Самота

Янина Пинчук
Не лавіце мяне! Я лячу ў палонку самоты;
Не трымайце! Хачу я пазбыцца турботаў.
Я прабіла дно возера – нашага свету –
Правалілася праз небасхіл на другую планету;
Цішыня тут пануе; п’ю я белыя росы,
І купаюся ў кветках, і гляджу на нябёсы –
Свежы вецер мяняе там хмар пералівы,
Цешаць фарбы мой зрок і прамень зіхатлівы,
Чарадзейныя яблыкі ем я пад дрэвам высокім,
Поўняць цела юнацтвам празрыстыя сокі;
Адзінота – сястрыца, і песціць, і гоіць –
І ствараць магу зноў я, і лётаць, і мроіць –
Я ўзлячу да аблокаў і вынырну зноў –
І пабачу ўсіх родных і блізкіх сяброў –
Зноў вясёлая, зноў з маіх вуснаў - “люблю”...
Ды для гэтага часам – пакідаю Зямлю.
Толькі я папрашу: хвалявацца не трэба.
Неабходным бывае свой кавалачак неба.