Сад душы

Янина Пинчук
У садзе маёй душы
Прасцей за ўсё – заблукаць:
Нырнуць у думак гушчар
І шляху назад не шукаць:
Сцяжынак тут незлічона
І шмат куткоў занядбаных,
Дзе ў прыцемку патаемным
Ўзрастаюць карціны, раманы...
Тут ёсць і гаючыя травы,
І змеі, што спяць паміж кветак,
Жыцця майго спадарожных
І розных здарэнняў сведак:
Вось гэта – рамантыкі бэз,
А гэта – шыпшына самоты,
А там вунь – кахання ружа,
А побач – лілея цноты;
А вось анемоны журбы,
Півоніі славалюбства,
Раса на іх з соллю марской –
Хвілінак адчаю наступства.
Але і праз лісця шацёр
Падаюць золата промні:
Сонца ўсё роўна свеціць –
Пра гэта мне варта помніць.