Я магу паранiцца...

Янина Пинчук
Я магу параніцца кнігі старонкай,
А магу – штыхом на вайне,
А магу - калючкамі ружы чырвонай,
А магу і не.
Я магу параніцца аблачынкай,
А магу і віламі ў гумне,
А магу – дажджом, травою ці снегам,
А магу і не.
Я магу параніцца поўсцю коткі,
А магу і позіркам, што абміне,
А магу тупой сярэбранай лыжкай,
А магу і не.

Рамяні скураныя на грудзі не ціснуць,
Душыць тонкі шаўковы пас.
Цяжка жыць, бо заўжды невядома,
Што чакаць у наступны раз.