Жыццё з табою

Янина Пинчук
Не патрэбна бялізны з шоўку
І пякельна-чырвоных ружаў -
Важны мяккі агонь у акне
Сярод коп'яў калючай сцюжы;
Мне не трэба ніякай жарсці
І не жэсты люблю, а ўчынкі,
Я даўно твая аднагодка,
Хоць і маю выгляд дзяўчынкі;
Год і дваццаць, і нават трыццаць –
Мне без розніцы. Я гняздзечка
Высцілаю цяплюткім пухам
І гатую кампот з парэчкі;
Я запальваю лямпу ўтульна
І стаўляю на стол філіжанкі,
Бяру нашу любімую кнігу
І зашморгваю фіранкі;
Наша крэпасць знутры свіціцца
Ласкай, клопатам і спакоем -
Зноў і зноў пражываю цуд.
Нашу стрэчу. Жыццё з табою.