Повесть о белорусских графоманах

Подпоручик Киже
Увага!

Падзеi, апiсаныя ў творы, адбываюцца на плянэце Зямля-Пасажырская. Зямля-Пасажырская – афiцыйная гандлевая марка пiсьменьнiка Вiктара Ыванова. Выкарыстаньне ў камэрцыйных мэтах гэтае плянэты або яе насельнiцтва ёсьць парушэньнем аўтарскiх правоў i караецца паводле законаў Рэспублiкi Беларусь.

Кутузаў
Раман у фантазiях

– А, Пасюкевiч, – пачуў паэт Паша Пасюкевiч, прыйшоўшы ў панядзелак да Пралыгiна. – Ну як? пiшаш пра мiкробаў?
"Янка Панцеляймонавiч, – падумаў Пасюкевiч, – тое, што я калiсьцi напiсаў паэму "Я i мiкробы", яшчэ не дае вам права пачынаць кожнае лiтабяднаньне сваiм тупым жарцiкам. "Мiкробы" не адзiны мой тэкст, каб вы ведалi. I не галоўны".
– ПаРсюкевiч, – дасьцiпна пажартаваў Уладзiмiр Баян, сiвагрывы паэмапiсец, сапраўднае прозьвiшча – Уладзiмiр Клапоў. Лiтаратурны працэс пачаўся.
Справа ад Пасюкевiча сядзела паэт Насьця, насупраць яе – сяброўка Даша. Пралыгiн якраз агiтаваў Дашу напiсаць апавяданьне старонак на пяць. Дзяўчынка ўсьмiхалася i загадкава чырванела. Яна прыйшла за кампанiю.
– Вершы? – спытаў Пасюкевiч таленавiтую Дашыну сяброўку; нават не спытаў, ён ведаў адказ. – Вершы, па-расейску, часам лiрычная проза атрымоўваецца. Настаўнiцы сваёй паказвалi?.. выкладчыку? (дадаў ён для надзейнасьцi. Якi выкладчык? вядома, настаўнiца).
– Класнай не паказвала, – пачырванела паэтка, i Пасюкевiч адчуў сябе на старога ваўка-спакушальнiка.
– Адкуль ён усё ведае? – зьдзiвiўся Янка Панцеляймонавiч у сiвенькiя вусы. "Рэспэкт, сусьлiк", – падумаў Пасюкевiч.
Насьця была маленькая, нейкая бледная, чарнявая, ножкi тоненькiя, пальчыкi кароткiя. Пальчыкамi трымала творы. Пазногцi былi з кветачкамi. Ейная сяброўка – круглатварая, круглагаловая, з конскiм хвастом валасоў, каровiнымi вачыма, з ужо цалкам жаночаю фiгурай. "А, вiдаць, на дыеце сядзiць", – падумаў паэт.
– Як наконт агучыць? -– прыйшло яму на розум.
– Пазьней, – адказала Насьця па-беларуску, i было вiдно, што гаворыць яна падбiраючы словы.
– Чаму пазьней? Не саромцеся. Давайце я вам сваё прачытаю ("Харошы паэт, – дадаў Пралыгiн, – ён ведаеце пра што паэму напiсаў? пра мiкробаў").
Пасюкевiч разумеў, якога кшталту апынуцца Насьцiны опусы, падрыхтаваўся быў гэта слухаць, i яму проста-такi сьвярбела пакрытынстваваць.
– Вы глядзiце зь iм, асьцярожна, – працягваў Пралыгiн. – Ён вам любоўны верш напiша. А? прызнайся шчыра, закахаўся ў дзяўчат? Унь, вочы як блiшчаць!
"Не, Янка Панцеляймонавiч, дзякуй. Музаў мне, ведаеце, сваiх хапае".
– Пасюкевiч, – падаў голас Клапоў, – напiшы iм санэт пра мiкробаў.
Дзяўчаты пачалi зьбiрацца, хоць не было яшчэ й сямi i лiтабяднаньне, па сутнасьцi, яшчэ i не пачыналася. Янка Панцеляймонавiч усё ўгаворваў Дашу ("Пяць старонак, толькi па-беларуску". – "Пяць па-беларуску, пяць па-расейску", – прапанаваў Паша); Янка Панцеляймонавiч сыпаў камплiмэнтамi, Янка Панцеляймонавiч абяцаў надрукаваць у альманаху – дзяўчаты пайшлi. Пасюкевiч, якi зусiм не жадаў сядзець сам-насам з Клаповым i Пралыгiным, вырашыў правесьцi дзяўчатак i элегантна прыстроiўся да iх у калiдоры. Ён давёў Насьцю i Дашу да "Жако" (яны былi яшчэ меншыя, чым ён думаў: Насьця казала Дашы нешта пра настаўнiка сьпеваў), а яны прычакалi, пакуль адвернецца, i перабеглi на другi бок завулка. Паэт здагадаўся, што яго прынялi за маньяка-пэдафiла, але ня стаў гэтую гульню падтрымоўваць.
"Якi маразм, – падумаў ён, прыгадаўшы пралыгiнскiя камплiмэнты (аднолькавыя для ўсiх пачынаючых i сталых аўтараў), арлiны нос Клапова i маленькi дурненькi паэтчын тварык. – Я пачынаю разумець Дзiмачку. О, хутчэй, хутчэй на сьвежае паветра!"
I наш аповед не пра яго.
Наш аповед – пра Васiля Кутузава.

Фантазiя 1,
у якой дзейнiчаюць тыповыя героi ў тыповых абставiнах.

Ах, Вася, Вася! Варта мне згадаць твае творы, раньнiя i позьнiя, па-беларуску, па-расейску, у дзьвюх мовах, з матам i без; варта намаляваць само тваё аблiчча, гэтую бледную скуру, рэдкiя валосiкi на маленькай галоўцы, тваю постаць бронзавага помнiка – i не магу, штораз не магу стрымаць шчырага здаровага сьмеху. I ўсе добрыя людзi, якiя хоць раз бачылi, як ты выходзiш на маленькую сцэну ў пэдуне (бо на iншыя сцэны цябе, здаецца, не пускаюць), становiсься ў позу i сваiм драматычным барытонам пачынаеш картавiць:

СУПЕРДЕД

БАЙКА

В ПЯТИ ЧАСТЯХ

– усе добрыя людзi пачынаюць гагатаць як добрыя конi, выцiраюць сьлёзы, выходзяць з аўдыторыi, каб там аддыхацца. Само тваё iмя, Васiль Кутузаў, ужо выклiкае мяккую цёплую ўсьмешку.
Прайшло паўгадзiны пасьля скандальнага сыходу Паўла Пасюкевiча. Лiтабяднаньне Янкi Пралыгiна пакрысе напаўнялася народам. Акрамя Клапова, акрамя тоўстага мужыка (ён сядзiць на кожных пасядзелках i нiчога не чытае), акрамя велазаводаўскага паэта, дэбютанта 54 год, у цесным трыста трынаццатым пакойчыку прысутнiчалi:
– Маша Бунякоўская, лепшая паэтка фэпээму , рыжая дзеўка, падобная да Вельмi Выхаванага Кролiка ў савецкiм мультсэрыяле;
– Вiктар Юдзiн, бяскрыўдная бяздарная iстота (яго не друкаваў нават Падлыга у сваiм альманаху), аўтар трыццацiхвiлiннай антырэлiгiйнай паэмы, чалавек, якi пачаставаў Пасюкевiча мацою;
– Ганна Кузьмiч, паэтка ў акулярах. Прыходзiць на Пралыгiна са сваiм мужам, якi нiчога ня пiша i не крытыкуе. Чаму з мужам? Ведаю, але вам не скажу.
– Жора Кастыленка, малады чалавек зь мяккiмi рукамi i мяккiм голасам, лысы як шляпка грыба, iранiчны i таленавiты. Ён быў, наколькi я яго ведаю, крыху не ў гуморы;
– Галiна Гiлеўская, паэтэса ў трэцiм пакаленьнi, што пачала ствараць беларускую паэзiю, скончыўшы фiлфак – зьява сама па сабе ўнiкальная, якая шмат пра што сьведчыць. Сёньня прысутнiчала мэтанiмiчна, у выглядзе сваёй кнiгi "Галiна без…"
– Усевалад Мiнаеў, полацкi прафэсiянал, каржакаваты, з кучараваю касою. Ён працуе па-расейску, i гэта па iм бачна: i што прафэсiянал, i што па-расейску;
– малады пажарнiк з Мар'iнай Горкi – гэты пiша часам наiўна, заўжды зацягнута, але дыялёгi ва ўсiх яго творах жывыя i праўдападобныя;
– тры цi чатыры нэафiты абодвух палоў.
Патаранскага, здаецца, не было.
– Кто-нибудь хочет что-то сказать ? – яшчэ раз спытаў Сева Мiнаеў.
– Харошая проза, што тут гаварыць, – адказаў Пралыгiн, – нясi ў "Сьвiслач". Нясi ў "Сьвiслач", да N. N.
– Янка Панцеляймонавiч, а вы ведаеце, што сказалi Георгiю ў "Сьвiслачы"? – згадала Ганна. – Ён жа быў адносiў. Яму адказалi: вашы вершы добрыя, але яны бяз рыфмы. Вось так.
– Ганна, – пасьмiхнуўся Жора, – калi б я рабiў усё, што мне гавораць у "Сьвiслачы"…
Ён закрануў балючую тэму. Сярод прысутных генiяў большая палова марыла надрукавацца ў "Сьвiслачы", i большую палову нiколi там не надрукуюць. Гэта, дарэчы, не таму, што "Сьвiслач" такая дрэнная – "Сьвiслач" у нас адна, i трэба яе шанаваць, – а проста таленты нашых пiсьменьнiкаў мелi крыху нязвыклы кiрунак, так бы мовiць, нетрадыцыйную мастацкую арыентацыю.
Хвiлiн десяць гаманiлi пра "Сьвiслач", пра альманах, слухалi пралыгiнскiя байкi з жыцьця пiсьменьнiкаў. Усе крыху прытамiлiся, i ўжо Жора прамовiў: "А давайце пачытаем творы!". Выйшла Маша, пачала чытаць.

ноги нагие наши на камне
весь до изюма спелых глаз ты изгубленный
выпробовать в это лето тебя мне,
белый, облупленный, полуполюбленный.
вылизать выкусать выплавить страсть свою
к коже твоей к твоим окончаниям
нервным неверным – скорее бы стать ею
летним лелеять полетом нечаянным
горла сигнал…

Калi яна скончыла, Жора пляскаў у ладкi, як рабiў гэта i на сваёй вечарыне кожнаму выступоўцу. I сапраўды Маша прачытала хораша – як i заўсёды, спадарства, як i заўсёды. Маша Бунякоўская ня той паэт, якi напiша няякасны верш. Нiхто не хацеў крытыкаваць.
Наступную выцяглi новую дзяўчынку. Паламаўшыся для парадку, дзяўчынка адгарнула сшытак у цьвёрдай вокладцы i стала чытаць рамантычную баляду.

– Можна пытаньне да спадара аўтара? – Жора падняў руку, калi Янка Панцеляймонавiч сказаў традыцыйныя "ну, ёсьць, ёсьць", "нармальны твор" i яшчэ пра альманах.
Спадар аўтар была ня супраць. Яна любiла канструктыўную крытыку, яна прызвычаiлася да яе.
– "Левая десница" – гэта як? – спытаў Георгi прама.
– Дзе левая дзясьнiца? – не зразумела пiсьменьнiца.
– У самым пачатку. Пяты, па-мойму, радок: там, "левая десница образ феи/Сжала в ммм… какой-то там руке", нешта такое.
– Холодеющей , – знайшла паэтка тое месца. – I што з таго?
– А тое, што дзясьнiца – гэта слова з абсалютна канкрэтным значэньнем; дык вось дзясьнiца, каб вы ведалi, гэта правая рука.
– Правая? – паэтка задумалася. – Але ж паэзiя ня сума значэньняў. Паэзiя – гэта палёт, гэта творчасьць. Можа, я так бачу. Можа, у мяне левая дзясьнiца – гэта паэтычная мэтафара… складаная для разуменьня?
Навiсла трохсэкундная паўза.
– Дзетачка, – ня вытрымаў Жора i казаў далей адкрытым тэкстам. – Левая дзясьнiца гэта хрэнь, i я-так-бачу таксама хрэнь, i пакуль вы гэтага не зразумееце, вы будзеце кожны раз наступаць на адныя й тыя граблi. Думаеш, ты адна такая, што "так бачыш"? ды нi фiга! Увогуле, я Янку Панцеляймонавiчу ўжо казаў, трэба забаранiць маленькiм дзяўчынкам пiсаць дэкадэнцкiя вершы. Потым, далей: "Эльфа всё предчувства гложут,/Эльф на место меч не ложит". Слова "ложить"…
Жора не давяршыў сваёй думкi. Ён давёў паэтку да сьлёз – гэта быў тэхнiчны накаўт, i бой спынiлi. Жора быў дысквалiфiкаваны.
– I больш каб сюды не прыходзiў! – грымеў Янка Панцеляймонавiч, хоць дзеўка ўжо выцерла сьлёзкi i гатовая была далей слухаць. – Крытык знайшоўся мне, дзяўчынку малую крыўдзiць. Болей не прыходзь, чуеш? – i да паэткi: – Яго ж нiдзе не друкуюць, дык ён крытыкам зрабiўся. Вунь, у "Сьвiслач" адносiў свае вершы…
Жора пайшоў, разам зь iм Маша Бунякоўская i Ганна з мужам – яны былi адна кампанiя i хадзiлi на пiва. Зноў стала пуста, прахалодна, нецiкава. Вылез даўгавалосы хлопчык, прачытаў вершык пра лязо, Сева Мiнаеў вельмi палiткарэктна выказаўся наконт тэмы суiцыду, астатнiя маўчалi.
– Гэта ж ён i Васю Кутузава ў мяне зьвёў, – распавядаў Пралыгiн, – таленавiты паэт, па-беларуску пiсаў, дык ён яго на сваё мацернае зборышча…

Фантазiя 2,
якая пачынаецца трыма лiрычнымi адступленьнямi,
а заканчваецца двумя прызнаньнямi паэта Васiля.

Што датычыць жаночай прыгажосьцi, то вылучаецца некалькi асноўных яе тыпаў. Гэта, па-першае, так званы мяккi вамп – кiсла-салодкi тып, анёльская ўсьмешка, павольныя рухi (чаму нельга цалаваць рухi, сказала адна паэтка). Мяккiя вампы часта лятэнтныя рыжыя, схiльныя да паўнаты i здольныя да пахудненьня – увогуле, прыгажунi гэтага тыпу заўсёды маюць сталёвы ўнутраны стрыжань. Ён нiколi не вылазiць вонкi: вы можаце сябраваць з такой дзеўчынай некалькi год, разам бухаць гарэлку (о так, нiшто чалавечае iм не чужое) – i нi разу не заўважыць стрыжань. У паўсядзённым жыцьцi мяккiя вампы сапраўды выдаюць на мяккiх, мiлых, нават на слабых.
Наступны тып прыгажуняў, якi мы разгледзiм, – тонкая цукерка. Адразу зазначым, што гэта самы наiўны тып i што асноўны брак бальшынi яго прадстаўнiцаў – дэфiцыт на пачуцьцё гумару i ўвогуле на жыцьцёвы iмпэт. Тым ня меней вытанчанасьць тыпу дазваляе тонкае цукерцы на роўных спаборнiчаць зь мяккiм вампам i хтанiчнаю сьцервай, а просты характар зблiжае яе з тыпам мiлае дзяўчынкi. Калi параўноўваць зь мяккiм вампам, то цукеркi будуць блiжэй да прынцэсаў, вампы – да русалак; цукеркi прыгажэйшыя, але вампы цiкавейшыя. Сярод нашых дзяўчат найблiжэй да тыпу тонкае цукеркi падыходзiць Вольга Б., калi яе разглядаць у профiль.
Пра дзяўчыну, якая ўвайшла ў трыста трынаццаты пакой, гурман Пасюкевiч сказаў бы, што гэта ГСП – грубая салодкая прыгажосьць. Незнаёмка была, бадай, студэнтка i, здаецца, не першакурсьнiца – прынамсi, яна ўжо набыла нейкi спэцыфiчны лоск, якi прыходзiць пасьля летнiх вакацыяў. У дзеўкi быў пляскаты загарэлы твар; здавалася, што i валасы аднаго колеру з тварам. Вочы колеру гарбаты, вейкi чорныя, пухнатыя, рыхтык не свае. Пальцы – крыху таўсьцейшыя ад эталённых, але, што праўда, прыемнай формы i з пазногцямi. Што да ног (незнаёмка прыйшла ў простай чорнай спаднiцы), то паводле згаданай клясыфiкацыi гэта былi Iдэальныя Ножкi, падвiд iдэальныя неспартыўныя.
Так, прыгажосьць была звычайная, плебейская. Але гэтае прыгажосьцi было шмат.
Госьця падзячыла камусьцi ў калiдоры, распранулася, села на крэсла, якое шчэ захоўвала цеплыню Жоравай заднiцы, дастала нататнiк, дастала асадку, пачала слухаць.
Чытаў Вiктар Юдзiн. Сёньня было апавяданьне.
Тут трэба паразважаць аб самiм фэномэне графаманii.
Сапраўдная графаманiя рэдка зьмяшчае пэрлы, якiя ёй прыпiсваюць, – iначай гэта была б не графаманiя, а жанр гумарыстычнае лiтаратуры. Графаман вельмi адказна ставiцца да сваёй працы i выпраўляе ўсе памылкi, якiя здолее заўважыць сам. Такiм чынам, калi разглядаць корпус графаманскiх тэкстаў, то тут пiсьменьнiцкая тэхнiка сапраўды забiвае пiсьменьнiка, а добры густ патрапляе ў апазыцыю да шчырасьцi. Самымi цiкавымi ёсьць адмарожаныя аўтары – пры той, аднак, умове, што iх не зашмат: калi колькасьць лiтаратурных герастратаў перасягае нейкую крытычную велiчыню, шырокi чытач перастае iмi цiкавiцца. Што да астатнiх тыпаў, наiўна-шчырага i асаблiва стомленага псэўдаiнтэлектуальнага, то творчасьць такiх графаманаў не цiкавiць чытача нi пры якiх умовах.
Юдзiн быў наiўна-шчыры, сярэдняй ступенi адмарожанасьцi. Ён рабiў, здаецца, вэтэрынарам i сам са сваёй рыжаватаю бародкай паходзiў на авечку, але не напiсаў нi радка пра жывёлаў або, прынамсi, не агучваў у Пралыгiна. У Юдзiна была дачка, мiлая малая, якую ён пару разоў прыводзiў. Юдзiн любiў пiсаць пра жанчын, але сёньняшняе было пра нейкi выпадак на нейкiм заводзе, i жанчын там не было.

Но где же Ноздряков, спросит меня, сгорая от уничтожающего нетерпения, читатель. Спешу удовлетворить это любопытство: Ноздряков в настоящее время находился все еще в состоянии определенного неведения относительно масштабов своей деятельности, когда он, как ты, читатель, наверно, помнишь, выпустил жирафа из его клетки на волю и он побежал по заводу, он работал у станка в дальнем цеху и находился в блаженном неведении.

А зрэшты, фiг яго знае, можа, i не Наздракоў быў у тым апавяданьнi, i не жырафа, i нават не завод. Ня памятаю я, калi шчыра. I нават i стыль можа не супадаць – маю я права, у рэшце рэшт, забыць, якiм стылем пiша пiсьменьнiк Вiктар Юдзiн?
Калi зялёны сшытак у буйную клетачку быў дачытаны i закрыты, пiсьменьнiк сказаў, што працяг будзе, i Пралыгiн заўважыў, што "няма разьвiцьця падзей". Юдзiн паабяцаў падзеi разьвiць у другiм разьдзеле.
– Цiкава, а што скажа новенькая? – спытаў хлопец, якi сядзеў ля вакна, насупраць дзядка.
Усе паглядзелi на яе.

– Ну… я ня ведаю… я, мабыць, не ад пачатку слухала…
– Ясна. Карацей…
– Не, не, проста… я мела на ўвазе, што, можа…
– Што, можа, што?
Невядома, колькi цягнулася б гутарка памiж Севам i далiкатнаю дзяўчынай, каб у "Лiтаратуру" не прыйшоў новы аўтар, якi вымагаў увагi.
Гэта быў хлопец у грубым шэрым палiтоне, у пунсовым шалiку, у скiноўскiх ботах. Шапку паэт так i не набыў. Валосьсе на галаве крыху адрасьло i было, як выявiлася, кучаравае i сьветлае; валасы былi ўжо i на грудзях, i калi ён здыме свой палiтон, мы ўбачым ягоныя валасы пад расшпiленай кашуляй. Увогуле, здавалася, Вася неяк нават папрыгажэў за тыя паўгады цi год, што не паказваўся на пасядзелках, – як нi дзiўна.
У вялiкiх чырвоных пальцах паэт трымаў творы.
– Вiтаю, – кiнуў ён незнаёмцы, ужо сеўшы на сваё месца побач з тоўстым мужыком i Севам. – Вiтаю, – павiтаўся ён i з Пралыгiным; пасьля – адкiнуўся ў крэсьле, склаў рукi ў замок, прыкрыў вочы.
Тры з паловай гады таму, калi Вася iшоў у лiтаратуру, у ягоным партфэлi, або, як гаворыць мой сябра Пасюкевiч, у ягоным партфолiо ляжалi беларускiя вершы, самыя розныя што да тэматыкi. Тут i любоў да радзiмы:

Дрэва вiшнi, дрэва сьлiвы –
Тут у доме тым расьлi вы.

Тут i сатыра з матэматычным ухiлам.

Стрэлiў? На суку сабака?
Паспытай укус абака !

I загадкi!

Ананас.
А на нас
Не хапае йго.
Я хапаю свайго.
Iх у лесе баньян ,
Ён завецца…
(банан)

Цяпер, азiраючыся назад, ужо тады можна было бачыць, чаго быў варты гэты паэт.
Кутузаву ў той дзень пляскалi ў ладкi. На лiтаб'яднаньнi даўно не гулялiся так са словам. "Ну ўсё, Жлобуць пераўзыдзены," – такое цi прынамсi падобнае сказаў, памятаю, Янка Панцеляймонавiч. Вася пачаў хадзiць.
Як даўно гэта было! Васiлiй Цьвёрдаў i Аркадзь Сядло, "Маскi-выпяндраскi" i "Мiстэрыя чалавека" , зьмяiныя зьвiвы, жабечыя скокi на вечарыне ў Жоры (Вася быў сталым цьвiком праграмы) – i вершы, сотнi вершаў, сотнi. Тысячы. Вася прыгадваў нейкiя радкi – не прыгадваў, дакладней, а самi яны ўсплывалi, – i ня памятаў адкуль, i здавалася яму, што патанае ён у гэтым рымаваным моры, i быў момант, калi Вася Кутузаў адчуў стому, – адзiн. Момант адзiн.
– Вася, вершы прынёс? – спытаўся Пралыгiн. Вася вершы прынёс.
– У мяне зараз новы цыкл, – прамовiў ён, – гэта вершы, прысьвечаныя розным знаёмым дзеўчынам… i незнаёмым. Нэрвовых просiм пакiнуць залю.
Ён адгарнуў тоўсты сшытак i пачаў чытаць тэксты.

Маргаритка! Рву тебя на лугу.
Кошмар, горит! Я не лгу!
Будь моей восхитительной ведьмой,
Дорогая ледяная леди!
Ты полетела мгновенненько
На тупом конце веника –
Из своего застенка
Я всё наблюдаю.
А ты вокруг да около,
Вы все ведь только окали.
Я тебе в бинокль
Ору: ДАЙ!

Чытаў ён хутчэй добра, у акторскай манэры, з адцяжкаю, патэтычна, пасыянарна; часам Васю клiнiла i прабiвала на рэп (што, улiчваючы ягоную дыкцыю, было хутчэй мiнусам) – чытаў ён няблага.
Далей было цiкавей. Наступны верш называўся "Бабки и бабы". Вася прызнаўся ў любовi да стрынгаў, пагуляўся са словамi "набоб" i "на бобах", а ў апошнiх радках прамовiў:

Да, я дрочу!

– так што ўсе так i зразумелi, што вярнуўся стары добры гумарыст Васiль Кутузаў, зорка нецэнзурных вечарынаў.
– Клоўн, што тут можна… – прамовiў Янка Панцеляймонавiч i гэтым разам меў поўную рацыю. – Таленавiты ж хлопец, канчай ужо дур'ю маяцца. А гэта ўсё – дзiцячае, забаўкi. Вунь, Сыс голы бегаў, сьмяялiся ўсе – так што кiдай, займiся ўжо чым сур'ёзным. А Сыса не перабегаеш.
Малады паэт паглядзеў на старога дзеда.
– Ты, Янка, – так пачаў Вася, – не разумееш. Я скарыстоўваю эратычны пачатак у вершах…
– Вася, цябе не вучылi, што да старэйшых трэба зьвяртацца на "Вы"? – перабiў Сева Мiнаеў.
I тут сам Янка Панцеляймонавiч ударыў нiжэй поясу.
– Але ж мне падаецца, Вася, што дзяўчыны ў цябе яшчэ не было, – ён прамовiў гэта з самым нявiнным выразам твару.

Васiль Кутузаў сумеўся. Спачатку ён пачаў вярзьцi нейкую поўную лухту, нешта пра тоўстыя штаны, якiя ён, маўляў, апранае, каб пад час узбуджэньня пацелi ногi (?!), чым выклiкаў цэлы каскад жартаў; потым знайшоў аргумэнт.
– Я нядаўна сустрэў дзяўчыну, – зьдзiвiў Вася Кутузаў, – яна ў першы ж дзень са мною пацалавалася. Але факт у тым, што яна была вельмi недасягальная, гэтая дзяўчына, а са мной пацалавалася ў першы дзень.
I змоўк.
"Ногi не пацеюць?" – пыталi калегi.

Фантазiя 3,
у якой Васiль знаёмiцца зь незнаёмкай.

Пасядзелкi скончылiся.
– Усе пачыталi? – Янка Панцеляймонавiч яшчэ пытаўся, а ўжо пiсьменьнiкi стаялi i апраналiся. Валасаты хлопчык убачыў на шафе касавы апарат "Ока", вярнуўся ў дзяцiнства i цiснуў кнопкi.
Вася выйшаў на калiдор.
Не, яно, можа, i добра, калi вершы выклiкаюць такi розгалас, але… Але ён быў нiбы распрануты, калi Падлыга гэта прамаўляў, а (адчуў ён раптам) гэта ня вельмi прыемна, калi цябе распранаюць публiчна. Парадаксальна, але атрымоўваецца так.
– Вася, вы вольны? Мне б хацелася сказаць вам пару слоў наконт вашых вершаў. Пачакайце мяне, я зараз прыйду.
Гэта была тая незнаёмка ў спаднiцы. Калi гучаў верш, яна сядзела насупраць, заклаўшы нагу за нагу, i слухала з нататнiчкам у руках.
Васiль апусьцiўся ў фатэль на другiм паверсе, сьцiснуў пальцы i прыплюшчыў вочы. Мары былi самыя вясёлкавыя – як i заўсёды, спадарства. Трэба неяк даведацца, як яе завуць, i прысьвяцiць верш. Можа, нават не адзiн.
Яе нешта доўга не было. Ужо ўсе, здаецца, пiсьменьнiкi пайшлi, а Вася сядзеў.
I нешта было ў ёй усё ж… ня тое хiба. Чымсьцi яна такiм адрозьнiвалася ад папярэднiх музаў. Зразумець бы, чым.
– Я прыйшла, – пачуў ён голас i устаў. – Ну што, пойдзем цi тут пасядзiм?
Спусьцiлiся, яна разьвiталася з вахторам i яны выйшлi ў марозны кастрычнiцкi вечар.
– Што сказаць вам наконт вашых вершаў? У вас, безумоўна, свой арыгiнальны стыль, вы прыгожа гуляеце са словам – у вас, дарэчы, выдатнае пачуцьцё рыфмы… але ж тэматыка вершаў мне зусiм не падабаецца.
"Гэта добра, – падумаў Вася Кутузаў, – значыцца, плебс не ўспрымае маiх тэкстаў…"
– Яны нейкiя нудныя, аднолькавыя… вам, пэўна, хтосьцi сказаў, што пiсаць трэба вось так, вы i пiшаце.
– У мяне свой уласны iдыястыль, - адказаў Васiль з годнасьцю.
– Проста, разумееце… мне падаецца, што цяпер шмат хто зь пiсьменьнiкаў працуе пад iдыястыль, строiць iдыёта – вы, Вiшнёў… а я хачу нармальнага хлопца, натуральнага.
– Лiтаратурная мода мае адгалiнаваньнi, – прамовiў Васiль.
– Вася, а хто ваш улюбёны паэт? – спыталася яна.
– Маякоўскi, – адказаў Вася, якi пачынаў паэтычную кар'еру ў жоўтай джынсавай кашулi, а яшчэ ён насiў чырвоныя джынсы i цяжэнныя красоўкi.
– Маякоўскi… – яна задумалася. – А чым?
– Ну… эпатаж; потым – выклiк грамадзтву. Рыфмы ў яго былi… Вось ён, i яшчэ Хлебнiкаў.
– А беларускiя якiя?
– Я не цiкаўлюся беларускай лiтаратурай, – адказаў Вася. – Яна сфальсыфiцыраваная.
Яна змоўкла.
– Яе няма, – даводзiў ён, – яе выдумалi бэнээфаўцы ў пачатку дзевяностых, а насамрэч беларуская лiтаратура – гэта суцэльны Купала i Кузьма Чорны. Уставай, на вялiкi, там, сход…
– Вася, стойце… стойце: але ж вы самi належыце да беларускай лiтаратуры. Што ж, атрымоўваецца…
– I тут яшчэ вось якi аспэкт, – адказаў Васiль. – Нам семдзесят гадоў даводзiлi, што беларуская лiтаратура гэта "На ростанях" (Вася прыгадаў абадраную, тыканую цыркулем, пакрэсьленую асадкамi кардонную цаглiну), i я разбураю гэты стэрэатып.
Яны дайшлi ўжо да мэтро i стаялi пры ўваходзе.
– Ну, – сказала яна, – да пабачэньня. Мне трэба ехаць. З вамi цiкава гутарыць i цiкава спрачацца.
I падала руку для пацалунка.
Вася як мог пацiснуў руку.
Толькi дома, за пiсьмовым сталом ён зразумее, што не запытаўся, як яе завуць.

Праз тыдзень Васiль Кутузаў сядзеў у Падлыгi ўпэўнены ў сабе, у новых штанах, чакаў свае чаргi i сьмярдзеў дарагiм адэкалёнам за пятнаццаць тысяч рублёў.
– Ну, давай ужо, Вася, – казаў Янка Панцеляймонавiч.
– Я пазьней, – адказваў Вася, пазiраючы на дзьверы.
– Куды ўжо пазьней, палова дзявятай, ужо хутка зачыняцца будзем – давай, пачытай ужо.
– Сапраўды, што за сьвiнства, – падаў голас крытык Яўген Сяргееў.
Сяргееў ужо гады з тры не прыходзiў сюды. Ён сёньня нiкога асаблiва не ўшчуваў i нават ухвалiў адну малую. Магчыма, дабрыня Сяргеева была зьвязаная з тым, што ён прыйшоў а восьмай гадзiне, калi Ўладзiмiр Баян ужо адстраляўся.
– Ну, карацей, верш прысьвячаецца адной дзяўчыне, якую я апiсоўваю пад iмём Вiялеты.

Виолетта!
Ее бы
 валетом –
смочив
 смычок,
ввел
 в Виолу…

"Вася Кутузаў у сваiм рэпэртуары", – паведамiў Сяргееў сваёй суседцы.
– Больш няма? – спыталi Васю пасьля слова "канец".
– Сёньня новыя вершы адсутнiчаюць, – сказаў ён. – Я больш уважлiва працую над словам…
Скончыць яму не далi. Рагатаў валасаты хлопчык, сьмяяўся Янка Панцеляймонавiч, нават Барыс Мум пасьмiхаўся; Сяргееў уявiў уважлiвую працу над словам i далучыўся да астатнiх – невядома, што прычынаю, але гэтая Васява фраза пацешыла народ яшчэ болей, чым той верш. Сапраўды, быццам прарвало.
"Нiчога не разумеюць, – думаў Вася. – Паэты."
Ён пабачыць яе, але ня сёньня, а празь некалькi дзён.

Фантазiя 4
Мара iдыёта…

Цёмнае, хiмiчна чыстае неба праглядала мiж аблокаў, але дзень быў асеньнi, i Васiль Кутузаў нават пашкадаваў, што выйшаў на нядзельны мацыён без палiтону. Але зараз, калi ён рушыў ад "кулька" ў бок вакзала, сонца сьвяцiла ў сьпiну, i было цёпла. Ружовыя вежы на пляцы, сам вакзал, новы ды багаты, нават аўтобусы на Дружнай – усё нiбы папрыгажэла, сагрэтае залатымi промнямi. Васiль iшоў пад горку; даўгалыгi цень быў сваёй галавой ужо на пераходзе i трапiў пад машыну, як Ганна Карэнiна.
Ён спынiў хаду на самым бардзюры. Леваруч стаяла дзяўчына з сумкаю.
Дзяўчына была ў тонкiх, белых, у аблiпачку штонiках – эратычных летнiх штонiках, магчыма, апошнiх у гэтым сэзоне. I неблагая дзеўчына, нават ззаду вiдаць. Паэт пазнаў незнаёмку з пралыгiнскае тусоўкi.
– Не халодна? – пацiкавiўся ён. Вася любiў задаваць правакацыйныя пытаньнi.
– Не, – адказалi штонiкi, – я ня мерзну. Хадзем.
Размаўляючы на розныя тэмы, яны перасеклi вулiцу, дайшлi да Прывакзальнай i спынiлiся на прыпынку. "У рэшце рэшт, – думаў Кутузаў, – з графiку я не выбiваюся".
– У цябе дзяўчына ёсьць? – запытала дзяўчына.
– Была, – важна схлусiў Кутузаў.
Штурмавалi тралейбус, беспасьпяхова (самыя разумныя ўлезьлi на Кiрава), так што сядзелi ўдвух на адным месцы; потым Вася адгадваў дом, дзе яна жыве; яшчэ потым яна тры хвiлiны торкалася ля пад'езду (Вася ўжо ня памятае, паламаўся ў той дзень замок або ключ), але вось нейкi дзядзька адамкнуў знутры, упусьцiў i яны пачалi падымацца на сёмы паверх. "Эх, трэ было спаднiцу апрануць", – думала яна.
Яны адчынiлi дзьверы i ўвайшлi ў кватэру.
– Матыльда сьпiць, – прашаптала дзяўчо, прыклала палец да вуснаў i басанож пабегла па калiдоры. – Сюды нельга, – дадала i зьнiкла ў пакоi.
А бадай i неблагая кватэрка. Стандартная (ён жыў у "сталiнцы"), але i кухня не чатыры мэтры, i столь не два сорак, i пакоi не сумежныя. Нармальная трохпакаёўка ў нармальным дванаццацiпавярховiку ў нармальным мiкрараёне. Цiкава, Матыльда – гэта кот цi сабака? Котка, напэўна. Пэрсыдзкая.
– Заходзь, – пачуў ён ззаду шэпт i на пальчыках пайшоў у пакой.
Нiякай Матыльды ён ня ўбачыў. Цёмна было ў пакоi, хоць сонца сьвяцiла проста ў вакно. Што ж, слушна: калi б у мяне быў паўднёвы бок, я б таксама панаставiў кактусаў i начапiў тэрмаядзерныя шторы. Вузенькi ложак стаяў упоперак, на ложку ляжалi майткi-стрынгi, за ложкам стаяў столiк (хммм… дзiўна ён стаiць – леварукая, цi што?), постэры – палова мэталюжных, палова папсовых (не забыць спытаць пра брата)… нiшто сабе пакойчык. Мне падабаецца.
– Вой, прабач, я забыла прыбраць, – перахапiла яна Васеў позiрк, схавала майткi i, запахнуўшыся, прапанавала:
– Ды сядай сюды.
I Кутузаў сеў.
– Ты спрабаваў калi-небудзь насiць расшпiленыя кашулi? – спыталася дзяўчо. – Дарма. Табе б вельмi пасавала. Глядзi.
Яна села (ад чаго халацiк стаў нашмат карацейшы) i пайшла сваiмi кароткiмi кiпцюрочкамi працаваць над гузiкамi. Яе доўгая шыя стаяла проста перад вачыма.
– Самы нiжнi таксама, – мармытала дзеўка, выцягваючы кашулю, – ну, вось. О, не, ня пойдзе. Гэта трэба насiць на голае цела.
– Дык… халады ў краiне, – запярэчыў Вася.
Яна пстрыкнула яму па вушах ("Мярзьляк!") – i сказала, што тады хоць майку дастаць трэба; а сама ўжо даставала тую майку, спачатку заднюю частку, а потым – потым, адпаведна, пярэднюю, толькi... толькi…
– Я на таблетках, – выдыхнула яна i перасела.

Пазьней, калi Кутузаў меў з чым параўноўваць, ён быў у захапленьнi ад гэтага спакушэньня, настолькi усё было блiскуча, бездакорна прароблена (разумная дзеўка, у гэтым ёй не адмовiш). А ў той дзень – проста лавiў кайф ад удалага дэбюту, i налавiў таго кайфу поўныя штаны. "Я …ся, – думаў ён, – я …ся, ***СЯ! i нават ня скончыў у першыя паўхвiлi!". Так прайшло хвiлiнаў дзесяць – а можа, дзьве гадзiны.
– Марына, – пачулi яны жаночы голас, – прыйдуць госьцi, паздымай бялiзну.
– Ужо зьняла, – крыкнула Марына, не прыпыняючы свайго занятку.
"Гэта Матыльда, – прашаптала яна на вушка, – яна цудоўная".
"Цi не ў парнуху якую я ўжо патрапiў?" – пранеслася ў думках у Васiля. Прайшло яшчэ без малога тры хвiлi.
"Ну, за знаёмства", – сказала Марына сама сабе i, як яна сьмяялася, "дала зялёны". Каб не закрычаць, пацалавала яго ўзасмок…
– А ты спрактыкаваны, – сказала яна i цмокнула ў шчочку. – У каго iншага – два разы б ад такога ўпаў.
"А то, – падумаў Кутузаў. – Спрактыкаваны. Дома штодня практыкуюся".
– Марына, вынесi вядро, – падала голас Матыльда.
– Бягу-бягу, – крыкнула Марына, дастала з кiшэнi сурвэтку, паднялася, усё старанна абцерла i пабегла. Па правай назе засталася кропля, Вася хацеў спынiць, але не пасьпеў.
Пакуль Марына выносiла вядро з сурвэткаю, ён сядзеў у цемры, гартаў часопiс "Формула-1" за дзевяноста восьмы год i думаў, што самы адносны, самы расьцяглы панятак у нашым сьвеце – гэта хуткаплынны час. Гэта ж уявiць немагчыма: фармальна ягоны раман укладваецца у мацыённыя дзьве гадзiны!
– Давай да цябе, – прапанавала Марына. – Матыльда гасьцей запрасiла. Ну пае-эхалi!
Ён аслабанiў руку:
– Дык, бацькi…
– Ну вось, пазнаёмiш. Я люблю чужых бацькоў.
Марына апранула майткi перад люстэркам (iншыя, але падобныя), запулiла халат на ложак, нацягнула топiк, цмокнула люстэрка, нейкi час вагалася памiж спаднiцай i штонiкамi… павярнулася да каханка i са зьдзiўленьнем убачыла, што каханак прагне працягу банкету.
– Ну ты i гiгант, – справядлiва зазначыла яна. – Можна, як прыедзем да цябе, паўтарыць, – i празь пяць сэкундаў: – Ну? мы едзем цi ня едзем?
Матыльда зачынiлася ў прыбiральнi. Нельга было губляць нi сэкунды. Яны як маглi цiха зачынiлi пакой, Вася на бягу схаваў пад майку, "Я ўжо пайшла!" – крыкнула Марына, яны выбеглi за калiдорныя дзьверы i, цяжка дыхаючы, пачалi абувацца. Вася вярнуў чэлес на радзiму i зашпiлiў кашулю.
Вось якi цудоўны сон сьнiў паэт Вася Кутузаў.

Нельга сказаць, што сны падобнага кiрунку былi для яго нечым новым, – не, якраз наадварот. Але гэты быў асаблiвы.
Па-першае, вельмi прыгожы. Зазвычай Вася сьнiў рэчы неэстэтычныя: бiблiятэку, там, кнiгарню, аўтобус, – i прычым найчасьцей гэта быў сольны варыянт… або хардкор.
Па-другое, сон быў дэталёвы. Усё было дасканала прапрацавана: дэталi, адчуваньнi… думкi (i ейныя, i ягоныя). Да дробязей. Вася быў упэўнены, што калi прыедзе ў мiкрараён Паўднёва-Ўсходнi, то патрапiць паказаць дом, дзе жыве Марына. I хоць часопiс ён запомнiў слаба (там нешта было цi то пра Шумахера, цi пра Хiла), але зноў жа: гэта была менавiта "Формула 1", i менавiта за дзевяноста восьмы год.
Па-трэцяе…
Па-трэцяе, Вася раптам усьведамiў, што сярод усiх яго эратычных мараў гэтая мае шанец на зьдзяйсьненьне. Калi казаць шчыра, iм даўно так не цiкавiлася дзяўчына – прынамсi, яму не казалi, што зь iм прыемна гутарыць, не пацiскалi руку…
Васю нават спалохалi магчымасьцi, што разгарнулiся перад iм.

Канец першай часткi

– Як табе сказаць… Калiсьцi я лiчыў яго таленавiтым.
– А цяпер ужо не?
– Цяпер? цяпер – ня ведаю. Разумееш, ён не разьвiваецца. Ён што два гады таму пiсаў, так i цяпер пiша. Чалавек не разумее, што спачатку было, можа, цiкава, а цяпер гэта проста графаманская хрэнь.
– Няпраўда, у яго ёсьць добрыя вершы! Проста ён iх не чытае.
– Добрыя? ну, агуч.
– Я ня памятаю.
– Вось. Аб тым i рэч. Коля, гэта безнадзейны нумар. Калi ты мне прывядзеш хоць адзiн нармальны тэкст гэтага… гэтага аўтара – я… ну, чым табе праставiцца? Пiва, можа?
– "Артылерыйскага", паўтарашку.
– О-кэй.
– Ленка, ты сьведка.

Другая частка

– Не, не Вiялета. А чаму вы так вырашылi?
Вася прыгадаў, чаму ён так вырашыў.
– Ня ведаю, – адказаў ён. – Iнтуiцыя.
– Не Вiялета. Якiя яшчэ будуць вэрсii?
Васiль доўга думаў, узважваючы "за" i "супраць", наважваўся агучыць наступную вэрсiю, нарэшце выдыхнуў i спытаў:
– Часам не Марына?
– Часам не Марына. У мяне дзьве сяброўкi Марыны.
Дзьве сяброўкi! i абедзьве Марыны! Вася траха не аблiзнуўся. Зноў пачалi пацець ногi.
– I не Матыльда?
– I не Матыльда. Здаесься?
Вася паглядзеў на свае ногi.
– Давай пойдзем да Янкi Панцеляймонавiча, – папрасiў ён.
Яна паднялася, грацыёзна падала яму руку; ён лiтаральна адштурхнуў руку, неяк бокам устаў i пакрочыў сьледам. "Добра, што яна не ў спаднiцы, тады было б цяжка хадзiць", – думаў ён, падымаючыся на трэцi паверх. "Пачакай мяне, я зараз", – кiнуў ён каля пакойчыка i рушыў далей па калiдоры. Дзеўка сапраўды была надта прыгожая, так што праз паўтары хвiлi ён ужо вярнуўся. Яна чакала – каля дзьвярэй. Давялося ўваходзiць разам. Ён сеў памiж Мумам i паннаю Z. Яна села насупраць. Вася склаў рукi ў замок i заплюшчыў вочы, пакiнуў адну шчылiнку, каб вiжаваць. У пакоi было сьпякотна, а асаблiва ў гэтых цёплых штанах. Калi панна Z пранюхае… Ён ня зьняў свой палiтон.
– Давайце новенькая што-небудзь прачытае, – прамовiў нехта, i ўсе адразу ўхапiлiся за гэту думку: "Новенькая! Хай чытае новенькая!"
– Ну, прадстаўцеся, як вас завуць, – прамовiў Янка Панцеляймонавiч. Пасьля гэткага празрыстага намёку ўжо не выпадала саромецца й ламацца.
– Мяне завуць Алеся. Мне семнаццаць год, вучуся на мэхмаце, займаюся ў Палацы моладзi. Пiшу нядаўна, але мне казалi, што мае вершы… што iх можна ўжо… карацей, каб я iх вам прынесла паказала.
– Ну, мы цябе ў альманах возьмем, – запэўнiў Янка Панцеляймонавiч, – нясi вершы, дзесяць старонак – дваццаць даляраў.
– А чаму так ма?
Алеся была яшчэ маленькая i не разумела, хто каму плоцiць.
– Можна пятнаццаць старонак прынесьцi, гэта калi шмат вершаў, – супакоiў Падлыга, – мы адбярэм, толькi ўжо тады ня дваццаць даляраў плацiць, а трыццаць. Адна старонка – два даляры.
– А чым вы займаецеся ў Палацы моладзi? – зацiкавiўся малады пiсьменьнiк са смазьлiвымi блакiтнымi вочкамi.
– Эстрадным вакалам.
– А песень вы ня пiшаце? – спытаў Сева. Ён пiсаў i быў пры гiтары. – Мы б паслухалi.
– Мабыць, не, – Алеся пачала ружавець. – Я спрабавала, нешта не атрымоўваецца. Ня ўсё адразу, карацей.
Вершы былi даволi якасныя, з роўным рытмам i нават са строфiкай. Расейскiя – пра вены, сьвечкi, пра каву; у адным вершы было слова "эсэмэска", у другiм – "баннер" i "на фига". Беларускiя – абавязковы твор пра матчыну мову, потым ружовы сьвiтанак, расстаньне, адхланьне – карацей, гэта былi сапраўды даволi роўныя, якасныя вершы, якiя ня сорамна друкаваць у якой-небудзь рубрыцы "Чысты аркуш" або, ня ведаю, у альманаху тым жа. Па-беларуску быў адзiн трыялет. Было зазначана, што вершы роўныя, якасныя; адзiнагалосна было параена пiсаць па-беларуску; было абяцана надрукаваць усё ў альманаху ("ты давай, нясi").
Васiль чытаў праз аднаго аўтара.
– Я сёньня прачытаю верш, якi ўжо гучаў, але некаторыя людзi яго яшчэ ня чулi, – сказаў ён i, хоць ад яго чакалi новага, агучыў твор пра Вiялету. Зьдзейсьнiўшы гэта, ён устаў i пайшоў.
Некаторыя людзi дагналi Васю ў фае:
– Ты на мэтро? Хадзем разам.

– Як табе спадабаўся сёньняшнi верш? – паспрабаваў ён завязаць размову, калi яны падыходзiлi да "Караваю".
– Вася, – яна спынiлася. – Адкажы мне на такое пытаньне – толькi ты не крыўдуй, добра?
Ён маўчаў i слухаў.
– У цябе праўда няма дзяўчыны? Калi ня хочаш, не адказвай, проста мне цiкава даведацца. Проста мне падалося, што ты неяк з гэтага… не, не камплексуеш, а… але табе сумна, або калi ня сумна, то… Проста ў гэтым няма нiчога заганнага, у мяне вось… карацей, ня трэба так ужо на сьценку лезьцi. Ты разумны, таленавiты хлопец – калi крыху зьменiш свае паводзiны, цябе любая дзяўчынка пакахае.
– А цi чула ты, – ён вырашыў каваць жалеза, – мой верш пра пiратаў?
– Не яшчэ, – адказала дзяўчынка, – яшчэ не.

Пираты. Типа пираты.
Перережешь росчерком пера ты,
Их уймешь, и станут отпираться
Эти экс-пираты от пиратства.

Регата. Реко-регата.
Ригористичные берега там.
Левый ничего, но правый –
Он тебе мешает плавать.

Вася чытаў уголас. Яны спусьцiлiся ў пераход, голас ляцеў i зьвiнеў. Алеся слухала з адкрытым ротам. Гэта быў iншы Кутузаў – пэўна, той будучы Кутузаў, у якога павiнны закахацца ўсе дзяўчынкi.
– Вася, – ледзь не прашаптала Алеся, – табе вакалам трэба займацца. Такi тэмбр!..
– Я думаў над гэтым, – сьцiпла адказаў Кутузаў, – але я ўжо, напэўна, апантаўся паэзiяй, так што буду пад адным вуглом.
– Але ж не абавязкова адразу на сцэну! – запярэчыла Алеся. – Шмат хто займаецца як хобi – прыходзiць са школы, з вучобы i ў студыю! Прыходзь. У нас кiраўнiк класны.
На гэтай аптымiстычнай ноце яны разышлiся, а Васiль усю ноч ня спаў, думаў толькi пра Алесю. I ўранку прачнуўся, таксама пра яе думаў.

Фантазiя 5
…i чыгунная срака рэальнасьцi.

Жора Кастыленка стаiць на чысьценькае драўлянай сцэне. Праваруч (для Жоры леваруч) жоўтае пiянiна. Па левы бок – люстэрка ва ўсю сьцяну, так што людзей падаецца ўдвая больш. Iх усё роўна няшмат, усе свае. Яны ўжо паселi ў крэслы i падрыхтавалiся слухаць. Вася Кутузаў сядзiць на падваконьнi, склаўшы рукi.
– Шаноўнае спадарства, – так пачаў Георгi. – За гэтыя чатыры гады i чатыры месяцы мы з вамi наладзiлi шмат вечарынаў самага рознага кшталту, гэта былi i выступы ў форме канцэртаў, i традыцыйныя паэтычныя вечары, але адно iх аб'ядноўвае: яны ўсе былi цiкавыя. Сёньня мы вырашылi парушыць гэтую традыцыю. Такiм чынам, Першы ўсебеларускi фэстываль занудзтва абвяшчаю адкрытым!
Пад рэдзенькiя авацыi Жора i нейкi хлопчык выносяць на сцэну плякат. На плякаце надпiс:

Ты действительно
считаешь меня
занудой?

Рэглямэнт быў вельмi просты. Кожны выходзiць i чытае свой тэкст. У канцы ўсiм раздаюць паперкi i адбываецца галасаваньне. Пасьля перапынку – другое аддзяленьне, вольная праграма. Ну, сёньня былi не паперкi, а сапраўдныя блянкi з анкетамi.
На сцэну вылез Клапоў, прачысьцiў басовае горла i пачаў дэклямаваць…

Уж проходит снова утро.
Солнце вылезло наверх.
И под небом светло-русым
Вышли издали походкой.
Тридцать семь богатырей.
Их натянуты кольчуги.
Да на бедра и на шлемы.
Полукони их щебечут.
Полпородное гнедое.
Но сидят они твердея.
Во стремленьи отомстить.

– I яшчэ адно маленькае аб'яўленьне, – закрычэў Жора. – Адну хвiлiначку. Справа ў тым, што час выступу нашых канкурсантаў аб-ме-жа-ва-ны. Кожны чытае дзесяць хвiлiн, за гэтыя дзесяць хвiлiн трэба пасьпець занудзiць публiку. Працягвайце, я скончыў.

Во стремленьи отомстить.
За наплыв такую силы.
За убить супостата-фрица.
Отомстим за падшу Русь.
Синеокую чахотку.
Отомстим за докторов.

Прайшло дзесяць хвiлiн. Паэма была спынена. Адгрымелi аплядысмэнты, Жора каротка падзячыў i запрасiў зануду нумар два. Яўген Сяргееў зьняў дыктафон з паўзы i выцягнуў руку зь мiкрафонам.
У прынцыпе, наконт фэстывалю iдэя была неблагая. Дасьледчыкi ўжо пiсалi пра ролю плеаназму ў сучаснае паэтыцы i давялi, што паэзiя i занудзтва ёсьць рэчы шмат у чым супастаўляльныя i прадстаўнiкi аднаго падвiду дзейнасьцi могуць выявiць сябе толькi праз зварот да другога… але тут мы спыняемся, бо занудзiм чытача.
Распавядзем лепш пра Пасюкевiча.

Калi недахоп тонкiх цукерак у тым, што iм нестае iмпэту, – дзеўка, што сядзела на пярэднiм сядзеньнi, належала да, так бы мовiць, вострых цукерак. Пасьля кожнай паэтавай рэплiкi яна дзiка хiхiкала – аж задзiралiся ножкi, апранутыя ў караценькую спаднiчку.
– Машыну я зараз мяняю, – хвалiўся Пасюкевiч. – Я хачу "Мазду", спартовую, як у Ромкi.
– "Мазду"? – дзяўчо ўсьмiхнулася i на ўсялякi выпадак хiхiкнула.
– Ну так, я люблю "Мазды". Так што цяпер во сяджу без машыны.
– Пастой-пастой… А гэта што тады? А?
– А гэта запарожац, гэта ж не машына, – адказаў Паша. – У кожнага мужыка павiнен акрамя машыны быць запарожац.
– Слухай, – Леначка зьдзiўлена на яго паглядзела. – Што ты манiш? Гэта ж не "Запарожац"!
Ён толькi таго i чакаў. Цяпер можна з ходу сесьцi на ўлюбёнага каня, прачытаць лекцыю пра трабанты-вартбургi , згадаць цёплым словам вядомага стрытрэйсэра, якi няблага расьсякаў на "Трабанце" годзе прыблiзна ў дзевяноста сёмым, – загрузiць па поўнай. I ў канцы прыгадаць, што гэты вось зялёны "Вартбург", ён не ягоны, а бацькаў. Ну, распавесьцi гiсторыю машыны, пэўна, не пасьпее.
– Дык слухай, – сказала Леначка, – я не зразумела. Чаму Калесьнiкава ня йдзе?
– Вiдаць, – адказаў Пасюкевiч, – апранаецца. О, а вунь яна – вунь-вунь-вунь, рухаецца. Э-эй!

Алеся Калесьнiкава была траюродная пляменьнiца Пасюкевiча, але пра яго iснаваньне даведалася толькi ў сьнежнi, пачаўшы займацца радаводам.
Пазнаёмiлiся яны ў той дзень, калi Паша сядзеў пры кампе i ў парыве высокага творчага натхненьня жэр чыпсы. Ён любiў так вось пiсаць у цёплым фатэлi: за вакном адзiн градус цяпла, дождж i падталы галалёд, ты слухаеш скавытаньне ветру i крыху шкадуеш тых, хто зараз ня ў хаце.
– Ма, схадзi пiўка, – крыкнуў Пасюкевiч на кухню i, пачуўшы, як яна апранаецца, дадаў: – Ты ж глядзi, "Балтыку" не бяры!
Мама паплялася на вулiцу.
I тут зазванiў тэлефон.
Вось болей за ўсё паэт не любiў, калi ён сеў па справе, а тут нехта ломiцца. "АЛЁ!" – прамовiў ён, схапiўшы слухаўку. На другiм канцы маўчалi.
– А-лё. Я слухаю, – ён яшчэ стрымлiваўся.
"Вой, даруйце, я, напэўна, не туды трапiла", – сказалi тонкiм дзявочым галаском.
I – фэнамэнальная рэакцыя ў Пасюкевiча – ён пасьпеў уставiць: "Не-не, не памылiлiся" на долю сэкунды раней, чым дзяўчынка паклала слухаўку, а калi праз паўхвiлi зноў патэлефанавалi, ён ужо зусiм iншым голасам адказаў:
– Алё, я слухаю.
Праз сорак хвiлiн Алеся пад'ехала да Пасюкевiчаў з тоўстым сшыткам. Гутарка цягнулася да паловы на першую, i тое таму, што здохла асадка. Яны разышлiся лепшымi сябрамi.
Менавiта сябрамi. Алеся апынулася адной зь нешматлiкiх дзяўчат, якiх Пасюкевiч не хацеў, – прыгожых дзяўчат, я маю на ўвазе. Даходзiла да таго, што ён амаль не распранаў яе вачмi. I ўжо канечне ўпершыню ў жыцьцi паэт аб кiмсьцi клапацiўся.
I гэта не з-за таго, што Алеся яшчэ маленькая, – не, зусiм не. I не маленькая, i не тупая, i, я так падазраю, не фрыгiдная. Проста нейкая яна была… родная, хiба. Я думаю, Пасюкевiчу неставала малодшай сястрычкi. Вольга выйшла замуж у Жлобiн, яна цяпер занятая, гадуе дачку. Пару разоў была тэлефанавала, апошнi раз абяцалася прыехаць... ды вось тры гады мiнула, а нешта ня едзе.
Алесю, дарэчы, зьдзiвiла, колькi гадоў Пасюкевiчу.
– Ну, я ня ведаю... Ну, я думала, дваццаць, там, тры, дваццаць пяць. Дык ты, выходзiць, стары дзед?

Але мы зусiм забылiся на Васю.
Кутузаў сядзеў на тым самым месцы, дзе мы яго пакiнулi, i займаўся акторскай канцэнтрацыяй. Праз пару нумароў ён будзе выступаць.
I спачатку ўвайшла Леначка (Васiль паглядзеў, закахаўся i стаў думаць рыфмы да слова "юбка"), за ёй Пасюкевiч (гэты яшчэ кiўнуў яму, i Вася адказаў), а потым прыйшла Алеся. Яны трое селi разам i сталi слухаць занудзтва.
Калi пяць хвiлiн таму Васiль Кутузаў быў бесклапотным летуценьнiкам бяз зацiскаў i комплексаў, калi адну хвiлю таму ён закахаўся i быў на ўздыме творчых сiлаў – то цяпер у маленькай стрыжанай галоўцы вiравала такая сiмфонiя пачуцьцяў, што, здавалася, зараз праз вушы палезе. Па-першае, ён працягваў кахаць Леначку.
О так, гэта было сапраўднае чыстае пачуцьце. Ён жадаў, жадаў быць разам, быць толькi разам заўжды i паўсюль. Уяўленьне малявала карцiны…
Марынiстычную: "Я i яна на караблi".
Пэйзаж: "Я i яна на прыродзе".
Нацюрморт: "Я i яна на стале".
Адначасна ён быў закаханы i ў Алеську. Ён адчуваў цяпер нейкую вiну перад сваёй музаю. I было невыносна бачыць iх абедзьвюх побач. Чаму яны так спакойна размаўляюць?
I па-над гэтымi двума высокiмi каханьнямi паўстала рэўнасьць – гарачая, глыбока зацiснутая, схаваная рэўнасьць да Пасюкевiча.
Ён вырашыў чакаць, пакуль якая-небудзь зь дзевак выйдзе, i прызнацца ёй на калiдоры ва ўсiх сваiх пачуцьцях. Нейкая частка ўяўленьня адразу намалявала карцiну "Я i яна на калiдоры", Вася адкiнуў гэтую цалкам фантастычную парнаграфiю i стаў чакаць.
Ён не дачакаўся. Выступiў адзiн зануда, выступiў другi, а нiводная муза так i не пайшла. "Хоць бы пасцаць ужо споўзалi", – думаў Вася.
I вось надышоў той момант, калi Жора аб'явiў:
– Наш наступны канкурсант павiнен быў выступаць па-за конкурсам, бо так склалася, што ён заўжды бярэ першыя прызы. Але мы параiлiся i я вырашыў, што як зануда ён нашмат слабейшы за некаторых тут прысутных , а таму – Васiль Кутузаў!
Пасюкевiч нешта сказаў сваiм дзяўчатам, i яны пачалi на глядзець на Васю…
Кутузаў узьняўся на сцэну. Прыкметна дрыжалi каленi.
– Мяне завуць Васiль Кутузаў (сьмех, аплядысмэнты), я буду чытаць вершы… я пiшу таксама i прозу, але сёньня буду чытаць свае вершы. Я прачытаю тэкст, якi напiсаны з нагоды… адной падзеi – я думаю, адрасат тэксту…
Нешта было з Васям ня тое. Прайшла цэлая хвiлiна, засталося восем з паловай, а чытаць ён так i не пачаў. Публiка перастала сьмяяцца i ўважлiва сачыла за яго рухамi. Усё iшло да таго, што i сёньня першы прыз будзе ягоны, прычым датэрмiнова.
Вася забыў тэкст.
Ён зразумеў, што сiтуацыю трэба ратаваць. Ён пакрочыў у кут сцэны, вывалак адтуль крэсла, каб зьдзейсьнiць якi-небудзь пэрфоманс. Стаў у велiчную позу (бокам да гледачоў, трымаючыся за крэсла) i пачаў усё ж такi прыгадваць свой тэкст.
– Цi не, – прыйшло на розум, – лепей я вам iншы верш прачытаю, – пачаў думаць, што б гэткае прачытаць, нiчога не надумаў, але на ўсялякi выпадак прамовiў: – Паэма.
Абышоў крэсла, нахiлiў яго да сябе, павярнуў на дзевяноста градусаў.
– Ну, гэтая паэма будзе iмправiзацыйная, таму, калi што, падказвайце свае варыянты.
Прайшла яшчэ хвiлiна.
Дзяўчаты нешта сказалi Пасюкевiчу, ён кiўнуў, яны выйшлi.
– Паэма яшчэ не напiсаная, – прамармытаў Вася, – яна будзе гатова iншым разам.
I пайшоў са сцэны.
– Вася, пэрфоманс – супэр, – сказаў Яўген Сяргееў.

Генiяльны паэт Васiль Кутузаў выйграў конкурс занудаў. "Iмправiзацыйная паэма" сталася папулярным эўфэмiзмам. Пасюкевiч запрасiў дзевак на пiва, i яны выжлукталi паўтара лiтры "Артылерыйскага" удзьвюх. Яўген Сяргееў пайшоў сьмяротна пакрыўджаны на Жору. Самы рады быў Клапоў. Яму далi другую прэмiю.
Кожнаму – сваё.
А ўвогуле, iмпрэза апынулася ня самая цiкавая. Усё неяк спаўзло на традыцыйны пэдуноўскi мiжсабойчык, i Жора чытаў свае вершы, таленавiтыя, як заўсёды, i Маша Бунякоўская, i пажарнiк з Мар'iнай Горкi (трэцяя прэмiя на конкурсе), i ўсе-ўсе-ўсе. I нiхто чамусьцi не згадаў пра фармат вечарыны, нiхто не прадэманстраваў сапраўднага занудзтва.

У тую ноч да Васiля прыйшлi вершы.

Девочка в юбочке –
Вьюсь, ах, у юбочки!
Девочка в платьице
Плачет и прячется
Будет невеста
Всегда заикаться,
Заметив, что вместо
Моего языка…

Гэтыя радкi забракаваў сам Вася. Таму што тэхнiчна радкi былi не слабейшыя ад усяго астатняга корпусу тэкстаў (хай кутузазнаўцы мяне паправяць) – i, тым ня меней, безнадзейна састарэлi.
Ён цяпер хацеў пiсаць пяшчотна i паэтычна, хацеў падабацца музе, але як спалучыць гэта з эпатажам i выклiкам грамадзтву? Як ягоным магутным голасам сьпяваць лiрычныя песьнi?

Фантазiя 6
Невядомы генiй бяльканта

Чарапахiн выглядаў наступным чынам.
Ён быў крыху нiжэй сярэдняга росту, худы, у акулярах, падстрыжаны кароткiм вожыкам, брудна паголены…
Не, нясмачна. Не малюецца карцiнка, трэба неяк iнакш.
Гэта быў худы, брудна паголены акулярык гадоў трыццацi, крыху нiжэй сярэдняга росту, з кароткiм вожыкам валасоў…
Зноў ня тое.
Чарапахiн насiў тоўстыя, дыёптрыяў на восем акуляры, блякла-брудна-жоўта-шэрую куртку, такога ж колеру былi валасы, падстрыжаныя кароткiм вожыкам, сам быў брудна паголены, худы, крыху нiжэй сярэдняга росту.
Не. Не атрымоўваецца яго жыва апiсаць.
Будзьма лiчыць, што гэты таямнiчы Чарапахiн нiяк не выглядаў.
Але менавiта гэты нiчым не выдатны чалавек, старэючы батанiк, чырвананосы, быў адзiн з найлепшых пэдагогаў-вакалiстаў краiны. I наш герой зразумеў тое на самым першым занятку.
Тэорыя Чарапахiна грунтавалася на некалькiх тэзах. Першая: нiякi вакал немажлiвы без сур'ёзнай опэрнай падрыхтоўкi – iначай ня хопiць сiлы гуку, ня будзе чутно ў залi. I калi на сольных канцэртах яшчэ можна скарыстаць мiкрафон, аблегчыць сабе задачу, то выступы для тэлебачаньня адбываюцца бяз сродкаў узмацьненьня, i вось тут палётнасьць гуку адыгрывае самую непасрэдную ролю. Прыклады: сьпявачка Фруктоза, розныя дзявочыя гурты i г.д. Яны б нiколi не агучылi безь мiкрафонаў спорткомплекс "Алiмпiйскi", калi б ня мелi належнае клясычнае школы.
Па першай тэзе наступныя пайшлi лягчэй.
– Сучасныя опэрныя сьпевакi, такiя як Павароцi, Баскаў, Каруза, усе сьпяваюць адным месцам, – Чарапахiн прасмаркаў i без таго ледзь жывы нос, укамячыў насоўку ў кiшэнь i працягваў, – задняй сьценкай трахэi. Гэта, у прынцыпе, правiльна, такi гук вельмi лёгка сабiраць у высокую фарманту – усё цудоўна. Але мы будзем трэнiраваць iншае гукаўтварэньне, – ён паправiў акуляры. – Мы будзем працаваць бакавымi сьценкамi трахэi, i ў гэтым эксклюзыў маёй аўтарскай школы. Бакавыя сьценкi надаюць вакалу шырыню i стэрэафанiю. Зь iншага боку, гук, утвораны бакавымi сьценкамi трахэi, лягчэй накiраваць у самыя вялiкiя грудныя рэзанатары – падпахавыя. Звычайныя сьпевакi, якiх вучылi сьпяваць задняй сьценкай, вымушаныя ўздымаць на верхнiх нотах рукi. Некаторыя драматычныя сапрана даходзяць да таго, што выдаляюць там валасы, – гэта робiцца дзеля таго, каб вызвалiць рэзанатары. У маёй школе дастаткова будзе напружыць бакавыя сьценкi трахэi, i гук сам трапiць куды трэба.
(Адчувалася, што гэты чалавек любiць пагаманiць пра сьценкi трахэi, i калi ён ужо пачаў, то спынiць прамову вельмi цяжка).
– Акадэмiчны вакал, – сказаў Чарапахiн на разьвiтаньне, – вельмi складаны для засваеньня. Навучыцца сьпяваць нельга, можна толькi навучыць. Бялькантавая тэхнiка вымагае неадступнасьцi i паступовасьцi. А таму будзьце гатовы, што блiжэйшы месяц мы будзем займацца практыкаваньнямi на адной ноце. Месяц гэта мiнiмум, а ў iдэале трэба паўтара-два.

Так Вася Кутузаў стаў тэнарам. Ён прыходзiў у Палац моладзi ў дваццаць хвiлiнаў на шостую, чакаў Чарапахiна i яны йшлi ў клясу. Тэатральную залю давалi рэдка, так што даводзiлася падымацца на пяты паверх, i Чарапахiн, каб не губляць час, пачынаў расьпяваць Васiля на лесьвiцы. А адзiн раз была занятая i гэтая маленькая кляса, i Чарапахiн, якi паспрабаваў быў вакалiць паралельна, у якасьцi фону, быў усё ж вымушаны пайсьцi на калiдор.
Тады Чарапахiн сеў на лаўку i стаў думаць. Вася сеў побач, прыхiлiўся да сьцяны, заплюшчыў вочы. Мэдытавалi хвiлiн пятнаццаць, потым зноў зайшлi.
– Я думаю, – прамовiў Чарапахiн, калi трохi аддыхаўся пасьля бегу, – сёньня мы, напэўна, будзем займацца ў гэтай прыбiральнi.
– У прыбiральнi можна, – пагадзiўся Васiль, – там акустыка класная.
– Тым болей, – сказаў пэдагог.
Маленькая аднаўнiтазная прыбiральня пятага паверху паглынула нашых герояў, i нейкi час яны займалiся.

Наступным днём была субота, а значыцца, сэмiнарскiя заняткi.
Сэмiнарскiя заняткi – яшчэ адно know how спадара Чарапахiна. Таму што такога гiсторыя вакальнае пэдагогiкi яшчэ ня ведала.
Калi вы былi ў Палацы моладзi, то мармуровая заля – гэта квадратнае памяшканьне вышынёй у пяць паверхаў, даўжынёй амаль на ўвесь палац. Роўная падлога бяз крэслаў. Калi стаць на сцэну, то замест левае сьцяны будзе спуск у фае, а з фае – у гардэроб; на дальнiм краi заля пераходзiць у аранжэрэю; у левым кутку пад лесьвiцай схавалася маленькае кабiнэтнае фартэпiяна. Уздоўж правае сьцяны пад бальконам вiсяць працы юных мастакоў.
Вось у гэтай мармуровае залi праходзiлi заняткi.
Вучнi разьмяшчалiся на каменную падлозе, сядалi колам, падлажыўшы сабе якую вопратку або дыванок. Кожны па чарзе выходзiў у цэнтар гэтага кола i паказваў засвоенае цягам тыдня. Чарапахiн не абмяжоўваў сваiх выхаванцаў у жанры: на ягоных сэмiнарах можна было пачуць i плаўны пераход памiж нотамi, i архiтэктонiку опэры, i высокую фарманту, i вакальны рэмiкс… Потым калегi крытыкавалi выступ, пасьля чаго вылазiў наступны вакалiст i ўсё паўтаралася. Сам маэстра сядаў пад лесьвiцу, за раялю, сьпiнай да вучняў, каб не перашкаджаць творчаму працэсу, i зрэдку толькi выступаў у ролi арбiтра.
Першым сёньня вылез кашлаты бамбiза. У руцэ ён трымаў дабiтую гiтару.
– Вельмi цiкава, – прамовiў Чарапахiн, – новы чалавек, паслухаем.
– Smells like teen spirit, – аб'явiў вакалiст, бразнуў па струнах i загарланiў неўмiручы гiт Курта Кабэйна. Мёртвая акустыка мармуровае залi была яму адказам. Гiтара ня строiла, ды ён i не спрабаваў яе падкруцiць. Нiхто не спынiў гэтага пяюна, i давялося вытрымаць усе куплеты i сола.
– Давайце я скажу, – узьняў руку маэстра Чарапахiн. – Можна?
Усе змоўклi.
– У вас, безумоўна, свая арыгiнальная вакальная манэра, вельмi экспрэсыўная – вы, дарэчы, валодаеце неблагiмi акторскiмi здольнасьцямi, – але ж вы занадта экспэрымэнтуеце з тэмбрам. Вы содзiце дыханьне на кадык, у вынiку напружаная дыяфрагма. Усё гэта не спрыяе раскрыцьцю стылiстыкi твора. Ну а яшчэ што-небудзь ёсьць у рэпэртуары?
– Ну… гэта… сьпяваю гамы.
Ён пракукарэкаў штук шэсьць левых нотаў без гiтары.
– Але ў цэлым рок-вакал у вас атрымоўваецца больш арганiчна, – падсумаваў Чарапахiн. – Так што ў нас цяпер ёсьць свая рок-зорка – папляскайма (усе папляскалi). Толькi вы ўсё ж менш iмправiзуйце з гiтарай.
– Iмпа… iмпу… як? – адказала рок-зорка.

Васiль вяртаўся з Чарапахiна. Побач была Алеся.
– Як табе наш кiраўнiк? – спытала яна.
– Чарапахiн сказаў, у мяне тэнар, – пахвалiўся Васiль.
– Ну… яму лепей ведаць, – разгублена прагаварыла дзеўчына. – Драматычны, напэўна, так?
– Мы такiмi рэчамi не займалiся, – адказаў Вася.
Пасьля ён распавёў мiлую гiсторыю пра рэчы, якiмi яны займалiся.
Аказваецца, учора, пасьля таго як яны з маэстрам забрылi ў прыбiральню, да iх пачалi грукацца. I грукацца амаль адразу, хвiлiн празь пятнаццаць-дваццаць. I калi Чарапахiн настойваў на тым, каб працягваць сьпевы (прафэсiйны артыст мусiць працаваць у любых варунках i у тым лiку i ў прыбiральнях), то Вася пачуваў сябе вельмi дыскамфортна, яму не сьпявалася, гэта паўплывала на тэмбр, i ў рэшце рэшт яны дамовiлiся, што выйдуць, упусьцяць чалавека, а потым зноў зойдуць.
– У нас у МДМе па адным сарцiры на паверх, – уставiла Алеська.
I што ж яны бачаць, выйшаўшы з гэтага сарцiру? А бачаць яны – кабет. Чалавек… чалавек дзесяць, калi ня дваццаць. Прыбiральня апынулася жаночая.
– Нам яшчэ пашанцавала, – скончыў Вася. – Калi б Чарапахiн клямку не замкнуў, нас бы празь пятнаццаць хвiлiн адтуль турнулi. А так – нiчога, пазаймалiся.
Алеся раптам пасур'язьнела.
– Проста тут неабходна разумець, – пасьпешлiва ўставiў Васiль, – што мы рыхтавалiся да майго дэбютнага сэмiнару. Так бы ён мяне адпусьцiў.

Яны шпацыравалi па беразе Камсамольскага возера.
– Вася, ну што ты робiш! – Вася падняў камень i шугануў качара. – Хто цябе выхоўваў?!
– Я сам выхаваўся, – адказваў Вася.
Тады Алеся звалакла яго з бардзюра, павяла да блiжэйшае лаўкi i села, абцершы лаўку сурвэткаю. Вася стаў перад ёю i ўтаропiў свой позiрк.
Яна любiла гэты парк. Тут не было атракцыёнаў, не было масавiкоў-забаўнiкаў, не было хулiганаў. Але тут быў Вася – а Вася, калi ён у гуморы, гэта i хулiган, i масавiк-забаўнiк, i атракцыён разам. I гэта непакоiла Алесю.
– А вось паглядзi, – яна паказала на далягляд. – Тут калi нахiлiць галаву, падаецца, быццам крыж.
– Вось так?
Алеся павярнула яго да возера.
– Не, трэба вось так. Ну куды ты хiлiш?
Васiль хiлiў i сьмяяўся.
Алеся была сёньня не ў спаднiцы, але i ў простых чорных штонiках заставалася на дзiва прывабнаю дзеўкай. Ды i пунсовая куртачка выдатна пасавала да колеру валасоў, i шчокi расчырванелiся, i пальцы ў пальчатках iмпазантныя ды сэксуальныя – проста ўзяў бы дый адкусiў. Над возерам заходзiла сонца, у парку была ўжо ноч, i толькi тут, ля вады, можна было яшчэ адрозьнiваць колеры.
– Табе не халодна? – спытала дзяўчына.
– Не, мне не халодна, – адказаў Вася бадзёра як нiколi. – Наадварот, горача.
Алеся ўважлiва паглядзела на палiтон паэта.
– Хадзем наверх, – прапанавала яна. – Я мерзну.

Iшлi ўдвух уздоўж трамвайнае лiнii, хадзiлi па рэйках (тут ужо Васiль прытрымлiваў музу), хадзiлi па шпалах. Трамваяў амаль не было. Цiха – як у бабулi ў вёсцы.
Мы, гараджане ў другiм пакаленьнi, памятаем зусiм iншую вёску, ня тую, у якой жылi ў маленстве нашы бацькi i якая сто разоў апiсаная ў сучаснай мастацкай лiтаратуры. Дзе ў пiсьменьнiкаў бацькi, там у нас – бабуля i дзядуля, старэнькiя, адсталыя, незразуметыя i вельмi-вельмi добрыя. Нас – у масе сваёй – не будзiлi немаведама калi i не выпраўлялi ў грыбы. Калi я паспрабую напiсаць пра вёску, атрымаецца ня "Новая зямля", а пастараль . Нашы бацькi жылi вясковым жыцьцём, хоць i даўно; мы – адно адпачывалi.
Вулiца, па якой iшлi паэт i муза, была шырокая, забудаваная шматпавярховымi будынiнамi, яшчэ i з трамвайнай лiнiяй, але якраз iхны бок нечым няўлоўна нагадваў вёску. Можа, таму, што тратуар быў вузенькi; можа, таму, што парк – ня ведаю. Але абодва адчувалi гэтае падабенства, i на абодвух нахлынулi гэтыя ўспамiны – у кожнага свае. У тую хвiлiну Васiль i Алеся сапраўды глядзелi ў адзiн бок.
За паваротам пачынаўся горад.
Алеська шапнула: "Тройка!", абодва кiнулiся да прыпынку. Вася прапхнуў музу ў салён i памахаў ёй ручкай.
– А ты што, ня едзеш на трамваi?
– Не. Мне трэба да… (на сэкунду задумаўся) гатэлю "Беларусь".
– Я цябе правяду. Я маю вольны час.
– Але справа ў тым, што мне яшчэ трэба зайсьцi ў выдавецтва.
– Заканчваем пасадку, – прамармытаў дзядзька па-расейску. Алеся скочыла да Васiля.
Пастаялi, памаўчалi.
– Ты не жадаеш мяне бачыць? – спытала муза.
Васiль Кутузаў задумаўся i нарэшце адказаў:
– Ня ўсё адразу. Мне трэба аднаму, у спакойных абставiнах…
– Я табе свой тэлефон пакiну.
Алеся напiсала ў нататнiчку, вырвала аркуш, аддала тэлефон.
– Калi што – званi.

Прадмова да фантазiяў 7 i 8

Я перачытаў гэтыя свае фантазii. Ведаеце, мне не спадабалася. Фактычна, увесь кавалак тэксту – аб тым, якiмi сродкамi Павел Пасюкевiч карыстаецца, каб завэрбаваць Васiля Кутузава на сваю лiттусоўку, i што яны пры гэтым ядуць. Калi чытач ведае, якiмi сродкамi карыстаецца Павел Пасюкевiч i што ядуць лiтаратары, ён можа прапусьцiць фантазii 7 i 8, праглядзеўшы iх толькi па дыяганалi.
Трэба, аднак, улiчыць, што сёмая фантазiя зьмяшчае бiяграфiю Пасюкевiча, а восьмая – расшыфроўку назову ягонага часопiсу, i таму мы ня раiм iх прапускаць.

Фантазiя 7
Тыя ж i Пасюкевiч

– У мяне аднаго разу, – распавядаў Паша Пасюкевiч, – яшчэ весялей было. На Днi першакурсьнiка, забыў ужо, у якiм годзе. У парку гэта было, у "Дрымлэндзе". Бяру я, значыць, смачны шашлык. Чаргу адстаяў страшэнную, заплацiў грошы (я ж думаў, то за ўвесь шашлык столькi бяруць, а гэта за кавалачак парэзаны, сто грамаў); узяў шашлык, сподачак яшчэ, памятаю, беленькi… Хаджу па парку, мачаю ў кетчуп – кайфую. Даеў, узяў сурвэтачку, выцiраю рукi, хоп – а ў сурвэтачку нешта загорнута. Гляджу, а там…
– А што там было? – спытаў Вася.
– Не перабiвай. А там – там, у гэтай маёй сурвэтачцы, калi я яе, значыцца, разгарнуў, там ляжаць… ну вось мне цiкава, здагадаецеся, што там ляжыць?
– Соль i перац.
– Што, соль i перац? – спыталася i Алеся.
– Не. Там ляжалi нож i вiдэлец. Гэта я, значыцца, паеў рукамi (агульны сьмех) сьвiнiну! з кетчупам!.. а вiдэлец i нож не знайшоў!
– А што ты рабiў у "Дрымлэндзе"? – спытала Алеся. – Ты ж быццам бы…
– Мяне правялi па знаёмстве, – хуценька адказаў Пасюкевiч. – Я там накшталт арганiзатара.
Як хораша было сядзець вось так у пiцэрыi, чакаць пiццу, прыгаварыўшы саляту, i цешыцца размовай з разумнымi людзьмi. Не, малайчына Павел: каб ня ён, сядзелi б яны зараз на гэтым графаманскiм зборышчы, слухалi б творчасьць якога-небудзь Клапова.
– Ну, самi як: дзе лепей, тут або ў Пралыгiна? – спытаўся Пасюкевiч, i выгляд у яго быў самы хiтраваты. – Я вось лiчу, што лепей пасядзець тут. Вершыкi мы i так i так можам, а пiццу гэткую ў Круглым доме не пададуць.
– У Круглым доме ё кавярня, – прамовiў Вася.
– Ат, – Пасюкевiч прыўзьняў нож з налiплай кукурузiнай, – …цтойная там кавярня. Быў я ў ёй, два разы. Болей ня хочу. I там плюс цэны кусаюцца.
Маладыя паэты верылi на слова.
Увогуле, Пасюкевiч каторы ўжо раз лавiў сябе на дзiўным адчуваньнi. Ён пачуваў сябе нейкiм зусiм iншым Пасюкевiчам, якi перасягнуў пэўную планку i ня можа пiсаць бесклапотныя паветраныя штучкi кшталту тых жа "Мiкробаў". Адчуваньне гэтае ўзьнiкла нядаўна, мо з паўгады таму, i з тых часоў рэгулярна вярталася. Ён нiбыта перайшоў з пакаленьня Васi i Алесi ў пакаленьне iхных бацькоў. Ён ужо ня бачыў сябе як маладога паэта.
– А яшчэ, – сказаў ён, i ў маленькiх вочках блiснула парасячая хiтрынка, – у гэтай пiцэрыi няма панны Z.
На гэта маладыя сказалi рознае. Вася прабасiў нешта накшталт "Ну так, панна Z – фактар сур'ёзны"; а Алеся спытала, хто такая панна Z. Пасюкевiч патлумачыў: панна Z – гэта той тлусты грыф, што чытаў пра моцны клёкат жураўлёў; тут вельмi дарэчы прынесьлi пiццу, i Пасюкевiч сказаў, што лепей было б ня згадваць панну Z пры стале. Стала вельмi весела.
Нейкi час моўчкi елi. Пасюкевiч i Алеся ўжывалi гавайскую, з ананасамi; Васiль Кутузаў замовiў па дурасьцi паляўнiчую i цiха кусаў локцi, а каб гэта не было заўважна, ад душы палiў яе кетчупам, яшчэ больш вострым, чым сама пiцца, i максымальнымi тэмпамi паглынаў. Скончыўшы, Васiль спытаў Пасюкевiча, цi можа той узяць яшчэ адну, толькi ўжо як у iх; Пасюкевiч замовiў пiццу, падумаў i ўзяў яшчэ дзьве.
Цяпер, спаталiўшы першы голад, можна было пагаманiць.
– Ну што, Алеся, як табе мае фоткi? – спытаў Павел.
– Фоткi класныя, – Алеська заўважыла, як напяўся Васiль, i дадала: – Дзеда Нупрэя маладога ледзь пазнала. Да цябе падобны.
– Дзед у маладосьцi быў ого-го, – казаў Пасюкевiч. – Ён сам сабе прыёмнiк зрабiў – гэта ў саракавыя, дык уявi сабе. Песьнi пiсаў з акордамi. Дзед у мяне казырны быў.
Тут маладыя спыталi адначасова:
Алеся – "Як быў?!";
Вася – "А захавалiся гэтыя песьнi?"
Пасюкевiч патлумачыў, што не, дзед жывы i памiраць не зьбiраецца, але ж цi мае ён права атаясамлiваць гэтага старога зануду i маразматыка з тым вясёлым супэрмэнам, якi пазiрае на нас з даваенных фотаздымкаў? А што да песень – захавалiся песьнi, ляжаць недзе ў жлобiнскай кватэры, гнiюць.
– Ён жа нiчога свайго не дазваляў выкiдаць, – патлумачыў паэт, – адразу пачынаў крытынстваваць. Гэта ён цяпер спакайнейшы стаў, а раней быў ого-го! Што ты!
Дарэчы, наконт свайго. Як там ваша творчасьць падзьвiгаецца? А, маладыя людзi?
I зноў, у другi ўжо раз, Пасюкевiч адчуў гэтую прыступку, якая аддзяляла яго ад Васi i Алесi. Ён зразумеў, што самога яго ўжо, можа, нiколi не назавуць вось так "маладымi людзьмi", а калi хто i назаве, то хутчэй за ўсё якi-небудзь дзед нупрэй... а зрэшты, цяпер ня гэта галоўнае.
– Ну… – Алеся крыху разгубiлася, – учорашнiя ты бачыў. А новых няма!
– Дрэнна, – усьмiхнуўся Пасюкевiч. – А як Васiль?
– У мяне… то-бок у мяне як: вершы…
– Ён шмат пiша, – уступiлася Алеся.
– Гэта добра, – Пасюкевiч задумаўся, ён нешта ўзважваў. – У якiх ужо выданьнях друкаваўся?
Вася задумаўся, як сказаць, што, па сутнасьцi, пакуль нi ў якiх.
– У "Сьвiслачы", – адмарозiў ён i дзеля праўдападобнасьцi яшчэ дадаў: "Разы два". Пасюкевiч, аднак, засумняваўся.
– Як я разумею, пакуль нiдзе не друкавалi. I нават у альманаху я тваiх вершаў не назiраў. Правiльна? Ну дык i ўсё, i няма чаго тут саромецца. Алеся, напрыклад, таксама не друкавалася – ёй, праўда, альманах прапаноўвалi, але там трэба грошы плацiць. Табе падабаецца плацiць грошы? Вось i ёй таксама. Праўда, Алеся?
– Iдэальны – нулявы варыянт, – прамовiў Васiль Кутузаў. – Па-першае, ты бясплатна друкуесься, i па-другое, табе за гэта нiчога ня будзе.
– Не зусiм, – пасьпеў адказаць Пасюкевiч. – Дзякуёчкi. Пiцца хутка будзе? (яшчэ дваццаць хвiляў, адказаў Федзя). I тады яшчэ… вiна? – ён абвёў маладых людзей позiркам. Маладыя людзi былi не дурныя папiць вiна. – Цi не, лепей зрабi нам глiнтвэйну тры порцыi, падасi пасьля пiццы. О'кэй? Рабi. Народ, ёсьць прапанова заняцца банана-сплiтам, пакуль не астыў… то-бок пакуль не прастыў… ды блiн! пакуль не р-а-с-т-а-ў, во.

Хто ж ён такi, гэты таямнiчы Пасюкевiч? Адкуль у простага беларускага паэта грошы на пiцэрыю? Каго ён ужо абрабаваў, што прастаўляецца розным Алесям i iхным Васям? I адкуль гэтая нахабная самаўпэўненасьць – "вершы, па-расейску, часам лiрычная проза атрымоўваецца"? Я ўжо маўчу пра такую дробязь, як спартовая "Мазда".
Павел Фёдаравiч Пасюкевiч нарадзiўся 17 жнiўня 1971 года ў горадзе Менску. Вучыўся ў сярэдняй школе №**, пачынаў як празаiк. Вершы пiша з 1985 года. Раньнiя творы выкананыя ў традыцыi так званага "жывога верша", пры канцы васьмiдзясятых назiраецца рэзкi паварот у бок авангардовага постмадэрнiзму, што неўзабаве перацякае ў эгапостмадэрнiзм. Аўтар шэрагу мастацкiх сыстэмаў, самыя вядомыя сярод якiх – аквабамбiстыка i пiпет-арт. 29 чэрвеня 1991 года ў вынiку сямейнае калiзii перабраўся на ПМЖ ў вёску да свайго дзеда, пакiнуўшы сваякам чатырохпакаёвую кватэру, поўную твораў. Нягледзячы на тое, што пасьля пераезду Вольгi Сiкiнай у Жлобiн у верасьнi 1991 года паэт мог вярнуцца ў Менск, ён застаўся ў вёсцы. Кажуць, гэтаму моцна паспрыяла асоба Нупрэя Пасюкевiча, якi ва ўсiм дапамагаў паэту i сам падказаў некалькi тэмаў для вершаў. Найбольш вядомы твор гэтага пэрыяду – "Паэма авала" (1999), выкананая ў рэдкай форме вянку трыялетаў. Пасьля вяртаньня ў Менск стварае паэмы "Нацыя Кульмi" (1989-2000), "Я и микробы", "Краджа золата" (абедзьве – 2004) i iнш. Апошнiм часам адышоў ад актыўнае лiтаратурнай творчасьцi. Зьяўляецца галоўным рэдактарам шэрагу лiтаратурных часопiсаў. Дае майстар-клясы ў Рэчыцы, Лiдзе i Старых Дарогах.

I нават самыя вялiкiя порцыi ўсё роўна заканчваюцца. Пасюкевiч ужо даеў свой дэсэрт i фэхтаваў з Алесяй на парасонiках-зубачыстках, вынятых з бананаў. Вася сваё пакуль што пад'ядаў.
Але вось настаў той момант, калi i Вася паклаў локцi на стол.
– Вось такiя ў нас бываюць дэсэрты, – сказаў Пасюкевiч, ледзь хаваючы пераможную ўсьмешку. – Мне падабаецца.
Хвiлiнку памаўчалi.
– Ты кажаш, нiдзе не друкаваўся? – запытаў Пасюкевiч Васю без анiякага пераходу; Вася быў у першую сэкунду спалохаўся, потым напусьцiў на твар звычайны суровы выраз, але Пасюкевiч заўважыў, як памiж гэтымi фазамi блiснула радасная ўсьмешка. "Ёсьць, ёсьць у хлопчыка галава, – падумаў Пасюкевiч, – не адной галоўкай думае".
– А сказаць, чаму? – працягнуў ён.
Васiль зноў напяўся.
– Ды ня бойся ты гэтак, вось жа… баец. Нiхто цябе тут есьцi ня будзе (цябе тут ня будзе есьцi нiхто, удакладнiў ён у думках). Не друкуюць таму, што ў цябе альтэрнатыўная паэтыка. Правiльна я разумею?
– А што такое ўвогуле панятак "альтэрнатыва"?
– Зараз патлумачу. Ты пiшаш вершы, разьлiчаныя на эпатаж. Так? Так. Ну вось – гэта i ёсьць тая альтэрнатыва.
– Пiша i пiша, што ты да чалавека прыстаў, – заступiлася Алеся.
– Чакай, мы зараз дагаворым. Ну дык Вася, як ты лiчаш, у якiм беларускiм выданьнi возьмуцца друкаваць тваю творчасьць?
– Ну… рускую, напэўна… толькi ў "Сьвiслачы".
Тут Паша Пасюкевiч прачытаў блiскучы маналёг, скiраваны супраць часопiса "Сьвiслач" i тых, хто там працуе. I друкуецца. I нават супраць тых, хто гэта чытае.
– Жору не надрукавалi, – згадаў Вася.
– Во, бачыш? Нават Жору Кастыленка яны не надрукавалi, таму што для iх любое жывое слова – нефармат. Так, а якiя ты ведаеш андэграўндныя часопiсы?
– "Першацьвет", – пачаў Вася.
– Глядзi. Iснуе шэраг недзяржаўных часопiсаў, у якiх у прынцыпе – я не кажу, што ва ўсiх – друкуецца народ у падобнай стылiстыцы. Гэта, напрыклад, NeXT, "Па-над" (Галя Гiлеўская там працуе, та-кая жанчына!..), "Arche iсьцiннае", "Нiл"… ну, "Нiл" здаецца, ужо не выходзiць, але там цябе б маглi… вось туды б ты, канечне, упiсаўся… Ну ды нiчога, астатнiя покуль ня здохлi. Але ўсе яны маюць адзiн недахоп. Нават два: адзiн вялiкi, адзiн маленькi. Ну?
Калi Вася зразумеў, што ад яго хочуць, ён задумаўся.
– У прынцыпе, я пiшу i па-беларуску таксама, – нарэшце адказаў ён, – так што мае сэнс паспрабаваць.
– Не, – адказаў Пасюкевiч, – мова якраз не галоўнае. У скрайнiм выпадку аддавай нам, мы перакладзем.
I ўсё ж такi: у чым агульны недахоп усiх гэтых выданьняў? Страшэнны недахоп, такi, што рукi апускаюцца туды свае вершы даваць?
Падумай пакуль, я зараз.
"У чым недахоп часопiсаў?" – зашаптаў Вася як на iспыце, як толькi Пасюкевiч падняўся шукаць прыбiральню.
Алеся ня ведала.
– Можа, старонак мала? – пацiснула яна плячмi. – Карцiнак няма… Ды ты ня слухай яго, зь iм здараецца.

– Ну што, надумаў што-небудзь?
– Значыцца, так, – прамовiў Васiль Кутузаў. – Першы недахоп усiх названых табой часопiсаў – недастатковы iх аб'ём. Другi недахоп, i асноўны, заключаецца ў тым, што нiводны зь iх не аздоблены належным чынам.
– А трэцi? – запытаўся Пасюкевiч, уважлiва праслухаўшы гэтую прамову.
– А трэцi настолькi нязначны, што мы вырашылi…
– Ясна. I ў чым ён палягае?
Вася паплыў. Яму ўжо было не да недахопаў, i не да часопiсаў, i нават не да паэзii. I Алеся не разумела, нашто патрэбны гэты дурны, ды проста зьневажальны iспыт.
– А недахоп насамрэч вельмi просты, – пачаў Паша, вытрымаўшы паўзу. -– Такi сабе маленечкi недахопiк, якi перакрэсьлiвае ўсе выгоды ад публiкацыi. Яны безганарарныя, вось i ўсё. Дзiўна, што вы абое не здагадалiся.
I, узяўшы вiдэльцы, распачаў прынесеную пiццу.

– Вася, – спытаў Пасюкевiч, калi адкiнуўся ў крэсьле i выпрастаў ногi, – а мне вось цiкава, як ты бачыш сваю паэтычную кар'еру ў далейшым?
– Мая паэтычная кар'ера, – задумаўся Васiль, – пакрытая туманам.
– Ясна. Твая таксама?
– Што? – Алеся падняла вочы ад кнiжкi, якую ўжо даўно чытала, пакуль мужыкi высьвятлялi адносiны.
– Не, не, прабач, я на аўтамаце, – кiнуў ён.
Дык што мы iмэем з гус? Мы iмэем джыр. Фактычна атрымоўваецца, што iснуе адзiн дзяржаўны часопiс, гэтая "Сьвiслач" старпёрская, i iснуюць пяць штук недзяржаўных, якiя:
а) выходзяць мiзэрным накладам
б) выходзяць раз на квартал
в) выходзяць у беларускай мове
i пункт Г) безганарарныя.
Калi казаць вобразна, вярхi ня могуць друкаваць маладых паэтаў, а нiзы ня хочуць, каб iх так друкавалi. Што адсюль вынiкае? Адсюль вынiкае неабходнасьць трэцяе сiлы ў нашай лiтаратуры. I вось сёньня ён, Васiль Кутузаў, мае шанец стацца часткай гэтае сiлы.
Тут якраз неяк так супала, што афiцыянт Федзя прынёс глiнтвэйн. Пасюкевiч чаркнуўся з Алесяй i Васiлём i прамовiў тост:
– За наша раптоўнае знаёмства!

Фантазiя 8
Якое, Фауст, паважаеш пiва?

Умоўна кажучы, вярхi – то бок нашыя лiтаратурныя часопiсы – ня могуць своечасова друкаваць нiзы, гэта значыць пiсьменьнiкаў, або калi друкуюць, дык у такiм выглядзе, што нiзы самi ня хочуць друкавацца. Такая лiтаратурная сiтуацыя склалася на сёньняшнi дзень.
Я прапаную трэцi падыход. Я набiраю маладых пiсьменьнiкаў – Алеська, паслухай, цябе гэта таксама тычыцца, – i ствараю альтэрнатыўную арганiзацыю, пры дапамозе якой, калi толькi мы заахвоцiм вядомых, раскручаных творцаў, можна будзе рэальна зарабляць рэальныя грошы.
Пасюкевiч узяў глiнтвэйн, панюхаў, падазрона палюбаваўся на колер:
– За наша выпадковае знаёмства!
(Васiль узгадаў чамусьцi Наташу Каралёву. Ён перавёў позiрк на Алесю i тут толькi заўважыў, што яна ў спаднiцы).
– За гэта варта выпiць, – сказаў Вася.

– Ня надта каб надта, – сказаў без асаблiвага расчараваньня Пасюкевiч. – Калi параўноўваць з сапраўднымi, як, памятаю, у Палiны Смольскай, то, канечне, слабенька.
– Гэта яшчэ як паглядзець, – пакрыўдзiўся Васiль. – Мне вельмi падабаецца.
Пасюкевiч зрабiў яшчэ глыточак, патрымаў у роце, пасмакаваў, пракаўтнуў.
– Я ж не кажу, што ўвогуле дрэнь, – патлумачыў ён. – Сойдзе для калгасу. Але, Вася, сапраўдны глiнтвэйн – гэта…
(тут Васiль зразумеў, што Пасюкевiч гаворыць не пра Алесю, а пра глiнтвэйн)
– Мне таксама падабаецца вельмi, – сказала Алеся, – так што я таксама калгасьнiца.
– Ладна, рабочы i калгасьнiца, – сказаў раптам Пасюкевiч. – Пяройдзем да справы.
I паглядзеў Васiлю ў вочы.
Васiль маўчаў. Пасюкевiч павольна ўзяў келiх, адпiў яшчэ глыточак, пакаштаваў, паставiў на месца. Васiль маўчаў.
Пасюкевiч склаў пальцы ў замок. Пацягнуўся.
Алеся зьвярнулася да Васiля:
– Табе Леначка прывiтаньне перадае. Ты яе вельмi зацiкавiў.
– Я ёй таксама, – адказаў Васiль, i за сталом зноў усталявалася цiшыня.
Ён шкадаваў цяпер, што выжлуктаў увесь глiнтвэйн. Алеся пiла маленечкiмi глыточкамi, лiтаральна ў палову саломiнкi, рабiла даўгiя паўзы i аж прыжмурвала вочы – гэтак ёй было смачна. Пасюкевiч таксама пiў павольна, пасьля кожнага глытку ставiў глiнтвэйн на стол, але пракаўтнуўшы, адразу зноў цягнуўся па келiх.
– Я больш ня буду, – сказала Алеся. Ёй было шкада Васiля. – Дап'еш?
– Я дап'ю, – Пасюкевiч выхапiў ейны келiх i зьнiшчыў у адзiн глыток. – Вася мне патрэбны цьвярозы.
Ён адчынiў сваю барсэтку i даў паэту часопiс.

Часопiс быў надрукаваны, вiдаць, на рызографе цi нечым падобным. Збрашураваныя старонкi. Незразумелая карцiнка на вокладцы. На месцы назову стаяла ганарлiвая лiчба №1. Друкавалi там пераважна вершы пад псэўдонiмамi (вершы былi досыць якасныя, роўныя), але знайшлiся i два апавяданьнi невядомага Васiлю аўтара – адно ў расейскай мове, другое ў беларускай. Апавяданьнi займалi дзесяць старонак з шасьцiдзесяцi чатырох. Васiль вярнуў часопiс.
– Гэтае выданьне можна выпускаць накладам да трыццацi тысяч асобнiкаў, – Пасюкевiч загнуў першы палец. – Гэта ў разы – у разы – перасягае сумарны ахоп усiх выданьняў дзяржаўнага трасту. Згадзiся, гэта нямала.
Вася не пярэчыў.
– Добра. Цяперака зойдзем зь iншага боку. Мы маем… каго мы маем? Правiльна. Мы маем паэта. Паэта эпатажнага, з альтэрнатыўнай паэтыкай, вельмi адыёзную постаць, такую, якую пры жаданьнi можна назваць трыкстэрам беларускае лiтаратуры. I што ж мы бачым? У дзяржаўных часопiсах ён хоча, але ня можа, а ў андэграўндных можа, але ня хоча надрукаваць свае вершы. Што застаецца? Застаецца шукаць трэцiя выданьнi. Дык вось: вiншую, ты iх знайшоў. Улiвайся!
– А што там рабiць?
– Добрае пытаньне, – адказаў адразу Пасюкевiч. – Пытаньне добрае, таму што рабiць трэба… рабiць, па сутнасьцi, нiчога ня трэба, а, наадварот, гэта табе будуць штосьцi рабiць. А ад цябе патрабуецца, уласна, тое, што ты, праўду казаўшы, i бяз нас робiш, – пiсаць. О'кэй? о'кэй.
Цяпер: як табе будуць у гэтым дапамагаць. Дапамагаць табе будуць па-рознаму. Па-першае, у нас ёсьць адна завядзёнка: кожны чацьвер мы зь сябрамi ходзiм на школу. Дзе нас абсалютна бясплатна i абсалютна канкрэтна вучаць пiсаць. Гэта нi ў якiм разе не Падлыга, а рэальная лiтаратурная работа. Табе пакажуць, як кожная дэталь у тваiх рэчах, так бы мовiць, куды-небудзь працуе.
– Яно рэальна дапамагае, – сказала Алеся, – я бачыла, як ён вучыць.
– Я зараз пачырванею, – пажартаваў Паша. – Далей: для тых сяброў таварыства, якiя добра прасунулiся, мы ладзiм такую форму як школа з выездам (тое была бяз выезду, гэта з выездам). Школа з выездам – гэта калi мы зьбiраемся, падыходзiць аўтобус i мы зь песьняй вясёлай едзем у iншыя гарады – Парыж там, Ню-Ёрк (жартую), каб праводзiць лiтаратурную прапаганду сярод мясцовых пiгмэяў; нарэшце, самыя прасунутыя нашыя члены вядуць уласныя майстар-клясы – ну, ужо што такое майстар-кляса, ня мне табе тлумачыць.
Гэта быў пункт А. Пункт Б: публiкацыя. Не глядзi на наш орган, таму што публiкацыя ў нас ганарарная. Публiкацыя ганарарная, але рэдактура, карэктура, вычытка – гэта ўсё робiцца бясплатна. Як надрукуесься – чакай канструктыўнай крытыкi.
Так што ўступай у нашыя шэрагi, рабi першую закупку – i будзем думаць.

– А што такое закупка? – спытаў Вася.
– Я чакаў гэтага пытаньня. Сапраўды, закупкi – гэта неад'емная частка iснаваньня падобных арганiзацый, i гэта, бадай, самае непрыемнае ў iх. Паспрабую табе патлумачыць, у чым яны заключаюцца. Ты робiш квартальную закупку. Гэта значыць, ты прыходзiш да мяне i гаворыш: мне, Паша, пяць часопiсаў "Бляск" i адну кнiгу "Челны и гондолы", а лепей дзьве цi тры. Ну, мне не шкада, прадам табе дзьве, прадам i тры – таньней, чым у краме, заўваж. Далейшы iх лёс ляжыць на табе. Ты можаш iх спалiць, як Мiкалай Васiльевiч Гогаль, а можаш iх прадаць, i ў гэтым выпадку ты паймееш з гэтага яшчэ i прыбытак. Фактычна пры стопрацэнтовай рэалiзацыi тавару прыбытак можа апынуцца… ну, лiчы, сувымерны з тваiм ганарарам, так што, як бачыш, яшчэ адна крынiца даходу.
Пойдзем далей. Ты закупiўся часопiсам "Бляск" i прадаў яго свайму сябру Вiцю. Сябар Вiця пагартаў часопiс, убачыў тваю падборку на адзiнаццацi старонках i кажа: Васiль, а як туды патрапiць? Ты яму сумленна адказваеш, што патрапiць прасьцей простага: трэба закупiць крыху часопiсаў i падмахнуць адну паперку, вось такога прыблiзна памеру. Ну, тут сябар Вiця падпiсвае паперку, пацiскае табе руку i робiцца тваiм партнэрам.
Прычым, што характэрна, калi чалавек пад табой апынецца таленавiтым аўтарам, ты таксама з гэтага паймееш. У цябе ўзьлятуць ганарары, не да столi, але значна вышэй плiнтуса. Так што ў тваiх iнтарэсах будзе клапацiцца пра сваiх пiтомцаў i вучыць iх пiсьменьнiцкаму майстэрству – каб хадзiлi на школы i усё такое. Чым болей пад табой зьвеньняў, тым лепей.
Але ў любым выпадку прынцып: надрукаваўся – атрымай. Гэта табе кажу я, Павел Пасюкевiч.

– Пастой, – сказала Алеся. – Ты кажаш: закупкi, зьвеньнi. Ты, канечне, прабач, але гэта ўсё больш нагадвае не лiтаратурную суполку, а нешта накшталт сеткавага маркетынгу.
– Правiльна, – занепакоiўся Пасюкевiч. – Правiльна. Мы яно i ёсьць. I нават "Бляск" расшыфроўваецца "Беларуская Лiтаратура Як Сеткавая Кампанiя". Зразумей, што зараз усе кампанii сеткавыя, акрамя хiба "Белсаюздруку". Бо што значыць "нясеткавая кампанiя"? Гэта значыць, што вы распаўсюджваеце тавар выключна ў спэцыялiзаваных крамах. Астатнiя варыянты – гэта i будзе сеткавы маркетынг. Мы якраз i вылучаемся тым, што прыстасавалi гэты агульны прынцып да нашае лiтаратуры. Даўно трэба было, калi шчыра.
А паколькi мы першыя, то ўсiх пiсьменьнкаў колькi-небудзь таленавiтых можам прыбраць пад сваё крыло. Ад Сакалова, Нiкiценкi i да Бахановiча з Хадарэвiчам , якiя, дарэчы, ужо атрымалi запрашэньнi. I пакуль што на ўсiх можна зарабiць, таму што яны апынуцца пад табой.
Тут Пасюкевiч паглядзеў уважлiва на Васю i перамянiў тэму размовы.
– Ну што, – прапанаваў ён, – па каве i на выхад?
Сябры выпiлi яшчэ па каве i пайшлi на двор.
– Вас палiчыць? – спытаў Федзя.
– Дзякуй, мы самi справiмся, – шырока ўсьмiхнуўся Пасюкевiч i палiчыў: "На золотом крыльце сидели: Суперпупсик, Том и Джерри, дядя Скрудж и три утенка – выходи, ты будешь Понка". Атрымалася, што Понка – гэта Федзя.
– Ну, мы пайшлi. Аўфiдэрзэйн, гудбай…
– Плацiць будзем?
– Канечне, канечне, за ўсё трэба плацiць. Мы з табой – я гэта абяцаю, – плацiць будзем. Я так i бачу: суботнi ранак, каля пяцi…
Пабачыўшы, што Федзя не разумее гумару, Пасюкевiч за ўсё расплацiўся i пайшоў да сваiх.

– А як ты машынай будзеш друкаваць, глiнтвэйн пiўшы? – запыталася Алеся. – Ты ж бухi, Паша!
Пасюкевiч падумаў, што, сапраўды, могуць штрафануць.
– Нiяк ня буду. Ня буду таму, што мы цяпер пройдземся куды-небудзь, потым вернемся, а я ўжо буду цьвярозы.
Шпацыравалi да самага Круглага дому. Пасюкевiч усё травiў свае байкi – здавалася, гэта чалавек-фантан. Алеся была ў захапленьнi ад начнога Менску, усё паказвала розныя прыгоствы, любавалася падобнымi да пiрожных сталiнскiмi дамамi i месяцам, што ўзышоў. Вася слухаў.
Яны дайшлi да плошчы Перамогi i пайшлi паўз лаўкi. На адной лаўцы сядзеў валасаты хлопчык зь лiттусоўкi. Пасюкевiч падышоў, спытаўся, цi не прабягала панна Z (не прабягала, адказаў хлопчык са сьмехам) i дастаў з барсэткi часопiс. Хлапец пагартаў часопiс, прабегся вачыма, хацеў аддаць, але ўбачыў прозьвiшча аднаго аўтара.
– Колькi каштуе? – спытаў ён.
Пасюкевiч паглядзеў на яго, прыкiдваючы, колькi можна стрэсьцi.
– Тры тысячы… але гэта падпiска… на тры нумары… але ў розьнiцу будзе даражэй… у два разы, – гаварыў ён, шукаючы партманэт i трымаючы клiента краем вока.
Прадаўшы часопiс, Пасюкевiч не супакоiўся, выняў кнiжку глыбока фiялетавага колеру i хвiлiн сем распавядаў пра свае "Челны и гондолы". Хлопчык, аднак, абмежаваўся часопiсам i камплiмэнтамi.
– Ну што, камэрсант, – спытала Алеся, – як аб'ёмы продажаў?
– Выдатныя, – Пасюкевiч напусьцiў радасную ўсьмешку, – знайшоў новага пакупнiка, будучы аўтар, па вачох вiдно. Куды далей? Цi, можа, ужо будзем разыходзiцца? Я вас правяду.
Каля ўваходу ў мэтро яны стаялi доўга.
– Ты ўсё ж падумай, Вася, – казаў Пасюкевiч, – iншага шанцу могуць i ня даць. Проста крыўдна будзе, калi такiя здольнасьцi да эпатажу ня знойдуць выхаду. Ты ж клоўн унiкальны, iншага такога пэрсанажа няма. Прыходзь да нас у чацьвер.
– У мяне час супадае з вакалам, – гаварыў Васiль.
– Добра, а калi можаш?
– Ён пакуль нiколi ня можа, – патлумачыла Алеся. – На першым этапе пастаноўкi трэба займацца штодзень.
– А перанесьцi на гадзiнку ня лёс? – спытаў Пасюкевiч.
– Ня лёс, – Алеся казала сур'ёзна. – Вадзiм Вiктаравiч страшэнна заняты чалавек, у яго кожная хвiлiна расьпiсаная.
– Я ўсё ж пагавару, – паабяцаў Пасюкевiч i зьвярнуўся да Васi. – Тыдзень табе хопiць падумаць?
Вася адказаў, што хопiць.
– Ну дык i ўсё, – Пасюкевiч пацiснуў яму руку, – дамовiлiся. Вася, папомнi мае словы: калi цябе раскруцiць, праз два гады Дзiмачка Вiшнёў будзе стаяць у чарзе па мiнэт.
– Як табе ня сорамна! – абурылася Алеся. – А яшчэ паэт.
Пасюкевiч артыстычна ўпаў на каленi i пачаў цалаваць дзяўчыне рукi.
– Паўлюк стаў у чаргу па кунiлiнгус, – пажартаваў Вася.
На гэтай аптымiстычнай ноце iх дарогi разышлiся.

– А ты чым думаў? – пытаў Пасюкевiч, а Вася трымаўся за шчаку. – Усё. Прамiргаў дзеўку. Iдзi гуляй, вунь, вершыкi пiшы. Эпатажныя… Ладна, не заганяйся. Патэлефануеш ёй заўтра, о'кэй?
Ён яшчэ раз пацiснуў мазолiстую паэтаву руку i рушыў да гастранома. Вася пайшоў пiсаць эпатажныя вершыкi.

Фантазiя 9
Цывiлiзацыйны падыход

– Ну вось, бачыш, – прамовiла Алеся, – як тут хораша.
Кавярня сапраўды была ўтульная. Дакладней, прыйшлi яны не ў кавярню, а ў клюб "Музычны фальварак", а выявiлася, што гэта менавiта кавярня i што жывая музыка штодня – гэта так, прыемны дадатак. Круглыя столiкi былi ўжо занятыя – ды Алеся i ня мела грошай, каб што-небудзь замовiць, а сядзець пры пустым стале ўсё адно было б сумнавата. Яна пасьпела заняць два крэслы: для сябе i для Васi. Народ, якi прыйшоў пазьней, не атрымаў i таго.
Алеся належала да тых ахвярных натураў, якiя чапляюцца за чалавека – дый цягнуць яго з балота, як бэгэмота. Любая нармальная дзеўчына пасьля такога дасьцiпнага жарту, як той, адмарожаны Васiлём у панядзелак, зьбегла б куды падалей ад гэткага шчасьця. Наша мазахiстка таксама была хацела, i калi Васiль у той панядзелак патэлефанаваў да яе, дык атрымаў i халодны прыём, i гарачую руку, i абяцаньнi накшталт: "Пазвонiш, яйкi паабрываю". Але ж вось жа якая яна загадкавая i непрадказальная (гэтую думку Алеся думала з асаблiвым пачуцьцём): паслаць яна яго паслала, а сама наступнага ж вечару пазванiла, патлумачыла яшчэ, што злосьцi ня тоiць, i што проста ёй крыўдна i сорамна за Васю, i ўвогуле дайшло цi не да таго, што яна пачала прасiць у яго прабачэньня. Не, нельга, нельга быць такой цюхцяй. Трэба з гэтым нешта рабiць.
Яшчэ хоць бы закаханая была ў гэтага... казла (Алеся не лiчыла яго такiм ужо казлом, але само слова было надта прыемна думаць, i яна прагаварыла "казла" сама сабе разоў пяць). Ды ж не – нi кропелькi. Ён цiкавiў яе як паэт, як пэрформэр; як асоба – ужо не цiкавiў, а хутчэй забаўляў... усё. Каханьнем тут i ня пахла. Гэта Алеся Калесьнiкава ведала напэўна.
I ўсё ж, выяўлялася, яшчэ адно пачуцьцё было ў яе да яго. Пачуцьцё шкадобы. У Васi не было дзяўчыны.
I нiколi ня будзе, калi толькi гэты гумарыст не памяняе свае паводзiны, казала адна палова Алесi i пагардлiва шчурыла нiжнiя павекi. I нiколi не памяняе, адказвала ёй другая палова i мужна пазiрала першай палове ў твар. Тры, чатыры разы за вечар Алеся цягнулася па слухаўку, пачынала набiраць нумар i клала назад. Яна ня ведала, што будзе яму казаць.
Пасюкевiч параiў такое. Васю трэба цывiлiзаваць – гэта значыць, прывучваць пакрысе да соцыюму i неўпрыкмет наблiжаць ягоныя паводзiны да агульнапрынятых. Атрымаецца ў Алесi – што ж, вельмi цудоўна: Вася ператварыўся ў нармальнага члена грамадзтва, усе амаральныя закiдоны забытыя як страшны сон, там i дзеўчына зьявiцца – карацей, працэс пайшоў. А не атрымаецца – дык i яшчэ лепей. Васiль Кутузаў – унiкальны атракцыён, i мы забясьпечым яму ўсе ўмовы для выданьня дэбютнага бэстсэлеру: там, ванна, кава ў ложак, прома-турнэ па лепшых цырках краiны; а калi паэт канчаткова сарвецца са шпулек, яму гарантуецца бясплатнае мэдабслугоўваньне за кошт фiрмы. Ну i плюс застанецца цнатлiўцам, што ў наш распусны век таксама дарагога каштуе. Словам, у любым выпадку ад цывiлiзатарства ёсьць карысьць, а значыць, справа таго вартая.
Алеся, канечне, абазвала Пасюкевiча цынiкам i бяздушным камэрсантам – увогуле, некаторыя ягоныя прыбабахi злавалi яе ня меней, чым Васiлёвы жарцiкi, – але па сутнасьцi парада была вельмi i вельмi слушная. Алеся пачала думаць, куды можна схадзiць з хлопчыкам.
Бо тут таксама былi свае асаблiвасьцi. Так што, напрыклад, прэстыжныя рэстарацыi накшталт "Урфiна Джуса" адпадалi адразу – стыпэндыя. У Алесi быў толькi адзiн знаёмы, якi мог бы рэгулярна даваць грошы на такую справу, i гэты знаёмы, пэўна ж, не задаволiўся б нi роляй спонсара, анi сьвечкатрымальнiка пры маладой закаханай пары. Не, ён, канечне, даў бы, але – яна крыху ўжо ведала, што такое сеткавыя кампанii – выкарыстаў бы потым сваю шчодрасьць у мэтах агiтацыi. Без Пасюкевiча неяк спакайней.
Або варыянт нумар два, клясычны – па тэатрах i кiнах . Гэта неблагi варыянт, i яго вартасьцi шмат разоў апiсаныя: мяккая рамантыка, мiнiмальныя фiнансавыя затраты, культурнае ўзбагачэньне i гэтак далей. Але ж варта было ёй уявiць, як яна, Алеся Калесьнiкава, сядзiць побач з Васем у цемры – як усе гэтыя вартасьцi пачыналi выдаваць на недахопы, i яна, бы за тую брытву, хапалася за любую iншую магчымасьць.
Што да канцэртаў якiх-небудзь патасных зорак, то канцэрты адбывалiся ў клюбах. А клюбы, як вядома, – гэта залатая сярэдзiна памiж рэстаранамi i кiно – то бок, яны дарагiя, але там цёмна. Клюбы адпадалi таксама.
Алеся вырашыла працягнуць традыцыю шпацыраў – яна памятала, як яны цудоўна кармiлi качак на Камсамольскiм возеры, – i пачала думаць, дзе б яшчэ з Васем пабоўтацца. I, як гэта часьцяком здараецца, нiчога канкрэтнага, рэальнага не надумала i вырашыла папытаць Леначку.
I ўжо ад Леначкi яна даведалася пра вось гэты канцэрт, што зараз будзе, аблаяла сябе, што сама не здагадалася, набыла два квiткi, набрала ягоны нумар i ледзь дачакалася, пакуль Вася здыме слухаўку…

Былi апошнiя хвiлiны перад пачаткам. Нефармалы за крайнiм столiкам паставiлi пiва i павярнулiся да сцэны. У кавярнi пацiшэла.
I тут з-пад прылаўка, нiбы са скрыначкi, скочылi двое хлапцоў i панеслася.
ЖАБА Ў КАЛЬЯНЕ была гуртом новай, панк-кабарэтнай хвалi. Адзiн музыка проста сьпяваў i рухаўся, другi акром гэтага граў на гiтары – трэцяга не было. Працавалi безь мiкрафонаў, без усяго. Насiлi акуляры: адзiн плюсавыя, другi мiнусавыя. Вакалiст плаўна перасоўваўся па ўсёй кавярнi, i самыя адсталыя гледачы нэрвова адхiналiся, калi падыходзiў блiзка. Гiтарыст сядзеў за столiкам пасярод кавярнi, памiж нейкай кабецiнай i ейнай дачкой. Гiты iшлi нон-стопам:
"Барыс" – гiсторыя кныра Барыса, якi хацеў, каб мастак напiсаў ягоны партрэт, а атрымаў "Смаленьне вепрука".
"Жаба ў кальяне" – на гэтай песьнi Галiна Гiлеўская ўголас падпявала.
"Дзьве мовы" – тут нашыя сябры ператвараюцца ў песьняроў, i ўжо не адна Галiна, а палова залi падхапляе: "I рэхам мовы роднай звучит родной я-зы-ыыы-ыыык!".
Акапэльныя "Курвачкi", у якiх дзеўкi "хлапцоў такiх класных пракiнулi".
"Слуцкiе Паяса", "Мядзьведзiкi", "Пяцьдзясят грамаў сала"…
I ў канцы аддзяленьня ўжо ўсе, хто толькi прыйшоў, усе разам пяюць:

Ўух ты! Ўух ты! Марцiна Кухты.
Ўух ты!
Ўух ты!
Марцiна Кухты.

Я не люблю пiсаць пра такiя канцэрты. Я не працую ў музычнай газэце i ня ўмею складаць пэрыяды накшталт "качает зверски, колошматит в кровину, наполняет светлыми помыслами и философскими мыслями устремляет в долину извечно-непреложных истин" . Калi ўсё хораша, крытыкаваць няма чаго. Калi проста пералiчыць, што там было, ты нiчога не перадасi акром зайздрасьцi i шкадобы.
Ды, можа, i ня трэба нiякiх рэцэнзiяў. Ня буду пiсаць.

У перапынку да iх падышла нейкая дзеўка. Тоненькая, у спаднiчцы, у высокiх ботах, блакiтнавокая i сьветленькая. Васiль пазнаў Леначку.
– I ты тут? – спыталася яна. – Можна, я да вас?
– Вася, ты ж ня супраць? – спытала Алеся. Вася быў ня супраць. Леначка села памiж iмi.
– Ну дык расказвай, – зьвярнулася яна да яго, – як табе "Жаба"?
Васiль задумаўся. Сказаць проста, што канцэрт страшэнна спадабаўся, не дазваляў гонар. Да таго ж у яго пачалi моцна пацець ногi, i хоць ён ведаў, што адэкалёну вылiў больш чым дастаткова, было ўсё адно нiякавата.
– Пакуль нiчога не магу сказаць, – выкруцiўся ён. – Канцэрт яшчэ ня скончаны.
– А нам – вельмi. Мы там зь сяброўкай сядзiм. Нам "Курвачкi" спадабалiся.
Мiж тым на сцэну выйшла кабета ў акулярах.
– Творчасьць сьледуяшчага калектыву, – пачала яна сур'ёзным голасам, – адрозьнiваецца рэалiзьмам, таксама глыбокай народнасьцю i жызьненным пафасам, што пазваляе паставiць яго ў адзiн рад з такiмi лiчнасьцямi, як Бiгiмот, Сяргей Шнураў, Павел Яцына i iншыя. У музыкi ансамбля назiраецца яўнае насьледаваньне гуртам ЛАСКАВЫ МАЙ, СЯБРЫ, КВН… прасьцiця, КВIН. Я думаю, што яны не нуждаюцца нi ў какiм прадстаўленьнi, а патаму ўстрачайця – ПЕСЬНI НАШАГА ДВАРА!
Так, у другiм аддзяленьнi былi ПЕСЬНI НАШАГА ДВАРА. Але ўжо гэты гурт вы дакладна чулi, i пiсаць тут асаблiва няма чаго: таксама двое хлапцоў, гiтарка ў доўгiх руках, сынтэзатар, на якiм граюць двума пальцамi, песьнi на трасянцы ("Ты прасьцi мяне, я вiнаваты, я куплю табе сахарнай ваты"), пераробка "Show must go on", тры дзяўчыны на падтанцоўцы (у адну Васiль быў закахаўся, прыгадаў, што цяпер побач Леначка, i выкахаўся), кiч, трэш… ну так: багата гаварыць, няма чаго слухаць.
Пасюкевiч прыйшоў у самым канцы, на палове апошняй песьнi, пасьпеў падарыць выступоўцам кнiгi i дапамог дзяўчатам апрануцца. Узялi па пiве (iнiцыятыва была Ленчына), пайшлi бадзяцца.
– Як твае справы? – спытала Алеська.
– Як заўжды, – адказаў Пасюкевiч. – Вось, пакуль некаторыя думалi, два новыя чалавекi, хутка будзе трэцi.
– А дзе два новыя чалавекi? – пацiкавiлася Леначка, але Пасюкевiч убачыў, як спала з твару сяброўка, i ня стаў агiтаваць, спытаў толькi:
– Калi ў вас Чарапахiн?
Алеся задумалася.
– А палове шостай, – нарэшце адказала яна.

Васiль Кутузаў стаяў каля пад'езду.
– Я заўважыў такую заканамернасьць, – казаў ён Леначцы, – што мы з табой падобныя зьнешне. Мы абодва належым да астэнiчнага тыпу, у нас шырока расстаўленыя вочы, сьветлыя валасы…
Леначка, якая ў гэтых ботах была на паўгалавы яго вышэйшая, пацiснула плячыма.
– Валасы ў мяне сьветлыя, – згадзiлася яна.
Памаўчалi.
– Табе прысьвячалi вершы? – спытаў Вася.
– Вершы – яшчэ не.
– А давай я табе што-небудзь сваё прачытаю.
– Ага-ага-ага! – адказала дзяўчо.
Васiль пачаў чытаць. Нiчога разумнага да галавы не прыйшло, давялося ўсё тую ж "Вiялету".
– Вася, ну хiба ж так можна? – пакрыўдзiлася Леначка.
Вася ўсьвядомiў, што гэтак няможна, i гатовы быў пасыпаць галаву попелам. А i праўда, чаму б не пасыпаць? Будзе глямурна i эпатажна.
– I вось няўжо ў цябе ўсе вершы такiя… паўцэнзурныя? – працягвала мiж тым Алена. – Не каб напiсаць нешта лiрычнае, любоўнае!..
– Справа ў тым, што я якраз буду гэтым займацца, – прамовiў Васiль.
– Займiся, калi ласка. Будзе вельмi цiкава.

Фантазiя 10
Поўны сур'ёз

Неабходнае тлумачэньне

Песьня "Западения" выглядала наступным чынам. Спачатку пад акустычную гiтару iшоў першы куплет прыгожым гатычным фальцэтам:

ниже
пояса
ниже
пейджера
гульфика
плавок

Далей пасьля павольнага перабору пачынаўся другi; абодва акорды там былi тыя ж, што i ў першым.

ниже
колена
кармана на нем
того
что ниже колена
ниже

Потым акорды мянялiся i быццам пераходзiлi ў iншую танальнасьць.

ниже ботинок
носков и стелек
ниже чужих чулок
ниже подошв
асфальта ниже
и грязи на них
тоже

Пасьля павольнае, спакойнае тэмы пачыналася гiшпанская. Гiтарыст браў мэдыятар i пачынаў граць шырока-шырока, праз палову грыфу. Вакалiст пераходзiў на аксамiтны сэксуальны тэмбр, у якiм было нешта нават ад Лагуценкi.

УДАРРР!
Но – восхитительный,
Девушкоуведительный
(Тетушкоувядательный,
Как ни целуй, воспитательный).

I, нарэшце, у фiнальнай частцы гiтарыст граў шлiфам – гэта значыць, пачынаў хутка-хутка малацiць па бедных струнах, – а вакалiст пачынаў рыкаць; гэтая частка атрымоўвалася ў яго ня вельмi, i ўся надзея ўскладалася на iмпэт выканаўцаў i роўнасьць рытму. Гучала гэтак: "Где-то в глубокой низине / Застрелянно из изюма / Глаз ее девственно-зимний / Кабан дожидался июня!!!"

…Яўген Сяргееў стаяў на сцэне i прамаўляў:
– Першы нумар часопiса "Тэкст як фэномэн" выйшаў у сакавiку 2002 года – такiм чынам, гiсторыя часопiса налiчвае больш за тры з паловай гады. Першы нумар выйшаў накладам пяць асобнiкаў, наклад другога нумару склаў тры асобнiкi, наклад трэцяга – шэсьць асобнiкаў…
("Як думаеш, ён усе нумары будзе пералiчваць?" – спытала Алеся Кутузава)
– …I, нарэшце, дзясяты нумар, якi сёньня прэзэнтуецца, выйшаў накладам пятнаццаць асобнiкаў – гэта другi па велiчынi наклад за ўсю гiсторыю выданьня, – i каштуе тры тысячы сто рублёў ; пасьля нашага мерапрыемства можна будзе яго набыць.
Цяпер аб тых абставiнах, якiя спрычынiлiся да зьяўленьня гэтага часопiса. Справа ў тым, што ўсе актуальныя лiтаратурныя плынi арыентаваныя на беларускамоўныя тэксты – гэта, напрыклад, ББЛ, Trenas, Партыя аматараў лiтаратуры. Так склалася, што рускамоўныя аўтары ня маюць адэкватных мажлiвасьцяў да актуалiзацыi сваiх памкненьняў…
Сяргееў прачытаў цэлую мiнi-лекцыю, i пад канец нават Алеся пачала пазяхаць, хаваючы рот.
– Першым на гэтай сцэне сёньня выступiць гурт ВЕРХ ГОЛОВОЙ, – аб'явiў ён, пайшоў са сцэны, а на яго месца падняўся… Чарапахiн!
Без акуляраў Чарапахiн выдаваў на яшчэ большага батанiка. Ён, здавалася, зусiм ня ўмеў трымацца перад публiкай. Алесi падалося, што ў Вадзiма Вiктаравiча дрыжаць рукi.
Гурт складаўся з самога Чарапахiна (вакал), хлопца-гiтарыста, якi адказваў яшчэ i за iмправiзацыйныя атанальныя вакалiзы (чытач можа яго памятаць, гэта той самы хлапец, што выконваў "Smells like teen spirit") i бэк-вакалiста – млявага круглатварага валасацiка ў высокiх ботах, якi напiсаў тэкст "Западений" . Музычнага слыху валасацiк ня меў, i вопытны кiраўнiк даверыў яму фактурны рэчытатыў.
Сам Чарапахiн лёг на сьпiну. Сьпеў лёжачы – вельмi, вельмi пэрспэктыўная фiшка: нiхто так ня робiць, а значыцца, можна раскруцiцца. Гiтарыст зайграў уступ – працэс пайшоў. "Гэта твой выкладчык?" – спытала Леначка. – "Ага".

Уласна, першай памылкаю Чарапахiна быў якраз гэты сьпеў на сьпiне. Цi не, першая памылка – фальцэт, дакладней, ня сам фальцэт, а паганая нiзкая гiтара. У гэтай танальнасьцi Чарапахiн мог або шаптаць, або кiксаваць; ён абраў сярэдняе i атрымаў шэпт з кiксамi.
Затое бэк-вакалiсты, не абцяжараныя вакальным майстэрствам, пяялi на ўсю глытку. Адзiн выдаваў iмправiзацыйныя атанальныя вакалiзы, другi – фактурны рэчытатыў. Леначка моршчылася, моршчылася, потым узяла i затыкнула вушкi пальчыкамi (якiя цудоўныя вушкi, падумаў Вася. I пальчыкi).
Апынулася апроч усяго iншага, што гэтыя iстоты не дамовiлiся наконт тэксту. Тое, што сiпеў Чарапахiн, i тое, што прамаўляў валасацiк, не супадала. У залi было чуваць у першую чаргу бэк, але ж блытанiны гэты кантрапункт яшчэ дадаў.
Калi Чарапахiн упэўнiўся, што лёжачы не сьпяваюць, ён сеў. Таксама бокам да слухачоў, абхапiўшы каленi, Чарапахiн паспрабаваў выдаць паболей гуку на нiзах, ледзь не сарваў голас на апошнiм куплеце… а чуваць усё адно было бэк-вакалiста, якi проста гаварыў тэкст, нават без анiякага рытму.
Чарапахiн павёўся на iранiчныя воплескi i крыху ажыў. Музыкi ўсталi i пайшлi са сцэны. Леначка асьцярожна выняла пальцы з вушэй.

– Я сьпяваў пiяна на субтоне, – апраўдваўся Чарапахiн. – Па-другое, група бэк-вакалу была недастаткова квалiфiкаваная, яна не падладжвалася пад сiлу гуку; далей, па-трэцяе, не прыйшоў другi гiтарыст. Тое, што мы робiм, гэта досыць складаная двухгалосная палiтанiчная музыка, i гэта не куплет-прыпеў, а пост-сюiтная форма ў чатырох з паловаю частках…
– Усё? – спытала Леначка.
Чарапахiн кiўнуў.
– Цяпер слухай мяне. Я чатыры гады займаюся акадэмiчным вакалам i два эстрадным – прафэсiйна займаюся, ня так, як некаторыя. Мне бяз розьнiцы, як ты свае закiдоны называеш – тазавае дыханьне, яшчэ якое-небудзь – няважна. Але. Псаваць Алесю Калесьнiкаву ты болей ня будзеш. I Васiля Кутузава ня будзеш. Зразумеў? А iнакш я прыйду да вас у МДМ i прынясу запiс, каб усе пачулi, як сьпявае iхны сэнсэй.
Чарапахiн не здаваўся.
– Я скажу iм тое, што i табе, – акустыка тут неспрыяльная, гук неадстроены. I потым, я сьпяваў лёжачы. Гэта таксама адбiваецца на гуку.
– Ды хоць на ^%$! Чарапахiн, ты ашуканец. Я даўно думала схадзiць i праверыць, хто маю Алеську вучыць – былi ў мяне пэўныя падазрэньнi. Ды ўсё неяк не выпадала. Што ж, буду ведаць.
А калi я прыйду ў МДМ, я не з адным запiсам прыйду. Я iм што-небудзь сьпяю. Кабацiну Разiны не абяцаю, не пры вярхах мы пакуль яшчэ, а з "Найтвiшу " якую рэч – гэта заўжды калi ласка. А потым будзеш сьпяваць ты. А яны – паслухаюць.

Чарапахiн зьбег, а Леначка вярнулася.
– Алеська, ты мяне часам дзiвiш, – сказала яна. – Чалавек нi ў чым не сячэ, абсалютова. Ведаеш, што ён мне заявiў? Ён заявiў, што ў чалавека няма галасавых зьвязак. Бррр. Ён што, за ўвесь час нi разу i не сьпяваў?
Алеся падумала i пагадзiлася.
– Ну, народ…
Мiж тым прэзэнтацыя працягвалася. Але якая прэзэнтацыя!
Наколькi ўчорашняя iмпрэза была вясёлая, настолькi гэтае мерапрыемства – сур'ёзнае i цьвердалобае. Адзiн за адным выходзiлi, мармыталi з каменнымi мордамi свае фiлялягiчныя вэрлiбры i сыходзiлi. Чытаў i сам Сяргееў, прыгожы, нiзенькi, у смарагдавым пiнжаку, з заплеценым хвастом. Ягоныя вэрлiбры былi самыя фiлялягiчныя i самыя цiкавыя.
Пасюкевiч прыйшоў пад канец. Ён нешта шапнуў Сяргееву, i той дазволiў. Пасюкевiч выбег на сцэну i агучыў санэт.

 I
Летают тихо мухи над стаканом.
Всего один лишь только я засел
За стол, и стул от тяжести осел,
Как будто был совсем изрядно пьяным.
И стул сказал: позвольте, на фига нам
Фигачить Пашу здесь? но офигел,
И с громким хрустом в триста децибел
Сломался он и стал он поломаным.
 II
И через полсекунды мой черед
Настал упасть, и на меня летела
Заварка в чайнике полупустом;
 И я решил идти тогда вперед,
 Ведя туда мое большое тело,
 Держа отныне толстый для защиты том!
Зь юбiлеем!

I калi ты прачытаеш гэты верш уголас, парадыюючы паэтычную манэру, з усiмi псiнымi мадуляцыямi, прынятымi ў паэтаў, – ты зразумееш, якiм глытком сьвежага паветра падаўся гэты санэт сямнаццацi чалавекам, якiя не сышлi, на вечарыне, прымеркаванай да выхаду дзясятага нумару часопiсу Яўгена Сяргеева "Тэкст як фэномэн".
Далейшая культурная праграма ва ўсiм паўтарала ўчорашнюю. Пiва, потым Алесю праводзiць Пасюкевiч, Леначку – Вася.

– Ну дык як наконт…
– Наконт чаго? – адказала Леначка, крыху нахiлiла сваю галоўку i павяла вочкамi.
– Наконт вiолы, – сказаў Васiль цьвёрда.
– Разумееш, Вася, – сказала тут прыўкрасная Алена, – ёсьць адзiн такi хлопчык, завуць яго Мiша, i ён таксама... аматар вiолаў. Давай ты будзеш наступны пасьля Мiшы? Я сыйду ад яго – i адразу да цябе, дамовiлiся?

Фантазiя 11
Любоў i спорт

Не пайшоў Васiль на Чарапахiна. Нi ў той чацьвер не пайшоў, нi ў наступныя разы. Дый увогуле: ну чаго той Чарапахiн на сцэну палез! Сядзеў бы ў Палацы, выхоўваў бы моладзь – нiхто б слова не сказаў! Ды не, прэцца кудысь, мосьцiцца…
Васiль пайшоў да Пасюкевiча на школу.
Школа праходзiла на кватэры ў самога Пасюкевiча. Заснавальнiк кампанii патлумачыў гэта неабходнасьцю стварэньня хатняй, утульнай атмасфэры i паабяцаў, што калi ўдзельнiкаў паболее, ён наладзiць дадатковыя заняткi па аўторках i серадах.
А пакуль на школе прысутнiчалi: сам Пасюкевiч, Васiль, Алеся, пажарнiк з Мар'iнай Горкi i незнаёмая Васiлю дзяўчына, якую Пасюкевiч лiчыў пэрспэктыўным празаiкам.
– Як там Насьця? – пытаў Пасюкевiч гэтага празаiка, калi прыйшоў Вася. – Пiша сваё?
– Насьця пiша, – адказала дзяўчынка. – Вось, перадала вершы.
– Ыгым… – Пасюкевiч прыняў вершы. – Так… тут мымлi, тут мымлi, усё мымлi… i што, усе-ўсе пра каханьне?.. улыбкой-ошибкой … катрэнчыкi, ямбiкi… харэйчыкi… трымай. Вася, прывiтаньне. Ну як, ты надумаў?
– Я надумаў, – адказаў Вася.
– Сядай, дзе табе зручней, будзьма разам вучыцца.
Кутузаў сеў на канапу памiж двума празаiкамi.
Малады пажарнiк з Мар'iнай Горкi быў маленькi, з праставатым шырокiм тварам, i калi ён чытаў свае творы – а гэта ён любiў, – то заўсёды атрымоўвалася наiўна i шчыра. Тэмы ён браў самыя жыцьцёвыя. Напрыклад, у апавяданьнi *** галоўны герой знайшоў трыццаць тысячаў даляраў i хацеў зьяжджаць у Аргентыну, але ў апошнi момант вырашаў на карысьць Беларусi, бо тут жыў лепшы сябра; у апавяданьнi @@@ распавядалася пра хлопчыка, якi ад чатырнаццацi гадоў жыў у вар'ятнi i кахаўся з мэдсястрою i ў канцы, калi яна памерла, закапаўся жывы ў зямлю; апавяданьне ### (яно чыталася таго разу ў Жоры) было пабудавана ў форме дзёньнiка дысыдэнта, прадказальнiка будучынi…
Вася павярнуўся ў iншы бок, да дзяўчыны.
Гэта была сапраўдная бляндынка, высокая, блакiтнавокая; яна нечым нагадвала Леначку – вялiкiя вочы, крыху качыны нос, круглая галава, – але Леначка фарбавалася i ў яе не было гэткiх грудзей. Спаднiца на дзяўчыне была да каленяў, але разрэз меўся, i чым болей Васiль назiраў, тым болей яму падавалася, што разрэз усё вышэйшы i вышэйшы.
Мiж тым Пасюкевiч, натхнiўшыся вершыкамi, чытаў лекцыю пра паэзiю.
– Я не разумею, – абураўся ён, – чаму ўсе нашыя паэты чапляюцца за гэтыя прымiтыўныя формы, гэтыя рытмы, гэтыя катрэны. Катрэны трэба ўвогуле забаранiць пiсаць. Ёсьць жа столькi нармальных чалавечых варыянтаў, ёсьць жа тэрцыны, актавы, рансарава страфа, спэнсэрава, ёсьць мiльён аўтарскiх строфаў (ён зазiрнуў у Дашын нататнiк, убачыў "1 000 000 аўт. стр." i ў думках цяжка ўздыхнуў). Бываюць памеры не такiя, як вас у школцы вучаць. Ёсьць камбiнаторная паэзiя, ад палiндромаў пачынаючы i па сьпiсе: абэцэдар, анаграма, брахiкалён, далей з прыпынкамi ва ўсiх населеных пунктах.
Пасюкевiч не рызыкнуў глядзець, што напiсалi ў канспэктах, i перайшоў да высновы:
– Бо гэта ж немажлiва! Даша, дай творы… вось, глядзiце: шаснаццаць вершаў. Пятнаццаць катрэнамi, адзiн двухрадкоўямi. Усе пра каханьне, усе пра сябе. Рыфмы гэтыя… бррр!
Ён прамаўляў яшчэ доўга i хораша, i той, хто ўважлiва слухаў, мог пасьля гэтай лекцыi назваць сябе сапраўдным паэтам.
Вася слухаў толькi ў пачатку.
"Як цябе завуць?" – напiсаў ён у сваiм абадраным сшытку.
Дзеўка зацiкаўлена павярнулася, разабрала почырк.
"Дар'я".
"Ты пiшаш?"
"Пiшу. Прозу. А ты?"
"Я пiшу ўсё".
Дар'я вырвала аркуш са свайго нататнiка.
"Напiшы верш."
Вася ўзнавiў па памяцi "Девочку в юбочке", апошнi па часе твор.
"Дзякуй. Вельмi прыгожыя вершы".
Ён паглядзеў на Дашу (нага цяпер адкрывалася амаль па пояс) i спытаў яе:
– Можна яшчэ?
– Можна i яшчэ, – пачуў яго Пасюкевiч. – Акрамя гэтых формаў iснуюць таксама вiлянэль (гасконская вясковая песенька: просты рытм, шэсьць тэрцэтаў плюс радок, дзьве рыфмы, першы-трэцi першай страфы па чарзе ў астатнiх); каралеўская песьня (як баляда, дзесяцiрадковыя строфы, пяць куплетаў замест трох)… вы слухаеце?
– Так, вельмi цiкава, – падала голас Алеся.
"Можна".
Васiль накрэмзаў яшчэ адзiн твор. Пасюкевiч распавядаў пра нейкiя ўжо зусiм экзатычныя формы, усялякiя мухамасы i мусадасы.
"Вiола, валет… гэта вельмi рамантычна! Ты любiш рамантыку?"
"Я люблю раман тыку", – напiсаў Васiль.
"Я таксама. А ў цябе ёсьць яшчэ вершы?"
"Я аўтар больш за 1400 паэтычных твораў", – ён падумаў, паправiў на 1450 i дапiсаў: "i вялiкай колькасьцi празаiчных".
"Навучы мяне пiсаць прозу. Павел Фёдаравiч нешта гаворыць, я не разумею".
"Прозу пiсаць вельмi лёгка. Я гэтым ужо тры гады не займаюся".
"А я – такая вось, няздарная. Насьця ўмее вершы пiсаць, а ў мяне не атрымоўваецца".
Васiль задумаўся, як на гэта адказаць.

– Пяройдзем да прозы, – казаў мiж тым Пасюкевiч. – Сёньня ў нас празаiчны двубой: у правым куце канапы Ўлад Зелянкевiч (ён падышоў да пажарнiка з Мар'iнай Горкi i пацiснуў яму руку), у левым куце – Дар'я Аношка. Яны прачытаюць свае апавяданьнi, i мы разьбярэм iх па плюсах i мiнусах. Сам я, шчыра прызнаюся, празаiк нiякi – то будзем дзейнiчаць калегiяльна.
Улад Зелянкевiч чытаў першы. Вася пачаў слухаць, але хвiлi празь дзьве заблытаўся. Даша ўжо малявала нейкiя ўзоры ў нататнiку.
"Хочаш яшчэ адзiн?"
Яна дала яму аркуш. Васiль напiсаў нейкi верш яшчэ са старых, двухмоўных . Ёй спадабалася. Ён напiсаў штук дзесяць: пяць тагачасных i пяць экспромтаў у гэтым стылi. Зелянкевiч усё чытаў.
– Я зразумела, у цябе столькi вершаў (Пасюкевiч спынiў празаiка i папрасiў выказваць свае думкi цiшэй, i тады яна нахiлiлася да вуха), таму што яны кароткiя.
"Гэта жанр такi, таму i кароткiя, – зашаптаў Васiль у адказ. – А ў колькасьць паэтычных…" – ды тут Пасюкевiч зыркнуў на iх, i Васiль змоўк.
"Хочаш мой даўгi?" – спытаў ён у нататнiчку. Яна хацела.
"Бабки и бабы", – напiсаў ён загаловак…

Прачытаўшы гэты верш, Дар'я Аношка загадкава ўсьмiхнулася.
"Я таксама iх люблю", – напiсала яна i паставiла смайлiк у форме сардэчка. – "Гавораць, што ўзiмку шкодна".
Але тут Пасюкевiч сказаў, што цяпер ейная чарга, i пакуль Дар'я чытала, Васiль пасьпеў напiсаць цэлую паэму, якую абазваў "венiк санэтаў".
Яны вярталiся разам. Спачатку ехалi трамваем, потым iшлi дварамi. Лiфта ў "сталiнцы" не было, давялося падымацца на пяты паверх.
– А венiк санэтаў вельмi цяжка напiсаць? – пытала дзяўчынка.
– Для сапраўднага паэта – няцяжка, – адказваў Васiль Кутузаў.
Яны ўвайшлi ў хату. Дар'я запалiла сьвятло, пачала распранацца.
– А бацькоў дома няма? – запытаў паэт прама.
– Няма, – адказала Дар'я. – Яны пайшлi ў опэру.
Васiль распавёў, што браў урокi опэрнага вакалу. Размова клеiлася.
Папiўшы кавы, яны перасунулiся ў Дашын пакой. Васiль паглядзеў на постэры.
– У цябе ёсьць брат? – спытаў ён.
Брат вучыўся ў Пецярбургу. Пiянiна ягонае, а яна граць ня ўмее. Такая ўжо яна неадукаваная.
– Шкада, – адказаў Вася з палёгкаю.
Даша ўключыла сваю музыку.
– У Фруктозы насамрэч моцны вакал, – прыгадаў Васiль. – Яна безь мiкрафону "Алiмпiйскi" бярэ.
– Напiшы свае вершы мне ў альбом, – папрасiла Даша.
Васiль прыняў паперкi зь вершыкамi, прыняў сшытак у цьвёрдай вокладцы, паркераўскую асадку, пачаў крэмзаць. Даша дыхала праз плячо.
"Я таксама iх люблю", – прачытаў ён. – А цяпер ты ў iх?
– Пакуль што так, – адказала дзяўчына i яшчэ раз усьмiхнулася.
Васiль паглядзеў на гадзiньнiк на сьцяне. Было восем з капейкамi.
– Як думаеш, мне пойдуць расшпiленыя кашулi? – спытаў ён.

Канец першай часткi

Частка другая

– Пасюкевiч, будзеш чытаць?
– Не, Янка Панцеляймонавiч. Я паназiраю.
Клапоў. Тоўстага мужыка няма. Павiнен прыйсьцi Сева.
А прыйшоў ня Сева. Прыйшла паэтка Насьця зь сяброўкай.
I адразу Пасюкевiч заўважыў, што гэта ўжо ня тыя дзяўчынкi, якiх ён, памятаеце, напалохаў. Прытым што апранутыя былi па-ранейшаму: Насьця ў чорных штонiках i белай кофтачцы, Даша ў джынсiках i куртачцы, i нават кветачкi на Насьцiных пазногцях былi, здавалася, тыя ж. Але – але неяк па-асаблiваму блiшчэлi вочкi, i незразумелыя ўсьмешачкi былi на тварыках… Насьця, калi прыглядзецца, нават вершы раней iнакш трымала.
"Дзевачкi сасьпелi", – зразумеў Пасюкевiч.
Даша мiж тым дастала творы (зноўку было заўважна, што гэта ўжо цалкам жаночыя рухi) i пачала чытаць.

Ножка
(веник сонетов)
В. К.
Я –
 я,
 а не ножка.
Я –
 Даша Аношка.
Дашь
 (а не дашь, я не против) –
буду
 Даша Авротик.
Ножка – не я,
 но хорошая.
Отдам тебе
 в дар я:
ноги –
 Аношка Дарья,
а губки –
 Даша Авротик.

– I што ты хочаш гэтым сказаць? – падняў руку Пасюкевiч. – Што навучылася рымаваць словы i падбiраць калямбуры? Дык дзеля гэтага ня трэба верш пiсаць, бярэш слоўнiк паронiмаў i наперад! Рытм тут ламаюць мне. Рытм трэба ламаць з густам, з выдумкай, а ў цябе – мэханiчна развалена. Сэнс, дзе сэнс? Сэнсу ня бачу!
Бачыў ён гэты сэнс. Ён разумеў, што калi цяпер прыйдзе Васiль Кутузаў, то возьме дзевак, яны гучна хiхiкнуць на разьвiтаньне i пойдуць… ён ня ведаў куды, але мог з пэўнасьцю сказаць што рабiць. I калi Пасюкевiч гэта адчуў, горкая шкадоба падступiла яму да горла, i захацеў ён неяк спынiць, неяк стрымаць Насьцю i Дашу: дзяўчынкi, куды ж вы… дзе ж вы… дзяўчынкi…
Янка Панцеляймонавiч, наадварот, упадабаў вершык. Дашу ён параўнаў зь Вiкай Шмэрц i паставiў у прыклад Насьцi (Насьця адказала, што папрактыкуецца i таксама так зможа); а з Пасюкевiчам ледзь не адбылося тое, што i з Жорам у першым разьдзеле, але дзяўчынкi заступiлiся ("нам безь яго сумна").
Потым прыйшоў Вася, i яны ўтрох пайшлi зь лiтаб'яднаньня. Сева так i не прыйшоў, засталiся Пасюкевiч, панна Z, Клапоў i Барыс Мум. Гэты Мум быў чалавек з унiкальным лёсам: гэнэралаў сын, дасканала валодаў некалькiмi мовамi, удзелiў у перакладчыцкiх сэмiнарах, а ў перапынках працаваў дворнiкам, таму што жыў пад пятой бацькi. Барыс Мум быў зь пяцiдзясятага году, але выглядаў старэй.
Пасюкевiч прыйшоў да Алесi плакацца ў камiзэльку.
Алеся сказала гэтак:
– Але ж яны кахаюць адно аднаго? Iм хораша? То – хай iх любяцца, i пiшуць вершыкi, i ўсьмiхаюцца як хочуць. Мы знайшлi Васiлю дзеўчыну, разумееш?
Пасюкевiч разумеў. Але разумеў ён i тое, што цяпер Васiль цывiлiзуецца вельмi хутка i нiякага лiтаратурнага трыкстэра ў "Бляску" ня будзе.
– А без эпатажу, – патлумачыў ён, – у нас тэмп разьвiцьця зусiм-зусiм iншы будзе.
Але тут Алеся звар'яцела. Яна выгнала Пасюкевiча з хаты, яшчэ быццам бы шпурнула ў яго чымсьцi; потым павалiлася на ложак i нейкi час бязгучна плакала; потым – да яе прыйшлi вершы.
Адно вось паказваць iх на школе яна ня будзе.

Фантазiя 12,
у якой Вася губляе каханьне i знаходзiць паэзiю

Алеся пабегла да апарата, ледзь ня ўпала носам, наступiўшы на коўдру. Званiў Вася. З Васем была гiстэрыка.
– Што, што здарылася, Вася? Вася, сонейка, што здарылася? Чаму ты плачаш? – прыбеглi ўжо i бацькi, i малы, але яна iх адаслала. – Хто цябе пакрыўдзiў?
Паступова выявiлася вось што.
Васiль Кутузаў чакаў Дашу каля школы №##, каб… ну, трэба было тэрмiнова зрабiць адну справу. (Алеся кiўнула). Бачыць – iдзе.
Даша вельмi стрымана павiталася i пайшла да сябе дамоў. На жарты не рэагуе, ступае ваенным алюрам… ён заляцацца, а яна: да надакучыў ты мне, Кутузаў, мы з Насьцяй сапраўднага мужыка знайшлi. А па якiх ён рэстаранах нас водзiць, а якая ў яго хата, а якiя штукi вырабляе…
Гэтак выглядала са словаў Васiля Кутузава.
Яна параiла такое. Дзяўчынкi – маленькiя i дурныя. Калi Вася хоча сапраўднага каханьня, дык лепей будзе закахаць у сябе сталую лэдзi, гадоў васемнаццацi, ня меней. А пакуль – спакой, толькi спакой. Быў жа час, калi ўвогуле ня меў Вася дзяўчыны, i без анiякага спадзеву – вось хай пакуль згадае маладосьць. А потым яны разам што-небудзь прыдумаюць.

Згадаць маладосьць… Згадаць маладосьць можна. Напрыклад, пры дапамозе старых рэчаў.
Васiль прынёс зэдлiк з кухнi, залез туды, пачухаў патылiцу. Спусьцiўся на грэшную падлогу. Адчынiў антрэсоль, пачаў рыцца. Тут старая часапiсь i пустыя слоiкi; тут чыстая бялiзна, а што ву-унь там? (ён крыху не навярнуўся) Ну-ка, ну-ка… ёсьць! Ага!..
I-iiiiiii… Бабулiна старая начнушка…
Не, цiкавага ў гэтым было мала.
Вася паклаў на зэдлiк штук пяць кнiгаў. Зараз ён палезе ў самы дальнi кут антрэсолi. Тут проста павiнна быць штосьцi iстотнае.
Вася прыўзьняўся на дыбачкi, дацягнуўся пальцамi да штанiны, вывалак штаны на волю. На падлогу ўпалi чырвоныя сямейнiкi i атрутна-жоўтая майка – давялося пхаць назад.
Гэтая знаходка была ўжо больш каштоўнай. Чырвоныя джынсы. Тыя самыя, у якiх Вася атрымаў вядомасьць i якiя беспасьпяхова шукаў апошнiя некалькi месяцаў. Амаль новыя, амаль цэлыя, амаль чыстыя.
Паэт надзеў штаны.
А i нiчога штаняты. Можна яшчэ i апранаць – не, на вулiцы, вядома, у такiх не паходзiш, цяпер яны ўжо толькi як сцэнiчны туалет. Штаняты – супэр. Васiль сунуў рукi ў кiшэнi i намацаў у маленькае кiшэньцы нешта цьвёрдае.
Там праўда штосьцi ляжала. I гэтае "штосьцi" нешта не хацела, каб ён яго даставаў. Але ён усё адно паспрабаваў гэта выняць. Але яно ўсё роўна не вынялася. Але ён зьняў штаны, расклаў iх на ложку, стаў каленам i стаў цягнуць абяруч. Тады толькi з маленькай унутранай кiшэнi сваiх чырвоных канцэртных штаноў генiяльны адмарожаны паэт Васiль Кутузаў (псэўдонiм Васiлiй Цьвёрдаў) выцягнуў складзены ў трыццаць два разы аркуш жоўтае паперы, i калi аркуш быў разгорнуты, што было ня так проста, улiчваючы тое, што старая папера, па-першае, рвалася i трэба было разгортваць гранiчна асьцярожна, а па-другое, загiналася назад i трэба было яе прытрымлiваць ва ўсiх месцах, – можна было ўбачыць тэкст, надрукаваны на матрычнае друкарцы, якiх чытач, можа, i ня памятае.


Павел Пасюкевiч
ТРУБАняДУРА (маянэзная лiрыка)

НАТУРАЛЬ

м
i ж
на трубе Ж


МЭЗАЛЬЯНСЫ

i) я васемнаццаць
на восемдзесят адзiн



ii) 11
 паралельныя ногi


ГIБIК

лазьня
лазю
падглазю


КОЛЕР

кахаю – сюды.
туды – какаю.


Васiль пазнаў вершы.
Гады тры таму да яго падышоў Пасюкевiч.
– Вася, – сказаў ён, – мне твая творчасьць нагадвае тое, чым я займаўся ў самым пачатку. Гэтыя твае мiнiятуры, гульнi слоў – гэта ўсё даўно прыдумана, узяць таго ж Пiнскевiча раньняга. Я табе прынясу сваё ў гэтым стылi – думаю, ты знойдзеш падабенства.
I прынёс…
I тут Вася Кутузаў падумаў такое. Падумаў ён, што калi тады, у 2002 годзе, гэтая пiсанiна выглядала для яго страшна прагрэсiўна, як новае слова ў паэзii, то на тле цяперашнiх вершаў гэтая "маянэзная лiрыка" – проста графаманская лухта. Бяскрыўдная i пурытанская.
Вось менавiта што: пурытанская.
Васiль Кутузаў прыгадаў, калi ён перайшоў на парнаграфiю. Атрымоўвалася, што тады прыблiзна i перайшоў. Пасьля гэтага во… прэзэнту.
Пасюкевiч увесь гэты час iм манiпуляваў?
"I манiпулюе, – зьявiлася думка. – Як думаеш, навошта ён цябе ў сваю сетку цягне? Ён, можа, i Дар'ю туды прывёў, каб мяне заарканiць".
Тут ён памыляўся. Даша, а цяпер ужо i Насьця прыйшлi ў кампанiю дабраахвотна.
Але, так цi йнакш, трэба было вызваляцца. I Васiль змыў вершы ва ўнiтаз. I на школу ён сёньня ня пойдзе.

А пятай патэлефанавала Алеся:
– Вася, дзе ты жывеш?.. Потым патлумачу… Ну, наконт Дар'i… Ну i што? Я люблю чужых бацькоў!
Сорак хвiляў – i яна распавядзе яму, як падышла да дому Пасюкевiча i ўбачыла Дашу, якая вылазiла са спартовай "Мазды". Алеся проста павярнулася ды пайшла.
Потым яны пагавораць пра каханьне, пра паэзiю – не пра тупое вэрсыфiкатарства а-ля Пасюкевiч цi Сяргееў, а менавiта пра паэзiю, – а яшчэ потым яна запросiць Васю на дзень народзiнаў.
Пацалаваць сябе яна ў першы дзень ня дасьць.

Фiнальная фантазiя
Ружжы i ружы.

Так пачаўся раман памiж паэтам Васям Кутузавым i дзяўчынай Алесяй Калесьнiкавай. I хоць прайшло ўжо два месяцы з тых падзеяў, гэты раман цягнецца. Iхнае ўлюбёнае месца – бераг Камсамольскага возера, каля МДМ'у, дзе яшчэ два месяцы таму працаваў Чарапахiн.
Пасюкевiч згарнуў сваю фiрму. Выйшаў адзiн "Бляск", кнiга "Челны и гондолы" i два танюсенькiя зборнiчкi. Першы не запамiнаецца нiчым, другi – толькi дзiўным назовам: "Венiк". Кажуць, Пасюкевiч паехаў на тры гады ў Антарктыду (ён быў вучыўся завочна на геафаку) – зрэшты, нi бацькi, нi дзед Нупрэй, нi лепшы паэтаў сябра Рамуальд Вальдэмаравiч Пупыш не паведамiлi нiчога канкрэтнага. Насьця i Даша знайшлi сабе новых хлопчыкаў.
Леначка сьпявае каляратурным сапрана ў гатычным гурце, i гiтарыст Мiша лiчыць, што гадочкаў празь пяць яна будзе зоркай беларускае опэры.
Што яшчэ? Ну, на падлыжным абяднаньнi ўсё спакойненька. Панна Z, валасаты хлопчык, Ганна Кузьмiч. Сева Мiнаеў, гэтая гiтарная зорка. Палёт нармальны. У той панядзелак было сьвята гумару – Клапоў чытаў свае вершы. Ён цяпер клоўн замест Васi.
Альманах новы рыхтуецца. Магу вашыя вершы даць, калi даляры дасьцё. Падлыга ўсё друкуе!
Жора новых вечарынаў ня ладзiць. Вiдаць, яму ня пiшацца.
Дзяўчынка, што пiсала пра эльфа, знайшла ў iнтэрнэце нейкi лiтаратурны форум, i там яе ўсе хваляць.
Ну а мы, паколькi праца нашая (i вашая) блiзiцца да завяршэньня, хацелi б сказаць колькi ласкавых слоў да нашых чытачоў i крытыкаў.

1. Чаму аўтар сьцьвярджаў, што Вiктар Юдзiн ня пiша пра жывёлаў?
Ну, тут усё проста. Нiхто гэтага Юдзiна ня слухае. Графаманскi тэкст, калi ён правiльна напiсаны, успрымаецца як пустое месца. Калi б у апавяданьнi быў нейкi ляп, слухачы б заўважылi; калi б пайшло антыжаночае – сказалi б, маўляў, зноў Юдзiн за сваё ўзяўся; а так – самi бачыце, нiхто нiчога ня ўгледзеў.
Наконт успрыманьня графаманскiх тэкстаў распавяду прыкол. Узяў я быў кнiгу адной беларускай паэткi. Як называлася, ня памятаю, цi то "Трызненне", цi то "Вычварэнне" якое. А, зрэшты, не. Ня буду распавядаць. Раздумаў.

2. Чаму прапушчаны апостраф у слове "лiтаб'яднаньне"?
Так было задумана. Лiтабяднаньне – аказiянальны сугэстыўны наватвор, якi ўтрымоўвае на ўзроўнi канатацыяў сэму "бедны". Вось так.

3. Чаму Чарапахiн гаворыць "бялькантавы"?
А самi падумайце.
Вы яшчэ пра галасавыя зьвязкi спытайцеся, гумарысты.

4. Чаму такая крывая сцэна Васiля з Дар'яй?
Рэч у тым, што аўтар ня мае досьведу спакушэньня малалетак. А таму даводзiлася ўяўляць, камбiнаваць i экстрапаляваць.

5. Што за "па тэатрах i кiнах"?
Кiны – гэта дзе паказваюць розныя кiны. Сорамна ня ведаць.

Я абяцаю, што калi буду мець час, сiлы i жаданьне, я абавязкова напiшу асобны твор пра такое вось дробнае занудзтва. Цалкам зразумела, што калi ставiцца планка аб'ёму i тэрмiн, прычым тэрмiн не абы-якi, то нечым давядзецца ахвяраваць. Я меў выбар памiж чытацкай цiкавасьцю i моўнай чысьцiнёй. Ай, ужо ня памятаю, што я там абраў!
Ды, урэшце, ня будзем пра гэта. Цяпер надышоў час перадаваць падзякi i прывiтаньнi.

1. Маiм бацькам. За тое, што не забiлi мяне, калi я пры няздадзеным iспыце сядаў пiсаць гэты твор.
2. Маёй музе. За тое, што натхняла мяне пiсаць па тры старонкi штодня. За музнасьць. За адкрыцьцё тыпу тонкае цукеркi. Яшчэ за тое, што яна менавiта мая муза, а не чыя-небудзь iншая.
3. Наталцы Кучмель. За ўсё.
4-5. Маiм лепшым сябрам Паўлу i Сяргею.
6. Жыбулям. I Вiцю, i Веры, i маленькаму Кастусю.
7. Дзяўчыне Мар'i з гораду Слуцку.
8-10. Ганьне, Яраславе, Маргарыце i ўсiм-усiм-усiм разумным дзеўкам з журфаку.
11. Танi Замiроўскай – асабiста.
12-13. Маiм ранейшым музам, Наце i Самсону.
14. Валянцiне Аляксандраўне Санiковiч, дзякуючы якой я навучыўся сыстэматычна працаваць.
15. Барысу Пятровiчу, як надрукаваў мяне ў "Дзеяслове".
16. I тады ўжо Шнiпам: Вiктару Анатольевiчу i Людзьмiле Iванаўне Рублеўскай.
17. I яшчэ рэдактару аддзелу прозы часопiса "Маладосьць".
18. Алесю Туровiчу, майму выкладчыку беларускае мовы, чытачу паэмы "Беларускi шлях".
19. Патаранскаму, якога я паважаю нягледзячы нi на што.
20. Валодзю Сьвiрскаму з Акадэмii мастацтваў…
21.
22.
23.


Тытры плылi i плылi па экране. Колькi дзясяткаў iмёнаў прайшло перад вачыма. Калi для аўтара твору гэта былi жывыя людзi, то глядач даўно не зважаў нi на прозьвiшча, нi на кароткую характарыстыку. Яму проста было цiкава, колькi яшчэ працягнуцца тытры.
А мы перадаем яшчэ адно вялiкае-разьвялiкае прывiтаньне –

ЧАЛАВЕКУ, ЯКI ЗАМОВIЎ ГЭТЫ ТВОР

I ўсё. Чакайце новага