловак “Грамадска-літаратурная газета”. Яна стала першай і адзінай на Беларусі ў ХІХ ст. прыватнай газетай, якая выдавалася на досыць высокім прафесійным узроўні.

Па ідэйна-тэматычным змесце «Минский листок» быў звычайным ліберальна-буржуазным выданнем, расійскай газетай на ўскраіне, многія супрацоўнікі якой падтрымлівалі ідэі ліберальнага народніцтва. «Минский листок» крытычна ставіўся да новага сацыял-дэмакратычнага руху і да яго асноўнай ідэі – барацьбы класаў, хоць да некаторых твораў У.Ульянава (Леніна) супрацоўнікі газеты праяўлялі цікаўнасць.

Газета мела рубрыкі: “Наш край”, “Мясцовая хроніка”, “Замежныя весткі”, “Паміж справай”, “Агульная хроніка”, “Тэлеграмы”, “Наляту”, “На злобу дня” і іншыя, якія асвятлялі палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё ў Расіі і на Беларусі, у замежных краінах. Шмат увагі ўдзяляла мясцоваму самакіраванню, дэмакратызацыі, крытыкавала мяшчанства і бюракратызм. У вырашэнні нацыянальнай праблемы «Минский листок» лічыў усе нацыі роўнымі, у тым ліку і беларусаў. Газета шмат увагі ўдзяляла культуры, літаратуры, тэатру, музыцы. Рэцэнзаваліся спектаклі, выступленні артыстаў, што наведвалі Мінск з гастролямі. «Минский листок» змяшчаў творы беларускіх і мясцовых рускамоўных пісьменнікаў. 16 мая 1889 г. упершыню «Минский листок» надрукаваў беларускую паэму “Тарас на Парнасе”.
Газета выходзіла на працягу 17 гадоў. 1 лістапада 1902 г. замест газеты «Минский листок» стала выходзіць газета “Северо-Западный край”.

Блізкай да сацыял-дэмакратычнага накірунку стала прыватная газета “Северо-Западный край”, якая выходзіла ў Мінску з 14 лістапада 1902 да 21 снежня 1905 г. Выйшаў 801 нумар (архіў газеты не захаваўся). Выдаўцом-рэдактарам газеты быў М.Мысаўской, які ў 1902 г. адкупіў права на выданне газеты ў былога рэдактара “Мінскага лістка” І.Фацінскага.
Гісторыя газеты “Северо-Западный край” дзеліцца на 2 перыяды: 1) ад спынення выдання “Мінскага лістка” да пачатку першай буржуазна-дэмакратычнай рэвалюцыі ў Расіі; 2) ад пачатку рэвалюцыі да закрыцця газеты (снежань 1905).

Гэта газета прайшла эвалюцыю ў накірунку ад ліберальна-ўмеранага да сацыял-дэмакратычнага. Збліжэнне з сацыял-дэмакратамі пачалося ў кастрычніку 1904 г., калі адбывалася ўзмацненне сацыял-дэмакратычных груп і камітэтаў. Прынцыповую і аб’ектыўную пазіцыю заняла газета ў час “курлаўскага растрэлу”. “Северо-Западный край” распавёў пра тое, як адбылася гэта трагедыя, затым апісаў, як вялося следства, арганізаваў збор сродкаў для дапамогі сем’ям пацярпеўшых.

Газета выступала за свабоду слова, поглядаў, дэманстрацый, заклікаючы насельніцтва абараняць дэмакратычныя каштоўнасці. Пасля 17 кастрычніка 1905 года “Северо-Западный край” выходзіў без папярэдняй цэнзуры.

Шмат месца газета адводзіла публікацыям па эстэтыцы, філасофіі, літаратурнай крытыцы, публікацыі мастацкіх твораў. Напрыклад, “Северо-Западный край” друкаваў творы А.Чэхава, М.Горкага, Л.Талстога і інш. Але асаблівая роля газеце належыць прапагандзе беларускай літаратуры.


2.3. Нелегальны друк рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку: “Мужицкая правда», «Гомон»

Паяўленне нелегальнага друку рэвалюцыйна-дэмакратычнага накірунку звязана з дзейнасцю Канстанціна Каліноўскага і выданнем ім газеты “Мужыцкая праўда”.

К.Каліноўскі разумеў, што толькі пры дапамозе друкаванага слова можна будзе іскрынкі сялянскай незадаволенасці распаліць у вялікі касцёр усеагульнага паўстання. Таму думка аб падрыхтоўцы перыядычнага падпольнага выдання не пакідала яго. На пачатку ліпеня 1862 г. нарэшце выйшаў першы нумар газеты пад назваю “Muzyckaia prauda» («Мужыцкая праўда”), якая выдавалася на беларускай мове лацінкай. Газета стала найкаштоўнейшай з’явай у гістарыяграфіі беларускай журналістыкі.

Усяго выйшла 7 нумароў газеты “Мужыцкая праўда” (ліпень 1862 – чэрвень 1863). У выданні газеты ўдзельнічалі В.Урублеўскі, Ф.Ражанскі, С.Сангін і інш. Аднак яны выконвалі толькі тэхнічную работу – выступалі як друкары і распаўсюджвальнікі газеты. Асноўная публіцыстычная работа выконвалася Каліноўскім.

Першы нумар выйшаў да 10 ліпеня 1862 г., затым яшчэ 5 нумароў штомесячна (жнівень – снежань 1862 г.), апошні, 7-ы нумар – каля 11 чэрвеня 1863 г. Праўда, нумары 5 і 7 перадрукоўваліся. “Мужыцкая праўда” выдавалася на Гродзеншчыне і каштавала 5 – 6 грошаў.
Каліноўскі падпісваў газету псеўданімам Яська-гаспадар з-пад Вільні. Пачынаў размову з чытачамі зваротам “Дзецюкі”. Газета не мела назваў артыкулаў, кожны нумар складаўся толькі з аднаго матэрыялу, які прысвячаўся пэўнай тэме. У 1-м нумары публіцыст распавядаў аб праграме выдання і задачах, што стаялі перад ім.  Далей аўтар тлумачыў эксплуатацыйны характар дзяржаўнай сістэмы, прычыны цяжкага эканамічнага і сацыяльнага жыцця народа, нежыццёвасць царскіх маніфестаў і г.д. Затым ён развенчваў веру сялянства ў добрага цара, крытыкаваў рэформу 1861 г. і русіфікатарскую палітыку ўрада. Адзін з нумароў “Мужыцкай праўды” быў прысвечаны арміі і праблеме рэкруцтва. У 4-м нумары Каліноўскі выступаў супраць існуючай сістэмы народнай адукацыі, якая складвалася на працягу многіх дзесяцігоддзяў. 7-мы, апошні нумар газеты, які выйшаў прыкладна ў чэрвені 1863 г., у час, калі паўстанне ішло поўным ходам, прасякнуты верай у перамогу. Такім чынам, праз усе нумары “Мужыцкай праўды”, акрамя 6-га, гучала вера кіраўніка паўстання ў тое, што беларускі народ здабудзе сабе свабоду і шчасце. Асноўны лейтматыў усіх публікацый газеты – зямля і воля.

Акрамя газеты “Мужыцкая праўда”, напярэдадні і ў час паўстання 1863 года у Польшы і Беларусі выходзілі і іншыя рэвалюцыйныя выданні: “Глос вольны”, “Стражніца”, “Едносьць”, “Супольнасць”, “Ведамасці пра паўстанне на Літве”. У кожным з іх асвятляліся праблемы паўстання, тлумачыліся яго мэты і задачы, распавядалася пра ход паўстання.

У 1880-х на тэрыторыі Беларусі шырокі размах набыў рух народніцтва. У пачатку 1884 г. з ініцыятывай аб’яднання ў агульную арганізацыю ўсіх народніцкіх гуртоў Беларусі выступіла група “Гоман”, куды ўваходзілі беларускія студэнты , якія навучаліся ў Пецярбургу. Імі былі надрукаваны 2 нумары перыядычнага выдання пад назвай “Гоман”. Члены групы А.Марчанка, Х.Ратнер і іншыя лічылі неабходным аб’яднаць усе рэвалюцыйныя сілы Расіі для звяржэння самадзяржаўя. Гоманаўцы ўпершыню адкрыта заявілі пра існаванне беларускай нацыі.


3. Перыядычны друк перыяду рэвалюцыі 1905 – 1907 гг. З’яўленне першых беларускіх выданняў – “Наша Доля” і “Наша Ніва”

Пасля маніфеста 17 кастрычніка 1905 г., па якому была дадзена пэўная палёгка стварэнню выданняў на нацыянальных мовах, у Паўночна-Заходнім краі пачалі арганізоўвацца перыядычныя выданні на беларускай, польскай, яўрэйскай мовах. Гэта былі ў асноўным ліберальна-буржуазныя ці ліберальна-нацыянальныя газеты.

Беларуская дэмакратычная інтэлігенцыя ў канцы 1902 г. стварыла гурток беларускай народнай асветы, які затым стаў ядром арганізаванай у 1902 г.Беларускай рэвалюцыйнай грамады (пазней – Беларускай сацыялістычнай грамады – БСГ).  Найвялікшым дасягненнем БСГ стала выданне легальнай беларускамоўнай газеты “Наша доля” (14 верасня – 14 снежня 1906). Выйшла 6 нумароў (нумары 2, 3, 4 былі канфіскаваны). Газета выходзіла ў Вільні кірыліцай і лацінкай. Рэдактарам-выдаўцом быў І.Тукеркес (з 5 нумара – рэдактар А.Гедвіла). Фактычна ж газету рэдагавалі А.Луцкевіч, А.Пашкевіч (Цётка) і Ф.Умястоўскі. Першы нумар выйшаў 1 (14) верасня 1906 г.  “Наша доля” выйшла вялізарным па тых часах накладам у 10 000 асобнікаў – па 5000 кірыліцай і лацінкай. Газета аб’ектыўна асвятляла грамадска-палітычнае, эканамічнае і культурнае жыццё ў Паўночна-Заходнім краі. У праграме газеты была заяўлена 21 рубрыка, але ў сілу таго, што выйшла толькі 6 нумароў, не ўсе яны былі прадстаўлены на старонках газеты. Важнейшыя з іх: “Усяго патроху”, “З Беларусі і Літвы”, “Па Расіі”, “З усіх бакоў”, “Ад рэдакцыі” і інш. У першым нумары Цётка надрукавала верш “Наш палетак” і апавяданне “Прысяга над крывавымі разорамі”. Я.Колас змясціў шэраг сваіх вершаў.  Пасля выхаду 6-га нумару “Наша доля” была закрыта. Канчатковае рашэнне аб закрыцці газеты было прынята судом у студзені 1907.

Але выдавецкую дзейнасць БСГ не спыніла. 23 лістапада 1906 у Вільні выйшаў першы нумар  газеты “Наша ніва”. Першыя яе нумары выдаваліся паралельна з двума апошнімі нумарамі “Нашай долі”. “Наша ніва” (23 лістапада 1906 – 20 жніўня 1915) стала першай беларускамоўнай газетай, якая выходзіла на працягу некалькіх гадоў – у перыяды рэакцыі, новага рэвалюцыйнага ўздыму, першай сусветнай вайны. Выданне было спынена ў сувязі з пагрозай акупацыі Вільні кайзераўцамі і цэнзурнымі прыцясненнямі 8 жніўня 1915 г.


4. Методыка вывучэння матэрыялаў перыядычнага друку

Своеасаблівасць перыядычнага друку (прэсы) вызначаецца тым, што яна з'яўляецца комплекснай крыніцай, якая аб'ядноўвае і традыцыйныя віды крыніц, і разнастайныя спецыфічныя жанры. Тут друкуюцца заканадаўчыя, справаводчыя, статыстычныя дакументы, мемуары, літаратурныя творы. Гістарычныя часопісы змяшчаюць шэраг крыніц, што датычацца старажытнай гісторыі. Другая група інфармацыі ствараецца самой перыёдыкай за кошт уласных крыніц і ў сваіх характэрных формах.

Апошнія падзяляюць на матэрыялы інфармацыйныя, аналітычныя і мастацка-публіцыстычныя.

Інфармацыйныя матэрыялы пры ўсёй разнастайнасці іх жанраў (заметка, справаздача, рэпартаж, інтэрв'ю) аб'ядноўвае імкненне хутка і дакладна перадаць звесткі аб падзеі, факце. Аднак у такім імкненні да аператыўнасці аб'ектыўна закладзена магчымасць з'яўлення недастаткова праверанай інфармацыі. Спецыфічным відам інфармацыйных матэрыялаў з'яўляюцца аб'явы.

Да аналітычных матэрыялаў можна аднесці агляды, карэспандэнцыі, рэцэнзіі, артыкулы. Асноўная мэта гэтых матэрыялаў – перадача не столькі інфармацыі, колькі аўтарскага роздуму наконт іх.

Мастацка-публіцыстычныя матэрыялы (нарыс, фельетон, памфлет) даюць надзейную ацэнку, якая спалучае грамадска-палітычнае і эмацыянальнае гучанне. Тут прысутнічаюць і дакументалізм, і літаратурны вымысел.
 
Методыка вывучэння публіцыстычных крыніц мае свае асаблівасці. Гэта  уплыў цэнзуры, разнастайнасць формаў выкладання матэрыяла.

Па перыядычнасці выданні падзяляюцца на штодзённыя, штотыдневыя, штомесяцовыя, штоквартальныя. Некаторыя выданні (напрыклад, навуковыя) выходзяць раз у год. Калі нас цікавіць дынаміка з’яў, мы выкарыстоўваем штодзённыя выданні. Тут больш матэрыялаў інфармацыйных, якія маюць мэту аператыўна перадаць веды аб факце. Але ў такой аператыўнасці заключаецца прычына тыражыравання чутак, неправеранай інфармацыі. Заметка (канстатацыя факта без ацэнкі), рэпартаж, інтэрв’ю – гэта жанры інфармацыйнай групы.
Для таго, каб выясніць грамадскую ацэнку той ці іншай з’явы, трэба выкарыстоўваць штотыдневыя, штомесячныя і штоквартальныя выданні.

Выданні з меншай перыядычнасцю дзеляць па зместу на навуковыя, мастацка-публіцыстычныя, галіновыя, сатырычныя і інш. Навуковыя выданні інфармуюць аб развіцці поглядаў на тыя ці іншыя праблемы і з’явы ў развіцці грамадства, тэхнікі і інш. Мастацка-публіцыстычныя жанры (памфлет, фельетон, нарыс) даюць ацэнку, якая заключае грамадзянскую і асабістую пазіцыі, спалучаюць дакументалізм з мастацкім вымыслам. Для вывучэння гісторыяграфіі трэба адрозніваць мастацка-публіцыстычныя, навукова-папулярныя і навуковыя выданні. Сярод іх дамінуе такая форма перыёдыкі, як журнал.

Важна пры вывучэнні перыёдыкі звярнуць увагу на тэрытарыяльны ахват, тыраж, выдаўцоў выданняў. А таксама неабходна ўсебакова вывучаць орган друку як цэласную крыніцу, як спецыфічную сістэму.


 
5. Выкарыстаная літаратура

1. Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі… Мн., 1999;

2. История и теория источниковедения. С.Н.Ходин, В.П.Грицкевич, С.Б.Каун. Мн., «Издательский центр БГУ», 2008;

3. Гісторыя беларускай журналістыкі (1563 – 1917): Вучэбна-метадычны комплекс/ С.В.Говін. – Мн.: БДУ, 2003. – 99 с.;

4. Гісторыя Беларусі. У 2-х частках. Ч.2. ХІХ – ХХ стст. Курс лекцый. Мн., РІВШ БДУ, 2002;

5. Периодическая печать Белоруссии 1817 – 1916. Мн., 1960; Мархель У. Крынiцы памяцi. Старонкi беларуска-польскага лiтаратурнага сумежжа. Мн., 1990;

6. Наша Доля: Першая беларуская газета для весковаго и местоваго рабочаго народу. 1906. № 1 – 6. Мн., 1991. Вып.1