***

Янина Пинчук
вы прыслухайцеся, сябры:
у паветры водар вясны.
скута лёдам шэрым зямля –
ды напоены сонцам сны.

замест кветак цвітуць сцягі;
над абшарам маёй стараны
пакрысе вятрыска цяплее...
у паветры водар вясны.

так, марудна большае дзень.
дрэмле цёмны абшар лясны.
ды нябачна бруяцца сокі –
у паветры водар вясны.