***

Янина Пинчук
Я павінна пакуль замаўчаць:
На складах маіх пуста,
У каморах вецер гуляе –
“Рана”, “кроў” і “агонь”,
“Боль”, і “слёзы”, і “птушка”,
“Шчыт” і “меч” і “шпіён”,
“Зёлкі”, “магія” “рысь”,
І “шпіталь”, і “хвароба”,
І “гарбата” з “атрутай”,
“Мундзір” і “шынель”,
І “натхненне”, і “сон”,
“Мара”, “вера”, “любоў”,
“Вершы”, “словы”, “радкі”,
І “мяжа”, і “сустрэча” –
Усё гэта да дзірак зацёрта,
На шматкі распадаецца,
І аскому ўжо набівае.
Новых слоў жа пакуль не завезлі.