Вясновы настрой

Янина Пинчук
Красавік, цеплыня, проста свята жыцця,
І здаецца, не ведаць мне гора,
Але я заглыбляюся ў нетры быцця,
Занураюся ў том К’еркегора;

На шпацыр жа дзяўчаты, як краскі, ідуць,
Апранаюцца па-каралеўску,
Мне ж абы на сябе чарнату апрануць,
І ў кішэні маёй – Дастаеўскі.

Вее ветрык, шчаку паказыча, кране...
Бесклапотна шчабеча сяброўка -
Ды не слухаю я, непакоіць мяне
Міжнародная абстаноўка.

Толькі то – не трагічных абставінаў збег,
Думак нейкіх там суіцыдальных,
Па вясне розум мой пачынае разбег,
Для мяне гэта цалкам нармальна!