Чырвонаармейская

Янина Пинчук
цемрашальства завода
што колцамі дроту
ашчэраны
а за ім халодныя вобліскі
лінія простыя
што міжволі прымусяць
глядзець з захапленнем
і ніхто ж бо не ведае
чым ёсць “Пекін”
ды навошта
пытаюся
будаваць той гатэль
у трывожным месцы такім
скаланаюся
ад груку чыгункі
і голасу грознага
што і зорам загад аддае
стой! ні з месца!
ну а Свіслач і так абмірае
непрытомнасцю
чорнай балотнай
што цвіце кавалкамі рвоты
не кажыце што ліпавы цвет то
пад паверхняй той пошлай –
хтанічная бездань
і прывідна
акно адно свеціцца
у хаціне навіслай над рэчкаю
там дзе плот як зубы гнілыя
серп на небе
так ціхенька вострыцца
каб артэрый біццё
перарэзаць
і ў будучыню сцяжынкі
і са станцыі Мінск-Усходні
цягнікі ў нікуды адпраўляюцца
і ад моташнай
ночы той чорнай
не знаходзіш сілы адліпнуць
і ці ўсе куточкі таемныя
душы ўласнай
і горада ведаеш?..