у свеце людзей

Янина Пинчук
я пакратаць хачу –
б’ю наводліў;
а на мітынгу лозунгі
ледзьве шапчу;
зношу шлагбаўмы
і чапаць смяротна баюся
танюткую нітку;
дзе мой край?
дзе маё магдэбургскае,
рымскае права?
дзе мая галава?
у аблоках, канечне.
дзе рука?
у вашым акне –
вось аскепкі
ляжаць на падлозе.
немым рыкам
шалёнай жывёлы
з мяккіх вуснаў маіх
ірвецца
далікатная просьба.
як жа цяжка тут жыць,
у свеце людзей.