Шторм

Янина Пинчук
Пачула я гаркавы водар шторма –
І кінулася радасна туды,
Дзе мора – раз, і два, - хвалюецца ўсё болей,
І ўжо паўсталі горы цёмнае вады;
Віруе пена, беласнежныя кароны
Цвітуць на вострых лёзах грабянёў
І выбухаюць сотняй тысячаў аскепкаў
Ля скал, ля сцен, вялізных камянёў;
Шалее мора, і працяжна стогнуць чайкі,
Багата караблёў апынецца на дне
Пад роў страшэннай, дзікае стыхіі,
Што робіць найшчаслівейшай мяне:
Я – дырыжор, я тут адзіная царыца!
Хай дойдзе да нясцерпнасці напал
Раз’юшанасці, юру, буры, шторма!
Хай рыне з вышыні дзевяты вал!..
А потым... хай павольна развіднее...
І воды будуць стомлена гайдаць
Мяне, багіню хваляў ды глыбіняў,
Што здольная адно стыхію пакахаць...