Дарма! из цикла

Жэка
Не люблю зімой ездзіць у метро. На вуліцы холодна, нават, часам, марозна. А там, унутры, душна, а ў цесным вагоне (асабліва раніцай) збіваецца дыханне, хочацца распрануцца, каб стала хоць крыху лягчэй. І людзі, людзі, людзі, шмат людзей... Нецвярозы мужчына дыхае амаль мне ў твар. Побач хлопчык гадоў дванаццаці, але ўжо мае бандытскі выгляд. Трымаеш сумку мацней і бліжэй да цела, думаеш, як вырвацца... На волю.

Старэнькі дзядок стаіць побач. Трымаецца за поручань. Скураная куртка, але, відаць, даўно ўжо куплялася: памятая, абдзёртая – зусім непрыглядны выгляд. Спачатку задуменна-вясёлы твар старога змяніўся, мабыць, заўважыў мой пільны позірк: “Ну што ты глядзіш? Куртка не падабаецца? А што ў ёй не так? Скураная, цёплая. А тое, што патрапалася за доўгі час, дык што з таго? Дарма! Табе не зразумець, ты маладая. Але я ў такім узросце ужо на сабе праверыў устойлівасць свайго цела да маразоў. Калі сядзіш ноччу ў лесе, хаваешся, а снег залазіць пад каўнер кажуха, вецер прадзімае наскрозь і пальцы ўжо не могуць варушыцца. А ты сядзіш і думаеш: хаця б не заўважылі, хаця б не заўважылі. Толькі тады разумееш, што даражэй за гэтае цяпло няма нічога, што твой знешні выгляд нісколечкі не значыць”.

А яго старэчы твар не скамянелы, ён мяняецца так, як мяняюцца і яго думкі: “Ну што ты глядзіш? Стары, ну дык што? Дарма! Я, між іншым, у свой час да Берліна дайшоў! І цяжка было, і нервы здавалі, і жыць хацелася і не хацелася, нават смерці жадаў. Гэта ўжо цяпер сваімі ссохлымі рукамі з усёй моцы трымаюся за жыццё, як за гэты поручань. А маладым смерці не баішся”.

Хлопчык, ужо амаль падлетак, сядзіць, не зварухнецца, каб уступіць месца дзядулю. Ну, што за моладзь пайшла! “Дарма, дзяўчына! Няхай сядзіць! Яму ж яшчэ расці і расці. А што я... У мяне ўжо ўсё ёсць. Дзяцей выгадаваў: дзве дачкі і сын. Адукацыю ўсе як адзін атрымалі. Павырасталі, раз’ехаліся, сем’і свае стварылі. Унукаў мне нарадзілі. І дарма, што ўжо больш дзесяці год іх не бачыў. Вось, еду да дачку наведаць. Стасік у яе. Як нарадзіўся, дык высылала мне яго картку: рыжанькі такі хлопчык, вочкі бліскучыя, жвавыя... Адрас тут, на картцы ў мяне... Я ведаю, што мае ўнукі добрымі людзмі растуць... Сядзі, унучак, сядзі...”
(14.01.2004)