Дачка самурая

Има Иро
                "- Афігець! Як вы гэта робіце?
                - Што?
                - Колер скуры і вачэй. Як вы яго змяняеце?
                - Лёхка.
                - І імгненна."

Калі Ілоне даводзіцца засяродзіцца на нечым унутры сябе, напружана балансуючы паміж глуздам і інстынктам, ейны твар чырванее. Пошук рашэння машынальна адчыняе кожны сасудзік, кожны нэрв і зрэнку, рыхтуе цягліцы, імгненна паскарае хімічныя працэсы. Аналіз амаль лабараторны, а нават больш дакладны: колькасць і хуткасць уласнай гарманальнай дазіроўкі адзначаюцца пачуццямі і мысленнем адразу. Пасміхаючыся, Ілона пералічвае пра сябе разумовай іскрай назвы толькі што сінтэзаваных арганізмам рэчываў. Адначасова адчыняецца порт: сувязі п'яўкамі, мацкамі далучаюцца да падуладнага аб'екта, выдзіраючы з яго патрэбную інфармацыю і аздабляючы ў адказ нечым празрыста-дзёрзкім і пякучым, нібы алкаголь. Ілона называе гэта раз-пораз волей, інакш - абвостраным пачуццём паўнаты жыцця... У гэткія моманты амаль не трэба размаўляць, словы раздражняюць, скрыгочуць, пазбаўляюць даверу. Усё роўна, астатнія адчуваюць, чаго яна хоча і як, таму выконваюць ціха і шпарка. Можа быць толькі асабістая самачынная замова, рытмічная і танальная, якая ахінае туманам, уводзіць у транс, гоіць і ратуе...

"- Партал гэта ліфт. Чакаючы ліфт, не бойся. Глядзі, магчыма, гэта вельмі цёмны і забруджаны пад'езд, можа там шмат людзей, страшных, брудных, параненых, п'янтосаў, хворых... Не бойся, не рассяроджвайся, не чапляйся позіркам: упэўненасць - адзіны выхад. Выхад. Інакш захраснеш, разгубішся, пабяжыш шукаць сходы ці вакно - адчайна разумеючы, што не. Не гэтым разам. І прачнешся.
- У ліфце лёкка і яснае святло.
- Так, заўсёды.
- Ён хуткі, імгненны.
- Так, заўсёды."

Калі Ілона надзвычай злуецца, яна робіцца бледай і жахлівай, як прывід, як зачыненыя драўляныя дзверы, пафарбаваныя беласнежнай акрылавай фарбай. Ейныя вочы трымцяць зялёнымі промнямі амаль без зрэнак, сэрца халадзее і спавальняецца, а ў сярэдзіне нешта чорнае звінаецца ў пругкую спіраль, безнадзейна бязвыхадную. Тады яна намагаецца з усёй моцы стрымаць сябе і не стрэліць праз вузкую рулю ў абраную кропку, не выбухнуць лютасцю ядзернай зброі, а таксама дбае пра ўласную бяспеку, каб не запусціць механізм самазнішчэння. Гэта працэс таксама аўтаматычны і не цалкам падкантрольны ейнай волі, але асэнсаваны. Апанент чуллівы і разумны ў гэтым выпадку ўцякае падскокам з кароткім вантробным енкатам, страчваючы мэблю, паперы і абутак, нават у тым выпадку, калі ён галоўны ўрач, ці напрыклад, рэктар універсітэту, а нават школьны завуч. Дурань будзе разглядаць у захапленні, разявіўшыся, нібыта мармуровую статую ў музеі.

"У кожным-кожным горадзе ёсць лепшы-лепшы шпіталь, у якім урачы-ўрачы лічацца найлепшымі. У некаторых хуткадапаможнікаў ёсць улюбёны загадчык-загадчык рэанімацыі.
- Гэта зноў яны! Халеррра! Ізноў нябожчыка прывезлі?
- Ён жывы, - абражаецца Ілона.
- Дакажыце! Мярцвяк гэта! Сіні як індык.
- Ён дыхае, пульс і ціск мае стабільны.
- У яго траўма галавы!
- Не, у яго крывацёк з лёгкіх.
- Не бяру! - дэнэрвуецца побач таракальны хірург. - Ён у коме! Траўма галавы!
"Шыбздзік," - з выразнаю пагардай думае Ілона, гледзячы апошняму проста ў вочы. Праз гадзіну ён будзе тэлефанаваць са скаргаю начмеду, апасля цяжкай працы.
- Вось! Чаму ён у коме?! - ажывіўся рэаніматолаг.
- Элементарна. Ён захлынуўся ўласнай крывёю, патануў. Мы цмокам паўлітра павыцягвалі, цяпер вы. Шукайце сасуд.
- Чаму ён у коме?!
- Гіпаксія. Сатурацыя нізінная.
- Ён зараз памрэ! Чаму ён у коме? Траўма галавы! Ягоная смерць на тваім сумленні, дурніца!
- Вы мой улюбенец, сэнсэй, - ціхамірна мурмоча Ілона. - Трэба скончыць гістэрыку. Працаваць трэба. Супакойцеся і вазьміце сябе ў рукі.
Тэа шэпча:
- Можа, сапраўды ў яго злом споду чэрапа?
- Не-а, крывацёк.
- ... з рашэцістай касці?
- Не-а, з лёгкіх.
...
- Ён ачуняў, прытомны, ходзіць. Нават не у рэанімацыі, у палаце.
- Быць не можа, - засмуціўся Тэа.
- Я казала. Ахаха! Ахахахааа! - Ілона рагоча, шчыра складаючыся папалам."

Каб не далучацца да ўсяго сусвету чырвоным пульсарам і каб не рэзаць выцінанкі зялёнымі корчамі па белай паперы, трэба спакою і раўнавагі. Каб захаваць працавітасць розуму, трэба нешта рабіць рукамі, нешта дзіўнае і вытанчанае. Напрыклад, арыгами: каляровых жураўлікаў-цуру.
Зрабі тысячу, а жаданне споўніцца.
Зрабі аднаго, каб здзівіць, здзівіцца і выратаваць сусвет.
- Садако-сан, прыміце падарунак. Калі ласка.
Ілона нахіляецца, прыціснуўшы далонькі адна да адной. Жураўлікі злятаюць хто куды, Ілона пазастаўляе іх усюды і ўсюль, патаемна і адкрыта: як кудмені, абярэгі, знакі.
- Я не паспела зрабіць тысячу. - Садако звужвае вочы.
- Хлусня, роўна тысячу.
Садако-сан усміхаецца стрымана і таямніча. У гэтым годзе ёй споўнілася б семдзесят пяць год, але пра жураўлікаў яна даведалася занадта позна. Яна рабіла сваю тысячу з трэцяга жніўня па дваццаць пятае кастрычніка.
- Якое гэта было жаданне.
- Ты ведаеш. Нават пытальніка няма.
- Я паспрабую.
- Давай! - Садако белая, як драўляныя дзверы, памаляваныя белай акрылавай фарбай.
- Бяры сябе ў рукі, - мармоча Ілона. - Бяры сябе ў рукі.


https://www.youtube.com/watch?v=6XzXpAPLgsc



На фота Дэвід Боўі.
Па спасылцы павінен быў быць кліп "Дачка самурая" Сплін, але не атрымалася: